Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. КАНЧАТАК І ЯГО РОЛЯ Ў СУВЯЗІ СЛОЎ

 

        Творчы ўрок у 3 класе. КАНЧАТАК І ЯГО РОЛЯ Ў СУВЯЗІ СЛОЎ

 

Мэты: раскрыць формаўтваральную і сінтаксічную ролю канчатка; выпрацоўваць уменні і навыкі выдзяляць канчатак у словах і выкарыстоўваць яго для сувязі слоў; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывучаць да здаровага ладу жыцця.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                           Сябры, Радзіма,

                                                          Жаданні, дубровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя літары. Растлумачце іх напісанне. Адгадайце загадку.

                                                Свеч..к многа гар..ць,

                                                А ніводнай не патуш..ць. (Зоркі.) [2, с. 363, “Беларускія прыказкі”].

                                                                                З народнага.

4. Чыстапісанне.

       ззз       зо       зл       зу

     зорка  зоркі  зіма  зімы

Наступіла марозная  зіма

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Чалавеку заўсёды патрэбны людская ўвага, добрае слова і добрая казка.

Сёння добрая казка запрашае вас на ўрок, дзе вы пачуеце сардэчнае, шчырае слова, вывучаючы тэму "Канчатак і яго роля ў сувязі слоў".

Слухайце казку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Стварэнне і вырашэнне займальнай сітуацыі.

Засумаваў Шпачок. Бадзяецца з кута ў кут, месца сабе не знаходзіць. Не ведае, чым яму заняцца.

Прыляцела Сарока.

 - Што з табою, Шпачок? Чаму ты такі невясёлы?

- Сумна мне, не ведаю, чым заняцца, - паскардзіўся Шпачок.

Сарока зірнула на яго і прапанавала:

- А ты зрабі ланцужок.

- З дроту? - запытаўся Шпачок.

- Не, са слоў.

- Дзівачка! Хіба можна са слоў ланцужок зрабіць? - засмяяўся Шпачок.

- Можна, - запэўніла Сарока. - Для свайго ланцужка будзеш падбіраць словы, якія ў раздзеле "Склад слова" з'яўляюцца назвамі асобных тэм.

- Як падбіраць? - Шпачок з недаўменнем паглядзеў на суседку.

- У алфавітным парадку. Зразумеў?

- Ага. Зразумеў. Першае слова ў маім ланцужку  -- "корань".

- Пішы, - сказала Сарока.

Шпачок сеў за стол і акуратна напісаў: корань. А за ім цэлае словазлучэнне напісаў: роднасныя словы. І спыніўся. Сядзіць, ручкай па пярынках водзіць, ніяк не здагадаецца, што за трэцім словам у ланцужку напісаць. Нарэшце дадумаўся, старанна вывеў: прыстаўка. А за прыстаўкай -- суфікс.

Вось які ланцужок са слоў атрымаўся ў яго.

Корань - роднасныя словы - прыстаўка - суфікс.

- Адно слова ты ўсё-ткі прапусціў! - з дакорам прагаварыла Сарока.

- Якое слова прапусціў Шпачок? (Канчатак.)

Назіранне над словам.

Звярніце ўвагу на зменную частку слова "зямля": зямля, зямлі, зямлю. Абазначце яе.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Канчатак – гэта зменная частка слова. Ён абазначаецца значком .

Самастойная праца.

Абазначце ў словах тую частку, якая змяняецца.

Крэсла, акно, лаўка, падлога, песня.

Хвілінка адкрыццяў.

Абазначце ў словах канчаткі.

Хата, прыгода, ягада, гняздо, галлё, жыццё, кашуля, клён, стол.

У якіх словах вы не змаглі вызначыць канчатак?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! У словах можа быць нулявы канчатак. Ён не выражаны гукамі: ( дуб). Нулявы канчатак можна знайсці, змяняючы слова: дуба[а], дуб[ам].

Праца са словам.

Праскланяйце словы "аловак", "партфель", "фламастар". Запішыце іх. Абазначце канчаткі.

Выбрыце патрэбнае тлумачэнне значэння слова. Фламастар -- гэта...

1. Правал, няўдача. (Фіяска.) [1, с. 345, “Тлумачальны слоўнік”].

2. Заключаны ў алоўкавы патрон порысты стрыжань з фарбавальнікам.

Пры напісанні слова “фламастар” у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Растлумачце правапіс галоснай літары а ў апошнім ненаціскным складзе ў слове “фламастар”.

Перакладзіце на рускую мову слова “фламастар”. Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Фламастар – слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце ў апошнім складзе літару а.

Гульня “Жаваранкі і салаўі”.

Дзеці становяцца ў дзве шарэнгі: першая шарэнга – “жаваранкі”, другая – “салаўі”.  Адзін з “жаваранкаў” выходзіць з шарэнгі на крок і паказвае галінкай-указкай на любога  “салаўя”. Той павінен назваць слова з нулявым канчаткам,  пакуль робіць два крокі насустрач жаваранку, і тады гэты “жаваранак”, аддаўшы галінку-указку, “пералятае” ў каманду “салаўёў” і ўдзельнічае далей у гульні як  “салавей”. У сваю чаргу, “салавей”, які не знайшоў патрэбнае слова, калі на яго паказаў “жаваранак”, “пералятае” ў каманду “жаваранкаў”.

Выразнае чытанне.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце верш Якуба Коласа пра першы гром.

Гай страсянуўся, дрогнула поле,

                                             Долы той гук паняслі.

                                       Ў гэтым раскаце чуецца воля,

                                             Чуецца радасць зямлі.

 

                                       Ў грукаце гэтым многа ёсць сілы,

                                             Чуецца моц і прастор…

                                        Першыя громы! Сэрцу вы мілы,

                                             Люб мне ваш смех паміж гор [4, с. 91, “Раніца ў нядзельку”. “Першы гром”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “дрогнула”. (Уздрыгнула.)

Раскрыйце сэнс слова “дол”. (Тут: зямля.)

Прыслухайцеся! Чуеце раскацісты гук грому? Ён зачароўвае паэта сваёй непаўторнасцю, выклікае захапленне.

А цяпер разаб’ёмся на два рады. Адзін рад скажа за мною: “Гай страсянуўся, дрогнула поле”. Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): “Долы той гук паняслі”. І гэтак далей, да канца. Вось як цікава вы будзеце расказваць адзін аднаму, што адбылося.

Абазначце канчаткі ў апошніх словах першай страфы.

Гульня “Сказ-жартаўнік”.

Паслухайце размову і выправіце памылкі.

-- Непаслухмяны мой брацік Антось! – скардзіцца маленькая Аленка сяброўцы Ніне.

-- Чаму? – цікавіцца Ніна.

-- Ён малако не хоча ліць. (Малака, піць.)

Прачытайце і запішыце правільна апошні сказ.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                  Салавейка у кустах

                                                  Трэлі рассыпае.

                                                  З самай раніцы, сябры,

                                                  Летні дзень… (вітае).

                                                                Аляксей Якімовіч.

Назавіце канчаткі ў словах “салавейка”, “трэлі”, “раніцы”, “сябры”, “дзень”.

Якім словам можна замяніць слова “трэлі”? (Песні.)

Праца са словам.

Адгадайце загадку па прыметах.

Яна:

1 працуе з дзецьмі, якія яшчэ не пайшлі ў першы клас;

2) вучыць не толькі добра гаварыць, але і ляпіць, спяваць, маляваць;

3) стараецца зрабіць так, каб дзеці выраслі добрымі.

Хто гэта? (Выхавальніца.)

Што абазначае слова "выхавальніца"? (Назву прафесіі.)

Якія яшчэ назвы прафесій вы ведаеце?

Выдзеліце канчатак у слове "выхавальніца".

Ці ёсць канчатак у слове "выхавальніца"? Абгрунтуйце сваю думку.

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як дзеці разам з выхавальніцай гуляюць на дварэ, як потым прыходзяць у клас, садзяцца за парты і лепяць, малююць. Перадайце настрой дзяцей на дварэ і ў класе.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць слова з разыходжаннем напісання і вымаўлення. Абазначце канчаткі ў назоўніках.

 Узор. Б(е, я)з шчасця цяжка жыць. (Слова "без" перад націскным складам чытаецца як з літарай "я".)

Выяўленне сінтаксічнай ролі канчатка ў словазлучэнні.

Прачытайце. У якім слупку змешчаны словы, у якім -- словазлучэнні? Чаму вы так думаеце?

бачыць, сцяна                  бачыць сцяну

шырокі, рака                    шырокая рака

званок, мама                    званок маме

Якая частка слова звязвае словы ў дадзеных словазлучэннях?

Выяўленне сінтаксічнай ролі канчатка ў сказе.

Прачытайце. Паназірайце, як ужываецца ў тэксце слова "козлік". Выпішыце ўсе яго формы і абазначце зменную частку -- канчатак.

Узор. Ліць (чым?) вадою.

 

Бабуля і козлік

 

У бабулі жыў шэранькі козлік. Бабуля вельмі любіла шэранькага козліка. А козлік аднаго разу задумаў уцячы ў лес. У густым лесе козліка ледзь не дагналі звяры.

Жыў (хто?) козлік[].

Любіла (каго?) козліка.

Задумаў (хто?) козлік[].

Не дагналі (каго?) козліка.

Якая частка слова "козлік" дапамагае яму злучыцца з іншымі словамі?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Канчаткі служаць для сувязі слоў у словазлучэнні і сказе.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Устаўце ў сказы слова "рака", змяняючы па пытаннях, як патрабуе сэнс. Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Непадалёку ад нашай вёскі знаходзіцца возера (што?) ... Бяздоннае. (Што?) ... назвалі так таму, што яно вельмі глыбокае. Каля (чаго?) ... растуць высокія вербы. Белыя хмаркі павольна праплываюць (над чым?) ... . Добра (дзе?) на ... летам.

Словы для ўстаўкі: возера, возера, возера, возерам, возеры.

Ва ўстаўленым слове абазначце канчатак.

Вызначце тэму тэксту.

Канструяванне сказаў.

З дадзеных слоў складзіце сказы. Змяняйце, калі трэба, канчаткі.

1. Я, хадзіць, часта, бібліятэка, у школьная. 2. І, чытаць, дзіця, дарослы, казкі, любяць, беларускі. 3. Над, лятае, матылёк, луг, прыгожая. 4. З, дарога, на, зайчык, выбег, шэрая, лес. 5. Над, плыць, зямля, хмарка, цёмная.

У слове "казкі" напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму. (Казачкі.) Якое правіла вы прымянілі?

Канструяванне тэксту.                                                                                           

З прапанаваных слоў складзіце і запішыце сказы. Змяняйце, калі трэба, канчаткі.

Дні, сонечны, цёплы, камарыкі, убачыць, можна, у.

Вісіць, у, яны, танцуе, паветра, дружна.

Іх, бойся, не, ты.

Не, гэтыя, кусаюцца, камарыкі.

Яны, чародкай, лёгкі, у, слупком, паветра, трымаюцца, таўкуцца, кружацца.

Тэкст у дапамогу настаўніку.

У сонечныя цёплыя дні ўжо танцуюць у паветры камарыкі. Не бойся іх. Гэтыя камарыкі не кусаюцца.

Лёгкай чародкай яны слупком трымаюцца ў паветры, таўкуцца, кружацца. І там, дзе іх шмат, -- паветра ў крапінках, як у вяснушках (паводле Віталія Біянкі, пераклад) [3, с. 12, Виталий Бианки. “Лесная газета”].

Пераказ.

Прачытайце і перакажыце тэкст.

 

Баба Ёшка

(гульня)

У гульні можа прымаць удзел вялікая колькасць дзяцей. Выбіраюць бабу Ёшку. У яе два сабакі – Шарык і Жучок. На зямлі абводзяць кола. Гэта сад. Баба Ёшка і сабакі знаходзяцца ў коле. Усе ўдзельнікі гульні бегаюць па-за колам і крычаць:

-- Баба Ёшка, мы цябе не баімся!

Баба пасылае сабак лавіць дзяцей. Усе ўцякаюць. Каго сабакі зловяць, той становіцца на месца бабінага сабакі (З народнага).

У слове "ўдзел" пішам  дз. А як чытаем? (Дз тут вымаўляецца толькі мякка.)

Вызначце аднакаранёвыя словы.

План

1. Вялікая колькасць удзельнікаў гульні.

2. Іншыя ўдзельнікі гульні.

3. Гульня.

Апорныя словы: абводзяць, у коле, па-за колам, пасылае, каго зловяць, на месца.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а рохканне парсючка – рох-рох-рох, рох-рох-рох --  потым перадасце і вы.

                                                           “Рох-рох-рох,

                                                           Рох-рох-рох…” –

                                                           Вымаўляе парсючок,

                                                           Гледзячы на дзедаў стог.

                                                                         Аляксей Якімовіч.

 Вызначце канчатак у слове “стог”.

Цяпер пакажам, як рохкае парсючок, прамовім разам: “Рох-рох-рох, рох-рох-рох”.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Вось прыбраў наш дзед калёсы,

                                                           Колы дзё(х, г)цем квацануў,

                                                           Нацягнуў туж(э, е)й атосы,

                                                           Шчыльней загваз(д, т)кі заткнуў [4, с. 169, “Раніца ў нядзельку”. “Дзед і мядзведзь”].

Раскрыйце сэнс выразу "вось прыбраў наш дзед калёсы". Якім выразам яго можна замяніць? (Падрыхтаваў калёсы.)

Растлумачце значэнне слоў "квацануў" (памазаў, ад слова квач), "атоса (цяж, звычайна з тоўстага дроту, ад аглоблі да пярэдняй восі для выраўноўвання ходу калёс), "загваздка" (невялікі шпень у восі, каб не спадалі колы ў калёсах) [1, с. 45,  125, “Тлумачальны слоўнік”].

Назавіце назоўнікі і раскрыйце сінтаксічную  ролю іх канчаткаў.

Тэст.

Падкрэсліце патрэбнае.

Канчатак служыць:

1) для сувязі слоў у сказе;

2) для сувязі сказаў;

3) для сувязі слоў у словазлучэнні.

Падкрэсліце словазлучэнне, у якім дапушчана памылка ў правапісе канчатка:

1) грыбы ў лес;

2) слівы ў садзе;

3) кветкі на клумбе.

Падкрэсліце слова, у якім канчатак вызначаны правільна:

1) збожж[а]; 2) баравік[і]; 3) бараб[ан].

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое канчатак?

Для чаго ён служыць? 

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Бианки, В. В. Лесная газета. / Виталий Бианки. – Минск : Юнацтва, 1997. – 589 с. : ил.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.