Поиск по этому блогу

Па старонках дарэвалюцыйных газет


Па старонках дарэвалюцыйных газет

Не пагадзіліся правіць дарогу

З Слонімскага павету Гродзенскай губерніі.
Мужыкі вёсак Парэчча і Задвор’е  Кастровіцкай воласці не пагадзіліся правіць дарогу, што ідзе паміж царкоўнымі і панскімі землямі. А памешчыкі нашы самыя дарог правіць не хочуць; масты іх паразвальваліся, і ніхто не прымушае іх папраўляць.
Каля Дзярэчына маёнтак былога гродзенскага віцэ-губернатара Л-а пабілі на маленькія фальваркі і прадаюць мужыкам. Але ж мужыкі жаляцца, што зямлю тую ацанілі занадта дорага. Калі хто хоча купіць такі фальварак праз банк, той мусіць палажыць залог 50 – 70 руб. Таму шмат беднякоў праз гэта не можа купіць сабе зямлі. А хто ўсё ж такі згодзіцца плаціць банку вялікія выплаты, той можа хутка згалець, бо без навукі ды без грошай ён не здолее як трэба наладзіць гаспадарку, каб яна адразу давала добры даход. Вось і прыходзіцца гэтым людзям шмат гадоў недаядаць, каб акуратна аддаваць у банк тыя выплаты і не страціць зямлі.

Выбары ідуць дрэнна

Слонім. Выбары ў Дзяржаўную Думу ў нашым павеце ідуць неяк дрэнна. Мала хто цікавіцца тым, каго выберуць, бо не маюць надзеі, што Трэцяя Дума будзе мацнейшая за дзве першыя. І гэта нядобра, калі ўсе так будуць думаць, то ў Думу трапіць шмат чарнасоценцаў, а тыя аб свабодных парадках клапаціцца не захочуць: ім цяпер добра.
Па некаторых валасных выбралі ўпаўнаважаных, што меліся ў Думе дамагацца зямлі і права, бясплатна збіраць у казённых лясах ягады і грыбы ды пасці жывёлу. Але што з таго: у губерні нашым цёмным беларусам зноў задураць голавы. Вось і выберуць на сваю бяду розных чарнасоценцаў (А. Я.: ненавіснікаў Беларусі.).
                                                       Наша Ніва, № 31, 21 (25) кастрычніка 1907 г.