Поиск по этому блогу

Апавяданне "Начны раман"

 

                                                                       Аляксей Якімовіч

 

НАЧНЫ РАМАН

Апавяданне

 

1

Яму было пяцьдзесят, а ёй мінула толькі дваццаць. Ён не бачыў яе цэлы год.

-- Добры дзень, Рыгор Мікалаевіч! -- сустрэўшыся з ім, першай прывіталася яна.

Рыгор Пярскевіч міжволі залюбаваўся ёю.

-- Добры дзень, Наташка!

Яны пазнаёміліся ў магазіне, дзе ён працаваў грузчыкам. Яму адразу спадабалася гэтая прывабная русавалосая дзяўчына з пульхнымі губамі і таемным бляскам у шэрых вачах. За год яна яшчэ больш папрыгажэла, расцвіла. Яе беленькія шчочкі пакруглелі, а пад кафейнай спартыўнай курткай, як два незвычайныя пагорачкі, уздымаліся грудзі.

Наташа гарэзліва глянула на яго падмаляванымі раскосымі вачыма.

-- Усё адзін жывяце, Рыгор Мікалаевіч?

Яна і раней не раз і не два вось так адкрыта, гарэзліва глядзела на яго, як бы імкнучыся штосьці сказаць ці паклікаць за сабою. Яму тады хацелася нагаварыць ёй шмат цёплага і добрага, але язык дзеравянеў, а словы клубком засядалі ў горле.

-- Адзін! -- саромеючыся свайго адзіноцтва, ціха прамовіў ён.

-- Рыгор Мікалаевіч, вельмі не бядуйце. У жыцці ўсяк бывае.

Можа, цяпер сказаць Наташы, што даспадобы яна яму? Можа, і ад яе штосьці падобнае пачуе? Тады і для яго заззяе сонейка, спадзе з душы цяжкі камень, які, як няўмольны рок, сваім нясцерпным цяжарам гне да зямлі. А калі яна пасмяецца з яго, змучанага гадамі і жыццём? Душа зусім скамянее, свет стане нямілы.

-- Рыгор Мікалаевіч, вершы пішаце, не пакінулі?

Пярскевіч падняў галаву. Наташыны вочы ўсміхаліся яму і, здаецца, казалі: "Няўжо ты не бачыш, што я хачу быць з табою?"

-- Ты і пра гэта не забылася?

-- Канешне, не забылася. Рыгор Мікалаевіч, памятаеце? Быў цёплы летні вечар, і вы прачыталі мне свой верш, які пачынаўся так:

Сцюжа, мрок... Я ізноў хвараваты.

                                          Ў сэрцы -- думак дакучных цяжар.

                                          Заварыць бы гарачай гарбаты,

                                          Разагрэць бы хутчэй самавар.

Так, ён некалі чытаў ёй гэты верш Максіма Багдановіча. Тады схлусіў, сказаў, што сам напісаў, бо хацелася здзівіць яе, заінтрыгаваць, прывабіць да сябе.

-- Наташка, давай сустрэнемся! -- прамовіў Пярскевіч і адчуў, як пацяжэлі ногі.

-- Дзе? У вас дома, на кватэры? -- хутка адказала Наташа.

-- У мяне на дачы, у Сасноўцы. Там будзе і самавар, і смачная гарбата.

Рыгор і Наташа стараліся не глядзець адно на аднаго. Яны адчувалі сябе няёмка, але ўжо не маглі спыніць гэтай гаворкі.

-- У колькі гадзін, Рыгор Мікалаевіч?

-- У шэсць вечара. Мая дача непадалёку ад могілак. Там невялікае возера. Ведаеш, дзе яно?

-- Рыгор Мікалаевіч, мне неяк паказвалі вашу дачу.

-- Наташка, прыедзеш?

Дзяўчына часта заморгала пушыстымі павекамі.

-- Абавязкова прыеду.

2

Рэзка адчыніліся дзверы, і з пад'езда пяціпавярховіка выйшла Макарыха, жанчына пенсіённага ўзросту, якая, як і Пярскевіч, жыла адна на другім паверсе. Рыгор не мог цярпець Макарыху і стараўся не сустракацца з ёю. Пасля таго, як ён развёўся з жонкай, яна лавіла яго на вуліцы, запрашала да сябе. "Бач ты! Закахалася ў мяне", -- думаў ён, з агідай гледзячы на яе бляклы маршчыністы твар.

Макарыха шырока расставіла крываватыя ногі і, нібы нейкі бяздушны металічны робат, уставілася на Наташу.

-- Гэта ваша суседка? -- прашаптала Наташа.

-- Суседка, Макарыха. Кажуць, што яна ведзьма, -- гэтак жа, шэптам, прагаварыў Рыгор.

Губы ў дзяўчыны задрыжалі.

-- Рыгор Мікалаевіч, я баюся яе!

-- Вось каго ты сабе знайшоў! -- мутнаватымі вачыма Макарыха зыркнула на Пярскевіча і працягла зарагатала: -- Ха-ха-ха-ха...

З-за рога пяціпавярховіка вылецеў віхор, закружыўся ваўчком, падняў з асфальту мокрае асенняе лісце і шпурнуў Рыгору ў твар.

Рыгор дакрануўся пальцамі да шчакі. Яны сталі брудныя, чорныя, нібы ад ліпкага балотнага глею.

-- Рыгор Мікалаевіч, пачакайце хвілінку! -- Наташа дастала з кішэні сваёй кафейнай курткі беласнежную хусцінку і выцерла з Рыгоравага твару клейкую гразь.

Макарыха насупілася, сцялася, стаўшы падобнай на стары ядавіты грыб, і прагаварыла са злосцю, звярнуўшыся да Пярскевіча:

-- Ад мяне не ўцячэш, усё роўна пакахаеш!

Рыгор узяў Наташу за руку, заціснуўшы ў далоні яе далікатныя тонкія пальчыкі.

-- Наташка, хадзем. На аўтобус цябе правяду.

3

Цёплыя Наташыны рукі адагрэлі спакутаваную Рыгораву душу. Дома ён падышоў да трумо, паглядзеў на сябе ў люстэрка і радасна прадэкламаваў:

Сцюжа, мрок... Я ізноў хвараваты.

                                          Ў сэрцы -- думак дакучных цяжар.

                                          Заварыць бы гарачай гарбаты,

                                          Разагрэць бы хутчэй самавар.

                                          Запяе ён і тонка, і ціха,

                                          Зазіяе на спод аганьком, --

                                          І развеецца цёмнае ліха

                                          Над маім абагрэтым кутком.

Божа! Як пастарэў ён за апошнія халасцяцкія гады! Валасы зусім пасівелі, над лобам пасмамі тырчаць, як парыжэлая салома, вакол носа маршчынкі доўгімі баразёнкамі цягнуцца. Няўжо такі стары ён даспадобы мілай прыгажуні Наташы? Доўга з ім яна не будзе. Пагуляецца і кіне, як тры гады таму кінула жонка. У сэрца вернецца боль, зноў пачне шчымець на душы...

-- Можа, выкінуць яе з галавы? -- прагаварыў Рыгор і ў люстэрку ўбачыў, што імгненна, за нейкую секунду, памаладзеў на пятнаццаць гадоў, не меней. Маршчыны каля носа разгладзіліся, а валасы сталі русыя, як калісьці, у маладосці.

Пярскевіч слупам стаяў каля трумо. Твар у яго скамянеў, а вусны моцна сцяліся. Што ж з ім сталася? Няўжо гэтае кволае каханне так падзейнічала на яго, вярнула яму маладосць? Відаць, так. Але ж Наташа яго не пазнае, сустрэўшыся, спалохаецца, як спалохаўся ён сам, раптам убачыўшы сябе маладым. Трэба патэлефанаваць да яе, папярэдзіць.

Дрыжачай рукой Рыгор набраў нумар Наташынага тэлефона (яна назвала яго сёння, калі стаялі на аўтобусным прыпынку) і гукнуў:

-- Ало!

-- Рыгор Мікалаевіч, вы? -- званочкам прагучаў крыху здзіўлены голас дзяўчыны.

Рыгор зірнуў у люстэрка, каб яшчэ раз упэўніцца, што не здалося яму, што сапраўды памаладзеў.

-- Наташка, я памаладзеў! Мае маршчыны на твары разгладзіліся!

Не стрымаўшыся, дзяўчына пырснула смехам.

-- Наташка, я не жартую. Я скінуў з сябе пятнаццаць гадоў, не меней, -- у голасе Пярскевіча чуўся гонар. Так, так, ён ганарыўся сваёй неспадзяванай маладосцю.

-- Рыгор Мікалаевіч, не хвалюйцеся. Я заўтра прыеду да вас на дачу. Мы ж дамовіліся.

-- Я памаладзеў! -- усклікнуў Рыгор, гатовы, як на крылах, ляцець да каханай.

-- Да сустрэчы, Рыгор Мікалаевіч! Я не магу з вамі доўга гаварыць. Мама ў суседнім пакоі, -- сказала Наташа і паклала тэлефонную трубку.

4

На двары насіўся, тоненька скуголіў вецер, зацята імжыў халодны дождж, а ў дачным доміку было цёпла, спакойна, утульна. У печы патрэсквалі сухія сасновыя дровы, на сцяне мерна цікалі даўнія ходзікі, якія дасталіся Рыгору ад памерлай бабулі.

Рыгор сядзеў на ложку і глядзеў у маленькае квадратнае люстэрка, любуючыся сабою. Побач, на невялікім століку, стаялі самавар, бутэлька чырвонага вінаграднага віна, два крышталёвыя кілішкі, на талерках ляжалі дарагія шакаладныя цукеркі, апельсіны, пячэнне.

Ужо палова шостай гадзіны. Вось-вось з'явіцца Наташа. Малады, прыгожы, ён, вядома ж, спадабаецца ёй. Неўзабаве яна моцна абніме яго і прашэпча ў замілаванні:

-- Рыгор Мікалаевіч, вы так памаладзелі!

Задаволены сабою, Пярскевіч засмяяўся, устаў з ложка і глянуў у акно, носам упёршыся ў шыбу. Па голых дрэвах, па пачарнелых лісцях на зямлі густа сее дождж. Калі ж ён скончыцца?

Выйшаў з хаты. Ціха спіць падворак.

                                        Наплывае радасць, з ёю -- сум.

                                        Не злічыць у небе ясных зорак,

                                        Не злічыць у сэрцы светлых дум.

 

                                        Шмат зазнаў я горычы з нудою,

                                        Што шчыміла, мучыла, пякла...

                                        Усё ужо прайшло, сплыло з вадою, --

                                        Моладасць не знікла, не прайшла! --

Рыгор уголас прачытаў вывучаны на памяць верш Максіма Багдановіча і, адышоўшыся ад акна, зірнуў на столік. Чым жа яшчэ пачаставаць Наташку? Можа, мочанымі яблыкамі? Так, так, мочанымі яблыкамі. Яны ў падвале ў бочцы стаяць.

З белага серванта, што стаяў пры сцяне, Пярскевіч узяў металічную міску, зняў з люка накрыўку і па драўлянай лесвіцы стаў спускацца ў падвал. Лесвіца пад ім трэснула. "Згніла, стоячы. Трэба новую рабіць", -- адзначыў пра сябе і ўключыў у падвале святло. Каля бочкі з яблыкамі сядзела вялікая лупатая жаба, пакрытая чорнымі крапінкамі, нібы бародаўкамі, і, як здалося Рыгору, дапытліва глядзела на яго.

-- Яшчэ цябе тут не хапала! -- незадаволена прабурчаў ён і нагнуўся, каб узяць жабу. Яна адскочыла ўбок, зноў глядзіць на яго лупатымі вачыма.

Рыгор сцягнуў з паліцы брызентавыя рукавіцы, надзеў іх, падкраўся да жабы і схапіў яе абедзвюма рукамі. Мяккая слізкая жаба затрапяталася, імкнучыся вырвацца. Паморшчыўшыся ад агіды, Пярскевіч выкінуў жабу праз люк падвала. "Няхай сама скача, уцякае на двор. Дзверы ў доміку адчыненыя", -- падумаў, з палёгкаю ўздыхнуўшы.

5

Стрэлка ходзікаў набліжалася да паловы сёмай гадзіны, а Наташы ўсё не было. Рыгор сядзеў на ложку і моршчыў лоб. Мабыць, падманула, не прыйдзе. Навошта ёй патрэбен стары сівы дзядзька? Не паверыла, што памаладзеў. А так стараўся, рыхтуючыся да сустрэчы! Дурань! Дзяўчыну, каля якой хлопцы роем уюцца, запрасіў на спатканне. На дурнях, як вядома, ваду возяць. Цярпі цяпер.

Наском туфля Рыгор дакрануўся да крайняй, пашчапанай дошкі накрыўкі.

-- Дапамажыце! -- нечакана данёсся ад могілак адчайны Наташын крык.

"Мая каханая ў бяду трапіла. Хтосьці напаў на яе!" -- тахнула ў Рыгора ў галаве.

-- Дапамажыце!..

Усхапіўшыся з ложка, ён выскачыў на двор і як мага панёсся па вуліцы.

Вые, скуголіць вецер у вушах, дажджынкі б'юць па твары. Вось і могілкі на пагорачку. За пагорачкам, за павароткай, безыменнае возера.

Рыгор выдыхнуў з грудзей паветра і пайшоў, азіраючыся. Кепска, што сякеру з сабою не ўзяў. Пад ложкам ляжыць сякера.

Дзе ж Наташка? Няўжо голас не падасць? Ён яе выратуе, горла перагрызе непрыяцелям.

Мінуўшы паваротку, Пярскевіч убачыў кафейную Наташыну куртку. Яна ляжала на ядлоўцавым кусце на самым ускрайку могілак.

Адзін, два, тры... Ён ступіў тры крокі, быццам прайшоўшы па мінным полі, зняў з куста куртку, прытуліў да грудзей і ў адчаі закрычаў:

-- На-таш-ка!

Цішыня навокал. Дзе ж каханая?

-- Не чапайце! Вярніце яе мне! -- як у трызненні, прагаварыў і, слізгаючы падэшвамі туфляў па мокрай траве, палез на пагорак, на могілкі.

Могілкі даўнія, старыя. Куды ні ступі -- насыпаны людзьмі ўдзірванелы курганчык, а з-за металічных агароджаў пазіраюць на яго цёмныя мармуровыя помнікі з залатымі літарамі. Магчыма, за адным з гэтых помнікаў убачыць нежывую Наташу.

Рыгор не адчуваў страху, сунуся, бы здань, не выбіраючы дарогі.

-- Рыгор Мікалаевіч! -- ужо ад дачнага пасёлка зноў данёсся Наташын крык.

Пярскевіч устрапянуўся і закрычаў не сваім, нейкім чужым голасам, падобным на галашэнне:

-- Я тут!

-- Рыгор Мікалаевіч, я каля вашай дачы! Я чакаю вас!

Яна чакае! Яна жывая! Яна прыйшла! Ён зноў на свет нарадзіўся, зноў шчаслівы. У душы няма ні нянавісці, ні помсты, ні злосці. Ён бяжыць сярод цёмных мармуровых помнікаў і не заўважае іх. Бяжыць да сваёй Наташы, а вусны шэпчуць:

У Максіма на кашулі вышыты галубкі;

                                      Я за тое вышывала, што цалуе губкі.

                                      

                                      У Максіма на кашулі вышыты лісточкі;

                                      Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

 

                                      У Максіма на кашулі вышыты падкоўкі;

                                      Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.

І ў гэтую цяжкую хвіліну ўспомніўся яму дзіўны верш Максіма Багдановіча, прыйшоў на памяць, каб падтрымаць.

6

У доме на ложку ў плашчы, мокрым ад дажджу, сядзела Наташа. Рыгор застыў у парозе. Яму не верылася, што бачыць каханую.

Наташа прыязна ўсміхнулася.

-- Не чакалі мяне, Рыгор Мікалаевіч?

-- Чакаў, але ж ты нядаўна каля могілак крычала, прасіла, каб я дапамог табе, -- зусім разгубіўся ён.

Наташа пакруціла галавою.

-- Вам здалося, што крычала.

Пярскевіч страсянуў кафейнай курткай.

-- Тваю куртку там знайшоў.

-- Гэта не мая куртка. Хтосьці пакінуў, забыўся яе.

Наташа ўстала з ложка, варухнула плячыма і скінула мокры плашч. На ёй было кароткае ружовае плацце з вялікім выразам на грудзях.

Рыгор абвёў позіркам белыя плечы, тонкі дзявочы стан, прыгожыя, нібы вытачаныя, ногі і засаромеўся, пачырванеў.

Дзяўчына таксама засаромелася. Ружовым румянцам пакрыліся яе шчокі.

-- Падыдзіце да мяне, Рыгор Мікалаевіч.

Ён ступіў некалькі крокаў наперад і стаў насупраць Наташы. Дзівосны, тонкі пах духоў закружыў яму галаву.

-- Рыгор Мікалаевіч, вы беглі сюды і верш расказвалі. Я чула.

-- Я шэптам расказваў, -- прамовіў Пярскевіч. Рукі і ногі ў яго задрыжалі.

-- А я ўсё роўна чула. Як ён пачынаецца? Напомніце мне.

Рыгор заплюшчыў вочы і абняў дзяўчыну за плечы.

-- У Максіма на кашулі вышыты галубкі...

Пругкімі грудзямі Наташа прытулілася да Рыгора.

-- Пацалуйце мяне ў губкі, Рыгор Мікалаевіч!

Пярскевіч мацней абняў каханую і пяшчотна пацалаваў у губы. Яна абвіла яго рукамі за шыю.

За акном грымнуў гром, бліскавіца паласнула ў вокны. Электрычная лямпачка пад столлю трэснула і разляцелася на дробныя асколкі. У доме стала цёмна.

-- Само неба нам салютуе! -- прашаптала Наташа і разам з Рыгорам упала на ложак.

7

За акном, як і раней, завываў вецер і імжыў дождж. Абняўшыся, яны ляжалі ў цемры на ложку і размаўлялі.

-- Рыгор Мікалаевіч, вы доўга з жонкай пражылі?

-- Нямала.

-- А чаму развяліся?

-- Мабыць, характарамі не сышліся.

-- Я сур'ёзна пытаюся. Яна вас пакінула?

-- Яна.

-- Чаму?

-- Не ведаю. Наташка, ты заўважыла, што я памаладзеў?

-- Адразу заўважыла. Вы заўсёды будзеце гэткім жа маладым?

-- Не ведаю.

-- А я ведаю! Будзеце! Я вас ніколі не пакіну і нікому не аддам! – прагна цалуючы каханага, прагаварыла Наташа.

8

Рыгор пацягнуўся і расплюшчыў вочы. Дождж сціх, на дварэ па-летняму ярка свяціла сонца. А на століку стаялі самавар, нераспячатаная бутэлька віна, ляжала закуска.

Наташа спала, з галавою накрыўшыся коўдрай. Рыгор засунуў руку пад коўдру і дакрануўся да Наташынага калена. Яно было касцістае і халоднае, як ледзяное. Пярскевіч адчуў, як на галаве пашэрхлі валасы, а па спіне забегалі мурашкі. Амаль нічога не цямячы, ён прыўзняў коўдру і ўбачыў, што побач з ім ляжыць Макарыха. Яна пазяхнула, паказаўшы ўстаўныя металічныя зубы.

-- Міленькі, прачнуўся?

Рыгор ускочыў з ложка, схапіў нагавіцы і адбегся, надзяваючы іх на сябе. Нага ніяк не трапляла ў калашыну. Высокі, бронзавы ад загару, ён бездапаможна скакаў у прамянях ззяючага сонца.

Макарыха павярнулася на бок, з цікавасцю пазіраючы на яго.

-- Міленькі, ты цяпер на збянтэжанага Саўку падобны.

Пярскевічу нарэшце ўдалося надзець нагавіцы.

-- Я ўчора не з табою клаўся спаць. Як ты ў маім ложку апынулася?

Макарыха села і далонню асцярожна правяла па той месцінцы на падушцы, што засталася ад галавы гаспадара доміка.

-- Я ж казала, што ты пакахаеш мяне.

Твар у Рыгора перакасіўся, а вочы падвярнуліся пад лоб.

-- Ты ведзьма! Ты воблік Наташы прыняла, каб пераспаць са мною.

-- Я ведала, што здагадаешся і ўзлуешся. Адвярніся, міленькі. Дай мне апрануцца. Я ўсё-ткі жанчына, -- спакойна сказала Макарыха.

Рыгор адвярнуўся і, нібы капрыза-хлопчык, якому не дагадзілі, затупацеў нагамі.

-- Ты жаба, а не жанчына!

-- Не лайся, міленькі. Не з Наташай, а са мною шчасце ты знойдзеш. Я цябе, як кветку, буду даглядаць. А калі вельмі засумуеш, то зноў у вобліку Наташы прыйду да цябе.

Макарыха ўжо адзелася, нават доўгі плашч на сябе накінула. Вінаватая ўсмешка прабегла па яе сіняватых, тонкіх, як нітачка, вуснах.

Рыгор растапырыў пальцы, наставіў іх і стаў набліжацца да Макарыхі.

-- Халодная жаба, дзе Наташку падзела?

-- Нізашто не скажу!

Пярскевіч з сілай пхнуў Макарыху ў грудзі. Спіною яна ўпала на ложак.

-- Не скажу! Цябе, маю радасць, ёй не аддам.

-- Скажаш! – крыкнуў Рыгор і, выхапіўшы з-пад ложка сякеру, узняў над галавою.

-- Міленькі, ты не пральеш кроў. Рука не паднімецца ў цябе.

-- Ужо паднялася! – папярэдзіў Пярскевіч і варухнуўся на шырока расстаўленых нагах.

-- Я ж зусім забылася! Ты ж у магазіне працуеш, відаць, кожны дзень мяса сячэш...

-- Ну! -- скрыгітнуў зубамі Рыгор.

-- Міленькі, не пары гарачку. Мяне засячэш -- Наташу ніколі не знойдзеш. Адна я ведаю, дзе каханая твая, -- супакойваючы Рыгора, сказала Макарыха.

-- Гэх! -- гукнуў Рыгор і запусціў сякеру ў столік. Ён перавярнуўся, расшчапаўшыся. З перавернутага самавара па падлозе пацякла вада, перамешваючыся з чырвоным віном з разбітай бутэлькі.

-- Да пабачэння, міленькі, -- развіталася Макарыха і, усхапіўшыся з ложка, выбегла на двор.

9

Рыгор сядзеў на табурэтцы, трымаючы ў руках кафейную куртку. Дзе ж шукаць Наташу? За Макарыхай не пабяжыш: крыку наробіць, людзі пазбягаюцца. Кепска, што выпусціў яе з хаты. Быццам загіпнатызавала яна яго. А мо і сапраўды пад нейкім гіпнозам ён знаходзіцца? Спадзяваўся, што будзе рамантычнае, светлае каханне, як некалі, у маладосці... У маладосці!.. Але ж ён цяпер малады, бо памаладзеў...

Пярскевіч працягнуў руку, зняў са сцяны квадратнае люстэрка, паднёс яго да твару і здрыгануўся. Як і раней, вакол носа складкамі ідуць доўгія глыбокія маршчыны-баразёнкі, валасы на галаве сівыя...

Зноў пастарэў, з Макарыхай-ведзьмай ноч правёўшы. Што ж выходзіць? Сустрэча з Наташай маладосць яму прынесла, а спатканне з Макарыхай старасць вярнула.

Рыгор падняў руку з люстэркам, намерваючыся з сілай кінуць яго на падлогу, каб разляцелася на мноства асколачкаў, як, лопнуўшы, разляцелася электрычная лямпачка ад удару маланкі, але стрымаўся, розум усё-ткі ўзяў верх: асцярожна паклаў люстэрка на перавернуты, пасечаны столік.

З-пад ложка вылезла жаба з бародаўкамі-крапінкамі на целе. Абмінуўшы калюжынку ад вады і віна на падлозе, села на накрыўку, што закрывала люк у падвал.

-- Не ўцякла, са мною засталася ты! -- ушчуваючы, прамовіў Рыгор. Дзіўна, але жаба цяпер не выклікала ў яго агіды. Наадварот: супакойвала, прыглушала боль на душы.

-- Ты непрыгожая, так, -- звярнуўся ён да гэтай жывой істоты, -- але бездапаможная і, мабыць, добрая. Калі б магла гаварыць, то, магчыма, сказала б мне, дзе Макарыха-ведзьма Наташку хавае.

Жаба моцна шлёпнула тоўстай мясістай лапай па пашчапанай крайняй дошцы накрыўкі.

Рыгор прыўстаў, сагнуўшыся. Учора, добра помніцца, пашчапаная дошка была каля перагародкі, а сёння яна каля ложка. Выходзіць, хтосьці ўчора адкрываў накрыўку, лазіў у падвал.

"Макарыха лазіла. У падвале Наташку яна схавала!" -- прабегла ў галаве Пярскевіча.

Шпурнуўшы на ложак Наташыну куртку, ён узяў у серванце нож, нагою адкінуў жабу, адкрыў накрыўку і палез у падвал.

10

Сапраўды, Наташа, звязаная доўгай вяроўчынай, ляжала ў падвале за бочкай з мочанымі яблыкамі. Яе рот быў заклеены пластырам.

Убачыўшы Рыгора, яна заварушылася, затрапятала нагамі.

-- Родненькая! -- як да самага блізкага чалавека, звярнуўся да яе Пярскевіч і, выцягнуўшы з рота анучу, нажом разрэзаў вяроўчыну. Затым падняў Наташу, падвёў да лесвіцы. -- Вылазь!

Крыху пастаяўшы, дзяўчына моўчкі вылезла з падвала.

-- Чакай мяне! -- папрасіў Рыгор і ступіў нагою адразу ж на другую прыступку. Лесвіца пад ім трэснула, паламалася і разляцелася на тры кавалкі.

Пярскевіч упаў на цэментаваную падлогу, балюча выцяўшыся аб бочку.

Ён ляжаў, трымаючыся рукою за бок. Яму не хацелася ўставаць, не хацелася вылазіць наверх. У падвале было ціха, спакойна, утульна.

-- Рыгор Мікалаевіч! -- паклікала Наташа.

-- Наташка, дамоў ідзі. Я тут пасяджу.

Дзяўчына стала на калені і апусціла руку. Яе русыя валасы рассыпаліся, затуліўшы твар. Незвычайнай, казачнай здалася яна Пярскевічу.

-- Рыгор Мікалаевіч, хутчэй вылазьце! Я Макарыху баюся. Яна дзесьці тут, побач. Я адчуваю.

"Я ж зусім забыўся пра Макарыху!" -- падумаў Рыгор і, паволі ўстаўшы, узяўся за Наташыну руку.

-- Цягні мяне, Наташка!

11

Рыгор і Наташа стаялі ў хаце каля пасечанага століка і ціха размаўлялі.

-- Цябе Макарыха ў падвал зацягнула?

-- Яна. Старая, а такая дужая!

-- Не бядуй, Наташка. У нас наперадзе ноч: прыгожая, таемная, светлая.

-- Хлусіце, Рыгор Мікалаевіч.

-- Праўду кажу, вер мне!

-- Вы нават чужыя вершы расказваеце. У падвале я ўспомніла, што Максім Багдановіч іх напісаў. А ўчора патэлефанавалі, пахваліліся, што памаладзелі...

-- Учора памаладзеў, а сёння пастарэў. Не верыш?

-- Рыгор Мікалаевіч, я чула, як вы Макарысе-ведзьме ласкавыя словы казалі...

-- Я думаў, што гэта ты. Не ёй -- табе казаў!

-- Я ў падвале ляжала звязаная, а вы!.. Не, не будзе ў нас прыгожай, таемнай ночы, -- азвалася Наташа і, крыху памаўчаўшы, дадала: -- Макарыха зноў нам перашкодзіць.

-- Наташка, чакай мяне! -- цвёрда прагаварыў Рыгор і выйшаў з хаты.

12

Макарыху ён знайшоў каля безыменнага возера. Яна стаяла на беразе і з ухмылкай глядзела на яго.

-- Міленькі, я ведаю: ты прыйшоў, каб забіць мяне. Што ж, забі і пахавай. Могілкі побач. Крыжыка не трэба ставіць. Ведзьма я!

У Рыгора раптам разбалелася галава. Колкамі працяло лоб. Ён паморшчыўся. Макарыха хоць і ведзьма, але ў адным доме з ім жыве.

-- Адступіся! Пакінь мяне ў спакоі.

Макарыха скруціла фігу і паднесла яе пад нос Рыгору.

-- Міленькі, не дзяўчыну, а жабу сёння пацалуеш ты!

Пярскевіч сціснуў зубы і абедзвюма рукамі штосілы пхнуў Макарыху ў грудзі. Ведзьма пахіснулася і пляснулася ў возера. Праз імгненне схавалася ў вадзе.

Прайшла хвіліна, другая.

-- Яна ўтапілася! -- скрывіўшы губы, прашаптаў Рыгор.

У гэты момант з вады паказалася мокрая галава Макарыхі.

-- Пацалуеш жабу! -- крыкнула яна і зноў схавалася ў вадзе.

13

Хвілін праз пятнаццаць Пярскевіч вярнуўся на дачу.

-- Рыгор Мікалаевіч, знайшлі Макарыху? -- пацікавілася Наташа.

Рыгор як не сваімі, як драўлянымі рукамі падняў самавар.

-- Ведзьма болей не перашкодзіць нам. Я яе ў возеры ўтапіў.

Наташа адхіснулася, быццам ён, Рыгор, выцяў яе па твары.

-- Вас пасадзяць!

-- Не пасадзяць. Ніхто не бачыў, як яна ўтапілася.

Пярскевіч адчуў, што да горла падступіла гарката. Ён паднёс да рота самавар і стаў прагна піць з яго. Вада распаўзалася па падбародку, з падбародка сцякала на грудзі.

-- Рыгор Мікалаевіч! -- спалохана ўсклікнула Наташа і, часта стукаючы абцасікамі туфляў, выбегла на двор.

Рыгор кінуў самавар у кут і сеў на падлогу, падціснуўшы пад сябе ногі. З-пад ложка вылезла знаёмая жаба, разумнымі вачыма ўставілася на яго.

-- Ты адна мяне разумееш! -- сказаў Рыгор.

Жаба, здалося яму, кіўнула яму галавою. Ён узяў яе ў рукі, пацалаваў і прамовіў нараспеў:

Сцюжа, мрок... Я ізноў хвараваты.

                                          Ў сэрцы -- думак дакучных цяжар.

                                          Заварыць бы гарачай гарбаты,

                                          Разагрэць бы хутчэй самавар.

 

Змешчана ў кнізе “Русалка”, выпушчанай у выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.