Быў выпадак
Гульня гіен
Пятністая гіена, як вядома, адзін месяц корміць і
аберагае сваё дзіцяня ў логаве, а потым пераносіць яго ў зграю, у свой клан,
дзе знаходзяцца і іншыя дзіцяняты гіен. Сярод іх ёсць дамінантныя (галоўныя,
больш моцныя) і нялюбыя (больш слабыя). Цяжка прыходзіцца нялюбым дзіцянятам. З
іх здзекуюцца не толькі іх равеснікі, але і дарослыя гіены. Таму нялюбыя,
слабыя дзіцяняты жывуць у пастаянным стрэсе. А гэта моцна паслабляе імунную
сістэму.
Быў такі выпадак. Даследчыкі-вучоныя кінулі пятністым
гіенам цацку, падобную да невялікай, тоўстай вяроўчыны. Неўзабаве дамінантныя
дзіцяняты падхапілі яе і сталі гуляць: то ўцякалі, схапіўшы ў зубы, то
перацягвалі, стараючыся адабраць адзін у аднаго. Нялюбае дзіцяня моўчкі
пазірала на іх. Тады адно дамінантнае дзіцяня падбегла і кінула вяроўчыну
нялюбаму, як бы сказаўшы яму: “Бяры і гуляй з намі”. Нялюбае дзіцяня так і
зрабіла: схапіла цацку ў зубы і актыўна ўключылася ў гульню. У час гэтай гульні
дамінантныя дзіцяняты з нялюбай гіенай паводзілі сябе як з роўняй: гулялі,
аддаўшыся вясёлым эмоцыям. Потым да іх далучыліся нават некаторыя дарослыя
гіены.
Вучоныя прыйшлі да вываду, што гульня станоўча ўплывае на
паводзіны гіен, робіць іх адным цэлым, калектывам, аб’ядноўвае, гуртуе. А гэта
вельмі важна для іх далейшага жыцця, так як яны ад больш моцных драпежнікаў
(напрыклад, ільвоў) звычайна абараняюцца не паасобку, а зграяй, кланам.
Аляксей Якімовіч