Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення”.

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення”.

Што трэба ведаць пра тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення?

Сказы бываюць апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя; клічныя і няклічныя; простыя і складаныя; развітыя і неразвітыя.

Як іх распазнаць?

Апавядальныя сказы ўтрымліваюць паведамленне, пытальныя сказы ўтрымліваюць пытанне, пабуджальныя сказы ўтрымліваюць пабуджэнне да дзеяння (просьбу, загад, параду, заклік). Клічныя сказы вымаўляюцца з моцным пачуццём. Простыя сказы маюць адну граматычную аснову (граматычная аснова – дзейнік і выказнік), складаныя сказы маюць некалькі граматычных асноў, неразвітыя сказы не маюць даданых членаў, развітыя сказы маюць даданыя члены.
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
З якіх сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення складаецца гэты тэкст?
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Стяжаю -- набываю, дастаю, стяжаніе -- набыццё, стяжатель -- той, хто набывае.
Пабудуйце і запішыце апавядальны сказ са словам "набываць". (Мы нядаўна набылі новы сучасны тэлевізар.)
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “сказ” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "аматар". (Чалавек, які ў вольны час займаецца чым-небудзь не для заробку, а па ахвоце; любіцель.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Пабудуйце і запішыце сказ са словам "аматар". Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага сказа. (Мой старэйшы брат -- аматар фотапалявання.)
    [1, стар. 28, 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Аматар, аднаразовы, крапіва, стары, зубры, дзевяціпавярховы.
Адказ. Аматар, аднаразовы, крапіва, стары, зубры, дзевяціпавярховы.
Праца са сказамі.
Вызначце, які спосаб выражэння просьбы патрэбна выбраць, звяртаючыся да незнаёмага чалавека. Чаму?
1. Вы растлумачыце мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа. 2. Растлумачце ж мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа! 3. Растлумачылі б вы мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа. 4. Ці не маглі б вы растлумачыць мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа? 5. Растлумачце, калі ласка, мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа. 6. Вы павінны растлумачыць мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа. 7. Не падкажаце мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа?  8. Вы не маглі б сказаць мне, дзе знаходзіцца вуліца Якуба Коласа?
Праца са сказам.
Запішыце сказ. Вызначце яго тып паводле мэты выказвання. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:
1) сказ перадае паведамленне;
2) у сказе перадаецца пытанне;
3) у сказе перадаецца пабуджэнне да дзеяння.
Моцны, дужы вецер, спыніся, пачакай!
Тэст.
Адзначце пабуджальныя сказы.
1. Добра дыхаць паветрам у сасновым лесе.
2. Беражыце старэйшых, дапамагайце ім.
3. Хто ведае, як называецца гэта вёска?
4. Не паддавайся цяжкасцям!
5. Раскажы мне, бабуля, цікавую казку.
Адказы. Пабуджальныя сказы: 2, 4, 5.
5. Мытны кантроль.
Прапаную вам адказаць на пытанне-жарт "Ці можа страус назваць сябе птушкай?". (Не, ён не ўмее гаварыць.)
Спадзяюся, што і на пытанні да тэмы "Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення (апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя; клічныя і няклічныя сказы. Простыя і складаныя сказы. Развітыя і неразвітыя сказы", вы адкажаце правільна, толькі ўжо без жарту.
Што называецца сказам? Чаму ён з'яўляецца асноўнай камунікатыўнай адзінкай?
Што вы ведаеце пра будову сказа?
Якія бываюць тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення? Што вы ведаеце пра іх?
Якія сказы называюцца развітымі і неразвітымі?
Што трэба ўмець, каб правільна вызначыць межы сказаў?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.