Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс літары ў

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ  

 

Тэма: правапіс літары ў.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                     Блакітны, чырвоны,

                                                     Барвовы і бурдовы –

                                                     Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Для даведкі: бурдовы – колеру чырвонага бурака.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: прыгожы ўзор ці прыгожы узор?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Літара ў пішацца  ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слоў пасля галосных [4, стар. 127, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад словазлучэнне і словы: сустрэліся ўвосень, лаўка, прыйшоў.

У словазлучэнні і словах, узятых для прыкладу, адзначаем літару ў  і тыя галосныя, пасля якіх яна стаіць.

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Літара ў пішацца  ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слоў пасля галосных [4, стар. 127, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: прыгожы ўзор.

Працуем са спалучэннямі слоў.             

Са словам “паляцеў” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “паляцеў”?

Для даведкі: бусел паляцеў – мяч паляцеў.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                              Вадзічкаю паліў.

                                                              У садочку вішаньку

                                                              Каб не засыхала,

                                                              Янка пасадзіў,

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 3, 4 – 1.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: фірма “Раніца” ўвесну адзначыла юбілей ці фірма “Раніца” увесну адзначыла юбілей?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Літара ў пішацца  пасля двукосся і злучка, калі папярэдняе слова ці частка слова канчаецца на галосны [4, стар. 127, “Беларуская мова”].

Напрыклад.

Фабрыка “Расінкаўжо пачала працаваць.

Паўночна-ўсходні вецер.

Ва ўзятым для прыкладу слове “ўжо” і частцы слова “ўсходні” пішацца літара ў, бо яна стаіць пасля галосных літар.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: фірма “Раніца” ўвесну адзначыла юбілей.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Разам, фільм, ўчора, паглядзелі, “Паўднёва-ўсходнія лясы”. (Фільм “Паўднёва-ўсходнія лясы” ўчора разам паглядзелі.)

Растлумачце правапіс выдзеленых літар. 

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары у, ў, потым напішыце беларускае слова “лаўка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: наведалі Уладзіслава ці наведалі Ўладзіслава?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! На месцы вялікай літары ў не пішацца [1, стар. 63, “Беларуская мова”].

Напрыклад: прыйшлі да Ульяны.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: наведалі Уладзіслава.

            [1, стар. 63, “Беларуская мова”]

            [4, стар. 127, “Беларуская мова”]

Скорагаворка.

Салаўя купіла Ульянаўна (Аляксей Якімовіч).

Ці паўтараецца арфаграма ў словах скорагаворкі?

Назавіце слова.

                                                              Пішам з ў

                                                              Прасіў, глядзеў,

                                                              Усміхнуўся,

                                                              … (Паляцеў).

                                                                       Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літары ў у словах вершаванага тэксту “прасіў”, “глядзеў”, “усміхнуўся”, “паляцеў”.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “непрыстойна (лаяцца)”.

                                                               Адзін жыве, не мае

                                                               Ні блізкіх, ні сябро..

                                                               Хто лае, абзывае,

                                                               … … … .                                                      

Устаўце прапушчаную літару.

Ці ёсць у прыведзеным фразеалагізме літара ў?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: з хіншопа ўолс [2, стар. 109, “Фразеалагічны слоўнік”]

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                  Час падходзі(у, ў) за пакровы.

                                                  Вецер ліст з лясо(ў, ) атрос,

                                                  І на поле свае ковы

                                                  Кіну(ў, у) злёганьку мароз.

                                                  Агалела поле. Знята

                                                  Збажына з яго да(у, ў)но.

                                                  Глуха, пуста і зацята,

                                                  І нікога не відно [3, стар. 288 -- 289, “Паэмы Я. Коласа”].

Раскрыйце сэнс слова “ковы”. (Мароз скаваў, замарозіў зямлю.)

Для даведкі: пакровы – восеньскае рэлігійнае свята.

Адказы на пытанні.

 Калі пішацца літара ў?

У якім выпадку пішацца літара ў пасля двукосся і злучка?

Ці пішацца літара ў на месцы вялікай літары у?

Тэст.

Адзначце словы з літарай ў.

1. Паза..чора.

2. Каля брата ..ладзіміра.

3. Пры..зня..ся.

4. ..прыгожыць.

5. Беларуска-..краінскі сло..нік.

6. Кінафільм “Каб мама ..міхалася” ..жо паглядзе.. .

7. Атрымаць ..знагароду.

Адказ: 1, 3, 5, 6.

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.       

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, кастрычнік 2020 года, № 10.