ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: правапіс –нн- і –н- у прыметніках.
Псіхалагічны настрой.
Сябар, жаданне,
Моцны, вапняковы --
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Ствараем праблемную
сітуацыю.
• Як пішам:
сон
– сонны
ці соны?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Звяртаемся да правіла і разважаем.
Запомніце! У прыметніках, утвораных пры дапамозе суфікса –н- ад назоўнікаў з
асновай на н, пішуцца дзве літары н [3, стар. 115,
“Беларуская мова”].
Прыметнік сонны ўтвораны ад назоўніка сон з асновай на н пры дапамозе суфікса –н-.
Вырашэнне праблемнай
сітуацыі.
Пішам: сонны.
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Сок лімонны,
Воін конны,
Горад … (раённы).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце правапіс суфіксаў у прыметніках.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Як пішам:
племя
– племянны ці племяны?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Звяртаемся да правіла.
Запомніце! У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на –мя пры дапамозе суфіксаў
–енн-
(–янн-),
пішуцца дзве літары н. Выключэнне: полымя – палымяны [3, стар. 115, “Беларуская мова”].
Вырашэнне праблемнай
сітуацыі.
Пішам: племянны.
Назавіце слова.
Пішам без памылак:
Палымяны, цемянны,
Іменны, насенны
І
… (племянны).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце правапіс суфіксаў у прыметніках “палымяны”, “іменны”,
“цемянны” і “племянны”.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Як пішам:
агонь – вогненны ці вогнены?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Чытаем правіла і разважаем.
Запомніце! У прыметніках з суфіксамі –енн- (–энн-), утвораных ад
розных часцін мовы, пішуцца дзве літары н
[3, стар. 115, “Беларуская мова”].
Прыметнік вогненны ўтворана ад
назоўніка агонь пры дапамозе суфікса –енн-.
Вырашэнне праблемнай
сітуацыі.
Пішам: вогненны.
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Погляд задуменны,
Асілак здаравенны,
Закон … (свяшчэнны).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце правапіс суфіксаў у прыметніках.
Працуем са спалучэннямі слоў.
• Са словам
“страшэнны” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• Што вам
вядома пра напісанне слова “страшэнны”?
Для даведкі: страшэнны выбух – страшэнны ўчынак.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні
літар енн, янн, потым напішыце беларускае слова
“сейбіт” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Як пішам:
салома – саламяны ці саламянны?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Чытаем правіла і разважаем.
Запомніце! З адной літарай н пішуцца прыметнікі, утвораныя пры
дапамозе суфіксаў –н, –ан-,–ян-, -ін-,
-ын-
[4, стар. 160, “Беларуская мова”].
Прыметнік саламяны мае суфікс –ян-.
[3,
стар. 115, “Беларуская мова”]
Вырашэнне праблемнай
сітуацыі.
Пішам: саламяны.
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Крык грачыны,
След звярыны,
Свіст
… (салаўіны).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце правапіс суфіксаў у прыметніках.
Скорагаворка.
У
мухі домік драўляны, а ў коніка -- цагляны (Аляксей
Якімовіч).
• Якая
арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
Не дае ёй пагуляць
Тварык
заклапочаны
Піск камарыны.
У малой Марыны.
Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.
• Знайдзіце
ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “вельмі слаба харчавацца, есці
тое, што трапляецца выпадкова”.
Скардзіцца сава,
Лятаючы уначы:
-- Цяжка мне. Сяджу
… .
• Назавіце ў вершаваным тэксце
слова з вывучанай арфаграмай. Растлумачце яе правапіс.
Словы фразеалагізма,
напісаныя наадварот: ан мыні’барев ычрах [1, стар.
184, “Фразеалагічны слоўнік”].
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
Ночы, асеннія, у, бяссонныя,
выдаліся, Сямёна. (У Сямёна асеннія ночы
выдаліся бяссонныя.)
• Растлумачце
правапіс выдзеленых літар.
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар.
Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
А авадні, як рой
пчалі..ы,
Сляпіцай лезуць да скаціны,
Гудуць драпежна, тнуць балюча,
Бы крапіва тая п(я, е)куча,
Дыхнуць каровам не даюць.
Каровы злосны(е, я) бягуць,
Адна другую б’юць рагамі
І
толькі тухкаюць нагамі [2, стар. 12, “Паэмы Я. Коласа”].
• Якім
словам можна замяніць слова “скаціна”? (Жывёла.)
• Растлумачце правапіс прыметніка
пчаліны.
Адказы
на пытанні.
• Якія прыметнікі пішуцца з дзвюма літарамі н?
• Якія
прыметнікі пішуцца з адной літарай н?
Тэст.
• Назавіце
словы з адной літарай н у прыметніках.
1. Бляша..ы.
2. Кухо..ы.
3. Шкля..ы.
4. Жураўлі..ы.
5. Ако..ы.
6. Люстра..ы.
7. Насце..ы.
Адказ: 1, 3, 4, 6.
Выкарыстаная
літаратура
1. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
2. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
3. Малажай, Г. М. і
інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. /
Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996.
-- 238 с., [4] л. іл.: іл.
4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў
агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т
адукацыі, 2020. -- 240 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, верасень 2021 года, № 9.