Аляксей Якімовіч
Бярозавай кашы з’есці
Мастацкая гіпотэза
Побач з вёскай Баравікі
стаяў маёнтак, у якім жыў нядобры пан. Часта крыўдзіў ён баравікоўцаў. Вясною
забраў сенажаць, якая падыходзіла да вёскі. Заявіў, што яна яго, нават
дакументы з суда паказаў.
Пану заўжды мала.
Для людзей ён воўк.
З краінаў заморскіх
Прывозяць яму шоўк.
Сабраліся сяляне на
сход, каб вырашыць, як ім жыць, што далей рабіць.
-- Да галечы давядзе
нас пан. Неўзабаве ў рабства забярэ, сваімі прыгоннымі паробіць, -- выказаўся
чорнавусы Змітрок.
-- Паробіць! –
падтрымаў яго сусед Максім. – Суд на яго баку.
Як у вуллі, загудзеў
незадаволены натоўп.
-- Паслухайце, людзі! –
азваўся стары Сцяпан.
Баравікоўцы сцішыліся,
замоўклі. Яны ведалі, што Сцяпан можа даць разумную параду.
Сцяпан пагладзіў сівую
бараду, якая спускалася ажно на грудзі.
-- Бярозавай кашай пана
трэба пачаставаць.
Змітрок галавою
страсянуў. Не зразумеў ён аднавяскоўца.
-- Якою бярозаваю
кашаю?
Сцяпан прыўзняў гнуткі
бярозавы дубец, які знарок прынёс з сабою.
-- А вось такою!
-- Дзядзька Сцяпан,
дубцамі хочаш пахвастаць яго? – дайшло да Змітрака.
-- Гнуткімі дубцамі.
-- Так ён нам і дасца!
– пакруціў галавою Змітрок. Ён ведаў, што да пана не падступішся. Гайдукі яго
акружаюць, берагуць, у крыўду не даюць.
-- Мы па-іншаму зробім,
-- усміхнуўся Сцяпан і расказаў аднавяскоўцам пра сваю задуму.
На другі дзень Змітрок
і Максім (іх паслала грамада) прыйшлі да пана.
Пан сядзеў ва ўтульнай
альтанцы. Ён браў з вялікай місы кавалкі смажанага індыка і ўплятаў іх.
Непадалёку стаялі і каўталі слінкі гайдукі з крывымі шаблямі, з бізунамі.
Пан скрыва паглядзеў на
Змітрака і Максіма.
-- Будзеце прасіць, каб
сенажаць вам аддаў?
“А каб ты папярхнуўся!”
– пажадаў пану Змітрок і пачаў:
-- Паночак, вельмі
хочам, каб аддаў!
-- Але не за так, --
дадаў Максім.
Пан пагладзіў сябе па
тоўстым жываце.
-- Хочаце выкупіць?
Змітрок пераступіў з
нагі на нагу.
-- За бярозавую кашу.
Пан, як вуж, пакруціў
галавою.
-- Што-о?..
-- Вы нам – сенажаць, а
мы вам – бярозавую кашу, -- стаў тлумачыць Максім.
Пан вылупіў вочы і
закашляўся. “Усё-ткі папярхнуўся, -- адзначыў Змітрок. – Дайшло да яго маё
пажаданне”.
-- Якую бярозавую кашу
вы хочаце мне паднесці?
-- Прыедзеце ў вёску –
пабачыце, -- сказаў Змітрок.
А Максім пахваліўся:
-- Такая каша толькі ў
нас ёсць. Нідзе яе няма. Абмяняем на сенажаць.
-- Ад такой кашы жывот
падрастае? – зацікавіўся пан.
Раней паноў на жываты
мерылі. Самым важным лічыўся той пан, у якога жывот быў найбольшы.
-- Яшчэ як падрастае! –
прыцмокнуў языком Змітрок, каб паказаць пану, што вялікую карысць прынясе яму
бярозавая каша.
-- Прыязджайце заўтра
раніцай у вёску. Там і дамовімся, -- прапанаваў Змітрок.
-- З дакументам, у якім
напісана, што сенажаць наша, -- удакладніў Максім.
Змітрок і Максім
павярнуліся і накіраваліся ў Баравікі.
На заўтра разам з
гайдукамі ў прыгожай карэце пан прыехаў у вёску. Людзі ўжо сабраліся, чакаюць
яго.
Вылез пан з карэты,
дакументам трасе.
-- Вось дакумент! А дзе
бярозавая каша?
-- Можна прачытаць? –
падаў голас Змітрок. Ён быў самы граматны ў вёсцы: умеў не толькі чытаць, але і
пісаць.
Пан працягнуў Змітраку
дакумент.
-- Бяры, селянін!
Змітрок узяў дакумент,
прачытаў, не спяшаючыся.
-- Правільна напісана?
– пацікавіўся Максім.
-- Правільна, як трэба,
-- сказаў Змітрок і непрыкметна дакумент сыну працягнуў. А той узяў яго, схаваў
пад світку і дамоў пакрочыў.
-- Дзе бярозавая каша?
– зыркнуў вачыма пан.
Змітрок абвёў позіркам
аднавяскоўцаў.
-- Пачастуем пана
бярозавай кашай? Няхай з’есць?
Разам гукнулі
баравікоўцы:
-- Пачастуем! Няхай
з’есць!
Наперад выступіў дзед
Сцяпан. У абедзвюх руках ён трымаў пук толькі што нарэзаных бярозавых дубцоў.
-- Вось наша бярозавая
каша! Знімай кашулю і нагавіцы.
Пан вылупіў вочы.
-- Вы мяне будзеце
біць?
-- Частаваць, --
прамовіў Сцяпан.
-- Дзе мой дакумент? –
вызверыўся пан. Ён вырашыў забраць дакумент у баравікоўцаў, здагадаўся, што
падманулі яны яго.
-- Пан, мы з табою
дамовіліся! – напомніў Змітрок. – Трымай сваё слова.
Пан вылаяўся, сеў у
карэту і пакаціў.
Ад кашы бярозавай
Адмовіўся пан.
Правучыў яго
Дзядуля Сцяпан.
З таго дня мы,
беларусы, сталі ўжываць выраз бярозавай
кашы з’есці. “Быць пакараным дубцамі,
розгамі”, -- вось што азначае ён.
Змешчана ў кнізе “Нязваныя
госці”, выдадзенай у выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная
аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. –
Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.