Аляксей Якімовіч
ЖЫЎ-БЫЎ БАЙ
Казачныя
гісторыі
Аўтар кнігі – беларускі
празаік, драматург і навуковец Аляксей Мікалаевіч Якімовіч. Ён прапануе вам
свае новыя казкі. Яны складаюцца з розных гісторый, якія адбываюцца з іх
героямі. Гэтыя гісторыі не толькі цікавыя, займальныя і запамінальныя, але і
выхаваўчыя. Аўтар спадзяецца, што той, хто прачытае іх, стане разумнейшы і
дабрэйшы.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Нідзе не друкаваліся.
Певень Пеця і гусак Гук
Сем гісторый
Рабенькі певень (гісторыя першая)
Гаспадыня купіла на рынку
рабенькага пеўня. У вялікім кашы прывезла яго дамоў і выпусціла на падворку,
сказаўшы:
-- Гуляй, пеўнік.
Певень пайшоў па падворку,
накульгваючы на правую лапу.
Першымі пеўня заўважылі
куры. Сабраліся каля яго, абступілі, глядзяць, як на дзіва.
-- Ты адкуль прыехаў? –
пацікавілася Чубатка.
-- З горада. На рынку быў,
прадавалі там мяне, -- важна заявіў певень.
-- Выходзіць, прадалі? –
усклікнула курачка Нясушка.
-- Ваша Гаспадыня купіла,
спадабаўся я ёй, -- паведаміў певень і, страсянуўшы галавою, хацеў
закукарэкаць, але перадумаў. “Невядома, ці спадабаецца гэта жыхарам падворка”,
-- прабегла ў яго ў галаве. На гэтым падворку, заўважыў ён, жылі не толькі
куры, але і гусі, і рыжы калматы сабака Шарык. Ён ляжаў каля буды і пазіраў на
пеўня. А непадалёку стаялі гусі. Сярод іх узвышаўся беласнежны гусак Гук.
-- Як зваць вас, шаноўны? –
усклікнула Нясушка. Ёй вельмі хацелася пасябраваць з пеўнем. “Вось каб на нашым
падворку з’явіўся незвычайны прынц! Мы з ім пасябравалі б, цэлымі днямі па
падворку гулялі б”, -- не раз і не два думала яна. І цяпер ёй здалося, што гэты
рабенькі певень – незвычайны прынц.
-- Пецем, -- адказаў певень
і нахіліў галаву, пакланіўшыся Нясушцы.
-- Ён выхаваны і вельмі
прыгожы! – у захапленні ўсклікнула Нясушка. “Нарэшце прыехаў, з’явіўся мой
прынц”, -- прамільгнула ў яе галаве.
-- Не надакучай Пецю. Яму
пасля дарогі трэба адпачыць, -- сказала Чубатка і адштурхнула Нясушку.
Крыўдна стала Нясушцы. Слёзы
выступілі на яе вачах, але яна хуценька змахнула іх крылом: не хацела, каб
бачыў Пеця. “Ён вырашыць, што я вялікая плакса”, -- падумала яна.
“Сапраўды, пасля дарогі мне
трэба адпачыць. Пасля дарогі я вельмі стаміўся”, -- разважыў Певень і,
накульгваючы, накіраваўся да плота, каб прылегчы пад кучаравай вішанькай і
паспаць у цяньку.
-- Ён непрыгожы! Ён
кульгавы! -- выгукнуў гусак Гук.
Дружна загагаталі гусі,
падтрымліваючы гусака.
“І праўда, кульгавы. А я
адразу не заўважыла!” – падумала Нясушка і сцялася, быццам хтосьці нечакана
моцна накрычаў на яе.
-- Я не кульгавы. Я ў
кошыку сюды доўга ехаў. Мая правая лапка
забалела, сцерпла, -- паведаміў Пеця.
Нясушка падбегла да гусака і
гукнула, каб добра пачуў ён:
-- Пеця не кульгавы! У яго
правая лапка нядаўна забалела.
-- Не верыцца чамусьці, --
прагаварыў Гук.
-- Ты ў цесным кошыку ніколі
не ехаў. Таму і не верыш, -- заўважыла Нясушка.
Гусак не любіў размаўляць з
курамі. Ён моўчкі павярнуўся і пайшоў на лужок, які распасціраўся за хлявом. За
ім лацужком, быццам прывязаныя, пацягнуліся гусі.
“Я з ім неўзабаве
паспрачаюся”, -- паглядзеўшы ўслед Гуку, падумаў Пеця.
Спрэчка з гусаком (гісторыя другая)
Певень як у ваду глядзеў.
Аднаго дня ён сапраўды паспрачаўся з гусаком. Гусак распачаў спрэчку.
-- Я тут самы галоўны! -- заявіў Пецю.
Куры, якія гулялі
непадалёку, як адна, павярнуліся і сталі насцярожана глядзець на Пецю і Гука.
А Пеця не спалохаўся гусака.
Ужо цэлы тыдзень ён жыў на падворку Гаспадыні, прывык да яго, асвоіўся.
-- Чаму ты тут самы галоўны?
– запытаўся.
-- Га-га-га!.. Га-га-га!...
– сварачыся, закрычаў Гук. Ён заўсёды лічыў сябе самым галоўным на падворку,
хоць і не казаў пра гэта нікому.
Пачуўшы крык гусака, з-за
хлява прыбеглі гусі. Пасталі чародкай, пазіраюць, чакаюць, чым спрэчка
закончыцца.
З буды, пацягваючыся, вылез
Шарык. Разбудзілі яго певень і гусак.
-- Ужо накрычаўся? –
звярнуўся да Гука Пеця. – Дык я пайду.
-- Ах! – разам закрычалі
куры. Спадабалася ім, як адказаў певень.
А гусі са злосцю глядзяць на
Пецю. Здаецца, вось-вось усе разам накінуцца на яго.
-- Папрасі прабачэння! –
сыкнуў гусак.
-- У каго? – вырвалася ў
Пеці.
-- У мяне, канешне, --
пачулася ў адказ.
“Калі б я быў вінаваты перад
табою, то абавязкова гучна, каб усе пачулі, сказаў бы “прабач”, -- падумаў
певень і пакруціў галавою.
Гук неспадзявана штурхнуў
пеўня. Калі б не Чубатка і Нясушка, то ўпаў бы Пеця. Яны падскочылі і
падтрымалі яго.
Радуючыся, на ўвесь двор
загагаталі гусі.
-- Атрымаў? – зноў сыкнуў
гусак і выцягнуў шыю, намерваючыся балюча ўшчыпнуць Пецю.
Як перад боем, певень
кіпцюрамі драпануў зямлю.
“Не на жарты яны разышліся!”
– падумаў Шарык і забрахаў, быццам у пустую бочку забарабаніў.
Гук падняў галаву і зірнуў
на Шарыка.
-- Ты хочаш, каб супакоіліся
мы?
-- Вельмі хачу, -- сказаў
Шарык.
-- Я ўжо супакоіўся, --
усміхнуўся Шарыку Гук.
-- Я таксама супакоіўся, --
прамовіў Пеця і з павагай паглядзеў на Шарыка. Ён зразумеў, хто галоўны на
падворку.
Не пакінуў у бядзе (гісторыя трэцяя)
Цёплым летнім днём певень і
гусак гулялі на падворку.
-- Які прыгожы наш Пеця! –
выказала захапленне Нясушка.
-- Ваш Пеця прыгожы, а наш
Гук яшчэ прыгажэйшы, -- не сцярпела гусь Чырвоная Лапка. Калі б у яе раптам
запыталіся, хто самы прыгожы на свеце, то яна, не задумваючыся, адказала б:
“Самы прыгожы на свеце гусак Гук”.
-- Так, я самы прыгожы. Я
падобны на белыя кучаравыя хмаркі, якія сёння плывуць па небе!-- загагатаў Гук
і непрыкметна, каб не бачыў Шарык, крылом штурхнуў Пецю.
Пеця стаў насупраць Гука і
кіўнуў галавою, паказаўшы ўгору.
-- А хмаркі цяпер шэрыя!
-- Гук шэры, як сённяшнія
хмаркі! – на ўвесь падворак закрычала Нясушка.
-- Ён ад страху пашарэў, --
дадала Чубатка.
Гук вырашыў не звязвацца з
Чубаткай і Нясушкай, бо ведаў, што не супакояцца яны, на ўвесь падворак
раскрычацца. Ён зірнуў угору і ледзь не папярхнуўся. Сапраўды, па небе плылі
кучаравыя шэрыя хмаркі. А зусім нядаўна яны былі белыя, як вата.
-- Усе хмаркі шэрыя. Хіба не
так? -- прагаварыў Пеця, страсянуўшы чырвоным грэбенем. Быццам незвычайная карона, узвышаўся ён у яго
на галаве.
-- Шэрыя, -- мусіў
пагадзіцца Гук. Ён так і не зразумеў, чаму белыя хмаркі раптам сталі шэрыя,
можна сказаць, на вачах памянялі свой колер.
-- Шаноўныя, перад дажджом
хмаркі заўсёды становяцца шэрыя, -- высунуўшыся з утульнай буды, падказаў
Шарык.
-- Ты ўпэўнены? – запытаўся
ў сабакі Гук.
Шарык шырока адкрыў рот і
пазяхнуў.
-- Неўзабаве яны пачарнеюць,
і пачнецца навальніца, дождж ліне. Перад дажджом мяне заўжды на сон цягне.
-- У хлевушок трэба хавацца!
– закудахтала Чубатка.
-- Пеця, вядзі нас у
хлевушок, -- папрасіла Нясушка.
– А я не баюся дажджу.
Га-га-га… -- загагатаў Гук.
-- Гэтыя шэрыя хмаркі могуць
прынесці не толькі дождж, але і бліскавіцы з грымотамі, – папярэдзіў Шарык. –
Калі застанешся на падворку, аглушаць і аслепяць яны цябе.
Як і ўсе жыхары падворка,
гусак баяўся бліскавіцаў і грымотаў, але цяпер не паказаў страху.
-- Магчыма, пранясе
бліскавіцы з грымотамі, пашкадуюць яны нас.
-- Не люблю два разы
паўтараць адно і тое ж, -- прабурчаў Шарык і схаваўся ў буду.
“Вух!” – неспадзявана
грымнула над галавою.
Чырвоная лента бліскавіцы
змяёю прабеглася па небе.
-- Бяжыце ў хлевушок! – не
толькі да курэй, але і да гусей звярнуўся Пеця.
Куры і гусі не сталі чакаць.
Панесліся ў адчыненыя дзверы хлевушка. Пеця – за імі! Буйныя кроплі дажджу
забарабанілі па яго спіне.
Перад самым хлевушком певень
азірнуўся і ўбачыў гусака. Як бездапаможны, ён ляжаў пасярод падворка.
-- Што здарылася з табою,
Гук? – усклікнуў Пеця.
Гук прыўстаў і паскардзіўся:
-- Бег і лапку падвярнуў, не
магу ісці!
“Вух!” – зноў грымнуў гром,
страсянуўшы наваколле.
Пеця прысеў ад неспадзеўкі.
Побач жаданы хлевушок. Там добра, ніякі гром там не дастане…
-- Моцна баліць лапка! Ой! --
данёсся да Пеці жаласны голас Гука.
-- Зараз дапамагу табе… --
сказаў Пеця.
У гэты момант да Гука падбег
Шарык і, схапіўшы яго, панёс у буду.
“Шарык не пакінуў Гука ў
бядзе. Малайчына ён”, -- падумаў Пеця і ўскочыў у хлевушок.
Разумная парада (гісторыя чацвёртая)
Назаўтра Гук хадзіў па
падворку з перавязанай лапай. Белай анучкай Гаспадыня перавязала яму яе, калі
ўбачыла, што ляжыць каля сабачай буды ледзь жывы.
Гусі доўга гагаталі,
дзякавалі Гаспадыні.
-- Шарык мне дапамог, у
цёплую буду зацягнуў, а ты ў хлевушок уцёк, аднаго мяне на дварэ пакінуў. Можна
сказаць, параненага, -- сустрэўшыся з
Пецем, выгаварыў Гук.
-- Я хацеў табе дапамагчы,
але не паспеў: Шарык стралою з буды вылецеў, -- пачаў апраўдвацца Пеця. Неяк не
па сабе яму стала. Здалося, што халодным вецярком павеяла.
-- Шарык стралою вылецеў.
Што праўда, то праўда, -- пагадзіўся гусак.
-- Я спыніўся перад
хлевушком, не стаў уцякаць ад дажджу, -- напомніў певень. “Як жа мне даказаць
Гуку, што хацеў дапамагчы яму?” – падумаў ён.
-- Ты хацеў дапамагчы мне? –
быццам адгадаў думкі Пеці Гук. -- Не хлусіш?
-- Празду кажу, а ты не
верыш! – з крыўдай прагаварыў Пеця.
-- Я табе абавязкова дапамог
бы, калі б з табою здарылася такая бяда, -- прамовіў Гук і, развёўшы крылы, з
сумам дадаў: -- Што цяпер рабіць, не ведаю. Цяпер нават на лужок не магу
схадзіць.
-- Сумна табе? – здагадаўся
Пеця.
Гук цяжка ўздыхнуў.
-- Яшчэ як сумна! Не ведаю,
чым заняцца.
-- А ты ляжы і спявай,
настрой сабе паднімай, -- параіў певень. – Я кожны дзень спяваю, горлачка
прачышчаю, а заадно і вас буджу.
-- Цэлы дзень ляжаць і
спяваць? Не! – закруціў галавою Гук. – Ахрыпну ад песень!
“Што ж яму параіць, каб не
сумаваў? Што ж прыдумаць?” – падумаў Пеця
і цяжка ўздыхнуў. Горка-горка стала яму.
-- Не хочаш спяваць? Тады
сядзі ў цяньку і вершы складай, -- звярнулася да Гука Нясушка. Яна даўно
ўважліва прыслухоўвалася да размовы пеўня і гусака.
-- Хочаш, каб ён стаў
паэтам? – скоса паглядзела на Нясушку Чырвоная Лапка.
-- Яшчэ як хачу! –
прызналася Нясушка. “Вось каб хто-небудзь у нас стаў паэтам! На ўсю вуліцу
праславіў бы ён наш падворак. Да нас розныя госці прыходзілі б, дзвіліся б на
нас”, -- не раз і не два думала яна, седзячы ў хлевушку.
-- Я не хачу, каб Гук стаў
паэтам, -- запярэчыла Чырвоная Лапка. – Ад вершаў у яго галава забаліць.
-- Ён толькі днём вершы
будзе складаць, а ноччу ў хлевушку будзе адпачываць, новых сіл набірацца, --
нясмела прагаварыла Нясушка.
-- Я не хачу!.. – зноў
пачала Чырвоная Лапка.
-- А я хачу складаць вершы,
хачу стаць вялікім паэтам, -- неспадзявана перапыніў Нясушку Гук.
-- Няхай твае вершы,
шаноўны, радасць нам прыносяць! – шчыра пажадаў Гуку Пеця.
Першы верш гусака Гука (гісторыя пятая)
Гук лёг пад кучаравай
вішанькай і паклаў дзюбу на зямлю.
-- Ён думае, верш складае! –
прашаптала Нясушка.
Чубатка з сілаю пацягнула
Нясушку за хвост.
-- Цішэй ты!
-- Не перашкаджай Гуку
думаць! – падтрымала Нясушку Чырвоная Лапка.
А Гук ляжаў пад вішанькай і
чакаў, калі ў галаве з’явіцца паэтычная думка. “Для таго, каб стаць вялікім, знакамітым
паэтам, патрэбен час. Час працуе на мяне”, -- думаў ён.
-- Гук, ты прыдумаў
што-небудзь? – не вытрываў Пеця.
Гусак падняў галаву і
паведаміў:
-- Здаецца, прыдумаў.
Ціха-ціха стала на падворку.
Усе з нецярпеннем чакалі, калі гусак прачытае свой першы верш.
-- Слухаем цябе, Гук! – не
сцярпела Нясушка.
Гусак уцягнуў у грудзі
паветра, потым з сілаю выдыхнуў яго і прамовіў:
Сонца промні пасылае,
Цеплынёю нас вітае.
-- Як вітае? – вырвалася ў
Нясушкі. Ёй здалося, што не расслухала апошніх слоў.
-- Цеплынёю нас вітае! –
прагаварыла Чырвоная Лапка і заўсміхалася. Вельмі спадабаўся ёй верш гусака.
-- Брава! Брава! – закрычала
Нясушка. Ёй таксама спадабаўся гэты верш.
Гук прыўстаў і зірнуў на
пеўня.
-- А што скажа Пеця?
-- Мне здаецца, твой верш
кароценькі, -- сказаў Пеця.
-- Непрыгожы? Не падабаецца?
– буркнуў Гук. “Можа, дарма я за гэтую справу ўзяўся? Можа, не трэба мне вершы
складаць?” – падумалася яму.
-- Верш нам падабаецца, але
ён надта кароценькі, -- вырашыла заступіцца за Пецю Чубатка.
-- Я яго ўсю раніцу як песню
буду спяваць, -- нарэшце знайшоў патрэбныя словы Пеця. “Яны супакояць Гука,
паднімуць яму настрой”, -- падумаў ён.
Пеця не памыліўся. Гук
усміхнуўся і сказаў:
-- Яшчэ два радкі можна
скласці. Зараз паляжу і падумаю.
На падворку зноў стала
ціха-ціха.
Прайшло хвілін пяць, не
меней.
Нарэшце Гук паварушыўся.
-- Ты ўжо прыдумаў? –
пацікавілася ў Гука Чырвоная Лапка.
-- Прыдумаў! – пахваліўся
Гук і прагаварыў:
Сонца
будзем праслаўляць:
Вершы добрыя складаць.
-- Цудоўна! – усклікнула
Нясушка.
“Я паэт, я сапраўдны паэт.
Першы паэт на нашым утульным падворку”, -- з гонарам падумаў пра сябе Гук.
Важнае паведамленне (гісторыя шостая)
“Гаў, гаў, гаў…” – забрахаў
каля буды Шарык.
Насельнікі падворка, як
адзін, павярнуліся да Шарыка. Яны зразумелі, што ён нешта важнае хоча
паведаміць.
-- Сёння вечарам на лужку
праводзіцца спартыўнае спаборніцтва. Забыліся? – сказаў Шарык.
-- Дзякуй, што напомніў нам,
-- падзякаваў сабаку Гук.
-- Няма за што дзякаваць, --
адказаў Шарык. – Такая мая служба: ахоўваць і напамінаць тым, хто забываецца.
-- Якое спартыўнае
спаборніцтва праводзіцца на нашым лужку? – запытаўся ў Гука Пеця. Упершыню
пачуў ён пра спартыўнае спаборніцтва.
Гусак цяжка ўздыхнуў.
-- Спаборніцтва па бегу на
сто метраў. Кожны месяц яно праводзіцца. Сёння вечарам з усіх суседніх
падворкаў збяруцца спартсмены.
-- Гонар нашага падворка
звычайна абараняў Гук, -- прамовіла Чырвоная Лапка і пагладзіла Гука па галаве.
Яна ведала, што ён моцна перажывае.
-- Так, раней я абараняў
гонар нашага падворка. А цяпер!.. – зноў цяжка ўздыхнуў Гук. “З балючай лапкай
я цяпер і пяць метраў не прабягу”, -- з
горкасцю падумаў ён.
-- Я сёння мог бы выступіць,
я някепскі бягун, але на ланцугу прывязаны. Вось які тоўсты ланцуг у мяне! –
сказаў Шарык і страсянуў галавою, каб паказаць сваім суседзям, на якім тоўстым
ланцугу трымае яго Гаспадыня. Яна ні на хвіліну не адпускала яго, лічыла, што
днём і ноччу павінен ахоўваць падворак.
-- Пеця, можа, ты сёння
выступіш, абароніш гонар нашага падворка? – падаў голас Гук.
Пеця ўздрыгнуў. Не чакаў ён
гэткай прапановы.
-- Я?
Гусак кіўнуў галавою.
-- Сто метраў нялёгка
прабегчы, -- прамовіў Пеця.
-- Пабаяўся! Певень
называецца! – з пагардай прагаварыла Чырвоная Лапка.
-- Пеця, дакажы ім, што ты
не баязлівец, што нездарма чырвоную карону носіш! – не вытрывала Нясушка.
Баязліўцаў, ведала яна, не паважаюць, нават не вітаюцца з імі. А ёй хацелася,
каб Пецю не толькі куры, але і гусі паважалі.
-- Дакажы! – падтрымала
Нясушку Чубатка.
-- Не бойся, Пеця. Я цябе
патрэнірую, -- зноў уступіў у размову Гук.
“Зараз ён прымусіць мяне,
каб бегаў і скакаў да знямогі”, -- падумаў Пеця і паспрабаваў запярэчыць:
-- Але ж я ператамлюся,
спацею.
-- Вядро халоднай вады на
цябе вылью, каб не спацеў! – гучна засмяялася Чырвоная Лапка.
-- Га-га-га… – дружна
падхапілі за Чырвонай Лапкай іншыя гусі. Як адна, смяюцца, ківаюцца, аж да
зямлі прыгінаюцца.
-- Эх, ты, Пеця! –
папракнула Нясушка і ўсхліпнула.
-- Я выступлю, прабягу сто
метраў! Я абараню гонар нашага падворка! – заявіў Пеця. Няхай не думае Чырвоная
Лапка, што ён баязлівец. Ён з самага горада ў цесным кошыку ехаў, цярпеў, хоць
і няўтульна было.
-- Пеця, якое месца ты хочаш
заняць? – пацікавілася Чубатка.
-- Першае! -- адказаў Пеця.
-- Калі зоймеш першае месца,
я цябе ў новым вершы праслаўлю, -- паабяцаў пеўню Гук.
-- Калі пачнеш мяне
трэніраваць? – звярнуўся Пеця да Гука.
-- Цяпер пачну, --
усміхнуўся гусак. Павесялеў ён, калі Пеця сказаў, што гонар падворка абароніць.
“Калі даў сябе запрэгчы, то
і воз трэба вазіць”, -- падумаў Пеця і кіўнуў галавою.
-- Трэніруй, толькі не
перастарайся.
-- Не перастараюся. З мяне
някепскі трэнер можа выйсці, -- супакоіў Пецю Гук і скамандаваў: -- Да буды,
дзе Шарык сядзіць, хуценька бяжы”.
“Гаў-гаў-гаў…” – вітаючы
Пецю, забрахаў Шарык.
-- Бяжы! – выгукнула
Нясушка. Яна з нецярпеннем пераступала з нагі на нагу. Здавалася, вось-вось
разам з Пецем памчыцца.
“Сёння добра буду спаць,
ніводзін кепскі сон мне не прысніцца”, -- падумаў певень і пабег што ёсць сілы.
Вось і буда. Каля буды Шарык сядзіць. Язык высунуў і часта-часта дыхае. Можна
падумаць, што гэта не Пеця, а ён што ёсць сілы па падворку нясецца.
Певень павярнуўся і паімчаўся
назад, распушыўшы хвост. Распраміўшы крылы, воплескамі сустрэлі яго і куры, і
гусі.
“Ім спадабалася, як я
бегаю”, -- здагадаўся Пеця і пацікавіўся ў Гука:
-- Цяпер куды бегчы?
-- Потым скажу. Крыху
адпачні, -- усміхнуўся Гук.
З усёй сілы да фінішу (гісторыя сёмая)
Надвячоркам куры разам з
Пецем і гусі разам з Гукам адправіліся на лужок. Гука вяла Чырвоная Лапка.
-- Не стары, сам дайду, --
час ад часу бурчаў Гук. Вядома, яму хацелася важна крочыць уперадзе чарады
гусей. Хацелася, каб гусі ўсміхаліся, гледзячы на яго.
На лужку ўжо сабраліся і
гусі, і куры, і качкі з суседніх падворкаў, і нават індыкі.
-- Хто будзе ў нас суддзёю?
– запытаўся ў Гука Пеця.
-- Верабей Скок, -- адказаў
Гук.
Сапраўды, каля белай лініі,
якая абазначала старт, скакаў цёмна-шэры верабей.
-- Ён зусім маленькі! Магчыма, не заўважыць усіх, – выказаўся Пеця.
-- Маленькі, але
справядлівы. Падскокне, каб заўважыць, -- запярэчыў Гук.
А каля белай лініі ўжо
стаяць ўдзельнікі бегу з суседніх падворкаў: качар, шэры гусак, агністы певень
і індык.
-- Чамусьці сёння вы
затрымаліся, – паўшчуваў Гука верабей Скок.
-- Доўга трэніраваліся, --
растлумачыў Гук.
Верабей строга паглядзеў на
Гука.
-- Хто будзе абараняць гонар
вашага падворка?
-- Я! – адказаў Пеця і стаў
каля агністага пеўня.
-- Новенькі? – пацікавіўся
агністы певень.
-- Старэнькі, -- незычліва
прамовіў Пеця. Ён не хацеў траціць сілы на непатрэбныя размовы.
-- Увага! – папярэдзіў
удзельнікаў спаборніцтва верабей Скок.
“Зараз ён дасць каманду.
Трэба будзе бегчы”, -- падумаў певень і прыгнуўся.
-- Бягом! – пачуўся голас
вераб’я.
Пеця ірвануўся, спадзяваўся,
што адразу апярэдзіць усіх сваіх сапернікаў. Ды не тут тое было. Уперадзе
мільгае хвост агністага пеўня.
“Застаяўся я на старце” –
падумаў Гук і прыпусціўся хутчэй. Агністы певень таксама стаў бегчы хутчэй.
Быццам полымя, гарыць перад Гукам агністы хвост, слепіць.
А вакол гул, крыкі.
Хвалююцца балельшчыкі.
Трэба яшчэ хутчэй, яшчэ…
Зусім побач агністы хвост… Але ж дыханне займае, і ногі становяцца, бы
драўляныя…
-- Цярпі, Пеця! – данёсся да
пеўня зычны голас Гука.
“Я буду цярпець. Я павінен
цярпець. Я гонар цэлага падворка абараняю”, -- маланкаю пранеслася ў Пецевай
галаве.
Ён ірвануўся і… абагнаў
агністага пеўня. Ззаду застаўся агністы певень.
Вось і фініш. Непадалёку
стаіць Нясушка, штосьці крычыць, але Пеця не чуе яе, не прыслухоўваецца да
крыку. Яму трэба перасекчы чырвоную фінішную рысу.
Імгненне – і ён перасякае
яе, цяжка дыхае, спыніўшыся. Нясушка абнімае яго і смяецца. Радасць перапаўняе
Нясушку.
Тут як тут Чубатка.
-- Пеця, ты ў нас герой! –
пахваліла.
-- Сапраўдны герой! –
наблізіўшыся да Пеці, выказаў захапленне Гук.
-- Якое месца я заняў? –
запытаўся Пеця.
-- Першае. Я цябе ў вершы
праслаўлю. Верыш мне, Пеця? – прамовіў Гук.
-- Я веру табе, Гук, --
сказаў Пеця і ўсміхнуўся.
Прагная Аса
Сем гісторый
Гісторыя першая
На зялёным лужку пры дарозе
дружнай сямейкай раслі кветкі: Падарожнік, Цыкорый і Рамонак. Кожную раніцу
Пчол і Чмялёў яны сустракалі, смачным нектарам частавалі.
Неяк прыляцела на зялёны
лужок Аса. Прысела на лазовы кусцік, які рос непадалёку, і ўважліва паглядзела
на сяброў.
-- Любуешся намі? – заўважыў
Асу Цыкорый. Ён тут быў самы высокі.
-- Чаму вы ўсе каля дарогі
сабраліся? – не адказала, а запыталася Аса. -- Іншага месца сабе не маглі
знайсці?
-- Весялей каля дарогі, --
пачаў тлумачыць Цыкорый.
-- Па дарозе і звяры, і
людзі ходзяць, -- падхапіў Падарожнік.
-- Каля дарогі і птушкі
часцей пралятаюць, -- дадаў Рамонак.
“Хутка вы тут весела
зажывяце. Ды ад такой весялосці стане горка вам”, -- падумала Аса і
прагаварыла:
-- Я Аса. А вас як зваць?
-- Я Падарожнік, -- назваў
сябе Падарожнік.
-- Я Цыкорый, -- назваў сябе
Цыкорый.
-- А я Рамонак, -- адказаў
Рамонак.
-- Сябруеце з кім-небудзь? –
далей вядзе гаворку хітрая Аса.
-- З Пчалой і з Чмялём
сябруем, -- пахваліўся Цыкорый.
-- Рана-раненька яны да нас
прылятаюць, -- паведаміў Падарожнік.
-- Каб смачным нектарам
пачаставацца, -- прамовіў Рамонак.
Як перад палётам, Аса
прыўзняла крыльцы і прагудзела:
-- З заўтрашняга дня я
рана-раненька да вас буду прылятаць, а вы мяне салодкім нектарам будзеце
частаваць.
-- Калі ласка! – разам
усклікнулі Цыкорый, Падарожнік і Рамонак.
Аса падскочыла і паляцела.
-- Да пабачэння! – услед Асе
гукнулі Цыкорый, Падарожнік і Рамонак.
Гісторыя другая
З усходам сонца прыляцела
Аса на зялёны лужок. Ляціць, гудзіць, у адной лапцы вялікі бідончык для нектару
трымае.
-- Хто так гучна
гудзіць-трашчыць? – пазяхнуў Цыкорый. Ён толькі што прачнуўся.
-- Я гуджу, я трашчу! –
гучней загудзела Аса. – Нектарам мяне хутчэй частуйце!
-- Мы яшчэ не прачнуліся! –
падаў голас Падарожнік.
-- Халоднай расіцай яшчэ не
памыліся! – азваўся Рамонак.
-- Частуйце, частуйце,
частуйце!.. – як заведзеная, кружыцца і адно і тое ж паўтарае Аса.
-- Хоць крышку пачакай, --
папрасіў Асу Цыкорый.
-- Крышку пачакаю. А вы не
пазяхайце! Нектар рыхтуйце! – сказала Аса і страсянула бідончыкам.
Падарожнік працёр вочы і
ўсклікнуў:
-- Цэлы бідончык нектару
хочаш атрымаць?
-- Спадзяюся, што не
палянуецеся, напоўніце! – ухмыльнулася Аса. “Не адстану я ад вас, даражэнькія.
Кожны дзень з усходам сонца буду прылятаць і салодкі нектар забіраць”, --
падумала яна.
-- А Пчале што застанецца? –
прамовіў Цыкорый.
-- А Чмялю? – прагаварыў
Рамонак і апусціў кошычкі жаўтавата-зялёных кветачак. Адразу неяк сумна стала
яму. Так сумна бывае, калі нядобрае слова пачуеш у адказ на прывітанне.
-- Пчала і Чмель на іншы
лужок няхай ляцяць. Іншыя кветкі сабе няхай шукаюць, -- прабурчала Аса.
-- Не паслухаемся мы цябе! –
раптам усклікнуў Рамонак і падняў кошычкі жаўтавата-зялёных кветачак.
-- На горкі яблык саб’ю, а
потым падгрызу вас, няшчасныя! Зараз як дам! – замахнулася бідончыкам Аса.
-- Яна сапраўдная
разбойніца! – скалануўся Падарожнік. Сапраўдных разбойніц ён ніколі не бачыў,
але яму аднаго разу расказвала пра іх Пчала. “З разбойнікамі і разбойніцамі
лепей не сустракацца”, -- тады адзначыў ён пра сябе.
-- Саб’ю, знішчу, падгрызу!
– палохаючы, прагудзела Аса. На многіх яна любіла страх наганяць.
-- Не бойцеся яе! –
выклікнуў Цыкорый і махнуў блакітнымі кветкамі, стараючыся прагнаць Асу.
-- Я яе не баюся! – крыкнуў
Рамонак.
-- Я яе таксама не баюся, --
прашаптаў Падарожнік і сцяўся. Цяпер маленькім шарыкам, падобным на белы шарык
дзьмухаўца, яму хацелася стаць. А потым паляцець разам з ветрыкам далёка.
“Яны не такія баязлівыя, як
мне раней здавалася”, -- падумала Аса і, сеўшы на лазовы кусцік, заявіла:
-- Ёсць у мяне верны сябар,
паважаныя.
-- Які? – вырвалася ў
Падарожніка.
-- Чорны Жук.
-- Ну і што? – усміхнуўся
Цыкорый. Чорных жукоў ён не баяўся, з некаторымі часта размаўляў.
-- Мой Чорны Жук з востраю
касою! – прамовіла Аса. Быццам два яркія жоўтыя ліхтарыкі, загарэліся яе вочы.
-- Ён скосіць нас? –
уздрыгнуў Падарожнік.
-- Пад самыя карэньчыкі! –
зарагатала Аса.
-- Ты гэтага не зробіш, ты
не паклічаш Чорнага Жука! – сказаў Рамонак.
-- Чорны Жук!.. – на ўсю
сілу гукнула Аса.
Гісторыя трэцяя
Пачулася гудзенне. На
зялёным лужку паказаліся Пчала і Чмель. Нібыта два незвычайныя верталёцікі, яны
апусціліся на лазовы куст і прывіталіся з Асою. А яна не адказала, адвярнулася.
-- Добры дзень, суседка! –
мацней гукнуў Чмель. Ён вырашыў, што Аса яго не пачула.
І на гэты раз прамаўчала
Аса. “Нядобры будзе для вас сённяшні дзянёк”, -- зірнуўшы на Пчалу і Чмяля,
падумала яна.
“Цяпер у Асы няма настрою.
Магчыма, праз нейкі час ён з’явіцца ў яе”, -- падумаў Чмель і звярнуўся да
кветак:
-- Нектарам пачастуеце нас,
шаноўныя?
-- Пачаставалі б, калі б!..
– цяжка ўздыхнуў Падарожнік. Ён так і не даказаў да канца, не хацеў Асу ў
злосць уводзіць, новую сварку распачынаць.
--- Штосьці здарылася ў вас?
– занепакоіўся Чмель.
-- Нехта вас пакрыўдзіў? –
запыталася Пчала.
-- Ваша суседка Аса! --
паведаміў Цыкорый.
“Кветкі Асу нектарам
чамусьці не хочуць частаваць. Вось і сапсаваўся ў яе настрой”, -- падумаў Чмель
і прагаварыў, закалыхаўшыся на тонкай лазінцы:
-- Кветкі-краскі, пачастуйце
Асу нектарам, падніміце ёй настрой. Калі ласка!
-- Яна ўвесь наш нектар хоча
забраць! – усклікнуў Рамонак.
Чмель са здзіўленнем
паглядзеў на Асу.
-- Хачу, хачу! Увесь нектар
хачу забраць! – закрычала Аса.
-- Мы табе не дазволім, --
не сцярпела Пчала.
-- Чорны Жук мне дазволіць!
– ухмыльнулася Аса. Яна адчувала сябе ўпэўнена, ведала, што Чорны Жук яе не
падвядзе. Не любіў ён кветак. Мабыць, таму, што заўжды змрочны хадзіў.
-- Дзе Чорны Жук? –
прагаварыла Пчала. Як і Чмель, яна анічога не разумела.
-- Тут я! – пачуўся тоненькі
галасок, падобны да камарынага.
Пчала і Чмель азірнуліся і
ўбачылі каля кусціка Чорнага Жука з касою на плячы. Каса блішчэла на сонцы і
наганяла страх.
-- Ён скосіць нас, не
пашкадуе, калі ўвесь нектар Асе не аддадзім, -- паскардзіўся Пчале і Чмялю
Падарожнік.
Чорны Жук зняў з пляча касу
і зірнуў на Асу.
-- Касіць?
-- Мне страшна! – усхліпнуў
Падарожнік.
-- Ха-ха-ха-ха… -- зайшлася
ад смеху Аса. Збываецца яе жаданне. Спалохаўся Падарожнік. “Неўзабаве і Цыкорый
з Рамонкам горкімі слёзкамі зальюцца”, -- падумала яна.
-- Мы згодны, -- падаў голас
Чмель. – Няхай Аса забірае ўвесь нектар.
-- Няхай, -- кіўнула галавою
Пчала.
-- Са мною не паспрачаешся.
Прагная я. Вельмі прагная! -- развесялілася Аса.
Гісторыя чацвёртая
Прагная Аса напоўніла
бідончык нектарам і паляцела, задаволеная. А Чорны Жук на лужку застаўся. Каля
Цыкорыя, Рамонка і Падарожніка ходзіць з касою, як вартавы.
-- Будзем сядзець і глядзець на гэтага касца? – звярнулася да
Чмяля Пчала. Яна часта раілася з ім, бо Чмель на цэлых дзве хвіліны быў
старэйшы за яе.
-- Проста так мне не хочацца
сядзець, -- заварушыўся Чмель. Ён прывык дзейнічаць, у крыўду сябе не даваў.
-- І мне проста так не
хочацца сядзець, -- прызналася Пчала.
-- Касу ў яго трэба забраць
і схаваць, -- паўзіраўшыся на Чорнага Жука, прапанаваў Чмель.
-- А мы яе паднімем? –
занепакоілася Пчала. Яна ніколі вострую касу ў лапках не трымала, здалёку яе
аблятала.
-- Паднімем, калі
пастараемся, -- запэўніў сяброўку Чмель. – Ёсць у мяне сіла.
Пчала з павагай паглядзела
на Чмяля. Яго нават спрытныя павучкі баяцца, абабягаюць. Ратуючы камарыкаў, ён
некалькі разоў рваў іхнюю сетку-павуціну.
-- Усё шэпчуцца і шэпчуцца,
быццам змоўшчыкі. Дамоў ляціце, пакуль цэлыя! – наблізіўшыся да лазовага
кусціка, з пагрозаю прагаварыў Чорны Жук.
-- А ты не стаміўся ходзячы?
– запытаўся ў Чорнага Жука Чмель.
-- Яшчэ як стаміўся! – паскардзіўся Чорны Жук. – Лапкі
даўно баляць. А яшчэ ўсю ноч немаведама што снілася. Не выспаўся я.
-- Дык ляж і паспі пад
кусцікам, -- прапанавала Пчала. -- -- А мы пагудзім, песню табе паспяваем.
-- Напэўна, штосьці
задумалі, хочаце падмануць! – не паверыў Чорны Жук.
-- Прыляж і з расплюшчанымі
вачыма паслухай нашу песеньку, -- прапанаваў Чмель.
-- Паслухаю хвілінку. Можа,
засну. Можа, не засну, -- сказаў Чорны Жук
і лёг пад кусцікам, лапамі абхапіўшы касу за кассё.
-- Баю, баю, баю… --
загудзеў Чмель.
-- Сну табе жадаю, --
заспявала Пчала.
-- Няхай сябрам стане сон,
-- падхапіў Цыкорый.
-- Няхай добрым будзе ён, --
зацягнуў Рамонак.
-- Баю, баю, баю… -- не
сцярпеў, азваўся Падарожнік.
Чорны Жук заплюшчыў вочы і
захроп.
А Пчала, Чмель, Цыкорый,
Рамонак і Падарожнік разам заспявалі:
Баю, баю, баю…
Сну табе жадаю.
Няхай сябрам стане сон,
Няхай добрым будзе ён.
Гісторыя пятая
Спіць Чорны Жук, храпе на
ўвесь лужок, лапамі абхапіўшы касу.
Пчала і Чмель зляцелі з
кусціка лазы і апусціліся каля Чорнага Жука.
-- Як жа нам забраць яе? –
паказаўшы на касу, прагаварыла Пчала.
Чмель узяўся за кассё і
пацягнуў яго да сябе. Чорны Жук не адпусціў касу, мацней сціснуў.
-- Не аддае! – з горкасцю
прамовіў Чмель.
-- Сябры! – паклікаў
Цыкорый.
Пчала і Чмель павярнуліся да
Цыкорыя. Яны зразумелі: зараз нешта вельмі важнае скажа ён.
-- Сябры! – паўтарыў
Цыкорый. – Аднойчы лагодны Ветрык нам расказваў, што Чорны Жук вельмі моцна
баіцца навальніцы. Калі распачынаецца навальніца, усё кідае і бяжыць, у норку
хаваецца.
-- Я таксама чуў, як Ветрык
нам расказваў, -- успомніў Падарожнік.
-- Нам трэба напалохаць яго,
-- прашаптаў Рамонак. Яму не хацелася, каб цяпер прачнуўся Чорны Жук.
-- Як мы яго напалохаем? –
пацікавілася Пчала.
-- Вельмі проста. Усе разам
дружна крыкнем: “Навальніца!”
-- Чорны Жук касу кіне і ў
норку схаваецца? – не паверыў Падарожнік. Навальніцы ён не баяўся, любіў мыцца
пад цёплым летнім дожджыкам. Пасля навальніцы ў яго сіла прыбаўлялася і настрой
паднімаўся.
-- Абавязкова схаваецца! –
усклікнуў Рамонак. Спадабалася яму прапанова Чмяля.
-- Слухайце мяне! – вырашыў
узяць каманду на сябе Чмель.
-- Ужо слухаем, -- за ўсіх
адказаў Цыкорый.
-- Крыкнем, калі я за кассё
вазьмуся.
-- Хутчэй бярыся, сябар
Чмель! – не вытрываў Рамонак.
Чмель узяўся за кассё.
-- Навальніца!..
Навальніца!.. Навальніца!.. – тры разы прагучала, пранеслася па лужку, быццам
гром нябесны, неспадзяваны.
Чорны Жук усхапіўся і
панёсся, хаваючыся ў траве. Толькі яго і бачылі.
-- Што з касою будзем
рабіць? -- падняўшы касу, запытаўся ў
сяброў Чмель.
-- Яе трэба паламаць і ў
возеры ўтапіць, -- прапанаваў Падарожнік. Увесь гэты час ён са страхам глядзеў
на вострую касу.
-- Я не супраць, але трэба
прагаласаваць, -- прамовіў Рамонак. – Няхай большасць вырашае.
-- Так, мне здаецца, будзе
справядліва, -- падтрымаў Рамонка Цыкорый.
-- Паламаць? – у роздуме
прамовіў Чмель. – Што ж выходзіць? Такім чынам мы касу пакараем. А яна
невінаватая.
-- Так, -- падтакнула Пчала.
– Яна зусім невінаватая. Аса і Чорны Жук вінаватыя. Іх трэба пакараць.
Задумаліся Пчала, Чмель,
Цыкорый, Рамонак і Падарожнік. Не ведаюць, што з касой зрабіць.
-- Касу трэба падарыць, --
нарэшце выказалася Пчала.
-- Каму? – адразу запытаўся
Чмель.
-- Мне каса не патрэбна, --
сказаў Цыкорый.
-- І мне каса не патрэбна,
-- сказаў Рамонак.
-- Мне таксама каса не
патрэбна, -- сказаў Падарожнік.
-- Дзіўна выходзіць, --
паціснуў плячыма Чмель. – Нікому з нас каса не патрэбна!
-- Мне патрэбна! – данеслася
з вышыні.
Гісторыя шостая
Пчала, Чмель, Цыкорый,
Рамонак і Падарожнік зірнулі ўгару і ўбачылі бура-шэрага куліка. Ён ляцеў плаўна, час ад часу махаючы
крыламі, быццам па лёдзе слізгацеў.
-- Куды ляціш, кулік? – гукнуў Цыкорый. Ён даўно ведаў
гэту балотную птушку, якая жыла каля азярца, што знаходзілася непадалёку.
Кулік махнуў дзюбаю і апусціўся каля лазовага кусціка.
-- Кулон вялікі, мой добры
знаёмы, да нас прыляцеў, -- паказаўшы на
куліка, паведаміў Пчале і Чмялю Цыкорый.
-- Мне вельмі прыемна
пазнаёміцца з вамі, --- усміхнулася куліку Кулону Пчала.
-- Мне таксама прыемна
пазнаёміцца з вамі, -- звярнуўся да куліка Чмель.
Кулон махнуў доўгай,
загнутай уніз дзюбай і запытаўся:
-- Касіць сабраліся,
шаноўныя?
-- Не, -- засмяяўся Чмель. –
Гэта каса не наша.
-- А чыя? – далей вядзе
размову Кулон.
-- У Чорнага Жука яе
забралі. Ён нашых сяброў хацеў знішчыць,
скасіць, -- паказаўшы на Цыкорый, Рамонак і Падарожнік, паведаміла Пчала.
-- Так, так, -- пацвердзіў
Цыкорый.
-- Гэтая каса мая, --
нечакана заявіў кулік Кулон. – Я яе адразу пазнаў.
Чмель часта-часта заморгаў
вачыма.
-- Як жа твая каса ў Чорнага
Жука апынулася? Як трапіла да яго?
Высока паднімаючы доўгія
ногі, кулік прайшоўся каля кусціка і сказаў:
-- Чорны Жук папрасіў травы
накасіць. Паабяцаў, што хутка верне, прынясе.
-- І не прынёс? – выказала
здагадку Пчала.
-- Не прынёс, падмануў.
Трэці тыдзень лятаю, яго шукаю. А маё азярцо асакой зарастае, -- паскардзіўся
кулік Кулон.
-- Значыць, касою асаку на
возеры косіш? – хочацца ведаць Пчале.
Кулон зірнуў на Пчалу.
-- Калі б не касіў, то даўно
зарасло б яно.
Пчала з павагай паглядзела
на Кулона. Ёй падабаліся працавітыя птушкі.
-- Як жа косіш ты?
-- Бяру ў дзюбу касу і кашу.
Чмель паклаў касу на зямлю.
-- Бяры, калі твая. Мы не
супраць, шаноўны Кулон.
-- Добрыя вы. Парадавалі
мяне. Чым жа вас парадаваць? – прагаварыў кулік.
-- Некалькі песень ім
праспявай, -- параіў Цыкорый.
-- І мы твае песні
паслухаем, -- падтрымаў Цыкорыя Рамонак.
-- Нам твае песні вельмі
падабаюцца, -- паведаміў куліку Падарожнік.
Кулон павярнуўся да Пчалы і
Чмяля.
-- Тры песні я добра ведаю,
сам іх склаў.
-- З задаволеннем паслухаем,
-- сказала Пчала і развяла лапкамі, як бы запрашаючы Кулона заспяваць.
Кулон стаў на грудку,
выцягнуў шыю і старанна заспяваў: “Коур-лі, коур-лі, коур-лі…”. Далёка
панеслася жалобная песня куліка.
І Пчала, і Чмель, і Цыкорый,
і Рамонак, і Падарожнік застылі, задумаўшыся. Ім здалося, што развітваецца з
імі кулік.
-- Гэту песню я звычайна
спяваю перад адлётам на зімоўку, -- прамовіў Кулон і прапанаваў: -- Іншую
паслухайце.
-- Я ўжо слухаю, -- азвалася
Пчала. Як заварожаная, яна глядзела на Кулона. “Кулон не проста спявак, а
вялікі спявак”, -- падумала.
“Кру-іі, кру-іі-круіі…” – на
гэты раз сапраўды па-іншаму заспяваў кулік.
“І-і-і, і-і-і…” – прагучала
над лужком.
-- Вы вялікі малайчына, --
пахваліў Кулона Чмель. Яму хацелася папляскаць у ладкі, такім чынам прывітаць
куліка, але ён не ўмеў пляскаць у ладкі, як і Пчала, і Цыкорый, і Рамонак, і
Падарожнік. Яны ўсе з захапленнем глядзелі на куліка і прыязна ўсміхаліся яму.
-- Трэцяя песня самая
звонкая, -- паведаміў Кулон і заспяваў: -- Кві-кві-кві, кві-кві-кві…
-- Добра ў вас атрымалася,
быццам у салаўя, -- сказала Кулону Пчала.
Кулон усміхнуўся. Яму
падабалася, калі яго як спевака параўноўвалі з салаўём.
-- Добра, вельмі добра! –
выказаў захапленне Чмель.
-- Надвячоркам прылятайце да
мяне на азярцо. Пабачыце, як вострую асаку кашу, -- сказаў Кулон і, узяўшы ў
дзюбу касу, узмахнуў крыламі і паляцеў.
-- Абавязкова наведаю цябе,
Кулон! – прашаптаў Чмель. Яму сапраўды вельмі хацелася паглядзець, як кулік
косіць вострую асаку.
Гісторыя сёмая
Як з-пад зямлі, перад Пчалою
і Чмялём з’явіліся Аса і Чорны Жук.
-- Аддайце маю касу! –
закрычаў Чорны Жук. Ён аж пасінеў ад злосці.
-- Каса не твая! -- заявіў
Чмель.
-- А чыя? – падскочыў Чорны
Жук.
-- Кулона вялікага.
Чорны Жук, было відаць,
разгубіўся, заморгаў вочкамі.
-- А вы дакажыце, што каса
належыць Кулону. Хто гэта пацвердзіць? -- уступіла ў размову Аса.
-- Я магу пацвердзіць, --
падахвоцілася Пчала.
-- Не лічыцца! --
надзьмулася Аса. – Вы з Чмялём заадно, вы разам сюды прыляцелі.
Пчала і Чмель пераглянуліся.
І праўда, яны заадно, яны разам прыляцелі на зялёны лужок. Што ёсць, то ёсць.
-- Ніхто не зможа
пацвердзіць, што каса належыць Кулону! -- абвясціла Аса і яшчэ больш
надзьмулася, каб паказаць, што вельмі важная.
-- Значыць, заплаціце вы мне
за яе, -- ухмыльнуўся Чорны Жук.
-- І мне заплаціце. Усё
жыццё будзеце працаваць на мяне і на Чорнага Жука, -- сказала Аса. “Цяпер не
буду лятаць па нектар. Пчала і Чмель мне яго будуць прыносіць, а я буду ляжаць
і песенькі спяваць”, -- падумала яна.
-- Я зараз Кулона паклічу!
Няхай прыляціць і разбярэцца з вамі! – усклікнуў Цыкорый. Абурыла яго нахабства
Асы і Чорнага Жука.
-- Далекавата возера. Твой
крык Кулон не пачуе, -- заўважыла Аса.
-- Сябар Цыкорый, -- падаў
голас Рамонак, – мы ўдвух гукнем!
-- Усё роўна не пачуе, --
буркнула Аса.
-- Утраіх гукнем! – прамовіў
Падарожнік і распраміўся. Нарэшце адолеў ён свой страх.
-- Калі ўтраіх гукнуць, то
пачуе Кулон! – усклікнуў Чорны Жук і пабег, прыгнуўшыся. З куліком Кулонам яму
не хацелася сустракацца.
-- Уцёк! – паглядзеўшы ўслед
Чорнаму Жуку, прамовіла Аса. Слабой і бездапаможнай адчула яна сябе.
-- Што цяпер скажаш, паненка
Аса? – сярдзіта прагудзеў Чмель.
-- Я невінаватая. Чорны Жук
вінаваты. Ён хацеў скасіць прыгажуні-кветкі, -- лісліва прагаварыла Аса і
паляцела.
Жыў-быў Бай
Сем гісторый
Дружнае жыццё (гісторыя першая)
У прыгожым бярозавым ляску
жыў-быў дзед Бай. Вельмі любіў ён лясных жыхароў. І лясныя жыхары яго любілі,
паважалі, часта да сябе клікалі, запрашалі. Асабліва часта дзед Бай сустракаўся
з Зайцам, Барсуком і Вожыкам. Бывае, прыйдзе да іх у госці і пачынае размову:
Шмат па свеце пахадзіў,
Лапці новыя знасіў.
Змагу зацікавіць.
Баіць ці не баіць?
-- Баіць! – дружна крычаць
звяры.
-- Якую гісторыю на гэты раз
хочаце пачуць? – пытаецца ў звяроў Бай.
-- Раскажы нам пра месячык
ясны, як жыве ён, як на небе зімуе, -- просіць шэры Заяц. Калі ён ноччу глядзеў
на месяц, то яму здавалася, што сумна і адзінока месяцу на небе.
-- А потым раскажаш пра
зоркі, як яны гуляюць начамі, як у госці адна да адной ходзяць, -- звяртаецца
да дзеда Бая паласаты Барсук.
-- Дзядуля, пра сонца
раскажы, растлумач, чаму яно зімою цёплыя праменьчыкі да нас амаль не пасылае,
-- хочацца ведаць калючаму Вожыку.
Бай садзіцца на пянёк і расказвае і пра ясны месяц, і пра зоркі, і
пра сонца.
Затаіўшы дыханне, слухаюць
яго звяры.
А яшчэ дзед Бай любіў гуляць
са звярамі.
-- Мышка, мышка, дзе была? –
устаўшы з пянька, з такога пытання
звычайна распачынае гульню.
-- Была ў суседкі, --
адказваюць звяры. Маленькімі бездапаможнымі мышкамі ўяўляюць яны сябе ў гэты
час.
-- Што рабіла? – новае
пытанне задае дзед Бай.
-- Суп варыла, --
паведамляюць звяры.
-- А што далі? – цікавіцца
дзед Бай.
-- Піражок, -- гучыць у
адказ.
-- Куды паклала? –
усміхаецца дзед Бай і гладзіць доўгую сівую бараду.
-- У гаршчок, -- даюць адказ
звяры. Ім здаецца, што і сапраўды ў іх хаце ў гаршку ляжыць смачнны піражок.
-- Чым накрыла? – вымаўляе
дзед Бай.
-- Ручніком, -- паведамляюць
звяры.
-- А дзе падзела?
-- Ужо з’ела! – усклікаюць
звяры і разбягаюцца хто куды. А дзед Бай ходзіць за імі, стараецца знайсці,
злавіць.
Вось так праводзілі час у
прыгожым бярозавым ляску дзед Бай і звяры.
Лясун і Воўк (гісторыя другая)
Але не ўсім падабаўся дзед
Бай. Лясун яго неўзлюбіў.
Неяк паскардзіўся Лясун
Воўку, калі той завітаў да яго ў госці:
-- Як горкая рэдзька,
надакучыў мне дзед Бай. Цешыць лясных жыхароў, забаўляе. Яны мяне ўжо не
баяцца. А раней быццам асінавыя лісцікі дрыжалі, калі са сваёй бярлогі я
вылазіў.
-- І мне не падабаецца дзед
Бай, -- прызнаўся Воўк. – Непрыгожую песеньку
пра мяне прыдумаў і лясным жыхарам перад сном спявае.
-- Я, здаецца, ведаю яе, --
ухмыльнуўся Лясун.
Воўк шчоўкнуў вострымі
зубамі.
-- Ведаеш, запомніў?
-- “Зараз паспяваю яе табе,
каб яшчэ большай злосці ты набраўся”, -- пазіраючы на Воўка, падумаў Лясун і
прамовіў нараспеў:
Баю-баю-баю,
Табе паспяваю.
За ракою, дзе лясок,
Жыве шэранькі ваўчок.
-- Так яна пачынаецца, так!
-- панурыўся Воўк. Зусім прапаў у яго настрой. “Можа, павыць мне трошкі?” –
прабегла ў галаве спакуслівая думка.
Да яго ты не хадзі
І у хату не вядзі,
--
басам зацягнуў Лясун.
-- Хопіць, хопіць! – замахаў
лапамі Воўк.
А Лясун на злосць Воўку
далей спявае:
Ён з табой не
пасябруе.
Пасмяецца, пазбыткуе
-- Хопіць! – што ёсць сілы
закрычаў Воўк.
-- Супакойся, Воўча. Я ўжо закончыў спяваць, -- паведаміў Лясун.
Стаіць, усміхаецца. Рады, што Воўка да шаленства давёў.
-- Больш не спявай гэтую
непрыгожую песеньку, -- папрасіў Лесуна Воўк.
-- Крывіць цябе, калі
пачуеш?
-- Ад злосці крывіць, --
прызнаўся Воўк. – Не люблю, калі кепска кажуць ці спяваюць пра мяне.
Лясун паківаў вялікаю
кудлатаю галавою.
-- Я таксама не люблю, калі
кепска кажуць ці спяваюць пра мяне. Давай правучым дзеда Бая, пакараем яго.
-- Як пакараем? –
устрапянуўся Воўк. Ён не раз і не два хацеў пакараць дзеда Бая, пільнаваў яго,
стоячы за тоўстым дрэвам, але баяўся напасці: ведаў, што не адужае.
-- Трэба падумаць. Думай,
Воўча, -- прапанаваў Лясун.
-- Галава аблысее, калі
доўга буду думаць, -- буркнуў Воўк.
Лясун уважліва паглядзеў на
сябрука і запытаўся:
-- Не ведаеш, дзе цяпер
знаходзіцца дзед Бай?
Воўк страсянуў галавою,
адганяючы надакучлівых камароў.
-- Ад Сарокі чуў, што
неўзабаве да Вожыка пойдзе ў госці.
-- Пойдзе да Вожыка!
Цудоўненька! – радуючыся, пацёр рукі Лясун.
Воўк з недаўменнем паглядзеў на Лесуна. “Можа, ты з дзедам Баем
і Вожыкам заадно?” – прамільгнула ў яго
ў галаве.
-- Цудоўненька! – паўтарыў
Лясун. – Не пусцім яго да Вожыка.
-- Упрэмся ў грудзі і не
пусцім? – крыва ўсміхнуўся Воўк.
-- Слухай, братка! – як
змоўшчык, прашаптаў Лясун. – На Сунічнай палянцы ўчора вечарам я прывязаў да
дуба цёмную навальнічную хмарку.
-- Ну і што? – разявіў рот
Воўк.
-- Мы адвяжам яе, калі дзед
Бай адправіцца ў госці да Вожыка! – зарагатаў Лясун. Вельмі спадабалася яму яго
задума. “Я тут самы разумны і самы хітры”, -- падумаў ён, з пагардай гледзячы
на Воўка.
-- Мы яе адвяжам, а яна
паднімецца і дажджом пральецца. Так? – выказаў здагадку Воўк.
-- Вялікім дажджом. Дзед Бай
дажджом не пойдзе ў госці да Вожыка. Дома застанецца, -- сказаў Лясун і
пагладзіў жывот, быццам пасля смачнага пачастунку.
Навальнічная хмарка (гісторыя трэцяя)
Лясун не падмануў Воўка.
Сапраўды, над Сунічнай палянкай вісела цёмная навальнічная хмарка, прывязаная
тоўстай вяроўчынай да магутнага дуба. Яна калыхалася, нібыта вялікае
палотнішча, рвалася ўгору.
-- Не падабаецца ёй тут, у
неба хоча паляцець, -- заўважыў Воўк.
Лясун усміхнуўся,
задаволены.
-- Даўно хоча. Не
спадзявалася, што падкрадуся і да дуба прывяжу.
Воўк абышоў вакол дуба і
зноў падзівіўся на хмарку.
-- Як жа табе ўдалося яе
прывязаць?
-- Ляцела і апусцілася на
дуб.
-- Сама? Як птушка? –
усклікнуў Воўк.
-- Ага, -- кіўнуў галавою
Лясун. – Дык я яе схапіў і хуценька
прывязаў.
-- Дуб не вырве, угору не
панясе? – занепакоіўся Воўк.
-- Сілы не хопіць¸-- сказаў
Лясун. – Карэнні дуба моцна ўраслі ў зямлю.
Воўк лапаю дакрануўся да
дуба, пагладзіў яго.
-- Каб мне такую сілу!
-- Навошта табе такая сіла?
– пацікавіўся Лясун.
-- Дзеда Бая пакараў бы, у
дугу сагнуў бы.
-- Добрую справу ты зрабіў
бы, -- прагаварыў Лясун і дакрануўся да вузла на вяроўчыне. – Будзем
развязваць?
-- Развязвай, -- пагадзіўся
Воўк. – Калі хмарка паднімецца ўгору, я заспяваю:
Хмарка, хмарка, не чакай,
Спорны дожджык прысылай.
Няхай Бая палівае,
Няхай ён з лесу ўцякае.
-- Добра ты прыдумаў, --
пахваліў Воўка Лясун.
-- Я і па-іншаму магу
заспяваць, -- пахваліўся Воўк.
-- Як?
Кроплі, падайце на Бая,
Няхй ён ад нас уцякае.
-- Так яшчэ лепей. Няхай падаюць,
няхай не выпускаюць дзеда Бая з хаты, -- прамовіў Лясун і пачаў развязваць
вузел.
Хмарка здагадалася, што
Лясун хоча адпусціць яе на волю, перастала рвацца, супакоілася.
-- Стой! – раптам крыкнуў
Воўк.
Лясун са здзіўленнем
паглядзеў на сябрука.
-- Не хочаш, каб я адпусціў
хмарку?
-- Не хачу! – пакруціў
галавою Воўк.
-- Але ж мы дамовіліся. Ты
нават дзве песенькі праспяваў.
-- Мы па-іншаму зробім.
Прапануем дзеду Баю, каб на хмарку сеў. Ён сядзе, а ты адвяжаш яе. Няхай ляціць
дзед Бай ад нас. Назусім! – азірнуўшыся, прашаптаў Воўк.
Хмарка зноў захвалявалася,
затрапяталася.
-- Здаецца, някепска ты
прыдумаў! – крыху падумаўшы, пахваліў Воўка Лясун.
-- Адно мяне непакоіць, --
хутка-хутка зашаптаў Воўк. – Магчыма, хмарка адразу ж на зямлю апусціцца, як
туман апускаецца.
-- Не апусціцца. Яна ўжо
набралася тут страху, -- запэўніў сябрука Лясун.
-- А калі апусціцца?
Лясун паглядзеў на хмарку і
патрос кулаком.
-- Калі апусціцца, я яе зноў
прывяжу! На доўга!
-- Пачакаем дзеда Бая!
Вось-вось павінен з’явіцца ён! – з палёгкаю ўздыхнуў Воўк. Нарэшце збудзецца
яго жаданне: пазбавіцца ён ад ненавіснага дзеда.
Вясёлая песня Бая (гісторыя чацвёртая)
З гушчару лесу данеслася
песня:
Крочу па сцяжынцы,
Птушачак вітаю.
Прыляцелі да мяне
З суседняга гаю.
-- Дзед Бай спявае, --
прыслухаўшыся, зазначыў Лясун. “Хутчэй ідзі, дзед Бай, з нецярпеннем чакаем мы
цябе тут!” – хацелася сказаць яму.
-- Песенькай настрой сабе
паднімае! – прамовіў Воўк і скрыгітнуў зубамі. Не спадабалася яму вясёлая
песенька дзеда Бая.
А дзед Бай не бачыць Лесуна
і Воўка, спявае ад усёй душы:
Заходжу у хату,
Сон нясу ў кішэні,
Выпускаю там яго
З казачнае жмені.
-- Можа, схаваемся? –
прапанаваў лясному нячысціку Воўк.
-- А потым вылезем? –
пацікавіўся Лясун.
-- Вылезем і прапануем!.. –
торкнуўшы лапай, паказаў на навальнічную хмарку Воўк.
Цешыцца дзед Бай і лясных
жыхароў цешыць, выводзіць:
Цішыня пануе
У вясковай хаце.
Толькі я спяваю
Міламу дзіцяці.
-- Мы не будзем хавацца! --
падаў голас Лясун.
-- Будзем стаяць і дзеда Бая
чакаць? – запытаўся Воўк.
Лясун кіўнуў галавою і
насупіў густыя бровы.
Усё гучней, усё бліжэй
чуецца голас дзеда Бая:
Крочу па сцяжынцы,
Птушачак вітаю.
Прыляцелі да мяне
З суседняга гаю.
-- Калі ўбачыш дзеда Бая,
усміхайся на ўвесь рот, -- звярнуўся да Воўка Лясун.
-- Каб падмануць яго, каб
паверыў нам, як найлепшым сябрам?
-- Як добрым сваякам!
-- зарагатаў Лясун.
Зусім блізка гучыць вясёлая
песня дзеда Бая:
Заходжу у хату,
Сон нясу ў кішэні,
Выпускаю там яго
З казачнае жмені.
-- Дзе ж падзеўся гэты
спявак? – усклікнуў Воўк. Як мага хутчэй яму хацелася ажыццявіць задуманае.
-- У гарачай вадзе купаны? –
выгаварыў сябруку Лясун.
На хмарцы (гісторыя пятая)
Дзед Бай выйшаў з-за
павароткі сцяжынкі і прывітаўся, убачыўшы Лесуна і Воўка:
-- Добры дзень, шаноўныя!
-- Добры дзень, --
усміхнуўся Лясун.
-- Добры! – буркнуў Воўк. Ён
зусім забыўся, што трэба ўсміхацца.
-- Нейкі скрыўлены ты сёння,
Воўча! – заўважыў дзед Бай. – Можа, зубы табе забалелі?
“За сваімі зубамі сачы!” –
хацеў сказаць Воўк, але Лясун яго апярэдзіў:
-- Воўчымі зубамі дрот можна
перакусіць. Не выспаўся Воўк. Бяссонніца на яго напала.
-- Бывае! – прамовіў дзед
Бай.
Лясун торкнуў рукою,
паказаўшы ўгору.
-- Дзівіся, дзед Бай!
-- Хмарка за дуб зачапілася!
– здзівіўся дзед Бай. Чуў ён, што хмаркі, бывае, чапляюцца за дрэвы, але
ўпершыню ўбачыў такі цуд.
-- Яна зачапілася, а я яе
прывязаў! – пахваліўся Лясун. Сапраўдным героем адчуваў ён цяпер сябе.
-- Дык адпусці, --
прагаварыў дзед Бай. – Навошта яе трымаць, мучыць? Хмаркі ў небе павінны
лятаць.
“Трымаем, бо так падабаецца
нам”, -- хацеў уставіць сваё слова Воўк, але Лясун зноў апярэдзіў яго:
-- Яе спачатку трэба
палячыць.
-- Няўжо? – вырвалася ў
дзеда Бая. “Штосьці недагорвае Лясун, відаць, хлусіць мне”, -- падумаў ён.
-- Яна за галіну дуба
зачапілася і паранілася, -- выціснуў слязу з вачэй Лясун. – Гаючай смалой яе
трэба памазаць.
Дзед Бай узяўся рукою за
кішэнь.
-- Ёсць у мяне гаючая смала,
узяў з сабою.
-- Дык залезь і памаж, --
нарэшце ўставіў сваё слова Воўк.
Дзед Бай зірнуў угору.
-- Высакавата!
-- Мы падсадзім цябе, --
усміхнуўся Лясун.
-- Баішся! – выскаліўся Воўк.
Дзед Бай уважліва паглядзеў
на Лесуна і Воўка. Сябрукі апусцілі галовы, як маленькія.
-- Падсаджвайце! – рашуча
прагаварыў дзед Бай і прытуліўся да камля дуба.
Лясун і Воўк толькі і чакалі
гэтага. Ухапіліся за дзеда Бая і прыўзнялі, падсадзілі на дуб. Па галінах
спрытна палез угору дзед Бай, да самай хмаркі дабраўся. А яна затрапяталася,
захвалявалася.
-- На хмарку лезь, не сядзі
на суку! – падказаў дзеду Баю Лясун.
-- Баяка! – гукнуў Воўк.
Стаіць, шырока расставіўшы ногі, угору пазірае.
Дзед Бай рукою дакрануўся да
навальнічнай хмаркі і пагладзіў яе.
-- Супакойся, хмарка!
Навальнічная хмарка пачула
дзеда Бая, супакоілася.
-- Зараз дапамагу табе,
вылечу! – прамовіў дзед Бай і, падцягнуўшыся, сеў на хмарку.
-- Адвяжы вяроўчыну! –
шапнуў Лесуну Воўк.
-- Не вучы вучонага. Сам
ведаю! – ухмыльнуўся Лясун і адвязаў ад тоўстай галіны дуба вяроўчыну.
Хмарка ўстрапянулася і
паплыла, панесла дзеда Бая.
Нядоўгая радасць (гісторыя шостая)
-- Шчаслівай дарогі, дзед
Бай! – зайшоўся ад смеху Лясун і памахаў рукою. Нарэшце пазбавіўся ён ад
ненавіснага дзеда Бая. Далёка занясе яго навальнічная хмарка, магчыма, нават у
трыдзявятае царства да Бабы Ягі ў госці. А тая дасць яму рады, пакажа дзе ракі
зімуюць.
-- Падманулі мы цябе, Бай! –
галёкнуў Воўк і затанцаваў, прыпяваючы:
Паляцела хмарка,
Нясе дзеда Бая.
Аднясі далёка.
Няхай прападае.
Тары-тары-тары-бары.
Мы у лесе санітары.
Паляцела хмарка,
Нясе дзеда Бая.
Аднясі далёка.
Няхай прападае.
Тары-тары-тары-бары.
Мы у лесе санітары.
-- Пра нас ты песеньку
прыдумаў! Здольны! -- заўважыў Лясун.
-- І пра дзеда Бая прыдумаю,
-- паабяцаў Лесуну Воўк. Цяпер яму здавалася, што ўсё на свеце можа зрабіць.
-- Не прападу я! – гукнуў з
хмаркі дзед Бай. – Мае сябры звяры мне дапамогуць, калі хмарка ніжэй апусціцца!
-- Падскочаць і ўхопяцца за
хмарку? – зарагатаў Воўк. “Са страху кажаш абы што. Мабыць, моцна перапалохаўся
ты”, -- падумаў ён пра дзеда Бая.
-- Яны за вяроўчыну ўхопяцца
і падцягнуць хмарку да зямлі, -- сказаў дзед Бай.
Воўк зірнуў на хмарку.
Сапраўды, вяроўчына, якую Лясун прывязаў да хмаркі, у паветры матляецца, за
кусты чапляецца.
-- Падцягнуць, выратуюць!
-- Што будзем рабіць, Лясун?
– павярнуўшыся да сябрука, запытаўся Воўк.
-- Дождж патрэбен. Дождж не
пусціць сюды сяброў дзеда Бая, у хаце іх затрымае, -- прагаварыў Лясун і патрос
кулаком, палохаючы хмарку: -- Дажджом пырсні, хмарка!
--
Хмарка, хмарка, не чакай,
Спорны дожджык прысылай.
Няхай звяроў палівае,
З цёплых хатаў не пускае, --
на ўсю палянку загаласіў Воўк.
На зямлю ўпалі важкія кроплі
дажджу.
-- Будзе дождж, будзе! –
выклікнуў Лясун.
-- Але ж ён і нас памочыць,
-- падцяў хвост Воўк.
-- Пад густую елачку
схавайся, калі дажджу баішся, -- параіў Лясун.
Воўк схаваўся пад густую
елачку і адтуль загаласіў:
Дожджык, дожджык, палівай,
Звяроў з хатаў не пускай.
Памачы хвасты і вушы.
Хай вісяць яны, як грушы.
Зусім пацямнела хмарка.
Мацней пайшоў дождж.
Дзед Бай прыўстаў на хмарцы
і праспяваў:
Дожджык,
цёпленькі браток,
На
зямлю не ліся.
Ад душы цябе прашу:
Перастань, спыніся.
Стаў сціхаць дождж,
прыпыніўся.
-- Не магу зразумець, хто
кім камандуе, -- развёў рукамі Лясун. – Ці то дожджык хмаркай, ці то хмарка
дожджыкам.
-- Напэўна, дожджык хмаркай,
-- выказаўся Воўк і зноў загаласіў:
Дожджык,
дожджык, палівай,
Звяроў з хатаў не пускай.
Памачы хвасты і вушы.
Хай вісяць яны, як грушы.
А дзед Бай спявае наперакор
Воўку:
Дожджык,
цёпленькі браток,
На
зямлю не ліся.
Ад душы
цябе прашу:
Перастань, спыніся.
Уняўся, зусім перастаў ісці
дождж.
-- Пакарай хмарку, Лясун! –
выкрыкнуў Воўк. – Яна з дожджыкам заадно.
З сябрамі (гісторыя сёмая)
-- Хто тут так разышоўся? –
пачулася ззаду.
Лясун азірнуўся і ўбачыў
Вожыка, Барсука і Зайца. “Усё-ткі прыбеглі яны сюды, убачылі, што хмарка нясе
дзеда Бая”, -- з нянавісцю гледзячы на звяроў, падумаў ён.
-- Хто тут разышоўся? –
паўтарыў Заяц.
-- Сябры-ы, я тут!.. –
выгукнуў дзед Бай. Канешне, узрадаваўся ён, убачыўшы Зайца, Барсука і Вожыка.
-- Дзед Бай на хмарку залез!
– сваім вачам не паверыў Барсук. Ён нават лапай
вочы працёр, бо яму здалося, што бачыць сон.
-- Сябры, Лясун і Воўк
падманам на хмарку мяне пасадзілі, не хочуць, каб з вамі быў! -- паведаміў дзед
Бай.
-- Не я, не я!.. Лясун
вяроўчыну ад дуба адвязаў, -- выскачыўшы з-пад елачкі, затросся Воўк.
-- Разам дамаўляліся, што
дзеда Бая на хмарку пасадзім! – буркнуў Лясун. “Ненадзейны ў мяне саюзнік.
Мабыць, трэба ўцякаць адгэтуль, пакуль на арэхі не дасталася”, -- падумалася
яму.
-- Вы тут разбірайцеся, а я
дамоў пайду. Дома даўно чакаюць мяне, -- прамармытаў Воўк і пасунуўся ў кусты.
-- Я таксама дамоў пайду.
Спаць захацелася, -- прабубніў Лясун і таропка пакрочыў.
-- Уцяклі. Ведаюць, што
вінаватыя, -- паглядзеўшы ўслед Лесуну і Воўку, заўважыў Заяц.
-- Няхай ідуць. Без іх
спакайней, -- прагаварыў Вожык.
-- Як жа нам дзеда Бая
выратаваць? – усклікнуў Барсук.
-- Я зараз хмарку папрашу,
каб ніжэй апусцілася, -- азваўся дзед Бай. Ён тварам прытуліўся да хмаркі і
прашаптаў: -- На хвілінку апусціся, хмарка! Калі ласка!
Цёмная навальнічная хмарка
ўздрыгнула і апусцілася да самай зямлі. Дзед Бай хуценька адвязаў вяроўчыну і
саскочыў на зямлю. А хмарка ўзнялася высока-высока і паплыла ў паднябессі.
Птушка з белымі крыламі
Сем гісторый
Гісторыя першая
У гэту доўгую летнюю ноч
звяры не дачакаліся дня – Белакрылай Птушкі, як называлі яны яго. Беспрасветная
цемра стаяла навокал.
Сабраліся лясныя жыхары на
Вялікі сход, паселі на паляне.
-- Сёння чамусьці не
прыляцела ў наш лясок Белакрылая Птушка, -- распачаў размову Мядзведзь і на ўсю
паляну ўздыхнуў. Асінкі, што стаялі побач, аж уздрыгнулі, закалаціліся.
-- Белакрылая Птушка,
відаць, пакрыўдзілася на нас, -- падаў голас з цемры Ліс. Ён сёння на беразе
ляснога возера хацеў пазагараць, за дзікімі качкамі паназіраць. Але не
з’явілася сонца, не выплыла з-за лесу вялікім вогненным шарам.
-- Хто пакрыўдзіў Белакрылую
Птушку? Прызнавайцеся! – на ўсю паляну гукнуў Мядзведзь. Зараз ён як след
пакарае вінаватага, а потым прымусіць яго, каб схадзіў да Белакрылай Птушкі і
прабачэння ў яе папрасіў.
Маўчаць звяры, сцяліся,
прытаіліся ў цемры.
-- Хто? – яшчэ раз гукнуў
Мядзведзь.
-- Я не крыўдзіў! – нарэшце
падаў голас Барсук. – Сёння з Зайцам у шашкі хацеў пагуляць, але ў такой цемры
белыя шашкі з чорнымі можна пераблытаць.
На яліну, якая ўзвышалася на
ўскрайку паляны, бясшумна апусцілася Сава. Як гарачыя вуглі, заблішчалі ў цемры
яе вялікія круглыя вочы.
Першы Заяц заўважыў Саву.
-- Сава прыляцела, на яліну
села. Мабыць, штосьці хоча сказаць нам, -- паведаміў ён.
-- Не ведаеце, чаму
Белакрылая Птушка да нас не прыляцела? – звярнулася да звяроў Сава.
-- Не ведаем. Растлумач нам,
калі ласка, -- папрасіў начную драпежніцу Мядзведзь.
-- Я таксама не ведаю і
ведаць не хачу. Мне ў цемры някепска жывецца. Я не люблю святла. Святло мне
вочы рэжа, -- заявіла Сава. Сапраўды, днём яна звычайна ў дупле спала,
адпачывала, а ноччу па лесе лятала і крычала, лясных жыхароў палохала.
-- Што нам рабіць? – у
роспачы ўсклікнуў Барсук.
“У-у-у..” – глуха закрычала,
быццам заплакала, Сава і паляцела.
Гісторыя другая
-- Саве добра, -- сказала
Ліса. – У яе вочы, як светлячкі, свецяцца.
-- У цябе вочы таксама, як
светлячкі, свецяцца, -- адпарыраваў Мядзведзь. Начная драпежніца зусім
сапсавала яму настрой.
-- Сябры, у мяне цікавая
думка з’явілася! – нечакана ўсклікнуў Заяц.
Як адзін, звяры павярнуліся
да Зайца, вушы наставілі, хочуць ведаць, што скажа ён.
-- Нам трэба схадзіць да
Светлячка і папрасіць яго, каб увесь наш лясок вялікім ліхтаром асвяціў.
-- Выходзіць, цяпер замест
сонца ліхтар у нашым лесе будзе свяціць? – у роздуме прагаварыў Мядзведзь.
-- Толькі днём будзе
свяціць. А на ноч Светлячок будзе тушыць
свой ліхтар, каб святло нам спаць не перашкаджала, -- прамовіў Заяц. Яму
здалося, што падтрымаюць яго звяры. Але не тут тое было.
-- Святло ліхтара мяне не
сагрэе, -- запярэчыла Ліса. – Сонечнага святла хачу.
-- І я прывык да сонечнага
святла. Яно жывое, вясёлае. А святло ліхтара мне пра ноч напамінае, --
паскардзіўся Барсук.
-- Шаноўныя суседзі, Заяц
мудра разважае, -- пачуўся голас Вожыка. Ён спазніўся на Вялікі сход, у цемры
заблудзіўся, не на тую сцежку трапіў. – Іншага выйсця я не бачу.
-- А я ўжо вакол сябе нічога
не бачу! – завыў Барсук.
-- Далей будзе яшчэ горш.
Гэта толькі пачатак. Некаму трэба схадзіць да Светлячка, -- ледзяным голасам
прагаварыў Мядзведзь.
-- Я не супраць. Я сам
схадзіў бы да Светлячка, але сон на мяне напаў. Засну ў дарозе, -- сказаў
Барсук і гучна пазяхнуў. “На другім канцы ляска, каля Гразкага балота, жыве
Светлячок. Тое балота я і днём абыходжу, каб лапы не памачыць”, -- падумаў ён.
-- Няхай Заяц да Светлячка
сходзіць. Ён нам гэта прапанаваў! – выказалася Ліса. Не хацелася ёй у цемры па
лесе цягацца. Страшнавата ў цемры. Дый на востры сучок можна напароцца, вока
пашкодзіць.
-- Я не супраць, але сілай
мы яго не прымусім, -- уздыхнуў Мядзведзь.
-- Без прымусу пайду, сам!
Даўно хачу са Светлячком сустрэцца, -- сказаў Заяц.
Да Зайца наблізіўся Вожык і
моцна, як сапраўднаму сябру, паціснуў лапку.
-- Я пайду з табою!
Гісторыя трэцяя
Заяц і Вожык ішлі па лесе.
Вакол цёмна, хоць вока выкалі. А яшчэ над самымі дрэвамі Сава лятае, глуха
крычыць, палохае: “У-у-у, у-у-у…”
“Добра, што Вожык са мною
пайшоў. Удвух не так страшна”, -- падумаў Заяц і запытаўся, калі падняліся на
горачку:
-- Табе не страшна, Вожык?
-- Крыху страшнавата. Іншы
раз здаецца, што вось-вось з-за куста хтосьці выскачыць і накінецца, --
прызнаўся Вожык.
Заяц вырашыў падбадзёрыць
калючага клубочка:
-- Мы дабярэмся да
Светлячка, пераадолеем страх! Так?
-- Так, -- цвёрда сказаў
Вожык і ўпаў, перакуліўся, зачапіўшыся за нейкую дзеравяку, а потым пакаціўся з
горачкі.
-- Куды ты, Вожык? –
разгубіўшыся, крыкнуў Заяц і пабег за суседам.
А Вожык скурчыўся і коціцца
імкліва, усё хутчэй і хутчэй. “Паб’ю бакі, калі раптам аб дрэва стукнуся”, --
сам сабе думае. Так, скурчыўшыся, да самай сцяжынкі ён каціўся. На сцяжынцы сеў
і галавою страсянуў. Гудзіць у галаве, быццам вецер праносіцца імкліва, а перад
вачыма цёмныя кругі мітусяцца, бегаюць.
-- Во-ожык! – з-за
ядлоўцавага куста, які рос непадалёку, данёсся голас Зайца.
-- На сцяжынцы сяджу! –
усклікнуў Вожык. Тут яго сябар, не ўцёк, не пакінуў у бядзе. З такім не толькі
ў горы, але і ў разведку смела можна ісці.
-- Ну й напалохаў ты мяне,
братка! – выйшаўшы з-за куста, прамовіў Заяц.
-- Ішоў і ўпаў. У жыцці ўсяк
бывае, -- апраўдваючыся, сказаў Вожык. Ён жа не хацеў напалохаць Зайца. Цёмная
ноч яго падвяла.
-- Бывае! – пагадзіўся Заяц.
– Ты не пабіўся, не пакалечыўся?
Вожык устаў, прайшоўся па
сцяжынцы і паведаміў:
-- Здаецца, не пакалечыўся.
Толькі правая лапка крыху баліць.
-- Цяпер за мною ідзі, не
адставай, -- папярэдзіў Вожыка Заяц.
-- Не адстану, не хвалюйся,
-- прагаварыў Вожык.
Гісторыя чацвёртая
Час ад часу азіраючыся па
баках, Заяц і Вожык крочылі па сцяжынцы. Неўзабаве яны выйшлі на перакрыжаванне
сцяжынак. На гэтым перакрыжаванні адна сцяжынка вяла ўперад, а дзве другія –
направа і налева.
Заяц стаў і пачухаў каля
вуха.
-- Куды цяпер нам ісці?
-- Не ведаю, -- адказаў
Вожык. – На гэтым перакрыжаванні я ніколі не быў.
-- Я ўспомніў! – усклікнуў
Заяц. – Каб трапіць да Светлячка, ад гэтага перакрыжавання на поўдзень трэба
ісці. Мне некалі тата казаў.
-- А дзе поўдзень? Як яго
вызначыць? – вырвалася ў Вожыка.
На гэты раз Заяц прамаўчаў.
Сапраўды, нялёгка вызначыць, дзе знаходзіцца поўдзень.
Над сцяжынкай праляцела
Сава, быццам прывід. “У-у-у, у-у-у…” – закрычала, зарагатала на ўвесь лясок.
-- Нам горка, а яна
радуецца, -- заўважыў Вожык.
-- Паслухай, братка, --
сказаў Заяц. – Я, здаецца, здагадаўся, як вызначыць, дзе знаходзіцца поўдзень.
Каб лепей пачуць Зайца,
Вожык прыўстаў на лапкі. Зараз важную інфармацыю ад Зайца ён атрымае.
-- З паўднёвага боку дрэвы
гусцейшыя і зелянейшыя. Так? – пачаў Заяц.
-- Так, -- кіўнуў галавою
Вожык. – З паўднёвага боку сонца лепей грэе, цяпло дрэвам дае. А цяпло ўсе
любяць.
Заяц уважліва паглядзеў у
адзін бок, у другі.
-- Значыць, нам трэба
вызначыць, з якога боку дрэвы гусцейшыя і зелянейшыя.
-- У гэтай цемры мы не
вызначым, якія дрэвы гусцейшыя і зелянейшыя, -- засумняваўся Вожык.
-- Шаноўныя, -- пачуўся
тоненькі галасок, -- вы да Светлячка хочаце трапіць?
-- Хто тут? – гукнуў Заяц.
-- Не бойцеся мяне, -- зноў
пачуўся той жа тоненькі галасок. – Я Рыжы Мураш. Я на хваінцы сяджу, даўно за
вамі назіраю.
-- Рыжы Мураш, -- усклікнуў
Вожык, -- мы вельмі хочам трапіць да Светлячка! – Не падкажаш нам, дзе ён жыве?
-- Ідзіце прама па сцяжынцы
і за павароткай неўзабаве ўбачыце хатку Светлячка, -- паведаміў сябрам Рыжы
Мураш.
Заяц і Вожык хоць і не
ўбачылі Рыжага Мураша, але дружна падзякавалі яму:
-- Дзякуй табе, Рыжы Мураш!
-- Няма за што дзякаваць, --
сказаў Рыжы Мураш. – Калі падыдзеце да хаткі, то гукніце тры разы:
“Светлячок!”. Тры разы. Запомнілі?
-- Запомнілі, -- адказаў
Заяц.
-- Не адзін, не два, а
менавіта тры разы трэба гукнуць? – вырашыў удакладніць Вожык.
-- Менавіта тры разы. Гэта
як пароль. Ноччу Светлячок не кожнаму дзверы адчыняе.
Заяц хацеў сказаць, што
цяпер ужо дзень, але Вожык пацягнуў яго за рукаў. Маўляў, памаўчы, няма калі
нам размаўляць.
Гісторыя пятая
Добры Рыжы Мураш не падмануў
Зайца і Вожыка. Сапраўды, за павароткай сцяжынкі яны ўбачылі хатку Светлячка.
Яна стаяла пры самым балоце. Вокны ў хатцы ярка свяціліся.
Сябры наблізіліся да хаткі.
“Крум-крум-крум…” –
азваліся, закрумкалі на балоце зялёныя жабы. Адна з іх, самая смелая, скокнула
на лапку Зайца. Заяц адскочыў убок. “Зараз Вожык пасмяецца з мяне, назаве
баязліўцам”, -- падумалася яму.
Але Вожык не стаў смяяцца з
Зайца, не назваў яго баязліўцам.
-- Давай гукнем, паклічам
Светлячка, – прапанаваў ён.
-- На ўсю сілу гукнем, --
прамовіў Заяц. “Светлячок цяпер, напэўна, моцна спіць, будзе цяжка яго
разбудзіць”, -- падумалася яму.
Заяц і Вожык сталі насупраць
акна Светлячка і тры разы на ўсю сілу разам гукнулі:
-- Светлячок! Светлячок!
Светлячок!
Праз некалькі хвілін
рыпнулі, адчыніліся дзверы, і на парозе хаткі з’явіўся тоўсценькі, быццам
ружовенькі піражок, Светлячок з ліхтаром у руках.
-- Хто тут? – узняўшы
ліхтар, запытаўся ён.
-- Заяц з суседняга ляска,
-- адказаў Заяц.
-- І Вожык з суседняга
ляска, -- падхапіў Вожык.
Светлячок падняў ліхтар
вышэй. Яркае святло асвяціла Зайца і Вожыка.
-- Нейкая патрэба прывяла
вас сюды? – пацікавіўся ў сяброў Светлячок.
-- Цёмная ноч на зямлі
пануе, Белакрылая Птушка прапала! – з горкасцю прагаварыў Заяц. На яго вачах
выступілі буйныя слёзы. Але ён не заплакаў. Буйныя слёзы з вачэй рукавом
змахнуў.
-- Дапамажы нам, калі ласка,
-- падтрымаў Зайца Вожык.
Светлячок з недаўменнем
паглядзеў на сяброў.
-- Як я вам дапамагу? У мяне
няма Белакрылай Птушкі.
-- Падары нам ліхтар, будзь
добры, -- папрасіў Заяц.
-- Такі ліхтар, каб увесь
наш лясок асвятляў, -- дадаў Вожык. Ён уважліва глядзеў на Светлячка, чакаючы
ад яго адказу.
Светлячок цяжка ўздыхнуў.
-- Няма ў мяне такога
вялікага ліхтара!
-- Выходзіць, мы дарма сюды
прыйшлі? – панурыўся Заяц.
-- Я ведаю, дзе знаходзіцца
Белакрылая Птушка, -- неспадзявана заявіў Светлячок.
-- Дзе? – зноў разам
усклікнулі Заяц і Вожык. Успыхнуў агеньчык надзеі, запаліў яго Светлячок.
-- Сяброўка ночы Начніца
Белакрылую Птушку ў цямніцы зачыніла, трымае, на двор не пускае, -- сказаў
Светлячок. Хоць і быў у яго яркі ліхтар, але і яму хацелася ўбачыць сонца, у
яго ласкавых промнях, як у цёплай вадзіцы, пакупацца, папесціцца.
-- Дзе жыве Начніца? Скажаш
нам, Светлячок? – падаў голас Заяц.
-- Мы пойдзем да Начніцы,
выпусцім на волю Белакрылую Птушку, -- гучна абвясціў Вожык.
Пачуўшы голас Вожыка,
зорачка на небе міргнула і схавалася. Ёй, як і яе сястрычкам, Начніца нават
ноччу забараніла па небе гуляць. “Няхай цемра напаўзае, няхай у страху і
людзей, і звяроў, і птушак трымае!” – зорачкам-сятрычкам заявіла, за
непаслушэнства карай прыгразіла.
“Начніцу яшчэ ніхто не перамог. Вельмі хітрая
і небяспечная яна”, -- падумаў Светлячок і паківаў галавою, дакараючы сяброў.
-- Вы лічыце, што Начніца
вас як дарагіх гасцей сустрэне, за стол пасадзіць, накорміць і напоіць?
-- Мы не галодныя, -- з
крыўдаю прагаварыў Заяц. “Светлячку, відаць, здаецца, што мы прыйшлі сюды піць
і есці”, -- прабегла ў яго галаве.
-- Звяры-суседзі нас
чакаюць, спадзяюцца, што знойдзем і выратуем Белакрылую Птушку. Мы ім слова
далі”, -- сказаў Вожык.
-- Слова трэба трымаць, --
заўважыў Светлячок і паказаў на доўгія кіі, якія стаялі каля хаткі.
-- Вазьміце па адным кіі.
-- Навошта? -- вырвалася ў
Зайца. Ён не зразумеў, што задумаў Светлячок.
-- Зараз пойдзем па грэблі
праз вялікае Гразкае балота. Пасярод Гразкага балота знаходзіцца астравок. Там
стаіць магутны дуб. У дупле гэтага дуба
Белакрылую Птушку трымае Начніца.
Заяц і Вожык моўчкі ўзялі
кіі.
Гісторыя шостая
Грэблю, альбо, як яе яшчэ
называюць, гаць Светлячок сам праклаў праз балота. Не адзін год ён масціў
бярвенні, старанна рабіў грэблю-дарогу. Вельмі ж хацелася яму паглядзець, як
выглядае балотны астравок. Не ведаў, што там жыве страшная Начніца.
Амаль уся грэбля была
залітая цёмнаю балотнаю вадою.
Уперадзе ішоў Светлячок з
ліхтаром, а за ім цягнуліся Заяц і Вожык.
-- Будзьце асцярожныя, --
папярэдзіў сяброў Светлячок. Ступіце ўбок – прападзеце, імгненна зацягне,
праглыне вас балота.
-- Светлячок, ты
калі-небудзь бачыў Начніцу? – распачаў гаворку Заяц. Надакучыла
яму маўчаць.
-- Як цябе цяпер, --
азірнуўшыся, адказаў Светлячок.
Яму нагадалася, як першы раз
дабраўся да балота. Тады Начніца сядзела на дубе і спявала, расхвальвала сябе:
Я Начніца,
Чараўніца.
Я нікога не люблю,
Я нікога не цярплю.
Страх вялікі наганяю,
Калі вочы затуляю.
Уцякайце, уцякайце!
Дзверы ў хатах замыкайце!
А ён, Светлячок, у густым
чароце сядзеў. Убачыўшы Начніцу і пачуўшы яе нядобрую песеньку, даў сабе слова,
што ніколі не ступіць на гэты астравок – царства Начніцы. Грэблю хацеў
разбурыць, але перадумаў: пашкадаваў нішчыць цяжкую працу. Сёння спатрэбілася
грэбля.
-- Светлячок, на каго
падобная Начніца? -- вырашыў пацікавіцца
Заяц.
-- На маладую кабету з
распушчанымі агністымі валасамі. Пальцы ў яе вельмі страшныя: доўгія,
загінастыя, -- азваўся Светлячок.
-- Як доўгія кіпцюры? –
вырашыў удакладніць Вожык.
-- Як вельмі доўгія кіпцюры,
-- адказаў Светлячок і цяжка ўздыхнуў. “Навошта я выправіўся ў гэту небяспечную
дарогу? Трэба было ў хаце сядзець. У хаце заўжды спакайней”, -- прамільгнула ў
яго галаве трывожная думка, але ён адразу ж адагнаў яе і некалькі разоў ціха
паўтарыў, падбадзёрваючы сябе:
-- Я не баюся Начніцы! Я
зусім не баюся Начніцы! Я не баюся!..
-- Ой! – раптам усклікнуў
Заяц, паслізнуўшыся на круглым бервяне. Страціўшы раўнавагу, ён узмахнуў
лапамі. Вось-вось у балота паляціць, згіне там. Высунуўшыся з балота, закрычалі
жабы.
-- Кіём у грэблю ўпрыся,
Зайчык! – не разгубіўся, параіў Светлячок.
Ужо падаючы, Заяц кіём
упёрся ў самы край грэблі. Кій выратаваў, падтрымаў яго.
Ззаду падскочыў Вожык і,
схапіўшы Зайца за крысо пінжака, пацягнуў да сябе.
-- Ледзь
не ўпаў я! – выдыхнуў Заяц.
Гісторыя сёмая
Вось і астравок – прытулак
Начніцы, увесь парослы аерам і чаротам. Непадалёку ад грэблі стаіць дуплісты
дуб, падобны на шацёр. Шырока раскінуў ён тоўстыя вузлаватыя галіны.
-- Гэты дуб дваццаць ваўкоў
лапамі не абхопяць! -- падзівіўшыся на зялёнага велікана, у захапленні прамовіў
Заяц.
-- Нізашто не абхопяць, --
пагадзіўся Вожык.
-- Шаноўныя, -- звярнуўся да
Зайца і Вожыка Светлячок, -- будзем дзейнічаць заадно. Інакш нам не перамагчы
Начніцу.
-- Я згодзен, -- падтрымаў
Светлячка Заяц. – Будзем дзейнічаць толькі разам. Бярыся дружна – не будзе
грузна.
-- Давайце складзем план
сумесных дзеянняў, -- прапанаваў Вожык.
-- Спачатку нам трэба
даведацца, дзе знаходзіцца Белакрылая Птушка, -- сказаў Заяц. Увесь
наструніўшыся, ён уважліва глядзеў наперад.
А на астраўку ціха. Ні
плёскату рыбы, ні птушынага спеву не чуваць, нават ветрык не прабягае. Відаць,
і ён дзесьці схаваўся, затаіўся, каб не трапіць на вочы Начніцы.
-- Белакрылую Птушку Начніца
трымае ў дупле дуба. Там патаемная цямніца ў яе, -- прагаварыў Светлячок.
-- Трэба праверыць, -- прамовіў Заяц і ступіў уперад.
-- Стой! – спыніў Зайца
Светлячок. – Магчыма, і Начніца ў дупле
сядзіць, адпачывае.
-- Я праверу! – заявіў Заяц.
Вось-вось на злом галавы да дуба панясецца. Вельмі ж хочацца яму Белакрылую
Птушку на волю выпусціць.
-- Не спяшайся, не
трапячыся, -- пакруціў галавою
Светлячок. – Бяды не абярэшся, калі Начніца цябе заўважыць.
-- Не пары гарачку, Зайчык,
-- падтрымаў Светлячка Вожык. – Давай крыху пасядзім тут, паназіраем.
-- Як у засадзе?
-- Як у засадзе. Прыйдзе час
– з’явіцца Начніца, пакажацца нам на вочы.
-- Я непрыкметна падкрадуся,
-- сказаў Заяц і, прыгнуўшыся, з аглядкай накіраваўся да дуба.
-- Не паслухаўся, не
ўтрымалі! – у роспачы махнуў рукою Светлячок.
-- Зайчык, мы будзем чакаць
цябе. Калі што, назад бяжы! -- прыўзняўшыся, гукнуў Вожык.
-- Не хвалюйцеся за мяне! --
прамовіў Заяц і, падышоўшы да дуба, хацеў зазірнуць у дупло, але не дацягнуўся,
не дастаў да яго.
-- Што ж ён цяпер будзе
рабіць? – у роздуме прагаварыў Вожык.
-- Зараз свісну, паклічу
яго, -- сказаў Светлячок.
У гэты час Заяц размахнуўся
і стукнуў кіём па ствале дуба раз, другі, трэці.
“Зараз выскачыць з дупла
Начніца-драпежніца, залемантуе з усёй сілы”, -- падумаў Вожык і мацней сціснуў
важкі кій.
Не выскачыла з дупла
Начніца, не залемантавала з усёй сілы. Як і раней, на астраўку панавала цішыня.
Заяц махнуў лапай,
падклікаючы Светлячка і Вожыка.
Светлячок і Вожык ускочылі і
падбеглі да дуба.
-- Высакавата дупло! Як нам
зазірнуць у яго? – у адчаі ўсклікнуў Светлячок.
-- Давайце якую-небудзь
калоду знойдзем і да дуба падкоцім, -- прапанаваў Заяц.
-- Пакуль будзем шукаць
калоду, Начніца прыбяжыць, – запярэчыў Вожык.
-- Дык што будзем рабіць? –
заморгаў вачыма Заяц.
Вожык абвёў позіркам Зайца і
Светлячка.
-- Хто з нас самы лёгкі?
-- Канешне, ты, -- ледзь
прыкметна ўсміхнуўся Заяц. Ён не зразумеў, што задумаў сябар.
-- Вы мяне зараз падніміце,
і я зазірну ў дупло. Калі спатрэбіцца, залезу туды і ўсё да драбніцы праверу,
-- выказаўся Вожык.
Светлячок і Заяц моўчкі
пераглянуліся. Ім не хацелася, каб адчайны Вожык лез у дупло.
Вожык уважліва паглядзеў на
Зайца і Светлячка і прагаварыў з папрокам:
-- Не паднімеце, сілы не
хопіць?
Светлячок працягнуў Вожыку
ліхтар.
-- Вазьмі. Пасвеціш там, у
дупле…
-- Беражы сябе, -- папрасіў
Заяц.
Вожык узяў у Светлячка
ліхтар і загадаў:
-- Хутчэй паднімайце!
Заяц і Светлячок падхапілі
Вожыка і разам з ліхтаром паднялі ўгору.
-- Тут нейкія дзверцы! –
зазірнуўшы ў дупло, паведаміў Вожык.
-- Адчыняй іх, --
скамандаваў Заяц.
-- На дзверцах зашчапка.
Паспрабую адкінуць яе, -- прагаварыў Вожык і леваю лапкаю (у правай ён трымаў
ліхтар, свяціў сабе) пацягнуўся да зашчапкі.
-- Не дацягнешся? –
пацікавіўся Заяц. Ад напружанасці ў яго задрыжалі лапы, пот выступіў на спіне.
-- Не дастану! У дупло
скокну.
-- У гарачай вадзе купаны? –
паўшчуваў Светлячок. – Вазьмі мой кій. Кіём адкінеш.
Вожык узяў у левую лапку кій
Светлячка.
-- Няпрошаныя госцейкі ў маё
дупло залезлі! – неспадзявана пачулася каля дуба.
Вожык, Заяц і Светлячок, як
па камандзе, азірнуліся і ўбачылі жанчыну з доўгімі распушчанымі вогненнымі
валасамі. Нос у яе быў востры, як піка, а вочы злосныя, калючыя.
-- Начніца! – выдыхнуў
Светлячок. “Каб толькі Вожык не спалохаўся і на зямлю не саскочыў! А я да канца
буду стаяць, трымаць яго”, -- падумаў ён.
-- Злезь з майго дуба,
Вожык! – загаласіла Начніца.
Вожык кіём пацягнуўся да
зашчапкі, каб адкінуць яе.
-- Усіх вас знішчу, не
дарую! – крыкнула Начніца і падскочыла да Зайца.
-- Светлячок, трымай нашага
Вожыка! – гукнуў Заяц і кіём замахнуўся на Начніцу. Яму здавалася, што яна
павернецца і пабяжыць, спалохаўшыся.
-- Ты з кіём, а я без кія!
Хітранькі! – сыкнула Начніца і наставіла пальцы. Вось- вось, здаецца,
падскочыць, узнімецца ў паветра і кіпцюрамі ўчэпіцца ў Зайца.
-- Адпусці Белакрылую
Птушку, Начніца! – прамовіў Заяц і апусціў кій.
Начніца толькі і чакала
гэтага. Абедзвюма рукамі ўхапілася за кій і пачала набліжацца да Зайца. Злосна
глядзіць, цяжка дыхае.
-- Хутчэй, Вожык! –
усклікнуў Заяц.
Вожык нарэшце падчапіў і
адкінуў зашчапку.
Адчыніліся дзверцы, і з
дупла вылецела Белакрылая Птушка, крылом зачапіўшы Вожыка.
-- Трымайся, Зайчык! Я зараз
дапамагу табе, не паддадзімся Начніцы! – выгукнуў Вожык і саскочыў на зямлю.
-- Усё-ткі выпусцілі яе! –
скрыгітнула зубамі Начніца і згінула, растварылася, быццам туман.
А над лесам узнялося
чырвонае сонца. Дзень прыйшоў на зямлю.
Звяры і браканьеры
Сем гісторый
Гісторыя першая
Пра
браканьераў Заяц суседзям паведаміў. Прыбег на Сунічную палянку і закрычаў:
--
У наш лясок браканьеры едуць!
--
Браканьеры… Браканьеры... Дзесьці чуў я пра іх… -- стаў успамінаць Барсук.
--
Браканьеры – нашы злейшыя ворагі, -- буркнууў Мядзведзь. – У мінулым годзе яны
самы стары лясок знішчылі, увесь павысякалі. Забыўся?
--
Памяць у мяне дзявочая, -- паскардзіўся Барсук.
--
Памяць трэба трэніраваць, -- адзначыла Вавёрка.
--
Як трэніраваць? – усклікнуў Барсук. Ён сапраўды хацеў патрэніраваць сваю
памяць, але не ведаў, як гэта зрабіць. Часта разважаў, лежачы ў нары: “Калі б я
ведаў, як трэніраваць памяць, то кожны дзень з раніцы да вечару яе трэніраваў
бы”.
--
Кнігі трэба чытаць, -- падказала Барсуку Вавёрка. – Яны цудоўна памяць
трэніруюць.
Цяжка
ўздыхнуў Барсук.
--
Але ж у мяне нара цёмная, святла ў нары зусім няма.
--
Хіба сонейка не святло? -- торкнуўшы лапай, паказала на сонца Ліса. – Вылазь з
нары і чытай хоць цэлы дзень.
--
Акуляры ў пазамінулым годзе згубіў! -- паскардзіўся Барсук. -- Кожны дзень
хаджу, у кустах шукаю…
--
Хопіць гаварыць пра акуляры. Зайца трэба паслухаць, -- павысіў голас Мядзведзь.
--
Браканьеры да нас на вялікім трактары едуць, – прамовіў Заяц.
--
На гусенічным? – вырашыла ўдакладніць Ліса.
--
Не, на калёсным. Ён едзе, а з трубы чорны дым валіць, па ўсім наваколлі
распаўзаецца, -- паведаміў Заяц.
--
Не люблю чорнага дыму, -- падала голас Вавёрка. – Ад чорнага дыму ў мяне галава
доўга-доўга баліць.
--
А ў мяне галава баліць, калі доўга думаю, -- не сцярпеў Барсук.
--
Што будзем рабіць, сябры? – няспешна прайшоўшыся каля звяроў, запытаўся
Мядзведзь.
--
У норах схаваемся. У цёмных норах ніякія браканьеры нас не знойдуць, -- сказаў
Барсук. Яму так хацелася шмыгнуць у густы ельнік і хутчэй зашыцца ў цёмную
нару!
--
Гэта не выхад, -- скрывіўся Мядзведзь. –Магчыма, ёсць іншая прапанова?
--
У мяне іншая прапанова, -- уставіла сваё слова Ліса.
Звяры,
як адзін, паглядзелі на Лісу. Яны ведалі, што яна можа даць разумную прапанову.
--
Нам у кустах трэба схавацца і за браканьерамі паназіраць, -- выказалася Ліса.
--
Каб праведаць, што яны задумалі зрабіць? – вырашыў удакладніць Мядзведзь.
Ліса
кіўнула галавою.
--
Паназіраем, паслухаем і праведаем.
Мядзведзь
акінуў позіркам суседзяў.
--
Хто “за”?
--
Я “за”, -- падтрымала Лісу Вавёрка.
--
Я таксама ”за”, -- падняў лапу Заяц.
--
Калі ўсе “за”, то і я “за”, -- пачухаўшы галаву, прагаварыў Барсук.
Мядзведзь
рушыў у кусты. За ім накіраваліся Ліса, Вавёрка, Заяц і Барсук.
Гісторыя другая
Неўзабаве,
ломячы кусты, на Сунічную палянку ўехаў вялікі трактар. Яго колы ўгрызаліся ў
мяккую зямлю і быццам аралі яе, пакідаючы пасля сябе глыбокія сляды. З шырокай,
падобнай на комін трубы, вырываўся чорны дым. Ён нізка слаўся над зямлёю і
распаўзаўся па ляску.
--
Яны зараз усю нашу Сунічную палянку знішчаць! – занепакоіўся Барсук. Ён часта
любіў адпачываць на Сунічнай палянцы, драмаў, седзячы на пяньку.
--
Нарэшце дайшло да цябе! – заўважыў Заяц. Ён адчуваў, што хвалюецца, нібыта
перад адказным экзаменам. У яго нават кончыкі вушэй задрыжалі.
Трактар
чхнуў едкім чорным дымам і спыніўся, перастаў стракатаць, заглох.
--
Дзе браканьеры? Дзе? – прыўзнялася Вавёрка.
--
Не высоўвайся! – папярэдзіў Вавёрку Мядзведзь. Наструніўшыся, ён уважліва
глядзеў на Сунічную палянку.
З
кабіны трактара саскочылі два высокія мужчыны, падобныя адзін на аднаго. Адзін
з іх быў у капелюшы, а другі без капелюша. У руках мужчыны трымалі бензапілы.
--
Гэтыя браканьеры, відаць, браты, -- заварушылася Ліса.
--
Усе браканьеры браты, -- адказаў Мядзведзь.
--
А суніцаў на палянцы нарасло! – весела ўсклікнуў браканьер у капелюшы. –
Мабыць, збіраюць іх звяры, ласуюцца.
--
Не хвалюйся, Ваня, -- пісклявым галаском прагаварыў браканьер без капелюша. –
Не дазволім ласавацца, усе знішчым.
--
І грыбочкі ў лесе знішчым, Сямён? – запытаўся Ваня.
--
Грыбочкі самі прападуць, калі дрэвы спілуем, -- адказаў Сямён.
--
Усе дрэвы спілуюць! Дзе ж я буду жыць? – заморгала вачыма Вавёрка. Яна жыла ў
дупле на разложыстым дубе, які рос на ўскрайку палянкі. Некалі ў гэтым дупле
жылі яе дзядуля і бабуля, а потым тата і мама. Не так даўно ў іншы лясок яны
перабраліся.
--
Слухайце і запамінайце! – зноў папярэдзіў Мядзведзь.
--
Грошыкі вакол нас! Грошыкі!.. – акінуўшы вачыма маўклівы лес, з замілаваннем
прамовіў Ваня.
--
Што такое грошыкі? – не сцярпеў Барсук.
--
Грошыкі – невялікія паперкі з малюнкамі, -- падаў голас Заяц.
--
За гэтыя паперкі з малюнкамі лес рэжуць і сякуць? – не паверыў Барсук.
--
Так, -- сказаў Заяц. “Калі б не было грошыкаў, то не было б і браканьераў. Ад
грошыкаў ідзе ўсё зло”, -- падумаў ён.
--
Калі пачнём спілоўваць дрэвы? – прагаварыў Ваня і прыўзняў бензапілу.
Зайцу
здалося, што зараз яна прарэзліва загудзіць. Ён нават вушы затуліў і вочы
прыплюшчыў.
--
Спачатку палатку паставім і паспім, сілы набярэмся, -- сказаў Сямён.
Гісторыя трэцяя
Браканьеры
паставілі на Сунічнай палянцы палатку і залезлі ў яе.
--
Ужо спяць, імгненна заснулі, -- прыслухаўшыся, зазначыў Мядзведзь.
--
Быццам я, -- хіхікнуў Барсук. Чамусьці весела яму стала. Магчыма, таму, што не
такімі страшнымі здаліся яму гэтыя браканьеры з бензапіламі.
--
Глядзі, каб неўзабаве плакаць не прыйшлося! – строга папярэдзіў Мядзведзь. Яму
было не да смеху. Ён разумеў, што разам
з браканьерамі Ванем і Сямёнам бяда да іх завітала. І з гэтаю бядою трэба было
неяк справіцца.
--
Сябры, што будзем рабіць? – падаў голас Заяц.
--
Браканьераў з нашага ляска трэба прагнаць, -- азвалася Ліса.
--
Як? – развёў лапамі Заяц.
--
Можа, папросім іх, каб дамоў вярнуліся? --
нясмела пачаў Барсук. Ён не ведаў, ці спадабаецца яго прапанова
суседзям.
--
Так яны цябе і паслухаюцца! – цяжка ўздыхнуў Мядзведзь. Ці не ўпершыню
разгубіўся ён. Дый не дзіва. Спакойна ішло жыццё. На сонцы загараў, у возеры
купаўся, малінамі ласаваўся… І раптам браканьеры, быццам снег сярод лета, на
галаву зваліліся.
--
У мяне ёсць прапанова, -- прашаптаў Заяц.
Мядзведзь
штурхнуў Зайца лапай у бок.
--
Слухаем цябе!
--
Давайце напішам на лістку паперы, што лес мае вялікае значэнне для жыцця на
ўсёй зямлі, -- сказаў Заяц.
--
А потым гэты лісток у палатку кінем? – здагадалася Ліса.
--
Напішам і кінем. Няхай прачытаюць браканьеры, -- прагаварыў Заяц.
--
Трэба напісаць так, каб дайшло да іх, – уставіў сваё слова Мядзведзь.
Заяц
ускочыў. Яму хацелася дзейнічаць, надакучыла ляжаць у густых кустах.
--
Напішам, што лес кісларод выдзяляе.
--
Я напішу, -- сказала Ліса і дастала з кішэні чырвоны блакноцік і аранжавую
ручку.
--
Пішы! – выдыхнуў Мядзведзь. – Пачні так. Браканьеры, не губіце лес. Лес
выдзяляе кісларод.
“Браканьеры,
не губіце лес. Лес выдзяляе кісларод”, -- напісала ў блакноціку Ліса і
запытальна паглядзела на суседзяў.
--
Яшчэ напішы, што кіслародам дыхаюць і людзі, і лясныя жыхары, -- падказаў Заяц.
“Кіслародам
дыхаюць і людзі, і лясныя жыхары”, -- роўнымі прыгожымі літарамі напісала Ліса.
--
Яшчэ напішы, што кісларод карысны, -- уставіў сваё слова Барсук.
--
Я ўжо напісала, што кіслародам дыхаюць і людзі, і лясныя жыхары, -- не
пагадзілася з Барсуком Ліса.
--
Значыць, на гэтым ставім кропку, -- падвёў вынік Мядзведзь.
Ліса
вырвала з блакноціка ліст і падняла ўгору.
--
Хто яго ў палатку кіне?
“Толькі
не я! Толькі не я!” – маланкай прабегла ў Барсука ў галаве.
--
Пакуль да палаткі дайду, увесь потам пакрыюся, -- вырвалася ў яго.
Заяц
з усмешкаю паглядзеў на Барсука.
--
Ад страху?
--
Ад страху, -- прызнаўся Барсук.
--
Я кіну, -- выказала жаданне Вавёрка. – Я вёрткая. Браканьеры не зловяць мяне,
калі нават заўважаць.
--
Ёсць у нас героі, -- сказала Ліса і працягнула Вавёрцы ліст.
Вавёрка
густа пачырванела. Яна заўсёды чырванела, калі яе хвалілі.
--
Ёсць! – паўтарыла Ліса.
Усміхнуўшыся,
Вавёрка ўзяла ў Лісы лісток і падбегла да палаткі.
--
Будзе нам! Будзе! – засоп носам Барсук.
--
Ты ў густых кустах сядзіш, нішто табе не пагражае, -- выказаўся Заяц.
--
Калі браканьеры заўважаць Вавёрку, то адразу здагадаюцца, што ў кустах сяджу,
-- буркнуў Барсук.
--
Не стой, кідай! – прашаптаў Мядзведзь. Ён вельмі хваляваўся, перажываў за
Вавёрку.
Вавёрка
быццам пачула яго шэпт. Яна кінула ліст у палатку і, распушыўшы хвост,
панеслася да сяброў.
Гісторыя чацвёртая
Праз
паўгадзіны браканьеры вылезлі з палаткі. Ваня трымаў у руках ліст з блакноціка
Лісы.
--
Усё-ткі заўважылі яны наш ліст, -- заварушыўся Барсук.
Мядзведзь
лапаю прыціснуў Барсука да зямлі.
--
Памаўчы, шаноўны!
--
Нейкую запіску нам падкінулі, -- звярнуўся да Сямёна Ваня.
Сямён
пазяхнуў, шырока адкрыўшы рот.
--
І што ж пішуць нам у запісцы?
--
Бра-кань-е-ры, не гу-бі-це лес. Лес вы-дзя-ля-е кіс-ла-род, -- па складах
прачытаў Ваня.
--
Глупства! – гучна зарагатаў Сямён.
--
Яны не вераць, што лес выдзяляе кісларод! – са здзіўленнем прагаварыў Заяц.
--
Калі б верылі, то не высякалі б дрэвы, -- зазначыў Мядзведзь.
Ваня
тым часам паднёс запіску да самых вачэй.
--
Тут яшчэ штосьці напісана.
Сямён
махнуў рукою.
--
Чытай.
--
Кіс-ла-ро-дам ды-ха-юць і лю-дзі, і ляс-ны-я жы-ха-ры, -- запінаючыся на кожным
складзе, прачытаў Ваня.
--
Я дыхаю паветрам, а не кіслародам! --
выгукнуў Сямён і на поўныя грудзі ўдыхнуў лясное паветра.
--
Яны не ведаюць, што паветра складаецца з газаў, што кісларод уваходзіць у
паветра! – сказаў Заяц. “У школе гэтыя браканьеры былі двоечнікамі, няйначай.
Магчыма, зусім не хадзілі ў школу. Гулялі, цешыліся, пакуль браканьерамі не
сталі”, -- падумаў ён.
--
Хто напісаў гэта глупства? – уволю надыхаўшыся свежым лясным паветрам,
пацікавіўся Сямён.
--
Няма подпісу, -- адказаў Ваня і азірнуўся.
“А
яны баяцца нас. Вось каб цяпер выскачыць і зараўці!” – падумаў Мядзведзь, але
адразу ж адагнаў гэту думку. Як і іншыя звяры, з людзьмі ён стараўся жыць
мірна, без сваркі.
--
Думаю, што звяры напісалі. Не хочуць, каб мы іх трывожылі, -- выказаў здагадку
Сямён.
Ваня
разарваў запіску на шматкі і кінуў пад ногі.
--
Не люблю звяроў! Не хачу разам з імі жыць.
--
І я не люблю звяроў! – падтакнуў Сямён. – Асабліва вавёрак і зайцаў. Яны ўжо
нават нас, браканьераў, не баяцца. Бывае, каля самых хат прабягаюць.
--
Паўцякаюць, далёка пабягуць, калі выражам увесь лясок, -- прагаварыў Ваня і
ўзяўся за бензапілу. – Прыступім?
Сямён
пазяхнуў. У яго аж пашчэнкі гучна хруснулі.
--
Давай крыху пазагараем. А потым прыступім.
--
На траўцы пазагараем?
--
На шаўкавістай траўцы.
Ваня
паставіў бензапілу на зямлю.
--
Можна і пазагараць. Работа не воўк. У лес не ўцячэ.
Сябрукі
ляглі на шаўкавістую траўку і заплюшчылі вочы.
Гісторыя пятая
--
Яны зноў спяць! – прашаптаў Заяц.
--
Загараюць, -- удакладніў Мядзведзь.
--
Я таксама цяпер пазагараў бы, -- пазайздросціў браканьерам Барсук.
--
Побач з імі лёг бы і загараў бы? – вырашыла пажартаваць Ліса.
--
Ні за што на свеце! – усклікнуў Барсук. Не па сабе яму стала, як уявіў, што ляжыць побач з
барканьерамі.
У
траве, якая расла ў кустах, празвінеў Камарык.
--
Разгаманіліся і Камарыка разбудзілі, -- заўважыў Мядзведзь.
--
Як жа нам браканьераў з нашага ляска прагнаць? – прамовіла Ліса.
--
Давайце Камарыка папросім, каб прагнаў, -- прапанаваў Заяц. Нечакана, быццам
сама сабою, з’явілася гэтая думка ў яго галаве.
--
Так, так, -- два разы паўтарыў Мядзведзь і паклікаў: -- Камарык, насаценькі
тварык!
Камарык
тоненька прагудзеў і ўзляцеў, сеў на галінку кусціка.
--
Чаго хочаш, паважаны?
Камарык
заўсёды называў Мядзведзя паважаным.
--
Браканьеры да нас прыехалі, на Сунічнай палянцы, як гаспадары, разлягліся і
загараюць, -- паведаміў Мядзведзь.
--
Бачу, -- прамовіў Камарык.
--
Яны ўвесь наш лясок хочуць знішчыць, -- падала голас Вавёрка.
--
Дапамажы іх прагнаць, -- папрасіла Ліса.
Камарык
пакалыхаўся на галінцы і адказаў:
--
Вечарам праганю. Мы, камарыкі, толькі вечарам з кустоў вылятаем, гуляем.
--
Да вечару яны ўсе кусты знішчаць, бензапіламі спілуюць, -- сказаў Мядзведзь. Ён
ведаў, што камарыкі ўпартыя, іх нялёгка пераканаць.
--
Магчыма, не знішчаць, -- прапішчаў Камарык.
--
Я таксама думаў, што яны да маёй нары не дабяруцца, -- уступіў у размову
Барсук.
--
Ужо дабраліся? – усклікнуў Камарык.
Барсук
цяжка ўздыхнуў.
--
Пакуль не дабраліся, але дабяруцца. Паляжаў у кустах і зразумеў, дайшло да
мяне.
--
Дайце крыху падумаць, -- папрасіў Камарык і закалыхаўся на галінцы.
--
Ён не засне, сам сябе не закалыша? – зірнуўшы на Камарыка, занепакоіўся Заяц.
Было
відаць, што Камарык пакрыўдзіўся. У яго нават слёзкі на вачах выступілі. Ён
хуценька змахнуў іх лапкай і адпарыраваў:
--
Не засну. Я ўжо выспаўся. А вам параіў бы памочніка мне знайсці.
--
Каго-небудзь з нас з сабою хочаш узяць? – пацікавілася Вавёрка. “Калі пакліча
мяне, пайду з ім, не пабаюся браканьераў”, -- вырашыла яна.
--
Авадня разбудзіце, -- сказаў Камарык. – Ён дзесьці паблізу спіць.
--
А я ўжо прачнуўся, -- данеслася з травы.
--
Пакараем браканьераў? – звярнуўся да Авадня Камарык.
--
Пакараем! -- адказаў Авадзень і злосна загудзеў.
Гісторыя шостая
Як
два імклівыя самалёцікі, Камарык і Авадзень панесліся на Сунічную палянку.
Ціха-ціха стала навокал. Так звычайна бывае перад вялікай навальніцай.
--
Будзе! Зараз нешта будзе! – прамовіў Барсук.
--
Глядзі і запамінай, -- сказаў Барсуку Мядзведзь. Потым кнігу напішаш.
--
Ліса кнігу напіша. Яна ў нас граматная, -- заўважыў Барсук.
--
Абавязкова напішу, -- паабяцала Ліса. Яна даўно хацела напісаць цікавую кнігу,
але не ведала, якую тэму выбраць для яе.
--
Атакуем! Атакуем! – усклікнулі Камарык і Авадзень і закружыліся над
браканьерамі.
--
Бачыце, як кружацца? – паказаўшы на Авадня і Камарыка, прагаварыў Мядзведзь. --
Браканьераў з панталыку хочуць збіць.
--
Каб напасці знянацку? – запытаўся Барсук.
--
Каб не разабраліся яны, што адбываецца тут, -- сказаў Мядзведзь і гукнуў,
прыўзняўшыся: -- Шаноўныя, хутчэй атакуйце браканьераў! Пара!
Камарык
і Авадзень разам спікіравалі на браканьераў і, відаць, балюча ўджалілі. Як
апараныя кіпнем, падскочылі браканьеры.
--
На нас напалі! – закрычаў Ваня.
--
Хто? – спрасонку не зразумеў Сямён. Моцна заснуў ён, лежачы на мяккай
шаўкавістай траўцы.
Ваня
торкнуў пальцам, паказаўшы на Камарыка і Авадня.
--
Камар і Авадзень! Чуеш, як сярдзіта гудзяць?
--
Яны нас чамусьці неўзлюбілі! – выкрыкнуў Сямён.
--
Яны нас з лесу хочуць прагнаць! – здагадаўся Ваня.
--
А ты не паддавайся, кулакамі адбівайся! – падказаў Сямён.
Браканьеры
сцялі кулакі і замахалі рукамі. А Камарык і Авадзень злосна гудзяць, пікіруюць,
балюча джаляць браканьераў.
--
Зараз яны ўцякуць, здадуцца, -- засмяяўся Заяц.
--
І нам трэба падключыцца, большы страх на браканьераў нагнаць, -- звярнуўся да
суседзяў Мядзведзь. – Хто “за”?
Заяц,
Ліса, Вавёрка і Барсук хуценька паднялі лапы.
--
Па маёй камандзе разам закрычым! – сказаў Мядзведзь.
--
Я не ўмею крычаць. Я ўмею толькі прарэзліва пішчаць, -- паведаміў Заяц. – Можна
запішчаць?
--
Можна, -- дазволіў Мядзведзь і махнуў лапай.
Што
ёсць сілы закрычалі Ліса, Барсук, Вавёрка і Мядзведзь, а Заяц прарэзліва
запішчаў.
--
У Камарыка і Авадня група падтрымкі! – гукнуў Ваня.
--
Дзе яна? – закруціў галавою Сямён.
--
У кустах сядзіць! – крыкнуў Ваня і на карачках палез у палатку.
--
Прападаем! – гукнуў Сямён і палез за Ванем.
Гісторыя сёмая
Сядзяць
браканьеры ў палатцы, калоцяцца, а Камарык і Авадзень лятаюць вакол палаткі,
гудзяць сярдзіта.
--
Цяпер Ваня і Сямён з палаткі ніколі не вылезуць, -- зірнуўшы на палатку,
зазначыў Заяц.
--
Яны з намі будуць жыць? – вырвалася ў Барсука.
--
Іх трэба гнаць з нашага ляска! – прамовіў Мядзведзь.
--
Куды? – не зразумеў Барсук.
--
Дамоў. У кожнага ёсць свой дом, -- выказаўся Мядзведзь.
“У
мяне таксама ёсць свой дом. А можа так стацца, што не будзе яго”, -- падумаў
Барсук.
--
Эй! Група падтрымкі! – данёсся з палаткі голас Вані.
--
Браканьеры, здаецца, клічуць нас! – устрапянулася Ліса.
--
Здаецца, клічуць, -- прагаварыў Мядзведзь і наставіў вушы, прыслухоўваючыся.
--
Вы нас чуеце? – зноў гукнуў Ваня.
Мядзведзь
устаў і таксама гукнуў, дудачкай каля рота склаўшы лапы:
--
Добра чуем!
--
Вы можаце выйсці з кустоў?
--
На перагаворы?
--
На самыя лепшыя перагаворы.
--
Яны, напэўна, здаюцца, -- выказала здагадку Вавёрка.
--
Зараз праверым, -- сказаў Мядзведзь і выйшаў на палянку.
Тут
як тут Ліса, Заяц, Барсук і Вавёрка. Стаяць каля Мядзведзя, у любую хвіліну
гатовыя яго абараніць.
--
Вылазьце, няпрошаныя госцейкі! – паклікаў Мядзведзь.
--
Пачынаем перагаворы? – прагаварыў Ваня, разам з Сямёнам высунуўшыся з палаткі.
--
Мы ўжо, здаецца, пачалі іх, -- усміхнуўся Мядзведзь.
Ваня
заморгаў вачыма і ўсхліпнуў.
--
Выпусціце нас адгэтуль.
--
Калі ласка! -- дадаў Сямён.
“Вось
як вы загаварылі!” – падумаў Мядзведзь і звярнуўся да сваіх суседзяў:
--
Выпусцім іх?
--
Няхай бягуць, -- азваўся Барсук.
--
Не, – не пагадзіўся з Барсуком Заяц. – Няхай на трактары едуць. Няхай забіраюць
яго.
--
І палатку таксама няхай забіраюць. Яна не патрэбна нам, -- уставіла сваё слова
Вавёрка.
--
Будзе пра што мне напісаць! – прамовіла Ліса.
--
Усё забярэм. Толькі Камарыка і Авадня праганіце, -- пусціў слязу Ваня.
--
Мы не будзем іх праганяць, -- сказаў Мядзведзь. – Мы папросім іх, каб дамоў
паляцелі.
--
Мы ўжо ляцім, ляцім, -- прагудзелі Камарык і Авадзень і паляцелі.
А
браканьеры Ваня і Сямён неўзабаве пакінулі лясок.
Сем гісторый з жыцця цацак
У цёмнай
каморцы (гісторыя першая)
У адным ляску стаяў вялікі і
прывабны магазін "Цацкі", дзе лясныя жыхары куплялі падарункі сваім
маленькім дзеткам. Яны прыходзілі ў прасторную залу і доўга хадзілі там,
пазіраючы на паліцы. На паліцах стаялі самыя розныя цацкі, вабячы сваёй прыгажосцю.
Але ў магазіне, акрамя залы,
была і невялікая каморка, у якой на палічцы, зробленай са звычайнай дошкі,
таксама стаялі цацкі: Конь, Мядзведзік, Вавёрачка і Слонік, які міжволі
ўздрыгваў, калі праз разбітую шыбу акенца ў каморку залятаў халодны вецер.
Гэтыя цацкі ніхто не купляў,
бо, як сказаў вусаты загадчык магазіна, усе яны мелі дэфекты. Мядзведзік быў
тоўсты-тоўсты, як надзьмуты паветраны шарык. За гэта яго празвалі Круглячком.
Конь быў вялікі, нібы слон, а Слонік маленькі. Яго хвосцік нагадваў мышыны. З
Вавёрачкі фарба аблезла, і яна стала паласатая, быццам тыгр.
Вавёрачка сябравала са Слонікам,
часта прыходзіла да яго ў госці.
Аднаго дня загадчык магазіна
зайшоў у каморку і, зірнуўшы на цацкі, буркнуў пад нос:
-- Ноччу вынесу і спалю вас!
-- Не паліце нас! – не
вытрываў Конь. Яму хацелася заржаць на ўвесь голас, каб спалохаўся вусаты
загадчык і назаўжды пакінуў каморку.
-- Мы не хочам гарэць у
агні. Агонь пякучы, -- азваўся з цёмнага кута Круглячок. Хоць і страшна яму
стала, але ён вырашыў падтрымаць Каня.
Вусаты загадчык правёў
пальцам па паліцы і незадаволена паморшчыўся.
-- Вы тут толькі месца
займаеце. Вас ніхто ніколі не купіць.
-- Купяць, -- сказала
Вавёрачка, -- калі вы адвезяце нас на фабрыку і папросіце, каб адрамантавалі.
-- Калі нас адрамантуюць, мы
станем прыгожыя, -- прамовіў Слонік, падумаўшы пра сябе: “Мая сяброўка самая
разумная вавёрачка. У яе ёсць чаму павучыцца”.
Загадчык зарагатаў так
гучна, што яго тоўсты жывот, падпяразаны шырокай раменнай папругай,
закалыхаўся, як калышуцца хвалі пад караблём у час марской буры.
-- Бясплатна ніхто не
рамантуе, дзівакі! За рамонт вялікія грошы трэба заплаціць. А потым… Невядома,
ці потым купяць вас… Не, не хачу рызыкаваць. Бізнес у мяне.
-- Што такое бізнес? –
нясмела запыталася Вавёрачка. Яна першы раз пачула такое слова.
-- Бізнес – гэта вялікі
заробак, калі за адзін дзень шмат грошай у дзве кішэні можна пакласці, --
растлумачыў вусач і ўсміхнуўся, задаволены сабою. Няхай гэтыя няшчасныя цацкі
не лічаць яго сваім ворагам. Не ён, а невядомы страшны бізнес ім пагражае.
Цацкі сцішыліся, замаўчалі.
А загадчык заспяваў, каб нагнаць яшчэ больш жудасці:
Запалю ноччу касцёр.
Няхай цягнецца да зор.
Няхай ён гарыць, трашчыць.
Няхай душу ледзяніць.
Бізнес гэта патрабуе.
Грошы ён мне намалюе.
-- Адпусціце нас! – раптам
выкрыкнуў Конь і страсянуў грывай. Здавалася, вось-вось у бой кінецца.
-- Калі ласка, -- дадала
Вавёрчка і лапкай змахнула дзве слязінкі з вачэй.
“А няхай яны ідуць куды
хочуць. Запалкі на іх шкада траціць! Дый бяссонная ночка выдасца ў мяне. Потым
цэлы дзень у магазіне буду стаяць і на ўвесь рот пазяхаць, пакупнікоў
палохаць”, -- падумаў вусаты загадчык і
сказаў:
-- Ідзіце, калі зможаце
выбрацца.
-- Мы выберамся на волю,
абавязкова выберамся, -- адказаў Слонік, хоць і не ведаў, як яны будуць
выбірацца на двор з гэтай цёмнай каморкі.
Праз разбітае акенца (гісторыя другая)
Загадчык магазіна пайшоў,
павесіўшы на дзверы надзейны замок.
-- Праз дзверы нам цяпер не
выбрацца, -- цяжка ўздыхнула Вавёрачка і апусціла галаву. На нейкую хвіліну яна
разгубілася, не ведала, што рабіць.
-- Калі ўсе разам навалімся
на дзверы, то, магчыма, адчынім іх, -- гучна прагаварыў Слонік. Яму вельмі
хацелася ў гэтую цяжкую хвіліну дапамагчы Вавёрачцы.
-- Ты хочаш выламаць іх? –
звярнуўся да Слоніка Круглячок.
Слонік кіўнуў галавою.
-- Прыйдзецца.
-- Калі загадчык магазіна
пачуе, што дзверы трашчаць, то па галоўцы цябе не пагладзіць, -- з дакорам
прагаварыў Круглячок. Не спадабалася яму прапанова Слоніка.
Праз разбітае акенца ў
цёмную каморку ўварваўся лагодны Ветрык. Імкліва прабегся па столі, затым
апусціўся на падлогу і затаіўся ў куце. Зацікавіла яго размова цацак.
-- Я ведаю, як выбрацца з
каморкі! – падаў голас Конь.
Вавёрачка, Круглячок і
Слонік з надзеяю паглядзелі на Каня.
А той кіўнуў галавою,
паказаўшы на акенца.
-- Праз разбітае акенца
вылезем.
-- Хто першы палезе? – не
вытрываў Круглячок. Яму так хацелася хутчэй апынуцца за сценамі каморкі і на
поўныя грудзі ўдыхнуць свежае паветра, настоенае на духмянай смале!
Мядзведзік ведаў, што адразу
ж за каморкай пачынаецца лес. Не раз і не два ён чуў, як там, пераклікаючыся,
спяваюць птушкі, як дзынькаюць пчолкі, збіраючы мёд.
-- Першая палезе Вавёрачка,
-- вырашыў Конь. Ён вельмі паважаў Вавёрачку. Кожную раніцу яна старанна
падмятала падлогу ў каморцы, пыл на палічцы выцірала, а яшчэ добрага дня і
добрай ночы ўсім ім ад душы жадала, настрой паднімала.
-- Не! – неспадзявана
ўсклікнуў Слонік.
-- Ты не хочаш, каб
Вавёрачка першая выбралася з каморкі? – вырашыў удакладніць Круглячок. “Ты не
хочаш, каб яна першая ўбачыла яркае сонца, зялёную траву і пачула лясныя
галасы”, -- яшчэ хацеў сказаць ён, але Слонік апярэдзіў яго:
-- Каля магазіна, магчыма,
злосныя сабакі стаяць. Усёй зграяй нападуць яны на Вавёрачку.
Сапраўды, да магазіна
“Цацкі” кожны дзень прыбягалі злосныя сабакі і брахалі, падвываючы.
-- Клічуць мяне, хочуць, каб
вартаўнікамі іх узяў, -- аднаго разу заўважыў вусаты загадчык. – Без іх
абыдуся. Мой магазін замочак вартуе.
-- Цяжка прыйдзецца
Вавёрачцы, калі сабакі нападуць на яе, – звярнуўся да сяброў Слонік.
“Пакусаюць яны мяне, не
пашкадуюць. Я маленькая, не адаб’юся ад іх”, -- падумала Вавёрачка і сцялася.
-- Так, так! – у задуменні
прамовіў Конь. – Спачатку нам трэба даведацца, ці няма паблізу сабак.
-- Я даведаюся! – заявіў
Слонік.
-- Ты пойдзеш у разведку? –
запытаўся Конь. Ён чуў, як аднаго разу пакупнікі расказвалі, што глядзелі фільм
пра разведчыкаў, якія падманулі ворагаў і ўсё-ўсё пра іх праведалі.
“Няма злосных сабак каля
магазіна. Не бойцеся”, -- хацеў сказаць з кута Ветрык, але не паспеў.
-- Пайду! – сказаў Слонік і
як га сказаць выбраўся на двор.
-- Слонік на дварэ адзін!
Яму там страшна! – захвалявалася Вавёрачка.
-- Вылазьце! – данёсся ў
каморку голас Слоніка. – Каля магазіна няма сабак. Я ўжо разведаў.
Праз разбітае акенца
Вавёрачка, Круглячок і Конь вылезлі на двор. Услед за імі вылецеў цікаўны
Ветрык.
Сустрэча з Сарокай (гісторыя трэцяя)
Цацкі апынуліся на невялікай
сунічнай палянцы. Пры дарозе на пяньку Конь заўважыў ліст паперы, на
якім было напісана:
ён: вецер
яна: цацка
яно: акенца
-- Гэта нейкае
зашыфраванае пісьмо! --
усклікнула Вавёрачка і з надзеяй паглядзела на Каня. -- Ты зможаш яго разгадаць?
-- Не ведаю! -- разгубіўся Конь.
-- А ты пастарайся! –
падахвоціў Каня Слонік. Ён добра ведаў: калі добра пастарацца, то шмат
карыснага можна зрабіць.
-- Давай разам пастараемся,
-- прапанаваў Конь.
-- Давай, -- адразу ж
пагадзіўся Слонік.
-- І я з вамі падумаю,
пастараюся! – усклікнуў Круглячок. Яму таксама вельмі хацелася даведацца, што
азначаюць словы, напісаныя на лістку. “Магчыма, яны дапамогуць нам у нашай
бядзе, нешта падкажуць, падтрымаюць. Слова вялікую сілу мае. Так многія кажуць:
і людзі, і цацкі”, -- падумалася яму.
-- Сябры! – нечакана
данеслася з вышыні.
Вавёрачка, Конь, Слонік і
Круглячок зірнулі ўгару і ўбачылі на бярозе, якая расла непадалёку, белабокую
Сароку. Яна сядзела на тоўстым суку і калыхалася.
-- Я ведаю, што напісана на
лістку! – застракатала Сарока. – Растлумачыць вам?
-- Калі ласка! -- дружна закрычалі цацкі.
Сарока апусцілася на высокі
замшэлы пень і адразу ж стала тлумачыць:
-- На лістку напісаны
тры групы слоў -- тры роды назоўнікаў.
-- Якія роды? -- запытаўся Конь.
-- Вось ты, Конь,
якога роду?
Конь апусціў галаву.
-- Я без роду, без
племені.
-- Такога не можа
быць, -- прамовіла Сарока і, расказаўшы
цацкам пра род назоўнікаў,
запыталася:
-- Запомнілі, якога роду і
ліку бываюць назоўнікі?
-- Запомнілі! -- за ўсіх адказаў Конь. – Я адношуся да мужчынскага роду.
-- Я таксама адношуся да
мужчынскага роду, як і мой сябар Слонік! – падхапіў Круглячок.
-- Так, -- кіўнуў галавою
Слонік і ўсміхнуўся, задаволены. Яму спадабалася, што адносіцца да мужчынскага
роду. У душы ён даўно лічыў сябе сапраўдным мужчынам.
-- А я!.. Я да жаночага роду
адношуся! – прамовіла Вавёрачка і заморгала вачыма-бусінкамі. Незвычайнае
адкрыццё зрабіла яна для сябе.
“З гэтымі цацкамі не
засумуеш”, -- падумаў цікаўны Ветрык.
Удзячныя слухачы (гісторыя чацвёртая)
Сарока падскочыла на суку і
прагаварыла з дакорам:
-- Чаго ж вы, цацкі, па лесе
гуляеце? Па-мойму, ваша месца ў магазіне.
Конь пачырванеў і ціха
сказаў:
-- Загадчык магазіна днямі і начамі трымаў нас у цёмнай каморцы, бо мы непрыгожыя.
-- Усе мы з
дэфектамі, -- дадаў
Мядзведзік.
-- Мы нікому не
патрэбныя, -- падаў голас
Слонік.
-- Нам ніхто не рады,
-- усхліпнула Вавёрачка.
-- Як жа вы тут апынуліся? -- запыталася Сарока. – Загадчык магазіна
выкінуў вас з каморкі?
-- Гэтай ноччу ён нас хацеў
спаліць, -- прамовіў Конь і тупнуў капытцам па зялёнай траве, якая доўгім
шырокім дываном слалася па зямлі. – Ледзь упрасілі, каб адпусціў.
-- Загадчык магазіна вас
назусім адпусціў? – вырашыла ўдакладніць дапытлівая Сарока.
-- Назусім, бо нікому не
патрэбныя! – паўтарыў Слонік.
-- Такога не можа
быць! -- затрывожылася,
засакатала Сарока. -- Мне вы
вельмі патрэбныя!
-- Навошта? -- разам усклікнулі цацкі.
-- У якасці слухачоў!
Я з самага ранку лятаю, удзячных
слухачоў шукаю, адну цікавую
гісторыю хачу расказаць. Ды чамусьці сёння ніхто мяне не слухае, усе занятыя,
кудысьці спяшаюцца. І Заяц, і Ліса,
і Барсук.
-- Раскажы цікавую гісторыю. Мы з радасцю цябе паслухаем, -- усміхнуўся Конь.
-- Мы любім слухаць цікавыя гісторыі! -- падтрымала Каня Вавёрачка.
Сарока пакалыхалася на суку
і стала расказваць:
-- Аднаго разу я з сябрам
Шпачком сустрэлася. Шпачок, скажу вам па сакрэту, часта забываецца. Неяк у
дождж без парасона з хаты вылецеў. А ў той дзень я паказала на грыб рыжык і
запыталася ў яго:
-- Як называецца гэты грыб?
-- Ён правільна назваў яго?
– не вытрымаў Конь.
-- Не. Галавою пакруціў,
уздыхнуў цяжка-цяжка і папрасіў: “Падкажы так, каб здагадаўся”.
-- Ёсць розныя грыбы. І
мухаморы, і сыраежкі, -- пачала пералічваць я.
А Шпачок падскочыў і
ўсклікнуў:
-- Гэта мухаежка!
Конь, Вавёрачка, Мядзведзік
і Слонік весела засмяяліся.
“Гэтыя слухачы самыя лепшыя,
самыя ўдзячныя”, -- падумала Сарока і прапанавала:
-- А яшчэ адну гісторую
хочаце паслухаць?
-- Мы ўжо слухаем цябе,
Сарока-белабока, -- за ўсіх адказаў Конь. Што ж, ён быў самы старэйшы тут,
сярод цацак. Яго самага першага прывезлі ў магазін.
-- Аднаго разу маленькі сын,
-- пачала расказваць новую гісторыю Сарока, -- прыйшоўшы дамоў, паведаміў:
-- Мама, у мяне шарык!
А мама расхвалявалася і
гукнула з суседняга пакоя:
-- Дзе ты ўзяў сабачку,
сынок?
-- Тая мама, напэўна, не
любіла сабачак, -- выказаў здагадку Круглячок.
Сарока кіўнула галавою і
закончыла гісторыю.
-- У мяне паветраны шарык!
-- растлумачыў усхваляванай маме сын.
Цацкі зноў дружна
засмяяліся.
-- Да пабачэння, сябры, --
прагаварыла задаволеная Сарока і паляцела, веерам распусціўшы доўгі хвост.
-- Добра было нам з Сарокай!
-- правёўшы вачыма лясную жыхарку, прамовілі Круглячок, Слонік, Вавёрачка і
Конь.
“Мне таксама было добра”, --
падумаў лагодны Ветрык.
Песенька пра сонейка (гісторыя пятая)
Знікла Сарока, схавалася за
густымі дрэвамі.
Нейкі час цацкі моўчкі
стаялі на палянцы.
-- Давайце прысядзем і на
залатое сонейка палюбуемся, -- парушыла маўчанне Вавёрачка.
Цацкі прыселі на зялёную
траўку і, прыжмурыўшыся, сталі глядзець на сонейка.
-- Цёпленька тут, грэе нас
сонейка, -- прагаварыў Круглячок і пазяхнуў. Размарыла яго сонейка, сон
нагнала.
-- Давайце песеньку пра
сонейка складзем і заспяваем, -- прапанаваў Конь. “Калі будзем сядзець вось
так, моўчкі, то неўзабаве ўсе пазасынаем на пацеху лясным звярам і птушкам”, --
падумаў ён.
-- А я ведаю, як пачаць
песеньку пра сонейка, -- адклікнуўся Слонік.
-- Слухаем цябе, --
заварушыўся, пажвавеў Круглячок.
-- Сонейка-сонца,
Свеціш нам бясконца, --
вось такі цікавы пачатак песенькі прыдумаў Слонік.
-- Свае промні пасылаеш, --
падхапіла Вавёрачка і запнулася. Яна не ведала, як закончыць песеньку.
-- Бо дабра усім жадаеш, --
прыйшоў на дапамогу Вавёрачцы Круглячок.
-- Цудоўная песенька ў нас
атрымалася, сябры! Па маёй камандзе зараз заспяваем разам, -- сказаў Конь і
махнуў грывай.
-- Сонейка-сонца,
Свеціш нам бясконца,
Свае промні пасылаеш,
Бо дабра усім жадаеш, --
дружна заспявалі цацкі.
Сваёй вясёлай песенькай насатага Камарыка яны разбудзілі.
Вылецеў ён з гушчару і
сярдзіта прагудзеў:
-- Хто называе сонейка
залатым?
-- Я сказала, што сонейка
залатое. Хіба не так? – заявіла Вавёрчка і затулілася лапкай. Яна ведала, што
Камарыкі, як і раз’юшаныя сабакі, знянацку могуць напасці і пакрыўдзіць.
-- Не так! Зусім не так!
Сонца не залатое! Яно слепіць і пячэ, не шкадуе! – разышоўся Камарык.
-- Сябры, я склаў цікавы
сказ! Паслухайце! Лёгкая хмарка праплыла над лесам! – усклікнуў Конь. Ён
вырашыў перавесці гаворку на іншае, не хацеў спрачацца з Камарыкам. “Камарык не
выспаўся, таму і такі злосны цяпер. Калі
будзем спрачацца з ім, то ён ніколі не супакоіцца”, -- падумалася яму.
-- А ў мяне ёсць кніга! –
пакружыўшыся, пахваліўся Камарык.
-- Напэўна, у магазіне яе
купіў, -- далей вядзе гаворку разумны Конь. Усё-ткі супакоіўся Камарык,
перастаў спрачацца, вырашыў пахваліцца.
-- Гэту кнігу Сарока на
дзень нараджэння мне падарыла, -- паведаміў Камарык.
Сапраўды, на мінулым тыдні
падарыла яму Сарока прыгожую кнігу. Ён, Камарык, паўдня цешыўся, малюнкі ў
кнізе разглядваў, а потым знайшоў зацішны куточак пад кусцікам і пачаў чытаць.
Да самага цямна чытаў.
-- Новую кнігу Сарока табе
падарыла? – нібыта здзівіўся Конь.
-- Канешне, новую. На дзень
нараджэння новыя падарункі прыносяць. У маёй кнізе шмат чаго напісана! – не
спыняецца, хваліцца Камарык. Няхай не думаюць гэтыя ганарыстыя цацкі, што ён з нейкага глухога
дрыгвяністага балота прыляцеў.
-- Прачытай, калі ласка,
што-небудзь, --
папрасіла
Камарыка Вавёрачка. “Калі я вырасту вялікая і буду мець шмат грошай, то цэлую
гару кніжак панакупляю”, -- падумала яна.
-- Слухайце! –
адказаў Камарык і прачытаў: -- Добра
летам адпачываць у густым малінніку.
-- Някепскі
сказ прыдумаў аўтар тваёй кнігі! – заўважыў Круглячок.
-- У гэтым
сказе ёсць прыметнік "густым". Дапамажыце мне вызначыць яго род і
лік, -- папрасіў Камарык.
Круглячок падняў угору
правую ножку, як людзі, бывае, паднімаюць указальны палец, калі штосьці
стараюцца даказаць.
-- Гэты прыметнік
мужчынскага роду множнага ліку, бо ён адказвае на пытанне я к о е?.
-- Няправільна! -- затрос галавою Камарык. Абурыўшыся, ён раздзьмуўся і стаў
тоўсты, нібы хрушч.
-- Чаму няправільна? –
уступіла ў размову Вавёрачка.
-- Бо я ведаю!.. Я ўжо ўсё
ведаю пра род і лік прыметнікаў, --
дудачкай выцягнуўся Камарык. -- Я
нядаўна ў сваёй кнізе прачытаў.
-- Чаму ж ты тады,
такі вялікі разумнік, пытаешся ў нас? -- здзівіўся Слонік.
-- А я хацеў
праверыць, на што вы здатныя! – прагаварыў Камарык і паляцеў.
Добрая прапанова (гісторыя шостая)
-- Яшчэ адна праверка. Не
вытрымалі мы яе, -- уздыхнула Вавёрачка.
-- Не вытрымалі. Мову нам
трэба вучыць, -- пагадзіўся з сяброўкай Конь.
-- Родную мову? – страсянуў
шырокімі вушамі Слонік, каб прагнаць кепскі настрой, які раптам наваліўся на
яго, апанаваў ім, як нядбры сон.
-- Канешне, родную! – на
ўвесь рот усміхнуўся Конь.
Вавёрачка шырока расплюшчыла
вочы. Ёй чамусьці здалося, што не на сунічнай палянцы, а перад гледачамі ў
незвычайным цацачным тэатры стаіць і выступае.
-- Наша мова самая
мілагучная! – сказала яна.
-- А для мяне яна самая
прыгожая, -- сказаў Круглячок і зірнуў на Каня. Цікава: што скажа на гэта
старэйшы сябар Конь?
-- Мову потым вывучым, не
палянуемся. Спачатку хату трэба пабудаваць, -- сказаў Конь.
-- Так, -- падтакнуў Круглячок. – На адкрытай палянцы не
будзеш жыць. Сёння сонейка свеціць, а заўтра дождж можа лінуць. Пад праліўным
дажджом доўга не пастаіш.
Вавёрачка абвяла позіркам
сяброў і заморгала вачыма-бусінкамі.
-- Я ні разу не будавала
хату, нават не ведаю, з чаго пачаць.
-- Спачатку трэба вырашыць,
-- строга, як вялікі знаўца, пачаў Слонік, -- колькі пакояў будзе ў нашай хаце.
-- Я скажу. Можна? – як
вучань на ўроку, высока падняў угору правую лапку мядзведзік.
-- Калі ласка, -- кіўнуў
галавою Конь.
Круглячок кашлянуў,
прачышчаючы горлачка. Ён вельмі хваляваўся. “Я ніколі ў сваёй хаце не жыў. У
сваёй хаце, напэўна, цёпла, весела і ўтульна”, -- прабегла ў яго галаве.
-- Мы цябе слухаем, Круглячок, -- напомніў Конь.
-- У нашай хаце будзе пяць
пакояў, -- нарэшце прагаварыў мядзведзік.
-- Але ж нас тут чацвёра, а
пакояў чамусьці будзе пяць. Навошта нам лішні пакой? -- здзівіўся Слонік. –
Лішні пакой – лішняя праца. Хіба не так я кажу?
-- Я здагадалася! Круглячок
у двух пакоях хоча жыць! – падскочыла Вавёрачка. “Калі ён зойме два пакоі, то
ўсе іншыя потым будуць зайздросціць яму. А зайздрасць да дабра не даводзіць.
Дзе зайздрасць, там і злосць, і сварка. Зайздрасць нашу сямейку разбурыць”, --
падумала яна.
-- Я не хачу жыць у двух
пакоях, -- хутка-хутка закруціў галавою Круглячок. Здавалася, цэлы рой пчол
знянацку накінуўся на яго.
-- А чаго ж ты тады хочаш?
Растлумач нам, -- азваўся Конь. Як і Вавёрачцы, яму не спадабалася прапанова
мядзведзіка.
-- У пятым пакоі мы гасцей
будзем прымаць, -- паведаміў Круглячок.
-- Някепска ты прыдумаў! --
прамовіў Слонік і моцна паціснуў Круглячку лапу.
-- У пятым пакоі мы будзем і
гасцей прымаць, і разам збірацца, -- прагаварыла Вавёрачка і прыязна
ўсміхнулася Круглячку. “Прабач, Круглячок, што кепска падумала пра цябе”, -- як
бы сказала яна мядзведзіку.
-- Так! – прамовіў Конь,
падумаўшы пра сябе:” Калі кожны з нас заўжды будзе жыць толькі ў сваім пакоі,
то аджчужымся мы, забудземся, што ёсць
словы “добрай раніцы”, “добры дзень”, “добры вечар”.
-- Значыць, у нашай хаце
будзе пяць пакояў. Вырашылі! -- падаў голас Слонік.
-- Не зусім вырашылі. Трэба,
каб і кухня ў хаце была! – усклікнула Вавёрачка. Жывучы ў змрочнай каморцы
вусатага загадчыка магазіна, яна не раз і не два ўяўляла, як на прасторнай
кухні ў нядзельку падрыхтуе для сваіх сяброў смачны полудзень і запросіць іх за
святочны стол.
-- Добрая прапанова
паступіла, цікавая! -- паглядзеўшы на Вавёрачку, зазначыў Конь.
Цацкі высока ўзнялі галовы і
пераглянуліся. Палову справы яны, можна сказаць, ужо зрабілі: разам вырашылі,
колькі пакояў будзе ў іх хаце.
Нядобры сусед (гісторыя сёмая)
-- Увага! Увага!
– раптам пачулася побач.
Цацкі
азірнуліся і ўбачылі шэрага Воўка. Не цацачнага, а сапраўднага, ляснога. Ён
стаяў каля куста ядлоўцу, падцяўшы хвот. Поўсць на ім была ўзбітая, калматая.
“Гэты
Воўк, відаць, нядаўна прачнуўся і яшчэ не памыўся і не прычасаўся”, -- падумала
Вавёрачка і запыталася:
-- Ты
Воўк?
--
Канешне, Воўк. Не пазналі? – ухмыльнуўся Воўк.
-- Да
гэтага ваўкоў толькі на малюнках мы бачылі, -- уступіў у размову Конь.
-- Ты
прыйшоў да нас у госці? – пацікавіўся ў Воўка Слонік.
Воўк
зарагатаў, як нядаўна вусаты загадчык магазіна ў каморцы.
-- Вы мае
госці, а я тут гаспадар!
-- Лес
усім дае прытулак: і птушкам, і звярам… -- пачаў пералічваць Круглячок. Ён
спадзяваўся, што знойдзе такія словы, ад якіх падабрэе Воўк.
-- А вас
ён не прыме! – перапыніў Круглячка Воўк.
“Гэты Воўк
не проста так сюды прыйшоў, штосьці задумаў ён”, -- падумаў Конь і прама
запытаўся ў шэрага:
-- Ты чаго
хочаш ад нас?
Воўк
аблізнуўся, нібы смачны кавалак мяса ўбачыў перад сабою.
-- На
сунічнай палянцы вы вырашылі пабудаваць цёплую хату? Так?
-- Так.
Пяць пакояў будзе ў нашай хаце, -- азваўся Конь. “Воўк чуў, як мы казалі, што
трэба пабудаваць хату. Мабыць, у густых кустах сядзеў і слухаў”, -- здагадаўся
ён.
-- Не
пяць, а шэсць! – выскаліўся Воўк.
-- Чаму
шэсць? – выгукнула Вавёрачка.
-- Адзін
пакой займу я.
-- Як
кватарант? – каб лепей чуць, паварушыў вушамі Слонік.
Быццам на
дзівака, паглядзеў Воўк на Слоніка.
-- Як
гаспадар.
-- Хіба ў
цябе няма сваёй хаты? – разгубіўся Круглячок. Яму здалося, што жартуе з імі
Воўк.
-- Ёсць.
Непадалёку стаіць мая хата, але я і ў вашай буду жыць. У сваёй, магчыма,
магазін адкрыю, -- заявіў Воўк і зноў аблізнуўся, як галодны.
-- Няма ў
цябе такога права: у нашай хаце жыць, -- колам выгнуў грудзі Круглячок. “Калі
спатрэбіцца, буду абараняць сваю хату”, -- вырашыў ён.
-- Я тут
першы пасяліўся – значыць, я тут гаспадар, -- заявіў Воўк.
-- Мы не
пусцім цябе ў нашу хату! – тупнуў капытцам Конь.
-- Вы не
пусціце мяне ў мой пакой? – на гэты раз здзівіўся Воўк. Не чакаў ён, што гэтыя
маленькія цацкі не пабаяцца яго.
Конь,
Круглячок, Слонік і Вавёрачка пераглянуліся і разам гукнулі:
-- Нават
на парог не пусцім!
Невядома,
чым закончылася б гэта спрэчка, калі б не прыляцела белабокая Сарока.
-- Воўча,
твой пакой у тваёй хаце! Там адпачывай колькі хочаш! – закрычала яна з бярозкі.
Наляцеў
Ветрык. Сарваў з бярозкі ліст і шпурнуў у Воўка. Спалохаўся Воўк і пацягнуўся ў
гушчар як нясолена паеўшы.
-- Сябры,
-- звярнулася да цацак Сарока, -- каля маёй хаты можаце пабудаваць сабе хату.
-- Мы не
супраць, -- падумаўшы, сказаў Конь. “Самая цёплая хата не прынясе радасці, калі
побач будуць жыць сварлівыя суседзі”, -- падумаў ён.
-- Вось і
цудоўна! – прастракатала Сарока. – Я вас са сваімі дзеткамі пазнаёмлю. Вашымі
рэпетытарамі яны хочуць стаць.
Вавёрачцы
здалося, што памылілася Сарока.
--
Настаўнікамі? Ты так хацела нам сказаць? – запытался яна.
-- Цяпер
усіх настаўнікаў рэпетытарамі называюць. Зразумелі? – прамовіла Сарока.
--
Зразумелі! – усклікнулі Круглячок, Вавёрачка, Слонік і Конь і з палёгкай
уздыхнулі. Хутка ўсе яны паселяцца ў новай хаце і будуць вучыцца ў рэпетытараў
– у дзетак белабокай Сарокі.
Гномікаў пенал
Жаданне Міколкі (гісторыя першая)
Кажуць, што пад Новы год
збываюцца ўсе жаданні. Толькі трэба добра-добра папрасіць Дзеда Мароза.
Паслухайце, што здарылася з
трэцякласнікам Міколкам.
У ноч пад Новы год Міколка
лёг на ложак і, заплюшчыўшы вочы, некалькі разоў папрасіў Дзеда Мароза, каб той
падарыў яму чарадзейны пенал.
За акном грымеў святочны
салют. Краіна адзначала Новы год, а стомлены Міколка непрыкметна заснуў.
Неўзабаве яму прыснілася,
што да яго прыйшоў не Дзед Мароз, а Гномік, падобны да Дзеда Мароза: у высокім
чырвоным каўпаку, з доўгаю сівою барадою, але зусім маленькі, нібыта цацачны.
Гномік спрытна ўскарабкаўся
на ложак, лёг побач з Міколкам на падушку і пацікавіўся:
-- Табе вельмі патрэбен
чарадзейны пенал?
-- Вельмі патрэбен. Хачу,
каб у мяне заўжды выходзілі роўныя лініі і прыгожыя літары, -- прызнаўся
Міколка. Гноміка ён зусім не баяўся. Яму здавалася, што даўно ведае яго, не раз
і не два сустракаўся з ім як з роўняй.
Гномік засмяяўся і
затрапятаў нагамі. Можна было падумаць, што нехта нябачны раптам пачаў казытаць
яго за пяты.
-- Хачу атрымаць чарадзейны
пенал. Хіба гэта забаронена? – з крыўдаю прагаварыў Міколка.
Гномік не даў прамога
адказу.
-- Кожны выбірае тое, што
хоча, -- сказаў.
“Ні на гэты Новы год, ні
наступны я не атрымаю чарадзейнага пенала”, -- падумаў Міколка. Яму чамусьці
стала шкада сябе. Слёзы наплылі на яго вочы.
-- Не адчайвайся, не бядуй.
Заўтра прачнешся рана-раненька і атрымаеш чарадзейны пенал. Ён будзе ляжаць пад
падушкай. Толькі не адкрывай яго, бо ўсё чарадзейства адразу ж знікне, --
папярэдзў Гномік.
Міколка рукою змахнуў з
вачэй слязінкі і ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
-- Закрыты пенал мне не
патрэбен.
-- У школе на ўроку яго
адкрыеш і выкарыстаеш, -- прамовіў Гномік.
-- Але ж заўтра ў нас
канікулы! – запярэчыў хлапчук.
-- Некалі скончацца яны.
Дачакаешся! -- нахмурыўся Гномік. Было
відаць, што ўзлаваўся ён. Сваімі пытаннямі Міколка вывеў яго з сябе.
-- Дачакаюся. Павер мне, --
паабяцаў Гноміку Міколка. Яму вельмі хацелася атрымаць чарадзейны пенал.
Гномік чамусьці хіхікнуў,
саскочыў з ложка і знік.
Падарунак (гісторыя другая)
Рана-раненька прачнуўся
Міколка. За акном завываў вецер, біў па шыбе белымі сняжынкамі.
Хлапчуку ўспомніўся нядаўні
сон. Ён засунуў руку пад падушку і намацаў штосьці цвёрдае.
Няўжо гэта пенал? Няўжо
збываецца яго жаданне?
Дзіўны сон. Быццам на яве,
Гномік з ім размаўляў.
-- Прачнуўся, сынок? –
данёсся з суседняга пакоя голас мамы.
-- Прачнуўся! – адказаў
Міколка і… выцягнуў з-пад падушкі невялікі драўляны пенал, на якім быў
намаляваны той самы Гномік у высокім чырвоным каўпаку.
-- Да ёлкі бяжы! Дзед Мароз
розных падарункаў табе панапрыносіў! – паведаміла мама.
Міколка прыціснуў да грудзей
пенал Гноміка. Яго цяпер амаль не цікавілі тыя падарункі, якія ляжалі пад
ёлкай. Ён трымаў у руках сапраўдны чарадзейны пенал. Хацелася зазізрнуць у яго
хоць праз шчылінку. Але Гномік забараніў гэта рабіць.
-- Сынок, бяжы хутчэй! –
паклікала мама.
Міколка схаваў пенал пад
падушку і накіраваўся ў суседні пакой, туды, дзе агеньчыкамі зіхацела святочная ёлка.
На ўроку матэматыкі (гісторыя трэцяя)
Міколка ледзь дачакаўся,
калі закончацца зімовыя канікулы. Доўга цягнуліся яны для яго.
У школу хлапчук прыйшоў
разам са сваім суседам па парце Рыгорам. Першым урокам у іх была матэматыка.
-- Дзеці, правядзіце, калі
ласка, прамую лінію, -- прапанавала настаўніца Ніна Пятроўна.
Міколка дастаў з партфеля
жаданы пенал і паклаў на парту.
-- У цябе новы пенал? –
адразу заўважыў Рыгор.
“Чарадзейны”, -- хацеў
пахваліцца Міколка, але стрымаўся. Невядома, што падумае Рыгор, пачуўшы гэта.
-- Мне яго падарылі, --
сказаў сціпла.
-- Хто? – прашаптаў Рыгор.
“Мабыць, развесяліўся б ты,
калі б раптам сказаў табе, што Гномік”, -- падумаў Міколка і таксама прашаптаў:
-- Гэта навагодні падарунак!
-- А гэта хто? – торкнуў
пальцам Рыгор, паказаўшы на Гноміка ў чырвоным каўпаку, які ўпрыгожваў
чарадзейны пенал.
Міколка не паспеў адказаць,
бо чарнявая Насця, якая сядзела перад імі, павярнулася і строга папярэдзіла:
-- Не шапчыцеся! Ніне
Пятроўне паведамлю.
Міколка локцем штурхнуў
Рыгора. Маўляў, маўчы. Ён добра ведаў, што Насця стрымае сваё слова. Яна любіць
паведамляць Ніне Пятроўне.
-- Дзеці, вы правялі прамую
лінію? – пацікавілася настаўніца.
Міколка набраў у грудзі
паветра, затым павольна выдыхнуў яго, быццам перад скачком з вышыні, і адчыніў
пенал. У пенале ляжалі жоўтая пластмасавая лінейка, востра заточаны аловак і
шарыкавая ручка.
“Цяпер без памылак буду
пісаць, стану выдатнікам. Чарадзейная ручка абавязкова мне дапаможа”, --
прабегла ў галаве Міколкі.
-- Лінію праводзь, не сядзі!
– напомніў Рыгор.
Міколка дастаў з пенала
лінейку і аловак, потым асцярожна паклаў лінейку на старонку сшытка і алоўкам
пачаў праводзіць прамую лінію. Лінейка раптам уздрыгнула, устрапянулася ў яго
руках, нібы жывая рыба, і аловак папоўз уніз. Не прамая, а зусім крывая лінія
выйшла ў Міколкі.
-- Хі-хі-хі… -- зірнуўшы на
крывую Міколкаву лінію, пырснуў смехам Рыгор.
“Гэтую крывізну я потым
вытру. А цяпер новую прамую лінію правяду”, -- вырашыў Міколка.
Ён зноў асцярожна паклаў
лінейку на старонку сшытка і алоўкам стаў праводзіць прамую лінію. На гэты раз
аловак устрапянуўся ў руках і папоўз уніз, выпісваючы зігзагі.
-- Міколка, у цябе аловак
без тармазоў! – не выцерпеў Рыгор.
-- Ніна Пятроўна, а Міколка
і Рыгор шэпчуцца і смяюцца,-- усхапіўшыся з-за парты, паведаміла Насця. І на
гэты раз яна стрымала сваё слова.
Да Міколкі наблізілася Ніна
Пятроўна і паглядзела ў сшытак.
-- Што ты тут намаляваў? –
са здзіўленнем прагаварыла яна.
-- Ніна Пятроўна, я правяду
прамую лінію! Пабачыце, што правяду! – няўпэўнена прагаварыў Міколка. Ён
адчуваў, што адбываецца нешта нядобрае, незразумелае.
Ніна Пятроўна паціснула
плячыма і адышлася ад Міколкі.
-- Дзеці, запішыце, калі
ласка, прыклад. Дванаццаць мінус сем… -- неўзабаве прагучаў яе роўны голас.
Міколка асцярожна дастаў з
пенала ручку і хацеў напісаць лічбу “1”, але ручка ў яго пальцах перакруцілася,
і замест лічбы “1” выйшла трэцяя крывая лінія.
-- Міколка-а!.. – працягла
прамовіў Рыгор.
-- Яны мяне не слухаюцца! –
прагаварыў Міколка.
-- Хто цябе не слухаецца? –
не зразумеў Рыгор.
У гэты час празвінеў званок.
У час перапынка (гісторыя чацвёртая)
У час перапынка Рыгор
пацікавіўся ў Міколкі:
-- Хто цябе не слухаецца?
Міколка апусціў галаву. Было
не было. Трэба казаць праўду. Магчыма, Рыгор што-небудзь параіць. Адна галава
добра, а дзве лепей.
-- Лінейка, аловак і ручка
мяне не слухаюцца, -- сказаў Міколка.
-- Тыя, з пенала? – вырашыў
удакладніць Рыгор.
Міколка кіўнуў галавою.
-- Тыя, з пенала.
Рыгор з недаверам паглядзеў
на Міколку. “Штосьці тут не так, нейкую тайну хаваеш ты”, -- падумаў ён.
“Калі сказаў “А”, то трэба
казаць і “Б”. Такую ісціну Міколка добра засвоіў.
-- Гэты пенал, -- сказаў ён,
-- у навагоднюю ноч мне падарыў Гномік.
Рыгор заморгаў вачыма. Яму
здалося, што не расслухаў сябра.
Міколка ў адчаі махнуў рукою
і паплёўся ў клас. Сеў за стол, як з цяжарам за плячыма.
Тут як тут Рыгор.
Прымасціўся побач з Міколкам. А Гномік у чырвоным каўпаку неспадзявана… паказаў
ім кончык ружовенькага язычка і ўхмыльнуўся.
Міколка хуценька зірнуў на
Рыгора.
-- Гномік нам язык паказаў!
Ты бачыў?
-- Паказаў язык і
ўхмыльнуўся, -- прамовіў Рыгор. Цяпер ён пераканаўся, што праўду сказаў яму
аднакласнік.
Нейкі час Міколка і Рыгор
сядзелі нерухома, як здранцвелыя.
“Трэба пазбавіцца” (гісторыя пятая)
Наступным урокам была
беларуская мова.
Рыгор кіўнуў галавою,
паказаўшы на пенал.
-- Табе трэба пазбавіцца ад
яго. Цяпер жа.
-- Як? – вырвалася ў
Міколкі.
Рыгор паціснуў плячыма.
-- Неяк трэба пазбавіцца.
-- Дзеці, запішыце ў сшытках
сённяшнюю дату, -- звярнулася да трэцякласнікаў настаўніца.
-- Ніна Пятроўна, --
ускочыла з-за парты Насця, -- у мяне ручка паламалася!
-- Дай ёй ручку з пенала
Гноміка, -- штурхнуў Міколку Рыгор. – Яна заслужыла!
“Някепска прыдумаў мой
сябар. Насця сапраўды заслужыла!” -- падумаў Міколка і працягнуў Насці ручку з
пенала Гноміка.
-- Маю вазьмі. Яна ў мяне
запасная.
Павярнуўшыся, Насця ўзяла ў
Міколкі ручку і падзякавала:
-- Дзякуй.
-- Зараз яна на ўвесь клас
закрычыць! – зірнуўшы на Міколку, зазначыў Рыгор.
Ён не памыліўся. Праз
хвіліну на ўвесь клас закрычала Насця:
-- Ніна Пятроўна, Міколкава
ручка непрыгожа піша!
Тонкія бровы Ніны Пятроўны
папаўзлі ўгору.
-- Насця, я не разумею цябе.
-- Яна выкручваецца ў руках,
быццам жывая! – усклікнула Насця і кінула ручку на парту Міколку.
Міколка ўзяў гэтую
непаслухмяную ручку і паклаў у пенал.
-- Не разумею! – паўтарыла
Ніна Пятроўна. Твар у яе пабялеў. Яна пахіснулася і схапілася рукамі за стол.
“Вось да чаго давёў Гномік
нашу любімую настаўніцу!” – падумаў Міколка і падышоў да стала.
Настаўніца са страхам
паглядзела на хлапчука.
-- Нешта хочаш сказаць мне?
Міколка прыўзняў пенал, каб
усе яго ўбачылі.
-- Ніна Пятроўна, гэты пенал
Гноміка!
Ніна Пятроўна ўважліва
паглядзела на малюнак Гноміка ў чырвоным каўпаку.
-- Гэтага Гноміка?
-- Гэты злосны Гномік, --
вырашыў дапамагчы сябру Рыгор, -- у навагоднюю ноч падарыў Міколку зачараваны
пенал.
Гномік у чырвоным каўпаку,
чаго не чакалі Рыгор і Міколка, высунуў кончык ружовага язычка і паказаў яго
Ніне Пятроўне.
Ніна Пятроўна заморгала
вачыма і паскардзілася трэцякласнікам:
-- Дзеці, Гномік мне язык
паказаў!
-- Не бойцеся яго, -- падаў
голас Рыгор і падбег да Ніны Пятроўны. Ён сціснуў кулачкі, гатовы ў любую
хвіліну абараніць яе.
“Хопіць, нагуляліся”, --
вырашыў Міколка. Ён падышоў да адчыненага акна і кінуў пенал.
Пенал Гноміка не ўпаў на
зямлю. Паляцеў, са свістам прарэзваючы паветра.
-- Новага гаспадара паляцеў
шукаць, -- выцягнуўшы шыю, зазначыў Рыгор.
-- Які на лёгкія адзнакі
спадзяецца, -- дадаў Міколка і з палёгкаю ўздыхнуў.
Скрыпка
Сем гісторый
Чаму людзі любілі Скрыпку
Жыла-была ў вёсцы Ліпкі Скрыпка. Не толькі ў Ліпках,
але і ў іншых навакольных вёсках пра яе ведалі.
--
Многае яна ўмее, -- слухаючы Скрыпку, іншы раз казалі людзі.
Сапраўды,
не толькі галасы людзей, але і гукі прыроды Скрыпка ўмела падрабляць. Аднаго
разу зайграла, загудзела. А людзі падумалі, што бура распачалася. У хаты
пахаваліся, вокны пазачынялі, навальніцы чакаюць.
--
Не бойцеся, людцы дарагія! Я не хацела вас палохаць! – гукнула Скрыпка і весела
зайграла.
Павыходзілі
з хатаў людзі, каля Скрыпкі сабраліся, усміхаюцца. Некаторыя сталі танцаваць,
развесяліліся. А Скрыпка грае, выцінае, танцораў у вясёлае кола запрашае.
Сонца ярка свеціць,
Дзверы адчыніла,
Вясну-прыгажуню
У госці запрасіла.
Жаданая госця
У маёй краіне.
З пірагамі сустракайце
Яе гаспадыні.
Птушачкі нябесныя,
Вясну сустракайце,
Песенькай вясёлаю
З раніцы вітайце.
Над узараным полем
Парок прыўзнімаецца.
Дыхае зямелька.
Спала, абуджаецца.
Булькаюць крынічкі,
Цякуць ручаінкі,
Лозка цягне ўгору
Гнуткія галінкі.
Клейкія лісточкі
Дрэвы аздабляюць,
У гняздзечках, як у хатках,
Птушанят схаваюць.
Выбег з лесу зайка,
Прысеў, пазірае,
Лапкаю старанна
Вочкі затуляе.
Коле ў вочкі сонца,
З зайчыкам гуляе.
Край мой беларускі
Вясну сустракае.
“Жавароначкі, ляціце!” –
Над краінай льецца, --
заспяваў малады хлопец Янка.
Свеціць сонца з неба,
Цешыцца, смяецца.
дружна падхапілі аднавяскоўцы.
Наспяваўшыся
і натанцаваўшыся, звярнуўся да Скрыпкі Янка:
--
На сваё вяселле хачу запрасіць цябе, шаноўная Скрыпка.
Заіскрыліся
вочы ў Скрыпкі. Яна любіла быць і на радзінах, і на вяселлях, не адмаўляла
людзям.
--
Пакажы сваю нявесту, Яначка, -- сказала, жартуючы.
Выйшла
з натоўпу Янкава нявеста Алеся і нізка пакланілася Скрыпцы.
--
Прымаю ваша запрашэнне, -- усміхнулася Скрыпка.
А
Янка ўжо да аднавяскоўцаў звярнуўся:
--
Людцы дарагія! У гэту суботу на наша вяселле прыходзьце!
--
Абавязкова прыйдзем, -- за ўсіх адказаў дзед Максім.
Воўк і Лясун
Непадалёку
ад Ліпак у густым ельніку жыў Лясун. Было яму тысячу гадоў, не меней. З таго
дня, як у вёсцы пасяліліся першыя людзі, з’явіўся ён у лесе. Не раз і не два
шкодзіў людзям, палохаў іх, хацеў, каб падпарадкаваліся яму, прызналі
гаспадаром. А людзі жылі незалежна, не зважаючы на Лесуна. Вельмі не падабалася
яму гэта.
Рана-раненька,
калі Лясун яшчэ спаў, у дзверы яго хаціны пастукаў шэры Воўк. Ён прыслужваў
лясному валадару, дапамагаў.
Лясун
пацягнуўся, расплюшчыў адно вока, потым другое і пазяхнуў так, што ў пашчэнках
штосьці хруснула.
--
Каго поначы прынесла нядобрая сіла? – прагаварыў, незадаволены.
--
Мяне прынесла нядобрая сіла. Важную навіну хачу табе паведаміць, -- з-за
дзвярэй азваўся Воўк.
Абазваўшы
Воўка рознымі кепскімі словамі, Лясун устаў і адчыніў дзверы.
Тут
як тут Воўк. Прысеў на дубовую калоду.
--
Слухаю цябе! – буркнуў Лясун.
--
У суботу, -- нясмела кашлянуўшы, пачаў Воўк, -- у Ліпках будзе вяселле. Янка
Алесю замуж бярэ.
Пачуўшы
гэтую навіну, Лясун адразу ж пра сон забыўся. Не любіў ён Янку. У мінулым годзе
гэты Янка каля самай яго хаціны ўсе грыбы і ягады пазбіраў, не пабаяўся.
--
Той самы Янка? – прамовіў Лесавік.
--
Той самы, які цябе ў пачатку лета ў хаціне зачыніў, на двор не даў выйсці. Не
спадабалася яму, што ты Алесю ў лесе напалохаў.
Лесавік
цяжка ўздыхнуў. Было такое. Падкраўся Янка да хаціны і дзверы калом падпёр. Да
самага вечару тады ён, Лясун, як палонны, прасядзеў у сваёй хаціне. Калі ўжо
сцямнела, Воўк на двор выпусціў. У той дзень нават зайцы смяяліся з яго,
Лесуна.
--
На сваё вяселле Янка Скрыпку запрасіў, каб весяліла, -- паведаміў Воўк і
падаўся наперад. Чакае, што гаспадар скажа.
Лясун
нахмурыў кусцістыя бровы і сказаў:
--
Не быць Скрыпцы на Янкавым вяселлі!
--
Не пусціш яе? У Ліпкі пойдзеш і бойку там распачнеш? – хіхікнуў Воўк. Ён ведаў,
што Лясун далей дрыгвяністага балота не ходзіць, у вёску носа не паказвае.
--
Смяешся з мяне, недарэка? – бліснуў вачыма лясны нячысцік.
Воўк
сцяўся, прыгнуўся. “Зараз злосны дзед свісне гнуткім дубцом па маёй спіне.
Дубцоў у яго хапае”, -- падумалася яму.
Лясун
пастаяў, паглядзеў на Воўка, як іншы раз сыты бусел глядзіць на жабу, і
запытаўся:
--
Ад каго пачуў пра вяселле?
--
Ад Барбоса, -- шчыра прызнаўся Воўк.
--
Ад Янкавага сабакі, які служыць табе?
--
Ад яго, --кіўнуў галавою Воўк. Не так даўно пазнаёміўся ён з Барбосам. Злавіў
на ўзлеску і напалохаў, сказаў, што Лесуну на расправу аддасць, калі не будзе
яму служыць. – Сёння Барбос мяне апаўдні на ўскрайку лесу каля цара-дуба будзе
чакаць.
--
Цудоўна! – гучна шчоўкнуў пальцамі Лясун. Павесялеў ён, падняўся ў яго настрой.
– Загадаеш Барбосу, каб прывёў Скрыпку да цара-дуба.
--
Не паслухаецца яна яго, -- засумняваўся Воўк.
--
Зрабіце так, каб паслухалася, прыдумайце што-небудзь.
”Прыйдзецца
паламаць галаву, каб дагадзіць Лесуну. Служба ў мяне такая”, -- падумаў Воўк і
выйшаў на двор.
--
Даўно трэба было забраць Скрыпку ў людзей. Чамусьці не здагадаўся я раней, --
уголас прагаварыў Лясун і заўсміхаўся.
Каля цара-дуба
Апаўдні
сустрэўся Воўк з Барбосам каля цара-дуба. Як незвычайны шырокі шацёр, стаяў ён
на ўзлеску.
--
Загад ад Лесуна хачу перадаць, -- не прывітаўшыся, пачаў Воўк. Ён, як сам казаў
знаёмым звярам, не цацкаўся з Барбосам, строга да яго адносіўся, каб яшчэ
большы страх нагнаць.
Барбос
падцяў хвост і заморгаў вачыма. “Прападу я з гэтым Воўкам, да пагібелі ён да
мяне давядзе”, -- падумалася яму.
Воўк
уважліва паглядзеў на Барбоса. Сабака апусціў галаву. Злосць, нянавісць і
пагарду ўбачыў ён у вачах ляснога драпежніка.
--
Прывядзі сюды Скрыпку! Каб праз гадзіну тут стаяла! – рэзка, як аддаюць
каманду, прагаварыў Воўк.
Барбос
закруціў галавою.
--
Я з ёю не сябрую!
Воўк
узяўся лапамі за жывот і зарагатаў.
--
Лясун з ёю вырашыў пасябраваць!
--
Скрыпка не захоча сустракацца з Лесуном. У яе ёсць сябры: Янка, Алеся, дзед
Максім, -- пачаў пералічваць Барбос.
--
А ты скажы ёй, што тут шмат каласавікоў нарасло, -- перапыніў Воўк. – Яна,
напэўна, любіць збіраць грыбы.
--
Любіць! – ледзь чутна прашаптаў Барбос і ніжэй апусціў галаву. Што ж выходзіць?
Здраднікам хоча зрабіць яго Воўк. Раней да гэтага не даходзіла. Звычайна
патрабаваў, каб кавалачак мяса ў Янкі сцягнуў і прынёс яму. А цяпер у самы бруд
штурхае. Здраднікаў у вёсцы не любяць, калі праведаюць, скажуць: “Пакінь,
браток, нашы Ліпкі. Ідзі адгэтуль, не мазоль нам вочы”.
--
Баішся, што станеш выгнаннікам? – адгадаў думкі Барбоса Воўк.
Барбос
кіўнуў галавою. Магчыма, зжаліцца над ім шэры разбойнік, пакіне ў спакоі.
Але
не тут тое было.
--
Зараз да Лесуна завяду. Ён з цябе тры шкуры спусціць, -- напалохаў Воўк.
Барбос
павярнуўся і павалокся, цягнучы па траве хвост.
Непадалёку,
на квяцістым лузе, ён убачыў Скрыпку. Яна сядзела на пагорачку і
прыслухоўвалася да гудзення пчолак, кожны іх гук запамінала, у душы адкладвала.
--
Добры дзень, Барбос, -- першаю прывіталася Скрыпка.
“Нядобры
ў мяне дзень”, -- ледзь не вырвалася ў Барбоса.
--
Нейкі невясёлы ты сёння, -- заўважыла Скрыпка.
“Жыццё
ў мяне сумнае, змрочнае”, -- падумаў сабака і сказаў, стараючыся не глядзець на
Скрыпку:
--
Каля цара-дуба, чуў ад людзей, за ноч грыбоў шмат нарасло.
--
Якіх? – зацікавілася Скрыпка.
--
Кажуць, каласавікоў.
--
Не жартуеш? – усклікнула Скрыпка. Яна ведала, што першыя грыбы яшчэ не
з’явіліся, яшчэ не закаласавала жыта на палетках.
“Хлушу
я, шаноўная, не вер мне”, -- зноў ледзь не вырвалася ў Барбоса.
--
Не жартуеш? – не дачакаўшыся адказу, паўтарыла Скрыпка.
--
А ты схадзі і правер! -- са злосцю прагаварыў Барбос. Зусім сапсаваўся ў яго
настрой. Яму здалося, што ўсе супраць яго: і Лясун, і Воўк, і Скрыпка, і Янка,
і Алеся, і дзед Максім.
--
Зараз збегаю туды і праверу, -- паведаміла сабаку Скрыпка.
Туман
Калі
сонца паднялося над Ліпкамі і над лесам, Лясун і Воўк прыцягнуліся да цара-дуба
і схаваліся ў густых кустах.
--
Магчыма, не прыйдзе сюды Скрыпка, не паверыць твайму Барбосу, -- занепакоіўся
Лясун. Вельмі ж хацелася яму цяпер жа ажыццявіць задуманае: забраць чароўную
Скрыпку ў людзей.
--
Паверыць! -- запэўніў ляснога валадара Воўк.
--
Але ж твой Барбос, напэўна, яшчэ не навучыўся махляваць. Нядаўна табе стаў
служыць, -- засоп носам Лясун.
Прыпякло
сонца, горача стала, вакол авадні і камары гудзяць, да Воўка і Лесуна стараюцца
дабрацца, пакусаць іх.
--
Страх хутка вучыць, ён самы лепшы настаўнік, -- прагаварыў Воўк і махнуў
хвастом, адганяючы надакучлівых аваднёў і камароў.
Лясун
зірнуў на Воўка і цяжка ўздыхнуў. Упершыню ён пашкадаваў, што няма ў яго
хваста.
“Чэк-чэк”,
-- адрывіста закрычала ў суседнім кусце буравата-шэрая Валасянка чорнагаловая.
--
Выдасць нас гэтая галасістая птушачка! – скрывіўся Воўк.
--
А ты скажы ёй, што яе гняздо заўтра знойдзеш і разбурыш, -- параіў Воўку Лясун.
Ён ведаў, што любімы занятак Воўка – птушыныя гнёзды разбураць, птушак з іх
выганяць.
--
Канешне, разбуру! – ашчэрыўся Воўк.
“Чэк-чэк”,
-- ціха азвалася Валасянка і замаўчала. Пачула яна размову гэтых двух
неразлучных ваякаў.
--
Што будзем рабіць, калі з’явіцца Скрыпка? – прамовіў Воўк і замаўчаў, быццам
вады ў рот набраў, бо ўбачыў непадалёку… Скрыпку.
Непрыкметна
наблізілася яна да цара-дуба і ўсклікнула са здзіўленнем:
--
Ніводнага грыбочка тут няма! Падмануў мяне Барбос.
“Чэк-чэк,
чэк-чэк”, -- закрычала Валасянка. Хоць і страшна ёй было, але вырашыла
папярэдзіць Скрыпку аб небяспецы.
Скрыпка
павярнулася ў бок Валасянкі.
--
Мне трэба ўцякаць? У кустах мае ворагі затаіліся, мяне чакаюць?
“Чэк-чэк,
чэк-чэк”, -- пачулася ў адказ.
--
Скрыпка зараз уцячэ! – лапай дакрануўся да Лесуна Воўк.
--
Вылезь і затрымай яе! – загадаў Лясун.
--
А ты? – прагаварыў Воўк. Ён не прывык дзейнічаць адзін. Разам са зграяй любіў
нападаць.
--
Ідзі! Я туман выклічу! – сказаў Лясун і штурхнуў Воўка ў бок.
Воўк
вылез з кустоў і прывітаўся са Скрыпкай як з сяброўкай:
--
Добры дзень, Скрыпачка!
--
Добры дзень, -- адказала Скрыпка і адступіла назад. Як і людзі, яна не давярала
лясному разбойніку.
Туман,
туман, наплывай,
Луг і дрэвы закрывай.
Скрыпку трэба мне злавіць
І ў хаціне зачыніць.
Няхай там яна сядзіць,
На
свет белы не глядзіць, --
прашаптаў Лясун.
Паслухаўся
туман Лесуна. Шэрымі клубамі, падобнымі на бухматыя хмаркі, выплыў на ўзлесак,
затуліў усё навокал, як незвычайнай ватай, нават вершаліну цара-дуба ад вачэй
схаваў.
--
Адкуль гэты туман з’явіўся? – на імгненне разгубілася Скрыпка.
--
Воўча, трымай яе! – галёкнуў Лясун.
Воўк
падскочыў да Скрыпкі і абедзвюма лапамі схапіў яе за грудзі.
--
Трымаю, пан Лясун!
Туман,
туман, уцякай,
Луг і дрэвы пакідай! --
заспяваў Лясун.
Туман
знік, як знікае раса пад промнямі сонца.
Лясун
пагладзіў бараду, выбраўся з кустоў і накіраваўся до Воўка і Скрыпкі.
“Чэк-чэк,
чэк-чэк!..” -- у адчаі закрычала Валасянка.
Патрабаванне
Разам
з Воўкам Лясун прывёў Скрыпку ў сваю хаціну і паказаў на тоўстую бярозавую
калоду.
--
Сядай!
Скрыпка
села на калоду, выцягнула доўгія ногі і з дакорам паківала галавою.
--
Схапілі і прывялі сюды сілком! Хіба можна так рабіць?
--
Нам усё можна, -- ухмыльнуўся Воўк. Ён заўжды радаваўся, нашкодзіўшы
каму-небудзь, на сёмым небе сябе адчуваў.
Лясун
уважліва, вывучаючы, глядзеў на Скрыпку. Ён ні разу вось так блізка яе не
бачыў.
--
Мяне людзі будуць шукаць, дабяруцца да вас, -- падала голас Скрыпка.
--
Не знойдуць, калі пан Лясун зноў туман пакліча, -- ухмыльнуўся Воўк.
--
У самым густым тумане Янка мяне знойдзе, -- упэўнена прагаварыла Скрыпка. Яна
не сумнявалася, што гэты добры вясковы хлопец знойдзе яе і вызваліць, выратуе.
“Такі, як ён, нікога ў бядзе не пакідае”, -- не раз і не два казалі пра яго
аднавяскоўцы.
--
Пацеш нас, Скрыпачка. Пайграй, паспявай, а мы з Воўчыкам паслухаем, -- уступіў
у размову Лясун. “Будзеш мне служыць, прымушу”, -- з-пад густых брывоў
пазіраючы на Скрыпку, падумаў ён.
--
Як у тэатры, паслухаем! -- хіхікнуў Воўк. Чуў ён ад старой Вароны, што ў
вялікіх гарадах ёсць незвычайныя тэатры, што людзі знарок туды прыходзяць, каб
музыку паслухаць.
Скрыпка
прамаўчала.
--
Усе песенькі забылася? – бліснуў вачыма Лясун.
І
на гэты раз Скрыпка прамаўчала. Яна не прывыкла спяваць пад прымусам, па
загаду.
--
Янкаву песню праспявай, -- прамовіў Воўк, дапамагаючы Лесуну. Ён быў упэўнены,
што Скрыпка доўга не вытрымае, здасца.
--
Як яна пачынаецца? Напомні Скрыпачцы, Воўчык, -- сказаў Лясун.
Воўк
наморшчыў лоб, успамінаючы.
--
Здаецца, так… Але, вось так.
Сонца ярка свеціць,
Дзверы адчыніла,
Вясну-прыгажуню
У госці запрасіла.
Скрыпка
цяжка ўздыхнула.
Лясун
прайшоўся каля Скрыпкі. “Можа, на нагу табе наступіць?” – падумаў. Напэўна, ён
так і зрабіў бы. З усёй сілы наступіў бы Скрыпцы на нагу, але Воўк усклікнуў:
--
Янкава песенькі ёй, відаць, не падабаюцца. Няхай нашы спявае.
--
Якія? – не дайшло да Лесуна. Да яго часта з першага разу не даходзіла.
--
Якія раней мы склалі! – паведаміў Воўк і аж засвяціўся ад шчасця. Вялікім
лясным паэтам сябе ўявіў.
Лясун
сеў насупраць Скрыпкі на дубовую калоду. Усё-ткі натаміўся, нахадзіўся ён за
дзень.
--
Добра прыдумаў ты. Іншы раз варыць у цябе галава, -- пахваліў Воўка.
--
Спявай! – падскочыў да Скрыпкі Воўк.
--
Маю песню пра туман, -- дадаў Лясун і зацягнуў:
Туман,
туман, наплывай,
Луг і дрэвы закрывай,
Страх на Скрыпку наганяй,
Ад
людзей яе схавай.
--
І маю! --крыкнуў Воўк і завыў на ўсю хаціну:
Пірагоў
мне напячыце,
Самых свежых прынясіце
І малінаў цэлы збан,
Каб пажыў я тут як пан.
--
Не буду спяваць вашых песень, -- нахмурылася Скрыпка.
Лясун
ускочыў з калоды.
--
Скрыпачка, мы цябе так схаваем, што ніхто не знойдзе: ні Янка, ні Алеся.
--
І ні дзед Максім, -- дадаў Воўк.
І Янка, і дзед Максім, і
Барбос
Пасля
паўдня да Янкі прыйшоў дзед Максім і паведаміў:
--
Скрыпка прапала!
--
Калі прапала? – са здзіўленнем паглядзеў на дзеда Максіма Янка. Не паверыў ён
свайму суседу, ведаў, што іншы раз той любіць пажартаваць.
Барбос,
які ў гэты час грэўся, лежачы каля плота, заварушыўся. Неспакойныя думкі
адольвалі яго. Яму хацелася ўстаць, падысці да Янкі, палашчыцца, цёплым языком
лізнуць яго руку і расказаць па парадку, як усё было: як пазнаёміўся з Воўкам,
як Воўк прымусіў яго служыць яму, як Скрыпку сёння падмануў. Цяжар з душы
хацелася скінуць. Але страх, наваліўшыся вялікім камянём, не падпускаў да Янкі.
--
Раніцай па вуліцы хадзіла, сам з ёю гаварыў, а потым прапала, знікла, як
кропелька вады пад гарачымі промнямі сонца, -- паскардзіўся дзед Максім.
--
Дык чаго стаім? Трэба шукаць яе, -- выказаўся Янка.
--
Ужо шукалі! – развёў рукамі дзед Максім.
Янка
зразумеў, што не толькі дзед Максім, але і іншыя аднавяскоўцы шукалі Скрыпку.
--
Нешта трэба рабіць. Засумуем мы без Скрыпкі, забудземся, што ёсць танцы і
песні, -- прамовіў Янка.
--
Нешта трэба рабіць, -- пагадзіўся дзед Максім і пераступіў з нагі на нагу. Ён
не ведаў, што рабіць.
“Годзе
мне тут ляжаць. Не хачу быць здраднікам. Не хачу, каб Воўк і Лясун з мяне
смяяліся як з апошняга дурня. Нешта трэба рабіць”, -- падумаў Барбос. Ён
наблізіўся да Янкі і цёплым мяккім языком лізнуў яго руку.
--
Спагадае табе! – зірнуўшы на Барбоса, заўважыў дзед Максім.
--
Нешта важнае хоча сказаць! – прагаварыў Янка і шырокаю шурпатаю далонню
пагладзіў сабаку па галаве.
Слёзы
выступілі на вачах у Барбоса. Цяпер ён шкадаваў і сябе, і Янку, і дзеда
Максіма, і Скрыпку.
--Хачу
сказаць, -- ціха прамовіў.
--
Ты ведаеш, дзе наша Скрыпка? – запытаўся Янка.
“Сёння
ж пакараюць мяне людзі, з вёскі прагоняць. Няхай будзе так. Заслужыў”, --
падумаў сабака і выпаліў:
--
Воўк яе забраў!
--
Як так выйшла? – вырвалася ў Янкі. Ён ведаў, што Скрыпка не сябруе з Воўкам, у
лес да яго не ходзіць.
--
Воўк мне загадаў, каб падмануў яе.
--
І ты падмануў?
--
Падмануў. Сказаў Скрыпцы, што каля цара-дуба шмат каласавікоў нарасло. Яна
паверыла, пабегла туды.
--
А Воўк яе чакаў там, каб схапіць?
--
Мабыць, чакаў, -- уздыхнуў Барбос. Хоць зноў на вочы наплылі слёзы, але неяк
палягчэла ў яго на душы, нават, так здалося яму, дыхаць стала лягчэй.
--
Ты служыш Воўку? – падаў голас дзед Максім.
Барбос
заморгаў вачыма. Некалькі важкіх слязінак, сарваўшыся з вачэй, упалі на зямлю.
--
Запалохаў ён мяне. Прабачце, людцы!
Дзед
Максім торкнуў пальцам, паказаўшы на Барбоса.
--
Трэба прывязаць цябе, каб не бегаў да Воўка!
Янка
падняў ланцуг з нашыйнікам, які ляжаў пры плоце.
“Зараз
ён моцна дасць мне гэтым ланцугом па спіне!” – падумаў Барбос і міжволі сцяўся.
--
Эх, Барбос! -- усклікнуў дзед Максім. “На маім вяку ніводзін наш сабака Воўку
не прадаўся”, -- падумалася яму.
--
Дзед Максім, добра вы параілі: на ланцуг яго пасаджу, -- сказаў Янка і надзеў
на Барбоса нашыйнік.
“На
сваім падворку Янка мяне будзе трымаць, не прагоніць з вёскі. Што ж, прывыкну
да ланцуга. Трэба плаціць за памылкі!” -- прабегла ў галаве Барбоса.
--
Яначка, Воўк Лесуну служыць. Напэўна, яны разам нашу Скрыпку схапілі, --
разважыў дзед Максім.
Янка
кіўнуў галавою.
--
Зараз прывяжу Барбоса і пайду да Лесуна. Вярну Скрыпку!
--
І я з табою адпраўлюся, -- падахвоціўся дзед Максім. -- Адзін з Лесуном і Воўкам ты не справішся.
--
Так, Лясун не падаруначак! Як жа нам перамагчы яго? – у задуменні прагаварыў
Янка.
--
Трэба паспрачацца з ім, -- сказаў дзед Максім.
--
На што паспрачацца? – пацікавіўся Янка.
--
Што рассмешым яго. За ўсё жыццё Лесуна ніхто ні разу не рассмяшыў. Вельмі
ганарыцца ён гэтым, -- зазначыў дзед Максім.
--
Сёння пачастуем Лесуна смяшынкамі, спадзе з яго гонар, -- сказаў Янка і
павесялеў.
--
Вазьміце і мяне з сабою! Самую кароткую дарогу да хаціны Лесуна вам пакажу, --
устрапянуўся Барбос. Яму вельмі хацелася дапамагчы Янку і дзеду Максіму, іх
павагу заслужыць.
Янка
паглядзеў на Барбоса, а затым перавёў позірк на дзеда Максіма.
--
Возьмем яго?
--
Няхай ідзе, няхай самай кароткай дарогай вядзе нас да Лесуна. Дабярэмся хутчэй,
-- прамовіў дзед Максім.
Пачастунак смяшынкамі
Узброіўшыся важкімі кіямі,
Янка і дзед Максім нарэшце дабраліся да хаціны Лесуна. Барбос, як і абяцаў,
самай кароткай дарогай прывёў іх туды.
Хаця дзень быў у разгары,
але каля хаціны было ціха, як іншы раз бывае ноччу. Нават птушкі тут не
спявалі. Абляталі яны прыстанішча ляснога пана.
Наблізіўшыся да хаціны, Янка
пацягнуў за ручку дзвярэй. Дзверы не адчыніліся.
-- Замкнёныя? – падаў голас
дзед Максім.
-- Магчыма, на засаўку
зачыніўся Лясун, -- выказаў здагадку Янка. “Цяжкавата нам тут прыйдзецца, не
адзін непрыемны сюрпрызік падрыхтуе наш незычлівец”, -- падумаў ён.
У гэты час Барбос забурчаў і
рвануўся, нацягнуўшы ланцуг.
Янка і дзед Максім
павярнуліся і ўбачылі Воўка і Лесуна. Нібыта страшныя прывіды, з’явіліся яны,
неспадзявана выйшаўшы з-за рога хаціны.
-- І ты тут? – зірнуўшы на
Барбоса, ашчэрыўся Воўк. Яму думалася, што сабака прысядзе, прыціснецца да
зямлі, пачуўшы яго строгі вокліч.
Але Барбос на гэты раз не
спалохаўся ні Воўка, ні Лесуна. Ён зноў ірвануўся, пацягнуўшы за сабою Янку.
Янка мацней сціснуў пальцы
на ланцугу.
-- Супакойся, Барбос! –
папрасіў.
Барбос паслухаўся Янку,
перастаў рвацца. “Годзе баяцца, ужо набаяўся я!” – думаў ён, са злосцю
пазіраючы на Воўка.
-- Якая патрэба прывяла вас
да мяне, людзі? – як у трубу, прагудзеў Лясун.
-- Скрыпку аддай! –
выкрыкнуў Янка.
-- Няма ў нас вашай Скрыпкі,
-- адказаў Воўк.
-- Памаўчы! Мы цябе за язык
не цягнулі! – тупнуў нагою дзед Максім.
“Нібыта на свавольнага шчанюка
накрычаў”, -- з радасцю адзначыў пра сябе Барбос.
Воўк ухмыльнуўся. А Янка
нечакана звярнуўся да яго:
-- Чуў я, што пашанцавала
табе.
-- Мне? – вытрашчыў вочы
шэры разбойнік.
-- Чуў, што на днях ты ў
глыбокую яму ўваліўся.
-- Я? – разгубіўся Воўк.
А Янка працягвае як нічога
ніякага:
-- Цяпер у тваіх вачах
дваіцца. Глядзіш на адну цукерку, а бачыш дзве.
Дайшло да Воўка, што гэты
вясковы хлопец пацяшаецца з яго.
-- Няпраўда, няпраўда! –
закрычаў, пазіраючы на Лесуна. – Янка смяшынку нам расказаў. Хоча, каб
пасмяяліся.
-- Мяне ні адна смяшынка не
рассмешыць, -- буркнуў Лясун.
-- Можа, паспрачаемся? –
прапанаваў Янка.
-- На што? – пацікавіўся
Лясун.
-- Калі рассмешым цябе,
Скрыпку адпусціш, -- звярнуўся да ляснога валадара дзед Максім.
-- А калі не зможаце
рассмяшыць, то ў глыбокую яму вас кіну. На доўга пасаджу! -- прыдумаў пакаранне
Лясун.
-- А хто яе выкапае? –
запытаўся дзед Максім. Ён ведаў, што розныя нячысцікі не любяць працаваць.
– Воўк! – выпаліў Лясун
-- Гэту задачу Барбосу
даручу! – усклікнуў Воўк. Ён зусім не працаваў. Увесь год разам са зграяй па
лесе цягаўся, нават свайго прытулку не меў.
-- Не камандуй мною, Воўчык!
Ужо адкамандаваўся! – не выцерпеў Барбос.
-- Не будзем спрачацца.
Паслухай першую смяшынку, пан Лясун, -- прагаварыў Янка.
Лясун кіўнуў галавою.
-- Я ўжо слухаю.
-- Бабуля, купляй мне
вялікія кашулі.
-- Чаму, унучак?
-- Хачу, каб у мяне былі
шырокія плечы, -- вось такую першую смяшынку расказаў Янка.
Лясун пакруціў кудлатаю
галавою, але не засмяяўся.
“Спадабалася яму мая
смяшынка”, -- адзначыў пра сябе Янка і зірнуў на дзеда Максіма: маўляй,
дапамагай мне, рассмяшы барадатага цара.
Пра маленькую Аленку і пра
вожыка расказаў дзед Максім.
-- Бабуля, вунь твой клубочак ляжыць! –
усклікнула Аленка, убачыўшы вожыка, які затаіўся пад елачкай.
Воўк не вытрываў, захіхікаў,
а па вуснах Лесуна прабегла ледзь прыкметная ўсмешка.
“Не чуў ты дасціпных
смяшынак, з людзьмі і ляснымі жыхарамі прывык ваяваць”, -- падумаў Янка і
наступнай смяшынкай пацешыў.
-- Што табе найбольш
спадабалася ў школе? -- пацікавілася
мама ў першакласніка Алеся.
-- Званок на перапынак, --
адказаў Алесь.
Павесялеў Лясун. У яго нават некаторыя
маршчынкі на твары разгладзіліся. “Зараз засмяецца, быць таго не можа”, --
здагадаўся Янка і такую смяшынку ўспомніў.
Дзядуля і Аленка збіраюць
грыбы. З суседняга ляска даносіцца гудзенне бензапіл. Там работнікі лясной
гаспадаркі спілоўваюць сухія дрэвы.
-- Дзядуля, пабеглі туды! –
паказвае Аленка на суседні лясок.
Дзядуля з недаўменнем
глядзіць на ўнучку.
-- Там грыбы пілуюць! –
тлумачыць дзядулю Аленка.
Разам зарагаталі Воўк і
Лясун.
-- Выйгралі мы спрэчку! –
заявіў Лесуну Янка. -- Адпусці нашу Скрыпку.
-- Сваё слова трэба трымаць,
-- прамовіў дзед Максім.
І Барбос напружыўся,
забурчаў.
-- Там ваша радасць, --
кіўнуў галавою Лясун, паказаўшы на густы ельнічак.
Янка, дзед Максім і Барбос
падбеглі да ельнічка і ўбачылі Скрыпку, вяроўчынаю прывязаную да ялінкі.
-- Я ведала, што вы мяне выратуеце! – убачыўшы
Янку, дзеда Максіма і Барбоса, узрадавалася Скрыпка.
Што было далей? Янка
развязаў Скрыпку і разам з дзедам Максімам і Барбосам павёў яе ў Ліпкі. А Лясун
і Воўк доўга стаялі і ўздыхалі: не хацелі развітвацца з чароўнай Скрыпкай. 2
Дарога дамоў
Сустрэча з Гномікам у чырвоным каўпаку (гісторыя
першая)
Аднаго разу заблудзіліся ў
незнаёмым ляску Заяц і Воўк. Выйшлі на дарогу, каля якой ляжаў вялікі
камень-валун.
-- Нам цяпер, напэўна, назад
трэба ісці, -- азірнуўшыся, выказаў здагадку Заяц.
-- А мне здаецца, што трэба
ісці ўперад, -- не пагадзіўся Воўк.
Стаяць сябры, спрачаюцца,
адзін аднаго стараюцца пераканаць.
Раптам з-за валуна выскачыў
маленькі дзядок з сівою барадою ў чырвоным каўпаку.
-- Дамоў не можаце трапіць,
дарогу згубілі? – запытаўся ён у Зайца і Воўка.
-- Згубілі, заблыталіся, --
прызнаўся Заяц.
-- А вы хто? – пацікавіўся ў
маленькага дзядка Воўк.
-- Гномік, -- адказаў дзядок
у чырвоным каўпаку.
-- Нам вельмі прыемна
пазнаёміцца з вамі, -- пачаў Заяц.
-- Вельмі прыемна, --
падтрымаў Зайца Воўк і дадаў: -- Не падкажаце, у якім баку знаходзіцца наш
лясок?
Гномік у чырвоным каўпаку
падзівіўся на сяброў, паморшчыў лоб і прамовіў:
-- Як ён называецца? Так і
не сказалі вы.
-- Вельмі прыгожая назва ў
яго, -- зноў нясмела пачаў Заяц.
-- Ён называецца Смалісты
Гаёк, -- сказаў Воўк.
-- У мінулым годзе быў там,
падарожнічаў. Цудоўная мясцінка! – пахваліў радзіму Зайца і Воўка Гномік у
чырвоным каўпаку.
-- Цяпер нам уперад трэба
ісці? – варухнуў хвастом Воўк. Ён спадзяваўся, што Гномік у чырвоным каўпаку
адразу ж скажа яму, як трапіць дамоў, у Смалісты Гаёк.
Але не тут тое было.
-- Скажу, куды трэба ісці,
калі тры мае заданні выканаеце, -- неспадзявана заявіў ён.
Што заставалася рабіць
сябрам? Пагадзіліся яны з Гномікам у чырвоным каўпаку, бо вельмі дамоў хацелі
трапіць.
-- З чаго ствараюцца словы?
Як вы лічыце? – запытаўся ў сяброў Гномік у чырвоным каўпаку.
Заяц і Воўк пераглянуліся,
не ведаюць, што сказаць.
А Гномік у чырвоным каўпаку
глядзіць на іх і доўгую сівую бараду пагладжвае.
-- Словы ствараюцца з
асобных літар, -- нарэшце азваўся Заяц.
Гномік у чырвоным каўпаку
скрывіўся. Не спадабаўся яму гэткі адказ. Вось-вось пойдзе, знікне, як па
загаду нябачнага чараўніка.
-- Словы ствараюцца з
асобных гукаў, спалучаных у пэўным парадку, -- успомніў Воўк.
Гномік прыязна ўсміхнуўся
Воўку.
-- Так. Словы адрозніваюцца
наборам гукаў. Могуць адрознівацца адным гукам. Не ведаеце такіх слоў?
На гэты раз Заяц успомніў
словы, якія адрозніваюцца адным гукам.
-- Я ведаю! – прагаварыў.
Гномік у чырвоным каўпаку
кіўнуў галавою. Маўляў, назаві, калі ведаеш, не саромейся.
-- Кот – бот! – назваў
патрэбныя словы Заяц.
-- Кот – бот! – паўтарыў
Гномік у чырвоным каўпаку і засмяяўся. Мабыць, пра знаёмага ката ён успомніў.
-- І я ведаю такія словы, --
вырашыў паказаць сябе Воўк. – Стог – стол.
-- Малайцы! – пахваліў
сяброў Гномік у чырвоным каўпаку.
Пачуўшы пахвалу Гноміка,
Заяц і Воўк на цэлую пядзю падраслі. Калі хваляць, кожны падрастае, быццам за
вушы, угору яго цягнуць.
-- А ці можаце вы назваць
словы, якія адрозніваюцца двума і больш гукамі? – нечакана запытаўся Гномік у
чырвоным каўпаку.
-- Як і першы раз, Заяц і
Воўк пераглянуліся.
-- Падобныя словы чамусьці
не прыходзяць мне ў галаву. Можа, ты іх назавеш? – ціха звярнуўся да сябра
Воўк.
-- А калі зноў памылюся? –
занепакоіўся Заяц.
-- Тады я цябе зноў
папраўлю, -- паабяцаў Воўк. Ён ніколі не кідаў свае словы на вецер.
Заяц цяжка ўздыхнуў і
прагаварыў:
-- Мышка – лыжка!
-- Выдатнік! – зірнуўшы на
Зайца, усклікнуў Гномік у чырвоным каўпаку.
“Я таксама хачу быць
выдатнікам”, -- падумаў Воўк і таксама ўспомніў, назваў словы, якія
адрозніваюцца двума гукамі:
-- Мышка – вышка!
-- Высокая вышка? –
развесяліўся Гномік у чырвоным каўпаку.
“Калі б тут стаяла высокая
вышка, вышэйшая, чым самыя высокія дрэвы, то я залез бы на яе і ўбачыў бы, у
якім баку знаходзіцца Смалісты Гаёк”, -- з сумам падумаў Воўк.
-- А ці не маглі б вы
назваць словы, якія адрозніваюцца колькасцю гукаў? – усё дапытваецца Гномік у
чырвоным каўпаку.
Воўк убачыў асу, якая
праляцела непадалёку. Ён правёў яе позіркам і прагаварыў у задуменні:
-- Аса!
-- Раса, -- сказаў Заяц і
дадаў: -- Я магу назваць яшчэ два падобныя словы.
-- Калі ласка, -- падахвоціў
Зайца Гномік у чырвоным каўпаку.
Заяц набраў у грудзі паветра
і назваў два словы, якія адрозніваюцца колькасцю гукаў:
-- Кола – школа!
-- Цяпер вы пакажаце нам
дарогу дамоў? – звярнуўся да Гноміка ў чырвоным каўпаку Воўк.
-- Пакажу, калі зможаце
назваць словы, якія адрозніваюцца паслядоўнасцю гукаў, -- паабяцаў Гномік у
чырвоным каўпаку.
-- Ёсць такія словы, --
запэўніў Гноміка Воўк. – Соль – лось.
-- А яшчэ “сон – нос”! –
прамовіў Заяц.
-- Вы справіліся з маім
заданнем, -- сказаў Гномік у чырвоным каўпаку. – Ідзіце па дарозе ўперад. За
павароткай будзе дзве дарогі: адна паверне налева, а другая – направа.
-- Па якой нам трэба ісці? –
усклікнуў Воўк.
-- Пра гэта вам скажа мой
брат-матэматык, -- ледзь прыкметна ўсміхнуўся Гномік у чырвоным каўпаку.
-- Як жа мы яго пазнаем? –
выгукнуў Заяц.
-- Вельмі проста. Ён носіць
жоўты каўпак, -- прагаварыў Гномік у чырвоным каўпаку і імгненна, нібыта
шустрая мышка, схаваўся за валуном.
Гномік-матэматык (гісторыя другая)
-- Я думаў, што неўзабаве
прыйдзем дамоў. Не! З Гномікам-матэматыкам прыйдзецца гутарку весці! – абурыўся
Заяц.
-- Дык што? Сядзем і будзем
сядзець тут? – перапыніў сябра Воўк.
-- Трэба ісці, дома будуць
хвалявацца, -- сказаў Заяц. Ён зразумеў, што ніхто не прыйдзе і не павядзе іх.
На сябе найперш трэба спадзявацца.
Сябры зірнулі на валун, у
думках развіталіся з Гномікам у чырвоным каўпаку і таропка пакрочылі па дарозе.
Неўзабаве за павароткай яны
ўбачылі дзве дарогі: адна вяла налева, а другая – направа. На перакрыжаванні,
нібыта рэгуліроўшчык, стаяў Гномік у жоўтым каўпаку і ўсміхаўся Зайцу і Воўку
як добрым знаёмым.
-- Гномік-матэматык ужо
ведае пра нас! – заўважыў Заяц.
-- Мабыць, ведае. Нейкім
чынам брат яму паведаміў, -- кіўнуў галавою Воўк.
-- У Смалісты Гаёк не можаце
трапіць? – весела прагаварыў Гномік-матэматык, калі сябры наблізіліся да яго.
-- Не можам, -- развёў
лапамі Заяц. – Хадзілі, хадзілі па лсесе і заблудзіліся!
-- Калі ласка, скажыце, па
якой дарозе нам ісці, -- папрасіў Воўк.
-- Абавязкова скажу, не
падману, калі маю задачу зможаце рашыць, -- паведаміў Гномік у жоўтым каўпаку.
-- Мы будзем старацца, --
паабяцаў Заяц. “Невядома, як атрымаецца ў нас”, -- падумаў ён.
-- Уважліва слухайце! –
гучна аб’явіў Гномік-матэматык. – На навагодняй ёлцы віселі тры шарыкі і пяць
караблікаў. Потым на ёлку павесілі адзін грыбок.
-- Хто павесіў? – не
выцерпеў Заяц.
-- Каму трэба было, той і
павесіў! – як адрэзаў Гномік у жоўтым каўпаку. – Слухайце і не перапыняйце!
“З ім не паспрачаешся”, --
падумаў Заяц і сцяў губы.
-- Потым знялі адзін
караблік і два шарыкі, а павесілі дзве зорачкі. Колькі цацак стала на ёлцы? –
так закончыў Гномік-матэматык.
Заяц паглядзеў на Воўка і
цяжка ўздыхнуў.
-- Ты што-небудзь разумееш?
-- Здаецца, нешта разумею,
-- адказаў Воўк.
-- А я анічога не разумею,
-- прызнаўся Заяц. І праўда, у ягонай галаве ўсё пераблыталася: і шарыкі, і
караблікі, і грыбкі, і зорачкі. Яму нават здалося, што дзве навагоднія ёлкі
былі ў пакоі.
-- Ты няўважліва слухаў, а
цяпер мне перашкаджаеш! – выгаварыў Зайцу Воўк. Ён стараўся хутчэй рашыць
задачу Гноміка ў жоўтым каўпаку.
-- Ты думай, думай! Больш не
буду табе перашкаджаць, -- паабяцаў Заяц і азірнуўся. Хоць каб лавачка паблізу
стаяла. Прысеў бы на лавачку, адпачыў бы. Лапы аж гудзяць ад гэтай бясконцай
хадзьбы. З самай раніцы блукаюць яны па ляску. А сонца ўжо высока ўзнялося.
-- Чаму задачу не рашаеш? –
данёсся да Зайца голас Гноміка ў жоўтым каўпаку.
Заяц прамаўчаў. Яму не
хацелася апраўдвацца, нешта даказваць гэтаму строгаму Гноміку-матэматыку.
-- Табе не падабаецца
матэматыка? – паправіўшы на галаве каўпак, пацікавіўся Гномік.
-- Калі задача выходзіць, то
падабаецца. А калі не выходзіць, то не падабаецца, -- шчыра прызнаўся Заяц. Ён
ведаў, адчуваў, што гэтага Гноміка на мякіне не правядзеш.
-- Матэматыка – каралева
ўсіх навук. Запомніш? – як важны суддзя, прагаварыў Гномік у жоўтым каўпаку.
-- Запомню! – паабяцаў Заяц
і апусціў галаву. У гэты момант яму чамусьці не хацелася глядзець у вочы
Гноміку-матэматыку.
-- Я ўжо рашыў задачу! –
усклікнуў Воўк. Ён аж падскокваў ад нецярпення. Так хацелася яму хутчэй назваць
адказ.
Заяц імгненна павярнуўся да
сябра.
-- Колькі цацак вісела на
навагодняй ёлцы?
-- Восем! – паведаміў Воўк.
-- У мяне таксама такі адказ
атрымаўся, -- сказаў Гномік-матэматык і торкнуў рукою, паказаўшы направа: --
Гэта дарога прывядзе вас дамоў.
Заяц з павагай паглядзеў на
Гноміка-матэматыка і падумаў: “Ён хоць і строгі, але справядлівы дзядок. Свае
словы на вецер не кідае”.
Змест
Певень Пеця і гусак Гук 2
Прагная Аса
9
Жыў-быў Бай
15
Птушка з белымі крыламі 22
Звяры і браканьеры
30
Сем гісторый з жыцця
цацак 37
Гномікаў пенал
45
Скрыпка
49
Дарога дамоў
59