Тэма:
Выклічнік як часціна мовы.
Псіхалагічны настрой.
Склады да,
гай; вай, це, бы
Я старанна вымаўляю,
З іх выклічнікі складаю.
Аляксей Якімовіч.
• Назавіце
словы (выклічнікі), у якія ўваходзяць склады да, гай; вай, це, бы. (Гайда,
бывайце.) Запішыце іх.
• Якую тэму
ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?
Вучымся разважаць.
Запішыце сказы з выклічнікамі гайда, бывайце.
Хлопцы, гайда дамоў! Бывайце, шаноўныя госці!
• Прааналізаваўшы
запісаныя сказы, выберыце патрэбнае:
а) выклічнік выражае розныя пачуцці і пабуджэнні;
б) выклічнік называе розныя пачуцці і пабуджэнні.
• Прачытайце
ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа (2020) тэарэтычны
матэрыял параграфа 53 і праверце, ці правільна вы разважалі.
Праца са словам.
Адгадайце загадку.
-- Ах-ах-ах, --
Ў ляску нясецца.
Гэта … (рэха),
Мне здаецца.
Аляксей Якімовіч.
• Назавіце
слова, якое рыфмуецца з выклічнікам ах-ах-ах.
Э, фу, страх, цыц, тпру. (Страх.)
• Ці
ўсе гэтыя словы з'яўляюцца выклічнікамі? Абгрунтуйце сваю думку.
•
Ці можна змяніць форму гэтых
выклічнікаў? (Гэтыя выклічнікі не
змяняюцца.)
• Складзіце
і запішыце сказ з выклічнікам ах-ах-ах.
Назавіце слова.
Я сястрычку даглядаю,
Перад сном яе люляю,
Ціха
песеньку спяваю:
… (“Баю-баю-баю-баю”).
Аляксей Якімовіч.
• Вызначце
выклічнік. Ці з’яўляецца ён членам сказа? (Выклічнікі
не з’яўляюцца членамі сказа.)
• Падбярыце
сінонім да слова “люляю”. (Калышу.)
• У слове
“сястрычку” пасля р пішам ы. А як чытаем? (Цвёрда.)
Хвілінка
кемлівасці.
Дапішыце
прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.
1. Ой, дзеці, дзеці, …(куды вас падзеці)? 2. Ну й рвануў, … (аж пяткі
заблішчэлі). 3. Не кажы
дзякуй, … (калі цябе не частуюць) [1, с. 90, 237, 261,
“Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].
П р а п а н а
в а н ы я в а р ы я н т ы: калі цябе не
частуюць; аж пяткі заблішчэлі; куды вас падзеці?
• Назавіце выклічнікі. Яны выражаюць пачуцці ці пабуджэнні?
Працуем са спалучэннямі слоў.
• Да
спалучэння слоў прабачце, дарагія сябры падбярыце
спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца выклічнікам.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• Ці можна
аднесці выклічнікі прабачце, выбачайце да
слоў ветлівасці?
• Што вам
вядома пра напісанне слова “дарагія”? (Не
пад націскам пішацца а.)
Д л я д а в е д к
і: прабачце, дарагія сябры – выбачайце, дарагія сябры.
Гульня
"Сказ-жартаўнік".
Ці згодны вы з наступым сцверджаннем?
Спачатку кажуць стоп, а потым марш (Аляксей
Якімовіч).
•
Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Спачатку кажуць марш, а потым стоп.)
• Назавіце выклічнікі. Яны
выражаюць … (пабуджэнні.) Абгрунтуйце
свій адказ.
• Дзе можна пачуць
падобныя каманды?
Гульня “Шукаю сябра”.
Да выклічніка дзякуй,
ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце выклічнік, які мы адносім да
ветлівых слоў.
Праца з вершаваным тэкстам.
Вось што выклічнік паведамляе
пра сябе.
Я пачуцці выражаю:
Радасць, захапленне,
Здагадку, асуджэнне,
Спачуванне, абурэнне,
Страх, задавальненне,
Роздум, суцяшэнне,
Шкадаванне, боль, сумненне,
Бяду, жаль, здзіўленне.
Аляксей Якімовіч.
• Назавіце выклічнік, які выражае
адно з выказаных у тэксце пачуццяў.
Праца са словам.
Складзіце выклічнік з першых
літар наступных слоў: электрычнасць, хараство, еднасць, хустка, едкасць. (Эхе-хе.)
• Выклічнік эхе-хе перадае
пачуццё ці пабуджэнне? Як вы лічыце? (Пачуццё.)
• Якія гукі ў слове “эхе-хе” абазначаюць літары е?
Фізкультхвілінка.
Успомніце, якія беларускія выклічнікі вы запісалі ў
пачатку ўрока. (Гайда, бывайце.) На
столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.
Пазнайце слова.
Пазнайце слова па яго апісанні: складаецца з дзвюх
частак, якія абазначаюць назвы прадуктаў харчавання, першая частка пачынаецца з
24-й літары алфавіта, а заканчваецца 2-й, другая частка пачынаецца з 19-й
літары алфавіта, а заканчваецца 29-й, пішацца праз злучок. Пры неабходнасці
звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.
Так, гэта слова “хлеб-соль”. Дзякуючы яго прыметам вы
здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта выклічнік.) Як вы дакажаце гэта?
Скорагаворка.
Вымаўляем правільна.
Зрабіце ласку! Сядзьце роўна ў лодцы!
• Назавіце
выклічнік. Які сінанімічны выклічнік можна падабраць да яго? (Калі ласка.)
• Як
вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “лодцы”?
Запомніце! Пішам лодцы, а вымаўляем [ло‾цы].
Праца з дыялогам.
Выкарыстаўшы выклічнікі, дапоўніце
дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У
якой частцы слова яна знаходзіцца?
-- Добры дзень, Васілёк. (І вам, дзядзечка, добры дзень.)
-- Бачу: мяч у руках. У футбол ідзеш
гуляць? (Іду. Эх, пагуляю!)
-- Добра летам? (-- Ну, як вам сказаць…)
-- Каж.., як ёсць. (--
Хм… Добра.)
-- Да пабачэння, Васілёк. (Бывайце, дзядзечка!)
• Выпішыце выклічнікі.
• Вучаніца сказала: “Выклічнік выражае розныя
пачуцці і пабуджэнні”. Удакладніце адказ вучаніцы.
З пазычаных
складоў.
Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і
ўтварыце выклічнік.
Вада, бралі, начны. (Дабранач.)
• Выберыце патрэбнае.
Дабранач
(сказаў, прамовіў, прашаптаў, крыкнуў, усклікнуў).
• Перакладзіце выклічнік дабранач на рускую мову. (Спокойной
ночи.)
Параўнайце
гучанне і напісанне.
• Назавіце слова.
-- Дабранач! – вымаўляем,
Сну
прыемнага … (жадаем).
• Запомніце,
як пішацца выклічнік дабранач.
Перакладчыкі.
Запішыце
па-беларуску.
По-разному поют птицы. «Чвинь-чвинь,
чвинь-чвинь», -- звонко сообщает о себе синица. «Крук-крук, крук-крук», --
кричит ворон. «Фъюить-трр, фъюить-трр, фъюить-трр », -- заливается соловей (Аляксей Якімовіч).
• Ці з'яўляюцца выклічнікамі галасы птушак – гукі жывой прыроды?
С л о ў н і к: ворон – крумкач, груган.
Сустрэча з пісьменнікам.
Ва ўрыўку з кнігі
Аляксея Якімовіча “Карп у футры” раскрыйце дужкі і выберыце патрэбны выклічнік.
Устаўце прапушчаныя літары.
Тэлефон зазваніў
надрывіста і трывожна. Тру..ку падняў Віктар. Ён толькі што вылез з ванны.
-- … (Га?; Алё!) –
гукнуў Віктар у тэлефонную трубку.
-- …-…-…-…-…
(бу-бу-бу-бу-бу; ах-ах-ах-ах-ах), -- данеслася з трубкі, а потым пачуўся
асіплы, як пасля моцнай прастуды, му..чынскі голас: -- Вас зваць Капыловіч
Віктар Піліпавіч?
Віктар
насцярожыўся, бо голас быў незнаёмы.
-- У вас ёсць сын
Капыловіч Сямён Віктаравіч, які вучыцца ў сёмым класе, -- прасіпеў мужчына [2,
с. 68, “Карп у футры”].
• Падбярыце сінонім да слова “данеслася”. (Пачулася.)
Гульня “Шукаю сябра”.
Да выклічніка бу-бу-бу-бу-бу,
ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце выклічнік, які таксама
пішацца праз дэфіс.
Падбярыце
патрэбнае.
Каб правільна
вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.
Багна (камяністая, гразкая).
• Якім словам можна замяніць
назоўнік “багна”? Выберыце
патрэбнае. (Агарод, дрыгва.)
Ну й балота, ну й балота!
Сапраўдная багна.
Разляглося каля лесу,
Пазірае прагна. .
Аляксей Якімовіч.
• Што вы можаце сказаць пра
выклічнік “ну”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?
• Падбярыце сінонім (блізкае па
значэнні слова) да дзеяслова “пазірае”.
Адказы (словы напісаны наадварот): яакзарг; авгырд; ьціздялг.
Праца са сказамі.
1. …! Разнастайны свет стварыў
Ты, даў яму жыццё (Аляксей Якімовіч).
2. …! Зайграй, музыка, дай людзям натхненне (Аляксей Якімовіч)! 3. “…”, -- седзячы на лавачцы, ціха спявае мама
немаўлятку (Аляксей Якімовіч). 4. …,
прасторы, дзіўныя прасторы! Клічаце вы нас, вабіце ўдалеч (Аляксей Якімовіч). 5. “…! Майго хлопчыка не разбудзіце”, --
зірнуўшы на мяне, папярэдзіла Алеся (Аляксей
Якімовіч). 6. “… вы, хлопцы, хлопцы маладыя, хлопцы ўдалыя (Аляксей Якімовіч)! 7. Узыходзіць сонца,
іду па вясковай вуліцы і гучна вітаюся са сваім землякамі: “…” (Аляксей Якімовіч)! 8. Рабенькі певень
прыўзняў галаву, растапырыў крылы і закрычаў на ўвесь падворак: ”…” (Аляксей
Якімовіч)! 9. Мае суседзі сёння пілуюць дровы. “…”, -- з самай раніцы
даносіцца да мяне (Аляксей Якімовіч).
• Устаўце ў сказы вытворны (1), невытворны выклічнік (2), выклічнік, які
пішацца праз злучок (3), які ў пачатку сказа аддзяляецца коскай (4), які ў
пачатку сказа аддзяляецца клічнікам (5), які ў пачатку сказа не аддзяляецца
знакам прыпынку (6), выклічнік этыкету (7), гукапераймальнае слова, якое
перадае сігнал жывой прыроды (8), якое перадае гук нежывой прыроды (9).
• Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ажоБ,
ун, юаб-юаб, хэ, ссц, ху, ыцінар йарбод, ук-эр-ак-ук, хыж-хыж.
Хвілінка творчасці.
Якія выклічнікі тут рыфмуюцца?
1. З дзеясловам заснулі
Рыфмуецца выклічнік л..-л.. .
2. З часціцай вось
Рыфмуецца выклічнік к..-к.. .
3. З дзеясловам гавару
Рыфмуецца выклічнік т.. .
4. З назоўнікам ляснік
Рыфмуецца выклічнік п.. .
5. З дзеясловам запрагайце
Рыфмуецца выклічнік бы.. .
6. З назоўнікам гай
Рыфмуецца
выклічнік а.. .
7. З займеннікам мой
Рыфмуецца выклічнік о.. .
8. З прыслоўем хутчэй
Рыфмуецца выклічнік э.. .
9. З назоўнікам алень
Рыфмуецца выклічнік д.. дз.. .
• Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот):
ілюл-ілюл, ьсок-ьсок, урпт, кісп, ецйавыб, йа, йо, йэ, ьнезд ырбод.
7. Падвядзенне вынікаў урока.
На ўроку Міколка выканаў
практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.
-- Пачакай, -- прашаптала яна. – У слове “тпру” ты не
падкрэсліў парныя глухія зычныя.
• Якой
часцінай мовы з’яўляецца слова “тпру” ў сказе “Тпру!” – прамовіў Мікіта, спыняючы каня. (Выклічнікам.)
• Што
называецца выклічнікам?
• Ці
змяняюцца выклічнікі?
• Ці
бываюць выклічнікі членамі сказа?
• Назавіце
парныя глухія зычныя ў выклічніку тпру.
(Т, п.)
8. Тэст.
Адзначце выклічнікі.
1) гэй;
2) жых-жых;
3) кыш;
4) добрай раніцы;
5) ох-ох;
6) эх;
7) эге.
Адказы: 1, 3, 4, 5, 6, 7.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад.
Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.
– Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.
2. Якімовіч, А. М.
Карп у футры : апавяданні, вершы, прыпеўкі
/ Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 167 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, № 12, 2024 год.