Гэты дзіўны беларускі свет. Баравікі.
Калі чую слова “баравікі”,
то…
ўспамінаю,
як са старэйшым братам Аляксандрам хадзіў у грыбы. З хаты выбіраліся раненька,
калі сонейка толькі працірала вочкі. Праз зялёны луг ішлі ў Горы. Так называўся
лес непадалёку ад вёскі. Ён вырас на невысокіх пагорачках. Ішлі, пакідаючы на
росным лузе свае сляды. Дзвюма сцяжынкамі яны цягнуліся за намі. У Горах было
нямала крамяных баравічкоў з цёмнымі альбо светлымі капялюшыкамі. Уважліва
ўзіраліся, шукаючы іх. Наш ёмісты кош неўзаметку напаўняўся імі. Мы з абодвух
бакоў браліся за біла і, радасныя¸ усцешаныя, няслі яго дамоў, дзе звычайна нас
чакалі бабуля альбо мама.
• Што ўяўляеце Вы, калі чуеце
слова “баравікі.”?
• Падбярыце блізкае па значэнні
слова да назоўніка крамяных.
1. Які фанетычны закон, характэрны для беларускай мовы, можна
адзначыць у слове “баравікі”?
2. Складзіце словазлучэнне са словам “баравікі”, выкарыстаўшы галоўнае і
залежнае словы.
Помніце! Ад галоўнага слова да залежнага можна паставіць пытанне.
3. Складзіце сказ, выкарыстаўшы наступныя словы: лясках, растуць,
баравікі, у, часта, маладых, дзе, убачыць, дубкі, елачкі, і, можна.
4. Баравікі яшчэ
называюць праўдзівымі грыбамі або праўдзівікамі.
• Ці згодны
вы з гэтым паведамленнем?
5.
Мова мая родная
Узнялася да нябёсаў.
Не падай, непадкупная:
Загіне шмат дзівосаў.
Не будзе твайго голасу.
Таксама анямею.
Зярнятка урадлівае
З унукам не пасею.
На полі беларускім
Расцеш ты збажыною.
Словы каласістыя
Чаруюць нас красою.
На гэтым полі даўнім
Каменьчыкі збіраю.
Ад лета і да лета,
Як сын, табе спрыяю.
Ты маці мая, мова.
З’яднаўся я з табою.
Мяне ты затуляеш
Ад ворагаў сцяною.
Хочуць яны ўджаліць –
Сцяна ім не дае.
Хоць тут даўно ступаем,
Чужыя, не свае.
Збіраю я каменні,
Нясу перад сабой.
Ад лета і да лета
Растуць яны гарой.
Калі іх кіну ў мора,
То выйдзе з берагоў.
-- Трымайся, мова-маці, --
Прашу цябе я зноў.
Калышуцца каменні,
Як кроплі на галлі.
Калі іх кіну ў мора,
Затопіць паўзямлі.
Аляксей Якімовіч.
• Падбярыце блізкае па значэнні
слова да назоўніка збажына.
6.
Збажына, збожжа – гэта:
а)
жыта;
б)
буракі;
в)
пшаніца;
г)
авёс;
д)
ячмень.
• Выберыце патрэбнае.
Скорагаворка.
Каля вёскі Баравікі выраслі баравікі.
• Паспрабуйце
паўтарыць хутка і выразна.
Беларускі свет – гэта:
а) словы беларускай мовы, якія з’яўляюцца гонарам
беларусаў, адметнасцю беларускай нацыі, здабыткам беларускага народа, яго
непарушнай часткай, падмуркам краіны.
б) беларускія народныя песні;
в) песні народаў свету;
г) эстрадныя песні на беларускай мове;
д) эстрадныя песні на мовах народаў свету;
е) мастацкая літаратура на беларускай мове;
ё) мастацкая літаратура на мовах народаў свету;
ж) установы адукацыі на беларускай мове;
з) установы адукацыі на мовах народаў свету;
і) праўдзівая гісторыя краіны;
к) гісторыя краіны;
л) афармленне на вуліцах і ў будынках на беларускай мове;
м) афармленне на вуліцах і ў будынках на мовах народаў
свету;
н) маліцца на беларускай мове;
о) маліцца на мовах народаў свету.
• Выберыце
тое, што адпавядае Вашаму разуменню.
Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы, акрамя тых, што ў сказе,
напісаны наадварот).
Хыдрёвц.
1. еннакА. 2. іківараб яіннесА.
3. Баравікі часта
растуць у маладых лясках, дзе можна ўбачыць дубкі і елачкі.
4.
каТ. 5. ажжобЗ. 6 а, в, г, д.