Поиск по этому блогу

Апавяданне "Слова"

 

                                                                                           Аляксей Якімовіч

 

СЛОВА

Фантастычна-містычнае апавяданне

 

Выдадзены ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.

1

Па вузкай, утаптанай сцежцы Іван Вярнідуб падняўся на пагорак і, зняўшы капялюш, далонню змахнуў з ілба кропелькі поту.

Вітаючы цёплую вясну, у небе спявалі жаваранкі, а над пагоркам кружыліся вялікія чорныя мошкі. Вечарам яны балюча кусалі і чалавека, і жывёлу. Пасля іх укусу на целе выскаквалі чырвоныя пухіры, якія доўга не праходзілі. Мошкі з'явіліся параўнальна нядаўна, гадоў тры таму назад, як на пагорку сталі здабываць жвір. Жвірам высыпалі дарогі, вазілі яго і на жывёлагадоўчыя фермы, і на падворкі. Разам з ім у кузавы аўтамабіляў траплялі і чалавечыя косці. Старыя казалі, што некалі на пагорку былі могілкі.

Параскіданыя косці ляжалі на ўсім пагорку: зімою іх засыпаў халодны снег, а вясною і летам шчодра грэла і парыла сонца. Вяскоўцы прывыклі да гэтага. Што ж, чалавек, як кажуць, да ўсяго прывыкае.

Непадалёку, па пояс стоячы ў яме, на воз накідаў жвір Вярнідубаў сусед Сымон -- маленькі сухенькі дзядок з жоўтымі пракуранымі вусамі. Іван, хоць і займаў пасаду дырэктара мясцовай школы, пабойваўся Сымона: ягоны сын працаваў у міністэрстве адукацыі, быў начальнікам.

   З сілай загнаўшы ў жвір рыдлёўку, Сымон падняў з дна ямы чэрап, пакруціў             яго ў руках, паўзіраўся і кінуў на сцежку, пад ногі Івану.

   -- Дзядзька Сымон, -- скрывіўся Іван, -- людзі тут ходзяць! А вы чэрап пад      ногі!

   Сымон вылез з ямы, дастаў з кішэні танную цыгарэту, прыкурыў і едкім     дымам пыхнуў у твар Вярнідубу.

-- Мітрафанавіч, на днях да нас Указ са сталіцы прыедзе.

   У Івана твар пабялеў, а вушы пачырванелі. Так з ім здаралася заўжды, калі моцна хваляваўся.

   -- Вам сынок патэлефанаваў?

   -- Угу! Казаў, што скарга на цябе паступіла. Нібыта ты Слова ў сябе хаваеш.

   Вярнідуб павалокся, спатыкаючыся. Нагадалася, як восенню Указ прыязджаў у школу.

2

   У той дзень вучняў тэрмінова адпусцілі на каранцін, а настаўнікі самі паўцякалі, паразбягаліся. Нават завуча не ўдалося ўтрымаць.

   Даўгавязы лысы Указ у чорным касцюме і доўгім, да пят, чорным плашчы хадзіў па калідоры і ўважліва глядзеў на сцены, завешаныя разнастайнымі аб'явамі, інструкцыямі, статутамі. Ён шукаў Слова. Яно раней вісела ў канцы калідора ў даўняй рамцы арэхавага колеру пад шклом. Слова любілі, глядзелі на Яго як на свайго Анёла. Ды ні стуль ні ссюль з'явіліся новыя людзі і загадалі зняць Слова. Гэта было тры гады таму назад, да прыезду Указа.

   Пасля заняткаў, калі разышліся вучні, Іван сам зняў Слова са сцяны.

   Неспадзявана дзверы адчыніліся, і ў калідор уляцеў сын Паўлік, які тады вучыўся ў чацвёртым класе.

   -- Тата, ты не хочаш, каб мы Слова бачылі?

   Рамка са Словам калыхнулася ў руках Івана. Непрыкметна прабягае лета за летам, падрастае сын. Праўду яму трэба сказаць. Няхай вучыцца жыць на свеце.

   -- Сынок, я не супраць таго, каб Слова ў школе вісела. Але ж начальства на мяне цісне. Я не зніму -- хтосьці іншы знойдзецца, зніме.

 Паўлік крануў на галаве непадатлівы віхор і натапырыўся, як вожык.

   -- На сметнік панясеш! Эх ты!

  Іван сапраўды збіраўся выкінуць Слова на сметнік, але чамусьці зашчымела на душы пасля сынавага "эх ты!".

   -- Сынок, я Яго дома ў каморцы схаваю, -- паабяцаў.

   -- Хавай! -- з пагардай сказаў Паўлік і выбег са школы.

   Вярнідуб не падмануў сына: вечарам Слова дамоў прынёс і ў цёмнай каморцы схаваў, накрыўшы старымі дзяружкамі.

   Шчасце, што Указ пра гэта не ведае.

   Указ рэзка павярнуўся да Івана, аж халодным ветрам твар абдало.

   -- Значыць, на калідоры няма Слова, убралі?

   --Убралі! – выпаліў Іван і выцягнуўся перад Указам.

   -- А ў кабінетах?

   -- І ў кабінетах убралі!

   -- Праверым.

   У кабінеце рускай мовы і літаратуры Указ падзівіўся на барадатага Льва Талстога, у кабінеце заалогіі ўсміхнуўся шкілету чалавека, а ў кабінеце гісторыі доўга разглядваў гіпсавую фігурку Аляксандра Суворава.

   Іван баяўся, што Указ загадае, каб паказаў яму настаўнікаў. На шчасце, пра настаўнікаў не ўспомніў. Пахадзіўшы па кабінетах, пахваліў Вярнідуба:

   Быць табе дырэктарам і далей.

   "Нейкі зайздроснік праведаў, што я Слова схаваў. Данёс, радуецца", -- нявесела думаў Іван, ідучы дамоў.

3

   -- Марына! -- з сяней паклікаў ён жонку, пазіраючы на дзверы, што вялі ў каморку.

    Праз хвіліну з хаты ў сені выйшла Марына, уся ладненькая, кругленькая, пра такіх кажуць: кроў з малаком. У школе яна вяла матэматыку.

   -- Паўлік дома? -- убачыўшы жонку, раптам усхліпнуў Іван.

   Марына з недаўменнем паглядзела на мужа.

   -- На двары гойсае. А ты чаго расплакаўся?

   -- Хтосьці ўдаў, што Слова дома хаваю. Указ прыедзе правяраць.

   Жонка тыцнула ў лоб мужу тоўстым указальным пальцам.

   -- Як чалавека, прасіла: не нясі! Не паслухаўся,  дурань!

   Ён усхліпнуў мацней.

   Марына зыркнула, бы пякельны Цмок, і кінулася ў каморку. Неўзабаве вярнулася, трымаючы ў руках Слова ў даўняй рамцы арэхавага колеру.

   -- Дурань! Я набіты дурань! -- стоячы, шаптаў Вярнідуб. Слёзы буйнымі кроплямі цяклі па ягоных няголеных шчоках.

   Марына працягнула яму Слова.

   -- Бяры!

   Іван рукавом выцер слёзы і ўзяў Слова.

   -- Я Яго на пагорку ў яму кіну і пяском засыплю.

   -- Пахавай, -- кіўнула галавою жонка.

   Захопленыя гаворкай, яны не заўважылі, як у сені ўбег Паўлік.

   -- Аддайце мне Слова! -- сцяўшыся ў камячок, як пакрыўджаны верабейка, прагаварыў ён.

   -- Сынок, нас удалі, што Слова хаваем. Указ прыедзе правяраць, -- азірнуўшыся, прашаптаў Іван.

   Узяўшыся абедзвюма рукамі, Паўлік вырваў у бацькі Слова і стаў каля сцяны.

   -- Іван, забяры, пакуль на вуліцу не вынес! -- крыкнула Марына.

 У Вярнідуба пабялеў твар і пачырванелі вушы.

   -- Загубіш! Аддай!

   Паўлік прыціснуў Слова да грудзей.

   Амаль нічога не цямячы, Іван зняў з нагавіц папружку і стукнуў Паўліку па галаве.

   Хлапчук тоненька заенчыў, асунуўся на падлогу і выпусціў з рук Слова. Вярнідуб схапіў Яго і, бы апараны кіпенем, выскачыў на двор.

 

4

   У зрэбным мяху Іван прынёс Слова на пагорак і кінуў у яму, якую не так даўно выкапаў дзед Сымон.

   Побач з ямай ляжала свежая горбачка жвіру, а каля яе -- чалавечы чэрап з зубамі.

   Зморшчыўшыся, Іван нагою пхнуў чэрап. Ён упаў у яму і лёг каля Слова.

    Вярнідуб жменямі  сыпаў у яму вільготны жвір і час ад часу прыгаворваў, падахвочваючы сябе:

   -- Разам пахаваю вас! Разам! Каб не перашкаджалі!

5

   У хаце Івана сустрэла заплаканая Марына.

   -- Паўлічак моцна захварэў!

   Іван адчуў, як ёкнула ў грудзях.

   -- Дзе ён?

   -- У спальні на ложку ляжыць.

6

   Паўліку сапраўды было кепска. Ён ляжаў на ложку, заплюшчыўшы вочы і раскінуўшы рукі.

   Іван стаў на калені і памацаў сынаў лоб. Ён быў гарачы, што агонь.

   -- Сыночак, я хацеў па плячы выцяць, а ты спалохаўся, галоўку падставіў... Даруй!

   Паўлік ледзь чутна застагнаў.

    Вярнідуб нагнуўся над сынам і абняў яго.

   -- Я ж цябе да гэтага ні разу не біў, пальцам не крануў! Сам не ведаю, чаму сёння паднялася рука. Няхай яна ў мяне адсохла б.

   -- Не кляні сам сябе, -- папярэдзіла жонка. -- І так ужо награшылі.

   -- Марына, у хуткую дапамогу патэлефануй, не стой. Марына!..

   -- Ні адзін тэлефон у вёсцы не робіць. Зноў нейкая аварыя ў нас, -- як здалёку, азвалася Марына.

   Паўлік расплюшчыў васільковыя вочы, уважліва паглядзеў на бацьку і папрасіў:

   -- Татачка, раскажы мне верш, у якім Слова ўспамінаецца.

   Вярнідуб сцепануўся, нібыта яму самому знячэўку па галаве папружкай стукнулі.

   -- Не ведаю... Дальбог не ведаю такога верша!.. Марына, ты раскажы.

   -- І я не ведаю, -- разгубілася жонка.

   -- Татачка! -- з болем і адчаем прамовіў Паўлік і заплюшчыў вочы.

   "Кепска мяне ў школе вучылі", -- падумаў Іван і ўсклікнуў:

   -- Сыночак, я ведаю верш пра Беларусь!

   Паўлік паварушыўся і прыўзняў угору руку, як бы імкнучыся ўвысь.

   -- Пра нашу Беларусь раскажы.

   Іван схапіў сынаву ўзнятую руку, стараючыся каля сябе ўтрымаць яго, і прачытаў, як на  сцэне, выразна вымаўляючы кожную літарку:

                                           Ты ж не згаснеш, ясная зараначка,

                                           Ты яшчэ асвеціш родны край.

                                           Беларусь мая! Краіна-браначка!

                                           Ўстань, свабодны шлях сабе шукай.

У пакоі стала ціха, як перад грымотнай навальніцай.

   -- Я да дзядзькі Сымона схаджу, каня папрашу. На возе завязеш Паўліка ў бальніцу, -- падала голас Марына.

   Вярнідуб кіўнуў галавою, ніжэй нахіліўшыся над сынам.

7

   Марына пабегла да Сымона, а хвілін праз пяць пачуўся зычны голас участковага Канстанціна Эдуардавіча Акунёва:

   -- Ні гаспадыні, ні гаспадара ў хаце няма! Усю маёмасць спакойна можна павыносіць.

   Іван на дыбачках выйшаў са спальні. Акунёў стаяў на калідоры насупраць залы злосны, надзьмуты.

   Вярнідуб затрос перад ім рукамі.

   -- Эдуардавіч, цішэй, калі ласка! Паўлік моцна захварэў.

   Указальным пальцам, на якім выдзяляўся чырванюткі пухір, участковы пастукаў па скураной папцы.

   -- Мітрафанавіч, заява паступіла, што Слова ў сябе хаваеш. Не думаў, што твая душа -- поцемкі.

   "Яго з вобыскам да мяне прыслалі", -- здагадаўся Іван. Адчыніўшы дзверцы секцыі, ён дастаў адтуль бутэльку гарэлкі і працягнуў Акунёву.

   -- Вазьмі, Эдуардавіч. Выпіў бы з табою, але сына ў бальніцу павязу.

   Участковы ўзяў бутэльку, схаваў у кішэнь і, насцеж адчыніўшы дзверы, выйшаў у сені.

   -- Мітрафанавіч, дзе Слова? Сам здай, каб я не шукаў. Мітрафанавіч, справа сур'ёзная. Усё страціш, нават жонку. Мы знойдзем падыход!..

   -- Няма ў мяне Слова! Сын захварэў! Разумееш? -- у адчаі прагаварыў Іван.

   Участковы нахмурыў кусцістыя бровы і накіраваўся ў каморку.

   Іван стаяў і моўчкі кусаў губы. Ну й Акунёў! Ну й службіст! І гарэлку ўзяў, і ў каморку палез, старыя лахманы там будзе варочаць. А нядаўна, калі па чарцы рабілі, абяцаў, што выручыць у цяжкую хвіліну. Выручыў, называецца.

   У каморцы штосьці зазвінела.

   -- Знайшоў? -- не стрываў Іван.

   Акунёў нарэшце вылез з каморкі, абабіў пыл з нагавіц і спадылба зірнуў на Івана.

   -- Знайшоў? -- са злосцю паўтарыў Вярнідуб.

   -- Глядзі ў мяне! -- прыгразіў Акунёў і пайшоў, прытрымліваючы рукою бутэльку.

   -- Іван, я каня прыгнала! -- данёсся з вуліцы голас Марыны.

8

   У прыёмны пакой бальніцы Іван прынёс Паўліка на руках. Маладзенькі лекар у вялікіх акулярах пацікавіўся:

   -- Што з ім?

   -- Мой сынок! Папружкай яму стукнуў! Да гэтага не біў, -- прызнаўся Іван, як на споведзі.

   Лекар паказаў на кушэтку, што стаяла пры сцяне.

   -- Тут пакладзіце.

    Вярнідуб асцярожна паклаў сына на кушэтку. Паўлік дыхаў цяжка, перарывіста.

    Прысеўшы каля хлопчыка, лекар памераў ціск, расшпіліў кашулю, праверыў, як б'ецца сэрца.

   -- Што? Што? Доктарка!.. -- выдыхнуў Іван.

   -- Не хвалюйцеся. Мы яго хутка на ногі паставім, -- не паднімаючы галавы, адказаў лекар.

   -- Ты не згаснеш, ясная зараначка, ты яшчэ асвеціш родны край... -- трызнячы, прагаварыў Паўлік.

   Лекар падняў галаву і са здзіўленнем паглядзеў на Івана.

   -- Верш Максіма Багдановіча?

   -- Так, -- кіўнуў галавою Вярнідуб і, каўтнуўшы сліну, якая раптам набегла ў рот, неспадзявана для самога сябе закончыў:

   -- Беларусь мая! Краіна-браначка! Ўстань, свабодны шлях сабе шукай.

   -- Ого-о! -- працяжна вымавіў лекар. -- Багдановіч у нас не ў пашане. Ён са Словам сябраваў.

9

   Абнадзеены маладым лекарам, Іван пад'язджаў да вёскі. Зараз міне невялікі лясок, і за павароткай з'явяцца родныя Нараставічы, дзе яму някепска працавалася і няблага жылося. На падворку сустрэне Марына. Ён абніме яе і прытуліць да сябе. Няхай дзівяцца людзі праз вокны, няхай думаюць немаведама што.

   -- Но, Гнеды! -- нокнуў Вярнідуб, падганяючы каня.

    З ляска, з пагорачка, скаціўся чалавечы чэрап і лёг каля дарогі.

   Конь спыніўся, застрыг вушамі. А чэрап, падскокваючы, стаў набліжацца да воза.

   Іван хацеў перахрысціцца, але рука не паднялася, яе быццам паралізавала.

   -- Падвязі, дырэктар! -- выскаліўся чэрап.

   Гнеды застукаў капытамі, паднімаючы на дарозе пыл.

   З-за павароткі паказаўся ўчастковы. Ён ехаў на веласіпедзе. Веласіпед віляў з боку ў бок. "Эдуардавіч ужо апаражніў маю бутэлечку", -- прамільгнула ў Івана ў галаве.

                                                     На дворе стоит баран,

                                                     Головой махает.

                                                     Хорошо ему живётся:

                                                     Слова он не знает, --

   гучна заспяваў Акунёў. 

   -- Дырэктар, падвязеш? -- выскаліўся чэрап.

   "Ён з мяне здзекуецца", -- здагадаўся Іван і сцёбнуў Гнедага ляйчынай па спіне.

   -- Но-о!

   Перапалоханы конь панёсся галопам, высока паднімаючы пярэднія ногі.

10

   Акунёў злез з веласіпеда і правёў Івана вачыма, уголас прагаварыўшы:

   -- Ледзь не збіў паганы дырэктар. Прыпомню!

   -- Эдуардавіч, не мяне шукаеш? -- нечакана пачулася ззаду.

   Участковы павярнуўся і ўбачыў перад сабою чэрап, які падскокваў і крыўляўся, як жывы.

   Акунёў адкрыў рот, нейкі час пастаяў так, потым расшпіліў кабуру і намацаў рукаятку пісталета.

   -- Эдуардавіч, я не дазволю знішчыць наша Слова, -- выскаліў зубы чэрап.

   -- Усё  знішчу, маць вашу!.. -- дастаючы з кабуры пісталет, вылаяўся ўчастковы.

   Чэрап падскочыў і з сілай стукнуў Акунёву ў грудзі. Той выпусціў пісталет, упаў на спіну і раскінуў рукі, заграбаючы жменямі пясок. Аднекуль чорнай хмарай наляцелі мошкі і абселі Акунёва.

   -- Навалач! -- з пагардай сказаў чэрап.

11

   Каля хаты Івана чакаў Сымон.

   -- Мітрафанавіч, каня зусім запарыў. Не гаспадар ты, -- выгаварыў.

   -- Я не хацеў! -- прамовіў Іван і ўзяўся за галаву, якая раптам разбалелася.

   Мазолістаю далонню Сымон пагладзіў Гнедага па лобе.

   -- Мітрафанавіч, па вёсцы нядаўна чэрап падскокваючы бегаў і людзям прапаноўваў, каб Слова дамоў узялі. Людзі пазачыняліся і вокны пазавешвалі. А мой унучак не спалохаўся, вершык стаў расказваць пра Беларусь, якая вольны шлях сабе пачне шукаць. Краінай-браначкай назваў яе, я помню. Мітрафанавіч, гэты вершык ён у тваёй школе вывучыў.      

-- Не расказавай! Я не вінаваты! -- замахаў рукамі Іван і, шырока ступаючы, пакрочыў у хату.

12

   -- Лекар нядаўна тэлефанаваў, казаў, што нашаму Паўліку лепей, -- паведаміла Івану жонка.

   У Вярнідуба тарганулася левае вока. Усё-ткі моцна ён перахваляваўся ў гэты дзень, шмат здароўя страціў. А з-за чаго, запытацца? З-за Слова, якое амаль нікому не патрэбна.

   -- Тэлефанаваў?.. У вёсцы тэлефоны не робяць.

   -- Да паўдня не рабілі, а пасля паўдня зарабілі. У нас часта так бывае, -- адзначыла жонка.

   -- Часта! -- уздыхнуў Іван і, зняможаны падзеямі, упаў каля стала на крэсла. -- Чэрап па дарогах бегае. Чула?

   -- Чула. Людзям Слова прапаноўвае, -- спахмурнела кабета.

   На стале зазваніў тэлефон. Іван уздрыгнуў, а Марына  адрэагавала спакойна:

   -- Відаць, зноў лекар турбуе, намякае, каб разлічыліся.

   -- Нецярпіцца яму, -- скрывіўся Вярнідуб і працягнуў руку, каб узяць трубку, але не змог. Рука застыла ў паветры. -- Марыначка, можа, чэрап тэлефануе?

   -- Дурань! -- адказала жонка.

   Іван незадаволена хмыкнуў, падняў тэлефонную трубку і паднёс да вуха.

   -- Ало! Вас слухае дырэктар школы Іван Мітрафанавіч Вярнідуб.

   -- Да нас дайшлі звесткі, Вярнідуб, што па вашай вёсцы гуляе чэрап і людзям Слова прапаноўвае, -- пачуўся ў трубцы знаёмы голас Указа.

   У Івана пабялеў твар і пачырванелі вушы.

   -- Вы тады не знішчылі Слова, увялі мяне ў зман. Так я разумею?

   -- Знішчылі. У яме разам з касцямі закапалі.

   Твар у Марыны выцягнуўся, стаў падобны на паласаты кабачок.

   -- Хто тэлефануе?

   Іван выгнуўся, як чарвяк, і патрос пальцам на жонку. Маўляў, маўчы, не да цябе цяпер.

   -- З якімі касцямі? -- халодны голас Указа кідаў у пот.

   -- Са звычайнымі, з чалавечымі, -- выціснуў з сябе Вярнідуб.

   -- Я сам да вас прыеду, на месцы разбяруся і пакараю вінаватых, -- няласкава закончыў Указ.

   Іван паклаў трубку і плюхнуўся на крэсла. Спіна ў яго ўзмакрэла, да потных плячэй прыліпла кашуля.

   -- Хто? -- паўтарыла Марына.

   -- Указ. Ён разбярэцца і пакарае.

   Кабета балюча ўшчыкнула мужа за плячо.

   -- Казала табе: выкінь гэтае Слова. Дурань!

   Вярнідуб хацеў агрызнуцца, але на стале зноў зазваніў тэлефон.

   Як тапелец, Іван паглядзеў на жонку.

   -- Ты возьмеш?

   --  Ты! Ты дырэктар.

   Вярнідуб усхліпнуў і мусіў падняць трубку.

   -- Ало!

   -- Татачка, гэта я, Паўлік! -- данёсся з трубкі бадзёры голас сына.

   "Паўлічак ачуняў, ён не злуецца на мяне, татачкам называе", -- узрадаваўся Іван і гукнуў:

   -- Сынок, па нашай вёсцы жывы чэрап ходзіць і людзям Слова прапаноўвае!

   -- А людзі?

   -- Людзі як людзі. У хатах пазачыняліся.

   Зыркнуўшы на Івана, Марына пакруціла пальцам каля скроні.

   -- Папраўляйся, сынок, -- панура пажадаў Іван і паклаў тэлефонную трубку.

   -- Дурань і ёсць дурань! -- паківала галавою жонка. -- Навошта Паўліку пра чэрап і Слова сказаў? Ён сёння ж з бальніцы ўцячэ, прыбяжыць, каб Слова ўзяць.

13

   Марына як у ваду глядзела. Паўлік уцёк з бальніцы. Ён сядзеў на пагорку і размаўляў з чэрапам. Побач ляжала Слова ў даўняй рамцы арэхавага колеру пад патрэсканым шклом.

   -- Значыць, ты калісьці быў воем і загінуў, баронячы Бацькаўшчыну? -- у задуменні прагаварыў Паўлік.

   -- На жаль, загінуў, -- адказаў чэрап.

   -- З кім вы тады ваявалі?

   -- З акупантамі. Паўлік, ты зберажэш Слова?

   -- Зберагу, ніякаму Указу Яго не аддам. Хочаш, я прачытаю верш Максіма Багдановіча, які лекар у бальніцы мне расказаў?

   -- Прачытай, -- усміхнуўся хлопчыку чэрап.

   Паўлік прыўстаў і, гледзячы ўдалячынь, прачытаў:

                                          Кінь вечны плач свой аб старонцы!

                                          Няўжо жа цёмнай ноччу ты

                                          Не бачыш, што глядзіцца сонца

                                          Ў люстэрка -- месяц залаты?

 

                                          Не згасла сонца! Сонца гляне,

                                          Усіх падыме ада сна.

                                          Ён, гэты дзень, яшчэ настане, --

                                          І ачуняе старана!

 

                                          Я пад яе зімовай маскай –

                                          Пад снегам – бачу твар вясны,

                                          І вее верш мой дзіўнай казкай,

                                          І ясны ён, як зорак сны.