Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс мяккага знака

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: правапіс мяккага знака.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                         Дзіўны, спраўны,

                                                        Добры, новы --

                                                         Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.      

Як пішам: мядзведзь ці мядзведз?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Мяккі знак пішацца на канцы слова для абазначэння мяккіх зычных  [л′], [н′], [з′], [с′], [дз′], [ц′] [5, стар. 108, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад наступныя словы: соль, конь, мазь, карась, медзь, дзесяць.

Называем мяккія зычныя гукі на канцы ўзятых для прыкладу слоў ([л′], [н′], [з′], [с′], [дз′], [ц′]) і прыходзім да вываду, што іх мяккасць абазначана з дапамогай мяккага знака, які стаіць пасля іх.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: мядзведзь.

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “лунаць” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “лунаць”?

Для даведкі: лунаюць арлы – лунаюць песні.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: канькі  ці канкі?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Мяккі знак пішацца ў сярэдзіне слова для абазначэння мяккіх зычных [л′], [н′] перад зычнымі.

Выключэнне -- словы з двума [л′], [н′] [5, стар. 108, “Беларуская мова”].

Напрыклад: раздолле, насенне.

Возьмем як прыклад наступныя словы: кашулька, маленькі.

У сярэдзіне ўзятых для прыкладу слоў выдзяляем мяккія зычныя [л′], [н′] і прыходзім да высновы, што іх мяккасць абазначана з дапамогай мяккага знака  перад іншымі зычнымі ([к], [к′]).

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: канькі.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

На, ў, жыллё, коннік, галлё, вёз, кані. (Коннік на кані вёз галлё ў жыллё.)

Растлумачце правапіс выдзеленых літар. 

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                              Футбаліст я

                                                              З сабой футбольны.

                                                              Вельмі здольны.

                                                              Вазьму мяч

Адказ: 1 – 4, 2 – 2, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершаваным тэксце словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце мяккі знак, потым напішыце беларускія словы “конь”, “насенне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце іх, добрых і ласкавых.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: пісьменнік ці пісменнік?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Мяккі знак пішацца ў сярэдзіне слова для абазначэння мяккіх зычных гукаў [з′], [с′], [дз′], [ц′]), калі пры змене слова яны вымаўляюцца мякка і перад мяккімі, і перад цвёрдымі зычнымі гукамі [2, стар. 50 -- 51, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад наступныя словы: просьбе – просьба ([с′] перад [б′][б]), дзядзька – дзядзькі ([дз′] перад [к][к′]).  У сярэдзіне ўзятых для прыкладу слоў выдзяляем мяккія зычныя [с′], [дз′].

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Пры змене слоў “просьбе”, “просьба”, “дзядзька”, дзядзькі” мяккі знак захоўваецца, каб абазначыць мяккія зычныя ([с′], [дз′].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: пісьменнік.

             [2, стар. 50 -- 51, “Беларуская мова”]

             [5, стар. 108, “Беларуская мова”]

Назавіце слова.

                                                   Пішам з мяккім знакам

                                                   Вугаль, дзядзька,

                                                   Сядзь і сядзьце,

                                                   Радасць, … (бацька).

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс  мяккага знака ў словах вершаванага тэксту “вугаль”, “дзядзька”, “сядзь”, “сядзьце”, “радасць”, “бацька”.

Скорагаворка.

Лось, не лезь у гразь (Аляксей Якімовіч).

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “як трэба, як павінна быць, як след”.

                                                      Вельмі здольны наш Алесік.

                                                      Шмат чаго можа зрабіць:

                                                      Выразаць, прыбіць, паправіць

                                                      І зляпіць … . 

Якімі словамі ў вершы можна замяніць словы “вельмі здольны”? (Умелы, рукасты.)

Ці тое ж самае азначэнне з правіла вы выкарыстаеце, каб растлумачыць правапіс мяккага знака ў словах “вельмі”, “зрабіць”, “выразаць”, прыбіць”, паправіць”, “зляпіць”?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя еам, ьцыб [3, стар. 338, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                 Чырвань льецца на загоны,

                                                 Нішчы(ц, ць) (ць, ц)мы пасады-троны;

                                                 Дню складаю(ць, ц) гімн паляны.

                                                 Хлопец чуе адраджэ(нь, нн)е;

                                                 Ноч прайшла, пазбыта (ць, ц)ма,

                                                 Волен ён, канец мучэ(нь, нн)ю… [4, стар. 361, “Паэмы Я. Коласа”].

Якім словам можна  замяніць слова “цьма”? (Цемра.)

Раскрыйце сэнс слова “загон”. (Тут: доўгі ўчастак ворнай зямлі, поля.)        [1, стар. 125, “Тлумачальны слоўнік”]

Для даведкі: хлопец – герой паэмы Сымонка.

Адказы на пытанні.

 Якімі літарамі абазначаецца мяккасць зычных на пісьме?

Калі пішацца мяккі знак? Ці ёсць выключэнне з гэтага правіла?

Тэст.

Назавіце словы, у якіх пішацца мяккі знак.

1. Струмен..чык.

2. Ваз..мі.

3. Выказ..нік.

4. Натхнен..не.

5. Ліпен..скі.

6. Дз..ве.

7. Падсун..ся.

Адказ: 1, 2, 5, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мн.,

Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.

3. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

4. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.                

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, верасень 2020 года, № 9 (227).