Поиск по этому блогу

Прыгодніцка-гістарычная аповесць "Здраднік"

 

                                                                           АЛЯКСЕЙ ЯКІМОВІЧ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ЗДРАДНІК

Прыгодніцка-гістарычная аповесць

 

 

 

 

 

 

 

Сямнаццатае стагоддзе.  Месца дзеяння -- Беларусь. Трагічныя падзеі, калі рушылася беларуская дзяржаўнасць, паказаны на прыкладзе сем'яў Станішэўскіх і Краўцоў у прыгодніцка-гістарычнай аповесці “Здраднік”. Перапляліся, непадзельна звязаны лёсы дарослых і дзяцей. Дзеці Паўлюка Краўца Петрык і Мар'яна сябруюць з дачкой Вацлава Станішэўскага Янінай. Але Вацлаў Станішэўскі перашкаджае гэтаму, імкнецца звесці са свету беларускую сям'ю Краўцоў.

Дапрацавана аўтарам ў 2018 годзе.

Друкаваць у гэтым варыянце.

Змешчана ў кнізе “Мой сябар Дон Кіхот”.

Якімовіч, Аляксей. Мой сябар Дон Кіхот : Аповесці : Для сярэд. шк. узросту, для падлеткаў і старэйшых / Аляксей Якімовіч. –   Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 333 с. – (Б-ка прыгод і фантастыкі).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

БЛАГІЯ СНЫ

 

Частка першая

 

Раз'юшаны бык

 

Петрык паклаў у стажок апошняе сасновае палена, сеў на калодку і, не стрымаўшыся, сам сабе ўсміхнуўся. Нездарма стараўся, працаваў з самага ранку да паўдня. Ладны, зграбны выйшаў стажок, падобны на тыя, што стаяць на лузе ў час касьбы. Пахваліць бацька, скажа добрае слова. Учора ён, Петрык, цэлы дзень з бацькам гахаў, колючы тоўстыя сасновыя калоды. Няхай сушацца дровы ў стажку. Зімою затрашчаць у печцы, грэючы цяплом хату.

Петрык прыхінуўся спінаю да стажка. Ласкава свеціць травеньскае сонца, пахне смалою. Буйнымі жоўтымі кроплямі яна выступіла на паколатых паленах, цёмнымі плямамі расцерлася на далонях.

"Чамусьці Янінка сёння да нас не прыбягала", -- падумаў Петрык і, падняўшы галаву, прашаптаў уголас:

-- Янінка Станішэўская!

Маёнтак Станішэўскіх непадалёку, вярста з гакам да яго. Каля самага лесу ўзвышаецца каменны гмах, абкружаны паркам, у якім растуць і высачэзныя ліпы, і стройныя таполі, і клёны. Паўз пасыпаных белым пяском дарожак -- зараснікі бэзу, а каля самага дома -- яблыні, грушы, слівы, вішні.

Багата жывуць суседзі Станішэўскія. А ў іх, у Краўцоў, толькі некалькі маладзенькіх яблынь расце каля хлява. За хлявом -- невялікі агарод. На агародзе маці з бацькам садзяць буракі, капусту, на градках сеюць агуркі, моркву, цыбулю.

За агародам -- луг, на дзве паловы, як нажом, перарэзаны дарогай. Каля самай дарогі ўзвышаецца бяроза, а крыху далей віднеюцца чатыры цагляныя сцяны, закопчаныя дымам -- усё, што засталося ад колішняй сядзібы, у якой нарадзіўся Петрык.

З хаты выйшла Петрыкава сястрычка  Мар'яна. Ступіла некалькі крокаў і стала, як здранцвелая. Глядзіць удалячынь шырока расплюшчанымі вачыма.

-- Петрык! -- усклікнула. -- Глянь!

Хлопчык азірнуўся і ўбачыў: узнімаючы пыл, па дарозе нясецца іхні бык-двухзімак Пярэсты.

-- Хтосьці кош надзеў на галаву Пярэстаму! -- крыкнула Мар'яна.

Бык на хвілінку прыпыніўся, раз, другі страсянуў галавою, імкнучыся скінуць з галавы ненавісны кош.

З-за абгарэлых муроў вылецеў на кані Адам -- гайдук Вацлава Станішэўскага.

-- Улю-лю-лю-лю! -- закрычаў, завыў, прышпорваючы каня.

Бык зароў, нібы яго балюча выцялі, збочыў з дарогі і з усіх ног прыпусціўся на агарод. Адам, улюлюкаючы, як на паляванні, -- за ім.

-- Братка-а!.. -- у роспачы закрычала Мар'яна.

Пачуўшы яе крык, з хаты выскачылі бацька і маці.

А Пярэсты ўжо на агародзе. Крутнуўся на раллі, там, дзе пасаджаны буракі, а потым, нагнуўшы галаву, рынуўся на іншыя градкі.

-- Ён усе градкі паразварочвае! -- загаласіла маці.

Схапіўшы вяроўчыну, якая вісела на хляве каля дзвярэй, бацька як га сказаць зрабіў на канцы пятлю. Змяёю выгнулася ў паветры вяроўчына і праз імгненне засмаргнулася на шыі Пярэстага. Раўнуўшы, бык упаў каля градкі. Бацька наваліўся на яго, імкнучыся зняць з галавы паломаны кош.

Петрык не стаў чакаць пакуль бацька пакліча на дапамогу. Ён зразумеў, што бацьку аднаму не справіцца з быком і, сарваўшыся з месца, пабег на агарод.

Бык цяжка дыхаў, дрыжаў усім целам, шалёна вадзіў налітымі крывёю вачыма. З пысы на чорную тарфяністую зямлю сцякала чырвона-бурая крывавая пена.

Петрык ухапіўся за кош і пацягнуў яго так, што ён хруснуў. Бык страпянуўся. Зараз ускочыць... А непадалёку маці, Мар'яна... Затопча іх, калі не паразбягаюцца...

-- Гы-гы-гы... -- данёсся да Петрыка траскучы Адамаў рогат.

Петрык, як і бацька, наваліўся на быка, што ёсць сілы ціснучы яго да зямлі.

Пярэсты зноў страпянуўся. І тут бацька, прытуліўшыся губамі да самага яго вуха, зашаптаў штосьці ласкавае, лагоднае.

Уздыхнуўшы цяжка, працягла, зусім па-чалавечы, нібы ад перажытага, бык лёг на бок, выцягнуўшы ўсе чатыры нагі.

-- Петрык, -- гэтак жа лагодна прамовіў бацька, -- знімай кош. Не марудзь. Сынок!..

Асцярожна, каб не прычыніць Пярэстаму боль, Петрык сцягнуў з галавы кош і адступіў назад.

-- Сыночак!.. -- абняла яго за плечы маці.

Бацька ж зняў з шыі быка вяроўчыну і лёгенька стукнуў яго далонню па шыі.

-- Уставай, Пярэсты.

Пярэсты ўсхапіўся і, ківаючыся, як хворы, накіраваўся да хлява.

-- Я яму шыю пятлёй здушыў, -- вінавата сказаў бацька.

-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў Адам. Сядзіць на кані, бы які важны пан. Твар круглы, чырвоны (іголкай тыкні -- кроў пырсне), сыты, задаволены.

-- Нацешыўся? -- працадзіў праз зубы бацька.

Петрык адчуў, як задрыжалі ў маці кончыкі пальцаў. Так дрыжалі яны і тады, калі гарэла іхняя сядзіба, калі чырвоныя языкі полымя ў той зімовы вечар рваліся ў паднябессе.

-- Паўлюк, -- шчарбаты Адамаў твар ашчэрыўся ва ўсмешцы, -- я твайго быка не чапаў. Я яго хацеў пераняць.

-- А кош ён сам сабе на галаву надзеў?

Нахабна, у вочы бацьку глядзіць Адам.

-- Мо і сам. Я ж твайго быка не наймаўся пільнаваць. Спутай і прывяжы, калі ён у цябе такі жвавы.

-- Вон! -- сказаў, нібы стрэліў, бацька.

Адам пакруціў тоўстай шыяй, быццам яму каўнер замуляў.

-- Паўлюк...

Маці адпусціла Петрыка і памкнулася да бацькі.

-- Паўлюк, не чапай яго!

-- Лепей не чапай, -- папярэдзіў Адам.

-- Вон! -- паўтарыў бацька.

Адам узяўся за ручку пістолі, якая была за поясам.

Петрык нагнуўся, намацаў на зямлі камень. Не, ён не дасць Адаму выстраліць у бацьку. Калі выцягне пістолю, пусціць у яго каменем, як з прашчы.

-- Татка-а! -- заплакала Мар'яна.

Бацька адвёў назад руку з вяроўчынай. Вось-вось, як і нядаўна, вяроўчына выгнецца ў паветры змяёю і са свістам засмаргнецца пятлёй на тоўстай шыі Адама.

-- Здраднік! Не даруем! -- крыкнуў Адам і, павярнуўшы каня, панёсся, як раз'юшаны бык.

-- Паўлюк, навошта ты яго зачапіў? -- прагаварыла маці. -- Будуць помсціцца яны. Хіба ж не ведаеш?

-- Зося, калісьці ён прасіў, каб дазволілі на наш двор зайсці. А цяпер нават з каня не злез. Быка на агарод загнаў, -- прамовіў бацька.

-- Паўлюк, сёлета без морквы застанёмся. Бачыш, як Пярэсты градку развярнуў?

-- Перасеем. Яшчэ не позна.

-- Мамачка. канешне, перасеем! -- падскочыла да маці Мар'яна. Ушчарэпілася за руку, у вочы пазірае.

Петрык рукавом змахнуў слёзы, якія выступілі на вачах.

 

З Янушам Радзівілам

 

Нядобра на душы ў Петрыка. Здраднікам абазваў бацьку Адам. За што, запытацца? Бацька ж і на вайне быў. Паранілі яго там. Дык хіба ён здраднік? Чаму ж абазваў Адам? Чаму?

-- Сынок! -- паклікаў бацька, выйшаўшы з хаты.

Петрык не азваўся.

"Здраднік! Здраднік!" -- тахкае ў галаве. Зараз падыдзе бацька. Цяпер лепей не бачыцца з ім. Лепей потым, калі пройдзе, калі ўляжацца боль на душы.

-- Сынок, што з табою? -- нячутна падышоўшы, бацька паклаў руку на плячо.

Гарачая бацькава далонь, здаецца, прапякае плячо. Крутнуцца і скінуць яго руку? Але ж...

-- Сынок...

-- Чаму ён цябе?.. Чаму абазваў? -- вырвалася ў Петрыка. Усё-ткі не хапіла духу вымавіць апошняе, самае страшнае слова -- здраднікам.

Бацька сеў на калодку, якая стаяла побач.

-- Петрык, сынок, усю праўду ты хочаш ведаць? Раскажу табе пра майго бацьку, а твайго дзеда -- Юстына. Слухай і запамінай.

Ціха і на дзіва спакойна вядзе гаворку бацька. Петрык ловіць кожнае слова і, нібы на яве, уяўляе, як дзед Юстын у гусарскай харугве Януша Радзівіла -- гетмана Вялікага Княства Літоўскага -- ваюе з маскоўцамі за Смаленск у лета 1633-е. Скачуць, іржуць коні, звіняць шаблі. Януш Радзівіл падбадзёрвае сваіх вояў, кліча за сабою. А восеньскія лугі зацягнутыя густым дымам, як туманам.

Побач з Янушам Радзівілам -- дзед Юстын. Не спускае ён вачэй са свайго слаўнага гетмана, беражэ. Ды сам не ўбярогся. Рука ворага працяла яго дзідай.

Разрываючы павуцінне, якое бабіным летам плыве над дарогай, бягуць шпаркія коні, імчаць дзеда Юстына ў родную Сіняўку, у маёнтак, які дастаўся яму ад бацькі.

Толькі ў Сіняўцы, каля роднага дома, дзед Юстын расплюшчыў вочы і прагаварыў: "Я жывы?.. Жывы..."

-- Той раз пад Смаленскам нашы атрымалі перамогу, -- кажа бацька.

-- А што было потым? -- цікавіцца Петрык.

-- А ў лета 1651-е і я з тваім дзедам адправіўся да Януша Радзівіла. Разам з ім вялі бой супраць казацкіх атрадаў Нябабы, завалодалі Чарнігавам, у жніўні былі пад Кіевам і праз некалькі дзён узялі яго без бою. Не раз вызначыўся Януш Радзівіл, ды не любілі яго ганарлівыя польскія шляхціцы.

Петрык уявіў Вацлава Станішэўскага, бацьку Яніны. Тоўсты, непаваротлівы, ён нават па баках не глядзіць, калі едзе па дарозе. Густыя, як шчотка, бровы заўжды насупленыя, кончыкі рыжых вусоў узнятыя ўгору, галаву трымае прама, як на калку.

-- Не любілі яго польскія шляхціцы, -- другі раз прамовіў бацька.

-- Такія, як Вацлаў Станішэўскі?

Бацькаў твар балюча перасмыкнуўся.

-- Станішэўскі гэткі ж паляк, як я татарын.

-- Але ж ён называе сябе палякам.

-- Адно што называе.

У галаве ў Петрыка ўсё пераблыталася. Канешне, бацьку цяжка ўспамінаць пра мінулае. Але ён, Петрык, датуль не адступіцца, пакуль пра ўсё-пра ўсё не праведае. Альбо сёння, альбо ніколі.

-- Татка, Вацлаў Станішэўскі пабіў бы таго, хто сказаў бы, што ён не паляк.

-- Пабіў бы, бо праўду хоча схаваць, як канцы ў ваду. Ён, як і я, беларускі шляхціц. І яго бацька, Клім, як і дзед Юстын, быў беларускім шляхціцам, пакуль не перайшоў у католікі. А як перайшоў, дык і палякам запісаўся.

-- Чаму?

-- Каб здабыць прывілеі. Яшчэ ў лета 1569-е ў Любліне наша Вялікае Княства Літоўскае, якое вяло цяжкую вайну з Масковіяй, мусіла заключыць ваенна-палітычны хаўрус з Каронай Польскай. Ён ліквідаваў звычайны парадак абрання нашага князя і дазволіў палякам свабодна набываць землі, даставаць усякія пасады на абшарах Беларускага гаспадарства. Не ў пашане стала беларуская шляхта. А на нашу зямлю палякі пачалі глядзець як на сваю вотчыну. Аднаго разу Януш Радзівіл, які заўжды стаяў за незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага, не сцярпеў і перад самым каралём Кароны Уладыславам прыгразіў палякам: "Прыйдзе час, -- паны-палякі да дзвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем". Потым звялі яго са свету. А падобныя да Станішэўскіх супраць караля не пайшлі. Прынялі каталіцтва і ў палякі запісаліся.

-- Дык хто ж і каму здрадзіў?

Зноў ціхім ручаём льецца бацькаў голас. Праўда,  бывае, зазвініць, нават загрукоча, болем прарваўшыся. А прад вачыма Петрыка зноў малюнкі бягуць, трывожаць, бацькавым болем у сэрцы адклікаюцца.

Уварвалася ў Беларускае гаспадарства войска Масковіі. Здаўся на літасць цара Смаленск, адступаюць воі Януша Радзівіла -- камандуючага ўсім войскам Вялікага Княства Літоўскага. Радуюцца яго непрыяцелі-пярэваратні -- колішнія беларускія шляхціцы. І Карона не спяшаецца на дапамогу. Няхай яшчэ болей крыві пралье Беларускае гаспадарства, няхай знясіліцца, абязлюдзее. Слабага лягчэй падабраць пад сябе. Слабы сам папросіцца пад крыло.

Пацямнеў твар у Януша Радзівіла, сінія кругі ляглі пад вачыма. Цяжкія думкі яго адольваюць. Як уратаваць дзяржаву? Што зрабіць, каб не прапала, знічкай не згінула?

Няма спадзявання на Карону. "Час настаў адлучыць наша княства ад Кароны, -- сказаў сябрам Януш Радзівіл. -- Шведскі кароль нам абяцае дапамогу".

У лета 1655-е бацька і дзед Юстын разам з Янушам Радзівілам ужо ў Яшвойнях, пад Кейданамі. Прыехалі сюды, каб заключыць саюз са Швецыяй -- акт аб выхадзе Вялікага Княства Літоўскага з Кароны Польскай.

Сядзіць пісар, пад дыктоўку старанна, аж скрып ідзе, выводзіць пяром: "... Мы, кіраўнікі і шляхта Вялікага Княства Літоўскага, вымушаныя да таго неабходнасцю, аддаёмся пад апеку яго вялікасці караля шведскага на ніжэйдамоўленых умовах:

1). Разам ваяваць супраць агульных ворагаў, выключаючы караля і Карону Польскую.

2). Вялікае Княства Літоўскае не будзе прыяднана да Швецыі, але злучана з ёю тою самай уніяй, якая дагэтуль была з Каронаю Польскаю, гэта значыць, народ ва ўсім будзе роўны народу, сенат сенату і воі воям.

3). Свабода голасу будзе абавязковаю.

4). Свабода рэлігіі будзе непарушнаю..."

Пастаўлены подпісы, замацаваныя пячаткамі...

Радуецца бацька, час ад часу паўтараючы: "Народ ва ўсім будзе роўны народу". Цяпер беларус зноў стане гаспадаром у сваім краі. Каб толькі выстаяць. А затым можна даць сквапным ворагам адпор, вызваліць страчаныя гарады і вёскі, адпомсціць за бязвінна пралітую кроў.

Ды не радуецца дзед Юстын. Ходзіць хмурны, долу апусціўшы вочы. Не вытрываў бацька. Цёмнай кастрычніцкай ноччу, калі сядзелі каля цяпельца, запытаў у дзеда Юстына: "Татка, чаму ты не радуешся?" "Не веру я каралям", -- адказаў дзед Юстын.

Як у ваду ён глядзеў. Шведскі кароль не выплаціў воям Вялікага Княства Літоўскага абяцаных грошай, не забяспечыў порахам і іншым неабходным ваенным рыштункам.

Узбунтаванае войска пакінула Януша Радзівіла і рушыла на поўдзень Княства.

З тым войскам, што засталося пры ім, Януш Радзівіл кінуўся наўздагон, заняў замак у Тыкоціне і пачаў там рыхтавацца да абароны.

Снежань... Вакол крэпасці аблога. Нудна цягнецца доўгая зімовая ноч. Не спіцца бацьку і дзеду Юстыну. Са сваімі прыйдзецца ваяваць, з тымі, хто адступіўся, хто пакінуў гетмана.

Гарыць агеньчык у акне Януша Радзівіла. І яму не спіцца. Рушацца яго планы. Няўжо прыйшоў канец таму, за што змагаўся? Цвіло, красавала, папараццю-кветкай ззяла Вялікае Княства Літоўскае... Чаму так рана адцвіла цудадзейная папараць-кветка? Няўжо так наканавана? Стынуць у магілах-курганах косці загінуўшых... Мёртвыя праклянуць жывых! Доўга смугою будзе вісець пракляцце над гэтай зямлёй. Чаму адступіліся? Чаму не абаранілі годнасць сваю і гаспадарства сваё? Чаму паквапіліся на ўзнагароды і пасады? "І роды вашы згінуць, пракляццем, як іржой, з'едзеныя. Нат не ўспомняць пра іх", -- у скрусе шэпча гетман.

Зграя ваўкоў падышла да замка, завыла. Адзін стрэл, другі... Заенчыла воўчая зграя, паімчалася ў ноч, узнімаючы снежную віхуру.

На бяду выла воўчая зграя. У ноч з 30 на 31 снежня ў лета 1655-е Януша Радзівіла не стала.

Дзеда Юстына дапусцілі да цела нябожчыка. Зірнуў ён на даўняга баявога сябра і жахнуўся: цёмнымі плямамі пабіты мёртвы твар. Прытуліўся дзед Юстын шчакой да халоднай рукі Януша і прагаварыў, плачучы: "Атруцілі яны цябе, княжа. Атруцілі!"

Бацька скончыў расказваць, зірнуў на Петрыка.

-- Дык хто здраднік, сынок?

-- Татка, не дадзімся воўку жыўцом у зубы! -- як дарослы, адказаў Петрык і, памаўчаўшы, дадаў: -- А як дзед Юстын загінуў? Раскажы.

 

З дзедам Юстынам

(успамін Паўлюка)

 

Пасля пахавання Януша Радзівіла бацька сказаў Паўлюку:

-- Паўлюк, заўтра ж едзем у Сіняўку.

Паўлюк пачаў збірацца ў дарогу. А думкамі ўжо там, у Сіняўцы, дзе ўсё знаёмае, дзе так добра, так міла.

Як жыве каханая Зося? Што робіць яна? Мусіць, дайшла да яе вестка пра смерць гетмана. Гэткія весткі хутка разносяцца па гарадах, па вёсках, па маёнтках.

Напэўна, выглядае, бедная, ці не пакажуцца ўдалечыні, на заснежанай дарозе, коннікі...

А што ж робіць сынок Петрык, якому толькі чацвёртае лета пайшло? Мабыць, пытаецца ў сваёй мамкі, ці хутка прыедзе татка.

Паўлюк міжволі ўсміхнуўся.

Ноч прайшла неспакойна. Сніўся Януш Радзівіл. Нібыта ідзе, наставіўшы рукі ў цёмных атрутных плямах, рот адкрывае, штосьці хоча сказаць, а слова не можа вымавіць.

А пад ранкі, калі яшчэ не развіднела, прыйшоў да іх ваявода, сеў на лаву.

-- Мы з гетманам былі рознай рэлігійнай веры. Я праваслаўны, а ён кальвініст, ды іншая вера нас яднала -- вера ў родны край, у Бацькаўшчыну нашу, -- сказаў бацька.

-- Юстын, заставаліся б. Сцены ў крэпасці моцныя, адседзімся, -- уздыхнуў ваявода.

Бацька пакруціў галавою.

-- Не.

-- З крэпасці мы дапаможам вам вырвацца, але ж на дарогах наша апольшчаная шляхта. Як ваўкі, палююць яны за такімі, як ты.Спуску не даюць, -- напомніў ваявода.

Сапраўды, пярэваратні -- ворагі Януша Радзівіла -- перакрылі дарогі. Дый каля крэпасці стаяць, аблажылі яе. Добрых вояў братоў Стасевічаў, якія прабіраліся ў крэпасць, злавілі, распранулі на дарозе і, паздзекаваўшыся, чацвертавалі. Крычалі, хваліліся: "Усіх вас, здраднікаў, такі канец чакае!" Нахваліліся на сваю галаву. Не мінула кара катаў. Ноччу воі ваяводы знянацку напалі на іхні перадавы атрад і пасеклі без літасці. І ён, Паўлюк, біўся з імі, як з лютымі ворагамі. Не было ў сэрцы жалю, шкадавання, сумненне не мучыла. "Вы першыя пачалі", -- прыгаворваў ён, направа і налева раздаючы смяротныя пачастункі.

Праўда, пасля той ночы стала торгацца ў яго правае вока. "Сынку, стаміла цябе крывавая бойня", -- заўважыў бацька.

-- Юстын, адседзіцеся ў крэпасці, а як усё ўляжацца, паедзеце дамоў, -- кажа ваявода.

Бацька рэзка ўстаў.

-- Не прывык я адседжвацца. Людзей трэба збіраць, бо неўзабаве не толькі княства, але і сваёй мовы пазбавімся мы. Безгалосыя станем.

Меў рацыю стары вой Юстын. Беларуская мова, дагэтуль дзяржаўная ў Беларускім гаспадарстве, у самым канцы сямнаццатага стагоддзя была пазбаўлена права дзяржаўнасці, стала непажаданай. Вось што напісаў у сваім Універсале толькі што абраны польскі кароль Фрыдрых Аўгуст: "У справах і пасольствах Рэчы Паспалітай мы, згодна даўнім законам, не будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнетам, і абяцаем выдаваць усе лісты , справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а не іншай".

...Ваявода болей не ўгаворваў бацьку. Абняў на развітанне. Над сцяной крэпасці грымнулі стрэлы. Па загаду ваяводы абаронцы Тыкоціна адкрылі агонь па непрыяцелю. Завязалася перастрэлка, у час якой Паўлюку і Юстыну ўдалося вырвацца з аблогі.

Юстынаў Гнеды і Паўлюкоў Вараны прыпусціліся рыссю, пакідаючы на перамеценай снежнымі сумётамі дарозе глыбокія сляды.

Мароз абдаваў холадам, кусаў за шчокі, за нос, імкнучыся прабрацца пад кажух.

Паўлюк дагнаў бацьку, і яны паехалі стрэмя ў стрэмя. Шмат вёрстаў праскакалі вось так, побач: і як цяпер, зімою, і ў спякотнае лета, і ў дажджлівую восень, і мілай вясной. Калі б скласці гэтыя вёрсты, то доўгай-доўгай ніткай выцягнуліся б.

Падзьмуў вецер, тоненька завываючы і галосячы, быццам хаўтурную песню заспяваў. Стомленыя коні перайшлі на крок.

Паўлюк зірнуў на бацьку. Шчокі ў бацькі расчырванеліся ад марозу, на бровах, на вусах белы, што малако, іней.

-- Тата, зараз мяцеліца закруціць, -- парушыў маўчанне Паўлюк.

-- Мяцеліца нам на руку. Дасць Бог, скрозь варожыя старожы непрыкметна праскочым, -- сказаў бацька і, крыху памаўчаўшы, неспадзявана дакончыў: -- Шкада!

-- Тата, ты пра што? -- не зразумеў Паўлюк.

-- Шкада, што наш гетман сваю справу да канца не давёў. Ты думаеш, яму было лёгка пайсці на хаўрус са шведамі? А што заставалася рабіць? Гіне дзяржава.

-- Тата, цяжка нам. З усіх бакоў на нас навальваюцца. Кожны нашу коўдру на сябе цягне. Каго тут толькі  не было! І крыжакі, і татары, і маскоўцы... Ці хоць вытрываем мы?

-- Вытрываем. Стрыжань ёсць у нас. Моцны стрыжань, здаровы.

-- Але ж не адзін з нашых ад радзімы адрокся, ворагам служыць. Прыпявалам стаў у ворагаў. Як наш сусед Клім Станішэўскі.

-- Прыйдзе час -- не стане іх. А стрыжань застанецца. Усякі народ, які паспытаў столькі цяжкасцей, даўно загінуў бы. А мы жывем і будзем жыць.

З-за ляска, да якога было рукой падаць, выбегла воўчая зграя.

-- Адзін, два, тры... -- уголас пачаў лічыць Паўлюк.

Трынаццаць шэрых драпежнікаў ён налічыў. Моцныя, упэўненыя ў сабе, бягуць няспешна, след у след.

Пярэдні, важак, вялізны, лабасты, з ускудлачанай поўсцю на баках, спыніўся. Спынілася і ўся воўчая зграя.

Спалоханыя коні рванулі ўбок, месячы капытамі гурбы.

-- Тпру-у!.. -- нацягнуў аброць Паўлюк.

Лабасты важак трушком падбег ледзь не да самай дарогі, падняў угору морду і працягла завыў.

Выхапіўшы пістолю, Паўлюк ускінуў руку і стрэліў у важака. Крутнуўшыся, воўк ашчэрыў зубы, заскавытаў і пабег назад, кульгаючы. Воўчая зграя, пакінуўшы яго, панеслася ў поле.

Вецер завыў мацней, халоднаю ільдзіністаю крупою сцебануў па твары. Паўлюк, разгарачаны, павярнуўся да бацькі.

-- Аднаго стрэлу спалохаліся!..

-- І адзін стрэл цэлую харугву можа падняць. Баюся, што і яны пачулі, -- уздыхнуў бацька.

Яны, на чале з Клімам Станішэўскім, вылецелі са снежнай замеці, калі Паўлюк і Юстын мінулі лясок.

Паўлюк і Юстын спыніліся, узяўшыся за ручкі пістоляў.

Клім Станішэўскі выехаў наперад. Губы крывяцца, пазірае спадылба.

"Зляцеліся крумкачы, счуўшы лёгкую здабычу", -- прамільгнула ў галаве Паўлюка.

Паўлюк не баяўся смерці, не раз і не два глядзела яна яму ў твар. Але гінуць вось так, недарэчна, ад рук пярэваратняў, не пабачыўшы блізкіх, не пераступіўшы родны парог, не хацелася. Загінуць ад такіх, што ад воўчай зграі.

-- Ну, што, Юстын? -- парушыў маўчанне Клім.

-- Ні пад Смаленскам, ні пад Шкловам, ні пад Шапялевічамі, калі мы крывёю абмываліся, цябе я не бачыў. А сюды ты прыляцеў! -- сказаў Юстын.

-- Бацька, чаго чыкаешся? Смерць здраднікам! -- усклікнуў Вацлаў, сын Станішэўскага.

-- Гы-гы-гы, -- рагатнуў гайдук Адам.

-- Юстын, чаму супраць Кароны пайшоў? -- прамовіў Клім.

-- Я не супраць Кароны. Карона твая няхай жыве, але я хачу, каб і маё Княства было.

-- Юстын, няма як цябе жывым пакідаць. Лішні ты на гэтай зямлі.

-- Клім, на двубой цябе выклікаю. Прымі бой! Як-ніяк, шляхціц ты! -- крыкнуў Юстын.

-- Бацька, не... -- пачаў Вацлаў.

-- Не лезь, куды не просяць! -- перапыніў яго Клім.

Юстын выняў з похваў шаблю, дакрануўся губамі да халоднага клінка і, прамовіўшы "Няхай жыве вечна Беларускае Гаспадарства!", паслаў уперад каня.

-- Смерць здрадніку! -- гукнуў Клім і рынуўся на Юстына.

Зазвінелі, скрыжаваўшыся, шаблі.

Паядынак быў кароткі. Клім нечакана выпусціў шаблю і, схапіўшыся абедзвюма рукамі за рассечаную галаву, стаў валіцца з каня.

Паўлюк не паспеў парадавацца бацькавай перамозе. Суха, нібы трэснуў сук на марозе, прагучаў стрэл. Паўлюк адчуў, як пеканула пад правую лапатку.

-- Шкада! -- прашаптаў ён, і яго вочы заслаліся снежнаю смугою…

…Бы з таго свету, данесліся да Паўлюка глухія галасы:

-- Сямён, ну й крывішчы тут!

-- Мацей, на старога глянь. Мо яшчэ дыхае?

-- Не. Спруцянеў бедалага.

-- А гэты? Малады?

Хтосьці нагнуўся над Паўлюком, часнаком дыхнуў у твар.

-- Жывы! Сямён, ён жывы! А на горкі яблык збіты. І плячо параненае.

-- Давай на сані яго пакладзем. Шкада хлопца. Свой.

"Свой. Ваш я. Не здраднік. Я свой", -- хочацца крыкнуць Паўлюку, але праз пасінелыя губы вырываецца толькі стогн.

Мерна рыпяць на марозе цяжкія мужчынскія крокі. У Паўлюка кружыцца галава, як у дзяцінстве, калі, бывала, заплюшчыўшы вочы, кружыўся ваўчком, каб даказаць Вацлаву Станішэўскаму, што вось так, пакружыўшыся, не ўпадзе, устаіць на нагах.

-- Мацей, асцярожней кладзі яго.

-- Сямён, а старога куды?

-- І яго пакладзем на сані.

-- Жывога разам з мёртвым?

-- Пахаваем. Хрысціянін жа ён.

-- Сямён, хто іх так?

-- Яны! Хіба не ведаеш?

-- А-а-а!...

"А-а-а! Тата!" -- закрычаў Паўлюк, і зноў снежнаю смугою заслала яго вочы.

Паўлюк ачнуўся ў нізенькай, падслепаватай хаціне. Ён убачыў над сабою барадаты твар са зморшчынамі пад вачыма.

-- Хлопец! А, хлопец!

-- Дзе я? Дзе?

-- Не бойся. Сямёнам мяне зваць. У полі мы цябе падабралі, прывезлі. Не выдадзім. Тут усе свае.

-- А бацька? Татка мой дзе?

-- Я і падумаў, што ён твой бацька. Дужа падобныя вы. Пахавалі мы яго. Чын чынам. На могілках. І крыжык паставілі.

-- Я... На могілкі... Пайду... Не развітаўся я...

-- Ляжы, хлопча, ляжы...

Толькі вясною, калі па вуліцы пацяклі ручаі, збягаючы з пагоркаў, Паўлюк змог схадзіць на могілкі. Стаў на калені каля бацькавай магілы, прытуліўся шчакой да нагрэтай сонцам зямлі і даў волю слязам...

А на другі дзень выправіўся ў дарогу, у родную Сіняўку.

Добры Сямён -- гаспадар падслепаватай хаціны -- правёў яго за вёску, абняў, як роднага, і на развітанне сказаў:

-- Не забывайся пра нас.

-- Дзякую, Сямён, -- прамовіў Паўлюк і пайшоў, азіраючыся.

Яму пашанцавала. На беразе рэчкі (яна цякла каля самай Сіняўкі) ён знайшоў човен, пераправіўся на другі бераг і адным духам узбег на пагорак.

Забілася, закалацілася ў грудзях сэрца. Што гэта? Там, дзе ўздымаўся цагляны бацькоўскі дом, тырчаць абгарэлыя сцены.

"Яны! Яны спалілі!" -- тахнула Паўлюку ў галаву. І зноў, як і на бацькавай магіле, Паўлюк даў волю слязам. Апошні раз у жыцці.

 

Русалка

 

На другі дзень Мар'яна прыстала да Петрыка.

-- Братка, ты казаў, што ў провады русалкі пагуляем. Хадзем!

Русалку -- гэта Петрык добра ведаў -- звычайна праводзяць у наступны пасля Тройцы так званы русальны тыдзень, але яны, Мар'яна, Петрык і Яніна, пазаўчора дамовіліся, што сёння пагуляюць у провады русалкі, каб было як па-сапраўднаму, як у дарослых. Мар'яна прапанавала пагуляць. Спачатку Петрык аднекваўся (непрыгожа яму, хлопцу, бегаць з дзяўчынкамі каля жыта), ён нават узлаваўся:

-- Самі гуляйце, калі вам так хочацца.

А яны ў адзін голас заявілі:

-- Страшна адным!

-- Не, не буду, -- замахаў рукамі Петрык.

-- Зноў я адна цэлы дзень дома буду сядзець, -- паскардзілася Яніна.

Петрык ведаў, што Вацлаў Станішэўскі нікуды не пускае сваю дачку. Прымушае, каб дома сядзела. Ды хіба ўсядзіш дома, калі летні дзень, як звон, на двары стаіць?

Яніна часта ўцякае з дому і бавіць час з Мар'янай і з ім, з Петрыкам. Шалее Вацлаў Станішэўскі. калі, здараецца, застане іх разам. Прыходзіцца хавацца ад яго. Вось чаму Петрык не змог адмовіць Яніне.

-- Петрык, хадзем. Ты паабяцаў. Яніна каля жыта нас чакае, -- напомніла Мар'яна.

Жытнёвае поле пачынаецца адразу ж за спаленай сядзібай. Сапраўды, пазаўчора Яніна папярэдзіла Мар'яну і яго, Петрыка, што каля жыта іх пачакае. Але ж пазаўчора ён яшчэ не ведаў, што Станішэўскія запынілі ў полі дзеда Юстына і бацьку. Мажліва, сам Вацлаў забіў дзеда Юстына. А ён, Петрык, яго дачку будзе ўлагоджваць, весяліць, каб не сумавала.

-- Дык вось ты чаму надзьмуўся! На Яніну злуеш, -- здагадалася Мар'яна. -- Хіба яна ў чым вінаватая?

-- Адчапіся, -- буркнуў Петрык.

-- Эх, ты! Яніне самой не раз дастаецца ад бацькі. Яна нядаўна сіняк на руцэ паказвала. -- Мар'яна закасала рукаў кашулькі, паказаўшы, у якім месцы Вацлаў Станішэўскі паставіў сваёй дачцэ сіняк.

Петрык задумаўся. Але, Яніна не накіроўвала бацькаву руку, не вучыла яго, каб людзей на дарозе запыняў. Дык чаго ж злавацца на яе?

-- Хадзем, -- сказаў Петрык сястры.

Яніна ўжо чакала іх каля жыта. Убачыўшы яе, Петрык аж вачыма заморгаў. Не пазнаць Яніну. Як не тая. Сама ў доўгай, белай, да пят, кашулі. Вянкі з кветак не толькі на галаве, але і на шыі, на руках. Залацістыя, як сонца, распушчаныя валасы збягаюць па плячах, у сініх, што васілёчкі, вачах свеціцца незвычайная радасць.

"Не ведае яна, што мой бацька з Адамам пасварыўся", -- з палёгкай уздыхнуў Петрык.

Ён ва ўсе вочы глядзеў на Яніну. І Мар'яна залюбавалася сяброўкай. Яна шырока раскрыла свае чорныя, як спелыя вішанькі, вочы і ўсклікнула:

-- Янінка, ты цяпер такая прыгожая!

У Яніны шчокі ўспыхнулі чырванню.

-- А я падумала, што вы не прыйдзеце.

-- Яніна, ты цяпер як сапраўдная русалка, якая выйшла з жыта, каб падражніцца, напалохаць, -- сказаў Петрык, стараючыся перавесці гаворку на іншае.

Яніна села на траву, выцягнула ногі.

-- Петрык, кажуць, што русалкі -- гэта дочкі, праклятыя бацькамі. Праўда?

-- Няўжо, братка? -- схапілася за галаву Мар'яна.

-- І дочкі, праклятыя бацькамі, і маладыя тапельніцы, і дзяўчынкі, што памерлі без хрышчэння, -- адказаў Петрык, задаволены тым, што яны, дзяўчынкі, пытаюцца ў яго як у дарослага.

Яніна ледзь не да самых каленяў апусціла галаву.

-- І я некалі буду русалкай, праклятай бацькам.

Каля Яніны прысела Мар'яна, зашчабятала ў самае вуха:

-- Янінка, грэх так казаць. Перахрысціся і скажы: "Даруй мне, Божа". Альбо тры разы плюнь цераз левае плячо.

Петрыку хацелася пагладзіць Яніну па доўгіх шаўкавістых валасах і сказаць што-небудзь цёплае, ласкавае. Але што? Якое слова падабраць, каб суцешыць?

-- Янінка, перахрысціся! -- не адступаецца Мар'яна.

-- Не, -- замахала галавою Яніна.

-- Дзяўчынкі, я аднаго разу сустрэў сапраўдную русалку, -- вырашыў схлусіць Петрык.

-- Братка, раскажы, --  папрасіла Мар'яна.

Хлусіць дык хлусіць. Петрык сеў, скрыжаваў ногі і давай распавядаць:

--  На русальчын тыдзень гэта было. На рэчцы рыбу я лавіў. Сяджу ў чоўне, сам носам клюю, а паплавок, як мёртвы, не варушыцца. Сяджу, значыць, і бачу: човен на вадзе загойдаўся, быццам сам сабою. Я спачатку падумаў, што здалося, бо ў той дзень ветру зусім не было. Працёр вочы. Але, гойдаецца мой човен. Не здалося мне.

Яніна і Мар'яна падперліся кулачкамі, слухаюць, наставіўшы вушкі.

-- Гойдаецца човен! Усё болей, болей. Хвалі на самы бераг сталі шугаць. Азірнуўся -- і душа замерла. Русалка мой човен гайдае. Вочы ў яе блішчаць, як светлякі ўначы. Усхапіўся я, выскачыў на бераг і бягом, бягом...

-- Братка, чаму ты раней пра гэта не казаў? -- не сцярпела Мар'яна.

-- Бо вас не хацеў палохаць.

-- Русалку трэба было ўкалоць іголкаю ці шпількаю, і яна адразу пад ваду схавалася б, -- падказала Яніна.

Петрык устаў і зайшоў на ўскраек жыта. Паверылі дзяўчынкі ў баечку пра русалку. "Укалоць іголкай ці шпількай...". Ну й Янінка! Можна падумаць, што ён, Петрык, носіць з сабою шпількі і іголкі. Яшчэ крыху трэба іх падпалохаць.

Хлопчык узяў зялёную жытнёвую сцябліну і, каб не бачылі Яніна і Мар'яна, завязаў яе вузлом.

-- Дзяўчаткі, хадзіце сюды, -- паклікаў.

Тут як тут сяброўкі. Наставілі кірпатыя носікі.

-- Чаго клікаў?

-- Петрык, чаго?

Петрык паказаў на завязаную сцябліну і магічным голасам прагаварыў:

-- Тут нядаўна была русалка. Бачыце? Залом зрабіла. Калі яго сажнуць і з'есць яго карова, вялікую бяду ён выкліча ў гаспадарцы.

-- З русалачкамі забаўляешся? -- пачулася над галавой, як з грому.

Петрык павярнуўся і ўбачыў Вацлава Станішэўскага. Ён слупам сядзеў на кані. Захапіліся гульнёй, не заўважылі, як пад'ехаў.

Петрык непрыкметна зірнуў на Яніну. Стаіць, згорбіўшыся, сцішыўшыся, нібы мышанё, якому перарэзалі дарогу і няма куды падзецца.

-- Такі ж галаварэз, такі ж расколіна, як і бацька!..

-- Дзядзька Вацлаў, вы майго бацьку не чапайце, -- не сцярпеў Петрык.

-- Я табе не дзядзька, а пан!

-- Дзядзька!

Вацлаў Станішэўскі вялізнаю валасатаю рукою схапіў Яніну і, бы пушынку, падняў і кінуў у сядло. Затым знячэўку свіснуў Петрыку бізуном па плячах і паскакаў.

Петрык стаяў, разгублены, і пазіраў услед Вацлаву Станішэўскаму.

-- Братка!.. -- усклікнула Мар'яна.

Петрык сціснуў кулакі.

-- Ён у мяне!.. Я яму!.. Я!..

-- Братка, табе вельмі баліць?

Петрык скінуў кашулю.Праз усё плячо працягнуўся чырвоны рубец-пісяг. Петрык дакрануўся да яго пальцам, паморшчыўся і папрасіў Мар'яну:

-- Ні мацеры, ні бацьку не кажы. Добра?

Душой адчуваў хлопчык: быць бядзе, калі бацька ўмяшаецца.

 

Тры стрэлы

 

Вечарам, калі клаліся спаць, маці заўважыла рубец-пісяг на плячы Петрыка.

-- Сынок, хто ж цябе так? -- захвалявалася яна.

Няма як казаць праўду. Чаго добрага, пабяжыць бацька ў маёнтак да Станішэўскіх. А там яго сустрэнуць, прывецяць як след. Сіла на іхнім баку.

Да Петрыка падышоў бацька, глянуў на плячо.

-- След ад бізуна, -- сказаў.

-- Сынок, хто ж цябе так? -- зноў усклікнула маці.

-- Мама, мне не баліць, -- прамовіў Петрык. А сам пазірае на Мар'яну.

Каб толькі яна не прагаварылася! Паабяцала, што будзе маўчаць. Але дзяўчынкам хіба можна верыць?

Мар'яна сядзіць за сталом, увагнуўшы галаву. "Што ж мне сказаць, калі запытае мяне мама? Я ж ёй ні разу не схлусіла", -- думае сама сабе.

"У-у-у-у...", -- пачулася на двары працяглае воўчае выццё.

-- Няўжо воўк ходзіць каля хаты? -- страпянулася маці.

Петрык заўважыў, як насцярожыўся бацька. Канешне, ён добра ведае, што ўлетку ніводзін воўк, нават самы галодны, не падыдзе да людскога жытла. Нехта знарок завыў па-воўчы. Мо які-небудзь жартаўнік ад няма чаго рабіць? Усякія людзі страчаюцца. Нездарма кажуць: свет вялікі.

"У-у-у-у...", -- пачулася другі раз. А праз хвіліну данёсся стукат капыт.

-- Яны! Прыехалі! -- асела на лаву маці.

Да маці падбегла Мар'яна. Моўчкі абняла за шыю, прытулілася.

Петрык здагадаўся, хто палохае, выючы па-воўчы. Яны -- гэта Вацлаў Станішэўскі і яго хеўра. За Адама помсцяць. Знайшлі прычэпку.

-- Гы-гы-гы-гы... -- данёсся дзікі Адамаў рогат.

А затым -- крык Вацлава Станішэўскага:

-- Здраднік, выходзь!

Бацька адчыніў шуфляду стала і выняў з яе пістолю.

-- Зося, я пайду.

Пасадзіўшы на лаву Мар'яну, маці падбегла да бацькі і ўхапілася за рукаў.

-- Паўлюк, не пушчу! Яны ж панапіваўшыся!

-- Заўтра з мяне будуць смяяцца, па ўсёй ваколіцы разнясуць, абняславяць.

-- Няхай разносяць! -- Маці тыцнула рукою, паказаўшы спачатку на Петрыка, а потым на Мар'яну. -- На каго іх пакінеш?

-- Татачка-а!.. -- заплакала Мар'яна.

Бацька сеў на табурэтку.

-- За кожную слязінку яны мне заплацяць. За кожную!

-- Паўлюк, супакойся! -- горача, як малітву, зашаптала маці. -- Вазьмі сябе ў рукі. Няхай скачуць, няхай катаюцца, пакуль не нацешацца.

-- Здраднік! -- данёсся са двара дзікі крык.

"Каля самага агарода яны", -- падумаў Петрык. Усёй душой ён іх ненавідзеў. Напрадвесні, вось гэтак жа, напіўшыся, прыскакалі яны сюды. Той раз доўга не гарцавалі: пакрычалі, некалькі разоў стрэлілі і паімчаліся назад, у маёнтак, дапіваць гарэлку.

-- Здрадні-ік!.. Здрадні-ік!..

-- Зося, я ўсё-ткі пайду. Ім толькі раз паддайся...

Петрык у душы пагадзіўся з бацькам. Няма як ім паддавацца. Адчуюць слабінку -- не адстануць. Няўжо не разумее гэта маці? А ў бацькі пістоля. І яшчэ адна, якая засталася ад дзеда Харытона, ляжыць у шуфлядзе. Трэба папрасіць бацьку, каб даў. Ён, Петрык, ужо не малы. Чатырнаццатае лета яму пайшло. Умее страляць. Праўда, не так метка, як бацька, ды не прамахнецца, калі сунецца ў хату каторы з гэтых пярэваратняў. У самую зяпу ўсадзіць кулю.

-- Здраднік!.. Здраднік!.. У-у-у-у!.. -- завыла п'яная хеўра.

-- Зося, пусці. Пайду! -- рвануўся бацька.

-- Татачка, міленькі, не хадзі! -- мацней заплакала Мар'яна.

Петрык думаў, што маці зноў пачне прасіць бацьку, каб не йшоў на двор, а яна на ўвесь голас песню завяла:

                Жавароначкі, прыляціце,

                                                   Цёпла лецейка прынясіце,

                                                   А зімачку прыбярыце,

                                                   Бо зімушка надаела, --

                                                   Нам хлебушкі пераела.

На двары перасталі крычаць, прыслухоўваючыся да песні, якую дзяўчаты і маладзіцы звычайна спяваюць, падкідаючы ўгору выпечаных з цеста птушачак і заклікаючы вясну

Не чакалі яны, нязваныя госцейкі, што сустрэнуць іх веснавой песняй -- песняй надзеі, песняй-гімнам жыццю.

Жавароначкі, прыляціце,

                                                  Землю-матухну абудзіце

                                                  І дожджыкам напаіце,

                                                  Каб травачкі нарасціла,

                                                  Каб волікаў накарміла., --

на ўсю моц, звонкім, як у юнака, голасам падхапіў бацька.

Спяваюць Паўлюк і Зося на злосць ворагам. Жыве беларуская шляхта, хоць і пры лучыне, хоць і абкладзеная зграяй ненавіснікаў. Жыве, родную песню пяе, сябе і свой край славіць.

Мар'яна ўзіраецца на бацьку і маці, моргае вочкамі-вішанькамі. А Петрык сядзіць, задумаўшыся. За што мучыць іх Вацлаў Станішэўскі? Зямлю забраў, дом спаліў. А колькі нерваў пераеў, пераядае!..

Скончылі спяваць бацька і маці.

-- Здраднік! Здраднік! -- пачулася няўпэўнена, а потым злілося ў адзіны роў: -- Здрадні-ік! Здрадні-ік!..

Бацька ірвануўся, адчыніў дзверы і праз імгненне з грукатам -- аж пясок пасыпаўся са столі -- зачыніў іх за сабою.

Маці ўкленчыла перад бажніцай і пачала маліцца. Мар'яна таксама стала на калені каля яе.

А Петрык ціха адчыніў шуфляду, дзе ляжала запаветная пістоля.

-- Эй, вы! -- закрычаў на падворку бацька.

Грымнуў стрэл.

-- Ой! -- усклікнула маці, перапыніўшы малітву.

-- Татачка-а!.. -- працягнула рукі да бажніцы Мар'яна.

Зноў грымнуў стрэл.

Схапіўшы пістолю, Петрык выскачыў на падворак. Каля парога стаяў бацька. З дула яго пістолі віўся дымок.

Петрык з абедзвюх рук, не цэлячыся, стрэліў туды, дзе вылі, вухкалі па-савінаму.

П'яная хеўра, завыўшы, панеслася ў ноч, паганяючы коней. Бацька, як відаць, толькі цяпер заўважыў, што побач з ім Петрык.

-- Сынок, чаму ў хаце не сядзеў? -- з папрокам прагаварыў ён.

-- Татка, такі ж прагналі мы іх! -- патрос пістоляй Петрык.

На небе палыхнула бліскавіца, воддаль глуха завуркатаў гром.

 

Пажар

 

У гэтую ноч Зося доўга не магла заснуць. На двары грымеў гром, неба прарэзвалі маланкі, па страсе сцёбаў дождж.

"Божа, чаму ты ўзнагародзіў нас такім суседам? Божа, за што?" -- час ад часу бязгучна шаптала яна і пад гэты шэпт непрыкметна заснула, забылася мройным сном.

І прыснілася ёй тая страшная зімовая ноч, калі згарэла-выгарала іхняя сядзіба, калі з дымам пайшло ўсё дабро.

У тую ноч, як і ў гэтую, яна таксама не магла заснуць. На стале роўным агеньчыкам гарэла свечка. Зося сядзела на крэсле, а на канапе спаў маленькі Петрык, раскінуўшы на падушцы пухленькія ручкі.

"Дзе ж цяпер Паўлюк? Што з ім?" -- падумалася. Зося чула ад людзей, што войска Януша Радзівіла зачынілася ў Тыкоціне. А сёння яе сустрэў Вацлаў Станішэўскі. Загарадзіўшы канём дарогу, глянуў на яе асалавелымі вачыма і сказаў: "Жонка здрадніка... Нядоўга табе засталося панаваць".

Уся ў слязах прыбегла Зося дамоў, упала на грудзі Харытону, які яшчэ з Юстынам хадзіў у паходы. Ад'язджаючы, наказаў Юстын Харытону: "Беражы маю нявестку і ўнука. Глядзі, каб ніводзін волас з іхняй галавы не спаў".

-- Дзеду, хіба мой Паўлюк здраднік? Чаму Вацлаў Станішэўскі яго абзывае? -- з горкасцю ўсклікнула Зося.

-- Не катуй сваю душу, дачушка. Не ведала б гора здратаваная наша старонка, калі б усе шляхціцы былі такія, як Паўлюк і Юстын, -- прамовіў стары Харытон і заплакаў.

-- Дзеду, чаму плачаш? Чаму? -- прыстала яна да Харытона.

Усё-ткі дапыталася, праведала ад яго, што ўчора прывезлі Кліма Станішэўскага, забітага на паядынку Юстынам, што і сам Юстын склаў галаву, так і не даехаўшы да Сіняўкі.

Невідушчымі вачыма глянула Зося на Харытона.

-- А Паўлюк? Ён жа з бацькам быў!

Хваліліся Харытону гайдукі Вацлава Станішэўскага, што і Паўлюка парашылі, у снег утапталі, ды сказаў Зосі, што ў крэпасці застаўся Паўлюк.

Узіраецца Зося ў цёмнае акно, слёзы набягаюць на вочы. Забілі свёкра... Забілі!.. Няхай заўтра ж паедзе Харытон, няхай пашукае цела забітага Юстына і прывязе ў Сіняўку. Людзі падкажуць, дзе ляжыць Юстын. Людзі ўсё ведаюць. А заадно і пра Паўлюка распытаецца. Не верыцца, што бацьку ён пакінуў, што ў крэпасці застаўся.

Не спіцца Зосі. Па шчоках коцяцца слёзы, капаюць на вышываны васілёчкамі абрус...

Не спіцца і старому Харытону. Не выходзіць з галавы, як у злосці крычаў Вацлаў Станішэўскі: "Спалім ваша асінае гняздо! Дачакаецеся!"

Такія пярэваратні слоў на вецер не кідаюць. Цягне іх туды, дзе чуюць пажыву, дзе беспакарана можна нашкодзіць.

Як ваўкі, у чыстым полі сустрэлі, падпільнавалі Юстына і Паўлюка. Як жа адпомсціць за іхнюю пагібель? Як пакараць злыдняў, каб суцішыць боль?

Наставіўшы каўнер кажуха, Харытон сядзіць каля стайні. Верны Тузік, паклаўшы на калені галаву, дрэмле, прыплюшчыўшы вочы.

Харытон пагладзіў сабаку па спіне, а ён страпянуўся і з пагрозай забурчаў.

"Яны прыйшлі. Зосю і Петрыка збіраюцца знішчыць. Мала ім, не наеліся", -- здагадаўся Харытон.

За сябе ён не баяўся. Даў Бог пажыць на свеце. Шасцідзесятае лета ўжо размяняў. Пабачыў усякага: і добрага, і ліхога. Збярог яго Бог у гэты неспакойны, бурлівы час.

Уздыбіўшы на загрыўку поўсць, Тузік без брэху рынуўся ў цемру. Неўзабаве пачуўся чыйсьці крык, а затым данеслася жаласнае скавытанне сабакі.

"Засеклі Тузіка", -- адзначыў пра сябе Харытон і, хаваючыся за дрэвамі, пабег у дом. Яму абавязкова трэба было зберагчы сваё жыццё. Дзеля таго, каб засталіся жыць Зося і Петрык. Каб іх выратаваць.

Загарэліся свіран і стайня. Заіржалі, загрукалі капытамі коні, адчуўшы бяду. Харытон на хвілінку прыпыніўся. Мо выпусціць коней? Яны ж усё разумеюць... Не... Ужо позна...

І Зося заўважыла, як цемру прарэзала шырокая злавесная паласа агню. Усхапіўшыся, яна падбегла да акна. Здрыганулася, часта-часта забілася сэрца. Гарыць стайня, гарыць свіран... Усё гарыць... Нават дрэвы, здаецца, курчацца ў агні.

Яны прыйшлі... Яны і дом не пашкадуюць, спаляць. Трэба ратавацца, уцякаць. А куды?

-- Божачка мой! -- вырвалася ў Зосі.

А сын спіць як нічога ніякага. Пацягнуўся ў сне, прыцмокнуў ружовымі губкамі. "Ма-ма", -- сказаў, не расплюшчваючы вачэй.

-- Родненькі мой! Крывіначка мая! Чаму ж і на цябе каменем бяда навальваецца? -- прашаптала Зося і, узяўшы сына за цёплую ручку, тарганула.

-- Сыночак, уставай.

На шчасце, Петрык адразу расплюшчыў вочы.

-- Ма-ма...

-- Сыночак, уставай. Будзем апранацца. Сыноча-ак!..

Спяшаючыся, Зося пачала адзяваць Петрыка. Ён не плакаў, не запытаў, чаму разбудзіла. Быццам адчуў, што прыйшла бяда.

Дзверы адчыніліся, і ўбег Харытон.

-- Зося, трэба ўцякаць.

Харытон ніколі не называў яе паняй. Заўжды вось так, як цяпер: Зосяй. Нібы ўнучку ці дачку.

-- Дзеду, пабеглі...

-- Куды ты? У адной сукенцы на мароз? -- Харытон накінуў на плечы Зосі кажух.

У дзверы раз, другі грукнулі.

-- Здраднікі, адчыняйце!

"Бярыце, біце, катуйце мяне. Толькі майго сыночка не чапайце!" -- хацелася крыкнуць Зосі.

-- Зараз адчыню вам. Крыху пачакайце, -- спакойна, бы да гасцей, звярнуўся Харытон і, ручкай пістолі выбіўшы шыбу, стрэліў з акна.

Каля дзвярэй хтосьці войкнуў, а праз акно пацягнула дымам і пахам гарэлага мяса.

Зося мацней прытуліла да сябе Петрыка.

-- Дзеду, што ж будзе з намі?

-- Выратуемся.

-- Не выпусцяць яны нас.

-- А мы ў іх не станем пытацца.

За акном грымнуў стрэл. Куля са свістам калупнула сцяну. Харытон упіхнуў знепрытомленую Зосю ў бібліятэку. У шафах, на паліцах, роўнымі радамі стаяць кнігі. У некаторых надпісы на тоўстых вокладках, ціснёныя золатам.

-- Знойдуць яны нас тут, -- збялелымі вуснамі прашаптала Зося.

Харытон пацягнуў на сябе кніжную паліцу. Паліца адышла ад сцяны, і Зося ўбачыла ў сцяне праём у рост чалавека.

-- Зося, ідзі з сынам за мною, не бойся. Уніз вядуць прыступкі, -- прагаварыў Харытон.

-- У падземны ход? -- здагадалася Зося.

Харытон лёгенька штурхнуў Зосю ў плечы.

-- Ідзі, ідзі. Падземны ход нас у парк выведзе.

Зося ступіла на прыступку і, несучы Петрыка, пачала спускацца ўніз. А Харытон, зачыніўшы паліцай праём, дагнаў Зосю і павёў яе за сабою.

З падземнага ходу, як і казаў Харытон, яны вылезлі ў парку. Зося азірнулася і ўбачыла, як гарыць дом, гулка страляючы чарапіцай. У крывавым водбліску пажару бегалі, мітусіліся людзі-постаці з абвязанымі па самыя вочы тварамі.

-- Вось каб цяпер з гарматы па вас! -- прастагнаў Харытон.

Зосю чамусьці працяло холадам. Яна задрыжала, залекацела. У яе нават зубы застукалі, як у хворай.

-- Ма-ма, -- падаў голас маленькі Петрык.

Зося нагнулася, пацалавала сына ў губкі, і адразу ёй стала цёпла. Дзіўна, але гэты маленькі камячок сагрэў яе.

-- Зося, хадзем, -- занепакоіўся Харытон.

-- Дзеду, дзе ж мы будзем жыць?

-- Зямлянку выкапаем.

-- А яны?..

-- Яны нас у зямлянцы не крануць. Задаволіліся яны. -- Харытон цяжка ўздыхнуў і дакончыў: -- Пакуль задаволіліся.

У гэтую зіму Зося з малым Петрыкам перабралася жыць у зямлянку.

 

Новая хата і смерць Харытона

 

Неспакойна спалася і Петрыку. Яму здавалася, што едзе на санках з горкі. Санкі імчацца ўсё хутчэй, хутчэй... Вецер кулямі свішча ў вушах...

-- А-а-а!.. -- ад страху крычыць Петрык, а санкі ўязджаюць у нейкі цёмны падземны ход і там спыняюцца.

З'яўляецца маці. Яна бярэ яго на рукі і штосьці шэпча, супакойваючы. Санкі кудысьці згінулі, нібы растварыліся.

Мама ідзе, трымаючы Петрыка на руках. "Тук-тук, тук-тук..", -- гулка гучаць маміны крокі. І яшчэ нечыя крокі даносяцца да Петрыка.

Петрык прыглядваецца. Гэта ж дзед Харытон ідзе ўперадзе!

-- Зараз выйдзем мы адгэтуль, -- кажа дзед Харытон.

Маці паднімаецца па прыступках. У вочы Петрыку рэзнула чырвона-барвовым святлом.

Петрык бачыць, што вакол гарыць снег. Дзіўна гарыць. Узлятае ўгору, быццам рознакаляровыя мыльныя бурбалкі, якія маці аднаго разу пускала праз саломінку, радуючы яго і сама цешачыся. Снежныя бурбалкі ўзлятаюць і з трэскам разрываюцца ў паветры.

Гарыць снег. Усё наваколле занялося пажарам, гарыць...

Растапіўшыся ад агню, снег бяжыць ручайкамі. Цурчаць ручайкі, спяшаюцца...

Так беглі яны і ў той вясновы дзень, калі ён з маці сядзеў каля зямлянкі. Млеў пад сонцам снег, і цяклі ручаі.

-- Сыночак, чамусьці дзеда Харытона доўга няма. З самага ранку з дому пайшоў. Дзе ж ён? -- журыцца маці.

А дзед Харытон лёгкі на ўспамін. Едзе па дарозе на санях, нагружаных тоўстымі бярвёнамі-круглякамі. І яшчэ адны сані з бярвёнамі з'яўляюцца з-за павароткі. І яшчэ...

На санях сядзяць барадатыя дзядзькі, паважна нокаюць, падганяючы коней.

Пнуцца коні, разбіваючы капытамі мяккі снег, які за зіму напластаваўся на дарозе. Натужна рыпяць палазы, прарэзваюць снег да самай зямлі.

-- Зося, прымай гасцей! -- весела крычыць дзед Харытон.

-- Куды ж гэта вы едзеце? -- анічога не разумее маці.

-- Хату будаваць.

-- Каму?

-- Нам. Не век жа маяцца ў зямлянцы.

-- Адкуль гэтыя людзі?

-- З суседняй вёскі.

-- Добры дзень, пані! -- гукае чорны, што цыган, мужчына і паварочвае каня да зямлянкі.

Маці мітусіцца, бегае сюды-туды, а мужчыны звальваюць у кучу бярвёны.

-- Перакур, мужычкі! -- камандуе дзед Харытон.

Мужычкі перакурылі, пастаялі, пагаманілі і за новую работу ўзяліся: бярвёны абчэсваюць. Звонка, весела стукаюць сякеры. Добра Петрыку. Трэсак вакол! Любую выбірай. Трэску можна і як човен па ручаі пусціць, а можна і адмысловую плаціну з трэсак зрабіць. Вада каля плаціны збіраецца, пеніцца, а потым, прарваўшыся збоку, прабівае сабе новую дарогу.

Вечарам мужчыны тут жа, каля зямлянкі, садзяцца за стол, вымаюць з торбаў хлеб, сала, салёныя агуркі, яйкі...

Хтосьці з іх ставіць на стол пузатую бутэльку...

Маці таксама сядзіць за сталом.

-- Даруйце, -- кажа, -- што няма чым пачаставаць. Усё з дымам пайшло.

А Петрыку бяды мала. Ён за абедзве шчакі ўплятае хлеб з салам.

-- Давай, давай, -- падахвочвае яго дзед Харытон. -- Набірайся сілы.

Ён, Петрык, стараецца, есць. Яму хутчэй трэба стаць такім жа дужым, як і гэтыя дзядзькі. Тады ён абароніць і маму, і дзеда Харытона, і хату пабудуе, калі некаму спатрэбіцца.

Гамоняць мужчыны, жартуюць, яго, Петрыка, падхвальваюць, быццам гэта не яны, а ён бярвён з лесу на хату прывёз.

-- Сасоначка зялёная,

                                                      Малодачка маладая,

                                                      Чаго плачаш і рыдаеш,

                                                      На доўгу дарожку пазіраеш? --

заспявала маці.

Сцішыліся мужчыны, замаўчалі. Спявае маці, пазіраючы кудысьці ўдалеч:

                                                      -- А як жа мне не рыдаці,

                                                      На доўгу дарожку, эх, пазіраці?

                                                      А ўсе дружкі з вайны ідуць,

                                                      Майго дружка каня вядуць.

Не вытрывалі мужчыны, падхапілі песню. І дзед Харытон зацягнуў тоненька, як малады пеўнік:

                                                      Ой, кося мой вараненькі,

                                                      А дзе дружок маладзенькі?

                                                      А ці ўбілі, ці ўстралілі,

                                                      А ці ў плен забралі?

                                                      А не ўбілі, не ўстралілі,

                                                      А не ў плен забралі,

                                                      А твой дружок ранен ляжыць,

                                                      Праваю рукою каня дзяржыць,

                                                      Праваю рукою каня дзяржыць,

                                                      Леваю рукою ваду грабець...

Ваду, ваду... Здаецца, вада нахлынула, усю хату заняла, а з вады галава дзеда Харытона высоўваецца.

-- Дзеду-у! -- крычыць Петрык і хоча падаць яму руку.

Калі ж ён дзеду Харытону падаваў руку? Ці было гэта? Усё-ткі было. Ужо ў новую хату яны перабраліся, ужо бацька з вайны вярнуўся. Мар'янка нарадзілася...

Як і сёлета, у пачатку лета ён, Петрык, з дзедам Харытонам на балота пайшоў. Дзед Харытон застаўся на балоце, а Петрык у лес падаўся, каб суніцамі паласавацца. Прысеў на палянцы, рве сунічку за сунічкай, кідае ў рот.

Наласаваўшыся, назад пабег. Выбег з кустоў -- і аслупянеў. У возеры (яно было пры лесе) дзед Харытон топіцца: то з вады, то пад ваду, як паплавок.

Петрык як быў, у нагавіцах і ў кашулі, так і ўскочыў у ваду, забрыў па шыю і працягнуў руку.

-- Дзеду, бярыцеся!

-- Петрык, не!.. -- гукнуў дзед Харытон і схаваўся ў вадзе.

Крыху пачакаўшы, Петрык нырнуў раз, другі... Ды, як ні стараўся, не змог выцягнуць дзеда Харытона.

Змучаны, сеў на беразе, уткнуў галаву ў калені і горка заплакаў, развітваючыся з тым, хто выратаваў яго той страшнай зімовай ноччу.

Ужо потым бацька бусаком выцягнуў дзеда Харытона з возера. Да яго ног былі прывязаныя камяні.

-- Яны ўтапілі. Яны! -- прамовіў бацька.

Петрык з жахам глядзеў на пасінелы твар дзеда Харытона. Дайшло да яго, чаму дзед Харытон не падаў руку: баяўся, што і яго, Петрыка, пацягне за сабою на дно. Не пра сябе думаў, гінучы.

-- Татка, за што яны яго? -- заплакаў Петрык. Ён ведаў, што яны -- гэта Вацлаў Станішэўскі са сваёй хеўрай.

-- За тое, што хату дапамог нам пабудаваць, што на гэтай зямлі засталіся. Не плач, Петрык. Дзед Харытон сумленна пражыў. Ні сябрам, ні свайму краю не здрадзіў.

"Не здрадзіў... Не здраднікі мы"... -- шэпча ў сне Петрык.

А з вады высоўваецца рука. Ужо не дзеда Харытона, а Янінкіна. На запясце рукі вяночак надзеты.

-- Янінка!.. Янінка!.. -- кліча Петрык.

Яніна высоўваецца з вады: "Я тут, Петрык. Даруй мне. Русалкай я стала, бо бацька і мяне пракляў".

Вада... Запаўняе хату. І няма куды ўцячы. Вада... Вада...

 

Маленькі чалавечак у шэрай сутане

 

І Яніне снілася вада. Снілася, што яна стаіць у парку каля сажалкі, дзе плаваюць лебедзі з падрэзанымі крыламі.

Стаіць, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і думае: "Зараз кінуся ў сажалку і буду ляжаць на мяккім ілістым дне, як мая мама ляжала на мяккім ложку".

Раптоўна памерла мама. Войкнула, схапілася за грудзі і асунулася на ложак, на развітанне нават слоўца не сказаўшы.

"А-а-а!" -- варочаючыся, стогне Яніна, а ў вушах гучыць музыка, дзікая, вар'яцкая. Разрывае перапонкі...

Музыка даносіцца з вялікай залы, дзе сабраліся бацькавы госці. Трэці дзень яны не адыходзяць ад сталоў, усё балююць. Ва ўсіх гасцей твары азызлыя, апухлыя. Цягаюцца па маёнтку, нібы лунацікі, штосьці незразумелае шэпчуць сабе пад нос.

Яніна разам з мамай сядзіць у мамінай спальні. Мама час ад часу ўздрыгвае і разгубленымі вачыма глядзіць на Яніну. Яна, як і Яніна, што агню, баіцца п'яных гасцей.

-- Усё здароўе яны ў мяне аднялі, -- скардзіцца мама.

У пакой уваходзіць маленькі чалавечак у шэрай манаскай сутане. Твар у яго ангельскі, галасок ціхі, але і Яніна, і мама баяцца яго яшчэ болей, чым п'яных гасцей.

Не так даўно прывёз бацька маленькага чалавечка ў шэрай сутане ў маёнтак, але хутка ён тут прыжыўся, стаў як гаспадар. У кожную дзірку суне свой востранькі лісіны носік.

"Святы айцец",  -- з нейкай асаблівай павагай аднаго разу сказаў пра яго гайдук Адам.

Пасля першай жа сустрэчы з маленькім чалавечкам у шэрай сутане прызналася Яніне мама:

-- Накліча ён на нас бяду. Адчувае мая душа.

-- Пані Хрысціна, вы дазволіце? -- расцягвае ва ўсмешцы тонкія губы маленькі чалавечак у шэрай сутане і без дазволу садзіцца на крэсла.

Мама маўчыць, толькі дыхаць пачынае часцей, быццам пад горку падбегла.

-- Многія людзі пра Бога забыліся, супраць свайго караля ідуць, -- распачынае маленькі чалавечак у шэрай сутане.

Яніна ведае, што надоўга ён завёўся, не хутка спыніцца. Іншы раз прысунецца ў маміну спальню і цэлы вечар вядзе сваю гаворку, прыплюшчыўшы вочкі.

-- Ваш сусед Паўлюк Кравец...

-- Паўлюк не йдзе супраць караля. Ён за свой край стаіць, -- не стрываўшы, пярэчыць мама.

-- Пані Хрысціна, за каго вы заступаецеся? Бога пабойцеся!

Пасля таго, як, удоваль нагаварыўшыся, пойдзе маленькі чалавечак у шэрай сутане, мама будзе скардзіцца, што баліць галава, коле сэрца. Яніне хочацца затупацець нагамі, нарабіць крыку, каб прагнаць маленькага чалавечка ў шэрай сутане, але яе чамусьці апаноўвае такі жах, што пашчэнкі дзервянеюць. Так, здараецца, яны дзервянеюць, калі ўкусіш вельмі кіслы яблык.

-- Пані Хрысціна, я ведаю, што вы, як і Паўлюк Кравец, да замужжа былі праваслаўнай...

-- Была!

-- Пані Хрысціна!.. Пані Хрысціна!.. -- у голасе маленькага чалавечка ў шэрай сутане гэтулькі асуджэння, што можна падумаць: мама самая вялікая на свеце грэшніца.

Мамін твар пабіла на чырвоныя плямы.

-- Усе мы пад Богам ходзім.

-- Пані Хрысціна, вы, як мне здаецца, ерэтычка.

-- Вон! -- хацела крыкнуць Яніна, ды дзверы з грукатам адчыніліся, і ў пакой уваліўся сухарлявы, як жарабец, пан Кахноўскі, які не прапусціў ніводнага бацькавага застолля. Азызлы ад трохдзённай п'янкі, ён ледзь стаяў на нагах.

-- П-пані Х-хрысціна... К-каханая...

Мама наставіла рукі, спрабуючы затуліцца.

-- Пан Кахноўскі!.. Пан Кахноўскі!..

Маленькі чалавечак у шэрай сутане шмыгнуў у дзверы.

-- П-пані Х-хрысціна!.. К-каханая!.. -- затрос галавою пан Кахноўскі.

Мама ўзялася за грудзі.

-- Пан Кахноўскі, выйдзіце з маёй спальні. Пан Кахноўскі, хутчэй!..

У пакой уварваліся бацька і гайдук Адам.

-- Па чужых спальнях цягаешся, прайдзісвет? Не падмануў мяне манах! -- крыкнуў бацька.

Пан Кахноўскі павярнуўся да бацькі і загудзеў, як чмель:

-- М-м-м...

-- Адам, цягні яго!-- скамандаваў бацька.

Пан Кахноўскі не даваўся, размахваў доўгімі рукамі, але бацька і Адам схапілі яго і вывалаклі з пакоя.

На калідоры пачуўся крык, падобны на ўсхліп.

-- Мама, што там? -- сцялася ад страху Яніна.

У дзвярах вырас маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Зарэзалі!

-- Каго? -- спалатнела мама.

-- Пана Кахноўскага.

Мама павалілася на ложак.

-- Сэрца!.. -- прашаптала ўраз пасінелымі губамі.

-- Тата! -- на ўсю сілу закрычала Яніна. Пасля гэтага яна ніколі не звала яго на дапамогу.

Бацька, пачуўшы, убег у пакой. Яго правая рука была ў крыві.

-- Хрысціна!.. Я!.. Хрысціна!..

-- Сэрца... Лекара... Хутчэй...

Адапхнуўшы Яніну, маленькі чалавечак у шэрай сутане пралез наперад.

-- Святую веру ў сэрцы трэба насіць, пані Хрысціна.

-- Вацлаў! -- ціха паклікала мама.

Бацька пацягнуўся да яе акрываўленай рукой.

Мама войкнула і закінула галаву.

Потым мама ляжала ў труне. Прыгожая, нібы жывая. Седзячы побач, бацька размазваў па шчоках слёзы. Непадалёку стаяў маленькі чалавечак у шэрай сутане і ўсё махаў галавою, як махае конь у гарачыню.

Яніна туліла да грудзей белую ружу, маміну, любімую, сарваную з куста, які мама сама пасадзіла каля сажалкі з лебедзямі.

На ружы яшчэ блішчалі буйныя кроплі расы.

Яніна ўзялася за маміну руку і хацела расшчаміць пальцы, каб пакласці ружу ў маміну руку. Але маміны пальцы былі як касцяныя...

Яніна войкнула, як мама перад смерцю, і ўпала на падлогу, страціўшы прытомнасць.

На другі дзень яна пайшла да сажалкі, каб навек пахаваць сябе на яе дне, каб ніхто-ніхто не праведаў, дзе і як яна загінула.

Яна склала рукі на грудзях, сабраўшыся скокнуць у сажалку, але з-за куста выйшаў Петрык. Яніна да гэтага бачыла яго толькі здалёку.

-- Не бойся мяне, -- пераступіў з нагі на нагу Петрык. -- Забег у ваш парк, а тут ты стаіш...

Пасля яны сядзелі на лаўцы, абсаджанай бэзам, дзе так любіла сядзець мама. Петрык расказваў ёй пра асілкаў, якія калісьці жылі на гэтай зямлі. Самыя глыбокія рэкі былі ім да калена. Усіх у страху трымалі асілкі. Заганарыўшыся, самому Богу сталі пагражаць. Бог жа адняў у іх розум, і яны ілбамі пачалі разбіваць каменныя горы, нібы бараны. Так і загінулі, перавяліся.

-- Усіх, хто ў страху трымае, хто гора нясе, гэткая доля чакае, -- дакончыў Петрык.

Спіць Яніна. Залацістыя валасы, такія ж, як і ў мамы, па падушцы рассыпаліся.

"Божа, пакарай ліхіх людзей. Божа, пакарай іх!" -- просіць яна ў сне.

А потым ёй здалося, што з неба сарвалася зорачка і ўпала каля яе акна. Цёплая, прыгожая, як маміны рукі. Жывыя рукі.

 

Сяброўкі на ўсё жыццё

 

А Мар'яне сніўся лес. Снілася, што яна з Янінай ідзе па бярозавым гаі. Яніна вясёлая, шчабеча, як птушка ўвесну. І ў Мар'яны радасць на душы. Слухаючы Яніну, яна гучна смяецца. Смех звонкім рэхам перабягае ад бярозкі да бярозкі, заміраючы ў гушчары.

"Калі ж мы з Янінай былі ў бярозавым гаі? -- варочаючыся, думае Мар'яна. -- Ці не на Тройцу? Так, на Тройцу, мінулым летам".

Тады на маладзенькай кучаравай бярозцы яны завілі вянкі і праз гэтыя завітыя вянкі пацалаваліся, такім чынам пакуміўшыся, як звычайна робяць на Тройцу дарослыя дзяўчаты.

-- Мар'яна, цяпер мы на ўсё жыццё сяброўкі. Ніхто нас не разлучыць, -- сказала Яніна.

Гэта яна прапанавала Мар'яне пакуміцца.

Затым яны селі на траву. Яніна развязала вузялок, у якім былі яйкі, паляндвіца, каўбаса, акраец хлеба.

А Мар'яна прынесла яешню. Яешню бяруць і дарослыя дзяўчаты, калі завіваюць на бярозцы вянкі.

-- Мар'яна, чаго табе найбольш хочацца? -- запытала Яніна.

-- Пеўніка на паленцы, -- прызналася Мар'яна.

Перад гэтым бацька ўзяў яе ў горад. На рынку вясёлая, прыгожая цётка ў квяцістай хустцы прадавала пеўнікаў. Насаджаныя на тонка выструганае белае паленца, яны былі як сапраўдныя: з дзюбай, з вялікім грэбенем.

Бацька адлічыў грошы і падаў жанчыне ў квяцістай хустцы, а яна працягнула Мар'яне пеўніка на белым паленцы.

-- Бяры, дзяўчынка.

-- Не, -- сумеўшыся, закруціла галавою Мар'яна.

-- Мар'яна, бяры! -- падахвоціў бацька.

Мар'яна заціснула пеўніка ў кулачок і схавалася за бацькаву спіну. Так, у кулачку, і прывезла яна пеўніка дамоў. Удваіх з Петрыкам частаваліся. А Петрык Яніне пахваліўся, расказаў.

-- Пеўніка? -- Яніна разгарнула хусцінку, якую трымала ў руцэ. На хусцінцы ляжаў пеўнік, рыхтык той, які ў горадзе купіў бацька.

-- Мар'янка, бяры.

Мар'яна ўзяла пеўніка і падняла ўгору. Чароўнымі агеньчыкамі заіскрыўся пеўнік на сонцы.

-- Бацька мне яго з горада прывёз, -- паведаміла Яніна.

-- Добра табе. Прысмакі бацька купляе, -- пазайздросціла Мар'яна.

На вачах у Яніны выступілі слёзы.

-- Не, Мар'янка. Нялюдскі мой татка.

Да гэтага Яніна ні разу не сказала пра бацьку кепскага слова. Калі, здаралася, заходзіла пра яго размова, яна альбо адмоўчвалася, альбо адразу ж бегла дамоў.

Як цудоўна распачаўся дзень! Навошта было напамінаць Яніне пра бацьку? Як гаворыцца, Бог яму суддзя.

Мар'яна ўзяла пеўніка ў рот і ўкусіла. Пеўнік хруснуў на зубах і раскалоўся.

-- Мар'яна, мне без мамы сумна. Калі б не вы з Петрыкам, то я, мусіць, рукі на сябе наклала б. Вы мяне не пакінеце? Га?

Мар'яна шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на сяброўку. Зразумела, чаму яна прапанавала пакуміцца. Баіцца, што адна застанецца.

-- Янінка, хіба ж ты не ведаеш, як мы цябе любім?

У Яніны, як у дарослай, на пераноссі сабраліся маршчынкі.

-- Але ж і мой тата маму калісьці любіў, добры быў.

-- А потым?

-- Потым у нас з'явіўся маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Святы айцец?

Мар'яна чула, як маленькага чалавечка ў шэрым, які пасяліўся ў Станішэўскіх, бацька неяк назваў святым айцом і скрывіўся, бы ад зубнога болю.

-- Маленькі чалавечак у шэрым казаў тату, што мама Бога ў сэрцы не мае, а яна ж кожны дзень малілася, прасіла Бога, каб тата падабрэў.

Мар'яна са страхам азірнулася. Што, калі маленькі чалавечак у шэрай сутане, падкраўшыся, падслухоўвае іхнюю размову?

Не, здаецца, няма яго паблізу. Можна перавесці дух. Яна, Мар'яна, маленькага чалавечка ў шэрай сутане і блізка не падпусціць, калі раптам прычэпіцца. Ён, чаго добрага, з Янінай разлучыць.

-- Янінка, хочаш, я пабажуся, што ніколі не пакіну цябе?

-- Не трэба, -- краёчкамі вуснаў усміхнулася Яніна.

-- Цяпер верыш, што не пакіну цябе?

-- Веру.

-- На ўсё жыццё мы з табой сяброўкі.

-- На ўсё жыццё.

"На ўсё жыццё!" -- шэпча Мар'яна. А Яніна адплывае ўдалячынь. Адплывае, адплыла, згінула ў густым тумане. А з туману выплыў Вацлаў Станішэўскі. Цягнецца да Мар'яны валасатаю рукою.

-- Аддай пеўніка!

-- Няма яго ў мяне.

-- Аддай!

-- Няма! З'ела я. Дальбог! -- клянецца Мар'яна.

Твар у Вацлава Станішэўскага быццам неба перад навальніцаю. Няма літасці на ім.

-- Майго пеўніка з'ела?

-- З'ела...

-- Лезь у мех. З сабою забяру. -- Вацлаў Станішэўскі, як казачная Баба Яга, настаўляе вялікі мех. -- Лезь! Тут не толькі табе, але і твайму Петрыку месца хопіць.

-- Вы і Петрыка ў мех хочаце пасадзіць?

-- Усіх вас пасаджу і вяроўчынай завяжу, каб не дыхнулі.

-- Вы ж мяне з Янінай разлучыце. А мы з ёю сяброўкі на ўсё жыццё!

Вацлаў Станішэўскі гучна рагоча. З яго вачэй сыплюцца іскры, змеямі рассякаючы паветра.

 

Удар ззаду

 

А Паўлюку прысніўся бацька, Юстын. Жывы і здаровы прыехаў ён дамоў. Не, не ў гэтую хатку, зробленую талакоўцамі, а ў прыгожы і прасторны дом, спалены зімовай ноччу.

-- Паўлюк, -- кліча бацька, -- хадзі сюды.

Паўлюк борздзенька падбягае да яго.

-- Чаго клікаў, тата?

Бацька садзіцца на лаўку.

-- Сядай і ты, сынок, -- запрашае.

Паўлюк садзіцца побач. А так хочацца хутчэй праведаць, чаму паклікаў бацька! Няўжо падорыць сапраўдную шаблю? А мо цікавай гісторыяй парадуе?

-- Паўлюк, што трэба сапраўднаму вою? -- пытаецца бацька.

-- Вострая шабля, -- без запінкі адказвае Паўлюк.

-- Так, -- ківае галавою бацька. -- Шабля патрэбна, каб ад чужынцаў свой край бараніць. Але гэта яшчэ не ўсё, сынок...

-- І дзіда патрэбна, -- стараецца дапамагчы бацьку Паўлюк.

Бацька вымае з торбы тоўстую кнігу.

-- Яшчэ кніга патрэбна. Без кнігі ты як сляпы. Можа так стацца, што зблудзіш у цемры.

-- Ыгы, -- пагаджаецца Паўлюк, бо ведае: бацька не любіць, калі яму пярэчыш.

Бацька адкрывае кнігу і паказвае, тыцнуўшы пальцам.

-- Пра век мінулы напісана тут. Чытай і ў памяці адкладвай.

Паўлюк кладзе кнігу на калені і чытае...

Крывавае пажарышча бачыць ён. Усю родную зямлю яно ахапіла. Войскі Масковіі нішчаць Вялікае Княства Літоўскае. Гараць вёскі, дымяцца гарады. Людзей сілком вядуць у няволю, у Масковію. І ўдзень, і ўночы. І ў мароз, і ў спякоту. Абязлюдзелі гарады. Шлюць ваяводы Вялікага Княства Літоўскага ганцоў у Польшчу: "Дапамажыце. Мы ж не раз і не два вам дапамагалі". Ды дарэмна. Карона чакае, пакуль зусім абязлюдзее, пакуль аслабне княства, каб потым прыбраць яго да сябе, далучыць.

І настала лета 1569-е. Едуць паслы Княства Літоўскага ў Люблін: І Радзівіл Мікалай Чорны, і Радзівіл Мікалай Руды, і Іван Хадкевіч, і Яўстафій Валовіч... Хмурныя едуць паслы. Цяжкія думы адольваюць кожнага з іх.

Не йдзе на ўступкі польскі кароль, не йдуць на ўступкі й польскія шляхціцы. Паціраюць рукі, задаволеныя. Нарэшце без вайны, без бою забяруць яны Гаспадарства Беларускае. Пеніцца крыштальнае віно ў кубках. Яшчэ не падпісаная дамова, а польскія шляхціцы ўжо святкуюць перамогу. Дамаўляюцца, каго куды паслаць, пасадзіць у Гаспадарстве Беларускім, якія землі забраць, якія купіць.

Задумаўся Іван Хадкевіч. Яму даручана прад самім каралём выступаць. Што ж сказаць каралю Кароны? Не так даўно ён, Іван Хадкевіч, выступаў і сказаў: "Вы ўжо абрэзалі нам крылы".

Але, абрэзалі. Многія ваяводы і сенатары паспелі дамовіцца з каралём, уступілі яму, на яго бок перабеглі. Калі б не гэтыя перабежчыкі, то можна было б і сваю вайсковую сілу паказаць.

Дык што ж сказаць? Палякі ў адну дамагаюцца зліць дзве дзяржавы. Вялікакняскі Статут ліквідоўваюць, і землі свабодна змогуць набываць, і даставаць усякія пасады на абшарах Беларускага Гаспадарства.

"Ганьба! Ганьба! Навошта я дажыў да гэтага дня?" -- з горыччу думае Іван Хадкевіч.

Няўтульна яму ў раскошных пакоях, міласціва адведзеных каралём. Мулка спаць на мяккім ложку. "Буду прасіць караля, каб не губіў нашу дзяржаву", -- думае, забыўшыся кароткім сном.

Выбліснула сонца, як звычайна, прынесла новы дзень. Пануры стаіць Іван Хадкевіч прад Сігізмундам Аўгустам. "Нам ужо няма да каго звярнуцца за дапамогай, -- кажа са слязамі на вачах. -- Хіба што да Бога і да вас, ласкавы васпан... Прыносім вам ніжэйшую просьбу: так правесці да канца гэтую справу, каб яна не цягнула за сабою рабства і ганьбы нам і нашчадкам нашым... Мы цяпер даведзеныя да таго, што павінны з пакорнаю просьбаю ўпасці да ног вашай вялікасці".

Не хаваючы слёз, заплакалі беларускія сенатары і паслы і ўпалі на калені.

Не, не перад каралём, а перад спакутаваным і абрабаваным краем сваім стаяць яны на каленях.

"...Імем Бога просім цябе, васпан, -- кажа далей Іван Хадкевіч, -- помніць нашу службу, нашу вернасць табе і нашу кроў, якую мы пралівалі дзеля тваёй славы".

Петрык на хвілінку адарваўся ад кнігі, глянуў на бацьку.

-- Дарма прасілі нашы пасля караля, -- кажа бацька. -- Па-свойму ён зрабіў, як і задумваў, але ў лета 1576-е наш новы Вялікі князь Сцяпан Батура сваім першым Прывілеем адмяніў пастановы таго Люблінскага сойму, заявіўшы аб поўнай незалежнасці Вялікага княства ад Польшчы. Калі б не пярэваратні, то гаспадарамі мы жылі б...

Гаспадарамі, гаспадарамі...

Паўлюк расплюшчыў вочы. Здаецца, хтосьці на двары ходзіць. Няўжо яны вярнуліся?

Паўлюк устаў. Спіць Зося, спяць дзеці. Мар'яна кінулася ў сне, усклікнула.

"Перапалохалася яна вечарам. Трэба сказаць Зосі, каб пярэпалахі выкачала", -- падумаў Паўлюк.

"Туп-туп-туп", -- затупацеў хтосьці, прабегшы па падворку.

Усё-ткі прыйшлі. Вывіжоўваюць. Каб хоць не спалілі. Што ж рабіць? Будзіць Зосю і дзяцей? Але ж Мар'яна зусім перапалохаецца.

Паўлюк узяў са стала пістолю, ціха адчыніў дзверы і выйшаў на двор. Удалечыні яшчэ вуркоча гром, а тут пахне мятай, аерам, на балоце крумкаюць жабы, выводзяць сваю адметную песню.

Паўлюк нагнуўся, прыглядваючыся. На зямлі, шчодра напоенай дажджом, -- сляды, вялікія, мужчынскія, ад ботаў. Тут былі яны, пярэваратні. Да самых дзвярэй падыходзілі. Няўжо затаіліся ў цемры і чакаюць?

Зусім з глузду з'ехаў Вацлаў Станішэўскі. Нянавісць і гарэлка асляпілі яго.

Успомнілася, як пасля смерці бацькі ён, Паўлюк, вярнуўся сюды. Закалацілася сэрца, калі ўбачыў спалены дом. А потым праведаў ад Зосі, што і зямлю адсудзіў Вацлаў Станішэўскі.

"Праз суд назад забярэм", -- сказаў Зосі.

Дурань, які дурань ён быў! Паверыў у справядлівасць суда. І суд захапілі, засеўшы ў ім, гэткія ж пярэваратні, як Вацлаў Станішэўскі. А чым ён, Паўлюк, мог даказаць сваё права на зямлю? Усе дакументы ў агні згарэлі.

"Бяздомнік ты. У Януша Радзівіла праўду шукай, у таго, каму служыў", -- заявіў яму адзін з суддзяў.

Зразумеў Паўлюк, што хочуць выжыць яго. "Нікуды я адгэтуль не паеду, на злосць вам", -- даў сабе слова.

Балюча бачыць, як польская і спольшчаная шляхта землі скупляе альбо вось так, як у яго, падманам, сілай забірае і, усеўшыся на зямлі, за просты люд бярэцца: на свой лад перавыхоўвае, апалячвае. Шмат хто і з простых людзей запісаўся ў палякі, абы выжыць, уратавацца, абы пана свайго не гнявіць.

Сціснуўшы ў руцэ пістолю, Паўлюк з аглядкай накіраваўся за хлеў. Сапраўдная вайна распачынаецца. Было перамір'е, ды скончылася. Калі б не Зося і дзеці, то і дом Вацлава Станішэўскага пажарам засвяціўся б.

Не паказваюцца, не азываюцца... Кепска, што сабакі не завёў...

Не, быў сабака. Мінулай восенню Адам яго застрэліў. Каб злосць сваю сагнаць.

Ён, Паўлюк, якраз з лесу вяртаўся. Пад'язджаючы да дому, стрэл пачуў. Адчуўшы нядобрае, хутчэй пагнаў каня і, мінуўшы паваротку, убачыў пры дарозе свайго Шарыка. Сабака ляжаў скрываўлены. Бег да лесу, каб сустрэць гаспадара, як звычайна сустракаў.

Паўлюк злез з воза і прысеў каля сабакі на кукішкі. Шарык гарачым языком лізнуў руку і сканаў.

Няўцешна плакала Мар'яна, усё не верачы, што не стала Шарыка, з якім бегала і на рэчку, і ў лес. А Петрык некалькі дзён ні з кім не гаварыў. Хадзіў, зацяўшыся, боль у сэрцы насіў.

Затое Адам радаваўся, хвалячыся гайдукам, як з аднаго стрэлу сабаку ўлажыў...

Каля хлява Паўлюк заўважыў вывернутую бурай яблыньку. Ён прысеў каля яе, каб паглядзець, ці моцна пашкоджаныя карані, і ў гэты момант патыліцу апякло болем.

Паўлюк упаў, ухапіўшыся за ствол яблынькі.

"Няўжо і гэта благі сон?" -- напаследак прамільгнула ў галаве.

 

ГОРА

 

Частка другая

 

Пляма крыві

 

Зося прачнулася на світанні. Паўлюка побач не было. Нагадаўся ўчарашні вечар: як скакалі шалёныя коннікі, як прагучалі тры стрэлы...

Петрык зусім дзіцё, а ўжо ўзяў у рукі зброю. Не, дабром гэта не скончыцца.

Баліць галава, усё цела як пабітае. Нават рукой не хочацца варушыць. Прасіла Паўлюка, казала яму, што трэба выехаць адгэтуль. "Сваёй дзедзіны не пакіну", -- заявіў.

Калі вярнуўся з суда, які пакінуў зямлю за Вацлавам Станішэўскім, яна ледзь пазнала яго: счарнеў так, нібы пахаваў самага блізкага. А Вацлаў Станішэўскі вырашыў яшчэ на нервах пайграць, па сэрцы рэзнуць. Вечарам сабраў усю сваю хеўру на лузе непадалёку ад хаты.

Гарэлі кастры вогнішчы, іграла музыка, спявала, балявала хеўра. Здавалася, не песні, а крыкі-пракляцці нясуцца ў прастору.

Калі яна сказала пра гэта Паўлюку, ён адказаў: "Хто праклінае, той сам будзе пракляты".

Хоць і ў самой сэрца разрывалася ад болю, але як магла, суцяшала Паўлюка: "Не бяры ў галаву. Скінь з душы цяжкі камень. Не ў адных нас бяда. Па ўсім нашым краі яна разлілася".

Зося бяду зазнала, калі дзявятае лета ёй мінула. Атрад маскоўцаў напаў на бацькаў маёнтак. Абараняючыся, загінуў бацька. І маці куля не мінула. А двух старэйшых братоў-блізнюкоў пагналі ў Масковію. Мабыць, і цяпер яны там.

Ёй жа, калі так сказаць, пашанцавала. Папрасілася яна ў стральца-вартавога: "Дзядзечка, адпусціце мяне". Стралец азірнуўся і ціха прагаварыў: "Бяжы".

Паляцела яна ў цемру.

Браты навучылі, каб папрасілася менавіта ў гэтага стральца. Чулі яны, як, жалячыся, расказваў стралец, што і ў яго дома засталіся дзве дзяўчынкі. Сказалі: "Прасіся, Зоська. Мо і адпусціць ён. Невядома, куды нас вядуць. Мажліва, на загубу".

Паблукала яна па свеце, не раз і не два слязьмі ўціралася, пакуль не падабраў яе, пашкадаваўшы, Юстын Кравец.

З таго дня ў іхнім маёнтку стала жыць, паняй хадзіць. З Паўлюком пасябравала, потым пакахалі яны адно аднаго. І настаў дзень, калі кінуліся ў ногі Юстыну, просячы, каб дазволіў пажаніцца...

Госці спявалі, жартавалі, гуляючы на вяселлі, а яны, Зося і Паўлюк, анікога, акрамя сябе, не заўважалі. Напэўна, голубу і галубцы так добра бывае, як ім было.

Непрыкметна, як вада ў рэчцы бяжыць, прабеглі тыя шчаслівыя дні... Дзе ж падзеўся Паўлюк? Чаму яго так доўга няма?

Зося прыўстала, прыслухоўваючыся.

Зараз бразне клямка, адчыняцца дзверы. З'явіцца Паўлюк і радасна скажа: "Не вешай носа, Зоська. Будзем жыць-пажываць і дабра нажываць".

Дабра... Не, няма дабра.

Зося ўстала, апранулася і выйшла на двор. Сонца яшчэ не ўзышло, але ўжо чырванела на ўсходзе.

На мокрай ад дажджу зямлі Зося заўважыла чужыя сляды і зразумела, што ноччу яны, гэтыя злыдні, былі тут.

-- Паўлюк! -- паклікала, падышоўшы да хлява.

Ціха вакол. Толькі карова ў хляве рыкнула, падала голас.

"А сляды на падворку свежыя, пасля дажджу іх пакінулі, -- падумала Зося. -- Зранку яны тут круціліся. Паўлюк, няйначай, пачуў, што каля хаты ходзяць, і выйшаў на двор".

Зося азірнулася і ўбачыла паваленую яблыню.

Што ж гэта блішчыць каля яблыні? Няўжо Паўлюкова пістоля? Відаць, яго... Пляма крыві каля пістолі...

У Зосі падкасіліся ногі.

-- Паўлюк! -- гукнула яна.

З хаты выскачылі Петрык і Мар'яна.

-- Мамка! Мамка! -- праціраючы кулачкамі вочы, усё прымаўляе Мар'яна.

-- Мама, дзе тата? -- запытаў Петрык.

Няма як дзецям казаць праўду. Мо яшчэ і абыдзецца. Мо жывы Паўлюк... Дзе ж ён? Дзе? Спала, што забітая, не пачула, як выйшаў... Як кружыцца галава! І нейкае павуцінне насунулася на вочы, не дае на свет глядзець.

-- Дзеці, ідзіце ў хату...

-- Мама, чаму ты нас праганяеш? -- пакрыўдзілася Мар'яна.

-- Ідзіце... Дзеткі...

Наперад ступіў Петрык. Тыцнуў пальцам, паказаўшы на пляму крыві.

-- Мама, тут, тут... Гэта яны! Яны!

А Мар'яна круціць галавою, перапалоханая.

-- Дзе яны? Дзе? Мамачка-а!..

Зося не паспела адказаць дачцэ, бо Петрык, падскочыўшы, схапіў пістолю.

-- Таткава!

Зося працягнула руку.

-- Аддай...

-- Не аддам! -- Петрык з сілай (аж костачкі на пальцах пабялелі) сціснуў пістолю. Сам натапырыўся, як верабейка перад ворагам. Вочы, нібы дзве шчылінкі, злосныя агеньчыкі мігцяць у іх.

Зося яшчэ ні разу не бачыла сына такім.

"Ну як дзед Юстын у гневе", -- прамільгнула ў галаве.

Як жа забраць пістолю ў Петрыка? Яшчэ да Станішэўскіх з гэтай пістоляй пабяжыць. Мала ёй аднаго гора...

-- Сынок...

Петрык неяк адразу памякчэў, здаўся, абяззброены гэтым "сынок".

-- Мама, бяры.

Зося дрыготкай рукой узяла пістолю.

-- Сынок, не лезь на ражон. Прашу цябе.

-- Мамка, кроў каля яблыні!.. -- скрывілася Мар'яна. Вось-вось заплача.

-- Не плач, Мар'янка, -- папрасіла Зося.

Трэба трываць, не паказваць слёз. Як кажуць людзі? Плачам гору не паможаш. Хоць на чым свет стаіць галасі, а ніхто цябе тут, акрамя Вацлава Станішэўскага і яго памагатых, не пачуе. А яны не суцешаць, гора не раздзеляць. Парадуюцца яны. І хтосьці з іх скажа са зларадствам: "Вые ваўчыца-здрадніца, свайго ваўка страціўшы. Чаго хацелі, таго і заслужылі".

Так, без Паўлюка ёй і ваўчыцай прыйдзецца быць, каб абараніць, не даць у крыўду Мар'яну і Петрыка, выгадаваць іх.

"Паўлюк, чаму ж ты пасунуўся сярод ночы? Няхай лепей мы ўсе разам згарэлі б у хаце", -- ледзь не вырвалася ў Зосі, ды, глянуўшы на дзяцей, яна зніякавела.

Трэба трываць. Яшчэ справіць яна Мар'яне і Петрыку вяселле, дачакаецца. І ўнукаў выгадуе. Яна моцная, загартаваная. Ворагі яе ў агні загартавалі, як кавалі жалеза гартуюць.

-- Мама, нашага татку забілі? -- плачучым голасам прагаварыла Мар'яна.

-- Не, дачушка.

-- Чаму ж ён не йдзе да нас? Чаму кроў каля яблыні?

-- Гора! Гора! -- прамовіла Зося.

 

На возера

 

Як у сне, Зося падаіла кароў. Потым разам з Петрыкам і Мар'янай выгнала на пашу коней, кароў, авечак і вярнулася з дзецьмі ў хату.

Як жа вытрываць? Як выстаяць? Прыйшло на памяць, як казаў ёй Паўлюк: "Паміж рыцарскім мячом і татарскай шабляй каваўся лёс нашага народа".

Не, не толькі паміж рыцарскім мячом і татарскай шабляй. Шмат і іншых шабляў тут звінела. А яшчэ свае здраднікі...

Свае горш за чужынцаў...

Калі яна, беспрытульная, пасялілася ў Краўцоў, то думалася, што будзе жыць як у Бога за пазухай. Юстын глядзеў як на родную. А калі вырасла, з Паўлюком пачала хадзіць на вячоркі ў суседнюю вёску. Як хутка у песнях, у жартах пралятаў вечар!

Зося заплюшчыла вочы, і загучала песня, якую спяваў Паўлюк, калі яны, дзяўчаты, пускаліся ў скокі:

Вох туры, лататуры,

                                                                     Я й да конікаў канюх,

                                                                     Я й да волікаў пастух.

                                                                     Я й да зайчыкаў стралец,

                                                                     Я й да дзевак маладзец.

                                                                     Сядзіць Раман на лаве

                                                                                    і лучыну скапае,

               Ды й дзяўчыну чапае.

                                                                     На што ж мяне чапаеш,

                                                                                    калі грошай не маеш?

                                                                     Ідзі грошай зарабі,

                                                                                    тады мяне зачапі.

Не адна дзяўчына заглядалася на Паўлюка, спотайку ўздыхала. Добра гэта помніцца.

А хіба забудзешся, як варажылі з Паўлюком? Неяк прычапіліся дзяўчаты: "Паваражыце, паглядзіце, што вам наканавана".

Што ж, дзяўчат-сябровак не падманеш, сваё каханне ад іх не схаваеш. Заўважылі дзяўчаты, што яны, Зося і Паўлюк, заўжды разам, як нітка з іголкай.

Яна, Зося, засаромелася, апусціла галаву. І Паўлюк спачатку аднекваўся, а потым, калі вельмі населі дзяўчаты, калі і хлопцы сталі ім дапамагаць, усклікнуўшы "Было не было", вырваў з яе кудзелі жмуток ільну, падзяліў яго на дзве роўныя часткі, паклаў на стол, скачаўшы шарыкамі, і падпаліў ад лучыны.

Загарэліся льняныя шарыкі. Ціха стала ў хаце. Хлопцы і дзяўчаты, не моргаючы, глядзелі на шарыкі, якія разгараліся ўсё ярчэй.

І яна, Зося, затаіла дыханне. А ў скронях стукае, стукае... Калі шарыкі згараць на стале, то хтосьці перашкодзіць шлюбу...

Не, не згарэлі на стале льняныя шарыкі. Раптам, як па чыёйсьці волі, узляцелі ўгору.

"Шчаслівы будзе ваш шлюб", -- сказаў хтосьці з хлопцаў.

У той вечар Паўлюк прапанаваў ёй, каб выйшла за яго замуж.

Ці ўдаўся шлюб? Ці шчаслівы ён стаў? Калі б не суседзі-злыдні, то яна, Зося, была б шчаслівейшая за ўсіх на свеце. Згінуў Паўлюк, прапаў. І не за светам, а каля сваёй хаты. Няма шчасця без яго.

Зося зірнула на Мар'яну. Сядзіць дачушка, паклаўшы ручкі на калені, а з вачэй слёзкі сыплюцца.

Зося наблізілася да Мар'яны і прытуліла яе да сябе.

-- Не плач...

-- Мама, я не плачу. Слёзы самі сабою цякуць.

Зося мацней прытуліла дачку. Няхай паплача, няхай выплачацца. Магчыма, палягчае ёй. Тут, у хаце, яны не пачуюць, не парадуюцца.

-- Мама...

-- Чаго, дачушка?

-- Мы пойдзем шукаць нашага татку?

Вось пра што думае Мар'яна! Куды ісці? Да людзей у суседнюю вёску? Але чым яны дапамогуць? І іх запалохаў Вацлаў Станішэўскі. Баязлівыя, асцярожныя сталі, асабліва пасля таго, як дзеда Харытона знайшлі ў возеры з камянямі на нагах.

-- Мамка, дык пойдзем?

-- Крыху пасядзім і пойдзем, -- сказала Зося, суцяшаючы дачку.

-- Давай цяпер.

-- Пачакай... Зараз...

На лаве заварушыўся Петрык.

-- Мама...

І яму няцерпіцца. Не, не трэба ёй паказваць перад дзецьмі сваёй слабасці, бо зусім упадуць духам. Вядома, яна не будзе сядзець склаўшы рукі. Жывога ці мёртвага, а знойдзе Паўлюка. Калі адпачне, прыйдзе ў сябе, сіл набярэцца.

-- Мама, я ведаю, дзе тата, -- сказаў Петрык, кусаючы губы.

Зося з надзеяй паглядзела на сына.

-- Дзе?

-- У тым возеры, дзе ўтапілі дзеда Харытона.

-- Табе хто сказаў?

-- Не так даўно Адам падскочыў на кані і крыкнуў, рагочучы: “Шукай бацьку там, дзе дзед Харытон быў!”

-- А ты не паверыў яму?

-- Цяпер паверыў! – прамовіў Пятрок і ўздрыгнуў, быццам  па шчацэ яго балюча выцялі.

У вачах у Зосі пацямнела. Магчыма, праўду сказаў Адам. Напэўна, пахваліўся. Магчыма, у возеры Паўлюк. Трэба пашукаць яго там.  Няўжо туды завалаклі?  Няўжо, як і дзеду Харытону, камяні да ног прывязалі?

Што ж, яна не будзе сіднем сядзець, праверыць. Калі знойдзе ў возеры Паўлюка, пахавае, як усіх нябожчыкаў людзі хаваюць. На магіле нарэшце дасць волю слязам.

-- Татку ўтапілі? -- усім цельцам задрыжала Мар'яна і рванулася, імкнучыся вырвацца з абдымкаў.

Зося не адпусціла яе.

-- Мар'яна!.. Мар'янка!.. Да ўсіх бяда прыходзіць.

-- Няхай нас абмінула б! -- з плачам прамовіла Мар'яна, а потым дадала: -- Мамачка, не думай, што я такая малая. Я ўсё разумею.

-- Мама, я па сетку пайду, -- устаў з лавы Петрык.

-- Ведаеш, дзе яна?

-- Татка за хлявом павесіў сушыцца.

-- Ідзі, сынок.

Як магла, суцешыла Зося Мар'яну і разам з ёю выйшла на двор.

Петрык ужо чакаў іх, перавесіўшы цераз плячо рыбацкую сетку, калісьці сплеценую Паўлюком.

Яны моўчкі, як на пахаванні, пайшлі па дарозе. На балоце, там, дзе пасвілася жывёла, Зося спынілася.

-- Мар'яна, ты тут застанешся.

-- Угу, -- кіўнула галавою Мар'яна.

Яшчэ ў хаце Зося вырашыла: на возера Мар'яну яна не пусціць. Не ўсё ёй трэба бачыць. Яшчэ малая.

 

Калі песня за душу бярэ

 

Петрык часта лавіў з бацькам рыбу. І невадам, і сеткай, і кломляй-таптухай, і венцяры ставілі ў азёрах, у затоках. Бывала, бацька казаў:

-- Сынок, нашы прашчуры мелі розум. Нездарма сяліліся каля лесу і каля вады. Кормяць і пояць нас лес і вада.

Сапраўды, добрае месцейка для жыцця выбралі даўнія продкі, якія калісьці пасяліліся ў Сіняўцы. У лесе і грыбы, і ягады, і розная дзічына, а ў рэчцы і ў азёрах рыба плешчацца. Толькі не лянуйся, лаві.

Далёка разліваецца рэчка вясною і восенню, затапляючы балоты, лугі. А пасля разводдзя не ўся вада вяртаецца назад, у рэчку: у нізінках, у ямінках застаецца. Так і ўтварыліся каля рэчкі азёры. Шмат іх. І большых, і меншых, і зусім маленькіх, зарослых чаротам, асакой, касачамі.

Калі бацька пахваліў прашчураў за розум, Петрык пацікавіўся ў яго:

-- Усе гэтыя азёры былі і пры нашых прашчурах?

-- Некаторыя былі, некаторыя згінулі: ілам пакрыліся, зараслі. Многія пазней з'явіліся. Усё ў жыцці мяняецца. Нават самы вялікі камень на адным месцы не ляжыць.

-- Ёсць такія камяні, што і коньмі не скранеш, -- не паверыў Петрык.

-- Прырода за любога каня дужэйшая. Бачыў, як дождж іншы раз падмывае зямлю пад каменем? Хоча ён таго ці не хоча, а зрушваецца з месца, падмыты вадою. У адзін дзень крыху, у другі дзень крыху... Нездарма старыя людзі кажуць: "Ходзяць камяні".

Праўду казаў бацька. Усё мяняецца. І яго не стала на свеце. Нечакана над іхняй хаткай грымнула...

Вось і тое возера, з якога бацька бусаком дастаў дзеда Харытона.

Петрык скінуў з пляча сетку, распасцёр яе на беразе.

-- Пацягнем? -- нейкім чужым голасам, быццам ёй сціснулі горла, прагаварыла маці.

Петрык адвёў позірк убок. Як не тая, стала маці. За адзін дзень, здаецца, на дзесяць гадоў пастарэла. Каля вуснаў застылі дзве зморшчынкі, пад вачыма -- цёмныя кругі.

-- Сыночак, пацягнем?

Рэзнула ў вачах, нібы зацерушыў іх знянацку. Петрык далонню працёр вочы і ўзяўся за кій. Кіі бацька прывязаў з аднаго і з другога канца сеткі.

-- Мама, давай, -- прамовіў хлопчык з болем і злосцю, яго твар стаў калючы, недаступны.

Маці ўзялася за другі кій, і яны, залезшы ў ваду, павольна пацягнулі сетку.

Дно ў возеры коўзкае, тарфяністае, а вада каля берага заняла да плячэй.

Вада -- бяда... Нездарма яна снілася ўсю ноч. Клікала да сябе.

Возера невялікае (крокаў сорак у даўжыню), а здаецца, што бясконца цягнецца.

Петрык неспадзявана наступіў на штосьці слізкае. Ёкнула ў сэрцы.

-- Петрык, чаго стаў? -- занепакоілася маці.

А гэтае, слізкае, затрапяталася пад нагою. "Карась пад нагу трапіў. Залез у гразь", -- зазначыў пра сябе Петрык.

-- Сынок!..

-- Мама, цягні далей, -- прамовіў Петрык і сам налёг на кій, цягнучы сетку.

-- Травачка-муравачка

                                                     Рассцілаецца, у-у-у...

                                                     Мой мілы ў дарожаньку

                                                     Сабіраецца, у-у-у... --

працягла, падвываючы, як на хаўтурах, заспявала маці.

У Петрыка болем працяло душу. Не раз ён чуў, як казалі людзі: баліць душа. А цяпер і сам адчуў гэты нясцерпны пякучы боль, калі ў душы, здаецца, ўсё-ўсё разрываецца.

                                                                   -- З усімі суседзямі

                                                                   Ён прашчаецца,

                                                                   Са мной, краснай дзевачкай,

                                                                   Не расстанецца:

                                                                   Прашчай, прашчай, дзевачка,

                                                                   Прашчай, жысць мая.

                                                                   Праважу я мілага

                                                                   Аж да Кіева, --

спявае маці.

Сцяўшы зубы, Петрык слухае маміну песню. Не проста так яна заспявала. Даўно забалела ў яе душа. Забалела, збалела, і болем прарвалася песня. З бацькам развітваецца маці.

Ён, Петрык, нізашто не даруе Вацлаву Станішэўскаму. Возьме пістолю, падкаравуліць і застрэліць. Застрэліць!.. Але ж Янінка адна застанецца. І ёй, як і яму, забаліць душа. Не, ёй не забаліць. Яна ж не любіць свайго бацьку.

                                                        А ў горадзе Кіеве

                                                       Станавіліся.

                                                       Вараныя конікі

                                                       Прытаміліся.

                                                       Уся аграмадачка

                                                       Удзівілася.

                                                       Чыя ж гэта парачка

                                                       Разлучылася...

Сетку нечакана тузанула.

-- Петры-ык! -- усклікнула маці, перапыніўшы песню.

Не павярнуўся язык у маці, каб сказаць, што, мабыць, бацькава цела ў сетку трапіла. Ды Петрык з паўслова яе зразумеў.

-- Мама, я плыву! -- гукнуў ён і паплыў да маці, адной рукой трымаючы сетку.

Сын і маці пачалі выцягваць сетку на бераг. Блішчыць, трапечацца рыба, заблытаўшыся ў сетцы, а вось і...

Не, не бацькава цела яны ўбачылі, а вялікую круглую груду. Яна затрымала сетку.

-- Сынок, пацягнем? -- праз слёзы прамовіла маці.

-- Пацягнем! -- плёхнуўшыся ў ваду, Петрык паплыў назад.

Тры разы працягнулі яны сетку па возеры, пакуль маці не села, знямоглая.

-- Усё. Я болей не магу.

"Не жаночая гэта работа", -- падумаў Петрык і сказаў:

-- Мамка, трымайся. Прашу!

-- Падмануў цябе Адам. Знарок! – прашаптала маці.

 

Прыкуты да сцяны

 

Паўлюк ачнуўся ў вязніцы. Над галавою -- паўкруглая столь, з якой мерна капаюць кроплі вады. Сцены зробленыя з абчасаных камянёў, на сценах дымна чадзяць чатыры паходні.

"Такі ж схапіў ты мяне, Вацлаў. У сваю вязніцу прывалок", -- падумаў Паўлюк. Ён чуў ад людзей, што яшчэ Клім Станішэўскі -- бацька Вацлава -- трымаў у гэтай вязніцы непакорных.

Паўлюк прысеў каля сцяны і наставіў палец. "Кап", -- капнула са столі буйная кропля, расцёкшыся на кончыку пальца.

Будуць катаваць. Ну й няхай. Ён, Паўлюк, не здасца, літасці не папросіць, як не папрасіў калісьці ў маленстве.

Той дзень назаўжды адклаўся ў памяці. Пабіліся яны з Вацлавам. Паўлюк не сцярпеў, даў поўху свайму адналетку, калі той мужыком яго абазваў. Разроўся Вацлаў, пабег, неўзабаве бацьку прывёў.

Ні слова не сказаўшы, Клім пакаціў Паўлюка, звязаў, даў сыну шырокую сырамятную папругу і сказаў: "Бі, пакуль не папросіцца, пакуль боты табе не пацалуе".

З адцяжкай, папіскваючы, нібы пацук, біў яго Вацлаў, а Клім у такт прыгаворваў: "Прасіся! Прасіся!"

"Не буду!" -- праз плач паўтараў Паўлюк адно і тое ж.

Раз'юшыўся Вацлаў. Калі б Клім яго не адцягнуў, то, мабыць, да смерці забіў бы. На беразе рэчкі звязаным пакінулі яны Паўлюка. Толькі вечарам знайшоў яго бацька -- Юстын. У той жа вечар паскакаў ён да Станішэўскіх, каб Кліма на паядынак выклікаць. А Клім спалохаўся, уцёк, з'ехаў з дому.

Ён, Паўлюк, не дараваў Вацлаву. Падпільнаваў у лесе і добра патоўк...

Як недарэчна трапіў у палон! Не вырвацца з вязніцы. Адно застаецца: дастойна смерць прыняць, як у баі, у вочы ёй глянуць.

Шкада, што дзяцей не паспеў на ногі паставіць. Мучацца яны цяпер душою, згадваючы, дзе іхні бацька падзеўся.

Паўлюк памацаў пальцамі разбітую патыліцу.

"Кроў на патыліцы засохла. Доўга я  тут праляжаў", -- зазначыў пра сябе.

Рыпнулі, адчыніліся дзверы, і ў вязніцу зайшлі Вацлаў Станішэўскі і гайдук Адам. Станішэўскі на павадку трымаў сабаку-ваўкадава па клічцы Люты.

"Лютага на мяне хочаце нацкаваць, а не ведаеце, што даўно прылашчыў я яго да сябе, падклікаючы ў лесе", -- усміхнуўшыся, падумаў Паўлюк.

-- Чаго рот да вушэй дзярэш? -- крыкнуў Вацлаў Станішэўскі.

-- Яшчэ трэба паглядзець, хто з нас рот да вушэй дзярэ, -- спакойна, хоць усё і закалацілася ў грудзях, адказаў Паўлюк.

-- Пан Вацлаў, нацкуйце! -- уставіў свае два словы Адам.

Вацлаў Станішэўскі адпусціў павадок.

-- Люты, кусы гэтага хама! Кусы!

-- Кусы! Кусы!.. -- аж прысеў Адам.

Люты падбег да Паўлюка і лізнуў яго ў твар. Паўлюк пагладзіў сабаку каля вушэй, а ён, задаволены, прыжмурыў вочы.

Вацлаў Станішэўскі пазелянеў, стаў, як жаба.

-- Кусы! Кусы!..

І Адам стараецца:

 -- Кусы!..

Люты стаіць, хвастом віляе.

Нарэшце дайшло да Адама.

-- Пан Вацлаў, яны даўно знюхаліся!

Хацеў Паўлюк як след яму адказаць, але прамаўчаў. Як кажуць? Зачапі -- смярдзець будзе.

-- Заб'ю халеру! -- Вацлаў Станішэўскі выцяў сабаку нагою.

Люты адбегся ў кут і ашчэрыў зубы.

-- На мяне? На гаспадара зубы наставіў? -- Вацлаў Станішэўскі ўзяўся рукою за шаблю.

Адам замахнуўся бізуном, выхапіўшы яго з-за галянішча.

-- У-у-у!..

Скокнуўшы, Люты збіў Адама з ног і выбег з вязніцы.

-- О-о-о! -- вылупіў вочы Вацлаў Станішэўскі.

-- Ён м-ог і з-за г-горла! -- стоячы на карачках, прамовіў Адам.

-- Звер! -- плюнуў на падлогу Вацлаў Станішэўскі.

-- Невядома, хто тут звер, -- зноў не сцярпеў Паўлюк.

Вацлаў Станішэўскі зірнуў на яго спадылба.

-- Адрачыся ад сваёй мужыцкай праваслаўнай веры!.. Чуеш?

"Няўжо яны прыцягнулі мяне сюды дзеля таго, каб адрокся ад бацькоўскай веры і запісаўся каталіком? -- думаў Паўлюк. -- Няўжо яны чакаюць ад мяне менавіта гэтага адказу? Несумненна, чакаюць. Каб у гразь утаптаць, каб нароўні з імі быў. Яны ж добра ведаюць, што самі ў гразь укачаліся. Хоць фанабэрацца, хоць кіем носа не дастаць, але точыць іх чарвяк, спакой адбірае. Нездарма бязбожна п'юць. Не, не паддамся я вам, калі б нават ведаў, што выпусціце".

-- Ну! -- дыхнуў у твар перагарам Вацлаў Станішэўскі.

-- Пан Вацлаў, давайце я яго бізуном паказычу, -- устаўшы на ногі, прапанаваў Адам.

-- Пачакай! Дай пагаварыць!

-- Мы, і каталікі, і праваслаўныя, людзі адной маткі і аднаго бацькі, -- не паказваючы свайго хвалявання, прамовіў Паўлюк.

-- Што-о? -- вытрашчыў вочы Вацлаў Станішэўскі. -- Аднаго бацькі? Ды мой бацька горла табе перагрыз бы, калі б з магілы ўстаў.

-- Пан Вацлаў, пачаставаць? -- выкрыкнуў Адам.

-- Бі!

Свіснуў у паветры бізун. Паўлюк адчуў, як болем апякло плячо.

-- Бі!

-- Ну й дам!

На гэты раз Адам паласнуў па твары.

Паўлюк змахнуў рукою струменьчык крыві, які з рассечанай губы сцёк на падбародак.

-- Нягожа робіш, пан Вацлаў. Хрыстос прыцягваў людзей да свайго вучэння любоўю і дабрынёй, а не насіллем і прымусам.

-- Яшчэ ўправіць яму мазгі? -- крыкнуў Адам. Яго твар перакасіўся, а сам ён тросся, як у ліхаманцы.

Не адказаўшы, Вацлаў Станішэўскі вачыма прасвідраваў Паўлюка.

-- Як ты сказаў? Паўтары, здраднік!

-- Я чужым панам боты не лізаў, -- прагаварыў Паўлюк.

Вацлаў Станішэўскі замахнуўся нагою.

-- Ты! Я цябе!.. Дыхаць не даеш, спакойна жыць не даеш... Звузілася сцяжынка, па якой мы ступаем... Аднаму з нас няма месца на ёй... Дадушу цябе...

-- Крывёю праўду не зальеш!

-- Залью! Як маёнтак твой пажарам заліў. Я спаліў! Я! Не ведаў?

-- Чаму ж не!

-- Па майму загаду твайго Харытона ўтапілі!..

Паўлюк прыўзняўся і плюнуў Станішэўскаму ў твар.

Вацлаў крутнуўся, выцер сліну рукавом і некалькі разоў запар стукнуў Паўлюка нагою па галаве, стараючыся пацэліць у скроню.

У Паўлюка пацямнела ўваччу...

"Паўлюк, жаданы мой, ідзі да мяне!" -- здалося яму, паклікала Зося.

 

Боль у грудзях

 

Мар'яна сядзела пад кустам, схаваўшыся ад сонца. Яна ніяк не магла ўявіць бацьку нежывым, з сінімі памярцвелымі губамі...

Бацька ж такі дужы, такі вясёлы, такі прыгожы...

Як часта ён, злавіўшы яе, Мар'яну, казытаў у шчаку мяккімі пшанічнымі вусамі і напяваў:

Пайшоў каток у лясок,

                                                     Знайшоў каток паясок.

                                                     А кошачка адняла

                                                     І дзіцяці аддала.

                                                     Пайшоў каток на таржок,

                                                     Знайшоў каток піражок:

                                                     Ці самому з’есці,

                                                     Ці дзіцяці несці?

                                                     І  сам трошкі ўкусіў,

                                                     І дзіцяці прынасіў.

Не верыцца, што бацька пра коціка болей не заспявае... Жывы ён, жывы...

Задумалася Мар'яна, не заўважыла, як да яе падбегла Яніна.

-- Добры дзень, Мар'янка, -- прывіталася яна і, сеўшы пад куст, паскардзілася:

-- Уцякла я. З самага ранку тата напіўся. Як ачмурэлы, ходзіць па доме.

-- Янінка, ён з гайдукамі ўсю ноч каля нашай хаты насіўся. Палохалі нас.

Мар'яна абняла рукамі калені і пачала расказваць, як вечарам страшныя коннікі скакалі па балоце.

Яніна слухала, прыкусіўшы губу. Цяпер яна зразумела, чаму бацька ўчора перад заходам сонца загадаў гайдукам сядлаць коней.

-- Тата, куды вы сабраліся? -- пацікавілася яна.

-- Кыш! -- прыкрыкнуў ён на яе, як на якое неразумнае кураня, што блытаецца пад нагамі, і пайшоў, хістаючыся.

"Мар'яну яны палохалі. Ворага сабе знайшлі", -- падумала Яніна і адчула, як запякло ў грудзях. Так, бывала, пякло, калі мама была жывая, калі разам з ёю сядзелі ў зямлянцы.

Зямлянку каля сажалкі выкапаў дзед Міхал, які, як казала мама, яшчэ яе бацьку служыў.

Спачатку, калі мама папрасіла яго выкапаць зямлянку, дзед Міхал не пагадзіўся.

-- Не, -- сказаў. -- Пан Вацлаў і мяне, і цябе са свету зжыве, калі праведае.

У гэты дзень у доме якраз госці сабраліся, расспяваліся.

-- Дзед Міхал, хіба не чуеш, як яны гарлапаняць? Млосна мне! Богам цябе прашу! Выкапай зямлянку, каб схавацца ад іх магла я! -- усклікнула мама.

Употай, каб ніхто не бачыў, капаў дзед зямлянку. Зямлю ў сажалку выкідаў.

І аднаго дня, калі зноў паз'язджаліся шумныя госці, мама павяла Яніну ў зямлянку, замаскіраваную ў кустах.

Часта пры свечцы сядзела яна там з мамай. У зямлянку ніводзін п'яны гук не даносіўся.

Шукаў іх бацька. І адзін, і з гайдукамі... А потым... Потым сабакі знюхалі, знайшлі гэты схоў.

-- Хто выкапаў зямлянку? -- стаў дапытвацца бацька.

-- Не скажу, -- круціла галавою мама.

-- Скажаш!

-- Не скажу.

Раз'юшаны бацька выхапіў пістолю.

-- Скажаш!

Наперад выступіў дзед Міхал.

-- Я выкапаў, пане. Я вінаваты. У мяне страляйце. Маё жыццё забярыце. Пажыў...

-- Вацлаў, не страляй у яго! -- заплакала мама. -- Ён няньчыў мяне. Ён адзіны, хто з родным домам мяне звязвае.

-- Няхай пажыве, дарую, -- буркнуў бацька.

На другі дзень, уваліўшыся да мамы, ён доўга кляўся, што не збіраўся ў яе страляць, што проста палохаў.

-- Не кранеш Міхала? -- запытала мама.

-- Я ж табе сказаў, што дараваў яму! -- са злосцю кінуў бацька і, як ашпараны, выскачыў з пакоя.

А вечарам дзеда Міхала знайшлі ў сажалцы, каля самага берага. Два белыя лебедзі з падрэзанымі крыламі плавалі каля яго.

Гайдук Адам усім расказваў, што сам бачыў, як дзед Міхал, адступіўшыся, боўтнуўся галавою ў сажалку.

-- Я падбег, а стары ўжо бурбалкі пусціў! -- размахваючы рукамі, рагатаў Адам.

Пасля гэтага мама захварэла, стала скардзіцца, што сэрца баліць. Бацька ж не верыў ёй, пасмейваўся...

-- Янінка, пра што ты думаеш? -- запытала Мар'яна, скончыўшы расказваць.

-- Так сабе, -- прамовіла, не прызналася Яніна.

-- А наш татка прапаў! -- цяжка ўздыхнула Мар'яна. -- Мы і каля хаты яго шукалі, і клікалі...

-- Можа, ён у лес пайшоў?

-- Каля яблыні засталася яго пістоля. І кроў там была, -- нявесела паведаміла Мар'яна.

У Яніны губы перасохлі, нібы ад хваробы. Што ж гэта робіцца? Няўжо бацька забіў дзядзьку Паўлюка? Мабыць, забіў... Нездарма гойсаў з гайдукамі на конях каля Мар'янінай хаты...

Пячэ ў грудзях пячайка...

Чаму ж яна, Яніна, такая нешчаслівая? Чаму жыццё такое цяжкае? Чаму не ўдаецца?

-- Мар'яна, а Петрык дзе?

З мамай на возера пайшоў. На тое, дзе знайшлі дзеда Харытона з камянямі на нагах. Сетку цягаюць, татку шукаюць... Янінка!..

Каб не глядзець у вочы Мар'яне, Яніна апусціла галаву. Дзед Харытон у возеры ляжаў... І дзеда Міхала з сажалкі выцягнулі... Рагатаў Адам...

Петрык з маці на возеры... Няўжо яшчэ аднаго тапельца выцягнуць?..

Хто ж будзе наступны?... Не супакоіцца бацька... Гарэлка розум адняла, а маленькі чалавечак у шэрай сутане ўвесь час падбухторвае яго.

Пячэ ў грудзях... Баліць...

 

На вершаліне бярозы

 

Прыгнуўшыся пад цяжарам мокрай сеткі, Петрык моўчкі цягнуўся за маці. Дзе ж шукаць бацьку? У каго папрасіць помачы?

На пістолю адна надзея. Яна не выдасць, не падвядзе.

Не адкладваючы на заўтра, трэба падпільнаваць Вацлава Станішэўскага ці Адама, знянацку выскачыць, наставіць пістолю і запытацца, куды падзелі бацьку.

Нікуды не дзенуцца, скажуць. Ён з імі жартаваць не будзе. Як яны, так і ім.

У судзе бацька шукаў праўду, імкнучыся вярнуць зямлю. Не, самому іх трэба судзіць. Самому...

Каля бярозы Петрыка і маці сустрэлі сяброўкі: Мар'яна і Яніна.

-- Мамка, не знайшлі? -- усклікнула Мар'яна.

-- Будзем шукаць, -- сказала маці.

-- Дзе?

Маці долу апусціла галаву.

-- Будзем, дачушка, будзем...

"Разгубілася мама, не ведае, што ёй рабіць. Неспадзявана абрынулася на яе гора", -- нявесела падумаў Петрык.

-- Мама, я тут пабуду, -- папрасіў ён, бо яшчэ раней вырашыў: "З Янінаю сам пагавару. Мо што-небудзь бачыла ці чула яна. Мо хоць на след навядзе".

-- Пабудзь, сынок, -- павольна прагаварыла маці. Было відаць, што цяжка даецца ёй кожнае слова, што сілком, з натугай, выціскае яго з грудзей.

-- Мама, ты не хвалюйся. Я хутка прыбягу.

-- Сетку дай.

-- Сам прынясу. Няхай пакуль тут паляжыць. -- Петрык зняў з пляча рыбацкую сетку і кінуў на зямлю.

Маці пайшла, згорбіўшыся.

"Як адзінокая былінка на ветры цяпер яна. Не дам у крыўду. Нікому не дам!" -- ледзь чутна прашаптаў Петрык.

-- Братка, а Янінкін бацька з самага ранку напіўся. Уцякла яна з дому, -- паведаміла Мар'яна.

-- Янінка, ты ведаеш, куды мы хадзілі? -- націснуўшы на слова "куды", запытаў Петрык.

-- Ведаю, -- не паднімаючы вачэй, адказала Яніна.

"Так нічога не выйдзе ў нас, -- падумаў Петрык. -- Быццам нейкую нябачную нітку між намі нацягнулі. Трэба хутчэй разарваць яе. Інакш, чаго добрага, разбяжымся ў злосці і крыўдзе".

-- Янінка, ты не думай, што мы... Петрык недаказаў, запнуўся.

-- Янінка, мы любім цябе, -- вырашыла дапамагчы брату Мар'яна. -- І я , і Петрык. Вельмі любім. Петрык, так?

Петрык адчуў, як пачырванелі шчокі.

-- Канешне, любім.

Яніна падняла галаву і ўсхліпнула.

-- Янінка, твой бацька з самага ранку напіўся? -- Петрык пачаў здалёку, каб яшчэ больш не ўквяліць Яніну.

-- Ходзіць, крычыць... Усе пахаваліся. Адзін Адам, як прывязаны, за ім бегае. Ён...

Яніна так і не дакончыла, бо з-за павароткі выскачыў на кані Адам.

Шырока расставіўшы ногі, як перад бойкай, Петрык стаяў, чакаючы. Гайдук, напэўна, Яніну шукае. Мабыць, Вацлаў Станішэўскі яго паслаў па яе. Яшчэ не наздзекаваўся. Яшчэ не адняў здароўе.

Падскакаўшы, Адам рэзка спыніў каня і звярнуўся да Яніны:

-- Паненка, бацька кліча...

-- Сама прыйду! -- незычліва азвалася Яніна.

Адам махнуў бізуном, як бы абвіваючы вакол Петрыка і Мар'яны пятлю.

-- Пан Вацлаў узлуецца, калі праведае, што паненка зноў з гэтымі галадранцамі сустракаецца.

Злосць разабрала Петрыка. Які ж нахабнік Адам! Нядаўна змахляваў, а цяпер абзываецца, думае, што адпору ніхто яму не дасць, раз бацькі няма.

-- Цябе хто сюды прасіў? -- сціснуўшы зубы, прагаварыў ён.

-- Смяльчак, як бачу! -- хіхікнуў Адам. -- Смяльчак?

Петрык з нянавісцю глядзеў на Адама.

-- Хоць ты і смяльчак, але на самую вершаліну бярозы не залезеш! -- задраўшы галаву, прагаварыў Адам.

Петрык зірнуў угару. На вершаліне бярозы сядзіць маленькая буравата-шэрая мухалоўка. "Цыыг-цыыг", -- гучна крыкнула яна і паляцела, тузануўшы ўверх і ўніз хвастом.

-- Не залезе-эш! Гы-гы-гы... -- рагоча Адам.

Петрык разумеў, што гайдук знарок падцкоўваецца. Вядома, можна было б, як гаворыцца, плюнуць, павярнуцца і пайсці. Але ў грудзі прыліло цёплай хваляй, і нечы таемны голас зашаптаў: "А ты залезь, дакажы яму, пакажы сваю смеласць, каб адчуў ён, што ты не лыкам шыты, і, адчуўшы, усім сваім паганым нутром здрыгануўся".

-- Не залезеш! Гы-гы-гы... Смяльчак!

-- Петрык, не лезь, -- спалохаўшыся, папрасіла Мар'яна.

І Яніна пачала ёй дапамагаць:

-- Не лезь. Разаб'ешся, калі паломіцца вершалінка.

-- Не залезе-эш! Баязлівец! Гы-гы-гы....

Петрык падскочыў, ухапіўся за тоўсты ніжні сук, пачарнелы ад часу, і палез на бярозу.

-- Петрык! -- як спалоханыя птушаняты, у адзін голас закрычалі Мар'яна і Яніна.

Не, ён, Петрык, цяпер нізашто не злезе з бярозы, няхай хоць вецер імкліва наляціць, віхурай закруціць, ломячы голле.

"Глядзі, гад! -- думаў ён пра Адама. -- Бацьку ўкралі, але сілы ў нас вы не аднялі".

Ужо зусім блізка вершаліна. Пад нагой трэснула, паламаўшыся, галінка.

Упіўшыся пазногцямі ў падатлівую маладую кару, Петрык абхапіў рукамі тонкую вершаліну.

Унізе спалохана ўсклікнулі Мар'яна і Яніна, зарагатаў гайдук Адам...

Перадыхнуўшы, Петрык зноў палез. І зноў трэснула пад нагою галінка. А вершаліна загайдалася, як бы імкнучыся скінуць яго.

Яшчэ крыху... Петрык нарэшце ўхапіўся за кончык вершаліны, а яна, гучна трэснуўшы, паламалася.

Закрычалі Мар'яна і Яніна.

-- Гы-гы-гы... -- зайшоўся ад смеху Адам. Такі ж дамогся ён свайго, будзе пра што расказаць Вацлаву Станішэўскаму. Нарагочуцца разам.

Петрык каменем падаў уніз. Па твары, па плячах балюча сцёбалі галінкі. Нейкім цудам яму ўдалося ўхапіцца за тоўстую галіну. Ён павіс на ёй, затрапятаўшы нагамі.

Краёчкам вока заўважыў, як мітусяцца ўнізе Мар'яна і Яніна, як цягнуць угору рукі.

Перабіраючы рукамі, Петрык падлез да ствала і, спусціўшыся ўніз, саскочыў на зямлю.

-- Ты залезь! Ты!..  -- узрушаны, крыкнуў гайдуку Адаму.

Адам шлёгнуў каня бізуном і паскакаў, час ад часу азіраючыся, быццам за ім чэрці гналіся.

А каля Петрыка, як каля сапраўднага героя, Яніна і Мар'яна ўвіхаюцца, сакочуць.

-- Петрык, навошта палез туды?

-- Навошта паслухаўся яго?

-- Ледзь не забіўся!..

-- Братка, дурань ты!

Праўду яны кажуць. Дурань ён. Каго паслухаўся? Адама... Пярэваратня, для якога анічога святога няма. Але ж даказаў!.. І не толькі Адаму...

Да Петрыкавай шчакі пальцам дакранулася Яніна.

-- У цябе кроў на шчацэ, Петрык!

-- На мне, як на сабаку, зажывае, -- знарок абыякава сказаў Петрык. -- А ты, Янінка, дамоў бяжы, не гняві іх.

-- Добра, добра, -- два разы паўтарыла Яніна і пабегла, прыпусціўшыся з месца.

 

Нечаканае рашэнне

 

Петрык і Мар'яна зайшлі ў хату. За сталом, панурыўшыся, сядзела маці.

Петрык хацеў шмыгнуць за печ, легчы на палаці, схавацца там, ды маці адразу заўважыла, што ў яго падрапаны твар.

-- Сынок, што з табою? -- усклікнула яна.

-- На бярозу лазіў, -- паведаміла Мар'яна, хоць ён, Петрык, і прасіў яе, ідучы дадому, каб не казала праўду.

Маці нейкую хвіліну сядзела нерухома, не спускаючы з Петрыка вачэй, а потым запытала:

-- На якую бярозу?

-- На тую, што пры дарозе расце. Да самай вершаліны далез, -- ахвотна растлумачыла Мар'яна.

Маці ўскочыла, ледзь не перакуліўшы табурэтку, схапіла ручнік, намачыла яго вадою і пачала выціраць кроў на твары Петрыка.

-- Сыночак, міленькі, чаго ж цябе панесла на самую вершаліну? Якое ліха ты там шукаў?

Петрык стаяў роўна, выцягнуўшыся лазінкай. Так, здаралася, стаяў ён і тады, калі, як кажуць, пехатой пад стол хадзіў. Бывала, прыбяжыць дамоў мурзаты. Маці зловіць яго, адной рукой трымае за плячо, а другой, намачыўшы ў вадзе ручнік, выцірае твар, дакараючы.

-- Зося, нос яму добра патры, -- смяецца бацька. -- Ён з курамі дзёўбся.

Якія лагодныя, якія ласкавыя маміны рукі! І ў Яніны былі гэткія ж, калі нядаўна да шчакі дакранулася...

-- Петрык, дык чаго ж ты палез на вершаліну?.. Чаму маўчыш?

-- Адам з яго смяяўся, баязліўцам абазваў. А Петрык палез, каб даказаць, што не баязлівец, -- паведаміла Мар'яна.

-- Зноў Адам! -- прытуліўшы да грудзей ручнік, маці асела на табурэтку.

Петрык зірнуў на Мар'яну і непрыкметна патрос кулаком.

Мар'яна стала на парог і адвярнулася.

-- Дачушка, не станавіся на парог. Й так няшчасця поўная наша хата, -- прамовіла маці.

Мар'яна хуценька саскочыла з парога.

-- Мамка, хіба няможна стаяць на парозе?

-- Няможна, дачушка. Хадзі да мяне.

Мар'яна падышла да маці і прытулілася да яе.

-- Мама, чаму няможна станавіцца на парог?

-- У парозе, Мар'янка, душы продкаў жывуць.

-- А чаму праз парог вітацца няможна?

-- Бо неўзабаве паспрачаешся з тым чалавекам, з якім праз парог прывітаўся. Ці нават ворагам ён можа стаць.

-- Чаму, мамка?

-- Чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг. І душы продкаў могуць неўзлюбіць яго. Душы продкаў усё чуюць, усё бачаць, -- расказвае Зося Мар'яне і пяшчотна гладзіць яе валасы.

Даўным-даўно, калі яна была малою, і яе маці гэтак жа гладзіла ёй валасы, расказваючы пра звычаі продкаў.

"Дачушка, непрыемнасць чакае таго, хто спатыкнецца аб парог, уваходзячы ў хату. А калі ён спатыкнецца аб парог, выходзячы, то гэта знак, што ў хату хутка вернецца", -- цярпліва тлумачыла маці.

Яшчэ добра помніцца, як яна, Зося, спалохалася індыка. Вялікі, натапыраны, вельмі страшным здаўся ён ёй. А калі кінуўся на яе, штосьці забалбатаўшы на сваёй індычынай мове, моцна закрычала яна, заплакала.

Дванаццаць дубчыкаў ад старога веніка перасек бацька на парозе, каб вылечыць яе перапуд.

Дапамагло. Страх як рукою зняло. Перастала яна баяцца натапыранага індыка. Часта гнала яго з дубцом у руках. Уцякаў ён, балбочучы, як бы агрызаючыся.

Не давялося ёй, Зосі, пайсці замуж з бацькоўскага дому, не давялося, як звычайна рабілі нявесты-дзяўчаты на развітанні з бацькоўскім гняздом, пакланіцца да самай зямлі парогу, сказаўшы пры гэтым: "Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала -- прабач мне, я больш не буду!" Каб хоць Мар'яна пайшла замуж з гэтай хаткі! Ці дажыве яна, Зося, да таго дня? Ці дадуць яны тут пажыць?

-- Мама, -- пытаецца Мар'яна, -- а душа дзеда Юстына жыве ў нашым парозе?

-- Жыве, дачушка.

Зося ледзь стрымлівае даўкія камякі, якія душаць горла. Кожную восень, на Дзяды, яны ўсёй сям'ёй едуць на магілу дзеда Юстына. Гэтай восенню Паўлюк новую агародку збіраўся паставіць. Дубовыя слупы падрыхтаваў, жэрдкі абчасаў...

-- Мама, далёка ж дзед Юстын пахаваны...

-- Ну і што?

-- Яго душа знайшла дарогу да нашай хаты, прыляцела?

-- Прыляцела. Душа заўжды да роднага парога спяшаецца.

-- Як і мы?

-- Але, дачушка.

-- Мамка, добра было ў нашай хаце! -- абхапіўшы маці за шыю, прамовіла Мар'яна.

Зося праглынула даўкі камяк. Было добра... Было... Як за каменнай сцяной, была яна за Паўлюком. Дзе ж ён, каханы? Мо яшчэ жывы? Мо яны яго трымаюць?.. Але, трымаюць. Сілком. Як жа раней не здагадалася? Трэба ісці яго выручаць, цяпер жа трэба ісці.

-- Дзеці, -- гучна сказала Зося, -- зараз мы пойдзем да Вацлава Станішэўскага.

-- Мамка, ты ж туды ніколі-ніколі не хадзіла, -- здзівілася Мар'яна.

-- Не хадзіла, а сёння пайду. У яго наш татка. Папросім, каб адпусціў. Папросіце?

-- Я папрашу, -- адразу ж пагадзілася Мар'яна.

А Петрык прамаўчаў. Не па душы яму мацерына задума. Да каго з паклонам ісці? Да злейшага ворага? У воўчае логава не з паклонам, а са зброяй ходзяць.

-- Петрык, чаму ты маўчыш? -- занепакоілася Зося.

Петрык дакрануўся да падрапанай шчакі і паморшчыўся.

-- Я да яго не пайду.

-- Пойдзеш!

-- Не пайду.

Упершыню ён, Петрык, вось так, адкрыта, спрачаўся з маці, упершыню не паслухаўся яе.

-- Петрык, пойдзеш!

-- Не!

-- Дзеля бацькі пойдзеш, сынок...

Петрык заўважыў, як задрыжаў у маці падбародак.

-- Мама, я пайду, -- прагаварыў ён.

 

Падслуханая размова

 

Яніна нездарма адразу паслухалася Петрыка і пабегла дамоў. Не страх яе гнаў. Да страху яна ўжо прывыкла, нават зжылася з ім, як, бывае, не бачачы ў жыцці прасвету, зжываешся з бядою.

"Няўжо дзядзька Паўлюк у нас? Як жа праведаць, дзе яго трымаюць, як дапамагчы яму?" -- думала яна.

О, як хацелася ёй не толькі дапамагчы Петрыку і Мар'яне, вызваліўшы іхняга бацьку, але і зрабіць наперакор свайму, нарэшце адпомсціўшы за смерць маці!

Часта, прачнуўшыся сярод ночы, яна ляжала на шырокім няўтульным ложку і паўтарала адно і тое ж: "Мамачка, міленькая, прыйдзі, хоць глянь на мяне!.."

Мама ні разу не прыйшла, не з'явілася. Але мамін голас часам даносіўся да Яніны: "Дачушка, крывіначка мая, ён вінаваты ў маёй смерці, ён!.." Да самага світання стукала ў скронях, нібы кувалдай: "Ён!.. Ён!.. Ён!.."

Бацька стаяў на шырокім каменным ганку.

-- Яніна, дзе ты так доўга бавілася? -- запытаў, скрывіўшы ва ўсмешцы вусны.

"Не сварыцца, не злуецца. Выходзіць, не ведае, дзе была. Яшчэ не прыскакаў Адам, не данёс яму", -- здагадалася Яніна. Яна даўно навучылася хітраваць, ці не з таго самага дня, як з мамай першы раз схавалася ў зямлянцы. Сваім маленькім сэрцайкам яна адчула: у гэтым доме няма як казаць праўду, бо праўда бокам вылезе.

І цяпер яна схлусіла:

-- На рэчку бегала.

Бацька падазрона зірнуў на яе.

-- Адна там была?

-- Адна. А потым, калі вярталася дамоў...

У парку пачуўся стукат капыт, і неўзабаве паказаўся Адам. Саскочыўшы з каня, ён прывязаў яго да дрэва і падбег да Вацлава Станішэўскага.

-- Ну? -- хіснуўся бацька, перавёўшы позірк на гайдука.

-- Я ў адно месцейка зазірнуў, а паненка апярэдзіла мяне, ужо тут, -- апраўдваючыся, пачаў Адам.

-- Дзе яна была? -- перапыніў яго бацька.

-- З тымі галадранцамі, са здраднікамі забаўлялася.

Бацькаў чырвоны твар, здалося Яніне, яшчэ болей пачырванеў.

-- Падманула?

-- Я ж хацела сказаць, што сустрэла Петрыка і Мар'яну, калі дамоў вярталася. Крыху пастаяла з імі. Ну і што? -- не паказала свайго страху Яніна.

У Вацлава Станішэўскага бровы папаўзлі ўгору. Паказвае характар дачка. На вачах мяняецца. Не, не ў нябожчыцу маці ўдалася яна. Мо так і лепей. Не прападзе ў гэткі смутны, як сёння, час. Хлопчыкам, а не дзяўчынкай трэба было ёй нарадзіцца.

Вацлаў Станішэўскі зноў хіснуўся.

-- Марш у дом і носа не высоўвай!

Узрадаваўшыся, што міма прайшла навальніца, Яніна шмыгнула ў дзверы. Але не пабегла ў свой пакой, а схавалася за камодам, які з самай мамінай смерці чамусьці стаяў у калідоры за дзвярыма.

-- Пан Вацлаў, я ледзь і малодшага са свету не звёў, -- пачула яна, як пахваліўся Адам.

-- Якога малодшага? -- не дайшло да бацькі.

-- Краўцовых... Петрыка...

-- Ну, ну, раскажы падрабязней, -- падахвоціў бацька гайдука.

-- Пасмяяўся з яго, падбухторыў, каб на вершаліну бярозы залез. І далез-такі, сабачая косць! А вершаліна як трэсне!.. Ён і паляцеў уніз...

-- І не забіўся?

-- Дзе там! За галіну ўхапіўся.

-- Шкада, шкада, -- уздыхнуўшы, два разы паўтарыў бацька.

"Бацька шкадуе, што Петрык не забіўся. Ён і маму не шкадаваў, калі памерла. Знарок да смерці давёў. Перашкаджала яму мама. Як бяльмо на вачах, была. Не раз жа яна прасіла, каб адумаўся, не піў, каб з Краўцамі перастаў ваяваць, -- з горкасцю думала Яніна. -- Мама!.. Мамачка!.. Чаму ж ты не ўцякла адгэтуль? Навошта цярпела, сэрца сваё ад'ядаючы? Разам уцяклі б, у лесе пасяліліся. Там ён нас не знайшоў бы. Дзед Міхал нам у лесе зямлянку выкапаў бы... Знарок, знарок!.. Як і дзядзьку Паўлюка... Дзядзька Паўлюк, відаць, ужо нежывы. Нездарма Адам сказаў: "І малодшага...". Што ж скажу Петрыку? Што скажу Мар'яне? Ці захочуць яны сустракацца са мною, калі пра ўсё праведаюць? Адна-адзінюткая на гэтым белым свеце застануся".

-- Глянь, дзе Яніна! -- данёсся, перапыніў думкі бацькаў голас.

-- Пан Вацлаў, пабегла яна.

-- Глянь! Каму кажу? -- Яніна пачула, як бацька тупнуў нагою па ганку.

"Баіцца ён мяне", -- з нейкай асаблівай радасцю падумала дзяўчынка.

На калідор  лёг доўгі няўклюдны цень, падобны да калматага д'ябла, пра якога ёй, Яніне, некалі расказвала мама.

-- Ну? -- запытаў бацька.

-- Няма яе. Пабегла, -- адказаў Адам.

-- Сюды ідзі.

Цень калыхнуўся і выпаўз з калідора.

-- Пан Вацлаў, што будзем рабіць?

-- Галава трашчыць... Хоць адарві яе ды сабакам выкінь, -- паскардзіўся бацька.

-- А вы пахмяліцеся. Палягчае, -- параіў Адам.

-- Не вучы! І табе на дно сажалкі захацелася? Глядзі ў мяне! Там усім месца хопіць.

Яніна прыўстала. Няма сумнення. Яны ўтапілі дзеда Міхала. Яны... Мо і сам бацька ў сажалку яго штурхнуў. Лепей не слухала б, не чула...

-- Пан Вацлаў, -- заенчыў Адам, -- даруйце мне! Не падумаўшы, ляпнуў. Я ў ручку вам плюсну, у ручку... Дазвольце...

-- Ну, годзе, годзе цалаваць. Чамусьці неспакойна ў мяне на душы, кошкі скрабуць.

-- Пройдзе, пан Вацлаў. Так і ў мяне заўжды бывае, калі справу да канца не давяду. А як давяду, анічога тады не адчуваю. Пусцютка на душы.

-- Збегай, глянь, ці не ачнуўся ён.

-- Даб'ём, калі ачнуўся?

-- Не на адкорм жа мы яго прывезлі.

-- Пан Вацлаў, лячу...

Яніне нібы кулаком стукнулі па галаве. Выйсці і выказаць бацьку ўсю праўду ў вочы? А калі ён і яе, як дзеда Міхала, у сажалку кіне? Не, не асмеліцца крануць, не паднімецца яго рука... У Варшаву завязе, там, як пад замок, схавае. Не раз папярэджваў... У Варшаву... Чужыя там усе... Мамкіна магілка тут застанецца, бур'яном зарасце. Ніхто да мамкінай магілкі не падыдзе. Хіба што ўвесну салоўка прыляціць, заспявае...

На двары пачуліся цяжкія крокі, а потым данёсся ўсхваляваны голас Адама:

-- Пан Вацлаў, Краўцы сюды ідуць: Зося з сынам і дачкой. Я іх сабакамі нацкую...

-- Не. Да мяне ў кабінет правядзеш. Зразумеў?

-- Зраблю, як загадаеце.

Зноў калматы цень вырас у калідоры. Ужо не Адамаў, а бацькаў. І зноў Яніна, сагнуўшыся, прытулілася да самай падлогі.

 

У Вацлава Станішэўскага

 

У глыбіні дома сціхлі цяжкія бацькавы крокі. Яніна вылезла з-за куфра. "Датуль не сыду з месца, пакуль не дачакаюся Петрыка, Мар'яну і цётку Зосю. Нездарма яны прыйшлі. Здагадваюцца, дзе дзядзька Паўлюк. Жывы ён, жывы... Можна яго выратаваць. Шапну Петрыку на вуха, што тут ён. Няхай перадасць цётцы Зосі", -- думала Яніна.

-- Пан Вацлаў дома? -- пачуўся голас цёткі Зосі.

-- Дома, дома! -- прагаварыў, як праспяваў, Адам.

-- Мы да яго.

-- Бачу, што да яго.

-- Правядзі нас.

-- А якая патрэба прывяла вас да яго?

-- Яму скажам.

-- Мне не скажаце? Гы-гы-гы...

"Нядаўна ты, як сабака, лізаў бацьку руку, а цяпер здзекуешся з цёткі Зосі. Ведаеш, што не ўзлуецца гаспадар", -- падумала пра Адама Яніна.

-- Не скажаце!.. Гы-гы-гы... Прашу пані, паненку і пана, -- са здзекам прамовіў Адам і ўвайшоў у калідор. Убачыўшы Яніну, ён, як было відаць, разгубіўся: -- І паненка Яніна тут?

-- На сажалку іду, -- сказала Яніна. А сама з Петрыка вачэй не спускае, яго позірк ловіць. Петрык жа адварочваецца...

Які ж ён дурненькі! Няўжо не разумее, што яна заадно з ім? Як жа паведаміць яму пра дзядзьку Паўлюка, каб Адам не пачуў?

Мабыць, не ўдасца, не захоча Петрык яе слухаць. Мо Мар'яне шапнуць? Але ж і Мар'яна цяпер як не тая, насупілася.

Запякло ў грудзях у Яніны. А цётка Зося, Петрык і Мар'яна міма прайшлі. І Адам за імі падаўся, хіхікаючы ў кулак.

Яніна стаяла, кусаючы губы. Што ж рабіць? Пабегчы за імі, уварвацца да бацькі ў кабінет і заявіць, што ён схапіў дзядзьку Паўлюка? Але ці не наробіць яна гэтым яшчэ большай бяды? Невядома, ці выпусціць бацька Краўцоў жывымі. Ён ужо пераступіў  мяжу...

Яніна выйшла на двор і накіравалася на балота, якое было адразу ж за паркам. "На балоце дачакаюся Петрыка. Абавязкова з ім перагавару. Калі на тое пойдзе, то дапамагу яму вызваліць дзядзьку Паўлюка", -- вырашыла яна.

А ў гэты час у кабінеце за вялікім масіўным сталом сядзеў Вацлаў Станішэўскі. Непадалёку ад яго прымасціўся на краёчак крэсла Адам. У парозе, як жабракі, стаялі Зося, Мар'яна і Петрык. Петрыку ўсё тут было нязвыкла: і тоўстыя квяцістыя дываны на падлозе і на сценах, і шырокія скураныя крэслы, і шаблі з бліскучымі камянямі на рукаяцях, паразвешаныя на сценах, і бліскучы адпаліраваны стол з тоўстымі вытачанымі ножкамі.

"Чаго ж табе яшчэ не хапае? Чаму ты, як зараза, прычапіўся да нас?" -- думаў ён пра Вацлава Станішэўскага.

А Вацлаў Станішэўскі не спяшаўся распачынаць гаворку. Ён адчуваў сябе ўсемагутным валадаром. Яму здавалася, што сядзіць на вяршыні толькі ім пакоранай гары. І яму вельмі хацелася, каб бясконца доўжылася гэтае шчасце.

"Не ведаеш ты, што твая каханая жоначка перада мною стаіць. Калі б ведаў, то валасы на сабе рваў бы," -- падумаў ён пра Паўлюка, прыкутага да сцяны, і новая хваля слодычы разлілася па ўсім яго целе.

-- Пан Вацлаў!.. -- ахрыплым голасам прагаварыла Зося.

Вацлаў Станішэўскі на хвілінку залюбаваўся ёю. Яна і ў горы была надзвычай прыгожая: стан тонкі, як у дзяўчыны, лоб адкрыты, высокі, бровы выгінастыя, быццам знарок наведзеныя, губы пульхныя...

-- Пан Вацлаў!..

-- Гы-гы-гы... -- загыгыкаў Адам, нібыта яго знячэўку заказыталі.

Незадаволены, Вацлаў Станішэўскі павёў брывамі. Адам імгненна затуліў рот далонню і ўставіўся ў падлогу.

Весела было сёння Адаму. Смех так і рваўся з яго грудзей. Калі б хто-небудзь запытаў у яго: "Чаму ты так развесяліўся, Адам?", ён не змог бы адказаць. Не часта, але находзіла на яго падобная весялосць, прарываючыся неўтаймаваным рогатам. Гэтак жа, як і сёння, ён весяліўся, калі яны, гайдукі, па загаду Вацлава Станішэўскага ўтапілі дзеда Харытона, а потым і старога Міхала.

Харытон, калі на яго наваліліся і заламалі рукі, нават голасу не падаў. Мабыць, баяўся, што Петрык Крывец на крык прыбяжыць. Дзесьці побач круціўся падшыванец. Зразумела, і яго не пашкадавалі б, разам з Харытонам кінулі б у азярыну, калі б раптам з'явіўся. Хто ж пасля сябе сведак стане пакідаць.

А Міхал прасіўся, казаў: "Прападзе без мяне пані Хрысціна. Маленькай на руках я яе насіў. Пан Вацлаў!.." Вацлаў Станішэўскі збоку стаяў. Паморшчыўся ён і махнуў рукою. Яны, гайдукі, узялі Міхала за ногі, перавярнулі, як мяшок, і апусцілі галавою ў ваду. Булькаў Міхал, бурбалкі пускаючы. Хіба гэта не смешна? А хіба не смешна было, калі расказваў стрэчнаму-папярэчнаму, што Міхал сам у сажалку ўваліўся, адступіўшыся? Расказваеш -- а на цябе глядзяць, дранцвеючы.

Не стрываўшы, Адам пырснуў у кулак.

Вацлаў Станішэўскі скрыва зірнуў на Адама. "Яму цяпер хоць галаву адсячы. Усё роўна будзе рагатаць", -- прабегла ў галаве ў Вацлава Станішэўскага.

-- Пан Вацлаў! -- трэці раз паўтарыла Зося. Агнём пякло ўсё яе цела. Ёй здавалася, што не ў багата прыбраным кабінеце, а на кастры яна стаіць.

Вацлаў Станішэўскі перавёў позірк на Петрыка.

-- Хлопец, хто цябе так размаляваў?

-- Гы-гы... -- вырвалася ў Адама.

Петрыка так і падмывала кінуцца наперад, выхапіць з похваў адну з тых шабляў, якія вісяць на сцяне, і...

-- Пан Вацлаў, ён з бярозы зваліўся, пакалечыўся, -- таропка прагаварыла Зося. Яна баялася, што сын зараз скажа штосьці рэзкае, і тады гэты пыхлівы п'яны пан пакажа ім ад варот паварот, не выслухаўшы.

Вацлаў Станішэўскі гучна ікнуў і зноў уставіўся на Зосю.

-- Пан Вацлаў, нашага... Паўлюка нам аддайце.

Вацлаў Станішэўскі не чакаў, што прама ў вочы вось так заявіць яму Зося. Ён скрывіўся, падумаўшы пра сябе: "Няўжо хтосьці выдаў мяне, сказаў ёй, дзе Паўлюк? Але ж Адам кляўся, што па дарозе, калі везлі непрытомнага Паўлюка, нікога не сустрэў. Дакладна не ведае, здагадваецца".

Вацлаў Станішэўскі расставіў рукі, і яго тоўсты жывот закалаціўся ад смеху.

-- На... Бяры яго, забірай...

-- Гы-гы-гы... -- падхапіў Адам.

Тоненька, як мышка, піскнула Мар'яна. "Задушаць яны нас, не выпусцяць адгэтуль", -- са страхам падумала яна.

Зося хацела падштурхнуць Мар'яну наперад. А дачка стаіць, уперлася, не даецца.

-- Пан Вацлаў, не мяне -- дзетак маіх пашкадуй. Аддайце Паўлюка!

-- Дурань твой Паўлюк! -- плямкнуў губамі Вацлаў Станішэўскі. -- Думае, што вечна Вялікаму Княству Літоўскаму быць. Не, згіне яно. А мы з памяці сатрэм, па ветры попелам развеем... Новы лад усталюем мы тут... Мы!..

-- Дзеткі, прасіце яго, каб татку адпусціў! -- не слухаючы, усклікнула Зося.

У кабінеце стала ціха-ціха, як на двары перад навальніцай.

-- Адпусціце татку! -- прарэзаў цішыню тоненькі галасок Мар'яны.

Вацлаў Станішэўскі падвярнуў пад лоб вочы.

-- Татку?

-- Татку, -- зніякавела Мар'яна.

-- Не бядуй. Знойдзем мы табе татку. -- Вацлаў Станішэўскі тыцнуў тоўстым пальцам, паказаўшы на гайдука Адама. -- Ён будзе тваім таткам. Ха-ха-ха...

Адам падскочыў і ляпнуў рукамі па баках, як гусь крыламі.

-- Гы-гы-гы...

-- Як вам не брыдка? Перад дзецьмі... Вы ж шляхціц!.. -- раздзельна вымаўляючы кожнае слова, прамовіла Зося і, штурхаючы перад сабою Петрыка і Мар'яну, выбегла з гэтага страшнага кабінета.

 

У вязніцы

 

"У іх бацька, у іх!" -- думаў Петрык, ідучы па парку. Ён добра запомніў, як у Вацлава Станішэўскага скрывіўся твар, калі маці сказала: "Паўлюка нам аддайце".

-- Мама, я ж табе казаў, што не трэба яго прасіць! -- вырвалася ў Петрыка.

-- Разумны! Ты ў нас самы разумны, -- выгаварыла маці.

Калі яны выйшлі на балота, парослае лазняком, з-за куста выскачыла Яніна.

-- Петрык! -- гукнула яна.

Петрык спыніўся. "Чакала нас тут Яніна, схаваўшыся. Мабыць, штосьці праведала пра бацьку", -- падумалася.

-- Мама, вы ідзіце, а я з Янінай пагавару. Мо што-небудзь пра татку яна ведае, -- прамовіў Петрык.

-- Ідзі, -- дазволіла маці. -- Толькі доўга не затрымлівайся. Дома параімся, што нам рабіць. Добра?

-- Добра, -- кіўнуў галавою Петрык і, шырока ступаючы, накіраваўся да Яніны.

-- Прыняў ён вас? -- падбегшы, пацікавілася Яніна.

-- Пасмяяўся з нас. Маму абразіў, -- нявесела сказаў Петрык.

Яніна прыўстала на дыбачкі і прашаптала Петрыку ў самае вуха:

-- У нас твайго бацьку трымаюць.

-- Дзе? -- запытаў Петрык.

-- Не ведаю, -- паціснула плечукамі Яніна.

-- А ты падумай, Янінка, падумай -- і здагадаешся! Калі ласка! -- папрасіў Петрык, як яшчэ нікога ў жыцці не прасіў.

Яніна задумалася. Дзе ж могуць трымаць дзядзьку Паўлюка? У доме? Мабыць, не. Не ўсім людзям у доме бацька давярае. А калі!.. Вось галава! Як раней не здагадалася!?

-- Петрык, твой бацька ў вязніцы, няйначай!

-- Дзе яна?

-- Адразу ж за домам.

-- Пабеглі туды.

Каля дома Петрык і Мар'яна спыніліся, затаіўшыся за кустамі: на ганку яны ўбачылі Вацлава Станішэўскага, Адама і маленькага чалавечка ў шэрай сутане.

У Вацлава Станішэўскага вочы былі мутныя-мутныя, як вада ў калодзежы пасля навальнічнага дажджу. Каб не ўпасці, ён трымаўся за ручку дзвярэй.

-- І ваш манах тут, -- заўважыў Петрык.

-- Прачнуўся, -- шэптам сказала Яніна. -- Днём ён звычайна спіць, а як звечарэе, прачынаецца і ходзіць, прынюхваецца...

-- Святы айцец, благаславі нас на забойства! -- прамовіў Вацлаў Станішэўскі.

У Петрыка мурашкі прабеглі па спіне. Вось чаму так рана сёння прачнуўся маленькі чалавечак у шэрай сутане! Бацьку вырашылі яны забіць. Перад забойствам, напэўна, крыж пацалуюць, як і раней цалавалі. І як у іх губы не папухлі!

-- Айцец, благаславі...

-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў Адам. І ён, як заўважыў Петрык, быў вельмі п'яны, але яшчэ трымаўся на нагах.

-- Не на забойства я вас благаслаўляю! -- саладжавым галаском прагаварыў маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- А на што? -- набычыўся Вацлаў Станішэўскі.

-- Не на забойства, а на пакаранне грэшніка, здрадніка нашай дзяржавы.

Вацлаў Станішэўскі хіснуўся ўбок, ледзь не паваліўшыся.

-- Пакараем здрадніка!

-- Пабеглі! -- звярнуўся Петрык да Яніны.

Дзверы ў вязніцу -- прыземістую гарбатую цагляную будыніну, пабеленую на жоўта, былі адчыненыя.

Спусціўшыся ўніз па гладкіх каменных прыступках, Петрык і Яніна ўбачылі яшчэ адны дзверы, акутыя жалезам, на якіх вісеў вялікі замок.

Петрык што ёсць сілы грукнуў кулаком у гэтыя дзверы.

-- Татка-а!..

-- Петрык? -- здзіўлена ўсклікнуў бацька. Яму, вядома ж, не паверылася, што зусім побач яго сын.

-- Зараз я з табою!.. Я!.. -- пачуўся на двары п'яны голас Адама.

-- Петрык, што будзем рабіць? -- разгубілася Яніна.

Упёршыся абедзвюма рукамі, Петрык скрануў з месца цяжкую бочку (яна стаяла каля самай сцяны), крыху адсунуў яе і скамандаваў Яніне:

-- Хаваймася.

Адам паволі спускаўся па прыступках, а Петрык з Янінай, затаіўшы дыханне, сядзелі за бочкай.

Петрык ведаў, што будзе рабіць. Калі Адам адчыніць дзверы і ўвойдзе ў вязніцу, ён рыссю скочыць гайдуку на плечы. Бацька, канешне, дапаможа. Удвух яны хутка справяцца з Адамам. А потым, як гаворыцца, шукай ветру ў полі.

Спусціўшыся ўніз, Адам зняў з пояса важкую звязку ключоў і, рагатнуўшы, адамкнуў замок.

-- Ада-ам! -- бы з-за глухой сцяны, данёсся голас Вацлава Станішэўскага.

Гайдук наставіў вуха, прыслухоўваючыся.

-- Ён кліча... Ці мне здалося?

-- Ада-ам!..

-- Не здалося. Кліча, зараза! -- вылаяўся Адам і, забыўшыся замкнуць дзверы, палез, сапучы, на верх.

Не марудзячы, Петрык вылез з-за бочкі і адчыніў дзверы.

Бацька стаяў у вязніцы, прыкуты ланцугом да сцяны.

Петрык адно не заплакаў.

-- Татка, як мне цябе вызваліць?

-- Вунь... Бачыш?.. -- бацька кіўнуў галавою, паказаўшы на лаўку, якая цягнулася ўздоўж сцяны.

На лаўцы ляжаў ключ. Петрык схапіў яго і аддаў бацьку. Узяўшы ключ, бацька адамкнуў замок на ланцугу. Ланцуг са звонам упаў на падлогу.

-- Сынок, хто цябе так размаляваў? -- запытаў бацька.

-- Потым... Потым раскажу... Уцякайма! -- таропка прагаварыў Петрык. Яму здавалася, што вось-вось тут з'явяцца Адам і Вацлаў Станішэўскі.

-- Яніна, а ты чаго тут? -- зноў запытаў бацька.

-- Яна падказала мне, дзе ты, -- паведаміў Петрык.

Калі яны выбраліся з вязніцы, бацька нагнуўся, пацалаваў Яніну ў шчаку і сказаў:

-- Дзякую табе, дачушка.

 

Знак божага прымірэння

 

Нарэшце сабралася ў хаце ўся сям'я: і маці, і бацька, і Петрык, і Мар'яна.

Мар'яна ажывілася, як птушачка каля свайго гняздзечка. Не злазіць з бацькавых каленяў. Праўда, часам уздрыгне, азірнецца. Няцяжка здагадацца: тых вылюдкаў баіцца.

А яны паздзекаваліся з бацькі. Твар у яго сіні, распухлы. Калі ішлі дамоў, выбраўшыся з вязніцы, Петрык пацікавіўся ў яго:

-- Татка, яны цябе моцна білі?

-- Ат! -- махнуў рукою бацька.

 Мужчына ён. Дык хіба будзе плакацца? Мужчыне мужнасць трэба мець, з годнасцю трымацца.

-- Эх, Петрык! Родны край чужынцам яны прадаюць. Цяжка глядзець на гэта, -- кажа бацька, казычучы вусамі Мар'яніну шчаку. -- Дбайма ж аб родным краі, пільнуймася ж сваіх павіннасцей перад ім", -- вось чаму вучылі мудрыя прашчуры. Ды не ўсім пайшла іхняя навука ў галаву.

-- Якіх павіннасцей? -- цікавіцца Петрык.

-- Першая і самая галоўная павіннасць -- каб усе ў сям'і маліліся і гаварылі па-беларуску, каб захоўвалі беларускія звычаі, -- адказвае бацька.

Задумаўся Петрык. Чаму ж Вацлаў Станішэўскі ненавідзіць мову продкаў, чаму свой край прадае? Як і бацька, на гэтай зямлі ён узгадаваўся, а горшы за чужынца. З мовы сваёй смяецца, не моліцца на ёй... Напэўна, тады, калі перастаў маліцца па-свойму, і спакусіў яго д'ябал. Д'яблу служыць ён, як і гайдук Адам.

А маленькі чалавечак у шэрай сутане, які пасяліўся ў доме Станішэўскіх, -- самы сапраўдны д'ябал. Нездарма сее смуту, сям'ю разбіў.

"Божа, пазбаў Яніну ад спакусы д'ябла, пазбаў ад яго страшных чараў", -- бязгучна шэпча Петрык.

-- Не ўсе Станішэўскія аднолькавыя, -- падае голас маці. -- Вось Яніну ўзяць. Добрая ў яе душа, і сэрца залатое.

-- Янінка вельмі добрая, -- падтакнула Мар'яна, узрадаваная, што пахвалілі яе сяброўку.

На лоб бацькі лягла глыбокая маршчына.

-- Яніна, можна сказаць, супроць свайго бацькі пайшла. А чаму, запытацца?

-- Бо любіць яна ўсіх нас, -- не стрывала Мар'яна.

-- У маці-нябожчыцу яна ўдалася. Гаротніцай пражыла на свеце Хрысціна, -- маці андараком змахвае з вачэй слязінкі.

-- Татка, як жа нам свой край абараніць, як выратаваць яго? -- не сцярпеў Петрык.

Зноў глыбокая маршчына прарэзала бацькаў лоб.

-- Абаронім, сынок.

-- Думаеш?

-- Роспачы, адчаю не паддавайся. І не такія цяжкія часіны ў нас былі.

Так, не след паддавацца роспачы. Дзе роспач, там і страх. А ад страху сілы слабеюць. Слабага ж ворагі не баяцца, вараннём налятаюць на яго.

-- Паўлюк, -- звярнулася да бацькі маці, -- што ты думаеш далей рабіць?

Бацька правёў рабром далоні па збітым твары, быццам нябачную павуціну з яго знімаючы.

-- Не дарую ім.

-- Будзеш помсціць?

-- Буду!

-- А пра нас ты падумаў?

Маўчыць бацька. З нецярпеннем чакае адказу Мар'яна. З трывогай пазірае на яго маці. Чакае адказу і Петрык.

Павінен адпомсціць бацька. Трэба, што называецца, і яму свае зубы паказаць. Няхай Вацлаў Станішэўскі не думае, што ўсе яго баяцца. Падцісне хвост, калі даць адпор. Пара абсячы яму рукі. Вельмі ж доўгія сталі яны ў яго.

-- Лепей у суд падаў бы, -- нясмела заўважыла маці.

-- Суд... Суд... Што дасць твой суд? -- агрызнуўся бацька. -- Ужо падаваў. Дый сведак у мяне няма. Зноў ён пасмяецца...

-- Дык што ж з намі будзе?

-- У вёску вас завязу, да Сямёна. Ён некалі прытуліў мяне. І вас прытуліць.

-- Яны і там знойдуць, дастануць.

-- Вырву джала ў змяі! -- Бацька ссадзіў з каленяў Мар'яну і, грукнуўшы дзвярыма, выйшаў на двор.

-- Божачка мой! -- усклікнула маці і выбегла за бацькам.

Петрык і Мар'яна, як па камандзе, -- за ёю.

Бацька стаяў на двары. А над лесам, ад рэчкі, дугою працягнулася вясёлка. Бы жывая, яна ззяла, пералівалася рознакаляровымі фарбамі.

Маці асцярожна дакранулася да бацькавага пляча.

-- Паўлюк, вясёлка на небе. То знак божага прымірэння з людзьмі. Пасля патопу Бог стварыў на небе вясёлку. Каб прымірыцца з людзьмі. Ён усё чуе, усё бачыць. Таму і паслаў гэты знак. Паўлюк, не помсціся, не звязвайся з імі. Прашу цябе... Не будзеш?.. Паабяцай мне! Перад вясёлкай! Паўлюк!..

У бацькі здрыгануліся вусны.

-- Няхай будзе па-твойму. Абяцаю...

-- Мо яшчэ і абыдзецца. Паўлюк! -- ласкава, як толькі яна магла, прагаварыла маці.

"Не, не абыдзецца, дабром гэта не скончыцца. Навошта ты, татка, прысягнуў перад вясёлкай?" -- з горкасцю падумаў Петрык.

 

МЕТКА Д'ЯБЛА І ЧЫРВОНЫЯ СЛЯЗІНКІ СОНЦА

 

Частка трэцяя

 

СВЕДКА

 

Бацька і маці пайшлі ў хату, а Петрык і Мар'яна засталіся на двары. Хочацца ведаць Мар'яне, як Петрык і Яніна вызвалілі з вязніцы бацьку. Пра гэта ж ні бацька, ні Петрык амаль не расказвалі.

-- Братка, -- пачынае Мар'яна, -- мы з мамай да самай хаты падышлі, а цябе ўсё няма і няма. Мама ўжо хацела ісці шукаць цябе.

Петрык адразу здагадаўся, чаму сястрычка распачала гэткую гаворку. Што ж, можна крыху пацешыць яе.

-- Ты думаеш, нам лёгка было вызваліць бацьку? -- сказаў ён.

-- Вы з Янінай за бочку схаваліся, калі Адам у вязніцу ўвайшоў?

-- Не ўвайшоў, а ўваліўся, -- удакладняе Петрык. -- Як дыхнуў перагарам, дык я ледзь з ног не зваліўся.

-- І ты зусім не баяўся?

-- Не-а.

У Мар'яны вочы сталі вялікія-вялікія.

-- І Яніна не баялася?

-- Не-а.

-- А я самлела б ад страху, -- прызналася Мар'яна.

Петрык хітра глядзіць на сястру. Дзіўная яна. Кожнаму слоўцу верыць. І яму, і Яніне страшна было ў вязніцы. П'яны Адам, напэўна, засек бы і яго, і Яніну, калі б за бочкай убачыў. А Вацлаў Станішэўскі, праліўшы слёзы па дачцэ, яшчэ больш стаў бы лютаваць.

Усё-ткі нялёгка з ім ваяваць. Ці не таму бацька адмовіўся яму адпомсціць?

Прыйшло на памяць, як зімою, калі маці вечарам, як звычайна, прала кудзелю, бацька расказваў яму, Петрыку.

-- Сынок, шмат курганаў на нашай зямлі. Шмат нашых людзей там пахавана.

-- Чаму насыпалі такія высокія курганы? -- пацікавіўся Петрык.

-- Каб добра бачныя былі, каб не зараслі, не зруйнаваліся. Каб людзі глядзелі на курганы і пра сваіх продкаў успаміналі.

Успаміналі, не забываліся... Даўнейшыя людзі найперш думалі не пра сябе, а пра тых, хто пазней народзіцца. Хацелі, каб маладзейшыя свой род помнілі.

А яшчэ бацька расказваў, што ў магілы продкаў клалі тыя рэчы, якія служылі чалавеку пры мірным жыцці.

-- Наш люд меў не ваяўнічы, а лагодны характар, -- зазначыў бацька.

І ў бацькі лагодны характар. Мо і з-за гэтага адмовіўся ён помсціць...

А Вацлаў Станішэўскі не мае лагоды ў сэрцы. Ці не таму, што пра звычаі продкаў забыўся, неўзлюбіў іх? Выходзіць, зусім мяняецца чалавек, звычаі продкаў на іншыя памяняўшы.

-- Петрык, Адам пайшоў, а вы?.. -- пра ўсё-пра ўсё хочацца праведаць Мар'яне.

-- Мы бягом у вязніцу. А бацька...

-- Ну! -- нецярпіцца Мар'яне.

-- Бацьку яны да сцяны прыкавалі. Зусім азвярэлі, -- цяжка ўздыхнуў Петрык.

Ён назаўжды запомніць гэты дзень. Няхай і ў яго, як і ў продкаў, лагодны характар, няхай. Але ж колькі можна цярпець здзек над сабою?

-- Мусіць, яшчэ доўга распытвала б Мар'яна ў Петрыка, ды з-за хлява выбегла Яніна.

-- Янінка, ты ад іх уцякла? -- узрадавалася Мар'яна.

-- Уцякла, -- прызналася Яніна як на духу.

-- Яны не здагадаліся, што ты мне дапамагала? -- пацікавіўся Петрык.

-- Не. Бацька ўсю віну на Адама ўзваліў. Ён жа ключ у дзвярах пакінуў.

-- Дарагатаўся! -- заўважыў Петрык, успомніўшы, як канаў ад смеху Адам, калі маці, стоячы ў кабінеце, прасіла Вацлава Станішэўскага, каб бацьку адпусціў.

-- Дарагатаўся, -- кіўнула галавою Яніна. -- Бацька загадаў гайдукам, каб гарачых Адаму ўсыпалі.

-- Няўжо ўсыпалі? -- не паверыла Мар'яна.

-- Яшчэ як усыпалі. Побач наш манах стаяў. Адама б'юць, а ён прыгаворвае: "Так, так...".

Петрык усміхнуўся. Няхай грызуцца пацукі. Адам спадзяваўся, што нацешыцца, бацьку катуючы. А выйшла так, што самога схвасталі, як лянівага вала на полі. Ёсць яшчэ праўда на свеце.

-- Янінка, татка і на Адама, і на твайго бацьку ў суд падаў бы, але сведак у яго няма, -- сказала Мар'яна.

Яніна пераступіла з нагі на нагу.

-- Няхай падае. Я пайду за сведку. Мне павераць.

-- Не, Янінка, не трэба.

Ні Яніна, ні Мар'яна, ні Петрык, захапіўшыся размовай, не заўважылі, як з хаты выйшаў бацька.

-- Янінка, не трэба! -- паўтарыў ён.

-- Дзядзька Паўлюк, павераць мне! -- усклікнула Яніна. Твар у яе пабялеў, вусны задрыжалі.

-- Янінка, не хачу, каб ты на судзе выступала.

-- Дзядзька Паўлюк, чаму?

-- Яшчэ малая ты. Шмат чаго не разумееш. Вельмі шмат.

-- Дзядзька Паўлюк, што ж мне рабіць?

-- Жывіце, гуляйце, сонейку радуйцеся. Сонейка шчодрае. Яно ўсім ласку дае, не шкадуе, -- прамовіў бацька.

На гэты раз Петрык пагадзіўся з ім.

 

Свята

 

Крыху пабыўшы на падворку, Яніна, як звычайна, пабегла дамоў. Паўлюк адправіўся на балота, каб траву скасіць. А Зося дастала з куфра святочнае адзенне і пачала развешваць яго на вяроўцы, каб праветрыць.

Вядома ж, Мар'яна тут як тут. Круціцца каля маці. Усё ёй трэба ведаць. Узялася за гузік, прышыты да бацькавай кашулі.

-- Мама, у таткавай кашулі гузік зараз адарвецца. Давай я яго прышыю.

Рада Зося, што старанная памочніца расце ў яе, ды хітра зірнула на дачку і запытала:

-- А як жа прышываць будзеш? Крыжыкам, ромбам ці гусінай лапкай?

Прыгледзелася Мар'яна. Бачыць, што гузік да бацькавай кашулі крыжыкам прышыты.

-- Тут крыжыкам. Чаму так?

-- Усім мужчынам крыжыкам гузікі прышываюць. Крыж -- знак агню, -- тлумачыць маці.

-- Ну і што? -- не разумее Мар'яна.

-- Бо ў мужчын характар як агонь. І моцныя яны, як агонь. Абаронцы нашы.

Прысеўшы на прызбе, Петрык слухае маці. Цікава яна расказвае. Выходзіць, агонь -- знак сілы. І праўда, вялікую сілу мае агонь. Зімою ў печцы гарыць, цяплом хату сагравае, ад холаду абараняе. На агонь, калі вечарам распаліць цяпельца ў полі ці на балоце, і розныя жучкі злятаюцца, і людзі збіраюцца. Прыцягвае агонь да сябе. Ды страшны ён, калі разбушуецца, неўтаймаваны, як неўтаймаваная мужчынская сіла. Магутныя сосны ў лесе свечкамі гараць, рассыпаючы навокал іскры...

Не, няхай заўжды толькі добрым, толькі абаронцам будзе агонь. Няхай людзі, сеўшы каля агню, казкі і розныя дзівосныя гісторыі адзін аднаму расказваюць, няхай песні спяваюць, як зімою спявала маці, ткучы ручнікі.

Ганна Паўлаўна ручнікі ткала,

                                              Ох і вой, люлі, ручнікі ткала...

                                              Залаты крыжы па краях клала,

                                              Шэры лебедзі -- пасярэдзіне:

                                              Залаты крыжы -- растыкайцеся,

                                              Белы лебедзі -- разлятайцеся!

Роўна гарэў у печцы агонь, радасна гучаў голас маці... Цяпер зразумела, чаму яна спявала пра крыжы, чаму ткала іх на ручніку.

-- Мама, а мой гузік прышыты гусінай лапкай, -- ніяк не супакоіцца Мар'яна.

-- Дзіцяці прышываюць гузік парасткам, гусінай лапкай, бо дзіця ахоўвае яго чароўная роставая сіла.

Сядзіць Петрык, разважае. Упершыню ён пачуў, што ёсць чароўная роставая сіла. Як відаць, і яму з Янінай роставая сіла дапамагла, калі бацьку з вязніцы вызвалялі. А дарослыя не маюць такой незвычайнай сілы. Мабыць, таму, што ўзмужнелі і самі за сябе могуць пастаяць. Праз колькі летаў і ён, Петрык, узмужнее, стане дарослым. Не будзе ў яго чароўнай роставай сілы. Бацька і маці пастарэць, маршчынамі пакрыюцца іхнія твары. Аж не верыцца... Мама, маладая, прыгожая, стане бабуляй, прыгнуць яе гады, валасы пасівеюць...

Чаму ж так наканавана? Няхай яны заўжды былі б маладымі, няхай радаваліся б, жывучы...

Чаму не ўсе радуюцца жыццю? Вацлаў Станішэўскі, як і бацька, яшчэ не стары, ды не ўмее радавацца. Нейкі чарвяк яго точыць, радасці не дае...

Як цяжка разабрацца ў гэтым жыцці! Як няпроста зразумець яго! А трэба разабрацца, бо, чаго добрага, станеш такім жа, як Вацлаў Станішэўскі. Таксама не будзеш мець радасці. Вацлаў Станішэўскі сам мучыцца і іншым жыць не дае. Супраць свайго краю паўстаў... Не, не адабраць, не знішчыць яму тое, чым людзі спрадвеку жылі. І гэтыя крыжыкі, і гэтую гусіную лапку назаўсёды запомняць людзі.

-- Мама, хіба я малая? Хіба зусім дзіця? -- пакрыўдзілася Мар'яна.

-- Ты ў мяне ўжо вялікая, дачушка! -- смяецца маці. -- Разумніца ты. Ды не спяшайся расці. Усё само сабою ў свой час прыйдзе да цябе. І на новую кашульку, як і я, ромбам -- знакам вады -- прышыеш гузік сабе.

-- Некалі прышыю, -- уздыхае Мар'яна.

А маці далей тлумачыць:

-- Дачушка, нездарма нашы ўборы вышываныя. Розныя вышываныя знакі рознае абазначаюць: і засеянае поле, і дрэва, і дарогу з мостам, і дождж-навальніцу, і вясёлку, і воды-змеі, і звярыныя лапы на швах-дарогах...

Дзівіцца Петрык. Як жа запомніла ўсё гэта маці?! Вышываючы адзенне і ручнікі, мабыць, пра свой лёс думала, і пра дарогу, якая да лесу вядзе... Думала, уяўляла, імкнулася вышыць прыгажэй.

-- Мама, можна цябе папрасіць? -- нясмела запытала Мар'яна.

-- Прасі, дачушка.

-- Паабяцай, што зробіш, як папрашу.

-- Ну, абяцаю.

-- Дазволь мне сёння святочнае адзець.

Не чакала Зося, што дачка папросіць адзець святочнае адзенне. Будні дзень, а яна вунь чаго захацела!

-- Дачушка, свята дачакайся.

-- Мар'янка, невядома што ўзбрыло табе ў галаву, -- паўшчуваў Петрык.

А Мар'яна нават вухам не павяла.

-- Мамка, ты паабяцала мне.

-- Паабяцала, але ж...

-- Мамка, сёння ў нас вялікае свята. Наш татка вярнуўся. Мамка, дазволь.

Што заставалася рабіць Зосі? Мусіла пагадзіцца яна.

-- Адзявай, дачушка.

Мар'яна сцягнула з вяроўчыны кашульку, спадніцу, фартушок і бягом у хату.

-- Мама, навошта ты ёй дазволіла? -- звярнуўся да маці Петрык.

-- Сынок, паабяцала я, -- сказала маці, як апраўдваючыся.

Петрык незадаволена пакруціў галавою. Усё-ткі кепска робіць маці. Патурае Мар'яне, вялікую волю ёй дае. Шкада, што бацькі дома няма. Ён не дазволіў бы Мар'яне адзець святочнае.

-- Мамка! -- выскачыўшы з хаты, усклікнула Мар'яна.

У святочным адзенні яна як не тая стала: яшчэ больш папрыгажэла, ад шчасця аж свеціцца.

Гараць шчокі ў Мар'яны, гарыць на сонцы вышыванае святочнае адзенне.

-- Мама, я прыгожая?

-- Самая прыгожая, дачушка!

-- А гэта яшчэ што? -- выйшаў з-за рога хаты бацька. У руках касу трымае.

-- Прыбралася! -- кіўнуў галавою Петрык, паказаўшы на сястру.

-- Ну і ну! -- прамовіў бацька.

-- Татка, свята ў нас, -- усміхнулася Мар'яна.

-- Якое свята?

-- Ты дамоў вярнуўся.

Бацька паклаў убок касу, прысеў і паклікаў Мар'яну:

-- Бяжы да мяне, дачушка.

Мар'яна падбегла да бацькі і абхапіла яго рукамі за шыю, а затым, азірнуўшыся, паказала Петрыку язык.

 

Сутычка

 

Не падтрымаў бацька яго, Петрыка: не насварыўся на Мар'яну, нават не паўшчуваў. Мала таго, паабяцаў, што на возера возьме: венцеры праверыць.

Вось як было.

-- Зося, -- сказаў бацька, -- я на возера схаджу. Там яшчэ заўчора венцеры паставіў.

Венцеры бацьку Петрык дапамагаў ставіць. Непадалёку ад таго возера, дзе з маці сетку цягалі. За гэтыя дні, напэўна, нямала рыбы ў венцеры налезла.

-- Татка, вазьмі мяне, -- папрасіўся Петрык.

-- І мяне! -- падхапіла Мар'яна.

-- Каля хаты сядзі, раз адзела святочнае, -- запярэчыў Петрык.

-- Няхай ідзе, -- дазволіў бацька. -- Яна ж у возера не палезе.

Узрадавалася Мар'яна і паскакала на адной назе з падворка, весела ўсклікаючы:

-- І я! І я!..

-- Паўлюк, будзьце асцярожныя! -- на развітанне папярэдзіла маці.

Петрык зразумеў, чаму яна непакоіцца. Баіцца, каб зноў не наляцеў Вацлаў Станішэўскі са сваёй зграяй.

Петрык, Мар'яна і бацька няспешна ішлі па дарозе, мінаючы калюжыны, якія яшчэ не высахлі пасля навальніцы.

-- Татка, калі сарвеш кветку папараці, якая вырастае на Купалле, то шчаслівым-шчаслівым будзеш? Праўда? -- звярнулася да бацькі Мар'яна.

-- Папараць-кветку нялёгка сарваць. Яна чароўная, таму і не падпускаюць да яе злыя духі. Казычуць, за горла душаць, за валасы хапаюць, у цемрадзь-ноч валакуць. Толькі дужы і мужны юнак яе сарве, -- адказаў бацька.

Петрык паглядзеў на лес. Цяпер, надвячоркам, злыя духі пад карчамі, пад вываратнямі сядзяць, пахаваўшыся. Баяцца яны святла, як і агню. З цемрай прачынаюцца, блукаюць, каб каму-небудзь нашкодзіць. А ў купальскую ноч разам збіраюцца, чароўную кветку папараці ахоўваюць. Не жадаюць, каб людзі былі шчаслівыя. У яго, Петрыка, хопіць мужнасці, каб пазмагацца з імі. А вось сілы пакуль яшчэ малавата. Сілу трэба гадаваць.

-- Татка, чаму менавіта на Купалле расцвітае папараць-кветка? -- дапытваецца Мар'яна.

-- Аднойчы Бог паведаміў сонцу, -- пачаў расказваць бацька, -- што прыйшла самая кароткая ў годзе ноч, што зойдзе яно позна, а ўстане рана. Узрадавалася сонца, бо вельмі ж не любіла каціцца ў цёмную ноч на сон. Але патрошку меншалі дні, карацелі. Усё меней часу заставалася сонцу, каб пакрасавацца на небе. Не вытрывала яно і горка заплакала. Дзе падала на зямлю сонечная слязінка, там расцвітала, агнём загаралася кветка папараці.

-- Кветка папараці і ёсць сонечная слязінка? -- здзівілася Мар'яна.

-- Але, дачушка, -- кіўнуў галавою бацька.

З лесу выехалі два коннікі. Петрык прыгледзеўся. Дык гэта ж Вацлаў Станішэўскі і Адам! Няўжо знарок у лесе чакалі, пільнавалі іх?

І бацька з Мар'янай заўважылі, пазналі, што гэта за коннікі.

Мар'яна сцялася, паменшала. У яе нават тварык завастрыўся, як у святой на бажніцы.

-- Татка, вунь яны...

-- Не бойся, Мар'янка, -- стаў супакойваць бацька. -- Не крануць яны нас.

Петрык наблізіўся да сястры, каб адчувала, што побач ён.

-- Дзеткі, калі яны параўняюцца з намі, нават у іхні бок не глядзіце. Страху не паказвайце, -- папярэдзіў бацька.

Петрык заўважыў, як яго рука палезла пад світку. Выходзіць, пістоля пад світкай. Падрыхтаваўся бацька да сустрэчы. Цяпер воўку жыўцом у зубы не дасца.

Вацлаў Станішэўскі і Адам пад'ехалі бліжэй і сталі якраз насупраць калюжыны, коньмі загарадзіўшы дарогу.

-- Куды гэта вы сабраліся? -- падаў голас Вацлаў Станішэўскі. Усміхаецца як нічога ніякага. Маўляў, я не я і хата не мая.

-- А малая, як на свята, прыбралася! -- зарагатаў Адам.

"Зажыло, як на сабаку, пасля лупцоўкі?" -- ледзь не крыкнуў Петрык, але стрымаўся. Яны не дурні, здагадаюцца, хто сказаў, што гайдукі далі гарачых Адаму.

-- Як на свята!.. Гы-гы-гы... -- заходзіцца ад рогату Адам.

-- Але, як на свята... Сёння свята ў нас, -- дрыготкім голасам прамовіла Мар'яна.

-- Якое свята? -- вылупіў вочы Адам.

-- Наш татка вярнуўся! На злосць вам!

Вацлаў Станішэўскі тузануў за аброць каня і ўзняў яго на дыбкі.

-- Ой! -- усклікнула Мар'яна і, адступіўшыся, спінаю ўпала ў калюжыну. Потым павярнулася на бок і стала на калені, падняўшы перапэцканы ў гразі фартушок.

-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў Адам.

Бацька ступіў наперад і схапіў за аброць каня, на якім сядзеў Вацлаў Станішэўскі.

-- Злазь, паганец!

У Вацлава Станішэўскага ніжняя губа адвісла, трасецца.

-- Што-о?

-- Злазь! На бой цябе выклікаю. Ці ты толькі чужымі рукамі прывык жар заграбаць?

Станішэўскі лыпае на бацьку вачыма.

-- Злазь, бо кулю ўсаджу між вушэй, -- папярэдзіў бацька.

Гучна вылаяўшыся, Вацлаў Станішэўскі злез з каня, а бацька падскочыў да Адама і выхапіў з яго похваў шаблю.

-- Аддай! -- разгубіўся Адам.

Не зважаючы на яго, бацька падступіўся да Вацлава Станішэўскага.

-- Абараняйся!..

Выняўшы шаблю, Вацлаў Станішэўскі наставіў яе і пачаў адступаць назад.

Петрык заўважыў, што з каня злез Адам. Ён штосьці буркнуў пад нос і, прыгнуўшыся, як кот на паляванні, накіраваўся да бацькі.

"Ззаду бацьку хоча схапіць", -- здагадаўся Петрык. Ён узяў з калюжыны жменю гразі і шпурнуў у Адама, пацэліўшы ў твар.

Адам скрывіўся як серада на пятніцу і, наставіўшы рукі, пайшоў на Петрыка.

-- Задушу!

Петрык не стаў уцякаць. Калі Адам наблізіўся да яго, ён нагнуўся і стукнуў свайму ненавісніку галавою ў жывот.

Перагнуўшыся папалам, Адам застагнаў, завойкаў.

Петрык азірнуўся, каб паглядзець, што з бацькам.

А Адам клубком падкаціўся яму пад ногі і паваліў на зямлю. Як і ў вязніцы, у твар Петрыку дало перагарам.

-- Задушу! Гы-гы-гы!.. -- раз'юшаны Адам цягнуўся да горла рукамі.

-- Галаву прадзяўбу! Пусці, душагуб!.. Пусці-і!.. Каму сказала?..

Цяжкае Адамава цела адвалілася, і Петрык убачыў маці. Яна стаяла, узняўшы востры серп.

-- Прадзяўбу-у!..

Адам рохнуў, нібы свіння, і таропка папоўз у кусты.

Усхапіўшыся, Петрык дагнаў яго і штосілы стукнуў нагою ў тоўсты зад.

-- А-а-а! -- завыў Адам і папоўз яшчэ хутчэй.

-- Сынок!..

Петрык азірнуўся. Перад ім стаяў бацька. А воддаль, каля калюжыны, трымаючыся за акрываўленае плячо, таптаўся Вацлаў Станішэўскі. Ён ціха плакаў, гугукаючы, бы сава.

-- Татка, ты яго параніў? -- прагаварыў Петрык.

-- Сам на шаблю налез, -- неахвотна адказаў бацька і накіраваўся да Мар'яны.

Стоячы каля маці, Мар'яна ўсхліпвала:

-- І фартушок, і спаднічка ў гразі!

-- Не плач, дачушка, -- старалася супакоіць маці. -- Дома ўсё памыем.

-- Зося, як ты тут апынулася? -- пацікавіўся бацька.

-- Травы ў кустах хацела нажаць. Паўлюк, хадзем...

-- Татка, дай мне шаблю, -- папрасіў Петрык.

-- Не, сынок. Іхняя шабля нам не патрэбна. -- Размахнуўшыся, бацька шпурнуў шаблю ў кусты.

У гэты дзень яны так і не праверылі венцеры.

 

Адамава шабля

 

Ноч прайшла спакойна. А назаўтра Петрык і Мар'яна сядзелі каля хаты, радуючыся цёпламу сонейку.

Бацька і маці пайшлі на поле (пры лесе бацька яго ўзараў), наказаўшы Петрыку і Мар'яне, каб хату пільнавалі.

-- Петрык, як ты думаеш: сёння прыбяжыць да нас Яніна? -- старалася адгадаць Мар'яна.

Што сказаць сястры? Пасля ўчарашняй сутычкі, відаць, немаведама што робіцца ў доме Вацлава Станішэўскага. Даскакаўся гіцаль! Рассек яму бацька шабляй плячо. Мабыць, адлежваецца як звер у бярлозе, залізвае рану.

-- Не ведаю, -- шчыра прызнаўся Петрык, а пра сябе падумаў: "Трэба схадзіць, паглядзець, ці Адамава шабля ў кустах ляжыць".

Ён так і зрабіў бы, бо не любіў адкладваць на потым, ды Мар'яна, убачыўшы, што брат збіраецца навастрыць лыжы, стала прасіць:

-- Братка, давай Яніну пачакаем. Яна прыбяжыць, а нас не будзе.

Як жа ўцячы ад сястры? Няма як браць яе з сабою. Прагаворыцца бацьку, што ён, Петрык, Адамаву шаблю забраў -- бяды не абярэшся. Бацьку шабля не патрэбна, а яму спатрэбіцца. Цяжкія часіны наступілі. Усяк можа быць.

Сядзіць Петрык, гэтак разважае; не ведае, што Яніна да іх спяшаецца, бяжыць.

Набралася яна ўчора страху. Якраз каля адчыненага акна сядзела, маму ўспамінала. Раптам бачыць: Адам бацькавага каня вядзе, а бацька сядзіць, сагнуўшыся, за акрываўленае плячо трымаецца. Калі ж да ганка пад'ехаў, завохкаў, заенчыў.

Пазбягаліся гайдукі. І маленькі чалавечак у шэрай сутане прытупаў. Цягне да бацькі рукі, квокча, як курыца-квактуха:

-- Пан Вацлаў, хто вас так бязлітасна пасек?

Яшчэ мацней заенчыў бацька.

-- Здраднік!.. Паўлюк!.. Напаў на мяне!..

-- А дзе ж быў пан Адам? Чаму ён не ратаваў вас?

-- Адам з Паўлюковым хлопцам, з Петрыкам, ваяваў...

Маленькі чалавечак у шэрай сутане заламаў рукі.

-- Пан Вацлаў, з вас крыві, як з паршука, нацякло!..

Бацька застагнаў і пачаў паволі спаўзаць з каня. Гайдукі падхапілі яго і панеслі ў дом.

Калі сцямнела, Яніна прыйшла да бацькі ў кабінет. Ляжыць бацька на канапе, накрыты коўдрай, стогне. А побач сядзяць Адам і маленькі чалавечак у шэрай сутане.

Яніна хацела запытацца, што з Петрыкам сталася, ды смеласці не хапіла. А бацька ні слова ёй не сказаў. Стагнаў, не перастаючы. І яна голасу не падала. Пайшла, у парозе пастаяўшы. Калі выходзіла з кабінета, то заўважыла, як прасвідраваў яе вочкамі маленькі чалавечак у шэрай сутане.

"Усёй душой ён мяне ненавідзіць, як і мамку маю ненавідзеў", -- падумала Яніна.

Не спалася ёй у гэтую ноч. Усё пра Петрыка думала, Бога прасіла, каб жывым убачыць. А рана-раненька, усхапіўшыся, паімчалася да Краўцоў.

Моцна б'ецца сэрца ў грудзях у Яніны, дух займае. Вось і хата Краўцоў. На падворку сядзяць Мар'яна і Петрык. Жывы Петрык, жывы!

Стаіць Яніна, ніяк не аддыхаецца.

-- Я ж казала, што яна прыйдзе! -- узрадавалася Мар'яна.

А Яніна з Петрыка вачэй не зводзіць.

-- Петрык, ты з Адамам біўся? Гэта праўда?

Маўчыць Петрык. Асабліва няма чым яму пахваліцца. Калі б не маці, то задушыў бы яго Адам.

Тады Мар'яна Яніне расказала, як на возера ішлі, як запынілі іх Вацлаў Станішэўскі і Адам...

Выслухала яе Яніна і ціха прамовіла:

-- Бацька з канапы не ўстае. Ляжыць і ўсё стогне.

"Наш не стагнаў, калі на горкі яблык у вязніцы яго збілі", -- падумаў Петрык.

-- Давайце ў лес сходзім, -- нясмела прапанавала Яніна. -- Мо ўжо першыя грыбы з'явіліся.

Петрык і сам збіраўся ў лес. Цяпер, калі на палях каласіцца жыта, у лесе з'яўляюцца першыя грыбы: падбярозавікі, падасінавікі. Калі пашанцуе, то і баравікоў можна назбіраць. Першыя грыбы ў народзе называюць летнімі альбо каласавікамі. Непрыкметна яны з'яўляюцца, непрыкметна і знікаюць.

Што ж рабіць? Бацька наказаў, каб хату пільнавалі. Але ж трэба праверыць, ці Адамава шабля ў кустах ляжыць.

-- Петрык... -- стаіць Яніна, кашульку пальцамі перабірае.

Зараз пакрыўдзіцца і пабяжыць. Цалюткі дзень бацькавы стогны будзе слухаць. А, было не было. Хата нікуды не дзенецца, ніхто яе не ўкрадзе. А шаблю...

-- Братка, хадзем! -- стала дапамагаць сяброўцы Мар'яна.

-- Вы ідзіце, я вас даганю, -- сказаў Петрык на радасць Яніне і Мар'яне.

-- Добра! -- радуючыся, усклікнула Мар'яна.

Петрык узяў у сенцах кош і пакрочыў па дарозе ўслед за Мар'янай і Янінай.

Паабапал дарогі рассцілаецца луг, падобны на пярэсты дыван, які ён, Петрык, бачыў у кабінеце Вацлава Станішэўскага.

Амаль усе лугавыя травы зацвілі ў гэты летні час, радуюць вока: і сіні мышыны гарошак, і белы рамонак, і ружовая лугавая канюшына, і жоўты казялец...

І кусты шыпшыны ўпрыгожыліся ружовымі шапкамі. Тут, каля кустоў шыпшыны, запынілі іх Вацлаў Станішэўскі і Адам.

Яніна і Мар'яна спыніліся на дарозе. Мар'яна штосьці расказвае, размахваючы рукамі.

"Няхай яны крыху пастаяць, пагамоняць", -- падумаў Петрык і, прыгнуўшыся, пабег у кусты лазняку, куды бацька шпурнуў Адамаву шаблю. Падбегшы да кустоў, Петрык укленчыў і папоўз. Расхінуў траву ў адным месцы, у другім... Тут шабля, ляжыць. Маленькі мураш паўзе па ёй, нібы па бліскучай дарозе.

Петрык змахнуў пальцам мураша і, узяўшы шаблю за рукаятку, секануў па дубцу.

"Жых!" -- свіснула шабля і, быццам брытва, наўскасяк зрэзала дубец.

"Дарма не прапала бацька навука", -- з гонарам падумаў пра сябе Петрык.

А з дарогі ўжо даносіцца на два галасы:

-- Петрык!

-- Дзе ты?

-- Ау-у!..

"Гукаюць, як у лесе", -- падумаў пра сябровак Петрык і, падпоўзшы да наступнага куста, схаваў шаблю пад корч, замаскіраваўшы яе травою.

-- Петрык!

-- Ау-у!..

Петрык устаў, памахаў дзяўчынкам рукою і, радасна ўсміхнуўшыся, паімчаўся да іх.

 

У лесе

 

У лесе ўсё цікава, асабліва Яніне і Мар'яне.

-- Братка, вунь браткі! -- крычыць Мар'яна і смяецца, паказваючы на кветкі, якія рассыпаліся на ўзлеску.

Аднаго разу ён, Петрык, расказаў сястры, што гэтыя кветкі, якія звычайна красуюцца на ўзлесках, называюцца браткі, што яны прысмоктваюцца да каранёў суседніх раслін і выцягваюць з іх сокі. "Яны жывуць, нібы паны, якія прыехалі з чужых зямель і прысмакталіся да нас", -- нявесела закончыў ён.

Але пра гэта, як відаць, забылася Мар'яна. А вось назву кветак добра запомніла. І заўжды крычыць, заўважыўшы браткі: "Братка, вунь браткі!" Пацяшаецца!

-- Братка!.. -- смяецца Мар'яна.

-- А як называецца гэтая? -- паказаў Петрык на кветку, якая расла на вільготнай купіне.

-- Не ведаю, -- паціснула плечукамі Мар'яна.

Петрык зірнуў на Яніну.

-- І ты не ведаеш?

-- Не ведаю.

Петрык задаволена ўсміхнуўся. Дзяўчаткі ў лесе часта бываюць, а амаль нічога не ведаюць. Ім толькі кудзелю прасці ды кашулю вышываць.

-- Гэтая кветка называецца расянка, -- важна сказаў Петрык.

-- Яе назвалі расянкай, бо расу яна збірае? -- пацікавілася Яніна.

-- Не толькі расу. Бачыце на лісточках чырвоныя валаскі?

-- Угу, -- азвалася Мар'яна.

-- Яны вельмі ліпкія, -- тлумачыць Петрык.

Мар'яна высунула кончык языка, а потым засмяялася.

-- Як мой язычок?

"Развесялілася сястрычка. Ад залішняй весялосці да слёз нядоўга. Каб зноў бяда неспадзявана на нас не абрынулася", -- занепакоіўся Петрык.

-- Твой язык, Мар'яна, як мянташка, -- выгаварыў ён. -- Ім толькі касу тачыць.

-- А ты вельмі не задавайся. Задавака знайшоўся! -- дала адпор Мар'яна.

Петрык пачухаў патыліцу. Не, з дзяўчынкамі лепей не спрачацца. Ты ім слова, а яны табе дзесяць у адказ.

-- Братка, ты казаў, што расянка не толькі расу збірае, -- напомніла Мар'яна.

Петрык з палёгкай уздыхнуў. Цяпер ён, што называецца, зноў на кані.

-- Калі на ліпкія чырвоныя валаскі трапіць камар альбо муха, валаскі сціскаюцца і...

-- І бедны камарык трапляе, як мыш у пастку? -- здагадалася Яніна.

-- Але, як у пастку, -- сказаў Петрык.

Яны пайшлі па лесе, зазіраючы пад кожны куст: мо схаваўся пад кустам баравічок-каласавічок?

Спусціліся ў нізіну. Каля кустоў арэшніку, пад асінкамі, ляжыць яшчэ не папрэлае леташняе лісце.

Петрык спыніўся каля вялізнага ядлоўцавага куста, нагнуўся, уважліва прыглядаючыся.

-- Братка, ты каласавічка знайшоў? -- пазайздросціла Мар'яна.

Петрык не адказаў. Зараз ён здзівіць і Мар'яну, і Яніну. Такога цуда, якое пакажа ім, яны яшчэ ні разу не бачылі.

-- Дзе ж твой каласавічок? -- бліжэй падышла Мар'яна.

Петрык разгарнуў апалае лісце, разгроб сыры мох. У невялікай ямцы ляжалі белыя яйкі, велічынёй з галубінае яйцо, злучаныя паміж сабою накшталт пацерак.

-- У моху яйкі? -- здзівілася Мар'яна. Якая птушка іх тут пакінула?

-- Не пакінула, а адклала, -- паправіла Мар'яну Яніна.

Як пераможца, Петрык паглядзеў на дзяўчынак і ўрачыста прагаварыў:

-- Яны не птушыныя, а вужыныя.

-- Няўжо? -- вырвалася ў Мар'яны.

Петрык узяўся за адзін канец гэтых незвычайных пацерак і прыўзняў іх.

-- Самка вужа адклала.

-- Вужыха? -- усклікнула Яніна.

Петрык стаяў і пасмейваўся. Усё-ткі здзівіў ён сябровак. Надоўга запомняць яны сённяшні дзень.

-- Братка, пакладзі на месца! -- адступаючыся, спалохана прагаварыла Мар'яна. -- Зараз вуж з вужыхаю сюды прыпаўзуць. Пакладзі...

Петрык паклаў яйкі ў ямку, зноў закрыў іх мохам, загарнуўшы лісцем. Баязліўкі гэтыя дзяўчынкі. Вужоў спалохаліся. А яшчэ ў лес прасіліся.

-- Дома трэба сядзець, баякі! -- выгаварыў Петрык і пайшоў, насвістваючы.

Яніна і Мар'яна падаліся за ім. Нейкі час яны ішлі моўчкі.

З тоўстай, парослай мохам яліны, узляцела маленькая мухалоўка і села непадалёку.

Петрык падышоў да яліны і расхінуў лапкі. На тоўстай галіне, каля ствала, было ўтульнае гняздзечка, у якім сядзела вялікае танкашыяе птушаня.

-- Бачыце? -- прамовіў Петрык, затаіўшы дыханне.

А Мар'яна і Яніна сапуць яму ў патыліцу, пазіраюць, прыўстаўшы на дыбачкі.

-- Гэта зязюляня? -- няўпэўнена вымаўляе Мар'яна.

-- Мабыць, -- шэпча Яніна.

-- Падкідыш у гняздзе. Зязюля ў гняздо мухалоўкі сваё яйцо падкінула. А зязюляня, вылупіўшыся, павыкідвала законных дзетак. Цяпер яго кормяць мухалоўкі, -- растлумачыў дзяўчынкам Петрык і пакрочыў далей.

-- Братка, піць хочацца, -- паскардзілася Мар'яна.

-- Зараз будзе крынічка, там нап'емся.

Хлопчык павёў сябровак па ледзь прыкметнай сцяжынцы. Яны ўвайшлі ў бярозавы гаёк. Тут крынічка выбіваецца з зямлі. Мінулым летам Петрык і бацька зрабілі новы зруб, каб крынічку не заносіла пяском. Халодная, смачная вада ў крынічцы.

Петрык мінуў паваротку і стаў, як у здранцвенні. Што гэта? Зруб, які ён рабіў з бацькам, паламаны, а сама крынічка закідана пяском і граззю.

Петрык сеў на пень, затуліў твар рукамі і прагаварыў:

-- Яны пашкодзілі! Яны! На злосць нам зрабілі.

-- Братка, не бядуй. Я ўжо не хачу піць. Перахацелася! -- прамовіла Мар'яна.

Петрык адняў рукі ад твару і падняў галаву.

-- Петрык! -- сказала Яніна.

Глядзіць на яго, на Петрыка, поўнымі болю вачыма. Гэткі ж самы боль быў у вачах маці, калі ўчора, седзячы за сталом, бацьку чакала.

Канешне, зразумела Яніна, хто разбурыў крынічку. Балюча і сорамна ёй за бацьку.

-- Яны пашкодзілі! -- паўтарыў Петрык.

-- Давайце пачысцім крынічку, -- прапанавала Яніна.

Петрык ускочыў і рукамі стаў выкідаць з крынічкі гразь. Яніна і Мар'яна пачалі дапамагаць яму.

Ляцела сарока. Села на куст, закруціла доўгім хвастом, засакатала, здзіўленая.

А Петрык, Яніна і Мар'яна працуюць, не зважаючы ні на што.

Неўзабаве першы струменьчык пырснуў з-пад зямлі. За першым -- другі, трэці...

Працуюць, увіхаюцца Петрык, Яніна і Мар'яна...

Забулькала, ажыла крынічка.

Петрык падскочыў, узняў сцятыя кулакі, і закрычаў так, як, напэўна, крычаў старажытны чалавек, упершыню перамогшы магутнага маманта:

-- Наша ўзяла! Жыве крынічка!

-- Жыве! -- падхапілі Яніна і Мар'яна.

Калі наскакаліся, накрычаліся ўдосталь, Петрык сказаў:

-- Прыйдзем з бацькам і новы зруб зробім, яшчэ прыгажэйшы, чым быў.

 

Падслуханая размова

 

Яніна ведала, што ў маміным пакоі (пасля смерці маці туды рэдка хто заходзіў) у куфэрку ляжыць прыгожая хустка ў чырвоныя кветкі. "Падару яе Мар'яне. Няхай помніць пра мяне, -- думала Яніна. -- Зразумее мяне мама, павінна зразумець".

Але ж як непрыкметна прабрацца ў мамін пакой? Ён жа побач з бацькавым кабінетам. І Адам, і маленькі чалавечак у шэрай сутане, як на варце, стаяць каля яго. Калі ўбачаць яе ў маміным пакоі, то адразу здагадаюцца, што яна нешта задумала. Будуць сачыць за ёю, вачэй не спусцяць.

Ужо звечарэла. Ціха-ціха на двары. Толькі кажаны праносяцца за акном, прарэзваючы паветра.

Яніна выйшла ў калідор, на дыбачках падбегла да дзвярэй і тузанула за ручку. Дзверы адчыніліся.

У маміным пакоі шэры паўзмрок. Як часта тут яна, Яніна, сядзела з мамай! А вось і запаветны мамін куфэрак.

Не раз і не два мама вымала з гэтага куфэрка адрэзы, з любоўю перабірала іх і казала Яніне: "Для цябе пасаг збіраю, Янінка. Некалі многія нам пазайздросцяць".

Не збылося маміна жаданне...

-- Мамачка мая! Сонейка маё! -- прагаварыла Яніна і, адчыніўшы куфэрак, узяла хустку ў чырвоныя кветкі, якая ляжала з самага верху на белым шаўковым адрэзе.

Прытуліўшы хустку да грудзей, Яніна зноў выйшла на калідор. З бацькавага кабінета праз прыадчыненыя дзверы данёсся Адамаў голас:

-- Пан Вацлаў, высачыў я іх... Высачыў!..

-- Ну, ну, не балабонь... Значыць, яны ў начное коней пагналі? -- прамовіў бацька.

-- Пагналі. І Паўлюк, і Петрык.

-- Шмат крыві нам гэты Петрык перапсуе, калі вырасце, -- пачуўся скрыпучы голас маленькага чалавечка ў шэрай сутане.

Яніна прытулілася да сцяны. Зноў яны пра Краўцоў гавораць. Зноў штосьці задумалі.

-- Ой! -- войкнуў бацька. -- Схапіў, што мядзведзь, чорт бы цябе забраў!

-- Самі ж прасілі, каб на бачок вас павярнуў, -- апраўдваючыся, прагаварыў Адам.

-- Я не сноп, а жывы чалавек. О, як пячэ рана! -- усклікнуў бацька. -- Значыць, удвух коней пагналі?

-- Удвух, удвух, -- таропка сказаў Адам.

-- Парашыць іх трэба. Там, на месцы, -- прамовіў маленькі чалавечак у шэрай сутане.

Рыпнула канапа. Бацька, відаць, прыўзняўся.

-- І хлопца?

Маленькі чалавечак у шэрай сутане кашлянуў.

-- І хлопца!

-- Малы яшчэ. Грэх на душу вазьму.

-- З малога вялікі вырасце. Будзе помсціць. А пра грэх, пан Вацлаў, вы не думайце. Грэх ваш я замалю.

Яніне чамусьці стала горача. І лоб, і шчокі гарэлі агнём. Вось што яны задумалі! Не толькі дзядзьку Паўлюка, але і Петрыка вырашылі забіць! Пазней дабяруцца і да цёткі Зосі, і да Мар'яны. Не спыняцца яны. Д'ябал імі кіруе. Там ён, разам з імі, у кабінеце. Шэпча, злое ўводзіць ім у вушы, ад радасці лапы паціраючы.

Здалося Яніне, што і да яе праз шчыліну прабіраецца страшны калматы д'ябал.

Яніна перахрысцілася. Крыху адпусціў страх, адлягло ад сэрца.

-- Каму даверым гэтую справу? -- запытаў у сваіх хаўруснікаў бацька.

-- Адаму. Справа вельмі далікатная, -- адказаў маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў Адам. -- Я іх з пістолі перастраляю.

-- Не, -- не пагадзіўся маленькі чалавечак у шэрай сутане. -- Сякерай засячэш.

Яніна выскачыла на двор. Прысела, схаваўшыся ў кустах. Зараз з'явіцца Адам, зараз...

Як жа выгнаць з дома д'ябла? Жыць страшна... "Мамка, ратуй мяне!.. Родненькая!.." -- у адчаі шэпча Яніна.

На ганку, нібы прывіды, з'явіліся маленькі чалавечак у шэрай сутане і Адам. У Адама пад пахай сякера.

-- Ну то я пайду, -- спакойна, нібы ў лес сабраўся, прагаварыў Адам.

-- Не здрыганецца твая рука, сынку? -- запытаў маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Гы-гы-гы... -- рагоча Адам.

-- Знішчыўшы іх, мір і спакой дасі ты гэтай зямлі.

-- Дам! Гы-гы-гы... -- спусціўшыся з ганка, Адам ідзе паўз кустоў, па дарожцы. Ступае важна, упэўнена.

Прыгнуўшыся, Яніна пабегла за Адамам. Галінкі сцёбаюць па яе твары, расою ахалоджваюць гарачыя шчокі.

 

Каля цяпельца

 

Ноч цёмным крылом накрыла зямлю. Петрык і бацька сядзяць каля цяпельца. Воддаль коні скубуць траву.

-- Заўжды Каралеўства Польскае імкнулася падпарадкаваць Вялікае Княства Літоўскае, -- расказвае бацька. -- Яшчэ ў лета 1398-е каралева Ядзвіга заявіла, што кароль Уладзіслаў, яе муж, ахвяраваў ёй усё Вялікае Княства Літоўскае, і таму запатрабавала яна, каб штогод плацілі ёй даніну. Вялікі князь Вітаўт склікаў у Вільні баярства і запытаў: "Ці ўважаеце сябе падданымі польскай кароны, ці лічыце абавязкам плаціць даніну польскай каралеве?" Абураныя, сказалі князі і баяры: "Мы аніякія не падданыя Польшчы, мы заўсёды былі вольныя, нашы продкі ніколі даніны не плацілі, і мы плаціць не збіраемся, застаёмся па-ранейшаму вольныя".

Петрык уважліва слухае бацьку.

Шмат летаў мінула, шмат вады ўцякло пасля таго, як запатрабавала каралева Ядзвіга, каб тутэйшыя людзі даніну ёй плацілі. А з якой ласкі, запытацца? Так і Вацлаў Станішэўскі бацьку можа заявіць: "Працуй на мяне, плаці мне даніну...".

Не, Вацлаў Станішэўскі яшчэ мудрэй зрабіў. Бацькаў дом спаліў, бацькаву зямлю забраў, распараджаецца, як сваёю. А людзі ж кажуць, што чужы кавалак у рот не палезе. І яму не лезе. Зараз зусім сап'ецца... Маленькі чалавечак у шэрай сутане нездарма побач круціцца. П'янага боўтне ў раку ці ў возера. Памагатыя, сквапныя на грошы, заўжды знойдуцца. А потым да сваіх рук прыбярэ і зямлю, і ўсю маёмасць. Яніну са свету зжыве. Хто ж сірату абароніць?..

Цікава выходзіць... Зямля, якая належала дзеду Юстыну, пяройдзе да маленькага чалавечка ў шэрай сутане. Завалодае ён, чужынец, гэтаю зямлёю. І ракой, і азёрамі, і лясамі... Чужая гамонка будзе тут гучаць... Гаспадар Вялікага Княства Вітаўт добра гэта разумеў, і яго баяры гэта разумелі. Таму дружна запратэставалі яны.

За зямлю трэба змагацца. За зямлю -- значыць за волю. Каб чужынец тут не сеў.

-- Татка, чаму ж мы цяпер не змагаемся? Чаму не пратэстуем? -- не сцярпеў Петрык.

Бацька пугаўём падгарнуў у цяпельца галавешкі. Гарачым дажджом сыпануўшы, паляцелі іскры.

-- Паслухай, сынок, народную мудрасць. Сустрэліся два падарожныя. Пытаецца адзін: "Чаму ўночы сабакі больш брэшуць, чым удзень?" "Бо ўдзень ім людзі дапамагаюць", -- адказвае другі.

Неяк вельмі мудрагеліста адказаў бацька. Цяжка здагадацца, пра што ён хацеў сказаць. Ёсць тут нейкая хітрынка, ёсць. Сабакі брэшуць... Вядома, ёсць і людзі, як сабакі. Напрыклад, Адам. Яго толькі нацкуй.

-- Сынок, не здагадаўся? -- цікавіцца бацька.

-- Не, -- прызнаўся Петрык.

-- Цяпер людзі не тыя, што былі раней, -- у задуменні кажа бацька.

-- Чаму не тыя?

-- І людзей можна падзяліць. Нашы ворагі нас падзялілі, падатлівых прылашчыўшы.

-- І гэтыя падатлівыя брэшуць як сабакі?

-- Яшчэ як брэшуць. Стараюцца. А нашы ворагі пасмейваюцца, прыгаворваючы пра сябе: "Бі свой свайго, каб чужы баяўся".

-- Ніколі мы не станем сваімі, як раней было?

-- Не ведаю, сынок... Не ведаю...

"Праўду кажа бацька, -- думае Петрык. -- Свае чужымі парабіліся. Паміж суседзямі быццам межы выраслі. Нават між мною і Янінай мяжа... Не, не... Між мною і Янінай яе бацька стаіць. Ён, як мяжа, нас раздзяляе".

-- Хацелася б, каб сталі! -- перапыніў думкі бацька. -- Ды да світання яшчэ далёка. Ох, як далёка, сынок!

-- Татка, -- сказаў Петрык, -- яны нашу крынічку разбурылі. Пяском, граззю закідалі, зруб паламалі...

-- Пра мудрасць спрадвечную яны забыліся, -- азваўся бацька. -- Не плюй у калодзеж, бо прыйдзецца з яго напіцца.

-- Бо прыйдзецца з яго напіцца! -- з горкасцю паўтарыў Петрык.

-- Хто свой край не шануе, той і сваю зямлю не любіць. Ненавісная яна яму, -- зазначыў бацька. -- Таму і дратуе, нішчыць яе.

Петрык прыўстаў, абапёрся на локаць.

-- Дык можа так стацца, што яны зусім знішчаць нашу зямлю? Лясы павысякаюць, папаляць, крынічкі зруйнуюць. Як жыць будзем?

-- А яны не думаюць пра гэта, сынок.

-- Зусім не думаюць?

-- Чужыя яны тут. А чужога не шкада.

-- А як мы будзем жыць?

-- Сынок, яны крынічку разбурылі. А ты? Ты паглядзеў і пайшоў?

-- Мы новае жыццё далі нашай крынічцы... Я, Мар'яна, Яніна... Гразь павыкідалі. Ажыла крынічка...

-- Добра зрабілі, сынок.

-- А калі яны зноў прыйдуць і разбураць? Іх жа шмат.

-- А нас хіба мала?

-- Дык не загінем мы?

-- Будзем жыць.

"Будзем жыць!" -- пра сябе паўтарыў Петрык.

А ў гэты час да цяпельца краўся Адам. Ён поўз па роснай траве, выгінаючыся вужакай. За ім, прыгнуўшыся, ішла Яніна. Яна ўбачыла, як каля самага цяпельца Адам прыўстаў на калена. Бліснула лязо сякеры, чырвона-крывавы водбліск агню адбіўся на ім.

Яніна хацела закрычаць, папярэдзіць Петрыка і дзядзьку Паўлюка, але язык як здзервянеў, не паварочваецца.

Выгнуўся Адам, уперад падаўся. Зараз каршуном наляціць. Чаму ж няма голасу? Чаму язык як чужы?..

-- Татка, давай заўтра новы зруб зробім, -- прапанаваў Петрык.

Паўлюк не адказаў, бо заўважыў, што коні траву перасталі скубці, насцярожыліся. "Хтосьці чужы паблізу", -- здагадаўся Паўлюк. Ён непрыкметна азірнуўся і, калі Адам устаў на ўвесь рост, каб нанесці смяротны ўдар, з развароту свіснуў пугай, як шабляй.

Нясцерпны боль апёк Адамаву руку. Дзіка завыўшы, гайдук выпусціў з рук сякеру і панёсся ў цемру.

Петрыка нібы нябачная сіла ўверх падкінула.

-- Татка, хто тут быў?

-- Адам.

-- Ён жа ўцячэ! Лаві яго!

-- Не, не ўцячэ...

-- Лаві! -- Петрык падняў сякеру. -- Бачыш, што ён нам падрыхтаваў? Уцячэ! Пабеглі за ім!

Бацька ўзяў Петрыка за плячо.

-- Стой, сынок. Не ўцячэ ён. Свайго ліха не міне. Пабачыш.

Да цяпельца падышла Яніна. Яна ўся трэслася, нібы на марозе.

-- Янінка? Ты?.. -- сваім вачам не паверыў Петрык.

-- Я назіркам ішла за ім! -- уголас заплакала Яніна. -- Ён устаў каля вас!.. Хацела крыкнуць, вас папярэдзіць!.. А голас... Голас у мяне прапаў!.. Дарма старалася я...

-- Не бядуй, дачушка, -- сказаў Паўлюк, выціраючы Яніне слёзы.

 

Прапанова застрэліцца

 

На другі дзень, прачнуўшыся, Яніна выглянула ў адчыненае акно.

Што за ліха! Насупраць акна, пад старой ліпай, Адам мыецца. Ды неяк не па-людску. Нагнецца, гучна хлёбнуўшы, набярэ з вядра вады ў рот, а потым старанна расцірае яе па лобе, нібы гэта не вада, а якая-небудзь гаючая мазь.

Смешна стала Яніне.

-- Ха-ха, -- паціху засмяялася яна.

Адам уздрыгнуў, азірнуўся і зноў пачаў мыцца, з сілай расціраючы ваду па лобе.

На правай руцэ Адама Яніна заўважыла чырвоны пісяг -- след ад пугі дзядзькі Паўлюка.

"Добра пачаставаў цябе дзядзька Паўлюк. Пазаўчора ты сваю шаблю страціў, учора сякеру згубіў, а хутка і галаву згубіш", -- са зларадствам падумала Яніна.

А Адам выняў з кішэні невялікае люстэрка, зірнуў у яго  і крыкнуў, узяўшыся за галаву:

-- Пракляцце!

Яніна нарэшце зразумела, чаму ён так старанна мыўся. На яго лобе была адмеціна, падобная на апёк. Яна нагадвала галінку з лістамі.

Гэтая галінка, як ні стараўся гайдук, не змывалася. Калі б хто-небудзь сказаў ёй, Яніне, што такое магчыма, то яна нізашто не паверыла б.

-- Пракляцце! -- тоненька, па-жаночы завыў Адам.

З-за рога дома паказаўся бацька. Ён ішоў павольна, трымаючыся за параненае плячо.

Убачыўшы бацьку, Адам імгненна затуліў страшную метку рукою і застыў слупам.

-- Не забіў? -- падышоўшы бліжэй, плачучым голасам прагаварыў бацька.

-- Не забіў! -- гэткім жа плачучым голасам прамовіў Адам.

Яніна назірала, схаваўшыся за акном. Бацька і гайдук бядуюць, што не забілі Петрыка і дзядзьку Паўлюка. Вось-вось расплачуцца. Людзі па нябожчыку плачуць, шкадуючы, а яны...

Што скажа бацька, калі ўбачыць адбітак галінкі з лістамі на лобе Адама? Хто ж так заклеймаваў гайдука? На рану гэты адбітак зусім не падобны.

Бацька засоп носам. Аж ноздры ў яго захадзілі.

-- Не забіў! -- гукнуў.

-- Не забіў! -- Адам затросся, але руку ад ілба не адняў.

-- Чаму?

-- Паўлюк мне руку пугай рассек. Як сцёбнуў па руцэ, дык у мяне свет у вачах перавярнуўся.

Бацька зноў засоп носам.

-- За што я цябе кармлю?

Яніна адчувала: быць бядзе. Нездарма бацька раздзімае ноздры. Раз'юшыўся, не ў сабе.

Неяк ён пахваліўся перад гасцямі: " Калі я раз'юшуся, то нават свайго манаха на капусту магу пасячы".

Лісліва ўсміхнуўся маленькі чалавечак у шэрай сутане: "Я пана Вацлава ніколі да гарачкі не давяду".

-- Пан Вацлаў, я падпільную іх! -- перапалохаўся Адам. -- Я іх жыўцом спалю. Я...

Наступаючы на Адама, бацька замахнуўся нагою.

-- Зараз як!..

-- Пан Вацлаў, я!.. -- як відаць, забыўшыся пра ўсё на свеце, Адам адняў руку ад ілба.

У бацькі вочы перакасіліся. Ён тыцнуў пальцам ледзь не ў лоб Адаму.

-- Што гэта ў цябе?

-- Не ведаю. Я ўстаў, зірнуў у люстэрка і... і... і... -- тоненька загаласіў Адам.

Бацька піхнуў вядро з вадою. Яно перакулілася і пакацілася пад куст.

-- Не змываецца?

-- Не-э, -- скрывіў губы Адам.

-- Гэта ж метка д'ябла! -- са свістам, быццам кавальскі мех, выдыхнуў з грудзей паветра бацька.

-- Няўжо? -- аж прысеў Адам.

І Яніна міжволі прысела. Нездарма ўчора вечарам ёй здалося, што ў бацькавым кабінеце д'ябал. Аднаго меткай ён ужо адзначыў. Нібыта ў сваю хеўру забраў. Усё-ткі даскакаліся яны. Усяму бывае канец. Самі вінаватыя. Самі душу д'яблу прадалі.

-- Што мне рабі-іць? -- зноў загаласіў Адам.

Бацька азірнуўся як злодзей, на якім шапка гарыць.

-- Рукі на сябе накладзі.

"Божа! Божа!" -- прашаптала Яніна і перахрысцілася. Няўжо яшчэ аднаго нябожчыка неўзабаве будуць адпяваць? Калі ж гэта скончыцца? Калі?..

Адам з надзеяй, бы сабака, якога выцялі, зірнуў на бацьку.

-- Чаму?

-- Сёння вечарам госці да мяне паз'язджаюцца, -- крыва ўсміхнуўся бацька. -- Ведаеш, якая погаласка пойдзе па маёнтках, калі хто-небудзь з гасцей на тваім ілбе ўбачыць метку д'ябла?

-- Пан Вацлаў, не магу! -- прастагнаў Адам.

Бацька дастаў з-за пояса пістолю і працягнуў яе Адаму.

-- Застрэлься!

Яніна, збялелая, чакала. Зараз Адам возьме пістолю. Прагучыць стрэл, і ўзрадуецца д'ябал, дзіка зарагоча, цягнучы ў сваё падземнае царства грэшную Адамаву душу.

-- Ну! --сказаў бацька, усё трымаючы пістолю ў выцягнутай руцэ.

Яніна затуліла рот далонню, каб не закрычаць. Яна стаяла і глядзела, быццам заварожаная.

-- Бяры! -- крыкнуў бацька.

Адам працягнуў рукі. Яны ў яго трэсліся.

-- Пан Вацлаў, дазвольце мне яшчэ на яснае сонейка паўзірацца. Сіла бушуе ўва мне...  Пан Вацлаў, сілу маю не забірайце...

Бацька апусціў пістолю дулам уніз.

-- Не я забіраю -- д'ябал гэтаю ноччу яе ў цябе забраў.

-- Пан Вацлаў, заўсёды ў шапцы буду хадзіць. На самы лоб, да броваў, нацягну. Метку ніхто не заўважыць. Я разам з д'яблам горы для вас звярну!..

Бацька ўважліва паглядзеў на Адама.

-- Ты з д'яблам?

-- Я! З д'яблам! Усяліўся ён у мяне! -- Адам стукнуў сабе кулаком у грудзі. -- Тут ён сядзіць! Я адчуваю! Свет перавернем, калі загадаеце!

-- Няхай будзе па-твойму. Ха-ха-ха... -- зарагатаў бацька.

-- Гы-гы-гы... -- падхапіў Адам.

Яны стаялі ўдвух і рагаталі. Вочы ў іх гарэлі, а валасы, як здалося Яніне, узняліся дыбам.

-- Мамачка! -- прашаптала Яніна і без памяці асунулася на падлогу.

 

Зборышча

 

Яніна ляжала на падлозе, а ёй здавалася, што ідзе па вялікім, бясконцым лесе. Гайдаючы вершалінамі, рыпяць, гудзяць яліны. А з-пад парослага мохам вываратня вылазіць д'ябал. Зыркае на яе лупатымі вачыма, цягнецца да горла касматымі лапамі, каб задушыць. "Не руш мяне!" -- што ёсць сілы крычыць Яніна. Закруціўшыся ваўчком, д'ябал бясследна знікае.

Яніна ідзе па лесе. Знянацку хтосьці ззаду схапіў яе за плечы. Азірнуўшыся, яна бачыць, што гэта бацька яе трымае. Яніна вырываецца ад яго і бяжыць, а ён гукае, даганяючы: " У Варшаву завязу! У Варшаву!.."

Яніна расплюшчвае вочы. Цемра навокал. Бы з таго свету, даносяцца нейкія прыглушаныя крыкі.

Яніна прыслухоўваецца. Крыкі ўсё мацней, выразней. Дык гэта ж бацькавы госці сабраліся, гамоняць п'яныя, выхваляючыся адзін перад адным. "Зборышча!" -- як казала пра іх мама.

Зборышча... Д'яблаў зборышча... Гэткіх жа самых д'яблаў, як і той, што прысніўся.

Не, не прысніўся. Прымроіўся. Яна ж без памяці ўпала, калі зарагаталі бацька і Адам, самі сабе радуючыся...

Гамоніць, вые, падвывае п'янае зборышча. А за акном ні гуку не чуваць. Мабыць, усё жывое пахавалася, пазашывалася.

Як доўга ляжала яна непрытомная! Цэлы дзень! І ніхто не заглянуў у яе пакой. Нікому яна не патрэбная. Нікому... Не заглянуў...

Уткнуўшыся тварам у дыван, Яніна заплакала. Слёзы цяклі і цяклі па яе шчоках, як і ў той дзень, калі памерла мама.

Непатрэбная... Нікому...

-- Пан Міхал, ты ведаеш, я яго ў вязніцу на днях пасадзіў, -- данёсся з-за дзвярэй бацькаў голас.

-- Паўлюка?

"І пан Міхал да бацькі завітаў", -- з горкасцю думае Яніна.

Пан Міхал рэдка наведваецца ў бацькаў дом, бо, як аднаго разу смяяўся бацька, жонкі баіцца: не пускае яна яго сюды. Рэдка, але, што называецца, метка. Як казаў бацька, да свінячага енку ён набіраецца.

-- Паўлюка? -- асіплым, нібы ад прастуды, голасам прамовіў пан Міхал.

-- А каго ж яшчэ! -- хваліцца бацька.

-- І цяпер ён сядзіць у тваёй вязніцы?

-- Уцёк.

Пан Міхал гучна ікнуў.

-- Як уцёк?

-- Д'ябал яму дапамог, -- перайшоў на шэпт бацька. -- Сам ведаеш: з маёй вязніцы нікому не ўдавалася ўцячы.

-- Дык Паўлюк з самім д'яблам знаецца? -- пан Міхал усклікнуў так, быццам яму вострым абцасам на босую нагу наступілі.

-- Калі б не знаўся, то з вязніцы не ўцёк бы.

-- Спаліць яго трэба!

-- Спалім. Сёння ж, -- пагадзіўся з панам Міхалам бацька. -- А пакуль нальем, вып'ем і закусім. Хадзем.

-- Вып'ем і спалім! -- нібы песню, завёў пан Міхал.

Яніна ўстала і села на ложак, бездапаможна апусціўшы рукі. Бацькавы госці Краўцоў збіраюцца спаліць. Не жартуюць яны. Зробяць, у доўгую скрыню не адкладваючы, раз узбрыло ў п'яныя галовы. Каму пацеха, а каму гора... Гора...

-- Янінка! -- неспадзявана пачулася побач.

Яніна падняла галаву: Петрык на падаконніку сядзіць, усміхаецца.

-- Янінка, вось... Прыбег да вас. Ты ж цэлы дзень не паказваешся.

Прыбег... Хваляваўся за яе... Усё-ткі патрэбна яна. Дарма грашыла перад Богам, наракаючы на свой нешчаслівы лёс.

-- Лезь сюды! -- паклікала Яніна, махнуўшы рукою.

Петрык саскочыў з падаконніка.

-- Ты бацькаву шаблю ўкраў? -- прамовіла Яніна, заўважыўшы пад пахай Петрыка шаблю.

-- Шабля Адамава, -- прагаварыў Петрык.

-- Петрык, слухай, слухай! -- Яніна ўскочыла з ложка, схапіла Петрыка за кашулю і расказала яму і пра метку д'ябла на лобе Адама, і пра тое, што гэтай ноччу бацька з гасцямі збіраецца спаліць іх, Краўцоў.

-- Я яго падпільную ў калідоры і шабляй засяку, -- выслухаўшы Яніну, сказаў Петрык.

-- Каго? Майго бацьку?

-- Ты яго шкадуеш? -- пацікавіўся Петрык.

-- Ён мой бацька. Разумееш?

Не, яна, Яніна, не дасць Петрыку засячы бацьку. Грэх на сваю душу яна не будзе браць.

-- Слухай, слухай! -- зашаптала Яніна, угаворваючы Петрыка. -- Ты яго засячэш -- Адам на вас гасцей павядзе. А калі не Адам, то наш манах...

Петрык зноў уважліва выслухаў Яніну і, падумаўшы, запытаў:

-- Ты цяпер не пабаішся зайсці да іх?

-- Зайду, калі ты просіш.

-- Прашу, Янінка, вельмі прашу. Зайдзі і знімі з Адама шапку. Няхай усе яны ўбачаць, што на яго лобе метка д'ябла. Я сам зайшоў бы і зняў, ды мяне туды не пусцяць.

-- Не пусцяць, схопяць, у вязніцу кінуць, -- прамовіла Яніна і, павярнуўшыся, выйшла з пакоя.

У вялікай доўгай зале (тут адпявалі і маці, і дзеда Харытона) сталы стаялі ў два рады. У самым канцы сядзелі бацька і пан Міхал. Адам наліваў ім у кубкі віно са збана.

Яніна стала пасярод залы і гучна крыкнула:

-- Адам!

-- Яніна? Ты? -- здзівіўся бацька. Ён устаў і падняў кубак з віном. Затым з грукатам паставіў яго на стол.

Сцішыліся п'яныя госці. Усе, як адзін, пазіраюць на Яніну, ядуць вачыма.

-- Адам, хадзі сюды! -- у цішыні прамовіла Яніна.

Бацька адкрыў рот, каб штосьці сказаць, але яго з сілай тузануў пан Міхал.

-- Сядай! Не цябе ж -- яго кліча. Няхай ён падыдзе да яе.

Расплёскваючы віно са збана, Адам падбег да Яніны. А Яніна, амаль нічога не цямячы, сарвала з яго галавы шапку і гукнула:

-- Вось!.. У яго!... Глядзіце!.. Метка д'ябла ў яго на лобе!

Хтосьці войкнуў, хтосьці палез пад стол, а пан Міхал ускочыў і, што апантаны, замахаў рукамі.

-- У гэтым доме д'ябал пасяліўся! Ратуймася, панове!

Пераварочваючы сталы, лавы, госці рынуліся да дзвярэй. П'яны натоўп панёс з сабою і Яніну.

А Петрык сядзеў у Янініным пакоі. Ён чуў, як закрычалі перапалоханыя госці. Петрык разумеў, што і яму трэба ратавацца бегам. Ды хіба мог ён уцячы, не дачакаўшыся Яніны?

Хлопчык устаў, хацеў падысці да дзвярэй, але дзверы нечакана адчыніліся, і на парозе з запаленай свечкай у руках з'явіўся маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Я й думаў, што яна сама не здагадалася. Ты яе навучыў, падбухторыў! -- гадзюкай сыкнуў маленькі чалавечак у шэрай сутане.

-- Я. Ну і што? -- не паказаў страху Петрык.

-- Анцыхрыст! Анцыхрыст! Твае паганыя вочы выпалю! -- узняўшы свечку, маленькі чалавечак у шэрай сутане стаў насоўвацца на Петрыка.

Петрык узняў шаблю, як узнімаюць сякеру, колючы дровы.

-- Толькі падыдзі!..

-- Пан Вацлаў, ратуйце! -- залямантаваў маленькі чалавечак у шэрай сутане і, павярнуўшыся, пабег да дзвярэй.

Петрык пусціў у яго шабляй. Маленькі чалавечак у шэрай сутане паваліўся, працягнуўшы рукі праз парог. Побач з ім упала свечка. Кволы язычок агеньчыка мільгануў у цемры і патух.

Петрык выскачыў з акна і паімчаўся дамоў.

 

Песня продкаў

 

З таго вечара, як Яніна перад гасцямі зняла шапку з галавы Адама, ціха стала ў маёнтку Вацлава Станішэўскага. Навакольныя шляхціцы за вярсту аб'язджалі маёнтак, а, заўважыўшы самога Вацлава, уцякалі ад яго як ад халеры. Шэптам (не дай Бог д'ябал пачуе) яны перадавалі адзін аднаму, што д'ябал не толькі паставіў метку на лобе гайдука Адама, але і манаха знішчыў.

Вацлаў Станішэўскі пасля ўсёй гэтай калатнечы неяк адразу асунуўся, пастарэў. Ён амаль не выходзіў са свайго кабінета і нікога да сябе не падпускаў. А Адам быццам здзічэў. Насунуўшы да вушэй шапку, цэлымі днямі лазіў па кустах, як бы чагосьці шукаючы. Баяліся яго людзі, стараліся не сустракацца з ім. А калі, здаралася, сутыкаліся нос у нос, то, што палатно, бялелі і доўга потым маліліся, просячы Бога, каб не дапусціў, адагнаў ад іх д'ябла.

Пра ўсё гэта Петрык праведаў ад Яніны.

-- Наш манах галаву сабе разбіў. Кажуць, што ад д'ябла ўцякаў, -- паведаміла Яніна.

-- Напэўна, -- паціснуў плячыма Петрык.

-- Мусіць, нехта з п'яных гасцей яго штурхнуў, а звалілі на д'ябла, -- выказала здагадку Яніна.

-- Мусіць, -- кіўнуў галавою Петрык. Так і не прызнаўся ён Яніне, што пусціў шабляй у маленькага чалавечка ў шэрай сутане. Чамусьці не павярнуўся язык сказаць ёй пра гэта.

Маленькі чалавечак у шэрай сутане некалькі начэй запар у сне да яго прыходзіў. Прыйдзе, сядзе ў парозе і сядзіць, трымаючы ў руках патухлую свечку. А дзён праз колькі, раніцай, Петрык сустрэў каля ракі Адама. Адам ішоў па сцяжынцы, якая вяла паўз берага, парослага лазняком.

"Чаго ж ён тут лазіць? Нешта вынюхвае, няйначай", -- думаў Петрык, затаіўшыся ў кустах.

Калі Адам мінуў яго, ён назіркам накіраваўся за ім. Петрык не баяўся Адама, бо ведаў: у густым лазняку Адаму яго не дагнаць.

Сцяжынка вяла каля лесу, які злучаўся з лазняком.

Каля самага лесу Адам спыніўся, азіраючыся, а з лазняку вылез бацька.

-- Чаго ты мяне клікаў? -- звярнуўся да яго Адам.

-- Такі ж паставіў табе сваю метку д'ябал! -- з дакорам прагаварыў бацька.

-- Чаго клікаў? -- паўтарыў Адам.

-- Справа ёсць.

"Бацька сам паклікаў Адама, дамовіўся сустрэцца з ім. Няўжо прапануе яму мір заключыць? Дык лепей з галодным шалёным ваўком, чым з гэтым гайдуком", -- падумаў Петрык.

-- Якая справа? -- у нос сказаў Адам.

-- Хачу дапамагчы табе.

Адам аж языком прыцмокнуў.

-- Ты-- мне?

-- Я. Табе. Рана ці позна, а знішчыць цябе Вацлаў Станішэўскі. Адляжыцца, дойдзе да сябе і знішчыць. Ты для яго цяпер як скула ў баку.

-- Сам ведаю, -- буркнуў Адам.

Петрык слухаў і ніяк не мог даўмецца. Чаму бацька стараецца дапамагчы Адаму? Няўжо так моцна шкадуе яго?

-- Слухай, Адам. У лесе мой бацька...

-- Юстын? -- перапыніў Адам.

-- Юстын... Юстын... Ён скарб у лесе закапаў. Якраз перад апошнім паходам, нібы адчуваў, што гора пастукаецца ў наш дом.

-- Ты мне бацькаў скарб падаруеш? -- зарагатаў Адам.

-- Хачу адкупіцца ад цябе.

Петрык не пазнаваў бацьку. Адаму аддае дабро, нажытае дзедам Юстынам. Не пахваліў бы бацьку дзед Юстын, калі б раптам праведаў пра гэта.

"Татка, што робіш?" -- хацелася крыкнуць Петрыку, але ён маўчаў, ловячы кожнае слова.

А бацька дастаў з куста рыдлёўку і працягнуў яе Адаму.

-- Бяры! Завяду цябе. Выкапаеш скарб.

-- Пістолю аддай, -- чмыхнуў носам Адам.

-- Пістолю не аддам, бо не веру табе, -- адказаў бацька.

Штосьці падобнае на ўсмешку прабегла па вуснах Адама.

-- І правільна робіш, што не верыш. Гэтымі днямі я часта кружыняў каля вашай хаты.

-- Ведаю, -- сказаў бацька.

Адам узяў рыдлёўку.

-- Паўлюк, а не застрэліш ты мяне?

-- Калі б хацеў, то застрэліў бы, як набліжаўся ты да мяне.

-- Але, -- кіўнуў галавою Адам. -- Значыць, забяру я скарб. А потым?.. Што ты ад мяне хочаш?

-- Змыешся адгэтуль. Перабярэшся туды, дзе ніхто цябе не ведае. З золатам і без Станішэўскага пражывеш. Згодзен?.. Глядзі, бо перадумаю!..

-- Хадзем, -- сказаў Адам і пашыбаваў па сцяжынцы.

Бацька накіраваўся за Адамам.

І Петрык падаўся за імі. Не, ён не пакіне бацьку адзін на адзін з Адамам. Невядома, што ў гайдука ў галаве. Як малы, даверыўся яму бацька.

Сонца ўжо паднялося ў зеніт, а бацька ўсё вёў Адама па лесе. І Петрык, крадучыся, ішоў за імі.

Знаёмы лес даўно скончыўся. Яны ўвайшлі ў густы, змрочны ельнік, дзе, як здалося Петрыку, ні разу не ступала нага чалавека.

-- Паўлюк, куды ты мяне вядзеш? -- занепакоіўся Адам.

-- Туды, туды! -- два разы паўтарыў бацька.

-- Хутка дойдзем?

-- Хутка. Пацярпі.

"Ніколі мы не выберамся з гэтай глухамані, -- тахнула Петрыку ў галаву. -- Бацька знарок вядзе Адама ў самы гушчар. Ахвяруе сабою. Каб мы жылі. Каб не кружыняў Адам каля нашай хаты, як галодны воўк. Ды не ведае бацька, што і я за ім увязаўся. Усе траіх мы тут застанёмся".

Неспадзявана з гушчару данёсся стогн. Так стогне карова, якая, трапіўшы ў багну, сіліцца вылезці...

-- Паўлюк, што гэта? -- закруціў галавою Адам.

-- Зараз яшчэ не тое пачуеш! -- прамовіў бацька.

І праўда, з гушчару данеслася гудзенне пчалінага рою. Гнеўнае, трывожнае... А затым быццам хвалі на бераг набеглі, плёснулі...

"Дзе ж мы? Дзе? -- з трывогаю думаў Петрык. -- Няўжо на тым свеце?"

-- Я далей не пайду, -- упёрся Адам.

-- Як хочаш, -- абыякава сказаў бацька і пакрочыў далей.

Адам дагнаў яго.

-- Не адставай, -- кінуў на хаду бацька.

Стогн жывёлы, плёскат хваляў, гудзенне пчалінага рою усё мацней, усё выразней...

Лес нечакана расступіўся, і Петрык убачыў незвычайную паляну. Уся яна была пакрытая белым, што снег, пяском. Нібы дзівосныя іскрынкі, у пяску блішчалі, пераліваліся залацінкі.

А плёскат хваляў, стогн жывёлы, гудзенне пчалінага рою, быццам незвычайны спеў, гучыць мацней і мацней, разрываючы скроні...

-- Тут скарб закапаны, -- тыцнуў рукою бацька, паказаўшы на белы пясок.

-- Мой! -- нібы лось, зароў Адам. Ён з разбегу ступіў у пясок і праваліўся, як у дзірку. І войкнуць не паспеў. Быў і няма.

Дзіўны спеў адразу ж заціх.

-- Татка!.. -- Петрык падбег да бацькі. --  Татка, я за вамі ішоў...

-- Бачыў я цябе, сынок.

-- Татка, Адам...

-- Не шкадуй яго. Ён даўно пагібель сабе шукаў.

-- Ён праваліўся, бо пракляцце на ім ляжыць?

-- Не. Гэты пясок што дрыгва. Макам рассыпаюцца пясчынкі, калі раптам ступіш. Нямногія ведаюць пра гэтае месца. Калісьці дзед Юстын мне яго паказаў. Расказваў, што даўным-даўно тут было паселішча, якое засыпаў пясок. Чуў, як праз пясок галасы нашых продкаў да нас даносіліся?

-- З таго засыпанага паселішча?

-- Але, адтуль, з глыбіні вякоў.

-- А чаму пясчынкі так блішчаць?

-- У пяску бурштын залацінкамі рассыпаны. Ён і блішчыць.

-- Тут няма дзядулевага скарбу? Падмануў ты Адама?

-- Ён сам сябе падмануў.

Зноў пачуўся плёскат хваляў, зноў гнеўна загудзеў пчаліны рой...

Продкі зноў завялі сваю адвечную песню.

 

Нясуцца коні...

 

У гэты дзень, калі белы пясок паглынуў сквапнага Адама, Яніна і Мар'яна сядзелі каля сажалкі.

-- Баюся я, -- прызналася Мар'яна. -- Не абяромся бяды, калі твой бацька нас застане.

-- Не бойся, -- супакоіла сяброўку Яніна. -- Я  ж табе казала, што ён у кабінеце зачыніўся і сядзіць.

Спакойна, непрыкметна прабеглі апошнія дні для Яніны. Не з'язджаюцца госці, ніхто не пільнуе, не забараняе. Ідзі -- куды хочаш, рабі -- што ўздумаецца. Праўда,  вечарам, калі раз'ехаліся госці, доўга дапытваўся ў яе бацька, як яна праведала, што метка д'ябла на лобе ў Адама.

"Буду маўчаць як рыба", -- вырашыла яна. І маўчала, зарок сабе даўшы. Ні слова не вымавіла. Мусіў адступіцца бацька.

Да берага падплылі лебедзі з падрэзанымі крыламі. Глядзяць на дзяўчынак, час ад часу галовамі ківаюць.

-- Мар'янка, -- кажа Яніна, -- бацька хацеў бы, каб і я была, як гэтыя лебедзі з падрэзанымі крыламі. Каб дома сядзела, анікуды не выходзіла. А мне вольнай птушкай хочацца быць.

-- І птушкам нялёгка, -- адказвае Мар'яна. -- На зіму ў чужыя краі ім трэба ляцець.

Яніна пазірае на Мар'яну.

-- Мар'янка, калі б ты раптам стала птушкай, змагла б паляцець у чужыя краі на ўсю зіму?

-- Не, -- круціць галавою Мар'яна. -- У чужым краі мне і адзін дзень годам здаўся б. Не вытрывала б я там. Мне тут добра. Каб толькі твой бацька не палохаў нас...

Цяжка ўздыхнула Яніна.

-- Янінка, а ты, як птушка, змагла б у чужыя краі паляцець? -- цікавіцца Мар'яна.

-- Мар'янка, тут магілка маёй мамы...

Нездарма хвалявалася Мар'яна. Бывае, што і мядзведзь з бярлогі сярод зімы вылазіць.

Як з-пад зямлі, з'явіўся Вацлаў Станішэўскі, загрымеў, бы гром нябесны:

-- Яніна, у Варшаву завязу! Там будзеш жыць!

-- Уцяку з тваёй Варшавы! -- усклікнула Яніна.

-- Не ўцячэш. Сам там застануся, цябе буду пільнаваць. Збрыдзела мне тут! -- Вацлаў Станішэўскі пляснуў Яніне па твары.

-- Мар'янка, ратуйся! -- крыкнула Яніна.

Мар'яна павярнулася і паляцела, не чуючы зямлі пад сабою.

Хутчэй, хутчэй... У Варшаву Яніну павязуць. Петрыку пра гэта трэба паведаміць. Мо ён што-небудзь прыдумае... Мо яшчэ тут застанецца Яніна...

А Петрык толькі што вярнуўся з лесу. Здалёку заўважыў сястру і пабег насустрач.

-- Сястрычка, што зноў нарабілася?

-- Братка, бяда! -- цяжка дыхаючы, прамовіла Мар'яна. -- Ён!.. Ён Яніну ў Варшаву павязе! Што нам рабіць?

Петрык не паспеў адказаць. На дарозе паказалася карэта, запрэжаная парай коней. Яна імкліва набліжалася.

-- Братка-а! -- праз плач крыкнула Мар'яна.

 Нясуцца коні... Зусім блізка карэта... Параўнялася на імгненне... Прамільгнуў у акне заплаканы Янінін твар...

Над лесам апускалася сонца. Заўтра ўстане яно, прачнецца. Прабіўшыся праз змрок, святло падорыць наваколлю.