Аляксей Якімовіч
Без канца
Мастацкая гіпотэза
У беларускай вёсцы
Вострава жылі два сябры: Сымон і Восіп. Сымон быў вясёлы, гаваркі. Ён сыпаў
словамі, як салоўка спяваў. А з Восіпа не кожны мог слова выцягнуць. Ён не
любіў шмат гаварыць. Такіх людзей
маўклівымі называюць.
Бывае, пайдуць яны
разам балота касіць. Сымон косіць і спявае:
На аеры
страказа,
На купіне
жаба.
Калі сала
не з’ясі,
То накосіш
слаба.
Восіп ідзе ўслед за ім,
старанна касою махае.
-- Весялей махай! --
азірнуўшыся, вымаўляе Сымон і зноў заводзіць, косячы:
Днём я на
балоце
Касою
махаю,
Вечарам на
танец
Дзяўчат
запрашаю.
А яшчэ ён любіў
пераймаць птушыныя галасы. Іншы раз сядзе на ўзлеску і заспявае як чачавіца:
”Фі-цю-фі-цы…”
Пачуўшы, злятаюцца
чачавіцы: ярка-чырвоныя самцы і зеленавата-шэрыя самкі. ”Фі-цю-фі-цы,
фі-цю-фі-цы, фі-цю-фі-цы…” – падхапіўшы, спяваюць. Абуджаецца наваколле,
незвычайная мелодыя напаўняе паветра, трасе яго.
-- Чуеш? -- звяртаецца
да сябра Сымон.
Восіп усміхаецца.
-- Добра чую!
-- Паспрабуй і ты так,
як я. Не зможаш?
Восіп моўчкі круціць
галавою, прыслухоўваючыся да птушынага спеву.
Вось так і жылі яны.
-- Вясёлы твой сябар! –
аднойчы сказаў Восіпу стары Мацей.
Восіп кіўнуў галавою.
-- Без канца вясёлы.
А напрыканцы лета Восіп
вельмі здзівіў Сымона.
Вечарком на беразе ракі
яны сядзелі, адпачывалі. Побач камарыкі звінелі, ляталі, стараліся іх прагнаць.
-- Сымон, -- падаў
голас Восіп, -- я песню прыдумаў і склаў. Чытаць і пісаць ён не ўмеў. Усё ў
памяці трымаў.
Сымон ухмыльнуўся. Яму
здалося, што сябар вырашыў пажартаваць.
-- Якую песню?
-- А ты паслухай, --
прамовіў Восіп і ціха заспяваў:
У
бярозавым гаёчку
Зязюлька
кукуе.
Хлопец
коніка сядлае.
Ён яе не
чуе.
Голас у яго быў
прыгожы, ён прагучаў задзірыста, як выклік ворагам беларускай старонкі.
-- Паходную,
значыць! -- шырока расплюшчанымі вачыма
Сымон паглядзеў на Восіпа. Ён ніколі не думаў, што сябар паходную песню можа
скласці, а потым заспяваць.
-- Паходную! --
прагаварыў Восіп. -- Магчыма, неўзабаве прыйдзецца выступіць у паход! Хіба мала
ворагаў у нас?
-- Без канца лезуць, --
адзначыў Сымон і папрасіў:
-- Далей спявай!
Смялей заспяваў Восіп:
У
бярозавым гаёчку
Зязюлька
лятае.
Зорка
ясная – дзяўчынка --
Слёзкі
выцірае.
“Не сядлай
каня, каханы,
На вайну
не едзь.
Маё
сэрцайка дзявоча
Кожны
дзень будзе балець”.
“Нямала слёзак пралілі
нашы беларусачкі, чакаючы нас з вайны”, -- падумалася Сымону.
Спявае Восіп. Мацнее,
мужнее яго голас.
Прытуліў хлопец дзяўчыну.
На душы моцна шчыміць.
Супакоіць яе трэба
І ўвесь род абараніць.
-- Вораг блізка, наступае,
Паліць вёскі, гарады.
Ты не плач, мая каліна,
Уратую ад бяды.
Сымон моцна сціснуў
кулак. Яму здалося, што вострую шаблю ў правай руцэ трымае.
Гучыць над ракою
Восіпава песня. Імклівае цячэнне ўдалеч нясе яе, па навакольных вёсачках
разносіць.
А Сымон слухае,
запамінае, каб потым заспяваць, едучы ў баявым страі.
Калі ж ў хату не вярнуся,
Горкіх слёз не пралівай.
Няхай лёс табе спрыяе,
Памагае вольны край.
Наша сонца, наша неба,
Наша песня, наша казка.
Не трымай хмурынку,
Усміхніся, кветка-краска.
Песняй льецца ў
беларускай прасторы голас Восіпа, як льецца вада з гаючай крыніцы, каб потым з
ручайка ў шырокую раку трапіць.
На каня хлопец садзіцца,
Гладзіць дужаю рукой.
Можа, сёння, можа, заўтра
Распачнецца цяжкі бой.
-- Ой, нясі мяне, мой конь,
З сябрамі выдатнымі.
Пасячэм чужынцаў
Шаблямі булатнымі.
“З сябрамі выдатнымі!”
– паўтарыў Сымон і змахнуў з вачэй здрадлівыя слязінкі.
Капытамі стукаюць,
Бягуць уперад коні.
Узнімаецца угору
Сцяг нашай пагоні, --
закончыў спяваць Восіп і пацікавіўся
ў аднавяскоўца:
-- Прыгожая мая песня?
-- Без канца прыгожая,
-- выказаўся Сымон.
А ў беларускіх вёсках,
калі трэба было сказаць вельмі, надта,
надзвычай, многія сталі казаць без
канца.
Змешчана ў кнізе “Нязваныя госці”,
выдадзенай у выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная
аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. –
Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.