Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў трэцяга скланення ў адзіночным ліку

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ    

 

Тэма: Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў трэцяга скланення ў адзіночным ліку.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Грыбок, верасень,

                                                   Лясны, хваёвы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успомнім! Да трэцяга скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне: печ [6, стар. 166, “Беларуская мова”].  

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: поўначы ці поўначі, дэталі ці дэталя? (1)

Як  пішам: поўначчу ці поўначай? (2)

Як  пішам: косцю ці косцяй ? (3)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце!

У творным склоне адзіночнага ліку канчаткі назоўнікаў трэцяга скланення залежаць ад зычнага асновы:

у маюць назоўнікі з асновай на зацвярдзелыя зычныя [ж], [ч], [ш]: поўначчу;

ю маюць назоўнікі з асновай на мяккі і цвёрды зычны: косцю, Об’ю                     [3, стар. 236, “Беларуская мова”].  

У родным, давальным і месным склонах адзіночнага ліку назоўнікі трэцяга скланення маюць канчатак –ы пасля зацвярдзелай асновы, і – пасля мяккай і цвёрдай асновы: поўначы, дэталі [5, стар. 166, “Беларуская мова”].

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “магутнасцю” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “магутнасцю”?

Для даведкі: магутнасцю аўтамабіля – магутнасцю характару.

Адзначаем! Калі апошні зычны асновы стаіць пасля галоснага, то ён падаўжаецца, а калі пасля зычнага – не падаўжаецца [3, стар. 236, “Беларуская мова”].  

Напрыклад: столь – столлю, маладосць – маладосцю.

Назавіце словы. 

                                                            Пішам з у, ю

                                                            Чырванню, соллю,

                                                            Вернасцю, мышшу,

                                                            Смеласцю, … (моллю).

                                                                          Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літар у,  ю ў словах вершаванага тэксту “чырванню”, “соллю”, “вернасцю”, “мышшу”, “смеласцю”, “моллю”.

                                                             Пішам з ы, і

                                                             Чырвані, солі,

                                                              Вернасці, мышы,

                                                              Смеласці, … (молі).

                                                                           Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літар ы,  і ў словах вершаванага тэксту “чырвані”, “солі”, “вернасці”, “мышы”, “смеласці”, “молі”.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары у, ю, ы, і, потым напішыце беларускае слова “прыгажосць” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Запамінаем! Не падаўжаюцца зычныя б, п, м, р, ф, ў. Пасля іх (акрамя ў) перад канчаткам ю пішацца апостраф: Об – Об’ю [4, стар. 102, “Беларуская мова”].

                    [3, стар. 236 -- 237, “Беларуская мова”]

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў, запісаўшы іх у  алфавітным парадку.

Сібір, верф, Сібір’ю, верф’ю. (Верф – верф’ю, Сібір – Сібір’ю.)

Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                      І да вады галінкаю

                                                      Вербачка зялёная

                                                      Нясмела дакранулася.

                                                      Над заваддзю нагнулася

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яго напісанне.

Скорагаворка.

Гаварылі аб стараннасці і працавітасці, вучылі ветлівасці (Аляксей Якімовіч).     

Вызначце склон назоўнікаў і растлумачце правапіс іх канчаткаў. Пастаўце гэтыя назоўнікі ў форме творнага склону.

Сустрэча з фразеалагізмамі.

Назавіце фразеалагізмы ў вершах Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць  “быццам знарок, быццам спецыяльна” і “зразумела, безумоўна, вядома”.

                                                   Увесь дзень дажджу чакалі.

                                                   Ненадзейны гэты госць.

                                                   Не прыйшоў ён,

                                                   … … … .

 

                                                    -- Стаіць у маёй хаце

                                                    Вялікая печ.

                                                    -- Зімою цябе грэе?

                                                    -- … … .

Назавіце ў вершаваных тэкстах назоўнікі трэцяга скланення. Праскланяйце іх.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя ан ьцсолз; яамодяв чэр [1, стар. 60,  342, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                Ноч над светам панавала.

                                                Поле жудасна маўч(я, а)ла

                                                І халоднай цішынёй

                                                Непрыветна сустрачала

                                                Тых, хто з скрыўджанай душой

                                                Смутак нёс свой, сваё гора

                                                У свет гэты, гэту даль,

                                                 Каб рассеяць на прастор(і, ы)

                                                 Слёзы горкія і жаль… [2, стар. 296, “Паэмы Я. Коласа”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “сустрачала”. (Сустракала.)

Назавіце ў вершаваным тэксце назоўнікі трэцяга скланення. Пастаўце іх у родным і творным склонах.        

Адказы на пытанні.

 У якіх склонах адзіночнага ліку назоўнікі 3-га скланення маюць аднолькавыя канчаткі? (У родным, давальным і месным.)

Якія канчаткі маюць назоўнікі 3-га скланення адзіночнага ліку ў творным склоне?

Калі ў творным склоне падаўжаецца апошні зычны асновы?

Тэст.

Назавіце назоўнікі, у якіх падаўжаецца апошні зычны асновы ў творным склоне.

1. Спіраль.

2. Урачыстасць.

3. Радасць.

4. Квецень.

5. Прыпяць.

6. Крэпасць.

7. Рысь.

Адказ: 1, 4, 5, 7.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

3. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

5. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.

6. Шэўчык, Н. І., Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар. асвета, 1977. --  240 с. : іл.   

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні)  надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, красавік 2021 года, № 4.