Пра багоў язычніцкіх. Народ ратуе бога вясновага сонца Ярылу
(Ярылу Сонцалікага, Ярылу-агонь, Ярылу-багача)
(у
форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх
цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем,
што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія
выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых
даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на
Вялікдзень, і на Каляды.
-- Хто такі Яшчар?
-- Злы бог зімы, бог паморку, падобны на вялікую яшчарку.
-- Якое дачыненне ён мае да бога вясновага сонца Ярылы?
Першы раз бог вясновага сонца Ярыла (Ярыла-агонь) з выраю
(раю) сышоў на зямлю ў выглядзе агню, каб даць людзям святло і цяпло. Людзі яго
Багачом назвалі, на таку паклалі і падсычвалі святым вярбовым агнём. Але з
часам абленаваліся яны, перасталі святыя вярбовыя галінкі ў агонь класці, і ён
пакінуў людзей. А люты Яшчар красуняю абярнуўся і да сябе яго запрасіў.
-- Паслухаўся Ярыла-агонь, Ярыла-багач Яшчара, паверыў
яму?
-- Паверыў. У марскія нетры, у свае харомы Яшчар прывёў Ярылу-агонь,
Ярылу-багача і, сілы зарокам адняўшы, рукі да скалы прыкаваў.
-- Зноў запанавала цемра на зямлі?
-- Вялікая цемра. Жахнуліся людзі, адчуўшы свой грэх. І
сталі прасіць галоўнага бога сусвету Дальбога, каб дапамог ім вярнуць Ярылу-агонь,
Ярылу-багача.
-- Хто ж дапамог людзям у гэты цяжкі час?
-- Багіня розуму, апякунка чалавека Рада, пачуўшы просьбы
людзей, падказала старым вешчунам, як Ярылу-агонь, Ярылу-багача выратаваць.
-- Што дзеля гэтага зрабілі людзі?
-- Па загаду вешчуноў зрабілі доўгую жэрдку з
папярэчынамі на канцах і, знайшоўшы тое сухое паваленае дрэва, па якім Ярыла-агонь
некалі маланкаю сышоў на зямлю, узяліся за папярэчкі, сталі па дрэве туды-сюды
цягаць, каб Яшчараў зарок з Ярылы-агню, з Ярылы-багача зняць і са страшных
марскіх харомаў вызваліць.
-- Стаўся чаканы цуд?
-- Закурэўся дымок пад дрэвам, і ўспыхнуў агонь.
-- Гэта быў вызвалены Ярыла-агонь, Ярыла-багач?
-- На гэты раз людзі Купалаю яго назвалі. Выходзячы з
марскіх нетраў, ён у моры купаўся.
-- Як сустрэлі людзі Купалу – другі прыход бога Ярылы на
зямлю, другое нараджэнне Ярылы-сонца пасля яго выхаду з падводнай процьмы?
-- На ўзгорках распалілі вогнішчы, каб агнём ачысціць свой
грэх. Славячы Купалу, песні спявалі, Яшчара ў выглядзе саламянага пудзіла на
агні палілі і ў ваду кідалі. А цудоўны ключ, якім Ярыла Сонцалікі калісьці адамкнуў
зямное жыццё, у свой знак ператварылі. Гэты знак іх ад чорных моцаў бараніў.
-- Што з’яўляецца эмблемай Купалы, яго сімвалам, ідэяй?
-- Мы ведаем, што эмблема міру – голуб, эмблема
Алімпійскіх гульняў – пяць кольцаў. А эмблема Купалы – двукрыж.
Аляксей Якімовіч
Купала
Ёсць у людзей загана:
Лянота ў іх бывае.
Вельмі часта такі грэх
Жыць перашкаджае.
Пра агонь-багач, які грэў,
Людзі сталі забывацца.
Не падсычвалі галінкамі:
Надакучыла ўвіхацца.
Крыўдна стала Багачу.
Ён людзей пакінуў.
З хат людскіх пайшоў
І бясследна згінуў.
Яшчар – злосны бог зімы –
Красуняй абярнуўся,
Падсцярог Ярылу-багача,
Прыязна ўсміхнуўся.
Потым песняю прывабіў,
Чароўна заспяваў.
На дно мора запрасіўшы,
Да скалы там прыкаваў.
Сядзяць людзі ў хатах.
Холадам падзьмула.
Цемрач страхалюдная
Да зямлі прыгнула.
Апякунка Рада
Людзей пашкадавала:
Як Ярылу вызваліць,
Вешчунам сказала.
Па загаду вешчуноў
Людзі жэрдку адшукалі,
На яе канцах
Папярэчыны прывязалі.
Узяўшыся за іх, сюды-туды
Па дрэвіне цягаюць,
Крыжавіннем з Ярылы
Яшчураў зарок знімаюць.
Закурэўся дымок,
Агонь палыхнуў.
Выйшаў Ярыла з процьмы,
Святым агнём дыхнуў.
Цяпер Ярылу-багача
Купалаю назвалі.
Бо ў моры купаўся,
Калі вызвалялі.
Кастры распалілі,
Агнём грэх ачышчалі
І, Купалу славячы,
Святочныя песні спявалі.
2022 год