Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. Займеннік як часціна мовы. Роля займеннікаў у маўленні

 

Творчы ўрок у 4 класе. Займеннік як часціна мовы. Роля займеннікаў у маўленні

 

Мэты: пазнаёміць з займеннікам як часцінай мовы; фарміраваць уменні і навыкі распазнаваць займеннікі ў тэксце; вучыць  выкарыстоўваць іх  у якасці тэкстаўтваральнага сродку; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў;  выхоўваць у іх любоў і павагу да роднай мовы; прывіваць цікавасць да народных казак.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Паўтараем з рознай інтанацыяй і сілай голасу:

(Ціха.) Як добра, што ёсць беларуская мова!

(Мацней.) Як добра, што ёсць беларуская мова!

(Моцна.) Як добра, што ёсць беларуская мова!

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаэпічная размінка.

Ягады ягня

                                                            Збірала,

                                                            Кубак імі

                                                            Напаўняла.

                                                                        Аляксей Якімовіч.

4. Чыстапісанне.

                     Я я  ял

                     ягады  яны

Падзяліце словы на склады для пераносу. Якое слова нельга перанесці?

Што вы ведаеце пра літару я? ( Я -- літара, склад, слова, часціна мовы).

Пісьмо па памяці.

Раскрыйце значэнне народных параўнанняў.

Як з ланцуга сарваўся.

Як зорку схапіў.

Як каліна гарыць.

Запішыце параўнанні па памяці.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік. У гэтай часціны мовы ёсць дружная сям'я, у якой кожны не толькі адстойвае сваё "я", але і пры неабходнасці можа цвёрда заявіць: "Мы!" Гэта часціна часта дапамагае  іншым:  замяняе назоўнікі, прыметнікі, выручае іх у цяжкую хвіліну. Называецца яна  займеннікам.

Разам з казачнымі героямі адправімся на сустрэчу з ім.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

На беразе рэчкі сядзелі Шпачок і Сарока. Адзін гарэзлівы Шчупачок вырашыў іх напалохаць. Падплыў да берага, з усёй сілы пляснуў па вадзе хвастом і схаваўся ў густым аеры.

Але не спалохаліся Шпачок і Сарока. Шпачок дык усклікнуў у захапленні:

-- Ух ты!

-- Шаноўны Шпачок, якое слова ў выразе "ух ты!" з'яўляецца асабовым займеннікам? -- запыталася Сарока.

-- Я некалі чытаў пра асабовыя займеннікі, але ўжо ўсё забыўся, вылецела з галавы, -- шчыра прызнаўся Шпачок.

-- Давай успомнім! -- ускочыла Сарока. Яна не любіла сядзець проста так. -- Якое слова ты выкарыстаеш, калі будзеш расказваць пра сябе?

(На гэта пытанне, як і на іншыя, разам са Шпачком адказваюць і вучні, тым самым стараючыся зразумець, што такое займеннік.)

-- Я, канешне, -- адказаў Шпачок.

-- А калі будзеш расказваць і пра сябе, і пра мяне?

-- Мы, напэўна.

-- Я, мы -- гэта займеннікі. Запомні! -- адзначыла Сарока і адразу ж задала новае пытанне: -- А як назавеш сваю сяброўку, мяне, напрыклад?

Шпачок усміхнуўся.

-- Ты!

-- А калі б я была на многа старэйшая за цябе, то як да мяне звярнуўся б?

-- Вы!

-- Ты, вы -- таксама займеннікі! Яны ўказваюць на асобу ці прадмет.

-- А яшчэ ёсць займеннікі ён, яна, яно, яны. Яны таксама ўказваюць на асобу ці прадмет, -- успомніў Шпачок і, ускочыўшы, стаў маршыраваць па беразе, гучна вымаўляючы ў такт крокам: -- Я, мы!

-- Ты, вы! -- прагаварыла Сарока і таксама стала маршыраваць па беразе.

-- Ён, яны! -- гукнуў Шпачок.

-- Яна, яно! -- падхапіла Сарока.

 Як два бравыя салдаты, маршыруюць Шпачок і Сарока і цвёрда вымаўляюць у такт:

-- Я, мы! Ты, вы! Ён, яна! Яно, яны!

А Шчупачок пазірае на іх з вады і думае: "Вось якія яны разумнікі!"

Узнаўленне пачутага.

Запішыце нагаданыя героямі казкі займеннікі ў два слупкі:

                                         Займеннікі

ў адзіночным ліку                                       ў множным ліку

я                                                                     мы

ты                                                                  вы

ён                                                                  яны

яна

яно

Лексічная праца.

Перабудуйце сказы так, каб пазбегнуць паўтарэння адных і тых жа слоў. Якая часціна мовы дапамагла вам гэта зрабіць?

1. Мая мама працуе настаўніцай. Маме падабаецца яе праца. 2. З-за хмаркі выгянула сонца. Сонца ярка засвяціла 3. Мой старэйшы брат займаецца спортам. Брат пасля ўрокаў ходзіць на трэніроўкі. 4. Вечарам выпаў першы снег. Белай коўдрай снег накрыў усё наваколле. 5. На небе з’явілася цёмная хмара. Цёмная хмара імкліва набліжалася да лесу.

Якую ролю займеннікі выконваюць у сказе? (Дапамагаюць пазбегнуць паўтарэння адных і тых жа слоў.)

Самастойная праца.

Прачытайце.

У нашу  вёску прыязджала славутая балерына. Яна калісьці жыла тут. На двор выбеглі дзеці. Яны вырашылі пагуляць у футбол.

Ахарактарызуйце займеннікі яна, яны, карыстаючыся наступнай запіскай-"дапамагаткай":

Ён (якога ліку?) -- ... .

Ўжываецца  замест ... .

Указвае ... .

У сказе дапамагае ... .

Раскрыйце значэнне слова “балерына” (Артыстка балета.)

Падбярыце сінонім да слова “балерына”. (Танцоўшчыца.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка балерына. Ці з'яўляецца аднакаранёвым словабалеро” (іспанскі народны парны танец, а таксама музыка да гэтага танца)? [1, с. 52, “Тлумачальны слоўнік”].

Пры напісанні слова “балерына” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Перакладзіце на рускую мову слова "балерына". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Балерына -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце літару е.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

Гусак пеўня папрасіў:

                                                   -- Ты заўтра да мяне прыйдзі.

                                                   Калі ўстане сонца,

                                                   Кукарэкай, … (разбудзі).

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Вы сцвярджаеце, што слова “ты” з’яўляецца займеннікам. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

А ці з’яўляецца займеннікам слова “мяне”?

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. Не з дзеясловам “заблудзіцца” пішацца разам. (Вучні прысядаюць.)

2. Не з дзеясловам “зачыняй” пішацца разам. (Вучні прысядаюць.)

3. Не з дзеясловам “непакоіць” пішацца разам. (Вучні пляскаюць у далоні.)              Рэдагаванне.

Устаўце замест кропак патрэбныя займеннікі. Выпішыце іх разам з тымі словамі, замест якіх яны ўжыты.

Узор. Яна (Ніна).

Адпраўляючы Аленку ў садок, мама заплятае … (ёй) коскі.

-- Мама, а чаму ў (цябе) няма косак? – цікавіцца Аленка.

-- Свае коскі .. (я) абрэзала.

-- Ведаю, чаму абрэзала, -- падумаўшы, сказала Аленка. -- … (Табе) тата коскі не хацеў заплятаць (Аляксей Якімовіч “Каб мама ўсміхалася”, стар. 106).  [6, с. 106, Каб мама ўсміхалася”].

Займеннікі для даведкі: я, ёй, табе, цябе.

Праца са словам.

Запішыце словы, якія адносяцца да хаты ці іншага памяшкання.

Страха, дах, столь, падлога, калідор, лесвіца, ганак, прыступка, дзверы.

Адгадайце загадку.

Не крочаць, а ходзяць. (Дзверы.)

Перакладзіце на рускую мову слова "дзверы". (Дверь.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Складзіце словазлучэнне са словам «дзверы». (Адчыніць дзверы.)

Скажыце, што гэта.

Верхняя частка будынка, якая пакрывае яго. (Дах, страха.) [1, с. 100, “Тлумачальны слоўнік”].

У чым адрозненне паміж дахам і страхой? (Страха звычайна зроблена з саломы, чароту).

Дзе ў памяшканні вы можаце ўбачыць прыступку? (На лесвіцы ў хаце, каля ганка.)

Перакладзіце на рускую мову слова "ганак". (Крыльцо.) Параўнайце гучанне і напісанне.

-- Скажыце, што гэта?

Верхняя сценка памяшкання, процілеглая падлозе. (Столь.)

Замяніце займеннікамі словы «страха», «дах», «столь», «падлога», «калідор», «лесвіца», «ганак», «прыступка», «дзверы».

Займальны матэрыял “Паведамляюць словы”.

Займеннік я правільна назваў словы, якія пачынаюцца з я, справіўся з заданнем. А ці зможаце гэта зрабіць вы?

Калі да мяне дадаць два цвёрдыя зычныя і галосны, атрымаецца старажытны артылерыйскі снарад у выглядзе чыгуннага ці каменнага шара. ( Ядро) [1, с. 372, “Тлумачальны слоўнік”].

Калі да мяне дадаць два цвёрдыя зычныя і два аднолькавыя галосныя, атрымаецца смачная садовая або лясная … (ягада).

Калі побач са мною сталі цвёрды зычны і галосны, з’явілася дзяўчынка …(Яна).

Калі стаў мяккі зычны, прыплыла рыба … (язь).

Калі побач стануць цвёрды зычны і галосны, убачыш небяспечнае месца. (Яму.)

Калі побач сталі цвёрды зычны, галосны і яшчэ адзін цвёрды зычны, я вельмі добра загаварыў. ( Язык).

Як вы разумееце сэнс прыказкі  Язык да Кіева давядзе?

Пабудуйце два сказы, выкарыстаўшы наступныя словы: Яна - яна.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – Ціў! Ціў! Ціў!  – потым прамовіце і вы.     

                                             На двор выйшла куранятка.

                                             Толькі што прачнулася.

                                             Пеўніка ўбачыўшы,

                                             Яму усміхнулася.

-- Заспявай мне, калі ласка, --

                                             Рабы пеўнік папрасіў.

                                             Заспявала куранятка:

                                             -- Ціў! Ціў! Ціў!

                                                           Аляксей Якімовіч.

Назавіце займеннікі ў вершы.

Якімі займеннікамі можна замяніць назоўнікі куранятка, пеўнік.

Раскрыйце значэнне слова “ціўкаць”. (Падаваць голас.)

Праца з загадкамі.

Спішыце і адгадайце народныя  загадкі. Назавіце ў сказах займеннікі. Ахарактарызуйце іх, выкарыстаўшы матэрыял з рубрыкі “Узнаўленне пачутага”.

1. Мяту, мяту -- не вымету, нашу, нашу -- не вынашу, як пара прыйдзе – сам ён выйдзе. (Сонечны прамень). 2. Паміж двух свяціл я пасярэдзіне адзін. (Нос). 3. Як сонца гарыць; хутчэй за вецер ляціць; дарога яе ў паветры вісіць. (Электрычнасць). 4. Глянеш – заплачаш, а ўсе яму рады (Сонца.) [2, с. 360, 321, 372, 357, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Праца з практыкаваннем.

Спішыце, устаўвіўшы замест кропак патрэбныя займеннікі.

Нядаўна... прачытаў цікавую народную казку. ... героі – птушкі і звяры. … разам змагаліся з нядобрым чараўніком.

Якія казкі ведаеце вы? Ці падабаюцца яны вам?

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Падкрэсліце займеннікі як члены сказа.

 

Львы

 

Львы относятся к семейству кошачьих. У них есть мех, острые зубы, они вместе охотятся, чтобы добыть пищу. Львы – единственные представители кошачьих, живущие группами, которые называюся прайдами. Прайд обычно состоит из одного льва, нескольких львиц и их детёнышей. Львицы охотятся, чтобы накормить весь прайд (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 18).   [4, с. 18, «Животные»].

Слоўнік: семейство кошачьих – сям'я каціных; пища – ежа; единственный – адзіны; живущие группами – якія жывуць групамі; детёныш – дзіцяня.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылкі ў  сказе з парушанай сэнсавай сувяззю.

Мой старэйшы брат чысціць зубы зубной ваксай. Яе купіла яму мама. (Зубной пастай.)

Назавіце займеннік у сказе. Дакажыце, што гэта займеннік. 

Самастойная праца.

Спішыце, устаўляючы замест кропак патрэбныя займеннікі. Пры неабходнасці пастаўце іх у пачатковай форме: у назоўным склоне адзіночнага ліку.

Узор. Яе – яна.

Праз тыдзень, за лічаныя дні, моцна змянілася бяроза. На …(яе) галінках многія лісткі ўжо пажаўцелі. Жоўтае, залатое і зялёнае, сакавітае спалучаецца там. … (Мы) ўзнімаем галаву і любуемся гэтым цудам прыроды.

Некаторыя жаўталісцікі ляжаць на траве. З … (яе) падняліся светла-слівовыя кветкі дзікай канюшыны, жоўтыя – малачаю, васільковыя, блакітныя – цыкорыя. … (Яго) карзінкі раскрыліся ў чатыры-пяць гадзін раніцы, калі цемра вісела над зямлёю. Па суседству з цыкорыем невядомыя … (мне) расліны з востранькімі прадаўгаватымі лісцікамі-елачкамі. Белыя вяночкі, як паненак, упрыгожваюць … (іх) (Аляксей Якімовіч “Белакрылая птушка”) [5, с. 6, “Белакрылая птушка”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрыйце дужкі, устаўце патрэбныя  літары, напішыце разам або асобна. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

І паглядзець было цікава,

                                                Як дзядзька [Антось] шчыра і ласкава

                                                Касу на рынку выбірае!

                                                Якіх ён спро(п, б) там не ўжывае!

                                                Спярша агледзіць яе пільна,

                                                З усіх бакоў гл(я, е)дзіць прыхільна… [3, с. 195, “Новая зямля”].

Знайдзіце ў тэксце займеннікі. Ахарактарызуйце іх..

Падбярыце сінонімы да слова “рынак”. (Базар, кірмаш.)

Тэст.

Выберыце правільны адказ. Патрэбнае падкрэсліце.

Займеннікі:

1) абазначаюць прадмет;

2) указваюць на прадмет;

 3) абазначаюць дзеянні прадмета.

Займеннікі замяняюць у сказе:

1) дзеясловы;

 2) назоўнікі.                                            

Займеннікі адзіночнага ліку:

1) вы;

 2) мы;

 3) ён.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Назавіце займеннікі, якія вы ведаеце.

Якая роля займеннікаў у маўленні? Прывядзіце прыклады.

Калі займеннік вы трэба пісаць з вялікай літары? Чаму?

9. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

5. Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.

6. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. 

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 23 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.