Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Назыўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Назыўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне

Што трэба ведаць пра назыўныя сказы?

Назыўныя сказы -- гэта аднасастаўныя сказы, у якіх галоўны член -- дзейнік, выражаны назоўнікам у назоўным склоне.

Як  іх распазнаць?

Каб распазнаць назыўныя сказы, трэба вызначыць граматычную аснову.
Сонечная раніца. (Ш т о?) раніца. Дзейнік “раніца” выражаны назоўнікам у назоўным склоне, выказнік адсутнічае. Значыць, гэта аднасастаўны назыўны сказ.
Праца з тэкстам.
Прачытайце тэкст. Вызначце аднасастаўныя сказы з галоўным членам дзейнікам. Якія гэта сказы?
Зіма. Марозны дзень. Поўдзень. Прыгожыя сняжынкі. Радуюць мяне.
Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). У назыўных сказах дзейнік можа развівацца толькі дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі і ўказальнымі часціцамі вось, вунь.
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Назыўныя сказы вымаўляюцца запаволеным тэмпам, паміж імі робіцца працяглая паўза, лагічны націск прыпадае на дзейнік.
Выразнае чытанне.
Прачытайце выразна, звяртаючы ўвагу на інтанацыю назыўных сказаў. Дакажыце, што ў назыўных сказах сцвярджаецца наяўнасць прадметаў або з'яў у цяперашнім часе.
Зіма... І золкія завеі...
                                                            Дарогі снегам замяло.
                                                            Таполі ў наквеці сівеюць,
                                                            І нікнуць бомы за сялом.

                                                            Нямая бель... Гаі... Дубровы...
                                                            Маўчаць за возерам стагі,
                                                            Згубілі вербы каляровасць,
                                                            А там... снягі... снягі... снягі...

                                                            Зіма!.. Зіма!.. Ў палях туманы...
                                                            Нервова плачуць палазы.
                                                            Бялеюць сонныя паляны
                                                            Ў завеях дзікае красы.
                                                                            Паўлюк Трус.
Чаму не з'яўляецца назыўным сказ "У палях туманы"?
Падбярыце сінонімы да слова "бомы". (Званочкі, бразготкі.)
Назавіце назоўнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:
Вёсны -- вясна!..
                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:
                                                                У першым складзе перад націскам яна.
                                                                                                                         (Сялом.)
Самастойная праца.
Развіце назыўныя сказы дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі ці ўказальнымі часціцамі вось, вунь.
1. ...(Цёплы) вечар, ... (ціхі) вечар, ... (свежы) стог (Максім Багдановіч). 2. ... (Прыгожы) дом. Каля яго стаіць гаспадар. 3. Эх, шляхі, ... (родныя) шляхі! (Якуб Колас). 4. … (Высокія) гурбы. 5. … (Тонкая) асінка. 6. … (Сцюдзёная) крыніца.
1. … (Вунь) вёска. … 2. (Вось) сад.
Ці супадае вымаўленне слова "стог" з напісаннем? Чаму?
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Назыўныя сказы трэба адрозніваць ад двухсастаўных. Так, сказ Цёплы  дождж з'яўляецца назыўным, паколькі прыметнік стаіць перад паяснёным словам і з'яўляецца азначэннем. Калі прыметнік у сказе паставіць пасля назоўніка, то ён будзе выконваць ролю выказніка, і сказ становіцца двухсастаўным: Дождж  цёплы (выказнік).
Лінгвістычны каментарый настаўніка.          
Ведайце! Назыўныя сказы трэба адрозніваць ад няпоўных, у якіх прапушчаны які-небудзь член сказа -- галоўны або даданы. Прапушчаныя члены ў няпоўных сказах лёгка ўзнаўляюцца дзякуючы папярэднім сказам. Яны часта ўжываюцца ў дыялогу:
-- Колькі табе гадоў?
-- Дванаццаць.
Карысна ведаць.
Наша сівая гісторыя. У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Ці ёсць у тэксце назыўны сказ?
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Молва -- гоман, гук ад мовы людской, вокрык і трывога;  молвлю -- гаманю, гавару.
Выкарыстаўшы словы "гоман" і "вокрык", пабудуйце і запішыце назыўныя сказы. (Дружны гоман. Нечаканы вокрык!)
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожыя беларускія словы “назыўныя сказы” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце іх, добрых і ласкавых.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "арахіс". (Травяністая алейная бабовая расліна, а таксама плады гэтай расліны  (земляныя арэхі.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.       
Пабудуйце і запішыце назыўны сказ са словам "арахіс". (Вунь арахіс.)
               [2, стар. 31, “Слоўнік іншамоўных слоў”]   
[1, стар. 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Арахіс, валёнак, занятасць, цэгла, вага, здаўна.
Адказ. Арахіс, валёнак, занятасць, цэгла, вага, здаўна.
Падбярыце аднакаранёвае слова да назоўніка "арахіс". Выдзеліце ў ім корань. (Арахісавы.)
Падбярыце рускі адпаведнік да слова "арахіс". (Арахис.) Параўнайце гучанне і напісанне. Чаму ў беларускай і рускай мовах слова гучыць аднолькава? (Запазычана з грэчаскай мовы.)
Пабудуйце словазлучэнне са словам "арахіс". (Зялёны арахіс.)
Праца са сказамі.
Запішыце. Вызначце від аднасастаўнага сказа. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:
1) у назыўным сказе галоўны член з'яўляецца дзейнікам, выражаным назоўнікам у назоўным склоне;
2) у назыўным сказе дзейнік можа развівацца дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі;
3) у назыўным сказе дзейнік можа развівацца ўказальнымі часціцамі вось, вунь.
Зялёны луг. Вакол кветкі.
Лінгвістычны каментарый настаўніка. Ведайце! Назыўныя сказы звычайна пачынаюць тэкст, уводзяць чытача (слухача) у абстаноўку, у падзеі.
Тэст.
Вызначце тэксты, у якіх назыўныя сказы ўжываюцца:
1) пры напісанні сцэнарыяў, у рэмарках п'ес;
2) як зручная форма перадачы перажыванняў, успамінаў;
3) як сродак лаканічнай абмалёўкі карцін прыроды, месца і часу дзеяння.
1. Спякотны дзень. Дзяніска сядзіць на возе. Злосныя авадні. Бзыяць, стараюцца ўджаліць.
Закончыце думку сказа: Частка асновы, якая стаіць перад коранем і надае слову новае лексічнае або граматычнае значэнне -- гэта... .  (Прыстаўка). Назавіце ў тэксце словы з прыстаўкамі.
2. Пачатак п’есы-казкі.
Дзень. Лясны ўскраек. Узвышаюцца елачкі. Адна з іх свеціцца агнямі.
Закончыце думку сказа: Значымая частка слова, якая стаіць пасля кораня і служыць для ўтварэння новых слоў, -- гэта... .  (Суфікс.) Абазначце суфікс у слове "лясны".
Са сказаў, выдзеленых курсівам, выпішыце словазлучэнне (словазлучэнні, калі іх два ці болей).
Цікава ведаць.
Прачытайце ўголас у адпаведнасці з нормамі літаратурнага вымаўлення. Дайце загаловак тэксту і вызначце яго стыль і тып маўлення. Па якіх прыметах вы гэта зрабілі?

(Павага да маці)
Маці вядомага англійскага фізіка Эрнста Рэзерфорда была малапісьменнай удавой. Эрнст яе вельмі любіў і паважаў. 
У 1921 годзе англійскі ўрад, адзначаючы заслугі Рэзерфорда, удастоіў яго тытула баранета і звання лорда. Не адкладваючы, тэрмінова ён паслаў маці тэлеграму наступнага зместу: "Такім чынам, лорд Рэзерфорд. Гонар, аказаны больш табе, чым мне. Люблю. Эрнст".
Назавіце прыслоўе, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:
Акуратна,
                                                                                    ад душы
                                                                     о, э пад націскам пішы.
                                                                                                                            (Тэрмінова.)
Вызначце назыўны сказ. Выкарыстаўшы памятку "Сінтаксічны разбор аднасастаўнага сказа", зрабіце яго пісьмовы і вусны сінтаксічны разбор.
Сінтаксічны разбор аднасастаўнага сказа
Графічны разбор
Халодная сняжынка.
Вусны разбор
Сказ просты, аднасастаўны з галоўным членам дзейнікам, назыўны, развіты, поўны.
(Ш т о?) сняжынка -- дзейнік, выражаны назоўнікам у форме Н. скл,. адз. л.;
сняжынка (я к а я?) халодная -- дапасаванае азначэнне, выражана якасным прыметнікам.
Сказ апавядальны, няклічны.
Перакладчыкі.
Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і запішыце. Якія з гэтых афарызмаў з'яўляюцца назыўнымі сказамі? Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго назыўнога сказа.
Отец семейства (Катон Старэйшы).
Второй "я" (о близком друге) (Цыцэрон).
У друзей всё общее (Публілій Сір).
Молодость дороже золота (Ювенал).
Старшим преимущество (Авідзій).
Холодная война (Цыцэрон).
На войне дважды ошибаться нельзя (Публілій Сір).
Слова для даведкі: преимущество -- перавага.
Тэст.
Адзначце назыўныя сказы.
1. Калдобістая дарога.
2. Яркае сонца выйшла з-за хмары.
3. Сонца яркае.
4. Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку (Якуб Колас).
5. Шчаслівая пара.
Падбярыце да дыялектнага слова "чароты" літаратурны адпаведнік. (Чараты.)
Адказы. Назыўныя сказы: 1, 4, 5. У чацвёртым сказе словы "лоз", "дубняку", "траў", "хмызняку" -- азначэнні.
5. Мытны кантроль.
Н а с т а ў н і к. Прапаную вам адказаць на пытанне-жарт "За які пятачок нічога не купіш?". (За свіны.)
Спадзяюся, што вы цяпер правільна адкажаце і на пытанні да тэмы "Назыўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне", толькі ўжо без жарту.
Якія сказы адносяцца да назыўных?
Што абазначаюць назыўныя сказы?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.