Поиск по этому блогу

Тэма: Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, іх інтанаванне, знакі прыпынку

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, іх інтанаванне, знакі прыпынку

 

Што трэба ведаць пра адасобленыя акалічнасці?

 

Адасобленыя акалічнасці абазначаюць дадатковае дзеянне ў адносінах да другога (асноўнага) дзеяння, якое выражана дзеясловам-выказнікам, і адказваюць на пытанні я к? я к і м  ч ы н а м?  у  я к о й  с т у п е н і? к а л і? і іншыя.

Лежачы, яды не здабудзеш.

-- Асноўнае дзеянне -- не здабудзеш, дадатковае -- лежачы.

-- Лежачы -- адасобленая акалічнасць.

 

Як іх распазнаць?

 

Адасобленыя акалічнасці часцей выражаюцца адзіночнымі дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўямі ў спалучэнні з залежнымі словамі. Напрыклад: Вярнуўшыся з лесу, я памыўся і прылёг на канапу.

Карысна ведаць.

У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. Чытаючы “Лексіс”, вы знойдзеце шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.

Назавіце адасобленую акалічнасць у тэксце.

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Наследник -- дзедзіч.

Выкарыстаўшы слова "дзедіч", пабудуйце і запішыце сказ з адасобленай акалічнасцю. (Сустрэўшыся з тутэйшымі жыхарамі, я пацікавіўся, ці ведаюць яны, хто быў дзедзічам гэтага даўняга маёнтка.)

Назіранне за словам.

Спішыце. Вызначце адасобленыя акалічнасці. Чым яны выражаюцца?

1. Ападаючы, лісце прыгожым жоўтым дываном засцілала зямлю. 2. Шырокі гасцінец, рассякаючы на дзве няроўныя паловы бярозавы лясок, праходзіў праз пагорак. 3. Міхал ідзе туды, на поле, дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай, абводзіць лес прыгожай стужкай (Якуб Колас).

Раскрыйце сэнс слова "гасцінец". (Вялікая праезджая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі.)

Падбярыце сінонім да слова "гасцінец". (Шлях.)

Падбярыце аднакаранёвае слова да назоўніка "гасцінец". Выдзеліце ў іх корань. (Гасцініца.)

Пры напісанні слова "гасцінец" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "гасцінец". (Большак, тракт.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "гасцінец". (Шырокі гасцінец.)

Праца з табліцай.

Пазнаёмцеся з табліцай "Роля адасобленых акалічнасцей у сказе".

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

У сказе адасобленыя акалічнасці выконваюць ролю акалічнасцей са значэннем

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

часу: Верце ў лепшае, сустракаючы новы дзень;

прычыны: Уцякаючы ад сабакі, Міхась спрытна пераскочыў праз  плот.

мэты: Каля хаты, чакаючы дачку, стаяла маці.

умовы: Як след падрыхтаваўшыся да ўрока, можна атрымаць вышэйшую адзнаку.

уступкі: Не зважаючы на додж, людзі шукалі ў ляску грыбы.

Праца са сказамі.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Падкрэсліце адасобленыя акалічнасці. Растлумачце іх значэнне.

1. Унурыўшыся, хлапчук моўчкі гля..дзеў на мяне. 2. Праз хвіліну, апамята..шыся, мы пабеглі дамоў. 3. Ні на што не зважаючы, Міхась упарта рухаўся да сваёй мэты. 4. Убачыўшы цёмную хмару, мы прыпус..іліся дамоў.

Назавіце зваротны дзеяслоў. (Рухаўся.)

Выразнае чытанне.

Прачытайце, захоўваючы патрэбную інтанацыю ў сказах з адасобленымі акалічнасцямі. Растлумачце, ад чаго залежыць іх інтанаванне.

Петрык стаяў роўна, выцягнуўшыся лазінкай. Так, здаралася, стаяў ён і тады, калі, як кажуць, пехатой пад стол хадзіў. Бывала, прыбяжыць дадому мурзаты. Маці зловіць яго. Адной рукой трымае за плячо, а другой, намачыўшы ў вадзе ручнік, выцірае твар, дакараючы (Аляксей Якімовіч, аповесць “Здраднік”).

        [3, стар. 148, “Мой сябар Дон Кіхот”]  

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). Адасобленыя акалічнасці ў вусным маўленні выдзяляюцца інтанацыйнымі паўзамі: павышаным тонам, калі стаяць у пачатку ці сярэдзіне сказа, і паніжаным тонам, калі імі заканчваецца сказ.

Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([ч).

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “акалічнасць” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да назоўніка "бушаль". (Мера ёмістасці вадкіх і сыпкіх рэчываў у Англіі, ЗША і некаторых іншых краінах; каля 36 літраў.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "бушаль", пабудуйце і запішыце сказ з адасобленай акалічнасцю. (Наліўшы ў бочку некалькі бушаляў вады, Міхась накіраваўся ў хату.)

              [2, стар. 59, “Слоўнік іншамоўных слоў”]

              [1, стар. 103, “Тлумачальны слоўнік”]

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Бушаль, упрысядкі, велізарны, накрыўка, шпалеры, спагадліва.

Адказ. Бушаль, упрысядкі, велізарны, накрыўка, шпалеры, спагадліва.

Падбярыце сінонім да слова "спагадліва". (Уважліва, чула, сардэчна.)

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце лінгвістычны матэрыял аб умовах адасаблення акалічнасцей.

Праца са сказамі.

Спішыце сказы, расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку. Растлумачце, чаму ў адных выпадках акалічнасці адасабляюцца, у другіх -- не адасабляюцца.

1. Воўк авечак бярэ не выбіраючы (Прыказка). 2. Нягледзячы ні на што(,) Максім прабіраўся ўперад, туды, дзе свяціла сонца. 3. Закалыхаўшыся на хвалях(,) дрэвы паплылі па рацэ. 4. Міхась стаяў усміхаючыся сам сабе. 5. У глыбіні лесу звонка кукавала зязюля(,) паведамляючы людзям пра сябе. 6. Многія з нас працуюць не пакладаючы рук. 7. Добрыя людзі, калі вы яшчэ маладыя, не сядзіце склаўшы рукі. 8. Час ад часу смеючыся(,) Міхась крочыў па зялёным лузе. 9. Алесь пабег дамоў нягледзячы на навальніцу. 10. Яны размаўлялі гучна і не баючыся чужога асуджэння. Ступіўшы на лёд(,) Міхась стукнуў па ім нагою(,) правяраючы, ці трывалы ён.

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). Не адасабляюцца аднародныя акалічнасці, якія складаюцца з прыслоўя і дзеепрыслоўя, звязаных злучнікам і, а таксама выражаныя дзеепрыслоўнымі зваротамі ўстойлівыя выразы (яны звычайна стаяць пасля дзеяслова, да якога адносяцца).

Назавіце слова, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:

Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнайна пішам я.

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                                    (Бярэ.)

Назавіце назоўнік, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца з [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Лёд -- на лёдзе.)

Вершаваная хвілінка.

Прачытайце.

Выцягнуўшыся стрункай,

                                                        Стаяць рабінкі.

                                                        Глядзяць на іх

                                                        Здалёк асінкі.

                                                                                Аляксей Якімовіч.

Запішыце верш па памяці. Назавіце адасобленую акалічнасць. Растлумачце ўмову яе адасаблення.

Назавіце дзеяслоў, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:

Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                                     (Глядзяць.)

Ведайце! Сказы з дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі (зваротамі) ўжываюцца ва ўсіх кніжных стылях.

Творчая праца.

 Прачытайце сказы. Развіце іх. Ці змяніўся першапачатковы сэнс сказаў? Калі змяніўся, то дзякуючы чаму? Запішыце другі варыянт сказаў. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

1. Кастусь ішоў па дарозе. 2. Міхась узяўся за працу.  3. Нікому не перашкаджай.  4. Дзеці накіраваліся дамоў.

Прыкладныя варыянты адказаў

1. Кастусь ішоў па дарозе(,) час ад часу азіраючыся. 2. Палюбаваўшыся на птушак(,) Міхась узяўся за працу. 3. Седзячы ў класе, нікому не перашкаджай. 4. Пагуляўшы ў футбол, дзеці накіраваліся дамоў. 

Проба сіл.

У сказах замяніце дзеепрыслоўем спачатку першы дзеяслоў, затым -- другі. Як змяняецца сэнс сказа? Ці заўсёды магчымая такая замена? Чаму? Каб адказаць на гэтае пытанне, прачытайце адпаведны лінгвістычны матэрыял у вучэбным дапаможніку (аб замене дзеяслоўных выказнікаў канструкцыяй "дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне" і наадварот).

Узор. Легкавушка працяжна прасігналіла і паехала па вясковай вуліцы. – Легкавушка, працяжна прасігналіўшы, паехала па вясковай вуліцы. Легкавушка паехала па вясковай вуліцы, працяжна прасігналіўшы.

1. Жанчыны назбіралі суніцаў і адправіліся дамоў. (Жанчыны, назбіраўшы суніцаў, адправіліся дамоў.) 2. Сонца схавалася за хмарамі і толькі крыху растапіла замёрзлую за ноч зямлю. (Сонца схавалася за хмарамі, толькі крыху растапіўшы замёрзлую за ноч зямлю. Сонца, схаваўшыся за хмарамі, толькі крыху растапіла замёрзлую за ноч зямлю.) 3. Міхась апрануў паліто і няспешна накіраваўся на двор. (Апрануўшы паліто, Міхась няспешна накіраваўся на двор.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і запішыце. Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго-двух сказаў.

Что ранит или грозит ударом, то учит нас(,) не пропадая даром (Бенджамін Франклін).

Природу побеждают  только повинуясь (её законам) (Фрэнсіс Бэкан).

Сравнивая нашу землю со Вселенной(, )мы находим, что она всего лишь точка (Сенека).

Найдётся ли кто-либо, кто, бросая целый день дротик, не попадёт однажды в цель? (Цицерон).

Обучая, люди учатся (Сенека).

Словы для даведкі: грозить -- пагражаць, повинуясь -- падпарадкоўваючыся, Вселенная -- Сусвет.

Ці згодны вы з выказваннем англійскага філосафа Фрэнсіса Бэкана? Як трэба адносіцца да прыроды і чаму?

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры адасобленай акалічнасці. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне.

1) Адасабляецца акалічнасць са значэннем уступкі, калі яна выражана назоўнікам з прыназоўнікам нягледзячы на.

Зварот з прыназоўнікам нягледзячы на можа не адасабляцца ў тым выпадку, калі ён стаіць пасля дзеяслова-выказніка.

2) Як правіла, выдзяляюцца коскамі адасобленыя акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўнымі зваротамі ці адзіночнымі дзеепрыслоўямі.

Адпраўляючыся ў вырай, птушкі звычайна прылятаюць на луг і збіраюцца ў чароды.

Тэст.

Адзначце сказы, у якіх правільна пастаўлены знакі прыпынку.

1. Міхась прамовіў, нахмурыўшыся.

2. Падняўшыся па лесвіцы, я ўбачыў перад сабою сіваватага мужчыну.

3. Максім глядзеў на прысмакі, глытаючы сліну.

4. На яблынях, час ад часу перасвістваючыся, сядзелі шпакі.

5. Ці то прагудзіць чмель, праляцеўшы, ці то камар запішчыць, паведаміўшы пра сябе.

Адказы. Сказы, у якіх правільна пастаўлены знакі прыпынку: 2, 4, 5.

Мытны кантроль.

Людзі кажуць: “Той, хто сее дабро, пажне дабро”.                                                                      

Давайце як след адкажам на пытанні да тэмы "Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, іх інтанаванне, знакі прыпынку", давайце пасеем дабро і пажнём дабро.

Калі акалічнасці адасабляюцца?

З якой мэтай адасабляюцца акалічнасці?

Калі акалічнасці не адасабляюцца?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

3. Якімовіч, А. М. Мой сябар Дон Кіхот : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 333 с. : іл. – (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).