Поиск по этому блогу

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 4

 

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 4

 

Гісторыя чацвёртая

 

10 чэрвеня 2025 года. Стаю каля пад’езда, чакаю дажджу. Даўнавата яго не было. А на днях на дачным участку пасадзіў клубніцы. Ім патрэбен дожджык. Павесялеюць, калі сустрэнуцца з ім.

Над галавою плывуць цёмныя хмаркі, непакояцца. Магчыма, неўзабаве здзейсніцца маё зямное жаданне.

З-за дома, што насупраць, выходзіць знаёмая жанчына разам са сваім (так я разумею) унукам. Хлопчык, адзначаю пра сябе, напэўна, ходзіць у другі ці трэці клас.

Прывітаўшыся з жанчынай, цікаўлюся, ці ёсць цяпер у лесе грыбы. Ведаю, што яна часта ездзіць туды разам з мужам.

Жанчына кажа, што чатары дні таму былі ў лесе. Пашанцавала: назбіралі баравічкоў.

Хлопчык глядзіць на мяне, не спускаючы вачэй, а потым раптам вымаўляе:

-- Прыкольна!

Не разумею, што ён хоча сказаць, слухаю яго бабулю.

Хлопчык вымаўляе, як мне здалося, мацней:

-- Прыкольна напісалі!

Да мяне і на гэты раз не даходзіць, што хоча сказаць, хоць здагадваюся, што нешта тут звязана з маёй літаратурнай творчасцю.

А хлопчыку нецярпіцца.

-- Прыкольная кніга! – чую ад яго.

Заўважыўшы маё недаўменне, ужо бабуля тлумачыць:

-- Ён чытаў ваша апавяданне “Ножык”. Яно яму вельмі спадабалася.

Так, ёсць у мяне такое апавяданне. Калі не памыляюся, яно вывучаецца ў трэцім класе.

-- Дзякуй табе за добрае слова, -- звяртаюся да малога.

А ён мне адказвае:

-- Дзякуй вам, што напісалі.

“Пакуль будуць такія чытачы, будзе жыць наша беларуская мова”, -- думаю сам сабе.

                                                  Словы беларускія

                                                  Зайшлі у душу.

                                                  Чытай, залаценькі.

                                                  Для цябе пішу.

                                                              Аляксей Якімовіч

                                                                               2025 год