Поиск по этому блогу

Як мы ставілі Крыж у Слоніме


                                                                                                        Аляксей Якімовіч

Як мы ставілі Крыж у Слоніме

У 1963 годзе бальшавіцкай уладай быў знесены праваслаўны Спаса-Прэабражэнскі сабор, які размяшчаўся ў цэнтры Слоніма насупраць гасцініцы “Шчара”. На месцы сабора застаўся падмурак, які з цягам часу здзірванеў, зарос бур’яном.
Каля падмурка ўлады паставілі драўляную летнюю пляцоўку, а таксама невялікі павільёнчык, дзе прадавалі напіткі, піва. Такім чынам гэты пагорачак аблюбавалі мясцовыя аматары спіртнога.
У 1991 годзе падчас сустрэчы з работнікамі Слонімскага гарвыканкама актывісты гарадской Рады БНФ “Адражэньне” праведалі, што гарвыканкам мяркуе зрабіць там сквер. Помніцца, асабіста я перажыў тады штосьці падобнае калі не на шок, то на моцнае ўзрушэнне: ведаў жа, што каля храмаў звычайна хаваюць святароў, іншых вядомых людзей.
Мае сябры па партыі тэрмінова сабраліся разам і даручылі старшыні Слонімскай рады БНФ Ракевічу Мікалаю Іванавічу напісаць заяву ў Слонімскі гарвыканкам аб дазволе ўстанавіць Крыж на месцы разбуранага Спаса-Прэабражэнскага сабора, што шаноўны Мікалай Іванавіч неўзабаве і зрабіў.
З нецярпеннем чакалі адказу на сваю заяву. І дачакаліся. Адказ быў адмоўны. Улады зноў напомнілі, што на тым пагорачку будзе зроблены сквер, растлумачылі нам, што крыж не ўпішацца ў дадзеную мясцовасць, папсуе агульны архітэктурны стыль горада.
Фронтаўцы вырашылі не адступацца, дзейнічаць настойліва, мэтанакіравана, рэальна. Устанавілі цесную сувязь з царкоўным саветам і дамовіліся каардынаваць свае дзеянні, а ў майстэрні Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі заказалі вялікі металічны Крыж. Калі заплацілі за ягонае выкананне, ушчыльную паўстала пытанне аб устаноўцы дадзенага Крыжа.
Гарадскія кіраўнікі катэгарычна выступілі супраць. Нягледзячы на гэта, мы папрасілі паэта, гісторыка, археолага і краязнаўцу Васіля Супруна, каб паказаў, дзе лепш за ўсё паставіць Крыж. Ён павінен быў стаяць менавіта за падмуркам. Васіль Рыгоравіч цудоўна справіўся з ускладзенай на яго задачай.
Калі не памыляюся, 14 кастрычніка (можна сказаць, у дзень майго нараджэння) 1991 года, у другой палове дня Крыж прывезлі на пляцоўку летняй сцэны каля падмурка разбуранай царквы.
Потым па дамоўленасці са святаром Сергіем (Гардуном) на пагорку сабраліся актывісты-вернікі і сябры гарадской арганізацыі БНФ, усяго каля трыццаці чалавек. Памятаю, разам са мною былі Мікалай Ракевіч, Васіль Струпавец, Жэня Пракулевіч і іншыя слонімцы.
Надвор’е выдалася халаднаватае. Церушыў мокры снег.
Узяўшы рыдлёўкі і ламы, мы сталі капаць траншэю пад Крыж. Канешне, хваляваліся, на душы было неспакойна, але жаданне давесці да канца пачатую справу перамагала. Праца ішла не так хутка, як хацелася: грунт быў цвёрды, камяністы. Наверх выкідалі з траншэі не толькі зямлю, але і каменні, цэглы, кавалкі бетону і нават косці пахаваных, якія складвалі асобна. Адна група энтузіястаў працягвала капаць траншэю, а другая адправілася збіраць каменні каля вёскі Шылавічы. Праз некалькі гадзін усё было падрыхтавана для ўстаноўкі Крыжа.
Прыкладна ў гэты час з’явіліся два прадстаўнікі гарадской улады. Ва ўльтыматыўнай форме яны запатрабавалі ад актывістаў спыніць працу. Мужчыны ў спрэчку з імі стараліся не ўступаць, а вось жанчыны паказалі, што валодаюць добрымі аратарскімі здольнасцямі. Яны далі такі дружны адпор візіцёрам, што тыя мусілі рэціравацца і звярнуцца за дапамогай у раённы аддзел міліцыі. З’явіўся маёр, уважліва выслухаў абодва бакі і сказаў, што не бачыць тут парушэння правапарадку, а таму не будзе перашкаджаць ставіць Крыж.
Непажаданыя візіцёры яшчэ некалькі разоў трывожылі ініцыятараў акцыі, але іх, па сутнасці, ужо ніхто не слухаў.
Надвячоркам з дапамогай доўгіх вяровак паднялі Крыж, паставілі і забетаніравалі.
Ды гісторыя з устаноўкай Крыжа на гэтым не скончылася. На другі дзень сяброў БНФ і высокакультурнага, адукаванага чалавека святара Сергія выклікалі на пасяджэнне ў гарвыканкам. Вядома ж, не абышлося без маралі і пагроз, а напрыканцы святару Сергію прапанавалі праз мясцовую газету папрасіць прабачэння ў выканкама гарадскога Савета. Наменклатуршчыкам шаноўны Сергій адказаў так: “Я магу папрасіць у вас прабачэння, але хто папросіць прабачэння за тысячы разбураных храмаў за гады Савецкай улады?”
Сярод наменклатуршчыкаў не знайшлося таго, хто мог бы публічана папрасіць прабачэння ў праваслаўных вернікаў за здзейсненыя грахі. На тым і разышліся. Святая праўда Крыжа перамагла.
У той жа год, у час асенніх Дзядоў, на ўрачыстае асвячэнне Крыжа сабраліся вернікі і грамадскасць горада. Прагучалі палымяныя прамовы, мы разам памаліліся за Адраджэнне нашага жыцця. Пазней каля Крыжа ладзілі ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыж на нейкі час стаў не толькі сімвалам хрысціянства, але і сімвалам дэмакратычнасці, беларускасці. Нейкі час ён нас яднаў, клікаў, збіраў.
 Капаем траншэю пад Крыж. Я з рыдлёўкай на пярэднім плане


Я, калі не памыляюся, нясу крыж на заднім плане

Мітынг каля Крыжа, прысвечаны дню Беларускай Народнай Рэспублікі
                     Выступае Мікалай Іванавіч Ракевіч
                     Я ў цэнтры ў скураной куртцы
 https://blogger.googleusercontent.com/img/b/R29vZ2xl/AVvXsEigBHRmV5VsYMRrYRNDk90R4GzAHtnIKLzq7id-5l_cNZOG6xhjPYpHVrBBog3EllvqiCyoU5V8fWmj85t6Ptdez-NMmPFNFA7ZCrfeXLbYH5f2XfMe0JIemfxIzVEEPIevevDf3ldD23Q/s1600/%25D0%2591%25D0%25B5%25D0%25B7+%25D0%25B8%25D0%25BC%25D0%25B5%25D0%25BD%25D0%25B8-4.png 
 Разам на Дзяды
Я перад мікрафонам