Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: скланенне, ужыванне і правапіс зборных лічэбнікаў

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ   

 

Тэма: скланенне, ужыванне і правапіс зборных лічэбнікаў.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                    Світанне, змярканне,

                                                    Чырвонагаловы --

                                                    Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем! Зборныя лічэбнікі двое, трое, чацвёра, пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра, дзявяцера, дзясяцера абазначаюць колькасць прадметаў як сукупнасць, адно цэлае [4, стар. 195, “Беларуская мова”].

Ствараем праблемную сітуацыю.

• Пішам у назоўным і вінавальным склонах: сямёра дзвярэй.

Пішам у родным склоне: сямі дзвярэй.

Чаму так?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Знаёмімся з правілам.

Запомніце! З назоўнікамі суткі, дзверы, вароты і іншымі ва ўскосных склонах, акрамя вінавальнага, зборныя лічэбнікі замяняюцца колькаснымі [3, стар. 159, “Беларуская мова”].

Працуем са спалучэннямі слоў.             

• З лічэбнікам тры прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Карыстючыся даведкай, растлумачце правапіс канчаткаў у зборных лічэбніках.

• Ці можна ў гэтых спалучэннях замест колькасных лічэбнікаў ужыць зборныя?

У дапамогу: тры настаўнікі – тры замкі на губах; замкнуцца на тры замкі.

Для даведкі. Зборныя лічэбнікі ўжываюцца: а) з назвамі асоб мужчынскага полу, б) з назвамі маладых істот; в) з назоўнікамі, якія ўжываюцца ў форме толькі множнага ліку; г) з асабовымі займеннікамі; д) з назоўнікамі “дзеці”, “людзі”, “коні”, “гусі”, “свінні”; е) з прыметнікамі, якія перайшлі ў назоўнікі [4, стар. 195, “Беларуская мова”].

Скорагаворка.                 

Шасцёра вучняў: тры  дзяўчынкі і тры хлопчыкі (Аляксей Якімовіч).

• Вы лічыце, што зборны лічэбнік шасцёра можа спалучацца са словам “вучняў”. Дакажыце гэта, калі так.

Назавіце слова.

                                                          Пішам без памылак:

                                                          Цымбалаў двое,

                                                          Шашак двое,

                                                          Варот … (трое).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

• Вызначце зборныя лічэбнікі, абазначце іх канчаткі і растлумачце, чаму яны могуць спалучацца з назоўнікамі ў словазлучэннях.

Праца са сказам.              

Складзіце скорагаворку са слоў.

І, касманаўтаў, дзявяцера, астранаўтаў, чацвёра. (Дзявяцера касманаўтаў і чацвёра астранаўтаў.)

• Вы лічыце, што зборныя лічэбнікі дзявяцера, чацвёра могуць спалучацца са словамі “касманаўтаў” і “астранаўтаў”. Дакажыце гэта, калі так.

Ствараем праблемную сітуацыю.

• Пішам у назоўным і вінавальным склонах: дзясяцера чаравікаў.

Пішам у родным склоне: дзесяці пар чаравікаў.

Чаму так?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Знаёмімся з правілам.

Запомніце! З назвамі парных прадметаў ва ўскосных склонах, акрамя вінавальнага, зборныя лічэбнікі замяняюцца колькаснымі [3, стар. 159, “Беларуская мова”].

Скорагаворка.                 

Трое лыж і трох пар лыж (Аляксей Якімовіч).

• Ці правільна ўжываюцца зборныя лічэбнікі ў скорагаворцы? Назавіце іх канчаткі.

Назавіце слова.

                                                          Пішам без памылак:

                                                          Канькоў пяцёра,

                                                          Ботаў чацвёра,

                                                          Пальчатак … (васьмёра).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

• Вызначце лічэбнікі, абазначце іх канчаткі і растлумачце, чаму яны могуць спалучацца з назоўнікамі ў словазлучэннях.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар ра, ое, потым напішыце беларускае слова “благое” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.                        

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                          Уздыхае з гора:

                                                          Стаіць заяц сам не свой,

                                                          Усе сямёра.

                                                          Прыйшлі ў госці ваўчаняты,

                                                                                 Аляксей Якімовіч.

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.

• Знайдзіце ў вершаваным тэксце зборны лічэбнік. Пастаўце яго разам з назоўнікам “ваўчаняты” ў давальным склоне. (Семярым ваўчанятам.)

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “зневажаць, прыніжаць годнасць каго-небудзь”.

                                                      Двое сутак не сціхае

                                                      Ў сажалцы карась:

                                                      Рыбу плотку абзывае,

                                                     Яе …

• Назавіце ў вершаваным тэксце зборны лічэбнік. Што вы пра яго можаце сказаць, нагадаўшы тэму ўрока?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: ачпот ў ьзарг [1, стар. 280, “Фразеалагічны слоўнік”].

Адзначаем! Да зборных адносяцца лічэбнікі абодва (мужчынскага і ніякага роду) і абедзве (жаночага роду): абодва браты, абедзве сястры [4, стар. 196, “Беларуская мова”].     

                           [3, стар. 156, 159 -- 160, “Беларуская мова”]

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                Цякла тут з лесу невялічка

                                                Травой заросшая крынічка,

                                                Абодва берагі каторай

                                                Лазняк, ракітнік а(п, б)ступалі;

                                                Бруіліся ў цяньку іх хвалі

                                                І ў луг чуць значнаю разорай

                                                Ішлі спакойна між чаротаў,

                                                Рабілі многа заваротаў,

                                                Аж покі ў Нёман не ўц(я, е)калі [2, стар. 5, “Паэмы Я. Коласа”].

• Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “заросшая”, “покі”. (Зарослая, пакуль.)

• Назавіце ў вершаваным тэксце зборны лічэбнік. Ці ў правільнай форме ён ужыты?

Адказы на пытанні.

• З якімі назоўнікамі ўжываюцца зборныя лічэбнікі?  

•  Ці ва ўсіх склонах зборныя лічэбнікі замяняюцца колькаснымі?

Тэст.

• Назавіце лічэбнікі, напісаныя правільна.

1. Чацвярымі.

2. Семярымі.

3. Пецярымі.

4. Пяццю.

5. Дзевяцярымі.

6. Дзевяццю.

7. Дзесяцярымі.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

                                                  

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.  

3. Малажай, Г. М. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. / Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996. --  238 с., [4] л. іл.: іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, снежань 2021 года, № 12.