Аляксей Якімовіч
Біцца як рыба аб лёд
Мастацкі гіпотэз
Алесь сядзеў за сталом і час ад часу чухаў патыліцу.
У пакой зайшла мама.
-- Сынок, у цябе нешта
не атрымліваецца? – адразу заўважыла яна.
-- Б’юся як рыба аб
лёд, -- паскардзіўся Алесь. Ён даўно хацеў паклікаць маму, папрасіць, каб
дапамагла, але рашучасці не хапіла.
Мама зірнула на сшытак
у лінейку, які ляжаў на стале.
-- Па беларускай мове
заданне табе задалі?
-- Народныя загадкі
трэба запісаць.
-- А ты іх не ведаеш?
-- Нешта ведаў, але
забыўся, -- паведаміў Алесь і, хітра прыжмурыўшыся, дадаў праз хвілінку: --
Давай пагуляем з табою.
-- У шашкі ці ў
шахматы? – усміхнулася мама. Яна добра ведала, што сына цяпер не такія гульні
цікавяць.
-- Народныя загадкі мне задавай, а я іх буду
адгадваць.
-- І запісваць?
-- Запішу тыя, якія
адгадаю.
Няхай будзе па-твойму,
-- прамовіла мама і задала першую загадку: -- Без ніякага страху і гора пралятае рэкі і мора.
Задумаўся Алесь. Праз
рэкі і моры птушкі ляцяць з выраю і ў вырай. Але ім нялёгка прыходзіцца. Не,
гэта не птушка.
-- Мамачка, гэта
самалёт!
-- Малайчына! –
пахваліла сына мама. – Акуратна запішы гэту загадку ў сшытак.
“Без ніякага страху і гора пралятае рэкі і мора”, -- напісаў у
сшытку Алесь і падрыхтаваўся слухаць.
Вось якую загадку
задала яму мама:
-- Белае поле, чорнае насенне, хто яго сее, той разумее.
Алесь прыўзняў галаву,
думаючы. За іх акном ляжыць поле, на якім сеюць насенне – зярняткі, каб потым
там выраслі жыта, пшаніца, авёс ці ячмень. Яны не чорныя, не цёмныя, а светлыя,
прадаўгаватыя, як незвычайныя новенькія бочачкі.
А ёсць іншае насенне,
якое дае чалавеку веды, робіць яго разумнейшым.
-- Гэта, відаць, папера
і літары, -- няўпэўнена сказаў Алесь.
-- Адгадаў! Запішы,
калі ласка, -- падахвоціла сына мама. Спадабалася ёй, як ён думае.
“Белае поле, чорнае насенне, хто яго сее, той разумее”, -- другую загадку запісаў Алесь.
Мама прайшлася па
пакоі, успамінаючы загадкі.
“Няўжо яна не ўспомніць
новую загадку?” – занепакоіўся Алесь.
Усё-ткі ўспомніла мама:
-- Да зорак паляцеў, на зямлю з-за воблакаў глядзеў, сонца абагнаў і зноў
на зямлю стаў.
-- Гэта лётчык! –
усклікнуў Алесь. Як пераможца, глядзіць на маму. “Імгненна адгадаў тваю
загадку”, -- хацелася сказаць яму.
Мама пакруціла галавою.
-- Блізка знаходзіцца
адгадка.
Блізка, блізка… Лётчыкі
могуць быць парашутыстамі, а яшчэ, яшчэ…
-- Касманаўт! --
вымавіў Алесь.
Мама кіўнула галавою.
-- Так!
“Да
зорак паляцеў, на зямлю з-за воблакаў глядзеў, сонца абагнаў і зноў на зямлю
стаў”, – акуратна піша ў сшытку хлапчук.
Рассыпаліся зоркі,
Ў небе
мігацяць.
Да іх
касманаўты
Імкнуцца, ляцяць.
-- З выгляду – мячык на восі стаячай, а сіла такая – усю зямлю трымае,
-- яшчэ адну загадку задала мама.
І на гэты раз прыйшлося падумаць Алесю. Але ён
успомніў, які мячык нядаўна бачыў на ўроку геаграфіі. Той незвычайны мячык
стаяў на самым відным месцы: на настаўніцкім стале.
-- Я лічу, што гэта
глобус, -- прамовіў ён.
-- Правільна ты лічыш,
-- адзначыла мама.
-- Яшчэ адну загадку
задай. Апошнюю! – прагаварыў Алесь. “Мама ўжо стамілася, больш не буду яе
мучыць”, -- падумаў ён.
-- Расчыніцца ночка – глянуць з яе лісточкі; хто іх разглядае, той многа
пазнае. Што гэта? – запыталася мама.
Нялёгкую загадку
загадала мама яму, Алесю. Тут і цёмная ночка, і лісточкі, і веды, якія можна
атрымаць.
Веды, веды…
-- Гэта кніга! –
адгадаў Алесь і старанна запісаў на старонцы сшытка: “Расчыніцца ночка – глянуць з яе лісточкі; хто іх разглядае, той многа
пазнае”.
[1, с. 365 -- 370]
За
сталом, за партай
Кнігі мы
чытаем.
Свята для
іх ладзім,
Ў госці
запрашаем.
-- Цяпер не б’ешся як
рыба аб лёд? – пацікавілася ў Алеся мама.
-- Біцца як рыба аб лёд. Відаць, даўно так прыдумалі людзі. Магчыма, у
нашай вёсцы, -- у задуменні прагаварыў Алесь. Ён ведаў, што азначае гэты выраз.
-- Магчыма, --
пагадзілася з сынам мама.
А вы здагадаліся, што
азначае выраз біцца як рыба ад лёд?
Не ўсе?.. Тады падкажу. Шукаючы выйсце з
цяжкага становішча, старацца без выніку і плёну.
Выкарыстаная літаратура
Беларускія прыказкі,
прымаўкі і загадкі. Выданне другое, перапрацаванае і дапоўненае / Склаў Яўген
Рапановіч. – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.
Надрукаваны ў кнізе “Нязваныя
госці”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная
аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. –
Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.