З
напісанага даўней
Ветэран
з Касцянёў
З гэтым чалавекам, Марозам Уладзімірам Васільевічам, я
знаёмы ўжо некалькі гадоў. Часта вяду з ім гаворкі на розныя тэмы. Для яго,
напэўна, як і для кожнага селяніна, які змалку спазнаў, што такое плуг і каса,
характэрны бадзёрасць і ўпэўненасць у сабе. Ён умее і паслухаць, і, калі трэба,
паправіць, падказаць.
А на ягоную долю выпаў нялёгкі, трагічны лёс.
Шаснаццацігадовым хлопцам, у студзені 1943 года, Уладзімір Васільевіч прыйшоў у
партызанскі атрад імя Варашылава, які размяшчаўся ў Ліпічанскай пушчы. Яму
прыйшлося быць і разведчыкам, і мінёрам. Ён, як ніхто іншы, добра зведаў розныя
бакі суровага, незайздроснага партызанскага жыцця. Разам са сваімі баявымі
сябрамі юнак з вёскі Касцяні хадзіў на баявыя заданні не толькі ў Слонімскі і
Зэльвенскі раёны, але і на тэрыторыю цяперашняй Польшчы, дзе пускалі пад адхон
варожыя цягнікі з жывой сілай і тэхнікай. У час гэтых небяспечных баявых
вандровак прыходзілася спаць у снезе, выкапаўшы яму і накрыўшыся галінкамі.
Здаралася, па некалькі сутак сядзелі ў балоце, цярпліва чакалі, калі вораг
здыме аблогу. Праўда, было крыху лягчэй,
калі пасылалі на заданне на Слонімшчыну. Тут партызаны непадалёку ад Касцянёў
выкапалі зямлянку. У гэтай зямлянцы можна было, калі так сказаць, больш-менш
па-людску адпачыць.
Успамінаючы даўняе, Уладзімір Васільевіч расказвае мне,
як зімою 1943 года, выконваючы заданне камаандавання, спілоўвалі тэлеграфныя
слупы і рэзалі на кавалкі тэлеграфны дрот ля дарогі Слонім – Ваўкавыск. У іх
групу, якая дзейнічала на ўчастку Грыбава – Смольня (непадалёку ад Хадзявічаў),
уваходзіла шэсць чалавек. Дваіх з іх не стала. Фашысты замініравалі адзін з
тэлеграфных слупоў, і на міне падарваліся землякі-касцянёўцы Фёдар Багданчук і
Сцяпан Мікульскі. Падобнае магло напаткаць і Уладзіміра Васільевіча Мароза,
але, як звычайна гаворыцца ў такім разе, лёс яго бярог. Ды не збярог бацьку
Васіля Міхайлавіча, маці Марыю Пятроўну, сямігадовую сястрычку Зіну,
дзевяцігадовага брата Мішу. Усіх іх (а бацька быў падпольшчыкам) гітлераўцы
расстралялі ў 1944 годзе, перад самым вызваленнем Слонімшчыны. Тады разам з імі
расстралялі на сумна вядомай Пятралевіцкай гары касцянёўцаў Багданчука Паўла,
Якімчыка Аляксея і Шышкоўскага Пятра з Грынкоў.
Уладзімір Васільевіч Мароз перажыў дзве фашысцкія
блакады. Першы раз фашысты абклалі партызанаў у 1943 годзе. Баі працягваліся
няспынна, штодзень, пакуль камандаванне не аддало загад роце, у якой служыў
Уладзімір Всільевіч, прарвацца з блакады і выйсці фашыстам у тыл. Каля вёскі
Маскалі партызанская рота непрыкметна пераправілася праз Шчару, потым павярнула
назад і нанесла ўдар па гітлераўцах. Тыя, разгубіўшыся, вымушаны былі
адступіць, зняць блакаду. Але асабліва хлопцу з Касцянёў запомнілася блакада,
якая была ў 1944 годзе. Тады гарэла Ліпічанская пушча, ад дыму не было чым
дыхаць. Ноччу нашы самалёты бамбілі немцаў, а днём нямецкія самалёты не давалі
перадыхнуць партызанам. Нямала баявых сяброў Уладзіміра Васільевіча ў той раз
палегла ў жорсткіх баях.
Уладзімір Васільевіч Мароз асабіста ўдзельнічаў ў падрыве
сямі варожых эшалонаў. Кулі яго не мінулі. Ён быў паранены ў руку і нагу.
Летам, пасля вызвалення Слонімшчыны, партызан вярнуўся
дамоў. Бацькава гумно было спалена, а хата разбурана. Але вельмі гараваць не
было калі, бо ўжо восенню 1944 года мабілізавалі ў армію. Служыў у Балгарыі
старшыною спецроты, потым, пасля вайны, -- у Грузіі. Уладзімір Васільевіч
джэмабілізаваўся з войска толькі ў 1952
годзе. Мае адзінаццаць узнагарод, сярод якіх медаль “За адвагу”. А самая
дарагая для яго ўзнагарода, як прызнаўся ён сам, -- ордэн Айчыннай вайны 2 ступені.
У пасляваенны час Уладзімір Васілевіч працаваў старшынёй
Касцянёўскага сельсавета, два гады – намеснікам старшыні калгаса “Дружба”, а да
самага выхаду на пенсію – брыгадзірам будаўнікоў.
Працуе ветэран і цяпер, ужо будучы пенсіянерам: качагарам
у Касцянёўскай сярэдняй школе. У 1927 годзе ён нарадзіўся тут, на гэтай зямлі,
і дай Бог яму і ўсім ягоным землякам-ветэранам здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Аляксей
Якімовіч, вёска Касцяні Слонімскага раёна,
21 сакавіка 1995 года.