Поиск по этому блогу

Блуканне па пакутах


З напісанага даўней

Блуканне па пакутах

У жыцці чалавека здараецца рознае. Бывае так, што вам з жонкай трэба падзяліць маёмасць. Ці лёгка гэта зрабіць?
Ёсць два віды падзелу маёмасці: добраахвотны, праз гарадскую натарыяльную кантору (калі муж з жонкай знайшлі сумеснае вырашэнне гэтай праблемы) і судовы.
Судовы падзел лепей не выбіраць, бо можна застацца, як гаворыцца, у адной кашулі. За ўсё: і за кватэру, і за лыжку -- вам прыйдзецца заплаціць дзяржаве дзесяць працэнтаў ад іх кошту. Акрамя таго, ён адбярэ шмат часу і здароўя.
Як можа адбыцца падзел? Вам з жонкай, напрыклад, належыць непрыватызаваная кааператыўная кватэра  і непрыватызаваная дача. З дакументамі, якія далі вам права валодаць гэтай маёмасцю, вы накіроўваецеся ў натарыяльную кантору. А там стаіць чарга. Бывалыя людзі вам ахвотна растлумачаць: каб трапіць да натарыуса, чаргу трэба заняць у шэсць гадзін раніцы.
Нарэшце вы трапілі ў жаданы кабінет. Там вас ветліва сустрэне стомлены натарыус і паведаміць, што тыя дакументы, якія вы некалі атрымалі на права валодання маёмасцю, цяпер для падзелу не падыходзяць. Вы стаіце, як вол, аглушаны абухам, а натарыус хуценька, каб не траціць свой час, піша на паперы, якія дакументы вы павінны прынесці ў наступны раз.
На кватэру:
1. Рэгістрацыйнае пасведчанне БТІ (бюро тэхнічнай інвентарызацыі).
2. Даведку БТІ.
3. Копію асабістага рахунку з домакіраўніцтва.
На дачу:
1. Рэгістрацыйнае пасведчанне БТІ.
2. Даведку БТІ.
3. Даведку землеўладкавальніка раёна, што зямля не выкуплена.
4. Даведку раённай натарыяльнай канторы аб адсутнасці арыштаў і забарон на дачу.
Разважыўшы, што больш за ўсё дакументаў трэба браць у БТІ, вы таропка накіроўваецеся туды. Але і там вас чакаюць і чарга, і стомленыя супрацоўнікі. Вы займаеце месца ў канцы чаргі і павольна прасоўваецеся да стала, у душы цешачы сябе надзеяй: “Зараз я атрымаю аж чатыры патрэбныя мне дакументы з сямі”.
Дабраўшыся да стала супрацоўніка БТІ, вы паказваеце яму свой спіс і вымаўляеце:
-- Мне трэба ўзяць у вас гэта, гэта, гэта і гэта.
Супрацоўнік БТІ хмурыць бровы.
-- Спачатку прынясіце дзве даведкі:
а) ад старшыні жыллёвага кааператыва, што ваша кватэра выкуплена;
б) ад старшыні садовага таварыства, што з’яўляецеся  ўладальнікам дачнага ўчастка і ўсяго таго, што на ім размешчана.
Праклінаючы ўсё на свеце, вы шукаеце гэтых важных для вас людзей. А іх не так проста застаць дома ці на працы.
Непрыкметна прабягае тыдзень.
Адстаяўшы чаргу, вы зноў каля стала супрацоўніка БТІ, працягваеце яму патрэбныя даведкі.
-- Цяпер я змагу атрымаць вашы даведкі? – з надзеяй пытаецеся.
-- Не. Вам неабходна прыватызаваць дачу і кватэру. А для гэтага наш супрацоўнік павінен абмераць і зрабіць адпаведныя дакументы. Такі закон.
У думках вы лаеце і закон, і начальства, але, панурыўшыся, шукаеце легкавушку, каб хутчэй завезці супрацоўніка БТІ абмераць кватэру і дачу.
Праходзяць тыдзень, другі. Вашы дакументы афармляюцца, але вам няма калі сумаваць. Вы спяшаецеся за іншымі даведкамі ў домакіраўніцтва, да землеўладкавальніка раёна.
Урэшце, вы маральна амаль знішчаны.
“Блуканне па пакутах! Блуканне па пакутах!..” – паўтараеце і ліхаманкава думаеце, дзе знайсці грошы на ўсе гэтыя даведкі, бо і ў БТІ, і ў натарыяльнай канторы за іх афармленне трэба выкласці з кішэні па мільёну з хвосцікам…
                                                                                                       Аляксей Якімовіч,
                                                                                                       чэрвень1998 года