Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПРЫСТАЎКА, ПРАВАПІС ПРЫСТАВАК АБ-, АД-, ПАД-, НАД-, З-, С-

 

Творчы ўрок у 3 класе. ПРЫСТАЎКА, ПРАВАПІС ПРЫСТАВАК АБ-, АД-, ПАД-, НАД-, З-, С-

 

Мэты: фарміраваць паняцце, што такое прыстаўка, паказаць ролю прыстаўкі ва ўтварэнні слоў з новым значэннем; выпрацоўваць уменні і навыкі выдзяляць прыстаўку ў словах і ўтвараць з яе дапамогай новыя словы, правільна пісаць прыстаўкі ад-, над-, пад-, перад-, прад-, аб-, з-, с-; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць упэўненасць.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Раз завяла чароціна з дубам гутарку.

-- Чаму бура цябе не можа здолець? Бура лютуе над табой. А ты стаіш каменнай сцяной. На тваёй галаве бусел звіў велізарнае гняздо. А я вось стаю тут ды гнуся. Дык скажы мне, дубе, адкуль твая сіла? Чаму я такая слабая?

І кажа ёй дуб:

-- Ты баішся жыцця.

-- Так, я перад кожным гнуся.

-- Усім ты хочаш дагадзіць. А хто не спадзяецца на сябе, той і бывае слабы. Змалку я навучыўся дапамагаць сабе. Нікому я не гнуўся (паводле Якуба Коласа)            [3, с. 153 -- 154, “Раніца ў нядзельку”. “Дуб і чароціна”].

Настаўнік. Думаецца, вы возьмеце прыклад з дуба і без страху, з добрым настроем будзеце вывучаць тэму ўрока, каб дапамагчы сабе.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і растлумачце напісанне прапушчанай літары. Адгадайце загадку.

Чорная гусыня

                                                      Па сня..ку пахадзіла:

                                                      Ні сякерай адсекчы,

                                                      Ні рыдлёўкай адгрэбці. (Пісьмо.)                                     [1, с. 323, “Беларускія прыказкі”].

                                                                     З народнага.

Параўнайце словы: адсекчы – секчы, адгрэбці -- грэбці. Чым яны адрозніваюцца?

4. Чыстапісанне.

                      Пр  пе  по

                     Палез  пералез  пралез  падлез

                    Піліп прысеў каля плоту

Знайдзіце роднасныя словы. Абазначце ў іх корань.

Чым адрозніваюцца гэтыя словы?

Дзе стаіць частка слова, якая адрознівае іх?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Ёсць цікавая беларуская народная гульня "Кацяняткі-дзіцяняткі". Яна пачынаецца так:

                                   - Кацяняткі-дзіцяняткі, дзе вы былі?

                                   - У садзе!

                                   - А што там рабілі?

                                   - Кветкі рвалі!

Кацяняткі ў садзе кветкі рвалі. А чым жа на ўроку будзем займацца мы? Танцаваць?

- Не, не!

- Пісаць?

- Так, так!

- Разважаць?

- Так, так!

- Напэўна, яшчэ ў футбол гуляць?

- Не, не!

- Прыстаўку вывучаць?

- Так, так!

- Тэму "Прыстаўка, правапіс прыставак ад-, над-, пад-, перад-, прад-, аб-, з-, с-" мы вывучым разам з казачнымі героямі Шпачком і Сарокай.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу Шпачок падслухаў, як дзяўчынка Насця вучыла правіла "Прыстаўка". Ён яго запомніў, а потым на вільготным пяску вось што намаляваў:                                 

                           знаходзіцца перад коранем

                                              

частка слова              Прыстаўка             утварае словы з новым значэннем

                                              

                                  несці -- занесці

­­­Прыляцела Сарока, пацікавілася:

- Што ж ты тут намаляваў, сусед?

- Перакрыжаванне дарог, -  паведаміў Шпачок.

Сарока застыла ў здзіўленні.

- Не разумееш? - усміхнуўся Шпачок. Задаволены, што  суседку збянтэжыў. Як жа! Яна яго ні раз і ні два на гэткі ж самы кручок брала.

Але хітрая Сарока здагадалася,  што азначае гэтае перакрыжаванне.

Стварэнне займальнай сітуацыі.

- А вы, дзеці, здагадаліся, што азначае гэтае незвычайнае перакрыжаванне? Чаму ў цэнтры яго знаходзіцца прыстаўка? Чым яна з'яўляецца?  Дзе знаходзіцца? Што ўтварае? Ці можна ўбачыць гэта на прыкладзе?

- Карыстаючыся Шпачковым перакрыжаваннем, раскажыце пра прыстаўку як частку слова.

Утварэнне слоў.

- Ад слоў "несці", "пілаваць", "святочны", "бачыць" пры дапамозе прыставак ад-, над-, пад-, перад-, прад-  утварыце новыя словы. Як прыстаўкі змянілі значэнні слоў?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! У прыстаўках ад-, над-, пад-, перад-, прад- заўсёды незалежна ад вымаўлення пішацца д і перад звонкімі, і перад глухімі каранёвымі зычнымі.

Самастойная праца.

Абазначце ў словах прыстаўкі. Якое значэнне мае кожнае з гэтых слоў?

Праполка, абляцець, падбегчы, збіць, прыгорак, нялёгкі, пераход, бяскрайні, увосень.

Падбярыце аднакаранёвыя словы да слова "ўвосень".

Раскрыйце сэнс выразу "куранят увосень лічаць".

Складзіце і запішыце сказ са словам "увосень".

Пры напісанні слова "ўвосень" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                    Цёмна за акном,

                                                    Вецер пралятае.

                                                    Маці ля дачушкі

                                                    Песеньку … (спявае).

                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце прыстаўкі ў словах “пралятае”, “спявае”.

Утварэнне слова.

Ад слова "касіць" пры дапамозе прыстаўкі аб- утварыце новае слова. Як прыстаўка змяніла значэнне слова?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! У прыстаўцы аб- заўсёды (і перад звонкімі, і перад глухімі каранёвымі зычнымі) пішацца б.

Праца са словам.

Прачытайце тэкст.

Свеціць сонца. Цёплым выдаўся гэты майскі дзянёк.

На лаўцы сядзіць Алесь і глядзіць на высокую яблыню. Там сядзіць чорны з бліскучым, металічным адлівам шпак і свішча, заліваецца. Нават рабенькі пеўнік пачуў яго песню. Ён узмахнуў крыламі і падскочыў.

“Наш певень да шпака захацеў паляцець, пасябраваць з ім”, -- падумаў Алесь і ўсміхнуўся.

Пра якіх птушак гаворыца ў тэксце?

Якая з іх з'яўляецца хатняй? (Певень.)

Як пеўня можна назваць па-іншаму, ласкава? (Пеўнік.)

Растлумачце правапіс "ў" у слове "пеўнік".

Словы "певень" і "пеўнік" пастаўце ў множным ліку.

Назавіце словы з прыстаўкамі ў тэксце верша.

Устаўце патрэбныя словы.

Жураўлі курлыкаюць, гусі... (гагочуць), а пеўні... (кукарэкаюць, спяваюць).

Назавіце прыстаўку ў слове "спяваюць".

Прачытайце і запомніце прыказкі і прымаўкі.

У пеўня адна справа: кукарэкаць.

Пеў салаўём -- запяеш і пеўнем.

Назавіце прыстаўку ў слове "запяеш".

Ці зразумелы вам гэтыя прыказкі і прымаўкі?

Адгадайце загадку па прыметах:

1) носіць на галаве карону, быццам цар;

2) на нагах мае шпоры;

3) без гадзінніка ведае час, можа разбудзіць раніцай.

Назавіце прыстаўку ў слове "загадка".

Утварэнне слоў.

Ад слоў "бегаць", "пісаць" пры дапамозе прыставак з-, с- утварыце новыя словы. Як прыстаўкі змянілі значэнні слоў?

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку правіла аб ужыванні прыставак з-, с- і ўстаўце прыстаўкі ў наступных словах: ..жаць, ..казаць, ..плесці, ..біць, ..лесці.

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Пакажыце, як выйшлі на падворак певень і гусак, як, сустрэўшыся, вітаюцца, як потым ходзяць разам, аглядаюць свой падворак, як затым развітваюцца, разыходзяцца ў розныя бакі.

Самастойная праца.

Спішыце. Абазначце прыстаўкі. Вусна перакладзіце словы на рускую мову.

З'ехаць, пад'есці, ад'езд, з'езд, з'есці, пад'ехаць.

Для чаго ўжываецца апостраф? Паміж якімі літарамі ён пішацца?

Праца са сказамі ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

 Запішыце сказы.

Пятрусь хутка падплыў да астраўка. Адплываюць кучаравыя хмаркі, хаваюцца за густым ляском.

Назавіце словы з процілеглым значэннем. Дзякуючы чаму яны набылі яго?

Якая з прыставак уносіць у слова значэнне набліжэння, а якая - значэнне аддалення? Абазначце прыстаўкі і растлумачце іх напісанне.

Растлумачце напісанне слова "звіняць".

Раскрыйце сэнс параўнання "звініць, як званок". Складзіце і запішыце сказ з гэтым параўнаннем

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Звінець -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

Выкананне практыкавання.              

Утварыце словы з дапамогай прыставак. Запішыце ў адзін слупок словы са значэннем набліжэння, у другі -- са значэннем аддалення. Падкрэсліце апошнюю зычную ў прыстаўках. Як яна вымаўляецца ў кожным слове? Чаму?

                                   плыць                         ляцець

                       пад                             ад

                                   бегчы                         паўзці 

Праца з загадкай.

Прачытайце сказ і скажыце, пра якую расліну ў ім гаворыцца. Спішыце. Замест кропак дапішыце патрэбныя прыстаўкі. Абазначце іх. Якое значэнне яны ўносяць у словы?

Калі ..цвіце (за), то пчолы да яе спяшаюцца, ляцяць, кружацца над ёю, гудзяць, калі ..цвіце (ад) – смачнай грэцкай кашай частуе людзей. (Грэчка.)

У слове "загадка" напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Загадачка.) Якое правіла вы прымянілі?

Конкурс.

Хто хутчэй прыдумае і запіша як мага больш слоў, утвораных пры дапамозе прыставак ад-, пад-, над-, аб-, з-, с- ад слоў "казаць", "пілаваць", "рэзаць"?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а мяўканне коціка – мяў, мяў, мяў – потым перадасце і вы.

                                   “Мяў, мяў, мяў”, --

                                  Коцік мяўкае ў траве.

                                  Пагуляць выйшаў без мамы,

                                  І цяпер яе заве.

                                                    Аляксей Якімовіч.

Пакажам, як мяўкае коцік, прамовім разам: “Мяў, мяў, мяў”.

Назавіце слова, якое мае прыстаўку. Растлумачце напісанне гэтых прыставак.

Падбярыце блізкае па значэнні слова да слова “зваць”. (Клікаць.) Ці зменіцца сэнс слова, калі мы напішам “адклікнуцца”?

Як пішацца прыстаўка ад-?

Самастойная праца.

Спішыце, устаўляючы замест кропак слова "ляцелі" з прыстаўкай, якая адпавядае сэнсу.

1. Нядаўна ... з выраю шпакі і парадавалі нас  вясёлымі спевамі. 2. З дуплянкі ... сінічкі і селі на яблыню. 3. Неўзабаве сінічкі ... на сліву каля хаты. З-пад самых маіх ног з высокай густой травы ... дразды.

Растлумачце, якое значэнне надаюць устаўленым словам прыстаўкі.

Якой часткай слова выражаецца розніца ў значэнні аднакаранёвых слоў?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце  вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Загнаўшы ў хлеў на месца статка,

                                   Насеўся Ўладзя на ала(т, д)кі,

                                   Шпурнуўшы лапці і анучы

                                   Сяро(д, т) двара ў п(я, е)сок сыпучы;

                                   Іх маці зараз падабрала,

                                   Нічога сыну не сказала,

                                   Пайшла ў крыніцы спаласнула,

                                               Сушы(цц, ц)а ўскінула на шула     [2, с. 12 -- 13, “Новая зямля”].       

Абазначце ў словах прыстаўкі.

Растлумачце лексічныя значэнні слоў статак (тут жывёла, якую прыгналі з пашы), аладкі (бліны, блінцы), лапці, крыніцы, шула.

Падбярыце сінонім да слова шула. (Слуп.)

Тэсты.

Падкрэсліце патрэбнае.

Прыстаўка служыць:

1) для сувязі слоў у сказе;

2) змяняе форму слова;

3) утварае слова з новым значэннем.

Назавіце словы, у якім прыстаўкі вызначаны правільна:

1) выбег; 2) падскочыў; 3) уляцеў.

Назавіце слова, якое не мае прыстаўкі:

1) прыгарад;  2) трывалы; 3) адбегчыся.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое прыстаўка? Для чаго яна служыць?

Якія прыстаўкі пішуцца нязменна, незалежна ад вымаўлення?

Ад чаго залежыць напісанне з, с у прыстаўках?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.