Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ. ВЫМАЎЛЕННЕ І ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ. ВЫМАЎЛЕННЕ І ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб вымаўленні і правапісе зычных; адпрацоўваць уменні суадносіць у словах звонкія і глухія зычныя гукі, удасканальваць арфаграфічныя ўменні, якія звязаны з правапісам зычных;  садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас мовы вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывіваць любоў да жывой прыроды і свайго краю.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Дзень, світанне,

                                                          Сябар, бровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаэпічная размінка.

Н а с т а ў н і к. Прачытайце і адгадайце загадку.

                                                       Не піў, не еў,

                                                       А крычыць,

                                                       Як ашалеў. (Званочак.)

                                                                           З народнага [1, с. 330, “Беларускія прыказкі…”].      

4. Чыстапісанне.

                                 Зз          зв         за        зы                                 

                     заяц  звер  прыгожы

Якое слова "лішняе"? Чаму?

Складзіце  з "лішнім" словам сказ.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Улетку многія з вас адпраўляліся ў далёкія і блізкія падарожжы: у іншую вёску, у іншы горад, у іншую краіну. Цяпер мы здзейснім падарожжа па краіне Мовазнавіі. Яе ўладарка --  добрая і шчодрая каралева Мова. Яна не хавае свае багацці ад людзей, а, наадварот, шчодра дорыць кожнаму, хто толькі захоча іх мець.

У краіне Мовазнавіі каралеве Мове дапамагаюць яе падначаленыя: старанныя гаспадыні ў сваіх гаспадарках-раздзелах. Яны займаюцца не толькі сур'ёзнымі пытаннямі, але і ладзяць цікавыя, вясёлыя гульні.

Зараз мы пойдзем у госці да гаспадыні першага раздзела  -- Фанетыкі. У мінулым годзе вы ўжо былі ў яе.

Гаспадыня Фанетыка пазнаёміць нас са сваімі выхаванцамі -- звонкімі і глухімі зычнымі гукамі, нагадае, як гэтыя гукі вымаўляюцца. А яны напомняць вам, як трэба правільна абазначаць іх на пісьме.

6. Актуалізацыя  ведаў па  асноўных пытаннях вывучанага.

Самастойная праца.

Замест кропак устаўце абазначэнні парных глухіх гукаў. Запішыце ў сшытак.

[ б ]- [ ..]  , [ б' ] - [ ..] ,[ г ] -  [ .. ] , [ г' ] -  [ .. ] , [ д ] -  [ .. ]  , [ дж ] -  [ .. ]  , [ дз' ] - [ .. ],   [ ж ] - [ ..  ]  , [ з ] -  [ .. ]  , [ з' ] -  [ .. ].

Стварэнне займальнай формы ўвядзення задання ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

На дошцы запісаны словы з прапушчанымі звонкімі і глухімі зычнымі: ду.., пахо.., бяро.., кні..кі, ро..кі, гру..ка, про..ка, лё.., уле..ку, во..лака.

З гэтых слоў паўцякалі некаторыя літары, сталі гуляць і забыліся, дзе ім трэба стаць. Дапамажыце, калі ласка, літарам дабрацца дамоў.

(Вучні бяруць са стала патрэбную літару, паказваюць яе і запісваюць у слове.)

Як вы разважалі, устаўляючы патрэбныя літары?

Падбярыце праверачныя словы.

Да якога слова нельга падабраць праверачнае слова? (Воблака.)

Што абазначае слова "воблака"?

Пры напісанні слова "воблака" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Складзіце і запішыце сказ са словам "воблака".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Воблака -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце літару в, якая са словам пішацца разам. 

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Вось якія сказы запісаў няўважлівы вучань. Выпраўце памылкі і запішыце. Падкрэсліце зычныя, правапіс якіх разыходзіцца з вымаўленнем.

Ад прастуды лечыць лёд.  Сыр пайшоў з бацькам на агарод. Паклажу ў горы павёз на мухах (мулах). Кіт пабег па дарожцы за мышамі.

Самастойная праца.

Раскрыйце дужкі, устаўце  патрэбныя літары, запішыце ў дужках праверачныя словы. Падкрэсліце літару ч  разам з наступнымі галоснымі.

                                         Зялёная, а не лу(х, г)  (           ),

                                         Белая, а не сне(г, х)    (           ),

                                         Кучаравая, а без валасоў. (Бяроза.)

                                                                        З народнага [1, с. 342, “Беларускія прыказкі…”].

                                                        Бег ко (т, д),

                                                        Павесіў хвост

                                                        На пло (т, д). (Гарбу (з, с).

                                                                      З народнага [1, с. 339, “Беларускія прыказкі…”].

Адгадайце загадкі.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                         Сарока белабокая

                                                         Ляціць і сакоча.

                                             Разбудзіць лясок

                                             Стараецца, … (хоча).

                                                               Аляксей Якімовіч. 

Назавіце слова, у якім гукі абазначаюцца дзвюма літарамі.

Праца са словам.

Н а с т а ў н і к. Пагуляем у "Маўчанку". Я буду паказваць малюнак, а вы -- запісваць, што на ім намалявана.

(Верабей, качка, зязюля, шпак, бусел, ластаўка, дзяцел.)

Назавіце гэтыя прадметы адным словам. (Птушкі.)

Перакладзіце дадзеныя словы на рускую мову.

Назавіце словы, у якіх усе зычныя звонкія.

У якіх словах усе зычныя глухія?

Якія словы засталіся? Што можна сказаць пра зычныя ў гэтых словах?

Патрэніруйцеся вымаўляць слова "дзяцел".

Якую птушку можна сустрэць сярод хатніх?

Складзіце сказ са словам "качка".

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як качка ўзлятае. Нейкаі час яна кружыцца ў паветры, затым садзіцца на ваду і, азірнуўшыся, адпачывае.

Любіце жывую прыроду, клапаціцеся аб ёй.                 

Арфаграфічная праца.

Выправіце памылкі. Чаму вучань іх зрабіў?

На лузе стаіць велікі стох.

Праца з практыкаваннем.

Запішыце пары слоў. Вызначце, правапіс якога слова і чаму ў кожнай пары не адпавядае вымаўленню. Назавіце гукі, якія абазначаюцца дзвюма літарамі.

Падбярыце праверачныя словы.

Вуж - глуш, зуб - слуп, мёд - кот, медзь - мець, стог - гарох, полаз - колас.

Самастойная праца.

Спішыце тэкст, уставіўшы прапушчаныя літары. Назавіце няпарныя звонкія і глухія гукі. Падкрэсліце ў словах галосныя літары, якія пішуцца пасля літар ж, ч, ш, р.

 

                                               Верасень

 

Восенню барсукі наведваюць часам агароды, дзе любяць пажывіцца морквай і буракамі. Адкарміўшыся за лета, яны ў верасні пачынаюць рыхтавацца да халоднай зімы.

Барсукі прыводзяць у парадак нару, выкідаюць з яе рознае смецце, высцілаюць сваё логава лісцем і сухой травой, затыкаюць мохам усе выхады з нары, каб было цяплей. Адначасова яны робяць і харчовыя запасы, якімі кормяцца позняй восенню, калі не выходзяць з нары па некалькі дзён. З надыходам халадоў, звычайна ў сярэдзіне лістапада, тлустыя і лянівыя барсукі засынаюць у сваіх логавах таксама, як і мядзведзі ў бярлогах (Віталь Вольскі “Верасень”) [2, с. 58]).

Хвілінка адкрыццяў.

Вымавіце апошняе слова кожнага сказа і назавіце глухі зычны гук. Якое слова атрымаецца, калі гэты гук замяніць парным па звонкасці-глухасці? Як праверыць правапіс гэтых слоў?

1. Кастусь рабіў так, як мог. 2. Каля возера адразу ж за вёскай пачынаўся сасновы лес. 3. Пад зялёнай елачкай вырас прыгожы грыб.

Сачыце за правільным вымаўленнем гукаў [ч], [ж].

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а ўздых дзеда – ох, ох, ох – потым перадасце і вы.

                                                 Цяжка дзеду пасля працы.

                                                 Ступіў ў хаце на парог

                                                 І ўздыхнуў, каб чула баба:

                                                 -- Натаміўся! Ох! Ох! Ох!

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Цяпер пакажам, як уздыхнуў дзед, прамовім разам: “Ох! Ох! Ох!”

Змяніце слова “парог” такім чынам, каб глухі зычны стаў звонкім.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Зялёны лу(х, г), як скінуць вокам,

                                   Абрусам пышным і шырокім

                                   Абапал Нёмна ра(сс,с)цілаўся --

                                   За хатай зара(с, з) пачынаўся

                                   Ды йшоў квяцістай раўніною

                                   З мурожнай слаўнаю травою

                                   І ззяў на сонцы ў пералівах...     [3, с. 5, “Новая зямля”].

Як вы разумееце сэнс слова "абрус"?  (Пакрывала для стала.) Якім словам яго можна  замяніць? (Настольнік.)

Як паэт адносіцца да роднага краю?

А як да роднага краю адносіцеся вы? Якія мясціны ў ваколіцах горада (вёскі) вам найбольш падабаюцца і чаму?

Тэст.

Падкрэсліце правільна падабранае праверачнае слова.

1. Грыбкі - грыб.

2. Грыбкі - грыбка.

3. Грыбкі - грыбы.

Падкрэсліце правільна напісанае слова.

1. Смег.

2. Снех.

3. Луг.

Падкрэсліце слова, да якога трэба падабраць праверачнае слова, каб не памыліцца ў напісанні.

1.Садок.

2. Будка.

3. Смоўжык.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Н а с т а ў н і к. Да нас прыйшлі казачныя героі Шпачок і Сарока. Паслухайце іх.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу сябры-суседзі Шпачок і Сарока адправіліся ў падарожжа па родным краі.

Прыселі на ўзгорку, каб адпачыць.

Унізе распасціраецца зялёны луг, пасярод яго прытаілася азярцо, паўз берагоў парослае чаротам. На азярцы качкі плаваюць, гуляюць, ежу здабываюць.

- Сапраўдная казка перад намі! - у захапленні прамовіў Шпачок.

- У слове "казка" пасля "а" якая літара пішацца: "с" ці "з" ? - пацікавілася Сарока. Яна любіла задаваць пытанні, не давала сумаваць Шпачку.

- Напэўна, "с", - выказаў здагадку Шпачок.

- Шаноўны, калі ты напішаш літару "с", у цябе выйдзе іншае слова -- "каска", - усміхнулася Сарока. - Каскі звычайна на галаву надзяюць. Напрыклад, салдаты ў час бою альбо будаўнікі ў час працы. А ты хацеў сказаць пра тую казку, якую ў кнізе можна прачытаць Так?

- Так. Але я не магу зразумець, чаму ў слове "казка" трэба пісаць "з", а не "с".

- Каб не памыліцца ў напісанні, трэба ведаць, як правільна абазначыць на пісьме парны зычны, - сказала Сарока.

- Як?

- Трэба змяніць слова ці падабраць праверачнае так, каб гэты гук знаходзіўся перад галосным, - прамовіла Сарока. -  Паспрабуй змяніць  слова казка і адразу пачуеш, што пішацца пасля а.

- Казачка, казачны, казачнік, - стаў змяняць слова казка Шпачок. - Затым паглядзеў на сяброўку і радасна ўсклікнуў: - Я ўсё зразумеў! Няхай жыве казка праз літару з! Аляксей Якімовіч  [4, с. 3 – 4, “Казкі-падказкі”].

Якія зычныя гукі называюцца звонкімі, якія -- глухімі?

Што трэба зрабіць, каб не памыліцца ў напісанні глухіх і звонкіх зычных гукаў?

Якія галосныя літары пішуцца пасля літар ж, р, ч, ш?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Якімовіч, Аляксей. Казкі-падказкі / А. М. Якімовіч. -- Мінск  : Нар. асвета, 2012. – 104 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.