Мае вершы, надрукаваныя ў “Газеце пенсіянера” – 4
Аляксей Якімовіч
Працавіты беларус
Ляціць,
кружыцца жаўрук,
Песеньку спявае.
Працавіты беларус
Поле засявае.
Палье зямлю дожджык –
Вырасце пшаніца.
Каравай духмяны
Спячэ маладзіца.
У бары сасновым
Зязюля кукуе.
Працавіты беларус
Дом сабе будуе.
Высокія сцены
Падмурак трымае.
Як грыбок у лесе,
Домік падрастае.
Хмаркі праплываюць,
Грэюцца вароны.
Працавіты беларус
Косіць луг зялёны.
Сонца прыўзнялося,
Стаіць над ракою.
Наваколле пахне
Свежаю травою.
Павучок на павуцінцы
З ветрыкам лятае.
Працавіты беларус
Гасцей сустракае.
Бубен б’е заўзята,
Скрыпка выцінае,
На вясёлы танец
Баян запрашае.
У небе кружыцца жаўрук,
Крыльцамі махае.
Працавіты беларус
Усюды паспявае.
2023 год
“Газета пенсіянера”, № 21
(май), 2025 год
Аляксей Якімовіч
Беражы
Галаву пасерабрыла,
Маладых дзён не вярнуць.
Зноў хмурынкі, як маршчынкі,
Па тваіх шчаках бягуць.
Ты прынцэса маладая.
Мне даўно не дваццаць пяць.
Ды ўсё роўна падмывае
Белы танец станцаваць.
Аб’явілі белы танец.
Ужо музыка гучыць.
Я гадаю: а ці зможаш
Мяне зараз запрасіць?
Ведай, строгая прынцэса:
Абніму і дагаджу.
Я губамі прытулюся
І твае пасаладжу.
Пакладу на плечы рукі,
Каб цяпло адчула ты.
Няхай нас яно пагрэе,
Як праменьчык залаты.
Расцвіцеш, папрыгажэеш,
Нібы вішанька вясною.
За руку цябе вазьму
І пайду побач з табою.
Пранясу над акіянам,
Утрымаю, не пушчу,
Як са скарбам найдарожшым,
Дужай птушкай пралячу.
Устаўшы раненька, да сонца,
Пазбіраю ўсю расу
І табе, маё спатканне,
У вядзёрку прынясу.
Разгарэўся наш агеньчык,
Як вясёлка, зіхаціць.
Мы нікому не дазволім
Яго ўзяць і патушыць.
Расцвітай, душа-дзяўчына,
Хай спрыяе табе лёс.
Беражы тое каханне,
Што на сподачку прынёс.
Мы з табою не чужыя.
Умеем думкамі дзяліцца.
Калі хтосьці скоса гляне,
То гатовы заступіцца.
Наша шчыльнае знаёмства
Не забава, не гульня.
Мы з табою селі разам
На імклівага каня.
Ад таго, што набалела,
Конь ратуе, аддаляе.
Ужо бачым той куточак,
Які ў марах вырастае.
Развязалі тыя путы,
Што заціснулі вузламі.
Не спыняйся, конь імклівы.
Новы шлях выбралі самі.
Падманула нас юнацтва,
Не па тым тады прайшліся.
Прыпякае на душы,
Калі мары не збыліся.
Абхапіўшы, віхор кружыць.
Затупіся, востры меч.
Невыносна жыць на свеце
Без кахання, без сустрэч.
Белы танец аб’явілі.
Цішыню скрыпка прарвала.
Вельмі хочацца пачуць:
“Я прыйшла. Я вас шукала”.
Калі горкасць наплыве,
Безнадзейнасць запалоніць,
Галаву не апускай:
Белы танец абароніць.
2024 год
“Газета пенсіянера”, № 25
(чэрвень), 2025 год