ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ
Тэма: сказы з аднароднымі членамі, якія звязаны супраціўнымі
злучнікамі.
Псіхалагічны настрой.
Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.
Гэта назоўнік першага скланення, неадушаўлёны, ужываецца ў форме жаночага
роду, адзіночнага ліку.
Абазначае назву агародніны, пачынаецца з дваццаць пятай літары алфавіта і
заканчваецца апошняй.
• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбнае нам слова.
(цыбуля)
• Якія словы беларускай
мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Паведамленне тэмы ўрока.
Разгледзьце
прапанаваную схему. Пра якую сінтаксічную адзінку (канструкцыю) яна нам
паведамляе?
[○, але ○].
(Пра апавядальны сказ з двума аднароднымі членамі, якія звязаны супраціўным злучнікам але.)
Вывучэнне і замацаванне новага
матэрыялу.
Успамінаем.
Паводле значэння
злучальныя злучнікі падзяляюцца на спалучальныя, супраціўныя і размеркавальныя.
Супраціўныя злучнікі: а,
але,
ды
(у значэнні але), аднак, затое, не
толькі – а (але і), хоць (хоць
і) – але [5, стар. 187,
“Беларуская мова”].
Праца з вершаваным тэкстам.
Вось што супраціўныя
злучнікі паведамляюць пра сябе:
Сярод нас ёсць такія:
Але, аднак, затое.
Злучыце, паспрабуйце
Два словы: разумнае, малое.
Аляксей Якімовіч.
• Выканайце заданне,
прапанаванае аўтарам тэксту.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1. Не дарогу, а вузкую
лясную сцяжынку ўбачылі мы перад сабою. 2. Не дарогу а вузкую лясную сцяжынку
ўбачылі мы перад сабою.
Што трэба ведаць, каб
адказаць на пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Пачнём з правіла.
Запомніце! Паміж аднароднымі членамі сказа ставіцца коска, калі яны
звязаны супраціўнымі злучнікамі [1, стар. 155, Беларуская мова].
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены сказа дарогу, сцяжынку звязаны
супраціўным злучнікам а.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам.
Не дарогу, а вузкую
лясную сцяжынку ўбачылі мы перад сабою.
Скорагаворка.
Лясок
быў невялікі, затое грыбны (Аляксей
Якімовіч).
• Вызначце аднародныя
члены сказа. Ці трэба ставіць паміж імі коску? Якім злучнікам яны звязаны?
• Ці можна злучнік затое
замяніць блізкім па значэнні злучнікам але? Як вы лічыце? Пры неабходнасці
звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.
(Можна.)
Успамінаем вывучанае.
Закончыце сказ,
дапоўніўшы яго аднароднымі членамі.
• Я спачатку
разгубіўся, але потым успомніў і сказаў, што даданыя члены сказа – гэта …, … і
… . (Дапаўненне, азначэнне і акалічнасць.)
• Якія злучнікі
ўжываюцца пры аднародных членах? Ці ўсе яны супраціўныя?
• Растлумачце
пастаноўку знакаў прыпынку пры аднародных членах.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1.
Верш невялікі, ды прыгожы. 2. Верш невялікі ды прыгожы.
Што трэба ведаць, каб адказаць на
пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Звяртаемся да правіла.
Нагадаем! Паміж аднароднымі членамі сказа ставіцца коска, калі яны звязаны
супраціўнымі адзіночнымі злучнікамі: ○, але ο; ο, ды ο;
ο, а ο [1, стар. 155, Беларуская мова].
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены невялікі, прыгожы звязаны
супраціўным злучнікам ды (ён ужываецца ў значэнні злучніка
але).
Вырашэнне праблемнай сітуацыі.
Пішам.
Верш невялікі, ды прыгожы.
Праца са сказам.
• Складзіце
скорагаворку са слоў.
Ляцеў, даляцеў, не,
мяч, ды. (Мяч ляцеў, ды не даляцеў.)
• Дакажыце, што аднародныя члены звязаны менавіта супраціўным злучнікам. Якімі
часцінамі мовы яны выражаны?
Прыказкі, прымаўкі.
Прачытайце.
1. Дарагі не абед, а
прывет. 2. Адзін і пры месяцы працуе, а другі і пры сонцы спіць. 3. Гаспадарка
маўчыць, але шыю танчыць. 4. Дзень выганяе з хаты, а ноч прыганяе. 5. Лецечыкам
няўлежна, затое ўежна [4, стар. 87, 96, 99,
102, 108, “Беларускія прыказкі…”].
• Назавіце супраціўныя
злучнікі. Ці ўсе яны злучаюць аднародныя члены сказа? Ці правільна пастаўлены
знакі прыпынку пры іх?
• Падбярыце сінонімы да
слоў “абед” (полудзень), “прывет” (прывітанне).
• Раскрыйце сэнс слоў
“танчыць” (робіць тонкай), “няўлежна”
(не ўлежыш, шмат працы), “уежна” (шмат ежы, яды).
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы
па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, коскі.
Решать что-либо юридически(,) а не оружием (Цыцэрон).
Сначала мы расстаёмся с
детством(,) а затем – с юностью (Сенека).
Молчи(,)
но помни (Персій Флакк).
Не те
уж годы(,) да и настроение не то (Гарацый)
[7, стар. 63, 46, 150, 302, “Античные афоризмы”].
• Ці ва ўсіх
прыведзеных афарызмах ёсць аднародныя члены сказа? Ці ўсе злучнікі з’яўляюцца
супраціўнымі?
Слоўнік.
Породить -- нарадзіць, парадзіць; больший – большы; соблюдать – захоўваць; благоразумие -- разважнасць, разважлівасць.
Для даведкі.
Марк Тулій Цыцэрон (106
– 43 да н. э.) – рымскі аратар, філосаф і дзяржаўны дзеяч.
Луцый Аней Сенека (каля
4 да н. э. – 65 н. э.) – рымскі філосаф і паэт.
Аўл Персій Флак (34 --
62) – рымскі паэт-сатырык.
Гарацый (65 – 8 да н.
э.) – рымскі паэт.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1.
Трава была хоць і рэдкая, але высокая. 2. Трава была хоць і рэдкая але высокая.
Што трэба ведаць, каб адказаць на
пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Звяртаемся да правіла.
Запамінаем! Паміж аднароднымі членамі сказа ставіцца коска, калі яны
звязаны супраціўнымі злучнікамі [1, стар. 155, Беларуская мова].
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены рэдкая, высокая звязаны двайным
супраціўным злучнікам. Яго другая частка але.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі.
Пішам.
1.
Трава была хоць і рэдкая, але высокая.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне
вачыма напішыце беларускае слова “кропка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце
яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага
слоўніка.
Выкарыстаўшы адпаведны артыкул у слоўніку, прачытайце і запішыце
кароткае азначэнне назоўніка "балея". (Балея -- круглая нізкая пасудзіна з клёпак для мыцця бялізны.)
Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак
цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі [2, стар. 52, 88, “Тлумачальны
слоўнік”].
• Са словам “балея” складзіце сказ з аднароднымі членамі,
звязанымі супраціўным злучнікам хоць (хоць і) – але.
(Балея
была хоць і старая, але чыстая.)
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Балея, акардэон, апетыт, духмянасць, водар,
духмяны, пахучы.
Адказ. Балея, акардэон, апетыт, духмянасць, водар, духмяны, пахучы.
Для даведкі.
Водар – прыемны пах.
Лохань (1), душистость (4), аромат (5).
Сустрэча з беларускай
народнай казкай.
Прачытайце тэкст паводле казкі “Шывар-маладзец”.
У некаторым царстве, не ў вялікім, але і не ў маленькім, жылі дзед
ды баба. Жылі яны доўга, аднак нявесела, бо не было ў іх дзяцей. Наняўся дзед
да пана за лесніка. Аднаго разу пайшоў у лес і ўбачыў каля вялікага балота
качку (урывак паводле казкі
“Шывар-маладзец”) [3,
стар. 127, “Беларускія народныя казкі”].
• Назавіце супраціўныя злучнікі, якія звязваюць аднародныя
члены сказа. Ці правільна паміж імі пастаўлены коскі?
• Падбярыце сінонімы да слоў “аднаго разу” (аднойчы), “убачыў” (заўважыў).
Працуем з сінонімамі і
фразеалагізмамі.
Дапоўніце сказ
сінонімам (аднародным членам).
“Лета збірае, а зіма
паядае”, -- гледзячы на зграбныя стажкі сена, падумаў Міхась і адчуў палёгку, …
(супакой).
•
Колькі аднародных радоў у гэтым сказе: адзін ці два? Ці правільна пастаўлены ў
ім знакі прыпынку?
• Якім фразеалагічным
зваротам можна замяніць словы “хтосьці адчуў палёгку, супакой”? (Адлягло ад сэрца.) [6, стар. 14,
“Фразеалагічны слоўнік”].
•
Якім членам сказа з’яўляецца слова “палёгку”?
Назавіце слова.
-- Хоць доўга ўзлятаю,
Але добра ныраю, --
Гагара нам сказала
І
гучна … (закрычала).
Аляксей Якімовіч.
• Вы лічыце, што ў
вершаваным тэксце ёсць аднародныя члены сказа, паміж якімі ставіцца коска.
Дакажыце гэта.
• Ці ведаеце вы, як
крычыць гагара? (Гаг-га-гагара.)
Сустрэча з народным параўнаннем.
Назавіце народнае
параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з трох слоў (першая яго
частка “як паўтара”).
-- Крыху павучыўся я,
Ды не ўбачыў шчасця, --
Скрывіўся камарык
Як паўтара … .
• Вызначце аднародныя
члены сказа ў вершаваным тэксце. Чаму паміж імі ставіцца коска? Да якога слова
яны адносяцца? Якой часцінай мовы яно выражана?
Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: яцсачшян [4, стар. 427, “Беларускія
прыказкі…”].
Праца са сказам.
Запішыце сказ. Выбраўшы патрэбнае тлумачэнне, вызначце, ці трэба
ставіць паміж аднароднымі членамі коску.
Мы ставім коску ў наступных выпадках:
1) перад супраціўнымі злучнікамі, выкарыстанымі ў сказе;
2) паміж аднароднымі членамі, выкарыстанымі ў сказе, калі яны не
звязаны злучнікамі;
3) калі спалучальныя злучнікі, выкарыстаныя ў сказе, паўтараюцца.
Кузьма скрывіўся(,) аднак прамаўчаў(,) не захацеў звязвацца са
старэйшымі і дужэйшымі за яго хлопцамі.
Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна
прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
Вось
як жывога, дзядзьку бачу,
Я
тут партрэт яго зазначу.
Ён
невысок, не надта ёмак,
Ды
карчавіты і няўломак,
А
волас мае цёмна-русы,
І
зухаўскія яго вусы
Умеру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А
вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не
расчытаеш іх выразу… [8,
стар. 117 -- 118, “Паэмы Я. Коласа”].
• Назавіце супраціўныя
злучнікі. Ці ўсе яны звязваюць аднародныя члены сказа?
• Раскрыйце сэнс слоў
“няўломак” (дужы; працавіты), “зух” (бойкі, спрытны чалавек; хват; моднік.)
[2, стар. 132, “Тлумачальны слоўнік”].
Праца са сказамі.
1. Зірнуўшы на аднакласнікаў, Хведар адказаў ціха(,) … (але) ўпэўнена (Аляксей Якімовіч). 2. Думаю, што кожнаму
вядома: дождж мочыць(,) …(а) сонца сушыць (Аляксей
Якімовіч). 3. Дождж …(хоць і) прайшоў(,) …(але) мала намачыў зямлю (Аляксей Якімовіч). 4. Я хацеў прыйсці на
першы ўрок(,) … (аднак) спазніўся Аляксей Якімовіч). 5. Крапіва
невялікая(,) … (затое) пякучая (Аляксей
Якімовіч).
• Устаўце патрэбныя супраціўныя злучнікі. Пастаўце прапушчаныя знакі
прыпынку.
Хвілінка творчасці.
Якія словы тут
рыфмуюцца?
1. Апошняе слова
аднародных членаў хоць стаміліся, але
ўскапалі
Рыфмуецца з апошнім словам такіх жа членаў хоць нахадзіліся, але н.. .
2. Апошняе слова
аднародных членаў невялікі, ды густы
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў вялікі, ды п.. .
3. Апошняе слова
аднародных членаў хоць і малая, але
працавітая
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў хоць і старая, але нак ..
.
4. Апошняе слова
аднародных членаў не цёплы, а халодны
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў не чужы, а р.. .
5. Апошняе слова
аднародных членаў спадзяваўся, аднак не
запрасілі
Рыфмуецца з
апошнім словам такіх жа членаў даганялі,
аднак не злавілі.
Д л я д а в е д к і.
Адказы да вершаванага
тэксту (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісана наадварот апошняе слова
сказа): іларібзан, ытсуп, яатыркан, ындор, ілівалз.
Адказы на заданне і пытанне.
• Назавіце супраціўныя злучнікі.
• Ці заўсёды паміж
аднароднымі членамі сказа, звязанымі супраціўнымі злучнікамі, ставіцца коска?
Тэст.
Назавіце сказы,
запісаныя правільна, без парушэння пунктуацыйнай нормы.
1. Міхась прыпыніўся,
аднак не пачакаў нас.
2. Наступала ноч аднак
яшчэ пераклікаліся між сабою птушкі.
3. Хоць не наеўся,
затое насмяяўся.
4. Назбіралі шмат
лісічак, ды баравічкоў.
5. Хоць і нямала
папрацавалі, але не стаміліся.
Адказ: 1, 3, 5.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Бадзевіч, З. І. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 8-га кл.
устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. – Мінск :
Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 256 с.
2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік
беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П.
Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --
Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
3.
Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. :
Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.
4.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы
/ склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. –
556 с.
5. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў
агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У.
Зелянко, С. А. Язерская. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. – С. 239.
6. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны
слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М.
Янкоўскага. – Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М.
Янкоўскі.
7. Казачёнок Т. Г.,
Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.
8. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск :
Маст. літ., 1986. — 448 с.
Урок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў
часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 3, сакавік 2023 г.