Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПРАВАПІС НЕ З ДЗЕЯСЛОВАМІ

 

Творчы ўрок у 3 класе.  ПРАВАПІС НЕ З ДЗЕЯСЛОВАМІ

 

Мэты: засвоіць правапіс не з дзеясловамі; фарміраваць уменні правільна пісаць не з дзеясловамі; паказаць яго ролю ў маўленні; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; паказаць значэнне фізічнай загартоўкі ў жыцці чалавека.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Н а с т а ў н і к. Зараз мы разам прачытаем прыказкі, якія настрояць нас на вучэбны лад, зробяць больш упэўненымі.

Добрая галава тая, што розум мае.

Залатыя рукі сталі ад навукі.

Малое, ды разумнае [1, с. 176, 177, “Беларускія прыказкі…”].                        

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя арфаграмы. Растлумачце іх напісанне. Адгадайце загадку.

                                      Ў хату і гаспадароў не пускаю..ь,

                                      Калі тыя ключыка не маю..ь. (Дзверы.)

                                                                            Аляксей Якімовіч.          

Ад дзеяслова пускаюць адніміце часціцу не і прачытайце загадку ў новым варыянце. Ці набыла яна новы сэнс?

4. Чыстапісанне.

Назавіце гук, які абазначаецца на пісьме дзвюма літарамі: д, з.

У чым заключаецца асаблівасць гэтага гука?

                     Дз  дз

                    Дзейнічаць  дзівачыць  дзынькаць  дзьмухаць

Што агульнага ў гэтых словах? (Дзеясловы неазначальнай формы, маюць першы [дз´], [ дз ]).

Растлумачце лексічнае значэнне слова "дзівачыць". (Рабіць незвычайнае, смешнае, што выклікае здзіўленне).

Значэнні якіх слоў вы не зразумелі?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. У дзеяслова, не здзіўляйцеся гэтаму, ёсць свой святлафор. Чырвоны агеньчык у ім кажа "няможна", зялёны -- "можна", жоўты -- "прашу падрыхтавацца".

Паслухайце, што здарылася аднойчы са Шпачком і Сарокай, калі яны да дзеяслова ў госці вырашылі схадзіць. Праведаўшы пра гэта, дзеяслоў прыслаў ім вось які сігнал свайго святлафора: "Я магу запрасіць". Узрадаваліся птушкі, пачалі рыхтавацца, а дзеяслоў неспадзявана новы сігнал ім прыслаў: "Я не магу запрасіць". Шпачок і Сарока засумавалі, дзюбы павесілі, ды неўзабаве новае паведамленне атрымалі ад дзеяслова: "Я не магу не запрасіць". Перад Шпачком і Сарокай нарэшце загарэўся зялёны агеньчык святлафора.

Якое невялікае слова дапамагала дзеяслову мяняць  каманды? (Не).

Сёння разам са Шпачком і Сарокай мы пагаворым з вамі аб правапісе не з дзеясловамі, высветлім і на іншых прыкладах, якое значэнне яно мае ў маўленні.    

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Гутарка па ўзнаўленню вядомага.                    

Прачытайце. Параўнайце прыказкі і скажыце, які сэнс яны маюць у першым і другім слупках. Якія прыказкі будуць правільнымі?

                                                     1

Пасеяўшы, не чакай жніва. Раскусіўшы арэх, зерне не з’ясі. Хто змоладу працуе, той пад старасць жабруе.

                                                      2

Не пасеяўшы, не чакай жніва. Не раскусіўшы арэх, зерне не з’ясі. Хто змоладу не працуе, той пад старасць жабруе [1, с. 106, 112, “Беларускія прыказкі…”].                             

Якое слова надало прыказкам супрацьлеглае значэнне і змяніла іх сэнс? (Не).

Раскрыйце сэнс слова “жабруе”. (Просіць, каб дапамаглі яму.)

Спішыце прыказкі ніжняга слупка і падкрэсліце дзеясловы з не.

Як пішацца не з дзеясловамі?

Вывад: не з дзеясловамі пішацца асобна.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Дзеясловы непакоіць, ненавідзець, недамагаць, няволіць, нездаровіцца пішуцца разам, бо без не ўжываюцца.

Назіранне за словам.

Складзіце сказы са словамі "непакоіць", "ненавідзець", "нездаровіцца".

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Перабудуйце сказ такім чынам, каб пры дзеяслове ўжывалася не.

У нашым садку цвіце яблынька.

Якім сінонімам можна замяніць слова “цвісці”, калі гаворка ідзе пра  цвіценне жыта? (Красуе).

Прывядзіце прыклад, калі слова "цвісці" ўжываецца ў пераносным значэнні. (Здароўе цвіце.)

Растлумачце сэнс выразу "сажалка цвіце". (Пакрываецца цвіллю.)

Пры напісанні слова "цвісці" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

Растлумачце правапіс літар ц у першым і другім складах.

Перакладзіце на рускую мову слова "цвісці". Параўнайце гучанне і напісанне. (Цвести.)

Праца са сказам.

Правільна змяніце сэнс сказа.

Пчала папярэджвае, адразу не джаліць. (Пчала не папярэджвае, адразу джаліць.)

Растлумачце напісанне слова "джаліць".

Падбярыце роднасныя (аднакаранёвыя) словы да слова "джаліць".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Джаліць -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

А цяпер сустрэнемся з казачнымі героямі.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

У бярозавы гаёк, дзе жыў Шпачок, прыляцела Сарока. Шпачок яшчэ спаў: натаміўся ўчора, па гайку гуляючы.

А на бярозку села Сарока і рэзка застракатала.

Шпачок  пазяхнуў і, павярнуўшыся на другі бок, захроп як пшаніцу прадаўшы.

Гучней застракатала Сарока і разбудзіла Шпачка.

Мусіў устаць Шпачок.

- Сарока, - прагаварыў ён сонным голасам, - разбудзіла ты мяне!

Сарока зляцела з бярозкі, прысела каля Шпачка і прывіталася як нічога ніякага:

- Добры дзень, сусед.

- Добры! Добры! - Шпачок пацягнуўся і дастаў з кішэні ліст паперы. - Вось што ўчора Салавей мне прыслаў. Нейкія няправільныя сказы панапісваў, а мне ламі галаву, разбірайся.  Падзівіся, мо ты разбярэшся.

Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і прачытала:

- Рана ўстанеш -- многа не зробіш. Хто хлусіць, той і не чырванее. Не вывучыш урок -- атрымаеш добрую адзнаку. Не будзеш ветлівы -- будуць людзі паважаць.

- Няправільныя? - нецярпіцца ведаць Шпачку.

- Канешне, няправільныя!

- Спачатку я падумаў, што яны правільныя, бо там  не з дзеясловамі напісана асобна, як ты і вучыла мяне.

- Вучыла, ды не давучыла, - усміхнулася Сарока і растлумачыла суседу, якую памылку зрабіў у сказах Салавей.

Рэдагаванне тэксту.

Выпраўце памылкі ў сказах Салаўя і запішыце іх правільна.

Самастойная праца.

Спішыце, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс не з дзеясловамі.

 

Крынічка каля дарогі

 

Гэта крынічка з даўніх часоў цякла непадалёку ад дарогі. Яна ніколі, нават у самую спякоту, (не)высыхала. Да крынічкі часта прыходзілі людзі. Яны (не)смяцілі тут, бераглі і ахоўвалі сваю крынічку. А яна частавал іх смачнаю вадою.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.

                                                Вы паверыце, сябры?

                                                Ля крынічкі, там, дзе горка,

                                                На высокай елцы

                                                Скача рыжая … (вавёрка.)

                                                             Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс не з дзеясловамі.

Праца са словам.

Зараз вы адкажаце на пытанне: "Што ты любіш рабіць больш за ўсё?" Калі вам падабаецца нешта рабіць, напішаце "люблю, хачу, падабаецца…". Калі не падабаецца, напішаце "не люблю, не хачу, не падабаецца, не прымусіш…".

* Спяваць.

* Чытаць.

* Гуляць у футбол.

* Маляваць.

* Адпачываць.

* Пісаць дыктоўкі.

*Дапамагаць бацькам.

*Атрымліваць добрыя адзнакі.

* Адгадваць загадкі.

Некаторыя з гэтых дзеянняў мы будзем выконваць на ўроку. І пачнем з таго дзеяння, якое падабаецца большасці з вас , -- паспрабуем адгадаць загадкі.

                                                          Усе паны

                                                          Паскідалі каптаны,

                                                          Толькі трое

                                                          Ў каптанах стаяць. (Лісцевыя дрэвы і елка, сасна, ядловец зімой.)

                                                                                З народнага.

                                                          Лата на лаце,

                                                          А шва не мае. (Капуста.)

                                                                                  З народнага        [1, с. 343, 352, “Беларускія прыказкі…”].

Што абазначае слова "капуста"? (Агародніну.)

Якія яшчэ назвы агародніны вы ведаеце?

Растлумачце правапіс не з дзеясловамі скінуў, мае.

  Складзіце і запішыце сказ з не, ужыўшы ў ім слова "капуста".

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як выглядаюць лісцевыя дрэвы: бяроза, дуб, асіна. Як дрыжаць на ветры лісцікі ў асіны? А як выглядаюць елка, сасна, ядловец?

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а ст а ў н і к. Паслухайце працяг казкі.

На другі дзень  Салавей зноў прыслаў Шпачку пісьмо. І зноў Шпачок сам не змог у ім разабрацца. Прыляцеў ён да Сарокі, даў ёй ліст.

- Дапамажы!

Сарока  ўзяла ліст і гучна прачытала:

- Учора было дажджліва, і дзеці гулялі на дварэ. Мы вазілі сена, таму што яно было мокрае. Наша футбольная каманда прайграла, бо добра падрыхтавалася.

Шпачок з надзеяй паглядзеў на Сароку.

- Разабралася?

- Разабралася! - сказала Сарока і растлумачыла Шпачку, як трэба правільна напісаць сказы.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

- Выпраўце памылкі ў сказах, якія Салавей прыслаў Шпачку. Запішыце іх правільна і растлумачце напісанне не з дзеясловамі.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў сустрэнемся з нашымі казачнымі героямі.

- У цябе ўсё? - пацікавілася Сарока ў Шпачка.

- Не, не ўсё. На гэты раз Салавей не на адным, а на двух лістах напісаў. - Шпачок дастаў з канверта яшчэ адзін ліст і працягнуў яго Сароцы. - Чытай.

 - Дзед сустрэў воўка, але ён яго не спалохаўся, - прачытала Сарока.

- Невядома, хто не спалохаўся: дзед ці воўк, - сказаў Шпачок і ўсклікнуў: - А я здагадаўся, як трэба выправіць! Сам здагадаўся!

-  Як вы выправіце сказ, калі гаворка ў ім ідзе пра дзеда?

(Дзед сустрэў воўка, але не спалохаўся.)

- А калі гаворка ў ім ідзе пра ваўка?

(Дзед сустрэў воўка, але той не спалохаўся.)

Запішыце гэтыя сказы. Падкрэсліце не.

У слове “дзед” напісанне літары д не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму. (Дзядулька.)

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я прачытаю верш, а словы – дзын, дзын, дзын – потым прамовіце і вы.

                                                З самай раніцы у сад

                                                Пчолкі  дружненька ляцяць.

                                               “Дзын, дзын, дзын”, --

                                               Каля кветачак звіняць.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Прамовім разам, пакажам, як звіняць пчолкі: “Дзын, дзын, дзын”.

Ці зменіцца змест верша, калі перад дзеясловамі паставіць не ?

Праца з загадкамі.

Адгадайце загадкі па іх прыметах.

Загадка першая.

Ён скручваецца ў калючы клубок, каб не трапіць у зубы дужэйшаму зверу. (Вожык.)

Загадка другая.

Дрэва, але лістамі ў час ветру не варушыць, не мае лістоў. (Елка.)

Загадка трэцяя.

Гэтым ключом не адмыкаюць хату, яго можна ўбачыць высока ў небе. (Жураўліны ключ.)

Загадка чацвёртая.

Ён хоць не есць, але ўвесь дзень звоніць. (Званок.)

Загадка пятая.

Яна свайго гнязда не будуе і дзяцей не хоча гадаваць. (Зязюля.)

Запішыце “не трапіць”, “не варушыць”, “не мае”, “не адмыкаем”,  “не есць”, “не будуе”, “не хоча”.

Вучань сцвярджае, што не з прыведзенымі дзеясловамі будзеце пісаць а) асобна, б) разам. Ці згодны вы з гэтым?

Перакладчыкі.

Перакладзіце сказы. Раскрыйце дужкі і растлумачце правапіс не з дзеясловамі.

Не посеешь – не пожнёшь.

Не поищешь – не найдёшь.

К соседям не пойдёшь, пока не пригласили.

Слоўнік: пожнёшь - сажнеш;  к соседям – да суседзяў.

Творчая праца.

Складзіце і запішыце тэкст.

План

1. Сабачка Пушок.

2. Дружба Міколкі і Пушка.

3. Пушок прапаў.

4. Сябры зноў разам.

Апорныя словы: прынёс сабачку, маленькі, пушысценькі, назвалі Пушком, не хацеў, не ўмеў, згубіўся, не паверыў, на тым жа месцы, стаяў, чакаў, не ўцёк.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   - А дзе карась?

                                   - Зашыўся ў гра(з, с) ь,

                                   І схо(д, т) яму нямілы,

                                   Прыйсці (не) мае сілы!

                                   І кажа сом: -- Заклікаць гаруна!

                                   Шчупак, пазавіхайся! [2, с. 206, “Раніца ў нядзельку”. “Рак-вусач”].

Растлумачце правапіс не.

Раскрыйце значэнне выразу заклікаць гаруна (які гаруе) і слова пазавіхацца (завіхацца -- старанна, хутка  працаваць).

Тэст.

Падкрэсліце словы, якія пішуцца з не асобна.

1. (Не) ведаў.

2. (Не) хоча.

3. (Не) ўмееш.

4. (Не) прымусіш.

5. (Не) пайду.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Як пішацца не з дзеясловамі?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 19 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.