Пра багоў язычніцкіх. Ярыла і Ляля
(у
форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх
цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем,
што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія
выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых
даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на
Вялікдзень, і на Каляды.
-- Хто такая Ляля?
-- Багіня вясны, супружніца Ярылы, бога вясновага сонца.
-- Як жа яны пазнаёміліся?
-- Перамогшы ў падземных нетрах злога бога Чарнабога (ён
зямнымі ключамі зямное жыццё зачыніў, зямлю снягамі пакрыў) і адамкнуўшы зямлю
да жыцця, ехаў Ярыла на белым кані. Усё навокал яго з радасцю сустракала. Дрэвы
пупехі распускалі, кветкі расцвіталі, у дар маладому богу прыемны нектар
падносілі, ласкавая цеплыня курылася ад зямлі. Каханне да бога-вызваліцеля
залатым латоццем на грудзях зямлі вырасла, вылілася.
-- Ярыла заўважыў залатое латоцце?
-- Мацней забілася ў яго сэрца, калі заўважыў. Не толькі
зямное дзівоснымі ключамі адчыніў, але і сваё сэрца. Агнём кахання загарэлася
яно, і пад поглядам бога-юнака латоццевыя пялёсткі выраслі грудкамі белага цела
з вуснамі чырвонымі, паўстаўшы праз імгненне маладой дзяўчынай. Зачаравалі
Ярылу вочы колеру блакітнага неба, косы, падобныя на лён беларускі. І прыйшла
да Ярылы яго нявеста багіня вясны, багіня радасці і кахання, багіня прыгажосці
Ляля.
-- Больш не зведаў бяды Ярыла-бог?
-- Ноччу, калі сонца схавалася ў выраі, чорныя моцы –
слугі Чарнабогавы – цемраю сталі хадзіць па зямлі: і стары дзед Лесавік з
барадою мохавай, і аброслы жабурэннем Вадзянік, і страшны Карачун, які сонных
людзей душыў, сеўшы ім на грудзі. Чым даўжэй было ў выраі (у раі) сонейка, тым
болей зла чынілі чорныя моцы, здзекуючыся з людзей.
-- Людзі сталі прасіць Дальбога (галоўнага бога, пана
сусвету), каб дапамог ім?
-- Прасілі, на Дальбогавай гары сабраўшыся, каб не толькі
днём, але і ноччу абараняў. Пачуў іх Дальбог і загадаў Ярылу, каб начны час
асвятліў, людзей цяплом сагрэў і чорныя моцы разагнаў.
-- Удалося гэта зрабіць Ярылу-богу?
-- Па сухім дрэве, як святы агонь, маланкаю спусціўся
Ярыла да людзей і пацешыў, парадаваў іх, даўшы святло і цеплыню.
-- Як аднесліся да гэтага людзі?
-- Сышоўшага бога Ярылу-агонь яны Багачом назвалі, бо з
той ночы багатае жыццё ён даў: цёплае і светлае. У свае хаты прынеслі яны
Багача, на таку паклалі і святым вярбовым агнём падсычвалі, каб не патух.
-- Значыць, Ярылу-агонь Ярылам-багачом мы можам назваць.
-- Так. Тады першы раз сышоў Ярыла з выраю (раю) на
зямлю.
-- Мне здаецца, і ў наш час захавалася слова “ляля”, як і
слова “багач” (багацей).
-- Прыгожым словам “ляля” маленькія дзеці часта называюць
такіх жа маленькіх равеснікаў. А яшчэ яно гучыць у слове “лялька”, з якой
гуляюць дзеці.
Аляксей
Якімовіч
Ярыла-агонь
І ў далёкія часы
Сонейка свяціла,
Ласку шчодрую сваю,
Зямлю грэючы, дарыла.
Калі ж ноччу ішло спаць,
Цемра паўставала.
Злая сіла, як адна,
З процьмаў выпаўзала.
Лесавік па лесе
Як цень, вандраваў.
Чалавека не баяўся.
Што шалёны, нападаў.
Вадзянік з вады вылазіў.
Ён дзяўчатак пільнаваў.
Жабурэннем іх накрыўшы,
Забіраў, на дне хаваў.
Як начніцы, ведзьмы ў ступах
Па-над хатамі ляталі.
Моцна крыўдзілі людзей.
Чэрці ім дапамагалі.
Дальбога нашы людзі
Сталі клікаць і маліць,
Каб і ноччу ад злых моцаў
Іх прыйшоў абараніць.
Пан Дальбог пачуў маленне.
Ён Ярылу загадаў,
Каб спусціўся на зямлю,
Лютых моцаў пакараў.
Выканаў загад Ярыла:
Святым агнём запалаў,
Сілы цемры разагнаў,
Цяпло людзям даў.
Багатым, светлым
Жыццё стала,
Як чорная сіла
Згінула, прапала.
А Ярылу-агонь
Багачом назвалі.
Паняслі па хатах,
На таку паклалі.
Галінкамі вярбовымі
Падсычвалі яго,
Бераглі як роднага,
Як блізкага, свайго.
З тае казачнай пары
З Багачом сябруем.
Цеплыню Багач дае,
Ад злых сіл ратуе.
2022 год