Поиск по этому блогу

Заданні на літару “Д”

 

Лексічныя заданні на літару “Д” “Правер сябе”

 

Падбярыце словы так, каб яны адпавядалі ўказаным лексічным значэнням.

 

Тлумачыцца значэнне слоў, якія трэба падабраць

 

1. Дастатак, забяспечанасць усім неабходным. 2. Той, хто аказвае дапамогу, паслугу, робіць дабро.  3. Зрабіць па густу; унаравіць. 4. Праяўляць пастаянныя клопаты аб кім-небудзь, аб чым-небудзь. 5. Зусім, начыста; поўнасцю, дашчэнту. 6. Папракаць, выказваючы нездавальненне якім-небудзь учынкам, паводзінамі. 7. Правільны;  не прыблізна. 8. Назаляць чым-небудзь. 9. Які імкнецца ўсё зразумець, пазнаць; цікаўны, праніклівы.  10. Той, хто дае параду. 11. Беззаганны, выдатны. 12. Кемлівы, знаходлівы; трапны. 13. У гутарковай мове: высокі, худы, з доўгімі нагамі.  14. Верхняя частка будынка, якая пакрывае яго. 15. Стары венік з голых розаг. 16. Яркае асвятленне гарызонта перад усходам сонца; ранішняя зара. 17. Час перад світаннем.  18. Столькі, колькі патрэбна, дастаткова.  19. Раздроблены камень; цэгла; шчэбень. 20. У гутарковай мове: надта, вельмі, надзвычайна. 21. Доўгая тонкая гібкая галінка; розга.  

 

Словы, якія падбіраем да ўказаных тлумачэнняў

 

Дужа, досвітак, дах, дарадчык, дазвання (націск падае на а), дабрабыт, дагадзіць, дакладны, даўгалыгі, дзяркач, дубец, дабрадзей, дасціпны, дакараць (націск падае на а), друз, дакучаць, дзянніца, даглядаць,  досыць, дапытлівы, дасканалы.

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю, каб праверыць сябе)

5. Дазвання. 20. Дужа. 16. Дзянніца. 12. Дасціпны. 8. Дакучаць. 1. Дабрабыт. 6. Дакараць. 2. Дабрадзей. 9. Дапытлівы. 13. Даўгалыгі. 21. Дубец. 17. Досвітак. 14. Дах. 11. Дасканалы. 3. Дагадзіць. 7. Дакладны. 15. Дзяркач. 19. Друз. 4. Даглядаць. 10. Дарадчык. 18. Досыць.

        [1, стар. 94 -- 109, “Тлумачальны слоўнік”]

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.                                                                               

                                                                                               Склаў Аляксей Якімовіч