Поиск по этому блогу

Апавяданні, казкі "Сем гісторый пра Воўка і Вожыка"

 

                                                                                                      Аляксей Якімовіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  

Сем гісторый пра Воўка і Вожыка

Апавяданні, казкі

 

Той, хто прачытаў кнігі беларускага пісьменніка Аляксея Якімовіча "Каб мама ўсміхалася", "Хітрая ліса", «Слёзкі Сонца” з задавальненнем прачытае і гэтую.

Апавяданні, казкі, як старэйшыя сябры, раскажуць вясёлыя, пазнавальныя гісторыі пра людзей і казачных жывёл, пра значэнні слоў і матэматычныя знакі, навучаць мудрасці, дабрыні, спагадлівасці і ўзаемавыручцы -- таму, без чаго ў жыцці нельга абысціся.

Кніга адрасуецца дзецям дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Выпушчана выдавецтвам “Пачатковая школа” ў 2016 годзе.

Якімовіч, Аляксей Мікалаевіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 60 с. : іл.


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

АПАВЯДАННІ

 

 

СНЕЖНЫ ТУМАН

 

У гэты дзень распачалася мяцеліца. Васілёк і Алеся з вёскі Залессе выйшлі пасля паўдня. У Залессі жыве сябар Васілька Міхась. Васілёк і Алеся гасцявалі ў яго, нават урокі разам зрабілі. Цяпер яны ішлі па дарозе, якая вяла ў іхнюю вёску Загор'е. У некаторых месцах вецер ужо перамёў дарогу. Прыходзілася перабірацца праз сумёты.

-- Алеська, трымайся побач, не адставай! -- напомніў сястры-трэцякласніцы Васілёк. Ён ўжо ў шостым класе вучыцца -- яму ісці лягчэй.

-- Трымаюся, не адстаю! -- азвалася Алеся і ўтуліла галаву ў падняты каўнер паліто.

Наляцеў халодны вецер, жорсткімі крупамі сыпануў у твар. Васілёк на імгненне заплюшчыў вочы. Можа, вярнуцца ў Залессе і там бацьку пачакаць? Ён на трактары прыедзе, забярэ іх. Але ж калі гэта будзе? У разгары працоўны дзень.

Васілёк расплюшчыў вочы. Побач стаіць сястрычка. Малайчына, не адстала ад яго.

-- Пойдзем, Алеська?

-- Пойдзем.

Канешне, Алеся разумее, што няма як доўга тут стаяць. Хутка зусім замяце дарогу. Вунь як стараецца, свішча вецер.

Васілёк зірнуў на тоўсты, набіты кнігамі і сшыткамі партфель, які вісеў за плячыма Алесі.

-- Дай партфель, -- прагаварыў.

-- Сама панясу, -- запярэчыла Алеся.

Хлапчук хуценька зняў з плячэй сястры партфель і ў чарговы раз напомніў:

-- Не адставай!

Васілёк ідзе няспешна, пакідаючы ў снезе глыбокія сляды, па якіх, ведае ён, ступае Алеся. Слядок у слядок, каб было лягчэй. Так заўжды яны робяць зімою.

Пачаўся яловы лес. Стала цішэй, спакайней. Толькі ў самых вершалінах з пагрозаю гудзіць вецер, калыша вялізныя снежныя шапкі старых ялін.

Азірнуўшыся, Васілёк усміхнуўся сястры. І яна ўсміхнулася краёчкамі вуснаў. Шчочкі чырвоныя ад марозу, пасмачкі валасоў, што вылезлі з-пад вязанай шапачкі, пакрыў белы іней.

-- Васілёк, вунь ліса! -- раптам усклікнула Алеся.

Сапраўды, уперадзе на дарозе стаяла рыжая прыгажуня. Прыўзняўшы вострую мордачку, яна з цікаўнасцю глядзела на дзяцей.

-- Не ўцякае! -- сумелася Алеся.[u1] 

-- Уцячэ, калі падыдзем бліжэй, -- упэўнена прагаварыў Васілёк і пакрочыў далей. Ён ведаў, што лясныя звяры ўцякаюць ад чалавека, не любяць сустракацца з ім.

-- Чаго яна выбегла на дарогу? -- запыталася сястра.

-- Мабыць, мышкуе, -- адказаў Васілёк.

-- Што ты сказаў? -- недачула Алеся.

-- Мышкуе, мышэй ловіць!

-- У такую мяцеліцу? Можа, яна хворая, шалёная?

-- Не шалёная. Глядзі, як высока галаву трымае, -- сказаў Васілёк і падняў тоўсты сук, абламаны ветрам.

Ліса падскочыла і пабегла, знікла ў лесе, быццам і не было яе.

-- А я табе што казаў! -- павесялеў Васілёк.

Лес скончыўся. Далей трэба ісці па адкрытым месцы, праз поле. Да Загор'я ўжо недалёка: кіламетра паўтара, не болей. Але вецер усхадзіўся яшчэ больш, нібы ашалеў. Дарогі амаль не відаць, наваколле быццам у тумане. У снежным тумане.

Васілёк ведае, што туман утвараецца з маленькіх кропелек вады. Яны плывуць над зямлёю адна за адной. А гэты туман утварыўся з безлічы сняжынак. У ціхі зімовы дзень сняжынкі прыгожыя, дыяментамі пераліваюцца, а цяпер яны сякуць па твары, слепяць вочы.

Хлапчук ступіў і па самы пояс праваліўся ў снег.

-- Мы з дарогі збіліся! -- выклікнула Алеся.

Васілёк і сам гэта зразумеў. Па цаліку[u2]  (тут няма ні дарогі, ні пратаптанай сцяжынкі) ў вёску прыйдзецца ісці, па пояс у снезе. Але ж у такім змроку не дойдзеш да Загор'я, заблудзішся.

Справа цямнее край лесу. Яго яшчэ можна разгледзець. Туды трэба кіравацца. Каб толькі сястрычка не адстала, не згубілася.

-- Алеська, вазьміся за маю куртку і трымайся моцна, ні ў якім разе не адпускай! Зразумела?

Дзяўчынка абедзвюма рукамі ўзялася за куртку брата.

Васілёк павярнуў направа і пабрыў па снезе, прабіваючы для сястры дарогу. А яна спалохалася, загаласіла:

-- Куды ты? Куды-ы?..

Хлапчук павярнуў галаву і крыкнуў:

-- Каля лесу сцірта саломы стаіць! Забы-ылася-а?..

-- А-а-а!.. -- вырваўся з грудзей дзяўчынкі гучны вокліч і адразу ж змоўк. Снежны туман праглынуў яго.

Васілёк брыў і брыў па снезе. Час для яго спыніўся. Валасы пад шапкай зліпліся, забалелі ногі…

А сястра малайчына. Трымаецца рукамі, не адпускае куртку. Такая не прападзе.

Вось і сцірта. Як вялікі бухматы заснежаны дом, яна стаіць пры самым лесе.

-- Тут будзем начаваць? -- гледзячы на сцірту, ціха прамовіла Алеся.

-- Тут.

-- Мы не замерзнем?

Сястра стаяла і хісталася, як гнуткая былінка на лютым ветры.

-- Нам будзе цёпла тут, -- сказаў Васілёк і, нагнуўшыся, стаў выдзіраць са сцірты салому, каб зрабіць глыбокую нару.

Восенню салому склалі ў спрасаваных трактарам цюках. Таму яна не паддавалася, не выцягвалася. Але Васілёк скуб і скуб яе, выдзіраў па жменьцы, забыўшыся пра стому. Там, у снежным тумане, стаіць сястра і хістаецца, як былінка.

-- Васілёк, мне холадна! -- не стрывала, падала галасок.[u3] 

-- А наша хатка ўжо гатовая. Лезь сюды! -- з нары паклікаў сястрычку Васілёк.

Алеся на каленках залезла ў нару і прытулілася да брата.

У сцірце шалясцелі, пішчалі неўгамонныя мышы.

-- Васілёк, я мышэй баюся, -- прызналася Алеся.

-- Супакойся. Яны не палезуць да нас.

-- Ты ведаеш?

-- Ведаю.

-- Я веру табе, -- сказала сястрычка і праз хвілінку дадала: -- Есці хочацца.

Хлапчук дастаў з кішэні пачак пячэння і працягнуў яго Алесі.

-- Вазьмі.

-- А ты?

-- Я не хачу, -- схлусіў Васілёк.

Алеся разарвала пачак, дастала з яго пячэнне і працягнула іх брату.

-- Вазьмі.

-- Не хачу.

Васілёк адчуваў сябе вінаватым перад сястрою. Калі б не гэтаеё пячэнне, то яны ўжо даўно былі б дома, грэліся б у цёплай хаце. Міхась іх папярэдзіў, каб нідзе не бавіліся, адразу ішлі дамоў, а ён разам з Алесяй накіраваўся ў магазін. Тады толькі распачыналася мяцеліца.

-- Вазьмі! -- настойліва прагаварыла Алеся.

Васілёк узяў пячэнне і паклаў у рот. З вачэй выплылі і пацяклі па шчоках здрадлівыя слязінкі. «Добра, што Алеся іх не бачыць», -- падумаў хлапчук і гучна шмаргануў носам.

-- Васілёк, ты плачаш? -- здагадалася Алеся.

-- Там, на полі, я моцна перажываў за цябе, сястрычка! -- прамовіў Васілёк.

-- Баяўся, каб не згубілася?

-- Вельмі баяўся.

-- Я таксама за цябе перажывала, шкадавала цябе.

Васілёк і Алеся непрыкметна заснулі, быццам самі сабою зліпліся ў іх вочы. А на полі бушавала мяцеліца, белым туманам затуляла наваколле.

 

 

Раніцай дзяцей разбудзіў працяжны гул. Яны вылезлі з нары і ўбачылі трактар. Ён вырваўся з лесу і нёсся да іх напрасткі, па полі. З кабіны высунуўся тата.

-- Мы ўсю ноч шукалі вас, дзеткі!.. -- закрычаў ён.

Вакол было ціха. Над лесам узнімалася сонца. Мільёнамі прыгожых дыяментаў пераліваліся сняжынкі.

Васілёк і Алеся, прытуліўшыся, стаялі каля сцірты.

 

Падзяка ад бабулі

 

Цёплым асеннім днём каля пад'езда шматпавярховага дома сядзелі сябры-трэцякласнікі Змітрок, Мікола і Пятрусь.

-- Нядаўна я прачытаў у газеце пра вясковага хлапчука Алеся, -- распачаў гаворку Пятрусь.

-- Пра вясковых хлапчукоў не так часта пішуць у газетах, -- заўважыў Мікола. Ён любіў слухаць цікавыя гісторыі.

-- А пра гэтага напісалі. Ён вывеў з палаючага дома нямоглага дзядулю, -- сказаў Пятрусь і паглядзеў удалечыню. Як на яве, убачыў ён перад сабою і той палаючы дом, і нямоглага дзядулю, і вясковага хлапчука Алеся.

-- З палаючага дома вывеў нямоглага дзядулю!.. Гэта, гэта… -- прамовіў Мікола. Ён так і не знайшоў патрэбнага слова, каб выказаць сваё захапленне.

-- Гэта любоў да чалавека, гуманны ўчынак! – сказаў Змітрок. Калі б ён цяпер убачыў таго хлапчука Алеся, то абавязкова моцна, па-мужчынску паціснуў бы яму руку.

-- А ты змог бы здзейсніць падобнае? -- нечакана звярнуўся да Міколы Пятрусь.

-- Канешне, змог бы! -- упэўнена заявіў Мікола. Ён лічыў сябе смелым, дужым і добрым хлапчуком. У школе на перакладзіне больш за ўсіх падцягваўся, у класе з усімі сябраваў.

-- Я таксама змог бы здзейсніць гуманны ўчынак, -- пахваліўся Пятрусь і, быццам казачны асілак, выпраміў плечы і высока падняў галаву.

На дарозе паказалася старэнькая бабуля. У адной руцэ яна несла поліэтыленавы пакет, а другою абапіралася на кіёчак.

Сябры замаўчалі.

Бабуля спынілася, прыўзняла пакет. Напэўна, хацела ўзяць яго ў другую руку. А ён раптам парваўся, і з яго пасыпаліся спелыя чырванаватыя яблыкі і пакаціліся па ўсёй дарозе .

Бабуля стаяла і бездапаможна глядзела на іх.

-- Зараз гэтыя яблычкі захрумсцяць пад коламі легкавушкі, -- заўважыў Пятрусь.

-- Унучку Алесю несла! -- вырвалася ў бабулі. Слёзы выступілі на яе вачах.

-- Сёння без яблычкаў застанецца ўнучак Алесь, -- зазначыў Мікола і развёў рукамі. Маўляў, усяк у жыцці бывае.

З кішэні шэрай курткі бабуля дастала пусты поліэтыленавы пакет і нагнулася, хацела сабраць яблыкі, але пахіснулася і ледзь не ўпала.

-- Захрумсцяць! -- паўтарыў Пятрусь.

-- Так! -- працягла прамовіў Мікола.

-- Не захрумсцяць пад коламі! -- падаў голас Змітрок.  Ён усхапіўся з лаўкі і падбег да бабулі: -- Я дапамагу вам сабраць яблыкі. Можна?

-- Дзякуй скажу табе, унучак, -- прагаварыла бабуля і працягнула Змітраку пусты пакет.

Змітрок узяў у бабулі пакет, нагнуўся і стаў хуценька збіраць спелыя чырванаватыя яблыкі.

 

 

Бабуля і яе ўнукі

 

У бабулі Алены гасцююць унукі: трэцякласнік  Мікола і першакласнік Змітрок. Нялёгка бабулі. І ўнукаў трэба дагледзець, і градкі на агародзе прапалоць. Морква дык зусім пустазеллем зарасла. Красуе на градцы пустазелле, затуліла ад сонца кволыя сцяблінкі морквы, не дазваляе ім падняцца, падрасці.

-- У хату схаджу. Крыху адпачну і прапалю моркву! -- прамовіла бабуля і пайшла з агарода.

А Мікола і Змітрок на агародзе засталіся.

-- Цяжка нашай бабулі! -- сказаў Мікола.

-- Старэнькая яна! -- пагадзіўся з братам Змітрок.

-- Давай дапаможам ёй! -- загарэўся Мікола.

-- Моркву праполем? -- прагаварыў Змітрок і задумаўся. Магчыма, не спадабаецца бабулі Алене, што самі за работу ўзяліся. Аднаго дня ён разам з Міколам дровы каля хлява хацеў паскладваць. Іх тата на мінулым тыдні пакалоў. А бабуля не дазволіла, запярэчыла: «Знайду час, сама паскладваю. А вы адпачывайце, гуляйце. Лета як адзін дзянёк прабяжыць».

-- Скажам бабулі Алене, што мы такую гульню прыдумалі, каб не сумаваць, -- быццам адгадаў думкі Змітрака Мікола.

-- Думаеш, што паверыць яна нам?

 -- Паверыць! -- цвёрда сказаў Мікола.

Хлапчукі прыселі на кукішкі і ўзяліся за працу. Моркву нялёгка палоць.  Разам з пустазеллем тоненькія сцяблінкі можна павыцягваць.

Стараюцца браты, зелле з зямлі асцярожна вырываюць, пасля сябе роўныя радочкі морквы пакідаюць. Хоць і стаміліся, але ўсю моркву прапалолі.

-- Хутка наша бабуля на агарод прыйдзе. Давай схаваемся і паназіраем за ёю, -- прапанаваў Мікола.

-- Давай! -- пагадзіўся Змітрок.

Браты прыселі за вялікім кустам парэчак, бабулю Алену чакаюць, выглядаюць.

Неўзабаве прыйшла яна на агарод і ўсклікнула:

-- Пакуль я ў хаце адпачывала, нехта моркву прапалоў!

Мікола і Змітрок выйшлі з-за куста, на бабулю нясмела пазіраюць, смяшынкі на вуснах хаваюць.

-- Вы тут папрацавалі, маю моркву прапалолі? -- звярнулася да ўнукаў бабуля Алена.

-- Бабулька, мы не працавалі, мы такую гульню прыдумалі! -- азваўся Мікола.

-- Гэтая гульня называецца «Хто хутчэй». Яна нам вельмі спадабалася, -- уступіў у размову Змітрок і апусціў галаву. Чакае, што скажа бабуля.

Бабуля Алена абняла ўнукаў і сказала:

-- Родныя вы мае![u4] 

Светла стала на душы ў бабулі.

 

 

Казкі

 

Чаму не паверылі?

 

Неяк на Сунічную палянку Барсук прывёз марожанае. Убачыў яго Воўк і запытаўся:

-- Напэўна, марожанае прывёз, будзеш прадаваць?

-- Адгадаў, -- усміхнуўся Барсук. -- Прабяжыся па ляску, паведамі звярам. За гэта я цябе марожаным пачастую.

-- Я і без пачастунку магу паведаміць, -- сказаў Воўк і накіраваўся ў глыб ляска. «Такая прапанова не кожны дзень бывае. Ад бясплатнага марожанага я не адмоўлюся», -- думае сам сабе.

-- Добры дзень, Воўк! -- пачулася побач.

Воўк азірнуўся і ўбачыў Зайца. Ён сядзеў пад густой елачкай і гуляў, яловых шышак назбіраўшы. Незвычайнымі салдацікамі былі яны ў яго.

-- Барсук марожанае прывёз. На Сунічнай палянцы хутка будзе прадаваць, -- паведаміў Воўк.

-- Так я табе і паверыў! -- скрывіўся Заяц.

Воўк стукнуў сабе лапаю ў грудзі.

-- Праўду кажу!

-- Учора ты мне казаў, што Мядзведзь мёд па малой цане прадае. Не было такога! -- напомніў Заяц.

-- Што было, тое сплыло! -- усклікнуў Воўк.

Заяц ускочыў і пашыбаваў па сцяжынцы, высока падняўшы галаву.

-- З Зайцам паспрачаўся, настрой сабе сапсаваў? -- наблізілася да Воўка Ліса.

-- Барсук марожанае прывёз. На Сунічнай палянцы хутка будзе прадаваць. Сказаў Зайцу, а ён не паверыў, размаўляць не захацеў! -- паскардзіўся Воўк.

-- Хацеў падмануць Зайца?  -- выпаліла Ліса.

-- І ты мне не верыш?

Ліса пакруціла рыжай галавой.

-- Не веру.

-- Чаму? -- здзівіўся Воўк.

-- Пазаўчора ты мне сказаў, што Мядзведзь новае футра прадае па старой цане. Не было такога!

 Як на дзівачку, паглядзеў Воўк на Лісу.

-- Дык гэта было пазаўчора!

Ліса павярнулася і пакрочыла.

Стаіць Воўк і цяжка ўздыхае, не разумее, чаму не паверылі яму суседзі.[u5] 

 

Хто дужэйшы?

 

Са страхі дома звісаў Лядзяш. З'явіўся ён тут даўно, кожны дзень пакрыху падрастаў  і стаў тоўсты, доўгі і востры як піка.

-- Я тут самы дужы! -- набраўшыся гонару, аднаго разу заявіў.

-- Ты тут не самы дужы, -- падала голас Сініца вялікая. Яна сядзела на маладзенькім клёне, які рос непадалёку.

-- Але ж ты баішся мяне! -- усклікнуў Лядзяш. Ён даўно заўважыў, што птушкі абмінаюць яго.

-- Баюся, бо ты вельмі халодны, -- прамовіла Сініца і страсянулася. Дрыжыкамі яе працяло.

Лядзяш засмяяўся, ды так гучна, што нават закалыхаўся.

«Гэтая ледзяная піка зараз упадзе і разаб'ецца», -- падумала Сініца і хацела сказаць Ледзяшу, каб супакоіўся, не смяяўся так гучна.

Але Лядзяш апярэдзіў сваю суседку.

-- А хто тут самы дужы? -- басам, нібыта сярдзіты чмель, прагудзеў.

-- Сябар мой – вясенні сонечны праменьчык -- за цябе дужэйшы, -- адказала Сініца вялікая і заспявала, выклікаючы вясенні сонечны праменьчык: -- Ці-ці-фі, ці-ці-фі…

-- Я дужэйшы за вясенні сонечны праменьчык! -- не пагадзіўся тоўсты і важны Лядзяш.

Сініца вялікая паглядзела на Ледзяша і ўздыхнула.

-- Я правучу  яго!.. Няхай толькі з'явіцца тут! -- прабубніў Лядзяш.

-- Яшчэ нікому не ўдалося адолець вясенні сонечны праменьчык! -- сказала Сініца вялікая.

-- Зараз Дзеда Мароза паклічу, і замарозіць ён твой вясенні сонечны праменьчык! -- гучна прамовіў Лядзяш.

«Ці-ці-фі, ці-ці-фі…» -- звонка заспявала Сініца.

На гэты раз вясенні сонечны праменьчык пачуў Сініцу, прабіўся праз хмары, прыляцеў на зямлю і дакрануўся да Ледзяша. Горача стала Ледзяшу.

-- Дзед Мароз, хутчэй прыйдзі сюды, замарозь вясенні сонечны праменьчык! -- гукнуў Лядзяш.

Дзед Мароз расшпіліў кажух і ў самы цёмны лес пабег.

А імклівы сонечны праменьчык зноў дакрануўся да Ледзяша. Лядзяш цяжка ўздыхнуў і заплакаў.

«Кап», -- упала на зямлю халодная кропля Ледзяша.[u6] 

 

Падарунак вясны

 

Аднаго разу паведаміў звярам Дзяцел:

-- Вясна набліжаецца, падарункі ўсім нясе. Які падарунак хочаце атрымаць ад яе? Скажыце вясне! Клічце, сустракайце вясну!

Сабраліся звяры на сход.

-- Няхай вясна падорыць нам бочку мёду, -- заявіў Мядзведзь і аблізнуўся. Яму падабаўся салодкі мёд.

-- А я не люблю мёду! -- усклікнуў Заяц.

-- А што ты любіш? -- насупіўся Мядзведзь.

-- Люблю капусту. Мех капусты няхай прынясе нам вясна, -- сказаў Заяц і высока ўзняў галаву. На сходзе Мядзведзя ён не баяўся. Роўным тут сябе адчуваў.

-- Жалудоў хачу! Шмат жалудоў няхай прынясе вясна, -- падаў голас Дзік і закруціў хвосцікам. Ён стаў у яго быццам банцік.

-- А я хачу зялёнай траўкай паласавацца! -- прагаварыў Зубр і строга, як суддзя, паглядзеў на Дзіка.

-- Зялёная траўка нясмачная! -- гукнуў рыжы Ліс.

-- Смачная! -- запярэчыў Зубр.

Гамоняць звяры, спрачаюцца, адзін аднаму слова не даюць сказаць.

«Так яны ніколі не сустрэнуць вясну, без падарункаў застануцца», -- падумаў Дзяцел і падляцеў да звяроў.

Прыціхлі звяры, на Дзятла ўважліва глядзяць, чакаюць, што скажа ім.

-- Шаноўныя звяры-суседзі, папрасіце ў вясны, каб прыслаў цёплы сонечны праменьчык, -- сказаў Дзяцел.

-- Навошта нам цёплы сонечны праменьчык? -- зарохкаў Дзік. -- Усю зіму пражылі без яго, навучыліся.

-- Што праўда, то праўда, -- прамовіў Мядзведзь і пазяхнуў. Спаць яму захацелася.

-- Калі з'явіцца цёплы сонечны праменьчык, то будзе ў вас і мёд, і капуста, і зялёная траўка.

-- А жалуды будуць? -- пацікавіўся Дзік.

-- Будуць! -- прамовіў Дзяцел.

-- Сябры, давайце папросім вясну, каб прыслала нам цёплы сонечны праменьчык! Праверым, ці праўду кажа Дзяцел, -- прапанаваў Заяц.

-- Можна папрасіць. Гэта няцяжка! -- пагадзіўся Мядзведзь.

Сталі звяры на пагорку і гукнулі ўсе разам:

-- Хутчэй прыйдзі, вясна-красна! Прынясі нам цёплы сонечны праменьчык!

У гэты час вясна была непадалёку. Пачула яна звяроў і падарыла ім цёплы сонечны праменьчык. Заскакаў ён па лесе, засвяціўся. Папрыгажэў лес. На дрэвах зялёныя лісточкі з'явіліся, на палянцы зялёная траўка вырасла.

З радасці заспявалі звяры:[u7] 

Вясну разам сустракаем,

                                         Падаруначак прымаем.

 

Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў…

 

Стаіць заяц Белячок на ўзлеску і ўсё паўтарае:

-- Сыроватка з-пад прастаквашы… Сыроватка з-пад прастаквашы… Сыроватка з-пад прастаквашы…

Падышоў да яго заяц Шарачок і пацікавіўся:

-- Верш на памяць вучыш, Белячок?

-- Гэта не верш, а скорагаворка. Хачу сказаць скора, а не атрымліваецца, -- растлумачыў Белячок і прамовіў: Сыроватка з-пад кашы …

-- Зноў не атрымалася? -- усміхнуўся Шарачок.

Белячок апусціў галаву і развёў лапамі.

-- Галоўнае ў скорагаворцы не ў тым, каб сказаць скора, -- пачаў Шарачок.

-- А што галоўнае? -- не сцярпеў, перапыніў яго Белячок.

-- Галоўнае -- правільна, выразна і прыгожа вымавіць кожнае слова.

-- Сыроватка  з-пад прастаквашы, -- на адным дыханні прагаварыў Белячок і з гонарам паглядзеў на сябра.

-- Цяпер ты вымавіў скора, правільна, выразна і прыгожа, -- пахваліў Белячка Шарачок і такую скорагаворку яму прапанаваў: -- Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаворваў, дагаворваў, ды загаварыўся.

Лагодна свеціць вясенняе сонца, свежы ветрык прабягае па ўзлеску. Стаяць Белячок і Шарачок і вымаўляюць выразна і прыгожа:[u8] 

-- Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаворваў, дагаворваў, ды загаварыўся.

 

Як Заяц Мядзведзю локшыны на вушы вешаў

 

Жылі-былі па суседству Заяц і Мядзведзь. Аднаго разу Заяц вырашыў пасмяяцца з Мядзведзя.

-- А ў возеры Бяздонным… -- распачаў гаворку, сустрэўшыся.

«У возера Бяздоннае ён мяне хоча загнаць. Туды я ні за якія грошы не палезу», -- падумаў Мядзведзь і перапыніў суседа:

-- Возера Бяздоннае вельмі глыбокае. Ад яго далей трэба трымацца. Небяспечна там. Дый вада ў ім халодная.

-- Набярыся цярпення, паслухай! -- з дакорам прамовіў Заяц. -- У возеры Бяздонным шмат рыбы развялося. Днём яна на бераг вылазіць, грэецца.

-- Няўжо? -- не паверыў Мядзведзь.

-- Сам нядаўна казаў, што ў возеры Бяздонным вада халодная, -- напомніў Заяц.

-- І карасі вылазяць? -- разявіў рот Мядзведзь.

-- І карасі, і плоткі.

-- А шчупакі вылазяць?

Заяц махнуў лапаю.

-- Рознай рыбы там хапае.

Загарэліся ў Мядзведзя вочы. Схапіў ён вялікі мех і пабег на возера Бяздоннае.

А Заяц сеў на лаўку, пазяхае, Мядзведзя чакае.

-- Падмануў Мядзведзя, пацешыўся? -- гучна застракатала Сарока. Яна на густой вішаньцы сядзела, прытаілася і ўсю размову чула.

-- Маўчы! -- як на малую, лапай патрос на Сароку Заяц.

«Навіны збіраю не для таго, каб маўчаць», -- падумала Сарока і пырхнула, паляцела.

-- Заяц Мядзведзю локшыны на вушы вешае. З локшынамі на вушах ходзіць Мядзведзь, -- па ўсім лесе раззваніла.

Неўзабаве дамоў вярнуўся Мядзведзь.

Падышоў да Зайца з пустым мехам.

-- Няма на беразе возера рыбы, Заяц!

Тут як тут Сарока. Хочацца ёй ведаць, чым закончыцца размова звяроў.

-- Няма! Чуеш? -- павысіў голас Мядзведзь.

Страсянуўся Заяц, не па сабе яму стала, але сказаў упэўнена:

-- Няма, бо ўжо пералавілі ўсю! 

«Мабыць, пералавілі. Спазніўся я», -- падумаў Мядзведзь і [u9] з надзеяй паглядзеў на Зайца. Чакае, чым яшчэ ён яго парадуе.

-- Каля Гразкага балота, -- нясмела пачаў Заяц, -- казалі, малін шмат.

Мядзведзь наставіў вушы, на Зайца пазірае.

-- Маліны, казалі, самі сыплюцца ў збаны. Толькі падстаўляй іх.

-- Не можа быць! -- вырвалася ў Мядзведзя.

-- Так казалі! -- прамовіў Заяц.

Мядзведзь схапіў два збаны і панёсся да Гразкага балота.

«Зноў ён з локшынамі на вушах пабег», -- падумала Сарока і паляцела, каб паведаміць пра гэта лясным жыхарам.

 

Каб не было сумна

 

Сядзіць на пні Воўк, пазяхае і ўсё паўтарае:

-- Сумна мне! Сумна мне! Сумна мне!..

Ішлі па дарозе Рыжы Мураш і Чорны Мураш.

-- Сумуеш, Воўк? -- запытаўся Рыжы Мураш.

-- Вельмі сумую. Не ведаю, чым заняцца, -- адказаў Воўк.

-- Пойдзем з намі, -- прапанаваў Чорны Мураш.

-- З намі не засумуеш, -- усміхнуўся Рыжы Мураш.

Воўк пазяхнуў, лапай прыкрыўшы рот.

-- А вы куды сабраліся?

-- Агарод каля хаты хочам ускапаць, -- паведаміў Чорны Мураш.

-- Потым градкі зробім і агурочкі пасеем, -- дадаў Рыжы Мураш.

Воўк падумаў, паморшчыў лоб і пацікавіўся:

-- На вашым агародзе мне не будзе сумна?

-- На нашым агародзе ніколі не бывае сумна, -- абнадзеіў Воўка Чорны Мураш.

-- Пабачым! -- сказаў Воўк і ўстаў з пня.

Неўзабаве Воўк, Рыжы Мураш і Чорны Мураш прыйшлі на агарод. На агародзе рыдлёўкі стаяць, работнікаў чакаюць.

-- Бяры! Яна твая, -- паказаўшы на самую вялікую рыдлёўку, звярнуўся да Воўка Рыжы Мураш.

Воўк узяў рыдлёўку і пачаў капаць агарод разам з мурашамі. Капае, час ад часу пот з ілба выцірае і цяжка ўздыхае.[u10] 

-- Вельмі цвёрдая зямля на вашым агародзе, мурашы. Спінка забалела мне! --  нарэшце паскардзіўся.

-- А мы зараз вясёлую песеньку складзем і заспяваем, -- сказаў Чорны Мураш.

-- Вясёлая песенька настрой паднімае, працаваць дапамагае, -- заўважыў Рыжы Мураш.

Воўк абвёў позіркам агарод і прагаварыў:

-- Вясёлая песенька нам цяпер вельмі патрэбна.

Нялёгка скласці вясёлую песеньку. Стаяць на агародзе мурашы і Воўк, думаюць. З вышыні сонейка на іх пазірае, усміхаецца.

-- Я ведаю, як пачаць! -- парушыў маўчанне Чорны Мураш.

-- Кажы хутчэй! -- усклікнулі Воўк і Рыжы Мураш. Вельмі ж хацелася ім хутчэй скласці вясёлую песеньку.

-- Мы пасеем агурочкі, -- прамовіў Чорны Мураш.

-- Яны вырастуць як бочкі, -- само сабою вырвалася ў Воўка.

-- Пазавём сюды сяброў, -- падхапіў Рыжы Мураш.

-- Нашых птушак і звяроў, -- так закончыў Чорны Мураш.

Працуюць на агародзе Воўк, Рыжы Мураш і Чорны Мураш і дружна спяваюць:

Мы пасеем агурочкі.

                                             Яны вырастуць як бочкі.

                                             Пазавём сюды сяброў --

                                             Нашых птушак і звяроў.

Нездарма кажуць: хто працуе, той не сумуе.

 

Плот

 

Здарылася ў Зайца няшчасце: паваліўся плот.

Выйшаў Заяц з хаты, патыліцу чухае, не ведае, што рабіць.

Ляцеў стракаты Дзяцел. Апусціўся ён каля Зайца і пацікавіўся:

-- Даўно ў цябе плот паваліўся?

-- Нядаўна. Слупы падгнілі, струхлелі.

-- Давай паднімем яго і каламі падапрэм, -- прапанаваў Дзяцел.

«Яго і сапраўды каламі можна падперці. Потым новыя слупы ўкапаю, адрамантую», -- разважыў Заяц і кіўнуў галавою.

-- Давай паднімем.

Хоць і стараліся Заяц і Дзяцел, ды не змаглі падняць цяжкі плот.

-- Сілы ў нас малавата, -- зазначыў Заяц і выцер з ілба пот.

-- У цябе ёсць дужыя сябры? -- крыху аддыхаўшыся, запытаўся Дзяцел.

-- Ёсць. Воўк, Мядзведзь і Барсук, -- адказаў Заяц. Воўку ён нядаўна бінокль падарыў. Праз гэты бінокль шмат чаго можна ўбачыць. Мядзведзю ўчора літровы слоік малінавага варэння даў, не пашкадаваў, а з Барсуком цёплымі дзянькамі па лесе гуляў, бавіўся.

-- Чакай тут, а я да іх палячу, паклічу. Яны дапамогуць нам падняць твой плот, -- прамовіў Дзяцел і паляцеў, узмахнуўшы чорнымі крыламі, на якіх выразна выдзяляліся белыя папярочныя палоскі.

Неўзабаве ён убачыў Воўка .

Воўк на хваінцы сядзеў і ў бінокль глядзеў, за лясным жыццём назіраў, час ад часу вымаўляючы:

-- Як цікава! Як цікава!..

-- Братка, -- звярнуўся да Воўка Дзяцел, -- у Зайца плот паваліўся. Мы яго хацелі падняць, але не змаглі. Дапамажы, калі ласка!

Воўк быццам не чуе, у бінокль усё глядзіць. «За дарма не стану падымаць. Не на таго натрапілі», -- сам сабе думае.

«Воўк мяне не пачуе, не дамоўлюся з ім», -- падумаў Дзяцел і далей хацеў паляцець, але ўбачыў Мядзведзя. Мядзведзь па вуліцы ішоў і з літровага слоіка варэнне лыжкай чэрпаў.

-- Шаноўны, -- звярнуўся да Мядзведзя Дзяцел, -- у Зайца плот паваліўся. Мы хацелі яго падняць, але не змаглі. Дапамажы, будзь добры!

-- Прывітанне Зайцу ад мяне перадай, гарачае прывітанне!-- усклікнуў Мядзведзь і пабег, вушы затуліўшы.

-- Мядзведзь таксама мяне не пачуе! -- прамовіў Дзяцел.

-- Што здарылася, паважаны? -- раздаўся голас Барсука.

-- У Зайца плот паваліўся. Мы хацелі яго падняць, але не змаглі. Дапамажы! -- прагаварыў Дзяцел.

-- Я пайду, а ты ляці за мною, не адставай, -- сказаў Барсук і накіраваўся да Зайца. [u11] 

«Сябры пазнаюцца ў бядзе. Мудра калісьці сказалі нашы дзяды», -- падумаў Дзяцел і паляцеў услед за Барсуком.

 

Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы?

 

Калісьці Заяц быў стракаты, як папугай. Вельмі ганарыўся сваім стракатым адзеннем. Неяк падышоў ён да Воўка і запытаўся:

-- Як жывеш, шэры?[u12] 

-- Чаму называеш мяне шэрым? -- буркнуў Воўк. Ён не любіў, калі яго гэтак называлі. «У мяне ёсць імя -- Воўк».

-- У цябе і нагавіцы[u13]  шэрыя, і пінжак, і кашуля, -- стаў пералічваць Заяц.

Воўк скрыва паглядзеў на Зайца.

-- Па-твойму, маё адзенне непрыгожае?

-- Такое я і бясплатна не ўзяў бы! -- зарагатаў Заяц.

Воўк скрывіўся, быццам яму сам Мядзведзь на лапу незнарок наступіў. А Заяц рагоча, узяўшыся лапамі за жывот.

-- Зараз я твой стракаты каптан зніму і на хвойку закіну! -- узлаваўся Воўк і накіраваўся да Зайца.

Спалохаўся Заяц, наўцёкі пусціўся. А Воўк гукнуў яму наўздагон:

 -- У сваім стракатым каптане нідзе не схаваешся ад мяне, Заяц!

«Сапраўды, у гэтым адзенні ён за самым густым кусцікам мяне заўважыць», -- падумаў Заяц і накіраваўся ў магазін. Там новае адзенне сабе купіў: шэрае.

А Воўк ходзіць па лесе, шукае Зайца. Цэлы дзень цягаўся.

-- Куды ідзеш, кумок? -- сустрэўшы Воўка, пацікавілася Ліса.

-- Зайца шукаю, хачу пакараць!

-- Не знойдзеш ты Зайца.

-- Знайду. Стракатае адзенне яго выдасць.

Заяц сядзіць непадалёку пад густой елачкай і пазірае на Лісу і Воўка.

-- Стракатае адзенне ён даўно на шэрае памяняў, -- усміхнулася Ліса.

Моцна тупнуў лапай Воўк. Асінка, што стаяла побач, аж задрыжала ўся.

-- Замаскіраваўся, значыць?

-- У шэрым адзенні летам ты яго нават на паляне не заўважыш, -- ухмыльнулася Ліса.

-- Дачакаюся зімы! -- прагаварыў Воўк.

«Зімою я белае адзенне куплю», -- падумаў Заяц і сцяўся ў камячок.

З таго часу так і ходзіць ён: летам -- у шэрым, а зімою -- у белым. Баіцца, каб Воўк не схапіў і не пакараў.[u14] 

 

 

СЕМ ГІСТОРЫЙ ПРА ВОЎКА І ВОЖЫКА

 

Гісторыя першая

 

Жылі-былі ў адным ляску Воўк і Вожык. Неяк сустрэліся яны на Сунічнай палянцы.

-- Чуў я, што калючы ты! -- звярнуўся да Вожыка Воўк. Ён вырашыў паказаць Вожыку, хто тут галоўны.

У гэты дзень Вожык у суседні лясок ішоў, сябра яму трэба было праведаць, але спыніўся і сказаў:

-- Бываю вельмі калючы.

-- Калі бываеш калючы? -- разышоўся Воўк. «Зараз я разбяруся з гэтым маленькім кругленькім клубочкам, пакажу яму дзе ракі зімуюць», -- падумаў ён.

-- Калі абараняюся, -- цяжка ўздыхнуў Вожык. Яму не хацелася звязвацца з Воўкам, бо ведаў, што Воўк задзіра і задавака. Ад такіх, лічыў ён, далей трэба трымацца.

-- Ты ўмееш абараняцца? Ха-ха-ха-ха… -- на ўвесь лясок зарагатаў Воўк.

«Ха-ха-ха-ха-ха…» -- панеслася па лесе імклівае рэха, у кожны куточак зазірнула.

Пачуўшы гучны смех Воўка, на Сунічную палянку прыбеглі Ліса і Заяц. Сталі непадалёку, на Воўка і Вожыка глядзяць.

-- Я пайду, -- ціха прамовіў Вожык.

 -- Стаяць! -- крыкнуў Воўк.

Вожык чмыхнуў і натапырыўся. Усё-ткі давёў яго да злосці задзіра.

-- Зараз нешта будзе! -- у захапленні прамовіла Ліса і прыжмурыла вочы. Ёй здавалася, што незвычайны спектакль бачыць на Сунічнай палянцы.

-- Паб'юцца яны. Вось што будзе! -- заўважыў Заяц. Ён хацеў падтрымаць маленькага Вожыка, але пабаяўся.

-- Стаяць! -- паўтарыў Воўк і зірнуў на Лісу і Зайца.

Ліса памахала лапай, прывітала Воўка.

Воўк закасаў рукавы шэрай кашулі і колам выгнуў грудзі.

-- Які смелы наш Воўк! -- усклікнула Ліса.

Быццам мак на агародзе, расцвіў Воўк. Яму здавалася, што ўвесь свет глядзіць на яго з захапленнем.

-- Са мною сілай хочаш памерацца? -- азваўся Вожык. «Невядома, калі я траплю сёння да хворага сябра», -- падумаў ён.

-- Я з табою сілай буду мерацца? -- вытрашчыў вочы Воўк і, быццам Цмок пякельны, паглядзеў на Вожыка.

-- Давай разыдземся па-добраму, -- прапанаваў Вожык. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што мірам скончыцца гэтая спрэчка.

-- Вожык, я цябе зараз схаплю і… і на дрэва закіну! -- заявіў Воўк.

-- Ой! -- войкнула Ліса і запляскала ў ладкі.

-- У птушынае гняздо. Доўга будзеш там сядзець! -- не на жарты разышоўся Воўк.

«А цікава было б паглядзець, як Вожык на высокім дрэве ў птушыным гняздзе сядзіць», -- падумала Ліса і ўсміхнулася.

-- Вожык, уцякай, хутчэй уцякай! -- прашаптаў Заяц. Ён ведаў, што Воўк слоў на вецер не кідае.

Заяц не памыліўся. Воўк працягнуў правую лапу, дакрануўся да Вожыка і выклікнуў:

-- Ох!.. Ох!..

«Ох! Ох! Ох!..» -- быццам спалоханае, панеслася па ляску рэха.

-- Што здарылася, шэранькі? -- гукнула Ліса.

-- Ён мне лапу пакалоў!.. Лапу!.. --  заенчыў Воўк.[u15] 

-- Сам сабе ты лапу пакалоў, -- заўважыў Вожык.

-- Калі б галавой думаў, то цяпер не енчыў бы! -- не выцерпеў Заяц.

Воўк скрыва паглядзеў на Зайца, апусціў хвост і пацягнуўся ў глыб ляска.

А што яму заставалася рабіць?

-- Маленькі Вожык вялікага Воўка перамог! Вось як бывае! -- зірнуўшы на Лісу, прагаварыў Заяц.

-- Няхай Вожык не радуецца. Самае цікавае яшчэ наперадзе. Запомні, Заяц!  -- сказала Ліса.

 

Гісторыя другая

 

На другі дзень прыйшла Ліса да Воўка, а ён сядзіць на калодзе надзьмуты. Здаецца, вось-вось угору, як паветраны шарык, паляціць.

-- Добры дзень, шэранькі, -- ласкава прывіталася Ліса.

Воўк не адказаў Лісе, скрывіўся як серада на пятніцу.

З іншага боку вырашыла падступіцца рыжуля.

-- Моцна баліць лапа, шэранькі? -- нібыта паспачувала.

Крыху памякчэў Воўк, адпусціла яго злосць.

-- Усю ноч не спаў, перад сабою лапу трымаў, -- паскардзіўся і, дастаўшы з кішэні бінт, пачаў перавязваць правую лапу.

-- Не думала, што Вожык такі… -- паківала галавою Ліса.

-- Які такі? -- уставіўся на суседку Воўк.

«Смелы і адчайны», -- ледзь не вырвалася ў Лісы.

-- Які такі? -- паўтарыў Воўк

-- Нахабны, -- знайшла крыўднае для Вожыка слоўца Ліса. «Калі б Воўк пачуў, што Вожык смелы і адчайны, то дасталася б мне!» -- прабегла ў яе галаве.

Воўк ускочыў з калоды і замахаў лапамі. Можна было падумаць, што цэлы рой пчол неспадзявана напаў на яго.

-- Не дарую нахабнаму Вожыку!.. І сёння не дарую, і заўтра не дарую!.. Сто разоў не дарую!.. Тысячу разоў не дарую!..

-- А што ты зробіш яму? У яго іголкі як сталёвыя пікі! -- прагаварыла Ліса.

Млосна стала Воўку, як успомніў пра сталёвыя іголкі Вожыка. Ужо хацеў у хату падацца і на ложак легчы, каб нікога не бачыць.

-- Шэранькі, у суд на Вожыка падай. Няхай яго суддзя Барсук асудзіць, -- спыніў Воўка лагодны галасок Лісы.

-- За гэта? -- махнуў перавязанай лапай Воўк.

-- За гэта Вожыка не асудзяць. Сам палез да яго. Барсук ужо ведае, што здарылася на Сунічнай палянцы. Сарока раззваніла.

-- І ёй не дарую! -- буркнуў Воўк, хоць і ведаў, што ніколі не зловіць Сароку. Вельмі ж хутка і высока лятае яна.

Ліса наблізілася да агародчыка, у якім расла маладая бульба. Яна ўжо адцвіла, можна было капаць яе.

-- Заявіш Барсуку, што Вожык тваю бульбу ноччу выкапаў.

-- Усю? -- аж страсянуўся Воўк. Яму здалося, што Вожык ужо выкапаў бульбу ў агародчыку. А бульбай ён даражыў. Як на золата, глядзеў на яе.

-- Супакойся, шэранькі. Вожык не палезе ў твой агародчык.

-- Але ж ты сказала…

-- Сам накапаеш кошычак, а бяду зваліш на Вожыка, -- стала тлумачыць Ліса.

Воўк застыў як каменны.

-- Выкапаю кавалачак, а Барсуку скажу, што Вожык у мой агародчык без дазволу залез? Так?

-- Так, -- кіўнула галавою Ліса.

Выпраміўся Воўк, галаву высока трымае. Добра прыдумала Ліса. Цяжка будзе апраўдацца Вожыку. Строга пакарае яго Барсук.

-- Зараз, зараз накапаю кошычак бульбы і схаваю далёка-далёка, каб ніхто не знайшоў! -- нараспеў прамовіў Воўк.

-- Ад Барсука нідзе не схаваеш, знойдзе, -- сказала Ліса.

Воўк апусціў галаву, сагнуўся, як старэнькі. Сапраўды, ад Барсука цяжка што-небудзь схаваць. Ён не адзін, многія яму дапамагаюць.

-- Не бядуй! -- быццам здалёку, данёсся да Воўка ліслівы галасок Лісы. -- Накапаеш кошычак і мне аддасі.

-- Назусім? -- вырвалася ў Воўка.

-- За разумную параду трэба заплаціць. Не будзь скупы, шэранькі, -- хітра прыжмурылася Ліса.

«Прыйдзецца заплаціць», -- падумаў Воўк і, узяўшы рыдлёўку, стаў капаць бульбу. Капае, з зямлі выбірае і зазначае:

-- Гэтая чырвоная.

Ліса сядзіць на калодзе і галавою ківае.

-- У кош кідай чырвоную.[u16] 

-- Гэтая белая.

-- І белую ў кош кідай.

-- А гэтая не разварыстая.

-- Люблю, калі на зубах хрумсціць, -- прамовіла Ліса.

-- Тады сырую еш! -- са злосцю прагаварыў Воўк. Вывела яго з сябе рыжуля.

 

Гісторыя трэцяя

 

-- Як жывеш, Вожык? -- сустрэўшыся з Вожыкам, пацікавіўся Заяц і ўсміхнуўся, успомніўшы, як нядаўна енчыў задзіра Воўк.

-- У суд мяне выклікаюць, -- нечакана паведаміў Вожык.

Заяц аж прысеў, пачуўшы гэткае[u17] . Няўжо Воўк паскардзіўся? Але ж ён сам да Вожыка чапляўся, а потым лапай хацеў схапіць.

-- Воўк падаў на цябе ў суд? -- запытаўся Заяц.

-- Падаў. Сказаў, што ўчора ў дзевяць гадзін раніцы ў агародчык да яго залез і кош бульбы накапаў, -- прамовіў Вожык і панурыўся. Канешне, цяжка цяпер было яму.

Заяц наморшчыў лоб. Што ж выходзіць? Воўк на ўвесь лес хоча абняславіць Вожыка. Сам да гэтага не дадумаўся б. Ліса падказала, няйначай. Вырашыла падкінуць сухіх паленцаў у агонь. Падабаецца ёй, калі суседзі сварацца.

-- Залез і накапаў! -- з горкасцю прамовіў Вожык.

-- Ты не вінаваты? -- з надзеяй паглядзеў на Вожыка Заяц.

«Нават ён сумняваецца, да канца не верыць мне. А што скажуць іншыя звяры, калі пра суд праведаюць?» -- падумаў Вожык і сказаў:

-- У мяне свая бульба ёсць. Калі выкапаю, на ўсю зіму хопіць і яшчэ на пасадку застанецца.

-- Калі табе ў суд трэба ісці? -- пацікавіўся Заяц.

-- Цяпер туды іду.

«Бывай, Заяц. Усяго добрага пажадай мне», -- хацеў сказаць Вожык, але Заяц спыніў яго:

-- Пачакай, калючы клубочак!

-- Хвілінку магу пачакаць, -- прамовіў Вожык.

-- Не бойся, смела ідзі ў суд! -- усклікнуў Заяц. -- У цябе ёсць алібі!

-- Якое алібі? -- заморгаў вачыма Вожык. Гэтае слова ўпершыню ён пачуў.

-- Факт, які пацвярджае, што ўчора ў дзевяць гадзін раніцы ты быў у іншым месцы.

«Калі б я змог даказаць у судзе, што ўчора ў дзевяць гадзін раніцы быў у іншым месцы, то суддзя Барсук апраўдаў бы мяне», -- разважыў Вожык і цяжка ўздыхнуў.

-- Няма ў мяне алібі.

-- Ты ўчора ў дзевяць гадзін раніцы каля Старой Яліны грыбы збіраў. Не помніш, забыўся?

-- Добра помню, не забыўся, -- сказаў Вожык. -- Але ж мяне ніхто не бачыў каля Старой Яліны. Ніхто не пацвердзіць маё алібі.

-- Я цябе бачыў каля Старой Яліны, але не захацеў падыходзіць: у бярозавы лясок пабег. У бярозавым ляску шмат лісічак нарасло, -- прашаптаў Заяц і азірнуўся. Яму здалося, што Воўк непадалёку стаіць і падслухоўвае.

-- Дык прыйдзі ў суд і пацвердзі маё алібі. Калі ласка, -- папрасіў Вожык.

Заяц пераступіў з нагі на нагу. Як у час марозу, дрыжыкі прабеглі па ягоным целе.

-- Воўка баішся? -- здагадаўся Вожык.

-- Баюся.

-- Пераможаш страх, прыйдзеш?

-- Мабыць, прыйду, -- ціха сказаў Заяц.

«Праз паўгадзіны пачнецца суд», -- прагаварыў Вожык і пакрочыў па сцяжынцы. Ступаў ён цвёрда, упэўнена.

«Як мне хочацца быць падобным на яго!» -- гледзячы ўслед Вожыку, падумаў Заяц.

 

Гісторыя чацвёртая

 

На прасторнай паляне за сталом на высокай калодзе сядзеў Барсук. Перад ім на доўгай лаве, зробленай з бервяна, прымасціліся Вожык, Воўк і Ліса. Непадалёку стаялі два чорныя з металічным адлівам Крумкачы. Яны сачылі за парадкам на паляне.

Барсук падняў угору драўляны малаток.[u18] 

На паляне стала ціха-ціха. Усе замоўклі, нават пчолы, якія зусім нядаўна гудзелі тут, збіраючы з кветак салодкі нектар.

-- Пачынаем суд! -- басам аб'явіў Барсук і строга паглядзеў на Вожыка. -- Устаньце, Вожык!

Вожык хуценька ўсхапіўся. Ён паважаў Барсука, бо ведаў: ён хоць і строгі, але справядлівы суддзя.

-- Вы ведаеце, у чым вас абвінавачвае Воўк? -- зноў звярнуўся да Вожыка Барсук.

-- Магу паўтарыць, калі забыўся! -- заварушыўся на лаве Воўк. Ён сёння адчуваў сябе героем і з нецярпеннем чакаў, калі закончыцца суд.

-- Шаноўны, вам слова не давалі. Памаўчыце! -- папярэдзіў суддзя.

Воўк азірнуўся і паглядзеў на Крумкачоў. Крумкачы прыўзнялі галовы, насцярожыліся. Не па сабе стала Воўку. «Відаць, дарма я распачаў гэтую рызыкоўную гульню», -- упершыню за апошні час прабегла ў ягонай галаве.

-- Не бойся! -- шапнула Ліса і непрыкметна штурхнула Воўка ў бок.

Воўк павесялеў, страх адступіў, згінуў, як гіне ранішні туман пад сонцам.

-- Што скажаце ў сваё апраўданне, Вожык? -- незвычайна гучна прагучаў у цішыні голас Барсука.

Вожык абвёў позіркам паляну. Няма Зайца, не паказваецца. Мабыць, не прыйдзе ў суд, пабаяўся.

-- Што скажаце? -- паўтарыў Барсук.

-- У мяне алібі, -- паведаміў Вожык. Не, ён не здасца, будзе абараняцца, хоць і нялёгка прыйдзецца яму.

Воўк і Ліса пераглянуліся і наставілі вушы. Не чакалі яны такога павароту.

-- Якое алібі? -- хочацца ведаць Барсуку.

-- Учора ў дзевяць гадзін раніцы я збіраў грыбы каля Старой Яліны.

Ліса зарагатала. Сваім рогатам яна вырашыла паказаць суддзі, што такое апраўданне можа выклікаць толькі смех у звяроў.

-- Супакойцеся, Ліса! -- павысіў голас Барсук. -- Ці хочаце, каб вас вывелі?

«Крук-крук», -- страсянуўшы адтапыранымі пёрамі на горле, падаў голас адзін з Крумкачоў.

Ліса перастала рагатаць, лапай рот прыкрыла. «Буду маўчаць як вады ў рот набраўшы», -- вырашыла яна.

-- Вы можаце даказаць, што ўчора ў дзевяць гадзін раніцы збіралі грыбы каля Старой Яліны? -- запытаўся ў Вожыка Барсук.

Вожык уздыхнуў. Як даказаць? Грыбы сюды прынесці? На смех падніме Ліса. Быў бы Заяц!.. Няма Зайца. Што ж, яго можна зразумець. Ніхто не хоча звязвацца з Воўкам. Многія звяры за вярсту яго абыходзяць.

-- Хто можа даказаць ваша алібі, Вожык?

Вожык апусціў галаву.

-- Я дакажу! -- пачулася побач.

Вожык падняў галаву і ўбачыў Зайца.

-- Я дакажу! -- паўтарыў Заяц.

-- Вы бачылі, як Вожык у дзевяць гадзін раніцы збіраў грыбы каля Старой Яліны? -- запытаўся ў Зайца Барсук.

-- Бачыў, -- адказаў Заяц.

-- У вас ёсць алібі, Вожык. Суд апраўдаў вас! -- абвясціў Барсук і стукнуў драўляным малатком па стале.

Вожык падышоў да Зайца і моцна паціснуў яму лапу.

-- Дзякуй табе, Заяц!

-- Няма за што дзякаваць, -- усміхнуўся Заяц.

-- Ты малайчына, свой страх перамог, -- сказаў Вожык і паглядзеў на Воўка і Лісу, якія стаялі непадалёку.

-- Падвяла мяне, рыжая! -- у гэты час са злосцю прагаварыў Воўк.

-- Сам вінаваты! -- агрызнулася Ліса.

-- Чаму? -- разявіў рот Воўк.

-- Я ж табе казала, каб заявіў, што ноччу Вожык тваю бульбу выкапаў. Тады ў яго не было б алібі, -- прамовіла Ліса і таропка пакрочыла.

А Воўк яшчэ доўга стаяў з разяўленым ротам.

 

Гісторыя пятая

 

Два дні Воўк не выходзіў з хаты, на ложку ляжаў як хворы. Звярам на вочы не мог паказацца, было брыдка. [u19] А на трэці дзень каля Сунічнай палянкі на лясной сцяжынцы сустрэўся з Лісой.

-- Нарэшце акрыяў? -- са здзекам прагаварыла Ліса.

Воўк заскрыпеў зубамі і адвярнуўся.

-- Так і будзеш хадзіць скрыўлены? -- не адступаецца, дапякае Воўка Ліса.

Спахмурнеў Воўк, на самую цёмную хмару стаў падобны.

«Да белага  напалу я яго давяла. Цяпер ён на ўсё пагодзіцца», -- падумала Ліса і сказала:

-- Вожыка хочаш правучыць?

-- Хачу! -- шчоўкнуў зубамі Воўк.

Ліса дастала з куста рыдлёўку і працягнула яе Воўку.

-- Бяры.

Вочы ў Воўка акругліліся, сталі падобныя на дзве талерачкі. Не прывык ён працаваць з рыдлёўкай.

-- Навошта?

-- Тут, на сцяжынцы, яму выкапаеш! -- тупнула лапай Ліса.

«Па гэтай сцяжынцы ўсе звяры ходзяць, а я яму выкапаю. Неяк нядобра выходзіць…» -- стаў разважаць Воўк.

-- Не бойся! -- прамовіла  Ліса. -- Потым мы тваю яму…

-- Нашу яму, -- перапыніў Лісу Воўк. Ён не хацеў браць усю адказнасць на сябе.

«Цяпер з ім няма як спрачацца, бо павернецца і дамоў пойдзе. Зноў тры дні на ложку праляжыць», -- падумала Ліса і сказала:

-- Нашу яму галлём закрыем, замаскіруем і Вожыка паклічам.

-- Вожык будзе ісці па сцяжынцы і уваліцца ў яму? -- усклікнуў Воўк.

 -- Канешне, уваліцца. Нарэшце дайшло да цябе.

Воўк пачухаў патыліцу. Здаецца, някепска прыдумала Ліса. Вострыя іголкі ў яме не дапамогуць Вожыку.

-- Будзеш капаць? -- парушыла маўчанне Ліса.

-- А калі хто-небудзь іншы ў нашу яму ўваліцца?  Што тады будзем рабіць? -- запытаўся Воўк.

-- Выцягнем з ямы. А потым грошай папросім.

-- Як за ласку?

-- Як за паслугу.

-- А як я вылезу наверх?

Ліса паказала на жардзіну, якая ляжала непадалёку.

-- Гэтую жэрдку апушчу, і вылезеш.

-- Значыць, выкапаем яму і грошы будзем зарабляць? -- зарагатаў Воўк. Падняла яму настрой Ліса. Цікава выходзіць. Грошы, можна сказаць, на сцяжынцы ляжаць. А ён хадзіў, не бачыў іх, пакуль рыжуля вочы не адкрыла.

-- Можа, хопіць стаяць? -- падала голас Ліса.

Воўк ухмыльнуўся і прыўзняў рыдлёўку.

-- А Вожык доўга ў яме будзе сядзець?

-- Пакуль не наплачацца, -- сказала Ліса.

-- Горкімі слёзкамі ён у мяне заплача! -- гукнуў Воўк і з сілай загнаў рыдлёўку ў цвёрдую зямлю.

 

Гісторыя шостая

 

Па сцяжынцы, падскокваючы, бег Заяц. Ён спяшаўся да Вожыка. Сёння Вожык запрасіў яго ў госці. Сказаў, што нядаўна купіў кнігу з прыгожымі малюнкамі.

Спачатку яны паглядзяць малюнкі, а потым кнігу будуць чытаць. Цікава пройдзе дзень.

Добра, калі ёсць надзейны сябар, такі, як Вожык. З ім ніякі Воўк не страшны.

Заяц мінуў паваротку і ўбачыў Воўка і Лісу. Яны стаялі каля ямы, выкапанай на сцяжынцы.[u20] 

«Штосьці нядобрае задумалі гэтыя хаўруснікі. Трэба паназіраць за імі», -- падумаў Заяц.  Ён хацеў схавацца ў кустах, але Ліса яго заўважыла.

-- Зайчык да нас прыбег! -- усклікнула. Рыжуля аж свяцілася ад радасці. Здавалася, зараз падыдзе да Зайца і абніме як роднага.

-- Чаму яму на сцяжынцы выкапалі? -- крыкнуў Заяц.

Воўк чмыхнуў носам, а Ліса нечакана паведаміла:

-- Воўк такое пакаранне сабе прыдумаў.

-- Яму капаць? -- вырвалася ў Зайца. Азадачыла яго Ліса.

-- Гэтую яму ён неўзабаве засыпле, -- далей вядзе сваю гаворку Ліса. -- Потым зноў выкапае і зноў засыпле.

-- Доўга так будзе капаць і засыпаць? -- пацікавіўся Заяц. «Магчыма, праўду кажа рыжуля. Бываюць жа дзівосы на свеце», -- падумаў ён.

-- Пакуль зусім не стоміцца! -- гукнула Ліса і закруціла хвастом. »Будзеш наш, Зайчык, не ўцячэш», -- прамільгнула ў яе галаве.

-- Я Вожыка пакрыўдзіў. Таму і прыдумаў сабе такое пакаранне, -- падаў голас Воўк. Ён вырашыў дапамагчы Лісе. Вельмі ж хацелася яму цяпер схапіць і правучыць Зайца. «Калі б не ты са сваім алібі, то Барсук асудзіў бы Вожыка, быў бы мой верх. З высока ўзнятай галавой хадзіў бы», -- падумаў ён.

-- Глыбокую яму ты выкапаў? -- запытаўся ў Воўка Заяц.

-- Падыдзі і паглядзі, -- прапанавала Ліса.

-- Я падыду, а вы схопіце мяне. Хітранькія! -- прамовіў Заяц.

-- Патрэбен ты нам як у мосце дзірка! -- працадзіў праз зубы Воўк.

-- Так, так, так, -- падтакнула Ліса.

«Яны мяне не зловяць. Я вёрткі. Калі што, уцяку ад іх», -- разважыў Заяц і наблізіўся да ямы.

-- Сам прыйшоў у лапы! -- гукнуў Воўк і кінуўся да Зайца.

Заяц хацеў збочыць са сцяжынкі, але Ліса запыніла.

-- Куды ляціш?.. Да Воўка ідзі!

Воўк ужо побач. Вось-вось схопіць.

«Буду бегаць вакол ямы, пакуль галава ў Воўка не закружыцца», -- вырашыў Заяц. А Воўк даганяе, ні на крок не адстае.

-- Шэранькі, шэранькі, шэранькі!.. -- падахвочваючы Воўка, як у час спартыўных спаборніцтваў, закрычала Ліса.

Засопся Воўк, дыхае як кавальскі мех.

-- Злаві, шэранькі! -- выкрыкнула Ліса.

-- Зараз злаўлю!-- вымавіў Воўк і, спатыкнуўшыся аб кучу пяску, упаў у яму.

Заяц прыгнуўся і паімчаўся да Вожыка.

-- Ліска! -- падаў голас Воўк.

Ліса стала на краёчку ямы, нагнулася.

-- Выцягні мяне з ямы, Ліска, -- папрасіў Воўк.

-- Як? -- усклікнула Ліса. «З табою, недарэкам, я грошай не зараблю, толькі абняслаўлюся», -- падумала яна.

-- Жэрдку апусці!

-- Жэрдку ты нядаўна на кавалачкі паламаў.

-- Лапу падай!

-- Хочаш, каб і я туды ўвалілася? -- прамовіла Ліса і адступілася ад ямы.

-- Ліска-а! -- як перапалоханы, завыў Воўк.

Ліса затуліла лапамі вушы і накіравалася дамоў. [u21] 

 

Гісторыя сёмая

 

Прыбег Заяц да Вожыка. А той на лаўцы каля хаты сядзіць і новую кнігу гартае, Зайца чакае.

-- Я так бег! Так бег!.. -- спыніўшыся, прагаварыў Заяц.

Вожык устаў з лаўкі і запытальна паглядзеў на Зайца. «Нешта здарылася ў ляску», -- здагадаўся ён.

-- Воўк у яме сядзіць! -- выпаліў Заяц.[u22] 

-- У якой яме? -- не зразумеў Вожык.

-- У глыбокай.

-- Усё па парадку раскажы. Толькі не хвалюйся, -- папрасіў Вожык.

Заяц крыху пастаяў, аддыхаўся і расказаў Вожыку, як убачыў на сцяжынцы Воўка і Лісу, як потым Воўк даганяў яго…

-- Трэба ісці туды. Магчыма, наша дапамога спатрэбіцца, -- выслухаўшы Зайца, прамовіў Вожык.

-- Ты хочаш дапамагчы Воўку? -- сваім вушам не паверыў Заяц.

-- На месцы вырашым, -- сказаў Вожык і накіраваўся на Сунічную палянку.

Заяц крыху пастаяў і пабег за Вожыкам. Ён не мог пакінуць сябра аднаго ў гэтую цяжкую хвіліну.

А Воўк сядзіць у яме, вые, слёзкі пралівае.

Прыляцела Сарока, пакружылася над Воўкам і застракатала:

-- Так табе і трэба! Дакруціўся!

Яшчэ мацней завыў Воўк.

-- Дапамажы вылезці з ямы, Сарока-белабока!

-- Пасядзі там да вечару! Можа, паразумнееш! -- крыкнула Сарока і імкліва паляцела. Толькі яе і бачылі.

«Цяжка мне без надзейных сяброў», -- падумаў Воўк і сеў, выцягнуўшы лапы.

-- Плачаш, небарака? -- неўзабаве данеслася да Воўка.

Воўк усхапіўся і ўбачыў Вожыка і Зайца. Яны стаялі на краі ямы і ўважліва глядзелі на яго.

-- Плачаш? -- паўтарыў Вожык.

-- Вы мяне выцяг?.. -- пачаў Воўк і запнуўся. «Вожык і Заяц не дапамогуць мне, не выцягнуць з ямы», -- з горкасцю падумаў ён.[u23] 

-- Годзе плакаць. Сам яму выкапаў і сам уваліўся! -- падаў голас Заяц.

-- Не судзіце строга! -- ціха сказаў Воўк.

-- Можа, Барсука паклікаць? Ён хутка выцягне цябе адтуль, -- усміхнуўся Заяц.

-- Не клічце Барсука! Не трэба Барсука! -- аж закалаціўся Воўк. «Барсук мне не даруе, асудзіць», -- пранеслася ў яго галаве.

-- Трэба дапамагчы яму, -- прагаварыў Вожык.

Воўк затаіў дыханне. Што скажа Заяц? Мабыць, павернецца і пакрочыць дамоў, як Ліса нядаўна.

-- Ён у нас нават прабачэння не папрасіў! -- строга паглядзеўшы на Воўка, заўважыў Заяц.

-- Прабачце, калі ласка. Я вельмі вінаваты! -- усхліпнуў Воўк.

-- Больш не будзеш шкодзіць нам і нашым суседзям? -- запытаўся Заяц.

-- Не буду! Ніколі не буду! -- паабяцаў Воўк. «Трэба быць добрым. Не злым, а добрым дапамагаюць у нас, за дабро дабром плацяць», -- падумаў ён.

-- Паверым яму? – звярнуўся да Зайца Вожык.

Заяц цяжка ўздыхнуў, узяў рыдлёўку і апусціў у яму.

-- Трымайся, шэры!

Воўк абедзвюма лапамі ўхапіўся за рыдлёўку, і праз імгненне Заяц і Вожык выцягнулі яго наверх.

-- Дамоў пабяжыш, небарака? -- кінуўшы на свежы пясок рыдлёўку, пацікавіўся ў Воўка Заяц.

-- Не! -- закруціў галавою Воўк.

Заяц адступіўся. Яму здалося, што нядобрыя агеньчыкі загарэліся ў вачах Воўка.

-- Не бойся мяне, Зайчык, -- лагодным голасам прагаварыў Воўк і, падняўшы рыдлёўку, стаў засыпаць яму.

Вожык і Заяц пераглянуліся і ўсміхнуліся. «Нездарма мы стараліся, выцягваючы Воўка з гэтай ямы», -- падумалі яны.[u24] 

 

Смяшынкі

 

Маленькая Аленка прыехала ў вёску да бабулі. Раніцай яна ўстала і перад люстэркам старанна заплятае касу.

-- Наш дзядуля ў садку касой траву косіць, -- паведамляе бабуля.

-- Бабулька, -- усклікае Аленка, -- я касу заплятаю!

 

 

Вучні пішуць дыктоўку.

-- Для адводу, сцёку вады са страхі робяць адліў, -[u25] - чытае настаўнік.

З-за парты ўстае Міколка і заяўляе:

-- Такога не можа быць, Алесь Сцяпанавіч!

-- Чаму? – пытаецца настаўнік.

-- Адліў бывае толькі ў адкрытым моры[u26] , -- тлумачыць Міколка.

 

Дзядуля  паказаў Міколку бабку – прыладу для кляпання кос[u27] . Міколка прыбягае ў хату і хоча паведаміць пра гэта бабулі, а яна апярэджвае яго:

-- Унучак, сёння пачастую цябе бабкай!

Міколка з недаўменнем глядзіць на бабулю і кажа:

-- А чым дзядулька касу будзе кляпаць?

-- Мая бабка з дранай бульбы, запечанай  у патэльні, [u28] -- усміхаецца ўнуку бабуля.

 

--

 

-- Іл узняўся ў паветра і набраў вышыню[u29] , -- чытае Міколка і сам сабе ўсміхаецца: «Іл не лятае. Іл на дне возера ляжыць[u30] ».

 

-- Конь рвануўся з месца ў кар’ер[u31] , -- расказвае Алесь.

-- Ён упаў у кар’ер[u32] ? – жахнуўся Міколка.

 

 

амонак Пахучы.

Змест

 

Апавяданні

Снежны туман

Падзяка ад бабулі

Бабуля і яе ўнукі

Казкі

Чаму не паверылі?

Хто дужэйшы?

Падарунак вясны

Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў…

Як Заяц Мядзведзю локшыны на вушы вешаў

Каб не было сумна

Плот

Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы?

 

Сем гісторый пра Воўка і Вожыка

Гісторыя першая

Гісторыя другая

Гісторыя трэцяя

Гісторыя чацвёртая

Гісторыя пятая

Гісторыя шостая

Гісторыя сёмая

 

Смяшынкі


 [u1]Сэжэтны малюнак

 [u2]Цалік – няходжаная, няезджаная прастора, звычайна снежная

 [u3]Сэжэтны малюнак

 [u4]Сюжэтны малюнак

 [u5]Сюжэтны малюнак

 [u6]Сюжэтны малюнак

 [u7]Сюжэтны малюнак

 [u8]Сюжэтны малюнак

 [u9]Сюжэтны малюнак

 [u10]Сюжэтны малюнак

 [u11]Сюжэтны малюнак

 [u12]Сюжэтны малюнак

 [u13]Нагавіцы – тое, што і кальсоны – нацельныя мужскія штаны

 [u14]Сюжэтны малюнак

 [u15]Сюжэтны малюнак

 [u16]Сюжэтны малюнак

 [u17]Сюжэтны малюнак

 [u18]Сюжэтны малюнак

 [u19]Сюжэтны малюнак

 [u20]Сюжэтны малюнак

 [u21]Сюжэтны малюнак

 [u22]Сюжэтны малюнак

 [u23]Сюжэтны малюнак

 [u24]Сюжэтны малюнак

 [u25]Сюжэтны малюнак

 [u26]Сюжэтны малюнак

 [u27]Прадметны малюнак

 [u28]Прадметны малюнак

 [u29]Сюжэтны малюнак

 [u30]Сюжэтны малюнак

 [u31]Сюжэтны малюнак

 [u32]Прадметны малюнак