Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: напісанне складаных прыметнікаў праз злучок

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: напісанне складаных прыметнікаў праз злучок.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                          Гаспадарка, зоркі,

                                                          Дровы, шматбаковы –

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем.

Словы, якія маюць у сваім складзе некалькі каранёў (два ці болей), называюцца складанымі.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: буда-кашалёўскі ці будакашалёўскі?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Праз злучок пішуцца складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца праз злучок [2, стар. 180, “Беларуская мова”].

Напрыклад: івана-франкоўскі.

Прыметнік івана-франкоўскі ўтвораны ад складанага назоўніка Івана-Франкоўск”(горад ва Украіне).

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: буда-кашалёўскі.

Скорагаворка.

Мне спадабаліся алма-ацінскія фрукты (Аляксей Якімовіч).

Ад якога назоўніка ўтвораны складаны прыметнік?

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: Паўднёва-Кітайскае мора ці Паўднёвакітайскае мора?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Складаныя прыметнікі з першай часткай паўночна-, паўднёва-, усходне-, заходне-, якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў ці абазначаюць напрамкі свету, пішуцца праз злучок [2, стар. 180, “Беларуская мова”].

Напрыклад: паўднёва-усходні.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: Паўднёва-Кітайскае мора.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Вельмі, Усходне-Еўрапейская, вялікая, раўніна. (Усходне-Еўрапейская раўніна вельмі вялікая.)

Растлумачце напісанне выдзеленага слова.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары п, у, з, потым напішыце беларускае слова “прыметнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: народна-дэмакратычны ці народнадэмакратычны?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Складаныя прыметнікі, утвораныя ад двух і больш прыметнікаў, што абазначаюць раўнапраўныя паняцці (паміж імі можна паставіць злучнік і), пішуцца праз злучок [4, стар. 165, “Беларуская мова”].

Напрыклад: беларуска-літоўскі.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: народна-дэмакратычны.

Назавіце слова.

                                                             Пішам праз злучок 

                                                                            Аддзел фінансава-эканамічны,

                                                             Спектакль літаратурна-музычны,

                                                             Факультэт … (хіміка-біялагічны).

                                                                                          Аляксей Якімовіч.

Растлумачце напісанне праз злучок прыметнікаў “фінансава-эканамічны”, “літаратурна-музычны”, “хіміка-біялагічны”.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: ружова-жоўты ці ружоважоўты?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запомніце! Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць якасць з дадатковым адценнем ці спалучэннем якасцей, пішуцца праз злучок                     [2, стар. 179 -- 180, “Беларуская мова”].

Напрыклад: горка-салёны.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: ружова-жоўты.

                    [4, стар. 165, “Беларуская мова”]   

Працуем са спалучэннямі слоў.

З прыметнікам “кісла-салодкі” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне прыметніка “кісла-салодкі”?

Для даведкі: кісла-салодкая ягада – кісла-салодкая ўсмешка.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                        Пранізліва-рэзкі

                                                        Верабей – і знік.

                                                        Прыляцеў да сойкі

                                                        У нашай сойкі крык.

Адказ: 1 – 3, 2 – 2, 3 – 1, 4 – 4.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне. (Пранізліва-рэзкі – якасць з дадатковым адценнем).

Які складаны прыметнік можна  ўтварыць з першай часткай пранізліва? (Пранізліва-непрыемны.) Як вы яго напішаце?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “з усёй шчырасцю, сардэчна”.

                                                       Сядзіць салавейка

                                                       Аліўкава-буры.

                                                       … спявае

                                                       Для дзяўчынкі Шуры.

Які складаны назоўнік можна  ўтварыць з другой часткай буры? (Светла-буры.) Як вы яго напішаце?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: да ышуд [1, стар. 11, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа і запішыце, раскрываючы дужкі.

                                            А дзень гарыць, а дзень палае.

                                            Ўсплывае хмарка і другая

                                            Над (сіне-дымным, сінедымным) небасхілам

                                            І ў задуменні (смутнамілым, смутна-мілым)

                                            З нябёс блакітных пазіраюць,

                                            Як бы дарогу выбіраюць [3, стар. 198, “Паэмы Я. Коласа”].

Адказ на пытанне.

 Якія складаныя прыметнікі пішуцца праз злучок?

Тэст.

Адзначце прыметнікі, напісаныя правільна, праз злучок.

1) Сан-францыскі;

2) паўночна-заходні;

3) паўднёва заходні;

4) светла-ружовы;

5) фіялетава зялёны;

6) англійска-нямецкі;

7) гісторыка архіўны.

Адказ: 1, 2, 4, 6.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.       

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання  / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, кастрычнік 2021 года, № 10.