Поиск по этому блогу

Гумар нашага жыцця


Гумарэскі, смяшынкі
        
Кап-кап...
Гумарэска
   Вольны дзень – нядзеля. Пакой гарадской кватэры. Выцягнуўшы доўгія худыя ногі, на канапе ляжыць тата і чытае газету. Побач на мяккім крэсле сядзіць мама і глядзіць тэлевізар. Яна толькі што памылася ў ваннай, і яе пругкае важкае цела дыхае цёплым парам і пахучым дэзадарантам. З адчыненых дзвярэй ваннага пакоя даносіцца стук кропляў, якія бесперапынна падаюць у белы эмаліраваны ўмывальнік:
   -- Кап-кап-кап-кап...
   Газета нечакана падае на татаў твар, і з яго рота вырываецца гук, падобны на гук бензапілы, якую стараюцца завесці.
   -- Зноў храпеш? – скрыва глядзіць на тату мама.
   Страсянуўшы галавою, быццам яму знячэўку па самай макаўцы далоняй пляснулі, тата абедзвюма рукамі, як за выратавальнае кола, хапаецца за газету.
   -- Не бачыш? Газету чытаю!
   З ваннага пакоя выразна даносіцца:
   -- Кап-кап-кап-кап...
   Мама незадаволена моршчыцца.
   -- Халодная вада з крана ўсё капае і капае. Здаецца, на самую галаву.
   Тата варочаецца на канапе. Канапа пад ім жаласна рыпіць, быццам просіцца чалавечым голасам: “Ну дай хоць крыху адпачыць мне, мужычок”.
   Але тата, вядома ж, не чуе гэтай просьбы: думае, як адказць маме, каб больш не турбавала. Ён доўга моршчыць роўны нізкі лоб, чымсьці падобны на пыльны шкляны часопісны столік, і затым вымаўляе з асалодай:
   -- Капае, бо прапускае пасля цябе, як там памылася. Разам з ваннай зрушыўся. Ты яшчэ гайданку ў ваннай сабе зрабі.
   Маміны вільготныя губкі выцягваюцца ў тонкую свісцёлку.
   -- Твой кранік трэці дзень прапускае. Устаў бы і адрамантаваў.
   -- Потым адрамантую, -- цвёрда абяцае тата і дадае, знайшоўшы яшчэ адно апраўданне: -- Мне газету трэба дачытаць.
   Маміны прыгожыя губкі на гэты раз становяцца падобныя на спелы стручок фасолі.
   -- Зараз звечарэе, а ты ўсё чытаеш,  чытака!
   -- Кап-кап-кап-кап... – настойліва даносіцца з ваннага пакоя.
   Мама адварочваецца ад таты, пульхнымі далонямі затуляе маленькія вушкі-ракавінкі і ўпіраецца прыжмуранымі вочкамі ў тэлевізар.
   У пакой, як свежы вецер, урываецца ружавашчокі сын-карапуз. Кашуля на яго грудзях расхрыстана, а па падлозе цягнуцца калашынкі шырокіх нагавіцаў, падобных на даўні марскі клёш.
   -- Я! Гэта я! – гучна паведамляе ён, каб заявіць пра сябе.
   --   Прынёс воўк цяля, -- незычліва вымаўляе мама. Яна, вядома ж, незадаволена, што сын на нейкае імгненне адарваў яе ад тэлевізара.
   -- Я – апошняя літара ў алфавіце, -- колка заўважае тата і ўсміхаецца, задаволены сваёй дасціпнасцю.
   -- Татка, ты з самай раніцы газету чытаеш, а мужыкі на двары казла рэжуць.
   Выгнуўшы спіну, бы вялікая рыбіна, тата прыўзнімаецца, а затым цяжка падае, апускаецца на канапу. Яна калоціцца, дрыжыць пад ім нябачнымі спружынкамі.
   -- Якога казла? Адкуль яны яго прывалаклі?
   -- Ды ў даміно яны рэжуцца! --  здагадваецца мама і непрыкметна для таты, каб бачыў сын, кругленькім пальчыкам старанна, з радасцю на душы, круціць каля скроні.
   -- Кап-кап-кап-кап... – як зачараваная нядобрым ведзьмаком, капае з крана вада.
   Сын прыслухоўваецца, настаўляе адтапыраныя вушкі.
   -- Капае... Каторы дзень!
   Мама ледзь прыкметна ківае ўскудлачанай галавой у бок таты.
   -- Яму няма калі кран адрамантаваць. Канапу дабівае, пралежвае.
   “Во прычапілася, трасца!” – думае тата, але не выказвае гэта ўслых, а звяртаецца да сына, каб супакоіць маму, а разам і сваё сумленне:
   -- Пятро, твая вучоба мяне вельмі непакоіць.
   Сын шырока расплюшчвае чорныя, з хітрынкай, вочкі.
   -- Мая?
   -- Твая! Твая! – пацвярджае тата і, упёршыся ў спінку сына пяццю худымі пальцамі нагі, паказвае. – Тут сядай, каля мяне.
   Сын месціцца на краечак канапы і чакае, сцяўшыся.
   -- А каб ты згарэла было!-- лаецца тата на сонца, якое праз прызанавешаныя тоўстыя шторы без спросу імкнецца трапіць у пакой, якраз яму ў вочы, а пасля вымаўляе: -- Ты, Пятро, вучышся...
   -- У першым класе, -- дапамагае сын тату.
   У гэты час на экране тэлевізара з’яўляецца барадаты баец з кулямётам.
   Мама паварочвае да таты кругленькую шчочку.
   -- Скажы мне: як называецца гэтая зброя?.. Пісталет?.. Аўтамат?.. Зусім забылася.
   -- Пістамат! --  апярэджваючы тату, падказвае Пятро.
   -- Хіба ёсць такая зброя – пістамат? – хмурыць рыжыя бровы тата.
   -- А хіба няма? Цэлы дзень газеты чытаеш, а не вычытаў, чытака! – не вытрымлівае мама.
   -- Кап-кап-кап-кап... – па-ранейшаму даносіцца з ваннага пакоя.
   Сын выцягвае шыйку, стараючыся праз калідор зазірнуць у ванны пакой.
   -- Капае...
   -- Тэлевізар не магу спакойна паглядзець!.. Да твайго таткі ніяк не даходзіць!.. Кап-кап!..--  дае волю гневу мама.
   Тата ўнурваецца ў газету, а потым паднімае вочы і кажа ў прастору:
   -- Ккал.
   -- Даляжаўся!.. Адчувала мая бедная душа, -- буркае мама і хуценька носік пальчыкам затуляе.
   -- Татка, ты сёння з прыколам! -- адзначае Пятро.
   Тата паднімае галаву, на якой тырчаць рэдкія валасінкі, утвараючы на самай макаўцы вясёленькую палянку-лысінку.
   -- У газеце напісана Ккал, з вялікай літары. Гляньце, калі мне не верыце... Абы што пішуць... Ккал! Цьфу, гадасць якая!
   -- А-а, у газеце! – з палёгкай уздыхае мама і аднімае пальчык ад далікатнага носіка.
   Пятро пераводзіць позірк на газету.
   -- Татка, не абы што пішуць, не гадасць. Ты не расшыфраваў.
   -- Як гэта не расшыфраваў? – не даходзіць да таты.
   -- Ккал – расшыфроўваецца як колькасць калорый. Нам на ўроку матэматыкі Юлія Дзям’янаўна тлумачыла.
   Тату не даспадобы заўвага. Ён роўненька выцягваецца, кладзе газету на жывот і калючымі, як асот, пальцамі  казыча сынаву спінку.
   -- Матэматык! Лабачэўскі, значыць!.. Калі ты такі вялікі матэматык, то рашы наступную задачу.
   Сын адсоўваецца ад бацькавых пальцаў, глядзіць на маму і пагаджаецца:
   -- Давай.
   Тата моршчыць лоб і скрыжоўвае на грудзях рукі.
   -- Дай успомніць, дай...
   Вочы ў мамы становяцца як у вялікай надзімной гумовай лялькі, і сама яна, здаецца, раздзьмулася, памажнела.
   -- Ты хутка народзіш?
   -- Рэксона сцвярджае... – пачынае тата.
   -- Рэксона? – са здзіўленнем паўтарае Пятро.
   -- Сынок, ёсць такая нямецкая гадалка для мужчын – Рэксона. Добрая гадалка, нікога не падводзіць. Пра яе ў рэкламе часта паведамляюць, -- паказвае сваю дасведчанасць мама.
   Твар у таты становіцца ўрачысты, як за сталом перад тостам. Ён, што называецца, адчувае важнасць моманту.
   -- Рэксона сцвярджае, што вядомы вучоны Ньютан зрабіў важнае адкрыццё тады, калі на галаву яму раптоўна ўпаў яблык.  Колькі яблыкаў павінна ўпасці на галовы нашым вучоным, каб яны таксама зрабілі важнае навуковае адкрыццё?
   Пятро не хоча ламаць галаву, шчыра прызнаецца:
   -- Не ведаю.
   Тата з выглядам пераможцы глядзіць на яго і задаволена хіхікае:
   -- Хі-хі... Галава – два вухі!..
   -- А ты сам ведаеш, колькі трэба такіх яблыкаў? – заступаецца за сына мама.
   Валасатай рукой тата гладзіць палянку-лысінку.
   -- Ведаю, але вам не скажу. Думайце,  звілінкі развівайце.
   Мама фыркае, як непрыручаная кошка.
   -- З цябе даўно пара фігуру з воску зляпіць і ў музей мадам, як яе там...
   -- Цюсо, -- падказвае Пятро.
   -- Ага, і ў музей мадам Цюсо пры ўваходзе, як ахоўніка, паставіць.
   -- Голую? – не разумее сын.
   Мама ажыўляецца, як на рынку.
   -- Калі галяком, то трэба паставіць не ў музей мадам Цюсо, а ў  пакой смеху.
   У пакоі павісае цішыня, нібыта перад навальніцай. Тата ляжыць з адкрытым ротам. Ад неспадзеўкі яму пашчэнкі звяло, няйначай.
   Пятру становіцца шкада тату. Ён вырашае суцешыць яго.
   -- Татка, не перажывай. Я табе смяшынку раскажу. Можна?
   Тата кашляе, прачышчаючы горла, як заіржавелую трубу.
   -- Толькі не салёную.
-- Не салёную, не, -- абяцае Пятро і пачыне так: -- Трэцякласнік просіць першакласнікаў падабраць рыфму да слова “бабуля”.
Наперад выскаквае Міколка.
-- Цыбуля!
-- Малайчына! – падахвочвае яго трэцякласнік і называе новае слова: -- Гарох.
-- Бабуля! – крычыць Міколка.
-- Не, -- моршчыцца трэцякласнік. – Паспрабуйце падабраць рыфму да слова “бурак”.
-- Бабуля! – зноў крычыць Міколка.
Трэцякласнік у роспачы разводзіць рукамі.
-- Чаму бабуля?
Тата не вытрымлівае і таксама разводзіць рукамі.
-- Чаму бабуля?
-- Ты як першакласнік з анекдота, нездагадлівы! – бы дубцом, не шкадуючы, сцябае тату мама.
   Тата вырачае вочы і выцягваецца, як чарвяк, зняможаны на сонцы. У яго нават ёмкі жывоцік прападае, кудысьці знікае на імгненне.
-- Я  вам ужо ў хаце не патрэбен?.. Я?..  Пры чым тут гарох і бурак?..
-- А яна ўсё гэта ў нашым агародчыку садзіць, - тлумачыць Міколка.
-- Ні разу градку не ўскапаў! – як на малога, наманікюраным пальчыкам трасе на тату мама.
-- Усё расказаў? – хмурыцца тата, праз шчылінкі вачэй пазіраючы на сына.
-- Усё, -- паціскае плечукамі сын.
-- Абяцаў, што не салёную раскажаш, а перасаліў! Ну!..
   -- Дугу гну, -- кажа мама. Твар у яе застывае, становіцца, як у каменнай статуі.
   -- Кап-кап-кап-кап... – даносіцца з ваннага пакоя.
   -- Капае! – праз востранькія зубкі цэдзіць мама.
   -- Я пагляджу, -- ціха кажа Пятро і, быццам непрыкметная маленькая здань, накіроўваецца на калідор.
   Тата ўтыкаецца носам у газету.
   -- Што пішуць, чытака? – падае голас мама. Ёй рупіць зачапіць тату.
   -- Літары, -- адказвае тата і хіхікае.
   На экране тэлевізара зноў з’яўляецца знаёмы барадаты баец.
   -- Глянь ты! – не стрымлівае эмоцый тата. – Пістаматчык на Марыю наваліўся і душыць.
   -- Не задушыць, -- супакойвае мама, зубкамі пакусваючы губкі.
   -- Дык яна ж вунь як цяжка стогне!
   -- Не стогне, а рытмічна дыхае.
   У пакоі становіцца ціха-ціха.
   -- Ужо не капае, а цячэ, -- трывожыцца тата.
   -- Даляжаўся, хіхікала! – нервова вымаўляе мама, перажываючы за Марыю і пістаматчыка.
   Тата тыцкае пальцам, падобным на агрызак алоўка.
   -- Цячэ ў ваннай.
   -- Там жа Пятро! – Лёгка адарваўшы ад крэсла сваё пругкае цяжкае цела, мама бяжыць на калідор. За ёю з газетай у руках кідаецца тата.
   Пятро стаіць у ванным пакоі па костачкі ў халоднай вадзе, якая з шумам вырываецца з крана.
   -- Ваду перакрый! У туалеце перакрываецца!—галосіць мама, трасучы кулакамі перад татавым носам.
   -- Не хвалюйцеся. Я перакрыю. Я кран хацеў адрамантаваць, але забыўся перакрыць ваду, -- супакойваючы тату і маму, вымаўляе Пятро і, падтрымліваючы абедзвюма рукамі нагавіцы, накіроўваецца ў туалет.
   Праз хвіліну кран чхае, як прастуджаны, выпускаючы з сябе апошнюю порцыю вады. Тата махае газетай, як сцягам, і гаворыць у задуменні:
   -- За сваё жыццё чалавек павінен пабудаваць дом, вырасціць дрэва і сына...
   -- Табе дрэва не трэба вырошчваць. У цябе сын дубком вырас, -- кажа мама і паказвае тату ...язык.

Пробка

Гумарэска
   Пакой прыватнай гарадской хаты. На канапе ляжыць тата з газетай у руках. Твар у яго няголены, парос шчаціннем. Побач у стракатым доўгім халаце і тапках з цвёрдай скураной падэшвай на мяккім крэсле сядзіць мама і глядзіць тэлевізар.
   У пакой убягае ружавашчокі сын-першакласнік з мноствам адтапыраных кішэнькаў. Кішэнькі і спераду, і ззаду, і з бакоў.
   -- Не чакалі? -- гучна заяўляе ён пра сябе.
   Тата з намаганнем разляпляе перасмяглыя губы і шэпча, як прастуджаны:
   -- Цалюткі дзень сабак па вуліцы ганяеш, а ўрокі Пушкін няхай вучыць за цябе!
   -- Я не ганяю. Яны самі за мною бегаюць, -- бойка адказвае сын.
   Тату не хочацца ўступаць з ім у дыскусію. Ён вяла махае пальцамі, адняўшы іх ад шчакі: маўляў, ідзі ў свой пакой, не перашкаджай адпачываць.
   Крутнуўшыся на адной назе, сын садзіцца на крэсла непадалёку ад мамы і шчабеча, як птушаня:
   -- Татка, хачу паведаміць табе дзве навіны: адна навіна кепская і другая кепская. З якой пачаць? З першай ці з другой?
   Тата бярэцца рукою за няголеную шчаку.
   -- Пятро, тут табе не цырк, а я не сабачка, каб са мною падцкоўвацца.
   -- Не верыш? Тады пачну з другой, -- як нічога ніякага шчабеча сын.
   Зацікавіўшыся незвычайным пачаткам размовы, мама ківае галавою.
   -- Ага, адкрый яму вочы, пакуль ён яшчэ жывы.
   Трывога імклівым ценем прабягае па твары хлапчука.
   -- Татка, ты паміраць сабраўся?
   -- Сабраўся, чыстую кашулю надзеў. Сёння выляжыцца, а заўтра на працу ў ёй пойдзе, -- быццам з кулямёта, бязлітаснай чаргой выстрэльвае фразу мама.
   Пятро з палёгкай уздыхае.
   -- Значыць, пачну з другой. Слухай, татка. Наша настаўніца Юлія Дзям'янаўна заўтра ў школу цябе выклікае.
   -- Зноў ты ў школе штосьці натварыў! -- Левае вока ў таты заплюшчана. Правым, крыху расплюшчаным, як праз шчылінку, сочыць за сынам.
   Сын угінае плечы і моргае вочкамі.
   -- Я не натварыў. Мы з Юліяй Дзям'янаўнай успаміналі, як учора ты на яе лаяўся.
   Тата з намаганнем расплюшчвае і левае вока.
   -- З цябе даўно пара зняць стружку!..
   -- Я не драўляны! -- адказвае Пятро і пераводзіць позірк на маму, шукаючы ў яе падтрымкі.
   Тата хоча штосьці сказаць, але на экране тэлевізара з'яўляюцца шэрыя палоскі. Тэлевізар шыпіць, гудзіць, бы кантужаны.
   Тата паднімае ўгору руку, быццам вучань на ўроку, які на двор просіцца.
   -- Ш-ша...
   Нібы паслухмяны робат, тэлевізар супакойваецца, перастае шыпець і гудзець.
   Тата ўздыхае, як гару з плячэй зваліўшы:
   -- У лічыльніку пробка няспраўная, з жучком. А яшчэ на кухні праводку...
   -- Пра водку ты не забываешся, -- перапыняе мама. -- Учора з кумам Іванам да свінячага енку назюзюкаліся.
   На экране тэлевізара з'яўляецца даўганогі хлапец, падобны на вадзянога павучка. Ён павольна, павай, набліжаецца да прывабнай дзяўчыны, якая трымае на руках невялікага звярка, які нагадвае маладзенькага пацучка.
   -- Яны зараз пацалуюцца! -- з выглядам знаўцы адзначае Пятро. Рот у яго да вушэй, твар задаволены.
   Тата крывіцца як серада на пятніцу.
   -- Ты адкуль гэта ведаеш, першачок?
-- Першачку яму захацелася! – не вытрымлівае мама і паказвае тату ўсім вядомую фігуру з трох пальцаў. – Смалы табе, а не першачку!
   Як і мама, Пятро закідвае нагу за нагу.
   -- У сераду мы праводзім у класе Дзень пацалуначка. На мінулым тыдні тры дні трэніраваліся.
   Тата ад здзіўлення адкрывае рот і высоўвае шурпаты кончык языка.
   -- Не верыш? -- паціскае плячыма сын. -- У дзённік паглядзі. Там рукой самой Юліі Дзям'янаўны напісана: "Шаноўныя бацькі! У сераду пасля ўрокаў у нашым класе праводзіцца мерапрыемства -- Дзень пацалуначка. Запрашаем Вас". Я гэта напамяць вывучыў, як верш.
   Тата паварочвае галаву да мамы.
   -- Вера, мы з табой пойдзем на тое мерапрыемства?
   Мама настаўляе высокі каўнер стракатага халата, затуляючыся ім ад таты.
   -- Я цябе пацалавала б!.. Кантрольным пацалункам у лоб!
   -- Пятро, калі я на тваю Юлію Дзям'янаўну лаяўся? -- з пагрозай вымаўляе тата, каб сагнаць нечакана падступіўшую злосць.
   Сын старанна чухае патыліцу, разгубіўшыся на хвілінку.
   -- Напомні, сынок, не бойся, -- з нецярпеннем чакаючы адказу, ёрзае на крэсле мама.
   -- Татка, Юлію Дзям'янаўну ты лаяў не адзін, а з дзядзькам Іванам. У прадуктовым магазінчыку, што каля скверыка. Юлія Дзям'янаўна вам заўвагу зрабіла, а вы яе аблаялі, бо не пазналі. Потым да дзяўчынак-прадаўшчыц падышлі. Я таксама ў магазінчыку стаяў і ўсё бачыў.
   -- Ты!.. Ты!.. - папярхнуўся тата, але ўсё-ткі знайшоў сілы, каб дакончыць: -- Бяжы! Урокі вучыць!
   Сын старанна гладзіць маленькі чубчык, які выдзяляецца на галаве.
   -- Я даўно вывучыў тыя ўрокі! Толькі адна задачка ў мяне не выходзіць. Дапамажы рашыць.
   -- Дапамажы! -- праз зубы цэдзіць мама.
   -- Давай, -- здаецца тата. -- Што там у цябе?
   -- Задачка. У Тані -- еўра, у Ніны -- даляры, у Светы -- фунты стэрлінгаў, у Алесі -- літы, у Ані -- тугрыкі, а ў Вікі -- шылінгі. З хлапчукамі якіх краін сябруюць дзяўчынкі?
   У таты кружыцца галава, пацее лоб. На імгненне яму здаецца, што сын накінуў на яго вялікую сетку-павуціну, з-пад якой, як ні старайся, не выбрацца.
   -- У Каці -- еўра...
-- Еўра ў Тані! – перапыняе Пятро.
-- Значыць, Таня сябруе з хлапчуком з Еўропы. У Еўропе цяпер ходзяць еўра.
   -- Татка, Еўропа не краіна.
   -- А што, па-твойму?
   -- Частка сушы, -- апярэдзіўшы сына, адказвае мама.
   -- Еўропа не толькі суша. Там ёсць і рэкі, і азёры, і моры, - пярэчыць Пятро.
   Тата разумее, што сёння яму не разабрацца ў гэтых валютах.
   -- Сынок, над тваёй задачкай мы яшчэ пакумекаем. Бяжы на двор.
   У таты штосьці гучна бурчыць у жываце. Жывот становіцца пругкі, як надзьмуты мячык. Тата бярэцца за яго абедзвюма рукамі.
   -- Кіпяточку хоць зрабілі б!
   Мама апускае каўнер халата і кажа, як адрэзвае:
   -- Смалы! Няхай сядзела б, як пробка!..
   -- Быццам пугай, сцёбнула! – адзначае Пятро.
-- Сынок, -- звяртаецца да Пятра мама, -- ён часам не з таго магазінчыка, што каля скверыка, учора прынёс смярдзючага селядца?
   Тата выцягваецца, як марожаная рыба, і непрыкметна маргае сыну: маўляў, не выдавай мяне.
    Пятро хутка ацэньвае сітуацыю.
   -- А грошы на марожанае ў цябе ёсць?
   -- Сабака ў яго, а не грошы. Учора ўсё прапіў. А ў мяне ёсць. Ёсць у мяне! -- мама дастае з кішэні халата скураны кашалёк, адкрывае яго і дастае гладзенькую грашовую купюру.
   Пятро бярэ яе, хавае ў адну з кішэнек нагавіц і інфармуе маму:           
   -- З таго самага. Дзяўчынкі-прадаўшчыцы яму падсунулі. Адна з іх пацікавілася ў таткі, хто ён па гараскопу. "Рыба,"  - сказаў татка. "Калі вы Рыба, то я піва", -- засмяялася прадаўшчыца і прадала татку смярдзючага селядца да піва.
   Тата стогне, вохкае, стараючыся спыніць сына, у якога так лёгка развязаўся язычок.
   -- Надарваўся каля прадаўшчыц? -- няласкава вымаўляе мама.
   Пятро разумее, што нагаварыў лішняга. Частку татавай віны ён вырашае перакласці на дзядзьку Івана.
   -- Мамка, дзяўчынкі-прадаўшчыцы і дзядзьку Івану прадалі смярдзючага селядца. Ён падзякаваў ім і пахваліўся: "Мы іншаземцы, шведы, на днях да вас морам прыплылі".
   -- Хлусня! -- камечыць у руках газету, шасціць ёю тата.
   -- Хлусня? -- шчыра абураецца Пятро. -- А помніш, як адна з дзяўчынак запыталася ў дзядзькі Івана, чаму ў яго рукі такія чорныя , брудныя?
   -- Дурнічкі! -- рагоча, калышацца на крэсле мама. -- Ён жа слесарам на маторным заводзе працуе, кожны дзень рукі па локці ў мазуце, а да іх не дайшло.
   -- Не дайшло, бо дзядзька Іван хітры, выкруціўся, -- што заведзены, не спыняецца Пятро. -- Ён заявіў ім, што там, у Швецыі, чарніцы ходзіць збіраць. А ад чарніц, як вядома, рукі чарнеюць. Затым іншаземнае слоўца ўставіў. Прапі... Прапі...
   -- Усё прапілі! -- ківае галавою мама.
   -- Прапілеі тое слова! -- узрадаваны, успамінае Пятро.
   -- Абы што! -- крывіцца мама.
   -- Не абы што, -- спрабуе абараніцца тата. -- Прапілеі -- свяшчэнныя вароты, за якімі разумнага чалавека чакае іншае жыццё, іншы свет, іншае будучае. Прапілеі - мяжа: па адзін бок яе -- звыклае існаванне, па другі -- невядомасць, страшная і адначасова прывабная. Мы ўчора з Іванам увесь вечар гэтае слова абмяркоўвалі.
   Тата прыўстае, угору паднімае руку. Яму здаецца, што ён урэшце пакарыў маму розумам і дасведчанасцю.
   Ды не тут тое было. Мама трасе кашальком.
   -- А наш татачка не казаў дзяўчынкам, чым ён у Швецыі займаецца?
   -- Не казаў! Не казаў! -- у таты вочы бегаюць, як у злодзея, на якім шапка гарыць.
   --  Казаў, што стрыптызёрам працуеш! -- Пятро зіркае на кашалёк і ўсё больш абураецца.--Казаў!
   -- Кім? -- перапытвае мама.
   -- Стрыптызёрам, -- упэўнена паўтарае Пятро і тыцкае пальчыкам, паказваючы на экран тэлевізара. -- А гэты даўгавязенькі ўсё набліжаецца да дзяўчынкі!..
 Тата ў знямозе падае на канапу.
   -- Вера, пераключы. На трэцім канале "Смешная праграма" пачалася.
   Тата спадзяецца, што "Смешная праграма" перапыніць прыкрую гаворку.
   Мама са злосцю шчоўкае пераключальнікам.
   На экране з'яўляецца худы і доўгі, як вуда, артыст.  
   "Сёння па тэлевізары чамусьці адных худых паказваюць", -- думае тата, чакаючы для сябе палёгкі.
   Артыст загадкава ўсміхаецца гледачам і спявае:
Стрыптызёрам я працую.
                                                        Палюбіў работу тую.
                                                        Свалата, свалата
                                                        Прыпаўзае да шаста.
   -- Яшчэ адзін дурань з'явіўся.Цьфу ты! -- плюецца мама.
   Тата ўздрыгвае, як ад блізкай грымоты.
    -- Татка, не перажывай, -- суцяшае Пятро. -- Я ж расказваў не за так, а за грошы. Усе стараюцца зарабіць, ніхто ад сябе не адпіхае.
   Мама дастае з кашалька і працягвае сыну яшчэ адну грашовую купюру.
   -- Вазьмі, сынок. Ты ж любіш марожанае.
   Пятро бярэ грошы і няспешна, нібы начальнік, накіроўваецца на калідор.
   "Гу-у... Ш-ш-ш"... -- у чарговы раз шыпіць, гудзіць тэлевізар.
   -- Пробка забарахліла, -- вяла адзначае тата.
   Мама ўскоквае з крэсла. Яе пякельны позірк, як кулямёт з двума стваламі, накіраваны на тату.
   -- Уставай, стрыптызёр!
   Тата стукае пальцамі па грудзях.
   -- Не магу. Во тут усё трасецца, быццам чэрці рагамі варочаюць!
   -- Я каму сказала!? -- асой налятае мама.
   Тэлевізар перастае трашчаць, шалець. Яго экран тухне, толькі ў самым цэнтры, як іскрынка, маленькая кропка напаследак зманліва свеціцца.
   -- Вай! -- войкае тата. -- Святло зусім прапала!
   Чуецца трэск, як у час навальніцы, па кватэры паўзе едкі дым.
   -- На кухні трэснула! Там Пятро!.. -- лямантуе мама.
   Тата ссоўваецца з канапы і, апярэдзіўшы маму, з пакамечанай газетай у руках бяжыць на кухню.
   Пятро стаіць каля шкафчыка, над якім прымацаваны пачарнелы электралічыльнік.
   -- Сынок, ты жывы, здаровы? -- трасучыся, пытаецца тата.
    -- Як бачыш, -- бадзёра адказвае Пятро.
   -- А што ж тут нарабілася?
   -- Я з лічыльніка сапсаваную пробку выкруціў, а потым яшчэ адзін дроцік-жучок на яе накруціў і зноў у лічыльнік укруціў. Ды, відаць, затоўсты дроцік. Самі чулі, як бабахнула.
   -- Дзе ж ты ўзяў дроцік? -- ніяк не дойдзе да сябе мама.               
   -- Тут, у кішэньцы, ляжаў, -- пальчыкам дакранаецца да адтапыранай кішэнькі Пятро.

На дарозе
З народнага
Гумарэска
 
   Па прасёлачнай дарозе ідуць два мужычка і бачаць: амбал двухметровага росту з шырокім кухонным нажом маршыруе і прымаўляе ў такт:
   -- Адзін, два! Адзін, два!..
   -- Трэніруешся? – пытаецца першы мужычок.
   -- Нас не патрэніруеш? -- ухмыляецца другі.
   -- Патрэнірую. Станьце ў строй! – падаў голас амбал.
   -- Няма калі нам, -- сказаў мужычок.
   -- На базар спяшаемся, -- знайшоў адгаворку другі.
   -- Паспееце на базар. Станьце ў строй! Каму сказаў? -- крыкнуў амбал і нож з-за пояса дастаў.
   Мужычкі моўчкі пераглянуліся, сталі побач і выцягнуліся па стойцы “смірна”.
   -- Крокам руш! – даў каманду двухметровы амбал.
Мужычкі цяжка ўздыхнулі і пакрочылі па дарозе. А амбал побач ідзе, дубчыкам іх падганяе.
   Мужычкі расчырванеліся, сапуць, тупацяць, пыл на дарозе паднімаюць.
   Прайшлі некалькі кіламетраў. За павароткай дарогі каржакаватага міліцыянера ўбачылі. Каля яго два мяхі стаяць.
   -- Уцякай! На міліцыянера нарваліся! – зірнуўшы на амбала, гукнулі мужычкі.
   Амбал звярнуў з дарогі і ў лес рвануў.
   Мужычкі з палёгкай уздыхнулі, пот з твараў змахнулі, да міліцыянера, усцешаныя, наблізіліся.
   -- Таварыш лейтэнант, нас адзін здаравяк запыніў і прымусіў маршыраваць, -- паскардзіўся першы мужычок.
   -- У яго шырокі нож за поясам, -- ддаў другі.
   -- Ведаю, -- кіўнуў галавою міліцыянер. -- Ён ужо трэці дзень з падарожных здзекуецца, прымушае строем хадзіць. А вы куды сабраліся?
   -- На базар! – разам усклікнулі мужычкі.
   -- Мне таксама трэба на базар, -- паведаміў міліцыянер і паказаў на мяхі. – Вожыкаў налавіў, хачу прадаць.
-- Яны, напэўна, калючыя, не данясеш да базару! – пераглянуўшыся, зноў усклікнулі мужычкі.
-- А вы для чаго? – прамовіў міліцыянер.
-- Мы ніколі жывых вожыкаў у мяхах не насілі, -- прагаварыў першы мужычок.
   -- Не ўмеем іх насіць, -- выціснуў з твару ўсмешку другі мужычок.
Міліцыянер пачырванеў і дакрануўся да кабуры рэвальвера.
   -- Сёння навучыцеся, мужычкі!
   -- Лепей мы з тым амбалам маршыравалі б, -- сказаў першы мужычок другому і ўзяўся за мех.
  
На ўроку
З жыцця

   На ўроку мовы вучні пішуць пераказ урыўка з аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.
   З-за парты ўстае Сяргей.
   -- Мікалай Іванавіч, мне можна выйсці на двор?
   Настаўнік крывіцца, але дазваляе:
   -- Можна.
   Сяргей ідзе ў бібліятэку, бярэ там кнігу Якуба Коласа “Дрыгва” і, схаваўшы яе пад пінжак, задаволены, вяртаецца ў клас.
   З-за парты ўстае Света.
   -- Мікалай Іванавіч, мне можна выйсці на двор?
   Настаўнік яшчэ больш крывіцца, але дазваляе:
   -- Выйдзі.
   Света ідзе ў бібліятэку, бярэ там кнігу Якуба Коласа “Дрыгва” і, схаваўшы яе пад кофту, задаволеная, вяртаецца ў клас.
   Неўзабаве з’яўляецца бібліятэкар. У яе бярэма кніг Якуба Коласа “Дрыгва”.
   -- Мікалай Іванавіч, прабачце. Я вашым дзецям прынесла “Дрыгву”. Яна, мне здалося, вельмі патрэбна ім на ўроку.
   Настаўнік з асуджэннем глядзіць на Сяргея, потым пераводзіць позірк на Свету. Яны вінавата ўсміхаюцца яму.
                                   
Конь
З жыцця

   Дырэктар заводзіка завочна вучыўся ва ўніверсітэце. Выкладчыкі на экзаменах яго не турбавалі: адразу ж ставілі ў залікоўку добрую адзнаку. Але быў ва ўніверсітэце выкладчык хіміі, які адрозніваўся прынцыповасцю. Пасадзіўшы дырэктара за стол, задаў яму адно пытанне, другое. Дырэктар сядзіць і хмурыцца. Тады прынцыповы выкладчык сам хуценька рашыў на дошцы патрэбную задачу, якая заканчвалася формулай КОН (што азначае шчолач).
   -- Скажыце, шаноўны, чаму ўсё гэта раўняецца?
   А дырэктар пакруціў галавой дый кажа:
    -- Прафесар, вы ў слове конь мяккі знак не напісалі.

Смяшынкі

-- Бабуля, купляй мне вялікія кашулі.
-- Чаму, унучак?
-- Хачу, каб у мяне былі шырокія плечы.

Прыйшоўшы на бабулін агарод, Аленка ўсклікае:
-- Бабуля, я зараз нарву кветак і падару табе!
Бабуля глядзіць на ўнучку і ўсміхаецца.

-- Тата, я не ведала, што калючкі бываюць шэрыя! – усклікае Аленка, дакрануўшыся да вожыка, які затаіўся пад елачкай.

Дзядуля і ўнук-шасікласнік рашаюць задачу па матэматыцы. Унук ніяк не можа зразумець, як рашаецца задача.
-- Гэтую задачу і першакласнік рашыў бы!—цяжка ўздыхае дзядуля.
-- Дык я ж не першакласнік! –усклікае ўнук.

-- Не лезь на дрэва, бо ўпадзеш і будзеш плакаць, -- папярэджавае Аленку дзядуля.
-- А калі не буду плакаць, то можна лезці, дзядулька? – пытаецца Аленка.

Прадавец-касір вяртае Аленку, якая адышлася ад касы і накіравалася дамоў.
-- Дзяўчынка, чаму не ўзяла рэшту? Забылася?
-- Я думала, што ў магазіне рэшту не даюць, -- адказала Аленка.

Дзядуля і Аленка збіраюць грыбы. З суседняга ляска даносіцца гудзенне бензапіл. Там работнікі лясной гаспадаркі спілоўваюць сухія дрэвы.
-- Дзядуля, пабеглі туды! – паказвае Аленка на суседні лясок.
Дзядуля з недаўменнем глядзіць на ўнучку.
-- Там грыбы пілуюць! – тлумачыць дзядулю Аленка.

-- У нашым дзіцячым садку мы выконваем розныя каманды, -- паведаміла маме Аленка.
-- Якая каманда табе найбольш падабаецца? – усміхнулася мама.
-- За стол, дзеці, за стол!

-- Бабуля, наша асінка на прыгуменні ўся дрыжыць! – прыбегшы ў хату, паведамляе Аленка.
Бабуля глядзіць на ўнучку і ўсміхаецца.
-- Яе суседаў сабака Жук напалохаў, -- кажа дзяўчынка.
-- Чаму ты так лічыш? – пытаецца бабуля.
-- Ён нядаўна і маму напалохаў, калі гучна забрахаў!

-- У лесе жыве вожык. У яго шмат вострых іголак, -- расказвае Аленцы бабуля.
-- А хто яму купляе іголкі? – пытаецца Аленка.

-- Аднаго разу я плаваў на боце, -- расказвае вучням настаўнік геаграфіі.
-- На правым ці на левым, Алесь Сцяпанавіч? – хоча ўдакладніць Міколка.

-- Чым дзень адрозніваецца ад ночы? – пытаецца настаўнік у Міколкі.
-- Днём я вучуся… -- крывіцца Міколка.
Настаўнік ўважліва глядзіць на Міколку, чакае, што скажа яшчэ.
-- А ноччу сплю! – усміхаецца Міколка.

-- Што ты ўмееш, Міколка? – пытаецца на ўроку настаўнік.
--- Увесь урок маўчаць, -- з гонарам адказвае хлапчук.

-- Майму тату ўчора моцна пашанцавала! – сустрэўшы аднакласніцу Насцю, паведаміў Міколка.
-- Раскажы, калі ласка! – зацікавілася Насця.
-- Ён у пограб упаў, уваліўся, -- сказаў Міколка.
-- Ты лічыш, што яму пашанцавала? – здзіўляецца Насця.
-- Канешне! Цяпер у яго ў вачах дваіцца. Глядзіць на адну цукерку, а бачыць дзве.

Міколка піша ў сшытку назву звярка, які жыве ў стэпе: “Бурундук”.
-- Трэба пісаць “барундук”, -- зазначае тата. Ён сядзіць побач.
Да стала набліжаецца мама і кажа:
-- Правільна будзе: бурандук.
Тата глядзіць на маму і паціскае плячыма.
Мама з выглядам пераможцы глядзіць на тату і Міколку.
-- Хто з нас пісьменны?

У вёску да бабулі прыехала ўнучка Аленка. Убачыўшы, што бабуля чысціць мінулагоднюю бульбу, яна ўсклікае:
-- А мы даўно ядзім бульбу, якая сама чысціцца!
-- Маладую? – цікавіцца бабуля.
-- Маладую. Яе на рынку прадаюць, -- тлумачыць Аленка.
амонак Пахучы.
Міколка кажа, што яго Шарык з курамі сябруе, нават вераб’ёў адганяе, калі куры зерне клююць.
-- Не веру, -- кажа Алесь. – Куры не разумеюць, што такое сяброўства.
-- А сабака разумее?
-- Сабака, напэўна, разумее.
                      
 Дачка настаўніка матэматыкі паведамляе бацьку:
-- Тата, да нас прыйшоў жабрак. Ён просіць што-небудзь.
-- Няхай крыху пачакае. Я зараз дам яму некалькі задач па матэматыцы.
 

-- Міколка, будзь асцярожны з нажом, не парэж палец! -- гукае з залы мама. 
-- Не парэжу, мамачка. Мне моркву чысціць Таня.

Я ведаю, што такое стрыжань, - пахваліўся Аленцы Міколка. -  А ты ведаеш?
- Не ведаю. Падкажы.
- Стрыжань -- гэта машынка для стрыжкі валасоў, - растлумачыў Міколка.
Вы згодны з хлапчуком?
 Раскрыйце сэнс слова "стрыжань".

                                              -  -  -
- У якім слове хаваецца сто "г"? - пацікавілася Аленка ў Міколкі.
Міколка даў правільны адказ. А вы зможаце адказаць на гэта пытанне?
Назавіце словы, у якіх хаваюцца іншыя літары ў колькасці "сто". (Стол, стос, стоп).
                                              -  - -

- У якім слове хаваецца лічба "сем"? - неяк пацікавілася Аленка ў Міколкі.
- Семачка! - назваў такое слова Міколка.
Назавіце словы, у якіх хаваецца лічба "сем". (Семафор, семінар, сем'янін).
                                          -  -  -
- Падзівіся, якое слова я навучылася пісаць, - пахвалілася Міколку Аленка і вострым кіёчкам вывела на мокрым пяску: кот.
- Гэта слова трэба пісаць па-іншаму, - запярэчыў Міколка і вывеў побач: код.
А як лічыце вы?
Хто з дзяцей напісаў слова правільна?


Вершаваны гумар

Пра сабаку

Мой сабачка-нецярпячка
Ўсё на двор мяне вадзіў.
                                                           А цяпер сядзіць у хаце:
                                                  Яму памперсы купіў.

*              *           *
                                                      
Ён петардаў не баіцца,
                                                  Смела йдзе на двор гуляць.
                                                  Я яму цяпер стаў ватай
                                                  Вушы туга затыкаць.
              
Пра крынічку

                                                  Слоў на вецер не кідаем,
                                                  Цвёрда хочам заявіць:
                                                  -- Мы крынічкі абаронім,
                                                  Разам з імі будзем жыць.

Змест

Кап-кап…
Пробка
На дарозе
На ўроку
Конь
Смяшынкі
Вершаваны гумар