Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПЫТАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ПЫТАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Мэты: раскрыць вучням асаблівасці пытальных сказаў; выпрацоўваць уменні і навыкі  вызначаць пытальныя сказы, правільна афармляць іх інтанацыйна, будаваць з дапамогай пытальных слоў; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць сяброўству, дабрыні.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Птушыны, драўляны,

                                                          Вясёлы, ганаровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і растлумачце напісанне прапушчаных арфаграм. Адгадайце загадку.

Пад соснамі,

                                                        Пад ёлкамі

                                                        Ляжыц.. клубок

                                                        З іголкамі.  (Вожык.) [2, с. 347, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                             З народнага.

• Растлумачце напісанне прапушчанай арфаграмы.

4. Чыстапісанне.

Ці вялікі вожык? (Вожык невялікі, маленькі).

                     В  в  вв  ва  вя  ві

                     вож..к  воч..

• Растлумачце напісанне прапушчанай арфаграмы. Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй сказ "Ці вялікі вожык?"

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Сябры! Вялікая падзея! Да нас у госці прыйшлі Пытальныя сказы. Разам з імі казка. Шмат цікавага раскажуць яны нам, калі вы адкажаце на наступныя пытанні герояў казкі:

• Ці хочаце даведацца, чаму гэтыя сказы называюцца Пытальнымі?

• Ці хочаце навучыцца правільна чытаць, вымаўляць і будаваць Пытальныя сказы?

Хочаце? Тады паслухайце нашу казку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Каб насіць вучэбны дапаможнік па беларускай мове, які ёй калісьці падарыла Тэма, Сарока набыла прыгожы рознакаляровы партфель.

Прыляцела яна да Шпачка, каб абновай пахваліцца.

- Добры дзень! - гучна прывіталася.

А Шпачок сядзіць на пяньку, галаву ў пер'е схаваў, не адзываецца.

Сарока зняла партфель са спіны, на відным месцы, каля пянька, паставіла. Няхай бачыць яго Шпачок.

- Што з табою, шаноўны? Чаму ты такі задуменны?

- Эх! - цяжка ўздыхнуў Шпачок.

"Ён, мабыць, з суседзямі пасварыўся. Магчыма, з калючым Вожыкам. Магчыма, з гарэзлівым Зайчыкам. Цяжка яму цяпер. Трэба яго разварушыць, раскатурхаць, каб выкінуў з галавы благія думкі", - вырашыла Сарока і, дастаўшы з партфеля вучэбны дапаможнік па беларускай мове, пахвалілася:

- А я нядаўна вывучыла правіла "Змест і інтанацыя пытальных сказаў". Даволі-такі цікавае правіла. Ты ведаеш, якія сказы з'яўляюцца пытальнымі?

- Не! - буркнуў Шпачок.

"Яшчэ не раскатурхала я яго", - падумала Сарока і запыталася:

 - А што заключаецца ў пытальных сказах? Як ты лічыш?

- Раз яны пытальныя, то лічу, што заключаецца пытанне, - нехаця разважыў Шпачок.

- Разумна сказана! - пахваліла сябра Сарока.

Шпачок павесялеў.

- Яшчэ пытайся. Я пастараюся, адкажу!

Сарока падскочыла, наблізілася да Шпачка.

- Які знак прыпынку трэба паставіць у канцы пытальнага сказа? Га?

( На гэтыя пытанні, думаецца, адкажуць вучні, правераць, ці супадуць іх адказы з адказамі Шпачка.)

- Раз ён пытальны, то пытальнік.

- Разумна сказана! - зноў пахваліла Шпачка Сарока.

Праца са скорагаворкай.

 Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй скорагаворку і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку ў канцы сказаў.

                                               Ці пачаставаў

                                               Саша суніцамі(?)

                                               Саша пачаставаў

                                               Суніцамі(.)

                                                       Аляксей Якімовіч.

• Які з гэтых сказаў выражае паведамленне? У якім сказе заключаецца пытанне?

• Параўнайце інтанацыю апавядальнага і пытальнага сказа. У якім сказе тон у канцы паніжаецца, а ў якім -- павышаецца?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пытальныя сказы часта выкарыстоўваюцца ў тэкстах, якія перадаюць размову розных асоб.

Пісьмо па памяці.

Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй. Растлумачце, які знак прыпынку неабходна паставіць у канцы кожнага сказа. Запішыце па памяці.

-  Я ведаю, чаму вожыкі калючыя.

-  Чаму, дачушка?

- Яны кактусамі харчуюцца (Аляксей Якімовіч) [4, с. 109, “Каб мама ўсміхалася”].     

Выразнае чытанне.

- Прачытайце пытанні так, каб яны адпавядалі адказам.

- У нашых лясах растуць грыбы?

- Так, у нашых.

 

- У нашых лясах растуць грыбы?

- Але, растуць.

 

- У нашых лясах растуць грыбы?

- Так, грыбы.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                               -- Чаму гудзіць вецер?

                                               Чаму свецяць зоркі? --

                                               Спытаўся камарык

                                               Ў маленькага … (Ягоркі.)

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Назавіце ў тэксце пытальныя сказы.

Праца са словам.

Н а с т а ў н і к. Пагуляем крыху. Я раздам вам карткі са словамі, а вы павінны запісаць словы.

1. Назвы месяцаў: студзень...

2. Назвы жывёл: лісіца...

3. Назвы агародніны: цыбуля...

• Складзіце пытальны сказ з адным са слоў.      

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Успомнім, як восенню ляцяць сарваныя ветрам залатыя лісты, як потым падаюць на зямлю, засцілаючы яе незвычайным дываном. Прывітаўшы, памахаем ім рукою і ўсміхнемся.

Чытанне працягу казкі.

Паслухайце працяг казкі.

- Пытальныя сказы? Пытальныя? - усклікнуў Шпачок і падняў галаву.

- Што ж цябе так здзівіла? Ты ўжо не на адно пытанне адказаў! - прамовіла Сарока.

Шпачок саскочыў з пянька і наблізіўся да суседкі.

- Добра, што ты нагадала мне пра пытальныя сказы. Я ў цябе хачу запытацца. Што такое стрыжань?

- Які стрыжань? Растлумач падрабязней, - не зразумела Сарока.

Шпачок пачухаў лапкай сваё светлае горлачка.

- Можна і падрабязней. Братка Салавей мне пісьмо прыслаў. Піша, што купіў новы стрыжань. Што такое стрыжань?

- Стрыжнем пішуць. Ён знаходзіцца ў ручцы, - усміхнулася Сарока і дадала: - Сказ "Што такое стрыжань?" ты ўтварыў пры дапамозе пытальнага слова "што".

-- Першы раз чую пра такое! -- усклікнуў Шпачок.

Сарока адкрыла вучэбны дапаможнік і прачытала пытальныя словы, з дапамогай якіх утвараюцца пытальныя сказы: ці, няўжо, хіба, чаму, хто, што, як, дзе.

Праца са слоўнікавым словам.

Назавіце пытальнае слова ў складзе пытальнага сказа "Што такое чысціня?" Адкажыце на дадзенае пытанне.

Чысціня.

Чысціню.

• Якое слова з двух прапанаваных (захоўваць, памяшкання) можна падабраць да вышэй дадзеных слоў?

• Растлумачце сэнс выразу "чысціня душы".

• Ці з'яўляюцца роднанымі (аднакаранёвымі) словы "чысціня" і "чыстацел"?

• Пры напісанні слова "чысціня" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

• Слова "чысціня" перакладзіце на рускую мову. Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Чысціня -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце арфаграму.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы гаспадара качанятак – вуць-вуць-вуць – потым перадасце і вы.

                                             Дзе ж прапалі качаняткі?

                                             Я паклікаў: -- Вуць-вуць-вуць…

                                             Ў азярцы былі, пачулі.

                                             Бачу: да мяне плывуць.

                                                                     Аляксей Якімовіч.

• Цяпер прамовім разам, пакажам, як гаспадар кліча качанятак: “Вуць-вуць-вуць!”

• Назавіце пытальны сказ у вершаваным тэксце.

Праца з загадкамі.

Запішыце загадкі і адгадкі да іх, назавіце пытальныя словы ў складзе пытальных сказаў.

                                                      Хто не хворы,

                                                      а ўсё стогне? (Свіння.)

                                                                    З народнага.

                                                      Што за рэч:

                                                      Паглядзіш на яе –

                                                      Сябе ўбачыш. (Люстэрка.)

                                                                                  З народнага.

                                                       Што на агні не гарыць,

                                                       на вадзе не тоне? (Слова чалавека.) [2, с. 320, 338, 347, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                      З народнага.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў сустрэнемся з Сарокай і Шпачком.

- Сарока, без цябе я не зразумеў бы, што такое стрыжань. Ты мне вельмі дапамагла. Ты сапраўдная сяброўка! - прамовіў Шпачок і, неспадзявана зачапіўшыся лапкай за партфель, усклікнуў: - Ого! У цябе новы партфель!

- Табе ён падабаецца? - пацікавілася Сарока.

- Вельмі падабаецца!

- У гэтым партфелі, -- сказала Сарока, -- я нашу кнігу са сваімі любімымі прыказкамі.

-- А што такое прыказкі? – не зразумеў Шпачок.                                                  

-- Народныя выслоўі павучальнага зместу.

- Ты іх на памяць вучыш? -- запытаўся Шпачок.

-- Кожны дзень вучу, -- прызналася Сарока.

-- Прачытай, калі ласка, сваю самую любімую прыказку, -- папрасіў Шпачок.

Сарока ўзняла галаву і выразна прачытала:

-- Шануй бацьку з мамкаю: другіх не знойдзеш [2, с. 96, “Беларускія прыказкі”].

• Растлумачце значэнне слова “шануй”. (Беражы.)                 

• З дапамогай пытальнага сказа пастаўце пытанне да прыказкі.

• Як трэба адносіцца да бацькоў?

Творчая праца.

Выкарыстаўшы пытальныя сказы, складзіце тэкст на тэму "Мой дом, мая вуліца, мой горад". Уключыце ў пытальныя сказы пытальныя словы.

План

1. Вуліца, на якой я жыву.

2. Мае суседзі.

3. Мне падабаецца мая вуліца.

Апорныя словы: называецца, прыгожая, шматпавярховыя, дрэвы, дзіцячая пляцоўка, спартыўная пляцоўка, гуляюць,  ведаю суседзяў, адпачываюць, люблю вуліцу.

   • У слове “горад” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Гарадок.)

• Якое правіла вы прымянілі?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   - Ну ж і балота! Вось атрута,

                                   То не работа мне -- пакута:

                                   Ступі два крокі і спыняйся

                                   Ды з гэтай пырніцай змагайся.

                                   І як яны тут, ліха долі,

                                   З сахой ха(дз, д)ілі ў гэтым полі?

                                   Як тут расло, на мілас(т, ц)ь бога,

                                   Калі ў з(е, я)млю не ўб'еш нарога? [3, с. 96, “Новая зямля”].

• Яшчэ раз прачытайце толькі пытальныя сказы. З дапамогай якіх слоў яны ўтвораны?

• Раскрыйце сэнс слоў "пырніца" (пырнік, пырэй), "саха" (даўней сельскагаспадарчая прылада для ворыва зямлі), "нарог (частка плуга, якая падразае пласт зямлі з-пад нізу; лямеш) [1, с. 221, “Тлумачальны слоўнік”].  Якімі словамі іх можна замяніць?

Тэсты.

Пытальныя сказы абазначце знакам "+".

1. Колькі табе гадоў

2. Непрыкметна наступіла вясна

3. Як ты правёў канікулы

• З якіх слоў можна скласці пытальны сказ? Абазначце іх знакам "+".

1. Вы, сюды, прыйшлі, навошта

2. Вёска на, стаіць, беразе, наша, ракі

3. Гісторыю ты сваёй, вёскі, ведаеш

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Якія сказы называюцца пытальнымі?

• У якіх тэкстах часцей за ўсё сустракаюцца пытальныя сказы?

• Якая інтанацыя пытальных сказаў?

• Што ставіцца ў канцы пытальных сказаў?

• Назавіце словы, з дапамогай якіх утвараюцца пытальныя сказы.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.