Поиск по этому блогу

Беларускія сачыненні





                                                                                                  
                                                                                                  
НАШЫ САЧЫНЕННІ

10 клас
Кнігі Скарыны – падручнікі жыцця

Францыск Скарына з’яўляецца ўсходнеславянскім першадрукаром, мастаком, асветнікам, перакладчыкам, публіцыстам і паэтам.
У 1517 – 1519 гадах у Празе ён выдаў 23 кнігі Бібліі, пераклаўшы іх на родную старабеларускую літаратурную мову. Гэтыя кнігі – сапраўдныя падручнікі жыцця. Выдаючы іх, славуты ўраджэнец Полацка кіраваўся асветніцкімі, выхаваўчымі мэтамі. Ён пастараўся даць тагачасным беларусам даступную для ўспрымання Кнігу Кніг – Біблію. Дзеля гэтага беларускі асветнік напісаў прадмовы да асобных кніг, ілюстраваў некаторыя біблейскія сюжэты, намаляваў аўтапартрэт, упрыгожыў тэкст застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. У кнігах змешчана амаль тысяча малюнкаў людскіх фігур, звяроў, кветак, рыб, пладоў. Гэта дазволіла яму наблізіць кнігу да простых людзей. Нават бязграматны чалавек, разглядваючы малюнкі, мог уявіць, пра што пішацца ў Бібліі.
Ф. Скарына імкнуўся зрабіць так, каб перакладзеныя ім кнігі сталі падручнікамі жыцця. Дзеля гэтага ён уводзіць у іх вобразы з вуснай народнай творчасці, народныя прыказкі, параўнанні і нават вядомыя дзесяць запаведзяў узнаўляе свецкімі вершамі.
Цікавымі з’яўляюцца прадмовы і пасляслоўі перакладчыка і публіцыста. У іх выкарыстоўваюцца воклічы, звароткі, пытанні, а таксама такія мастацкія сродкі, як анафара, інверсія, антытэза, што, несумненна, набліжае іх да жыцця. Разам з тым кожная кніга Бібліі – гэта сімвал нейкай навукі ці мастацтва: арыфметыкі, геаметрыі, граматыкі, астраноміі, логікі, рыторыкі, музыкі.
Даўшы ў рукі людзей даступную ім Біблію, Францыск Скарына здзейсніў подзвіг. У той час царква ставілася варожа да тых, хто хацеў выдаць рэлігійныя творы на роднай мове.
                                                                                            Дзіма Русак.

10 клас
Характарыстыка Вітаўта (па паэме Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”)

У 1522 годзе паэт-гуманіст Мікола Гусоўскі напісаў паэму “Песня пра зубра”. У гэтай паэме ён паказвае Вялікае Княства Літоўскае і звера зубра, які ў той час вадзіўся ў нашых лясах.
Нямала старонак М. Гусоўскі прысвячае вялікаму князю Вітаўту, які жыў і кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім у пятнаццатым стагоддзі. Паэт лічыць, што менавіта тады наша дзяржава дзякуючы мудрасці, доблесці і таленту Вітаўта дасягнула найбольшай магутнасці.
У паэме Вітаўт паказаны найперш як мудры і вопытны военачальнік. Каб падрыхтаваць воінаў да будучых бітваў з ворагам, князь у спрадвечных пушчах ствараў ваенныя лагеры. Такія лагеры былі пры кожным паселішчы. Сваіх воінаў ён часта вучыў змагацца, палюючы на птушак і звера. Найбольш смелых, мужных, лоўкіх адзначаў прызамі. А да баязліўцаў і няўдалых адносіўся з пагардай. Вось як піша пра гэта Мікола Гусоўскі: “Ўсім пераможцам давалі прызы, а з няўдалых кпілі гуртамі і падносілі браціну з рэдзькі”.
Аўтар паэмы адзначае, што Вітаўт імкнуўся вытравіць страх са свядомасці вояў. Толькі бясстрашныя воі маглі атрымаць бліскучую перамогу на полі бою. Нездарма вялікага князя баяліся не толькі ворагі з поўдня і ўсходу, але і татары, якія ў той час наганялі страх на многіх.
Вітаўт – справядлівы правадыр, кіраўнік. Ён не любіў крывадушных і строга караў іх, калі яны былі нават з магнатаў. Моцна даставалася ад князя і тым, хто парушаў прысягу, законы, быў хабарнікам. Такіх чакала суровая расправа: ім перабівалі рукі і ногі або прывязвалі да конскіх хвастоў.
“Славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў я поўнаю мерай”, -- падкрэслівае Мікола Гусоўскі і параўноўвае Вітаўта з зубрам. Зубр – уладар пушчаў, а князь – магутны ўладар у Вялікім Княстве Літоўскім, якога любілі свае воі і паважалі князі ў многіх дзяржавах.
                                                                                            Дзіма Русак.

10 клас
Няхай раскажа час мінулы (па паэме Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”)

Кожнаму цікава, што адбывалася ў мінулым, асабліва ў далёкім мінулым.
Цудоўна паказана мінулае нашага краю ў славутай паэме Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.
Чытаем паэму і бачым перад сабою нашых слаўных продкаў. Всоь яны разам са сваім любімым князем Вітаўтам сустракаюць пасланцоў з Масковіі, з Залатой арды. З пачцівасцю глядзяць пасланцы на князя, бо магутная была тагачасная наша дзяржава, аб чым яскрава сведчаць гэтыя радкі паэмы:
Быў пачцівы да тых уладарцаў, якіх ён
                                     Ставіў на княства па выбары ўласным і нават
                                     Грознай ардзе мог прыкрыкнуць: знай меру, татарын!
                                     Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі,
                                     Ўсё ж і яны прымірэння прасілі з ліцвінам.
Што ж выходзіць? Князь Вітаўт быў ліцвінам. Значыць, і мы называліся ліцвінамі, а наша магутная дзяржава Вялікім Княствам Літоўскім.
Якія яшчэ звесткі даходзяць да нас з мінулага дзякуючы паэту і асветніку Міколу Гусоўскаму?
Вось некаторыя вытрымкі з “Песні пра зубра”: “Край наш багаты драўнінай”; “Нашы лясы – гэта нашых даброт і багацця невычарпальны калодзеж”; “Безліч у пушчах і звера, і птушкі”; Рыба кішэла не толькі ў азерцах і рэчках, нават у лужынах”.
Цяпер разумееш, чаму так цягнула сюды нашых шматлікіх ворагаў. Нашым незлічоным багаццем імкнуліся яны завалодаць, сваёй зрабіць нашу прыгожую зямлю.
Трэба было мець мужнасць, адвагу і ўменне, каб у той суровы час абараніць яе. Вось чаму ў перапынках паміж войнамі не адпачывалі воі: пад кіраўніцтвам князя Вітаўта ў Белавежскай пушчы ўдасканальвалі свай ваеннае майстэрства.
Наш народ, як вынікае з гэтых слоў Міколы Гусоўскага, не толькі ваяваў, але і ствараў цікавыя загадкі, прыказкі, прымаўкі, казкі. Менавіта гэта мы называем сёння нашай вуснай народнай творчасцю.  Як і “Паэма пра зубра”, яны праз стагоддзі даносяць да нас галасы нашых прадзедаў з далёкага мінулага.
                                                                                           Дзіма Русак

10 клас
Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей… Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго… (Цётка).

Родная мова… Яна ёсць у кожнага народа. У нас, беларусаў, таксама ёсць родная мова – беларуская мова.
Магутнае слова, ты, роднае слова!
                                         Са мной ты на яве і ў сне,
                                         Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
                                         Ты песень наўчыла мяне, --
так пісаў аб роднай мове наш славуты паэт Янка Купала. У гэтых вершаваных радках ён выказвае вялікую павагу да роднай мовы.
Сапраўды, да сваёй мовы трэба адносіцца з павагай, як да самага блізкага, да самага дарагога, што ёсць у жыцці.
Здаўна беларусы выкарыстоўвалі беларускую мову  ў сям’і як сродак зносін паміж сабою. Яна яднала не толькі членаў сям’і, але і аднавяскоўцаў. Нашы цудоўныя прывітанні і пажаданні “добрай раніцы”, “добры дзень”, “добры вечар”, “шачслівай дарогі”, “усяго найлепшага”, “Бог у дапамогу” выхоўвалі беларусаў добрымі, спагадлівымі. У цяжкую хвіліну яны заўжды прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, часта працавалі разам, талакой.
Дзеля таго, каб беларусы лепей разумелі адзін аднаго, шмат зрабіў беларускі і ўсходлнеславянскі першадрукар Францішак Скарына. 6 жніўня 1517 года ў Празе ён выдаў першую друкаваную беларускую кнігу “Псалтыр”. Потым свет пабачылі яшчэ 19 выданняў. Сваю выдавецкую дзейнасць Ф. Скарына працягваў  і на радзіме, у горадзе Вільні. Тут у 1522 годзе ён надрукаваў “Малую падарожную кніжыцу”, а ў 1525 годзе – “Апостал”.
Гэтыя творы нашага славутага земляка сёння яднаюць нас. Мы іх разам чытаем, вывучаем. Яны дапамагаюць нам зразумець, што мы адзін народ, які сфарміраваўся ў глыбокай старажытнасці і мае слаўную гісторыю.
Шмат зрабілі для яднання беларусаў і творы вуснай народнай творчасці, складзеныя на беларускай мове: загадкі, прыказкі, прымаўкі, песні.
-- Купалінка, купалінка,
                                                 Цёмная ночка…
                                                 Цёмная ночка,
                                                                А дзе ж твая дочка?

                                                               -- Мая дочка у садочку
                                                               Ружу, ружу поліць,
                                                               Ружу, ружу поліць,
                                                               Белы ручкі коліць, --
разам сабраўшыся за вёскай, спявалі яны на Купалле.
“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам будзеш шанаваць -- калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”, -- такое выказванне пакінуў нам пісьменнік Змітрок Бядуля.
Я цалкам згодзен з ім. Родная мова – гэта той нацыянальны скарб, які аб’ядноўвае, звязвае людзей.
                                                                                                         Дзіма Русак.

10 клас
Як разумеюць шчасце героі рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”

Кожны разумее сваё шчасце па-свойму. Гэта добра можна ўбачыць на прыкладзе герояў рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”.
Адным з перасанажаў гэтага твора з’яўляецца Васіль Дзяцел. Рана застаўшыся без бацькі, шмат гора зведаў ён у дзяцінстве. Менавіта гэта паўплывала на фарміраванне яго характару. Васіль вырас негаваркім, зацятым. Галоўная яго мара – стаць гаспадаром, разбагацець. Дзеля гэтага ён гатовы на свае неакрэплыя плечы ўзваліць увесь цяжар сялянскай працы. Сваю палітую потам палоску зямлі Васіль можа пазнаць нават ноччу.
Іншай паказана ў рамане вясковая прыгажуня Ганна Чарнушка. Як і Васіль, яна добрая, шчырая, працавітая. Але для яе шчасце – быць каханай і жыць у сям’і з каханым чалавекам. Аб гэтым сведчыць і тое, з якой павагай і пяшчотай яна адносіцца да бацькі і брата Хведзькі. Таму сапраўднай драмай становіцца для яе жыццё з Яўхімам Глушаком. Яго яна не кахае, адчувае сябе адзінокай з ім. Гэта асабліва ярка Іван Мележ паказаў у першую ноч замужжа. Вось як піша ён: “У тую ноч, першую ноч замужжа, Ганна доўга не магла заснуць. Ляжала ў душнай цемры, здавалася, забытая ўсімі, пакінутая, адна – адзінокая ў цэлым свеце”.
Жаданне стаць шчаслівай іншы раз можа прывесці да бяды. Так здарылася і з сяброўкай Ганны Хадоськай. Даверыўшыся Яўхіму, яна загубіла сваё дзіця. Гэтая дзявочая памылка потым становіцца для яе балючай, невыноснай ранай. “Зноў і зноў уваходзіла, уломвалася ў свядомасць згадка пра сваё малое”, -- чытаем мы на старонцы рамана.
Пісьменнік спачувае падманутай дзяўчыне, ласкава называе яе Канапляначкай.
Па-свойму глядзіць на шчасце Яўхім Глушак. Як і бацька, ён хоча быць самым багатым, самым першым у вёсцы. Упарты і настойлівы ў дасягненні мэты, на Ганну, якая стала яго жонкай, ён глядзіць як на сваю ўласнасць, на рэч, не бачыць у ёй чалавека. Такі падыход, вядома ж, не спрыяе шчасцю.
Мне здаецца, што многія героі рамана І. Мележа “Людзі на балоце” як бы папярэджваюць нас, чытачоў: “Шчасце дастаецца нялёгка. Не рабіце памылак, шукаючы шчасце”.
                                                                                        Дзіма Русак.

11 клас
Роля мовы ў сучасным жыцці

“Язык да Кіева давядзе”, -- так сцвярджае даўняя народная прымаўка.
Я цалкам згодзен з гэтым. З дапамогай слоў, з дапамогай мовы мы можам задаць пытанне і атрымаць на яго канкрэтны адказ, які падкажа нам, як трэба дзейнічаць у дадзенай сітуацыі.
У прыведзеным прыкладзе мова выступае як сродак зносін, які нясе нам пэўную інфармацыю. Інфармацыю мы атрымліваем і тады, калі слухаем тлумачэнне настаўніка на ўроку ці нейкае цікавае паведамленне ў час выхаваўчага мерапрыемства ў класе.
“Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе”, -- кажа другая народная прымаўка.
Сапраўды, словы, наша мова ўздзейнічаюць на чалавека, выклікаюць у яго станоўчыя або адмоўныя эмоцыі. Вось чаму ў наш імклівы, канфліктны, неспакойны час вельмі важна выкарыстоўваць добрыя, спагадлівыя словы.
                                                                                       Дзіма Русак.

11 клас
Віншавальная паштоўка

Дарагая бабуля!
Ад усёй душы віншую цябе з днём нараджэння. Жадаю табе добрага настрою. Няхай ён увесь год радуе цябе.
Ведай, мая мілая бабуля, што я заўжды чакаю цябе, радуюся твайму прыходу. Ты заўсёды клапоцішся пра мяне, хочаш, каб вырас працавітым, шчырым і сумленным. Гэтым цудоўным якасцям я вучуся ў цябе. Адпраўляючы мяне ў школу, ты думаеш аб тым, каб прынёс добрую адзнаку. Канешне, я стараюся цябе не засмучаць.
Здароўя і дабрабыту табе!
Твой унук Дзіма.

11 клас
Беражыце  прыроду
Зварот да нашчадкаў

Ведайце, сябры: з даўніх часоў нашы продкі з павагай адносіліся да жывой і нежывой прыроды.
Гэта можна заўважыць і ў беларускай народнай песні “Чаго ж ты, лосю?”, якая пачынаецца так:
-- Чаго ж ты, лосю, чаго, сівенькі,
                                          К сялу прылягаеш?
                                          А ці ты, лосю, ці ты, сівенькі,
                                           Цяжкую зімачку чуеш?
Як відаць з песні, лось сапраўды чуе, адчувае, што набліжаецца халодная зіма. Ён падыходзіць да паселішча і як бы кажа: “Людзі, дапамажыце мне перажыць суровую зіму”.
Паважаныя нашчадкі, мне вельмі хочацца, каб дайшла да вас, мае дарагія, гэтая песня і напомніла, што прыроду трэба любіць, аберагаць.
Дарослыя і дзеці, помніце: з прыродай трэба жыць у згодзе. І тады яна парадуе вас і зялёнаю сакавітаю траўкаю, і журчаннем імклівага ручая, і гудзеннем чмяля, і звонкім шчабятаннем птушак. Захаваўшы прыроду, вы, мае нашчадкі, зможаце прыйсці на бераг прыгожай рэчкі, сесці на беразе і заспяваць, як спявалі калісьці:
Ой, рэчанька, рэчанька,
                                                  Чаму ж ты няпоўная?
                                                  Люлі, люлі, люлі,
                                                  Чаму ж ты няпоўная?
Прырода – гэта неад’емная частка нашай зямлі, нашай Радзімы. Таму гэты зварот хачу закончыць такімі словамі: “Любіце Беларусь!”
                                                                                           Русак Дзіма

11 клас
Сачыненне “П’еса “Князь Вітаўт” Аляксея Дударава як гістарычная драма”

Гістарычная драма – гэта разнавіднасць драмы, у якой з дапамогай мастацкага слова драматург паказвае нейкія гістарычныя падзеі, жыццё і дзейнасць канкрэтных гістарычных асоб.
Ці адпавядае такім крытэрыям п’еса Аляксея Дударава “Князь Вітаўт”?
На гэта пытанне можна адказаць адназначна: “Адпавядае”. Яна адлюстроўвае рэальныя падзеі беларускага мінулага, таго, што адбывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім у 14 стагоддзі. І дзейнымі асобамі ў п’есе з’яўляюцца вядомыя дзяржаўныя дзеячы таго часу: Ягайла, каралева Польшчы Ядвіга, Кейстут, княгіня Анна, Вітаўт.
Што нам сёння вядома пра князя Вітаўта? Пры ім значна ўзмацнілася і пашырылася Вялікае Княства Літоўскае. Яго межы былі ад Балтыйскага да Чорнага мора. Вітаўт паспяхова змагаўся з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, умешваўся ў справы Залатой Арды. Мангола-татарскія ханы не раз звярталіся да князя, прасілі, каб даў параду.
У аснову п’есы “Князь Вітаўт” пакладзены гістарычныя падзеі, апісаныя ў “Летапісе вялікіх князёў літоўскіх”: барацьба за ўладу пасля смерці вялікага князя Альгерда паміж яго братам Кейстутам і сынам Ягайлам. Каб дамагчыся ўлады, каб не дзяліць яе з дзядзькам, Ягайла ўступіў у змову з крыжакамі. Супраць такога хаўрусу катэгарычна выступілі Кейстут і яго сын Вітаўт.
У драматычным творы шырока прадстаўлены самыя розныя сацыяльныя слаі былога Вялікага Княства Літоўскага. Тут мы можам убачыць і баярына Дамаша, і пакаёўку княгіні Анны Алёну, і чужынцаў, і стражнікаў Вітаўта, Кейстута, Ягайлы.
Адстойваючы сваю пазіцыю, бескампрамісны баярын Дамаш кажа Ягайлу:
Ты, князь, прывёў тэўтонцаў да Літвы,
                                     Яны для нас – паўночныя татары!
                                     Ты ў княстве хочаш быць уладаром,
                                     А перад імі поўзаць на каленях.
                                     Маскоўскі князь так робіць прад Ардой,
                                     А нам нашто?
Для любога гістарычнага твора характэрна ўжыванне гістарызмаў.
Падобныя гістарызмы ёсць і ў п’есе “Князь Вітаўт”. Прывяду некаторыя з іх: ваявода – у Вялікім Княстве Літоўскім кіраўнік горада, акругі; лучнік – воін, узброены лукам; ратнік – звычайны воін; камандор – вышэйшае званне ў рыцарскім ордэне; легіён – вайсковая група, адзінка.
У драме Аляксея Дударава можна знайсці і даўнія геаграфічныя назвы: Крэва – цэнтр Крэўскага княства з замкам, які пабудаваў Гедымін; Трокі – цэнтр княства на захад ад Вільні.
Стварыць праўдзівую атмасферу жыцця ў 14 стагоддзі аўтару дапамагаюць назвы міфалагічных вобразаў-персанажаў. У п’есе займаюць сваё месца і бог грому і маланак Пярун, і апякун птушак і звяроў Лесавік, і бог сонца Дажбог, і бог восені Жыцень.
Драматычныя творы вызначаюцца вастрынёй і напружанасцю.
Вастрыню і напружанасць у п’есе стварае Ягайла, які спачатку ідзе на прымірэнне з Кейстутам і Вітаўтам, а затым парушае клятву: забівае Кейстута, арыштоўвае Вітаўта, развязвае братазабойную вайну. Выступаючы супраць гэтага, аўтар укладвае ў вусны князёўны жыцця Купалы наступныя словы:
З любові гэты створаны Сусвет,
                                           Любові ж творца – будаўнік Сусвету.
                                           Калі нянавісць, ганарлівасць, зло
                                           Не знойдуць месца ў сэрцы чалавека,
                                           Сыдуцца разам цемра і святло,
                                           Цяпло і холад. Заўтра і ўчора,
                                           Жыццё і смерць. Пачатак і сканчэнне.
Напісаўшы п’есу “Князь Вітаўт”, Аляксей Дудараў далучыў чытачоў да мінулага беларускага народа.
                                                                                              Русак Дзіма.

11 клас

С. Алексіевіч. “У вайны не жаночы твар”

Беларуская пісьменніца і журналістка Святлана Аляксандраўна Алексіевіч у 1985 годзе выдала сваю першую кнігу “У вайны не жаночы твар”, якую прыхільна сустрэлі і шматлікія чытачы, і крытыкі.
Чаму грамадскасць звярнула ўвагу менавіта на гэты твор?
Мне думаецца, што пісьменніца для сваёй кнігі падабрала цікавую, арыгінальную назву, якая адразу кідаецца ў вочы.
Такім жа цікавым і арыгінальным з’яўляецца і змест празаічнага твора. Ён грунтуецца на размовах з жанчынамі былога Савецкага Саюза, што разам з мужчынамі ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Чым бяруць у палон чытача гэтыя размовы, якія я назваў бы дакументамі вайны?
Каб адказаць на гэтае няпростае пытанне, звярнуся да ўспамінаў Марыі Іванаўны Марозавай (Іванушкінай), якая ў гады вайны была снайперам.
Кампазіцыю гэтага маналога пісьменніца пабудавала так, што разам з гераіняй Марыяй Іванаўнай мы пераносімся ў невялікую вёсачку, размешчаную каля Масквы. І перад намі паўстае той час, які паказвае пачатак вайны. Мы бачым, што людзі не толькі працуюць, але і вучацца страляць, рыхтуюцца абараняць сваю краіну ад ворага.
У гэтых успамінах перадаюцца вялікія пачуцці. Яны ў час небяспекі яднаюць людзей. Прывяду невялікі ўрывак з кнігі: “Мы прыйшлі ў ваенкамат, нас тут жа ў адныя дзверы ўвялі, у другія вывелі: у мяне вельмі прыгожая каса, я ёю ганарылася. Я ўжо без яе выйшла… І плацце забралі. Не паспела маме ні плацце, ні касу аддаць… Яна вельмі прасіла, каб штосьці ад мяне, маё ў яе засталося…”
Некалькі радкоў яскрава паказваюць, як у адно імгненне вайна раздзяліла самых блізкіх людзей, пакінуўшы ім у суцяшэнне толькі ўспаміны.
Успаміны, перададзеныя праўдзіва, не могуць пакінуць абыякавымі.
Вось Марыя Іванаўна прыязджае на фронт, што праходзіць каля Оршы. Камандзір частуе яе чаем, а потым яна адпраўляецца “на паляванне”, на поле бою, дзе першы раз бачыць ворага. І зноў жа самыя разнастайныя пачуцці перапаўняюць яе, прымушаюць перажываць, калаціцца, нават адчуваць страх.
Даўно мінула вайна, а гэтыя пачуцці не адпускаюць гераіню, жывуць разам з  ёю як нядобрыя, мройныя сны.
“Сапраўды, у вайны не жаночы твар”, -- думаеш, чытаючы праўдзівы, запамінальны твор лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Аляксандраўны Алексіевіч.
                                                                              Русак Дзіма

Інтэрв’ю з Якубам Коласам
Калі б было можна, то сёння я ўзяў бы інтэрв’ю ў народнага паэта нашай Беларусі Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча). Як яно выглядала б? Паспрабую ўявіць.
-- Шаноўны паэт і пісьменнік зямлі беларускай, як мне да Вас звярнуцца: Канстанцін Міхайлавіч ці дзядзька Якуб?
-- Другі зварот мне падабаецца болей. У Беларусі з даўніх часоў да старэйшых звярталіся, называючы дзядзькам ці цёткай. І многія мае малодшыя сябры і знаёмыя называлі мяне дзядзькам Якубам.
-- Дзядзька Якуб, у 1902 годзе Вы скончылі Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Чаму выбралі прафесію настаўніка?
-- Настаўнік у нас заўжды быў паважаным чалавекам. Людзі цанілі яго, здалёку віталіся з ім. Настаўнік нёс беларусам асвету, вучыў іх чытаць і пісаць, хацеў бачыць адукаванымі людзьмі.
-- Адукаваныя  людзі, Вы лічыце, спрыяюць развіццю Беларусі?
-- Толькі адукаваныя людзі могуць узняць нашу Беларусь на больш высокую ступень развіцця, зрабіць яе заможнай, культурнай еўрапейскай дзяржавай.
-- Мне добра помняцца Вашы словы з неўміручай паэмы “Новая зямля”:
А па сняданні – за навуку!
                                                І не чакаць мне на пануку,
                                                І самі знайце свой парадак,
                                                Каб і да кніг, як да аладак,
                                                Таксама дружна наляталі…
Гэтыя словы Вы ўклалі ў вусны свайго бацькі Міхала?
-- Так, ён дбаў не толькі аб уласнай зямлі, але і імкнуўся, як кожны шчыры беларус, вывесці сваіх дзяцей у людзі.
-- Вы шмат настаўнічалі?
-- Нямала. Працаваў настаўнікам у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902 – 1904 гады), Пінкавічы Пінскага раёна (1904 – 1906 гады), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906 год). Зімою 1906 – 1907 гадоў жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу, у 1912 – 1914 гадах працаваў настаўнікам у 3-м прыходскім вучылішчы ў Пінску, у час першай імперыялістычнай вайны настаўнічаў у сяле Старыкава Дзмітраўскага павета Маскоўскай губерні, з 1918 года працаваў настаўнікам і школьным інструктарам на Куршчыне.
-- Калі вярнуліся ў Беларусь?
-- У маі 1921 года пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў.
-- Вы любілі беларускую мову?
-- Не толькі любіў, але і заступаўся за яе.
-- Можаце прывесці канкрэтны прыклад?
-- У 1956 годзе звярнуўся з пісьмом у вышэйшую партыйную інстанцыю таго часу – у Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі.
-- Як пачыналася Ваша пісьмо?
-- Пачыналася з наступных слоў: “Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў.
Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі – берагчы мову. Вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”.
-- Якімі вершаванымі радкамі Вам хацелася б закончыць наша інтэрв’ю?
-- Радкамі з паэмы “Новая зямля”:
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
                                         Забыць цябе не маю сілы!
                                         Не раз, утомлены дарогай,
                                         Жыццём вясны мае убогай,
                                         К табе я ў думках залятаю
                                         І там душою спачываю.
-- Дзякую Вам, дзядзька Якуб, за інтэрв’ю.
                                                      Інтэрв’ю ўзяў Русак Дзмітрый.