Поиск по этому блогу

Аддаць у людзі

 

                                                                                                                                Аляксей Якімовіч

Аддаць у людзі

Мастацкі гіпотэз

 

Па суседству стаялі дзве вёскі: адна называлася Забалоцце, а другая – Людзі. Заможныя гаспадары жылі ў вёсцы Людзі. Хвалячыся, яны іншы раз казалі пра сябе: “Мы багатыя людзі з вёскі Людзі”.

А ў вёсцы Забалоцце жыў селянін Максім Заблоцкі. Беднавата жыў. Былі такія дні, што сям’я без хлеба нішчымніцу сёрбала. Не раз і не два, сеўшы на лаву, Максім з сумам вымаўляў: “Агонь гарыць, вада кіпіць, ды няма чаго варыць”.

Аднаго дня  Максім паклікаў свайго старэйшага дванаццацігадовага сына Алеся і сказаў яму:

-- Сынок, хачу аддаць цябе ў Людзі.

-- Куды? – не зразумеў Алесь.

-- У вёску Людзі.

На вачах у хлапчука выступілі слёзы. Яму здалося, што бацька хоча пазбавіцца ад яго, прадаць, як прадаюць прыгонных ці рабоў. Ад старэйшых пра гэта чуў.

Шурпатаю далонню Максім Заблоцкі пагладзіў сына па галаве.

-- Толькі летам і восенню будзеш там, сынок!

Алесь праглынуў горкія слязінкі. Крыху супакоіўся ён.

-- Летам і восенню буду жыць там?

-- Там. Пастуха ў іх няма, -- цяжка ўздыхнуў Максім. Хоць і на кароткі час, але не хацелася яму развітвацца з сынам. -- Папрасілі мяне, каб цябе прыслаў.

                                         У  чужую вёску

                                         Пойдзе яго сын.

                                         Ці зладзіць з сабою,

                                         Застаўшыся адзін?

Хлапчук падняў галаву, крыху павесялеў.

-- Кароў?

Максім адвёў позірк убок.

-- Авечак, сынок.

-- Там будуць карміць мяне?

-- Добра будуць карміць. Яны ж людзі! А восенню збожжа дадуць, заслужыш. Разам з табою дамоў прывязём. Усю зіму смачныя свежыя боханы хлеба на стале будуць ляжаць.

“Хоць наемся там!” – падумаў Алесь і кіўнуў галавою.

-- Я буду старацца, татка.

-- Старайся, сынок, не падвядзі мяне.

Вясною, калі зазелянела ў лагчынах і на пагорках трава, бацька прывёў Алеся ў вёску Людзі. Вялікую атару авечак даручылі яму. А гаспадары кармілі па чарзе, хлеба і да хлеба не шкадавалі.

Хоць і ўставаў Алесь на світанні, разам з сонейкам, але прывык да такога жыцця, старанна пасвіў авечак. Штодзень наетыя вярталіся яны ў хлеў.

Аднойчы з кустоў на балотца, дзе скубліся авечкі, выйшаў вялікі калматы воўк. Авечкі збіліся, забляялі, вось-вось кінуцца ўрассыпную.

Угары цёмна-буры каршун праляцеў.  “Кі-кі-кі…кк’у-ю-ю”, -- трывожна азваўся. Алесю здалося, што нейкі дзікі конь працяжна заіржаў.

Воўк разявіў пашчу, пазяхнуў і, прыгнуўшыся, накіраваўся да атары.

“Не відаць мне збожжа як сваіх вушэй. Падпусціў воўка да авечак, кепска стараўся я”, -- падумаў хлапчук і закрычаў што ёсць сілы:

-- Ату воўка!.. Ату воўка!.. Ату воўка!..

Воўк набліжаецца, не баіцца.

                                    Сціхлі птушак галасы.

                                    Да авечак воўк крадзецца.

                                    Нешчаслівы сёння дзень.

                                    Горка плакаць давядзецца.

--  Воўк!.. Воўк!.. – вырвалася з грудзей маленькага пастушка.

Непадалёку былі мужчыны. Пачулі яны гэты крык, прыбеглі і прагналі драпежніка. Болей да авечак ён не падыходзіў. Відаць, далей, у іншы лес перабраўся.

А Алесь восенню ад жыхароў вёскі Людзі атрымаў шчодры падарунак: некалькі вялікіх мяхоў са збожжам паклалі яны на бацькаў воз.

-- Заслужыў ты, сынок, -- сказаў Алесю бацька. – Нездарма я аддаў цябе ў Людзі.

“Аддаць у людзі”, -- так сталі казаць пра таго, каго родныя пасылалі ў служкі.

                                    -- Было, аддавалі ў людзі

                                   Бацькі сваіх дзяцей, --

                                   Помню, як казаў мне

                                   Мудры дзед Мацей.

Надрукаваны ў кнізе “Нязваныя госці”.

Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.