Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Абараніла роднае"

 

Быў выпадак

 

Абараніла роднае

 

Мая мама Надзежда Аляксандраўна нейкі час працавала вахцёрам у інтэрнаце, які належаў Слонімскай камвольнай фабрыцы. Яна заўсёды размаўляла па-свойму, па-беларуску, так, як прывыкла да гэтага ў сваёй роднай вёсцы Парэчча. Дарэчы, яе мова была вельмі вобразная, падобная да мовы нашага вялікага паэта Якуба Коласа. Цяпер я шкадую, што не запісваў яе трапныя слоўцы, выразы.

Дык вось. Аднаго разу загадчыца інтэрната зрабіла маёй маме заўвагу, сказаўшы прыкладна так (вядома ж, па-руску): “Надзежда Аляксандраўна, вы разумная і інтэлігентная жанчына. Навошта выкарыстоўваеце такую непрыгожую мову?” Мая мама адказала: “Для мяне і для маіх блізкіх яна заўсёды была прыгожая. Яна ім падабалася. Чаму яна не падабаецца вам, гэтага я не ведаю і ведаць не хачу”.

Вось так мая мама абараніла сваё, беларускае, роднае! Дзякуй ёй за гэта.

                                                                                         Аляксей Якімовіч