Матэрыял для самаадукацыі. Граматычныя заданні да майго верша «Бяжыць вецярок…»
(Дадзены
ў скарачэнні.)
Аляксей
Якімовіч
Бяжыць вецярок…
Бяжыць вецярок,
Бяжыць, завывае.
А
Алесь Хрысціну
На танец запрашае.
-- Можа, патанцуем
Мы з табой, Хрысцінка.
Губкі падціскае
Вабная дзяўчынка.
Броўкі свае хмурыць,
Вочкамі страляе.
Надакучыў ёй Алесік,
Іншага шукае.
Уздыхае
хлопец,
На душы сумота.
Да яго падкраўся
Вораг – адзінота.
Сеў каля Хрысціны
На самы краёчак.
Вылецелі дзве стралы
З Хрысцініных вочак.
-- Не танцую я цяпер,
Бо няма настрою.
Не падымем мы яго
Удваіх з табою.
Уздыхнуў цяжэй Алесь,
Свет
яму не мілы.
Праўду кажуць у народзе:
Адмова – як шыла.
Грыміць музыка ў
будынку,
Дружна скачуць пары.
А у хлопца, як і ўчора,
Збянтэжанасць на твары.
Да Алеся вецярок
Прыбег, павучае:
-- Адыдзіся ад Хрысціны:
Цябе не кахае.
2020 год.
Гэты
верш цалкам надрукаваны ў маёй кнізе
«Карп у футры», выдадзенай выдавецтвам «Беларусь» у 2020 годзе.
• У слове "губкі" напісанне зычнай літары
не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, змяніце
форму слова. (Губы.)
• Вызначце назоўнікі, да якіх можны прымяніць наступны тэкст:
Акуратна,
ад душы
о, э пад націскам пішы.
• Назавіце слова, граматычнае значэнне якога залежыць ад
месца пастаноўкі націску. (Музыка – від мастацтва і музыка
– асоба, музыкант.)
• Выпішыце словазлучэнне "дзеяслоў + прыслоўе ў простай
форме вышэйшай ступені". (Уздыхнуў
цяжэй.)
• Прадоўжыце думку, дапішыце сказ.
Ёсць наступныя стылі маўлення:
мастацкі, публіцыстычны, ..., ..., ... . (навуковы,
афіцыйны, гутарковы).
• Выкарыстаўшы ўзор разважання, дакажыце, што гэты тэкст
напісаны ў мастацкім стылі.
Узор
разважання. Гэта літаратурны твор,
падзеі апісаны па-мастацку, вобразна, эмацыянальна, выкарыстоўваюцца вобразныя
сродкі мовы: эпітэты ... , параўнанні ... , словы з пераносным значэннем ... ,
блізкія па значэнні словы ... .
• Вызначце мэту напісання гэтага тэксту.
• Ці супадае вымаўленне слова "вораг" з напісаннем?
Чаму?
• Ахарактарызуйце сказы паводле мэты выказвання і
інтанацыйнага афармлення, эмацыянальнай афарбоўкі. Растлумачце знакі прыпынку ў
канцы сказаў.
• Ці ёсць у тэксце неразвітыя сказа? Абгрунтуйце сваё
сцвярджэнне.
Ведайце! Яркая эмацыянальная афарбоўка клічных сказаў
спрыяе актыўнаму выкарыстанню іх у мове мастацкай і публіцыстычнай літаратуры.
Гэтыя сказы характэрны таксама і для гутарковага маўлення.
• Вызначце тыпы сказаў паводле будовы, колькасці граматычных
асноў.
• Назавіце дзейнікі ў сказах.
• Падкрэсліце дзейнікі ў сказах. Якую пазіцыю (месца) ў сказе
звычайна займае дзейнік? Растлумачце парадак слоў у сказах.
Для
даведкі. У апавядальным сказе з
прамым парадкам слоў дзейнік
знаходзіцца перад выказнікам. У пытальных, пабуджальных, клічных сказах выказнік, як правіла, папярэднічае
дзейніку.
• Падкрэсліце выказнікі. Якія з іх з'яўляюцца а) простымі
дзеяслоўнымі, б) састаўнымі дзеяслоўнымі? Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.
• Чым выражаны простыя дзеяслоўныя выказнікі?
Для
даведкі. Просты дзеяслоўны
выказнік можа быць выражаны:
1) дзеясловам у любой форме
абвеснага, умоўнага ці загаднага ладу: На
балоце рыжыя чмялі гаспадарылі між кветак.
2) інфінітывам: Старанна працаваць -- дабро здабываць.
3) аддзеяслоўным выклічнікам тыпу зірк, гоп, блісь, шусь, тыц, скок, хап, шмыг:
Потым -- блісь угары.
4) устойлівым спалучэннем слоў,
перыфразам: Размаўляе ласкава са мною,
словы
тчэ.
• Вызначце тып тэксту.
• У форме якога ладу і часу выкарыстоўваецца большасць
дзеясловаў?
• Падбярыце сінонімы да слоў “вабная”, “скачуць”,
“збянтэжанасць”, “іншага”. (Прыгожая,
танцуюць, разгубленасць, другога.)
• Падбярыце аднакаранёвыя словы да слова “сумота”. (Сум, сумна, сумны.) Ці будзе з’яўляцца
аднакаранёвым слова “нуда”?
• Якое слова ў вершы вам найбольш падабаецца? Чаму?
• Знайдзіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць
беларускай мовы – ужываюцца заўсёды цвёрдыя гукі.
• Назавіце слова, у якім
колькасць літар і колькасць гукаў супадае.
• Знайдзіце ў тэксце словы, у якіх назіраецца характэрная
асаблівасць беларускай фанетыкі -- аканне, гэта значыць вымаўленне [а]
ў ненаціскных складах.
• Якая
норма мовы патрабуе правільнага вымаўлення гукаў? (Арфаэпічная.)