Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Нядобры госць"

 

Быў выпадак

 

Нядобры госць

 

У той час я быў малы, яшчэ не хадзіў у школу, але той выпадак мне запомніўся, на ўсё жыццё адклаўся ў памяці.

Мой бацька Мікалай Аляксандравіч тады працаваў у сельскім Савеце, сельсавеце, як звычайна скарочана называлі яго людзі.

Цёплай летняй ноччу мяне разбудзілі ўсхваляваныя, трывожныя галасы бацькі і маці Надзежды Аляксандраўны. Яны даносіліся з кухні.

Я злез з ложка і прыйшоў на кухню.

Маці прытуліла мяне да сябе, а з падворка данёсся грубы мужчынскі голас:

-- Адчыняй!

-- Я не зразумеў, што адбылося.

-- Адчыняй! – зноў пачуўся той жа незнаёмы голас.

Я ўздрыгнуў, бо зразумеў, што адбываецца нешта нядобрае.

-- У нашу хату хочуць залезці? – прашаптаў.

-- Ідзі на ложак! – загадала маці.

Я адышоўся ад яе і застыў у дзвярах.

-- Адчыняй! – гукнуў незнаёмец і нагою стукнуў у дзверы.

Дзверы былі моцныя, надзейныя, зробленыя з тоўстых дошак. І металічная засаўка, выкаваная кавалём, была моцная, надзейная.

Бацька стаў угаворваць незнаёмага бандыта (як назваў я яго пра сябе), каб ішоў дамоў, не перашкаджаў нам адпачываць. А той нечакана калом што ёсць сілы стукнуў па акне. Зазвінела і пасыпалася на падаконнік, на падлогу шкло.

Бандыт пабег з падворка.

Бацька выскачыў на двор і накіраваўся да суседа, нашага сваяка Якімовіча Канстанціна. Ён таксама працаваў у сельсавеце.

Гэтай ноччу яны некалькі раз прачасалі вёску, шукаючы бандыта. Але той уцёк, не паказаўся.

Удзень бацька даведаўся, што гэта быў хлопец з вёскі, якая размяшчалася непадалёку ад Слоніма: ці то з Разанаўшчыны, ці то з Верабеевіч (дакладна не памятаю).  У нашу вёску, у Парэчча, ён прывалокся на танцы. Яны тады ладзіліся ў хатах. Хлопцы і дзяўчаты звычайна выбіралі такую, у якой быў вялікі, прасторны пакой.

Чаму ён вырашыў ноччу ўварвацца ў нашу хату, я так і не зразумеў. Магчыма, яго настрапаліў хтосьці з нашых аднавяскоўцаў, магчыма, помсціў за тое, што бацька працаваў у сельскім Савеце, быў, як гаворыцца, прадстаўніком Савецкай улады.

                                                                                        Аляксей Якімовіч