Аляксей Якімовіч
Вастрыць зубы
(як узнік фразеалагізм)
Каля вёскі Чамяры з даўніх часоў цякла невялікая рачулка Валобрынка. Яна
вабіла да сябе і птушак, і жывёл, і людзі тут спыняліся, каб адпачыць ці
набраць вады.
Неяк жыхары Чамяроў хлапчук Янка і яго бацька Мацей ішлі дамоў, назбіраўшы
ў лесе лісічак.
Перайшоўшы праз масток, што ўзвышаўся над рачулкай, паабапал якой стаялі
высокія альшыны, расло густое зелле, кусты, на пратаптанай людзьмі сцяжынцы яны
ўбачылі вожычыху і трох маленькіх важанятак. Яны бегалі вакол сваёй
вожычыхі-мамы, часам адштурхоўвалі адзін аднаго. Магчыма, спадзяваліся, што мама вось-вось пачастуе іх
смачным малачком. Магчыма, гулялі, забаўляліся вось так каля рачулкі. Іх цёмныя
востранькія пыскі былі падобныя на пыскі маленькіх шчанят.
-- З кустоў на дарожку
вылезлі, гуляюць! – ціха прагаварыў Янка. Ён ведаў, што гэта шчаслівая сямейка
можа спалохацца і ўцячы.
-- На летнім сонейку
грэюцца, -- адзначыў бацька.
-- Я іх хачу пакратаць.
Можна? – звярнуўся да бацькі Янка.
Бацька ледзь прыкметна
ўсміхнуўся.
-- Паспрабуй!
Янка наблізіўся да
дружнай сямейкі. Вожычыха зачмыхала і
імгненна скруцілася ў клубок, выставіўшы вострыя іголкі. Прыціснуўшыся
да мамы, у клубочкі скруціліся і важаняткі, але няўмела: іх лапкі засталіся
адкрытымі, безаабароннымі.
-- Давай дамоў забярэм
іх, -- прапанаваў бацьку Янка. – Яны каля нашай хаты будуць жыць.
-- Няхай тут жывуць.
Тут іх жыллё, -- сказаў бацька і, абмінуўшы вожыкаў, ступіў на масток.
Азіраючыся, Янка накіраваўся за ім.
Каля рэчачкі імклівай
Вожыкаў убачылі. .
Не сумуйце, вожыкі!
Добрых дзён, удачы!
За мастком бацька
спыніўся і паказаў на няроўна абгрызеныя пянькі алешын на беразе Валобрынкі.
-- Бачыш, сынок? Бабёр
зубы вострыць.
-- Маладыя алешынкі
зваліў! – зазначыў Янка.
-- Ён іх не толькі
зваліў, але і разгрыз на роўныя часткі, а потым да хаткі даставіў, --
растлумачыў бацька.
Янку стала смешна. Ён
уявіў, як бабёр становіцца на заднія лапы і нясе алешынкі да сваёй хаткі.
“Спірыдон-спірыдон-чайпіць-чайпіць-чайпіць-віц’ю-віц’ю-віц’ю…”--
меладычна заспяваў у кустах дрозд. Яму захацелася пацвердзіць словы бацькі.
Седзячы на галінцы куста, ён не раз і не два бачыў, як бабры свае хаткі
старанна будуюць.
-- Даставіў, па вадзе
пхаючы. Яго хатка знаходзіцца ніжэй па цячэнні, -- далей тлумачыць бацька.
Янка не вытрымаў,
перапыніў яго:
-- А бабрыха ў гэты час
адпачывае?
-- Бабрыха ў гэты час
хатку будуе: з тонкіх альшынак і галінак робіць столь, а потым бярэ глей у
пярэднія лапы і яе абмазвае.
Глей
у лапах носіць
Старанная майстрыха.
Ў
вадзе жыве яна.
Называецца бабрыха.
“Абмазвае глеем, можна
сказаць, гразёю, узятаю з дна ракі. Потым ён, відаць, засыхае і становіцца
трывалы”, -- адзначыў пра сябе Янка.
Бацька як бы адгадаў
яго думкі.
-- Абмазаную глеем
столь нават воўку цяжка разбурыць.
“Спірыдон-спірыдон-чайпіць-чайпіць-чайпіць-віц’ю-віц’ю-віц’ю…
-- зноў заспяваў дрозд, каб пацвердзіць словы бацькі.
-- Аднаго разу я быў
каля хаткі баброў, -- прызнаўся Янка. – Яна на купіне каля старой вольхі. Там бабёр і тоўстыя альшыны валіў.
-- Валіў, стараўся, каб
упоперак рэчкі ўпалі, каб падняць узровень вады каля хаткі.
-- Хто ж іх вучыць
будаваць рачныя хаткі? – хочацца ведаць Янку.
Бацька крыху падумаў і
адказаў:
-- Ніхто не вучыць. Ад
продкаў ім гэта перадалося.
“Спірыдон-спірыдон-чайпіць-чайпіць-чайпіць-віц’ю-віц’ю-віц’ю…”--
заспяваў дрозд. “Так, так, так”, -- можна было пачуць у яго спеве.
“А мне прыходзіцца вучыцца ў таты. І як дровы ў
стажок скласці, каб не разваліўся ён, і як сена высушыць, зграбсці, і як пчолак
дагледзець. Само гэта не прыйдзе да мяне”, -- падумалася Янку. На хвілінку ён
пазайздросціў зубастым рачным бабрам.
-- Пойдзем, сынок, --
падаў голас бацька.
-- Зараз, -- прамовіў
Янка. – Я толькі на сям’ю вожыкаў яшчэ раз пагляджу.
-- Іх ужо няма на
сцежцы. Схаваліся яны. Не трэба іх трывожыць, -- сказаў бацька.
“І баброў не трэба
трывожыць. Няхай востраць зубы”, -- падумаў Янка.
У той дзень прыйшоў у
беларускую вёску выраз вастрыць зубы.
Праўда, цяпер так кажуць пра таго, хто
хоча нашкодзіць каму-небудзь.
Выдадзена
ў выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная
аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. –
Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.