Поиск по этому блогу

Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах

 

Што трэба ведаць пра абагульняльныя словы пры аднародных членах? Як іх распазнаць?

 

З прапанаваных варыянтаў адказу выберы самы лепшы, самы дакладны. Вось яны.

Варыянт 1

1. Абагульняльнае слова пры аднародных членах сказа -- гэта слова, якое выражае больш шырокае значэнне, чым аднародныя члены, і суадносіцца з аднароднымі членамі як родавае і відавое паняцці.

2. Абагульняльнае слова з'яўляецца тым жа членам сказа, што і аднародныя члены.

3. У ролі абагульняльных слоў часцей за ўсё ўжываюцца займеннікі, прыслоўі, назоўнікі.

4. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, то пасля яго ставіцца двукроп'е.

5. Калі абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў, то перад ім ставіцца працяжнік.

6. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, але сказ імі не заканчваецца, то перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп'е, а пасля іх -- працяжнік.

Варыянт 2

1. Абагульняльнае слова пры аднародных членах сказа -- гэта слова, якое выражае больш шырокае значэнне, чым аднародныя члены, і суадносіцца з аднароднымі членамі як родавае і відавое паняцці: У гэты вячэрні час у школе сабраліся ўсе: і настаўнікі, і бацькі, і вучні.

2. Абагульняльнае слова з'яўляецца тым жа членам сказа, што і аднародныя члены:  У школе Міхасю падабалася ўсё: і ўрокі, і гурткі, і мерапрыемствы.

3. У ролі абагульняльных слоў часцей за ўсё ўжываюцца займеннікі (усё, усе, кожны, ніхто, нішто), прыслоўі (усюды, заўсёды, ніколі, нідзе), назоўнікі (ягады: чарніцы, суніцы, маліны).

4. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, то пасля яго ставіцца двукроп'е: Усюды чуліся птушыныя галасы: у садзе, на лужку, каля крынічкі.

5. Калі абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў, то перад ім ставіцца працяжнік: У садзе, на лужку, каля крынічкі -- усюды чуліся птушыныя галасы.

6. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, але сказ імі не заканчваецца, то перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп'е, а пасля іх -- працяжнік. Напрыклад: Усё: і ўрокі, і гурткі, і мерапрыемствыу Міхася выклікала захапленне.

Варыянт 3

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

[О: О, О, О].                         Усюды чуліся птушыныя галасы: у садзе, на лужку, каля крынічкі.

[О, О, О -- О].                      У садзе, на лужку, каля крынічкі -- усюды чуліся птушыныя галасы.

[О: О, О, О -- ...].                Усё: і ўрокі, і гурткі, і мерапрыемствыу Міхася выклікала захапленне.

Праца са сказамі.

Выпішыце сказы з абагульняльным словам пры аднародных членах. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку, спосабы выражэння абагульняльных слоў. Пры неабходнасці выкарыстайце адзін з варыянтаў адказу.

1. У час вучобы ва ўніверсітэце Алесю часта ўспаміналіся бацькі, сястрычкі, суседзі, настаўнікі. 2. І дарослыя, і падлеткі, і дзеці -- усе ў гэты летні спякотны дзень чакалі дажджу. 3. Бесперапынна ідзе додж, грыміць гром, блішчыць маланка. 4. Мне ў горадзе падабалася ўсё: і незвычайная архітэктура будынкаў, і шырокія плошчы, і прыгожыя помнікі славутым людзям. 5. Чыстая вада, жоўценькі пясочак на дне, прыгожы беражок -- усё гэта вабіла такой спакусай, што маладыя настаўнікі змушаны былі спыніцца (Якуб Колас). 6. То ўверх, то ўніз бяжыць сцяжынка.

Раскрыйце лексічнае значэнне слова "архітэктура". (1) Мастацтва праектаваць, будаваць і прыгожа афармляць будынкі. 2) Характар, стыль будынка.)

Раскрыйце сэнс слова "спакуса". (1) Жаданне чаго-небудзь недазволенага. 2) Аб чым-небудзь прываблівым, чароўным.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "спакуса". Выдзеліце ў іх корань. (Спакуслівы, спакушаць.)

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "спакуса". (Соблазн.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "спакуса". (Спакуса чалавека.)

            [1, стар. 40, 311, “Тлумачальны слоўнік”]

Праца з табліцай.

Пазнаёмцеся з табліцай "Інтанаванне сказаў з абагульняльнымі словамі".

Інтанаванне сказаў з абагульняльнымі словамі

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Калі абагульняльнае слова стаіць                    Калі абагульняльнае слова стаіць

перад аднароднымі членамі сказа, то              пасля аднародных членаў, то

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------

пры чытанні абагульняльнае слова вы-          пры чытанні аднародныя члены сказа вымаў-

маўляецца з лагічным націскам                       ляюцца павышаным тонам, перад абагуль-

і папераджальнай паўзай перад адна-             няльным словам робіцца значная паўза, а

роднымі членамі, яны чытаюцца некалькі     само слова вымаўляецца са значным узмац-

паніжаным тонам са звычайнай пералі-         неннем голасу.

чальнай інтанацыяй.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Выразнае чытанне.

Прачытайце тэкст з патрэбнай інтанацыяй, растлумачце спосабы выражэння абагульняльных слоў.

Лісцевы лес

 

Чаромха, рабіна, альшына, асіна, бярэзіна, ясень --  усе гэтыя дрэвы ствараюць лісцевы лес.  У лісцевым лесе можна знайсці розныя грыбы: баравікі, краснагаловікі, лісічкі, сыраежкі, маслякі.

Лісцевы лес прыгожы ў любы час года: і зімою, і вясною, і восенню, і летам. Тут знаходзяць прытулак лясныя звяры: зайцы, куніцы, лісіцы, ласі, казулі.

Закончыце думку сказа. Частка слова без канчатка, у якой заключана канкрэтнае лексічнае значэнне -- гэта ... . (Аснова.) Абазначце аснову ў слове "летам".

Ці супадае вымаўленне слова "сыраежкі" з напісаннем? Чаму?

Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываюцца зацвярдзелыя зычныя ... ([ж]),  ([ш]).

Параўнальны аналіз сказаў.

Спішыце сказы, разбярыце іх па членах сказа, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку. Чым адрозніваюцца сказы ў парах?

Гродна, Мінск, Брэст, Магілёў, Гомель, Віцебск – абласныя гарады маёй Радзімы. Гродна, Мінск, Брэст, Магілёў, Гомель, Віцебск – усе гэтыя гарады знаходзяцца на тэрыторыі маёй краіны.

Карысна ведаць.

У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў. Вось некаторыя з іх: сяло, помста, набыццё, дастатак.

Назавіце сказ з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах.

Назавіце назоўнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:

          Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                                (Сяло.)

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Сапогъ -- бот.

Выкарыстаўшы слова "бот (боты)", складзіце і запішыце сказ з абагульняльным словам пры аднародных членах. Пабудуйце схему гэтага сказа. (У Міхася ўсё было з іголачкі: і боты, і шапка, і  кашуля, і нагавіцы.)

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “абагульненне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "бакен". (Плывучы знак, які ўстанаўліваецца на якары для абазначэння фарватэра і месц, небяспечных для плавання суднаў.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "бакен", пабудуйце і запішыце сказ з абагульняльным словам пры аднародных членах. (Усе ўважліва глядзелі на бакены: і капітан, і матросы, і пасажыры судна.)

              [1, стар. 103, 51, “Тлумачальны слоўнік”]  

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Бакен, імя, каршун, збажына, ступня, труфель.

Адказ. Бакен, імя, каршун, збажына, ступня, труфель.

Выкананне практыкавання.

Пры спісванні раскрыйце дужкі і пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку. Абагульняльныя словы падкрэсліце.

1. Павырасталі новыя будынкі(:) клуб(,) школа(,) бальніца(,) дзіцячыя яслі і сады (Якуб Колас). 2. Жывёлагадоўчы комплекс(:) цялятнікі (,) кароўнікі(,) сянажную вежу (--) нядаўна пабудавалі за вёскаю. 3. І шолах нясмелы(,) і звон(,) і шчэбет птушыны(,) і свісты (--) зліваецца ўсё ў адзін тон(,) у песню(,) у гімн урачысты (Якуб Колас). 4. Мой бацька набыў сабе новыя прылады(:) ціскі(,) гаечныя ключы і варштат. 5. Сямейка, праўда, (не) малая(:) чатыры хлопцы(,) тры дзяўчаці ды бацька з дзядзькам(,) трэцця маці (Якуб Колас). 6. У маім пенале ёсць усё(:) ручкі(), аловак(), гумка(,) лінейка(,) цыркуль. 7. Мне люба, міла ўсё каля рэчкі(,) і купінкі лазы(,) і кветкі на лузе(,) і гнуткія вербы(,) што нахіліліся над ёю.

Падбярыце сінонім да слова "варштат". (Станок.)

Назавіце назоўнік, у якім гук [т] пры змякчэнні чаргуецца з [ц′]. На пісьме ён перадаецца літарай ц. (Варштат -- на варштаце.)

Выпішыце сінонімы з чацвёртага сказа. (Люба, міла.) Якія яшчэ сінонімы можна падабраць да гэтых слоў? (Дорага, даспадобы.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце на беларускую мову і запішыце. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку, растлумачце спосабы выражэння абагульняльных слоў.

Ничего не видно(:) ни массива(,)ни скал(,) ни лесов (А. Серафімовіч).

Обычная тишина жизни нарушилась повсюду(:) в клубе(,) на улицах(,) на скамейке(,) у ворот (Усевалад Гаршын).

Картины(,) мраморные статуи(,) дорогие игрушки -- всё поразило его (Леў Талстой).

Словы для даведкі: не видно -- не відаць,  скал -- скалаў, обычный -- звычайны,  поразить --  уразіць.

Праца са сказам.

Запішыце сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор. Растлумачце пастаноўку двукроп'я і працяжніка ў сказе. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:

1) калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, то пасля яго ставіцца двукроп'е;

2) калі абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў, то перад ім ставіцца працяжнік;

3) калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, але сказ імі не заканчваецца, то перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп'е, а пасля іх -- працяжнік.

Усё: і падлога, і сцены, і столь – у Міхасёвай хаце радавала чысцінёю.

Тэст.

Пастаўце знакі прыпынку і адзначце сказы з абагульняльным словам пры аднародных членах.

1. Поле(,) луг(,) лес(--) усё было закідана белым снегам.

2. Шырокія(,) акуратныя дарогі вядуць нас у розныя куточкі нашай сталіцы.

3. Вішні(,) яблыні(,) грушы(,) слівы (–) усе гэтыя дрэвы ўпрыгожваліся тоненькімі зялёнымі лісточкамі.

4. Каля нашай хаты расце розная агародніна(:) агуркі(,) памідоры(,) гарбузы(,) буракі(,) кабачкі.

5. Доўгі рад старых і высокіх дрэў (:) ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў (--) ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся (Кузьма Чорны).

Адзначце слова, граматычнае значэнне якога залежыць ад месца пастаноўкі націску. (Вязаў -- назоўнік, у значэнні дрэва і вязаў -- дзеяслоў.)

Адказ: 1, 3, 4, 5.

Мытны кантроль.

Людзі звычайна выбіраюць дабро і мір, светлыя пачуцці.

Давайце адкажам на пытанне да тэмы "Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах" і пакінем наш урок з дабром, мірам, любоўю, згодай і надзеяй на лепшае.

Якія знакі прыпынку ставяцца ў сказах з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.