Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Зваротак. Спосабы выражэння зваротка. Неразвітыя і развітыя звароткі

 Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Зваротак. Спосабы выражэння зваротка. Неразвітыя і развітыя звароткі

 

Што трэба ведаць пра зваротак?

Перакладчыкі.        

Запішыце па-беларуску.

Обращение -- это слово или сочетание слов, которые обозначают того, к кому обращена речь.

 Словы для даведкі: обращена речь -- звяртаюцца з маўленнем.                                          

Калі зваротак стаіць у пачатку сказа, то пры звычайнай інтанацыі на пісьме аддзяляецца коскай.

У пачатку сказа пасля зваротка ставіцца клічнік, калі зваротак вымаўляецца павышаным тонам з працяглай паўзай.

Зваротак, які знаходзіцца ў сярэдзіне сказа, вымаўляецца больш хутка і паніжаным тонам. Ён выдзяляецца невялікімі паўзамі, а на пісьме -- коскамі.

Калі зваротак стаіць у канцы сказа і выдзяляецца павышанай інтанацыяй або калі ўвесь сказ клічны, то ў канцы яго ставіцца клічнік, а перад звароткам -- коска. Пасля зваротка ў канцы апавядальнага сказа ставіцца кропка, а ў пытальным сказе -- пытальнік.

 

Як яго распазнаць?

 

Зваротак -- частая з'ява ў нашым маўленні, у жыцці. Са зваротка пачынаецца кожнае пісьмо, кожная прамова. Звароткам карыстаюцца дыктары тэлебачання і радыё, звяртаючыся да нас. Звароткам карыстаемся і мы, калі кагосьці хочам паклікаць ці пачаць гутарку: "Дарагія дзеці!.. Шаноўныя сябры!.. Паважаныя слухачы!.."

Праца з практыкаваннем.

Прачытайце сказы. У якіх сказах ёсць словы і спалучэнні слоў, якія абазначаюць таго, да каго звяртаюцца з маўленнем?

1. Дарагая мама! Віншую цябе з днём нараджэння!

2. Міхась, дапамажы, калі ласка, пасля ўрокаў паліць вазоны.   

3. Пасля ўрокаў, Міхась, дапамажы, калі ласка, паліць вазоны.

 

1. Сын павіншаваў маму з днём нараджэння.

2. Пасля ўрокаў Міхась дапаможа паліць вазоны.

У якім сказе зваротак вымаўляецца павышаным тонам з працяглай паўзай? (У першым.)

У якім сказе зваротак вымаўляецца больш хутка і паніжаным тонам? (У трэцім.)

Праца з тэкстам

Прачытайце верш з захаваннем патрэбнай інтанацыі. Назавіце ў ім зваротак.

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы): зваротак, які знаходзіцца ў сярэдзіне сказа, вымаўляецца больш хутка і паніжаным тонам. Ён выдзяляецца невялікімі паўзамі.

Не палохай, дзядзька Гром.

                                                       На палеткі йдзі з вядром.

                                                       Там старанна палівай,

                                                       Дай нам добры ураджай.

                                                                        Аляксей Якімовіч.

Зрабіце марфемны разбор слова "старанна".

Праца са сказамі.

Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары. Вызначце ў гэтых сказах звароткі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

1. Дарагія, дзеці, помні..е, што ваша галоўная задача – старанная вучоба. 2. Адкажы мне, вербачка, адкажы мне, мілая, чаму ты ўсё смуцішся, журышся, пахілая? (Якуб Колас). 3. Ні..ка кланяемся табе, важкі жытнёвы каласок. 4. Сустракай, родны дом, свайго сына! 5. Добры дзень, аснежныя прасторы, добры дзень, сталіца хараства! (Паўлюк Трус). 6. Здароў, марозны, звонкі веч..р! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! (Максім Багдановіч). 7. Не  чыніце гвалту, людзі!

Назавіце назоўнік, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца з [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Гвалт -- аб гвалце.)

Раскрыйце сэнс аўтарскага слова "аснежныя". (Засыпаныя снегам.)

Карысна ведаць.

У 1596 годзе, дарагія сябры, беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.

Назавіце зваротак у тэксце. Які ён: развіты ці неразвіты?

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Спудь -- карэц або нейкі кораб. (Таму і выраз -- трымаць пад спудам, што значыць, у корабе схаваўшы -- А. Я.).

-- Выкарыстаўшы слова "карэц" альбо "кораб", складзіце і запішыце сказ са звароткам. (Міхасьтой  кораб, ведай гэта,  дастаўся мне ад твайго дзеда.)

Разбярыце сказ па членах сказа. Якія словы і спалучэнні слоў у сказах не з'яўляюцца членамі сказа? Чаму?

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “зваротак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "бравурны". (Шумны, бадзёры, ажыўлены -- пра музыку.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

[1, стар. 60, 103,“Тлумачальны слоўнік”]

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Бравурны, мяльком, нажніцы, наспех, удалы, статуя.

Адказ. Бравурны, мяльком, нажніцы, наспех, удалы, статуя.

Хвілінка кемлівасці.

Прачытайце.

Не палохай, дзядзька Гром,

                                                       Не пускай маланкі.

                                                       Пачастую я цябе:

                                                       Дам табе смятанкі.

                                                                         Аляксей Якімовіч.

Запішыце верш па памяці. Якой часцінай мовы і ў якой форме выражаецца а) зваротак, б) дзейнік? Як іх адрозніць?

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы): звароткі часцей за ўсё выражаюцца назоўнікамі ў форме назоўнага склону, а таксама прыметнікамі ці дзеепрыметнікамі ў тым жа склоне, калі яны ўжываюцца ў ролі назоўнікаў.

Ведайце! Сустракаюцца выпадкі, калі зваротак выражаецца клічнай формай назоўніка (старажытны клічны склон): Запытай ты сябе, чалавеча: што зрабіў для Айчыны, ці многа? (Якуб Колас.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і запішыце. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго са сказаў.

Тебя(,) свобода(,) восхваляем (Цыцэрон).

Врач, лечи не болезнь, а больного! (Пліній Старэйшы).

О дочь(!) Красою мать превзошедшая! (Гарацый).

Привет вам(,) будущие супруги! (Цэцылій Стацый).

Молчи(,) мой язык(,) говорить больше не о чем (Авідзій).

Словы для даведкі: восхваляць -- усхваляць, превзошедший -- які перасягнуў, супруги -- муж і жонка, не о чем -- няма аб чым.

Ці супадае вымаўленне слова "муж" з напісаннем? Чаму?

Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([ч]).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пры зваротку могуць быць прыдаткі: Ты, Беларусь, наша Радзіма, дарагая нам заўжды! Таксама звароткі могуць быць аднародныя: Люблю  вас, палі ўрадлівыя, лясы зялёныя, звонкія! Калі аднародныя або развітыя звароткі разрываюцца на часткі членамі сказа, то кожная з частак выдзяляецца коскамі: Дзякуй табе, наша зямля, захоўвай і беражы нас, дарагая! Зваротак надае маўленню выразнасць, робіць яго больш эмацыянальнай. Выразнасць зваротка ўзмацняецца, калі ён паўтараецца, або калі пры ім ёсць выклічнік: Рэчкі, беларускія рэчкі, як добра пасядзець на вашым беражку!

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку лінгвістычны матэрыял пра асаблівасці ўжывання звароткаў у размове, у мастацкіх творах, пры перадачы дыялогу, у публіцыстычных жанрах літаратуры, прамовах, закліках, адозвах, аб'явах, перапісцы, у паэтычнай мове ў якасці ўвасаблення.

Самастойная праца.

Спішыце сказы, расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Падкрэсліце звароткі. Чым яны выражаны? Як называецца паэтычны прыём, выкарыстаны ў гэтых сказах? (У паэтычнай мове многа звароткаў не толькі да асоб, але і да неадушаўлёных прадметаў. У гэтым выпадку зваротак выкарыстоўваецца як прыём увасаблення.)

1. О лясы(,) лясы Беларусі(!) Шмат грыбных мясцінак хаваеце вы. 2. Радуй земляроба(,) каласістае жыта(,) наша краса і аснова жыцця. 3. Уставай, сонейка, прачынайся хутчэй, наш агарод пастарайся, сагрэй. 4. Дзень добры вам(,) лясы і далі(,) прасторы вольнае зямлі. Я зноў між вас(,) пагоркі-хвалі(,) палоскі цьмянае раллі (Якуб Колас). 5. О родная Шчара(!) Я рос і мужнеў на тваіх берагах. 6. Цяністыя прысады(!) Даўно чакалі вы мяне.

Раскрыйце сэнс слова "прысады". (Дрэвы, якімі абсаджана дарога або сяліба.)

Падбярыце сінонім да слова "прысады". (Насаджэнні.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "прысады". Выдзеліце ў іх корань. (Сад, садзіць.)

Пры напісанні слова "прысады" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "прысады". (Насаждения.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "прысады". (Прыгожыя прысады.)

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Растлумачце пастаноўку коскі пры зваротку. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:

1) выклічнікі, што стаяць пры зваротках, аддзяляюцца ад іх коскамі;

2) калі перад звароткам стаіць выклічнік і займеннік ты або вы, які з'яўляецца дзейнікам, то выдзяляецца коскамі толькі зваротак;

3) пры зваротку часціцы  о, ну коскай не аддзяляецца.

Ой ты, луг зялёны мой!

Выкананне практыкавання.

Выпішыце сказ са звароткам. Ахарактарызуйце зваротак паводле: а) спосабу выражэння; структуры (развіты ці неразвіты); ужывання (адзіночны ці аднародны). Паназірайце за інтанацыяй вымаўлення зваротка і пастаноўкай знакаў прыпынку пры ім. Якое месца займае зваротак у сказе?

1. Зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць (Якуб Колас). 2. Бывайце, дарагія людзі, добрага вам шляху! 3. “Тата, -- прамовіў Максім, -- я сам заплачу за пакупку”.

Назавіце слова, граматычнае значэнне якога залежыць ад месца пастаноўкі націску. (Заплачу (у значэнні пралью слёзы) і заплачу (у значэнні разлічуся.)

Назавіце дзеясловы, да якіх можны прымяніць наступнае выказванне:

Акуратна,

                                                                                    ад душы

                                                                     о, э пад націскам пішы.

Тэст.

Назавіце сказы, у якіх выдзеленае слова (выдзеленыя словы) з'яўляецца (з'яўляюцца) звароткам.

1. Цябе заўжды чакаем, зялёная вясна.

2. Наведаеш, Міхась, заўтра свайго брата?

3. Канешне, кожны з нас марыў сустрэцца з вядомым касманаўтам.

4. Я ведаў, дарагая старонка, што ты не пакінеш мяне.

5. Дуб!.. Ён многіх прымушаў спыніцца і падзівіцца на яго.

(Сказы са звароткамі: 1, 2, 4.)

5. Мытны кантроль.

Прапаную вам закончыць прыказку: З разумнай галавою... (…і рукам лёгка.)

Спадзяюся, што вы правільна адкажаце і на пытанні да тэмы "Зваротак. Спосабы выражэння зваротка. Неразвітыя і развітыя звароткі ", пакажаце свае веды.

Што называецца звароткам? Якую ролю зваротак выконвае ў сказе і тэксце?

Якімі часцінамі мовы можа выражацца зваротак?

Як інтануецца зваротак у вусным маўленні?

Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца зваротак на пісьме?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.