Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 7
Гісторыя шостая
Як стварае пісьменнік свае творы? Адны з іх, асабліва невялікія
па памеру: вершаваныя ці казачныя, ён можа напісаць, як гаворыцца, з наскоку,
адразу ж, як толькі ўзнікне ў галаве патрэбная думка. А другія абдумвае доўга:
месяцамі, магчыма, нават гадамі.
Мне даўно хацелася напісаць у вершаванай форме прыгожы твор
(такі, каб спадабаўся многім) пра нашу Слонімшчыну ці Гродзеншчыну. Але не
знаходзіў патрэбнай формы.
На днях, калі звечарэла, нечакана прыйшлі ў галаву два
словы, якія рыфмаваліся паміж сабою: ураджай і край. І я зразумеў, як і пра што
буду пісаць, з’явілася і назва верша: “Гродзеншчына”.
Не адкладваючы на доўга, прыдумаў і запісаў дзве страфы,
можна сказаць, аснову, хрыбет майго запаветнага твора. Раніцай, калі збіраўся
на дачу, прыдумаў і запісаў яшчэ адну страфу.
На свой дачны ўчастак ехаў на веласіпедзе. У час язды
склаліся яшчэ дзве страфы. Іх запісаў ўжо ў дачнай хатцы на абрыўку шпалеры.
Потым стаў працаваць на агародзе. У час працы (так часта бывае ў мяне) прыдумаў
яшчэ некалькі вершаваных строф. Дома ў Слоніме на працягу двух дзён дапрацаваў
верш “Гродзеншчына”, дапісаўшы пачатак і канец. Прачытаў сваім блізкім. Яны яго
ўхвалілі і параілі паслаць кіраўніцтву Слонімскага раённага выканаўчага
камітэта і ва ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама. Праз нейкі час з
аблвыканкама прыйшло электроннае пісьмо. Прачытаўшы яго, адзначыў, зразумеў,
што там з’явіліся прыхільнікі майго вершаванага твора “Гродзеншчына”.
10. 10. 2025.
Электроннае пісьмо з Гродзенскага абласнога выканаўчага
камітэта.
Аляксей Якімовіч
Гродзеншчына
Беларусь на карце,
Як лісточак дрэва.
Гродзеншчына наша,
Як галінка злева.
Там, дзе б’ецца сэрца
Мілае матулі.
Мы раскажам пра яе,
Хочам, каб пачулі.
Расце ў полі грэчка.
Значыць, будзе каша.
Дзіўная, прыгожая
Гродзеншчына наша.
Бульба зелянее,
Дожджыку чакае.
Зямлю беларускую
Яна праслаўляе.
Жыта налілося,
Хлебароба просіць.
Камбайн беларускі
Хутка ніву скосіць.
Дамы, як грыбочкі,
Штодзень падрастаюць.
Фабрыкі, заводы
Дзверы адчыняюць.
У гарады і вёскі
Цягнуцца дарогі.
Заклікаюць да сябе
Родныя парогі.
Раніцай у школу
Ідуць нашы дзеткі.
Нам здаецца: ў гэты час
Расцвітаюць кветкі.
Гродзеншчына наша
Сяброў паважае.
Як заведзена здаўна,
Ад душы прымае.
Нібы срэбра, ззяе
Нёман наш шырокі.
Дуб спыніўся ля яго,
Як юнак, высокі.
Над краінай мірнай
Сонца праплывае.
Песня беларуская
Нас усіх яднае.
Умеем весяліцца,
Любім працаваць.
Славу нашых продкаў
Будзем зберагаць.
І на полі, і ля хаты
Мы збіраем ураджай.
Вось такія у нас людзі,
Вось такі любімы край.
2025 год