Аляксей Якімовіч
ПАВУК
Апавяданне
1
На дварэ збіраліся хмары, воддаль пагрозліва пагрымваў
гром, вецер з сілай гайдаў галлё бярозы, што расла насупраць акна.
Піліп Навасад ляжаў на ложку, закінуўшы рукі за галаву.
На душы было прыкра, неспакойна.
Сёння ў кабінет яго выклікаў начальнік ЖЭСа Іван Іванавіч
і ні за што накінуўся, як звер:
-- Я цябе майстрам паставіў, а ты за парадкам не глядзіш!
Каля пад'ездаў бруд, дворнікаў распусціў!
Піліп хацеў сказаць, што каля пад'ездаў чыста, дворнікі
стараюцца, працуюць, але начальнік пакруціў чырвоным мясістым носам і
прагаварыў:
-- Вымову аб'яўляю, усіх даплат пазбаўляю! Пакінь мой
кабінет!
Як хлопчык, Піліп апусціў галаву і выйшаў з кабінета.
На калідоры яго сустрэў майстар суседняга ўчастка Сцяпан.
-- Дасталася ад начальніка, браток?
-- Не любіць ён мяне. Вось і чапляецца! -- буркнуў Піліп.
Сцяпан двума пальцамі ўзяўся за гузік на Піліпавым
пінжаку і так закруціў яго, што ледзь не адарваў.
-- Прынясі бутэльку з добрай закуссю -- па-іншаму
сустрэне.
-- Не панясу! Можа, калі-небудзь разарве яго ад злосці,
-- сказаў яму Піліп.
За акном бліснула маланка, непадалёку гучна прагрымеў
гром. Важкія кроплі дажджу забарабанілі па шыбе акна. Піліп павярнуўся на бок,
тварам да акна. З якой ласкі ён павінен ставіць начальніку магарыч? За тое, што
ненавідзіць, лае? Цяжка жыць, але трэба цярпець.
Навасад перавёў позірк на бажніцу ў куце, якая дасталася
яму ад нябожчыцы-маці. На бажніцы намаляваны Хрыстос у акружэнні святых. Перад
смерцю маці падвяла яго, Піліпа, да бажніцы і сказала: "Сынок, перад
бажніцай паабяцай мне, што ажэнішся". Ён тады прамаўчаў, а маці заплакала.
Не паслухаўся, не ажаніўся, а гады ідуць. Няма з кім параіцца, няма каму
заступіцца.
-- Прабач мне, Божа, за грахі мае і дай сілы, каб
выцерпець, зло перамагчы! -- звярнуўшыся да Хрыста, прашаптаў Навасад.
"Мяў!" -- нечакана мяўкнуў пад сталом Барсік --
шэры кот з доўгім пушыстым хвастом і блішчастай поўсцю.
-- Барсік, да мяне ідзі! -- ласкава паклікаў сябра Піліп.
Кот вылез з-пад стала і стаў, выгнуўшы спіну.
-- Што з табою, Барсік? -- прамовіў Піліп і ад
неспадзеўкі пацепнуў плячыма. Узвышаючыся на доўгіх тонкіх нагах, на падлозе
насупраць Барсіка стаяў чорны павук велічынёю з фасоліну.
"Мяў!" -- зноў мяўкнуў Барсік і махнуў лапай,
намерваючыся кіпцюрамі задраць павука. А той нават не зварухнуўся.
Навасад з агідай глядзеў на павука. Можа, дапамагчы
Барсіку, задушыць гэтае страшыдла? Але ж уставаць не хочацца. Нічога не хочацца
рабіць. Усё надакучыла.
Дождж мацней забарабаніў у шыбу акна, наляцеўшы вецер
захістаў вершаліну бярозы, бліснула маланка, і побач з трэскам прагрымеў гром.
Дзынкнула разбітая шыба акна. Незвычайная сіла падкінула Піліпа ўгору.
Аглушаны, ён упаў з ложка на падлогу.
2
Раскінуўшы рукі, Навасад ляжаў на падлозе, а на ягоных
грудзях сядзеў Барсік і мяўкаў, быццам прасіў: "Уставай, гаспадар! Уставай
хутчэй!"
Гаспадар не ўставаў. Барсік мяккай лапай правёў па ягонай
шчацэ і лізнуў у нос. Піліп расплюшчыў вочы. На акне гарэла цюль, на сцяне
курыліся шпалеры, а на падлозе ляжалі асколкі шкла і кавалкі разбітай бажніцы.
Барсік саскочыў з грудзей гаспадара і прысеў.
Піліп устаў, сарваў цюль і праз разбітае акно кінуў на
двор. Маланка пацэліла ў бярозу, раскалоўшы яе ствол, а потым рыкашэтам дала ў
хату.
-- Ну й сіла ў яе! -- прашаптаў Піліп і, схапіўшы
нагавіцы, якія акуратна віселі на спінцы крэсла, стаў тушыць імі шпалеры.
3
Навальніца скончылася. Сцяўшы зубы, Навасад сядзеў на
канапе. Па хаце быццам бязлітасная вайна прайшлася. На сценах шматкамі вісяць
абгарэлыя шпалеры, на падлозе ляжаць асколкі шкла і кавалкі разбітай бажніцы.
Паволі, як з цяжарам на спіне, Піліп устаў, дастаў з
шуфляды стала поліэтыленавы пакет і пачаў збіраць у яго кавалкі бажніцы.
-- Нездарма маланка разбіла бажніцу. Нейкае выпрабаванне
мяне чакае. Трэба быць гатовым да яго, -- шаптаў ён.
4
Рэзка зазваніў электрычны званок.
-- Заходзьце! Дзверы адчыненыя! -- гукнуў Навасад. Ён
стаяў, трымаючы перад сабою поліэтыленавы пакет.
Праз хвіліну ў пакой у доўгім плашчы зайшоў Сцяпан.
-- Браток! Што ж у цябе нарабілася?! -- жахнуўся ён і
па-жаночаму пляснуў рукамі.
З-пад стала выйшаў Барсік і стаў насупраць Сцяпана,
махаючы кончыкам хваста.
-- А ён чаго так натапырыўся? – гледзячы на ката,
запытаўся Сцяпан.
-- Мяне абараняе, -- нявесела сказаў Піліп.
Сцяпан тыцнуў пальцам, паказаўшы на поліэтыленавы пакет.
-- Няўжо бажніцу разбіла?
-- Разбіла! -- ледзь варухнуў губамі Піліп.
Сцяпан прайшоўся па пакоі, пакідаючы на падлозе мокрыя
адбіткі-сляды.
-- Нядобры знак неба прыслала. Мабыць, гневаецца на цябе.
-- На канапу прысядзь! -- з раздражненнем прагаварыў
Піліп. Яму хацелася пабыць аднаму, не хацелася паказваць чужым сваю бяду.
Сцяпан зняў плашч, кінуў яго на спінку крэсла і сеў на
канапу, закінуўшы нагу за нагу.
-- Браток, гляджу на цябе і дзіўлюся. Жывеш адзін як сыч.
Няўжо не знойдзеш сабе жанчыну? Іх у нашым гарадку як гразі.
Навасад скоса зірнуў на Сцяпана. Прыйшоў, у хаце
натаптаў, рассеўся і выхоўвае. Не разумее, што нудна, пуста на душы. Трэба
слухаць і цярпець. Пасварышся -- яшчэ аднаго ворага сабе нажывеш.
"Мяў!" -- мяўкнуў Барсік і колам выгнуў спіну.
-- Ён зноў цябе абараняе? -- занепакоіўся Сцяпан.
З-пад канапы, заўважыў Навасад, выпаўз чорны павук. Цяпер
ён быў велічынёю з мыш.
Мяў-мяў-мяў!.." -- адступаючыся, заенчыў Барсік.
Піліп злавіў яго, узяў на рукі, прытуліў да грудзей і
пагладзіў.
-- Нейкі нервовы ён у цябе! -- паківаў галавою госць.
"Калі такога вялікага павука ўбачыш, на працы ўсім
раскажаш. Да начальніка дойдзе, зноў у кабінет мяне выкліча", -- падумаў
Піліп, не ведаючы, як адвесці бяду.
-- Распанеў ён! На двор выкінь. Няхай пад плотам, як усе
каты, пажыве, -- ушчуваючы, сказаў Сцяпан.
"Якая табе справа да мяне і майго ката? Не лезь у
маё жыццё! -- хацелася крыкнуць Навасаду. -- Не ведаеш, што ён адзін мяне
разумее!"
-- Прывядзі ў хату жанчыну. Браток, можа, пасватаць табе
каго? -- прамовіў Сцяпан, як відаць, задаволены сабою і сваім жыццём.
Павук тым часам залез на ягоную нагу і, як здалося
Піліпу, злосна ашчэрыўся і палез далей, на грудзі, няйначай.
-- Пас... -- пачаў Сцяпан і ўскочыў, нарэшце ўбачыўшы на
калені павука. У гэты момант трэснуў гром і паласнула маланка, як агнём,
абхапіўшы пакой.
Выпусціўшы з рук Барсіка, Піліп упаў, перакуліўся і сеў
на падлогу. Побач ляжаў Сцяпан. Навасад страсянуў яго за плячо.
-- Ты жывы? Жывы?
Сцяпан заварушыўся і прыўстаў.
-- Дзе я? Што са мною?
-- На двары сонца свяціла, а ў маю хату маланка другі раз
стукнула. Бач, як бывае! -- паскардзіўся Піліп.
-- Не чую! -- крыкнуў Сцяпан. -- Аглушыла мяне.
Піліп устаў, падняў калегу, накінуў яму на плечы плашч і
штурхнуў у спіну.
-- Дамоў ідзі! Так будзе лепей.
Сцяпан замахаў галавою і пайшоў, хістаючыся, як п'яны.
5
Уставіўшы шыбу, Піліп прыбраў у хаце і прынёс з кухні
сякеру.
Ён вырашыў падпільнаваць і засячы павука, які расце як на
дражджах. З ім небяспечна жыць у хаце. Дый Барсік яго баіцца, з-пад стала не
вылазіць.
-- Дзе хаваецца тая пачвара? Падкажы мне, -- звярнуўся да
ката Піліп. Ён часта размаўляў з ім як з роўняй, хоць і не чуў ад яго адказу.
Праўда, Барсік адчуваў, што робіцца на душы ў гаспадара. Калі Навасад
смуткаваў, ён садзіўся яму на калені і лапай стараўся пагладзіць руку.
Пачуўшы Піліпаў голас, Барсік вылез з-пад стала і выгнуў
спіну, пазіраючы пад ложак.
"Павук хаваецца пад ложкам," -- здагадаўся
Піліп і гукнуў:
-- Эй, ты! Вылазь!
Пакрывала, якое спускалася з ложка ледзь не да самай
падлогі, варухнулася, і паказаўся чорны павук. Ён яшчэ падрос, быў велічынёю з
пацука.
У Навасада перахапіла ў горле, стала цяжка дыхаць.
Павук няспешна, як бы адчуваючы сваю перавагу, папоўз да
стала. Восем нерухомых павучыных вачэй, гіпнатызуючы, глядзелі на Піліпа, а
дзве верхнія клюшні, падобныя на сківіцы, і яшчэ адна пара шчупальцаў
пагрозліва варушыліся.
Барсік заенчыў, але не сышоў з месца: вырашыў да канца
абараняць гаспадара.
Ягоны енк абудзіў Навасада. Ён узняў сякеру і гукнуў:
-- Засяку!
Павук раптам упаў і перавярнуўся на спіну, сцяўшыся ў
камячок. Піліп стаяў з узнятай сякерай. Зараз ён з сілай апусціць яе вострае,
нядаўна наточанае лязо на далікатны, з рыжымі крапінкамі жывоцік -- і ўсё будзе
скончана, згіне жах, што скаваў ягонае цела.
Але чаму не ўцякае павук? Ён жа бачыць, адчувае бяду.
Напэўна, просіцца, каб не забіваў. Можа, пашкадаваць яго, паглядзець, што будзе
далей?
-- Не, засяку! -- прагаварыў Навасад і вышэй узняў
сякеру. Правая рука, што трымала тапарышча каля абуха, уздрыгнула.
Павук ляжаў, як мёртвы.
-- Уставай. Хопіць табе вылежвацца, -- хрыплым голасам
прамовіў Піліп.
Павук перавярнуўся і стаў на ногі.
Па твары Піліпа прабегла ўсмешка, падобная на ўсмешку
дзіцяці.
-- Дык ты мяне слухаешся, мае каманды выконваеш?
Павук кіўнуў галавою, чымсьці падобнаю на галаву вялікага
мураша.
-- Слухаешся! Як і я, ты адзінокі? Ласкі табе хочацца?
Так? -- апусціў сякеру Піліп.
Павук зноў кіўнуў галавою.
-- Не ўкусіш мяне, калі пагладжу цябе па спінцы? Га?
На гэты раз павук пакруціў галавою, а Барсік мяўкнуў,
незадаволены паводзінамі гаспадара.
Піліп адапхнуў яго нагою і кончыкамі пальцаў, якія
здрадліва задрыжалі, пагладзіў павука. Ён быў цёплы і мяккі.
-- Чаму ж ты вырас такі вялікі? Можа, маланка на цябе
падзейнічала? -- запытаўся Піліп.
Павук кіўнуў галавою.
-- Але, маланка падзейнічала. Ты не вінаваты, што вырас
вялікі. Я ж таксама не вінаваты, што адзін жыву, -- сказаў Навасад і
накіраваўся на кухню. Барсік, як прывязаны, пайшоў за ім.
На кухні Піліп дастаў з халадзільніка кавалачак мяса і
вярнуўся ў пакой. Павук стаяў на тым жа самым месцы.
-- Зараз атрымаеш мяса і пабяжыш на двор. Дзверы
адчыненыя. На двары пакуль пажыві, бо я табе яшчэ не давяраю, -- выказаўся
Піліп і кінуў на падлогу мяса. Павук схапіў яго доўгімі шчупальцамі і панёс на
двор.
6
У гэтую ноч Навасад доўга не мог заснуць. Чаму ён не
такі, як усе? Ягоныя равеснікі даўно пажаніліся, дзяцей выхоўваюць, а ён адзін
як палец на руцэ. Да адзіноты цяжка прывыкнуць. З цябе пасмейваюцца, глядзяць
як на дзівака, лічаць, што ты не такі, як усе, з заганамі.
Была жанчына -- танклявая чарнавокая дворнічыха Галя, па
якой сумаваў і цяпер сумуе. Сустракаўся з ёю. Ды Іван Іванавіч за нейкую
дробязь прыдраўся да яе і звольніў з працы, як знарок. Канешне, магло б
па-іншаму скласціся, калі б ён, Піліп, запрасіў Галю жыць да сябе. Але не
запрасіў, перастаў сустракацца: баяўся, што Іван Іванавіч стане помсціць.
Піліп заплюшчыў вочы і чамусьці ўбачыў, як на яве,
Хрыста, акружанага святымі. Твар у Яго быў суровы, нават жорсткі.
-- Сын Божы, скажы мне: ці правільны шлях я выбраў, ці па
той дарозе іду? – вырвалася ў Піліпа.
Хрыстос насупіў бровы і знік.
-- Не па той! -- сказаў Навасад і заплакаў.
7
Раніцай да Піліпа прыбегла суседка Марыя Захараўна. Яна,
як і ён, жыла ў прыватнай хаце і трымала курэй. Навасад недалюбліваў яе, бо
ведаў: за вочы абгаворвае, бэсціць.
-- Божачкі! Божа! -- з парога забожкала суседка. -- Сёння
ў маім куратніку нейкая халера спляла тоўстую, як кужэльная нітка, павуціну.
-- Ну! -- насцярожыўся Піліп.
-- У тую страшную павуціну мая інкубатарка трапіла. Ад яе
толькі пер'е і костачкі засталіся.
"Мой павук з'еў тваю інкубатарку", -- падумаў
Навасад і паціснуў плячыма.
-- А я пры чым?
-- Усе ні пры чым, як бяда не ў іхняе акно пастукае, усе
толькі пра сябе дбаюць, --папракнула Марыя Захараўна і пайшла, божкаючы.
8
"І ў маё акно бяда пастукае, калі людзі праведаюць,
што ненажэрнага павука завёў. Штосьці трэба рабіць!" -- разважыў Піліп і,
узяўшы сякеру, разам з Барсікам выйшаў з хаты. Барсік адразу ж кінуўся да
невялікага хлеўчыка, што стаяў воддаль ад хаты.
"Там хаваецца ненажэра", -- здагадаўся Піліп і,
адчыніўшы дзверы хлеўчыка, стаў, як аслупянелы. Ад столі ледзь не да самай
зямлі спускалася шырокая павуціна таўшчынёю з кужэльную нітку. На гэтай
павуціне нерухома сядзеў павук. За ноч ён не падрос, застаўся гэткім жа, як і
быў.
-- Курыцу ў суседкі з'еў! -- з асуджэннем прагаварыў
Піліп, адчуўшы, як затрымцела ў грудзях.
Павук кіўнуў галавою.
У Піліпа крыху адлягло ад сэрца. Павук, як і ўчора,
разумее яго. Значыць, павінен слухацца.
"Мяў!" -- мяўкнуў Барсік.
Піліп нагнуўся і пагладзіў яго, супакойваючы.
Павук імгненна саскочыў з павуціны і кінуўся да ката.
-- Назад! -- махнуў сякераю Навасад.
Павярнуўшыся, павук ускарабкаўся на павуціну і застыў там
вялікай чорнай кропкай.
"Слухаецца, прызнае мяне за гаспадара, а да Барсіка
раўнуе. Не спадабалася яму, што я пагладзіў яго", -- разважыў Піліп і
сказаў:
-- Сядзі тут і не высоўвайся. Я яшчэ не вырашыў, што з
табою зрабіць. Будзеш сядзець?
Павук паслухмяна кіўнуў галавою.
Піліп паставіў у кут сякеру і, асцярожна дакрануўшыся,
пакратаў павуціну. Яна была трывалая і клейкая.
9
У дзесяць гадзін раніцы Навасада выклікаў у кабінет Іван
Іванавіч. Каля ягонага стала, заваленага паперамі, стаяў Сцяпан. Ён быў
збянтэжаны, нават перапалоханы: час ад часу азіраўся і трос галавою.
На гэты раз начальнік не лаяўся, а пачаў незвычайна
ласкава:
-- Мікалаевіч, да мяне дайшлі чуткі, што ў цябе жыве
незвычайны павук.
-- Ад каго дайшлі чуткі? -- дурнем прыкінуўся Піліп,
падумаўшы пра сябе: "Якая табе справа да майго павука? Усё ты хочаш
ведаць, у кожную дзірку сунеш свой нос. Ты ж не ў міліцыі служыш".
Начальнік страсянуў галавою. Ён не любіў, калі яму
задавалі пытанні.
-- Сцяпан у тваёй хаце бачыў гіганцкага павука. Так,
Сцяпан?
Сцяпан страсянуў галавою.
-- Не чую. Глухаваты я.
Навасад, сам здзівіўшыся сваёй смеласці, што называецца,
перайшоў у наступленне.
-- Іван Іванавіч, Сцяпана маланкай аглушыла. Пасля гэтага
яму здалося, што гіганцкага павука ў хаце бачыць.
Начальнік узяў аловак і пастукаў ім па стале, выбіваючы
марзянку.
-- Аглушыла, кажаш?
-- Цябе ў маёй хаце аглушыла маланкай? -- у самае вуха
Сцяпану гукнуў Навасад.
-- Аглушыла! Мяне аглушыла! -- заківаў галавою Сцяпан.
Іван Іванавіч, як відаць, зразумеў, што ад яго цяпер
нічога не даб'ешся.
-- Ідзі, Сцяпан, -- дазволіў ён.
Майстар выйшаў з кабінета, спалохана азіраючыся, а Іван
Іванавіч уставіўся на Піліпа вузенькімі, прыжмуранымі вочкамі-шчылінкамі.
-- Цяжка мне з табою, Мікалаевіч. Мабыць, прыйдзецца
развітацца нам.
У Навасада, як у хворага, закружылася галава. Ён абапёрся
рукою аб сцяну, каб не ўпасці. Гэта канец. Начальнік сёння ж звольніць яго з
адпаведным запісам у працоўнай кніжцы. З такой рэкамендацыяй у маленькім
раённым гарадку працу не знойдзеш. Выехаць адгэтуль, як Галя выехала? Але ж у
яго, Піліпа, блізкіх сваякоў нідзе няма.
-- Мікалаевіч, я цябе даўно выгнаў бы, але ж! -- Івана
Іванавіч недаказаў да канца, ухмыльнуўся.
Піліп добра зразумеў яго. Не звальняў, бо любіў
паздзекавацца. А цяпер выбраў новую ахвяру. Мабыць, глухаватага Сцяпана. Трэба
ратавацца, трэба нешта рабіць. Ёсць павук, які расквітаецца з гэтым злоснікам.
Усмешка, падобная на ўсмешку дзіцяці, прабегла па вуснах
Піліпа.
-- Іван Іванавіч, у госці вас хачу запрасіць. Бутэлечка
каньяку ў мяне стаіць. Вяндлінкі куплю. Іван Іванавіч, уважце мяне.
Начальнік крутнуў чырвоным носам, ноздрамі ўцягнуўшы
паветра.
-- Каньячок стаіць, кажаш?
-- Прыйдзіце! Як роднага бацьку, прашу вас.
Начальнік узняў галаву і насупіў густыя сівыя бровы.
-- Спалохаўся, значыць, здаўся?
-- Яшчэ як спалохаўся! Уважце!
-- Так і быць. Вечарам чакай мяне, -- палагаднеў гаспадар
кабінета.
10
Разам з Барсікам Піліп чакаў начальніка на падворку. Ён
амаль не хваляваўся, стаў бы каменны.
Іван Іванавіч з'явіўся роўна ў шэсць гадзін вечара. Ад
яго ўжо несла вінным перагарам.
-- Я вас даўно чакаю! -- радасна ўсклікнуў Навасад.
-- З катом жывеш? -- ухмыльнуўся Іван Іванавіч.
Піліп, як змоўшчык, глянуў на яго.
-- Не толькі з катом. Нядаўна маленькага шчанючка купіў.
Іван Іванавіч, які любіў і выпіўку, і сабак, адразу ж
пацікавіўся:
-- Якой пароды?
-- Забыўся. Сказалі, што рэдкай.
-- Дзе трымаеш шчанюка?
-- У хлеўчыку.
-- У хлеўчыку! -- перадражніў Навасада начальнік і рушыў
да хлеўчыка.
Піліп паглядзеў на яго ўважліва, як перад развітаннем, і,
апярэдзіўшы, узяўся за клямку.
-- Іван Іванавіч, памятаеце Галю?
-- Якую? -- як відаць, не дайшло да госця.
-- Тую, што мяне кахала!
Твар у начальніка выцягнуўся і стаў падобны на гарбуз.
-- Цябе?
-- Кахала, каб ты ведаў! -- крыкнуў Піліп і рэзка адчыніў
дзверы.
Іван Іванавіч застыў, убачыўшы тоўстую павуціну.
-- Ідзі туды, да яго! -- сцяўшы зубы, прамовіў Навасад і
з сілай пхнуў начальніка ў плечы. Той упаў на сетку-павуціну і замахаў рукамі і
нагамі, заблытваючыся ў ёй.
З кута выпаўз вялікі чорны павук і стаў набліжацца да
Івана Іванавіча.
Начальнік шырока адкрыў рот, зяўнуў, устрапянуўся і
нерухома павіс у павуціне.
-- Ад жаху памёр! -- адзначыў Піліп і прыкусіў губу.
Павук падпоўз да Івана Іванавіча і сеў яму на твар.
"Божа! Што я нарабіў?" -- прамільгнула ў галаве
ў Піліпа.
"Мяў!" -- гучна мяўкнуў Барсік і, падскочыўшы,
кінуўся на павуціну.
-- Барсік! -- задрыжаўшы ўсім целам, гукнуў Навасад.
Кот трапятаўся ў павуціне, а да яго набліжаўся павук.
Як у сне, Піліп схапіў сякеру і секануў ёю па павуку.
11
Зачыніўшы ў хлеўчыку дзверы, Піліп зайшоў у хату, дастаў
з шуфляды клей у цюбіку, поліэтыленавы пакет і, высыпаўшы з яго на стол кавалкі
разбітай маланкай бажніцы, пачаў іх склейваць.
"Мяў!" -- мяўкнуў Барсік, бокам пацёршыся аб
нагу гаспадара.
-- Не па той дарозе я пайшоў, не той шлях выбраў! --
плачучым голасам прагаварыў Навасад.
Апавяданне надрукавана ў
зборніку “Русалка”.
Выдадзены ў выдавецтве
“Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Русалка :
фантастычна-містычныя апавяданні /
Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.