Поиск по этому блогу

Спыніцца і азірнуцца


З напісанага даўней

Спыніцца і азірнуцца

У канцы сакавіка маецца адбыцца трэці з’езд Таварыства беларускай мовы. Пярвічная арганізацыя Таварыства створана і ў нашым горадзе і раёне. У яе кіруючы склад уваходзяць адказныя работнікі горада і раёна, а таксама народны дэпутат Рэспублікі Беларусь А. М. Шаўнін (дарэчы, ТБМ стваралася напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі). На вялікі жаль, Слонімская арганізацыя ТБМ амааль самаўхілілася ад працы, звязанай з нацыянальным Адраджэннем.
Як бы там ні было, але напярэдадні з’езда мы павінны спыніцца і азірнуцца, каб паглядзець, як у нас, на Слонімшчыне, адраджаецца спрадвечнае, нацыянальнае, як выконваецца Закон аб мовах у Беларусі.
Думаецца, што найбольшыя здабыткі ў аддзела культуры, які, нягледзячы на свае мізэрныя магчымасці (культура ў нас заўжды была беднай), імкнецца адрадзіць (у большай меры на вёсцы) багатыя народныя традыцыі. Дзеля гэтага нямала старання прыкладвае дырэктар Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Рыма Іванаўна Міско. Тое ж самае можна сказаць пра Варвашэвіча Мікалая Фёдаравіча, які, па сутнасці, на голым месцы стварыў Беларускі драматычны тэатр.
Так, справа Адраджэння ў горадзе і раёне трымаецца на асобных энтузіястах, якія нешта спрабуюць зрабіць, нечага дамагаюцца, бывае, і з лямантам, адчаяўшыся, стукаюцца-грукаюцца ў дзверы высокіх кабінетаў. Дзякуй Богу, што яшчэ ёсць у нас людзі, якія не пазбыліся бацькоўскага, дарагога і любага ім.
А як жа на ніве Адраджэння працуюць органы адукацыі? Пакрыўлю душою, калі скажу, што нічога яны не робяць. Напрыклад, у раённым аддзеле адукацыі таксама ёсць свае энтузіясты. У першую чаргу гэта інспектары аддзела Зінаіда Іванаўна Скок і К. К. Дзятчык. Але ж толькі на энтузіястах далёка не заедзеш. Таму з горыччу прыходзіцца канстатаваць такі факт. У адной са школ раёна сам правёў апытанне сярод вучняў восьмага і дзявятага класаў (пакуль ні школу, ні яе дырэктара не буду называць, бо, на маю думку, у справе Адраджэння яна мае і здабыткі, не горшыя, чым у іншых школах). Дык вось. Аж сем прадметаў, як у восьмым, так і ў дзявятым класах, там настаўнікі вядуць на рускай мове, а вучні карыстаюцца беларускамоўнымі падручнікамі. Падобнага, акрамя як у нас, больш нідзе не ўбачыш. Настаўнікамі і кіраўніцтвам школы прама ігнаруецца Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Для каго ж ствараюцца законы, чаму кіраўніку дзяржаўнай установы дазваляецца іх не выконваць? Тут, як кажуць, даўно пара і ўладу прымяніць.
Відаць, не лепшае становішча і ў тых школах горада, дзе многія малодшыя класы на паперы сталі беларускамоўнымі. Хоць я і не праводзіў спецыяльнага апытання, але, размаўляючы з настаўнікамі гарадскіх школ, чуў прыкладна такое: “Ці вядуць навучанне на беларускай мове? Залежыць ад настаўніка, ад ягонай падрыхтаванасці ці ягонага сумлення”. Як бачым, і тут дзейнічае прынцып: як хачу. Некаторыя ж знаходзяць адгаворку ў тым, што ніяк не могуць вывучыць беларускую мову.
У ЗША на вуліцах вісяць плакаты: “Амерыку – любі альбо правальвай”. Вельмі катэгарычна? Мне здаецца, што не. Жывеш тут – будзь ласкавы, выконвай законы. Інакш знойдзецца бацька Махно, якому захочацца стварыць сваю рэспубліку, па свайму густу. А густы, як вядома, бываюць розныя.
З першага верасня мінулага года ў нас працуе школа для дзяцей ваеннаслужачых, якія пераехалі сюды з Германіі. Школа, вядома ж, рускамоўная, а вось брыгада, створаная на базе былой дывізіі, як абвяшчалася, першая беларуская. Хіба не парадокс, што дзеці афіцэраў беларускай брыгады вучацца ў рускамоўнай школе?
Калі аддзелы адукацыі яшчэ праводзяць пэўную працу па нацыянальнаму Адраджэнню, то на пераважнай большасці нашых шматлікіх прадпрыемстваў у справе Адраджэння мёртвы сезон. І зноў жа вышэйшае кіраўніцтва гэтага не бачыць.
У самы бліжэйшы час у Слоніме неабходна правесці справаздачна-выбарную канферэнцыю ТБМ, за што павінна ўзяцца наша гарадское і раённае кіраўніцтва. Пара зразумець, што Адраджэнне – дзяржаўная справа. Годзе глядзець на гэта як на нейкае дзівацкае захапленне асобных энтузіястаў.
                                                              Аляксей Якімовіч, 19 студзеня 1993 года.