З напіснага даўней
Мова і артыкул “Гісторыя паўтараецца?”
Сёлета
ў Слоніме няма ніводнага першага беларускага класа. Як вынік, нашы дзеткі
пазбаўлены магчымасці атрымліваць адукацыю на беларускай мове. Разам з тым мушу
нагадаць, што нават у часы фашысцкай акупацыі былая школа № 2 была цалкам
беларускамоўная. Усе прадметы там выкладаліся толькі па-беларуску. Больш таго,
яшчэ не ў такія далёкія для нас камуністычныя часы школа № 1 таксама была
беларускамоўнай. Не толькі з горада, але і з вёсак у першую школу хадзілі
дзеці, каб вучыцца на роднай мове. Імклівы палёт роднай мовы пачаўся ў пачатку
гэтага дзесяцігоддзя. Амаль ва ўсіх школах Слоніма, як грыбкі пасля цёплага
дажджу, пачалі з’яўляцца беларускамоўныя класы. Бацькі з радасцю пасылалі туды
сваіх дзяцей. Многія з іх казалі так: “Нам не далі вучыцца на роднай мове – дык
няхай нашы дзеці вучацца”. “Чаму сёння ўсё так рэзка змянілася?” – думаю я і
міжволі ўспамінаю гісторыю нашага краю.
30
кастрычніка 1794 года царыца Кацярына Другая выдае Указ “Аб раздзяленні Вялікага
Княства літоўскага на тры часткі і аб спосабе кіравання імі, у якім гаворыцца
наступнае: “Каб для ўсіх у Літве на ўсялякай мове друкуемых кніг, дробных
сачыненняў і грамадскіх паведамленняў усталявана была цэнзура, без ухілення
якой і без дазволу Галоўнага начальства нічога друкаваць і ў народ выдаваць не
належыць”.
Аб
тым, як выконваліся падобныя Указы, сведчыць дакладная запіска сенатара
генерал-лейтэнанта Ахлёстышава ад 5 траўня 1853 года. Вось вытрымка з яе: “Пры
гэтым не магу абысці маўчаннем, што выкараненне існуючай у Віцебскай губерні
мясцовай гаворкі або дыялекту складае асаблівую цяжкасць”. Беларуская мова
расійскім царызмам выкаранялася, выкарчоўвалася паслядоўна, з асаблівым
стараннем.
Гэтую
тактыку ў Заходняй Беларусі ўзялі на ўзбраенне белапольскія акупанты. Так, на
скаргу беларусаў аб тым, што ўсюды закрываюцца беларускія школы, міністр асветы
Скульскі адказаў: “Запэўніваю вас, што праз 10 год у Польшчы нават са свечкай
не знойдзецца ніводнага беларуса”.
З
гэтай нагоды хачу прывесці верш беларускага паэта Янкі Маланкі (сапраўднае прозвішча Іван
Маразовіч) “Беларускай школы хочуць”. Ён быў надрукаваны ў 1926 годзе, але,
думаецца мне, актуальны і цяпер.
Аляксей Якімовіч
Беларускай школы хочуць
Янка, Тодар, дзядзька Клім.
Доўга думалі аб тым,
Як бядзе той пасабіць –
Школу родную адкрыць:
Каб урэшце ясна сонца
Засвяціла нам у ваконца,
І асветы промень
ясны
Беларус пазнаў няшчасны.
Вось парады ў думках гэтых
Пачалі
шукаць ў газэтах:
І чытаюць, што наўкола
Паўстае родная школа,
Толькі трэ’ сабраўшы сход,
Напісаць, што сам народ
Аб асвеце ўсё клапоча –
Беларускай школы хоча.
Вось, па солтыса загаду,
Сабраліся ўсе на раду
І зрабілі прыгавор:
Каб у вёсцы Чорны Бор
Школу родную адкрыць:
Галавы каб не дурыць
Сваім дзеткам так на волі:
Хочам школы – і даволі.
Дзядзька Клім і Тодар з Янкам
У дарогу выйшлі ранкам,
Каб прад
панам інспекторам
Быць назаўтра з прыгаворам.
І прыйшлі яны да мэты
Ды знайшлі будынак гэты,
Прастаялі там ад рання
Без гарбаты і снядання.
Увайшлі яны за дзверы,
Падалі свае паперы
І пачулі яны ўраз
Міласцівейшы адказ:
“Добра, добра, мае людзі!
Хай па-вашаму ўжо будзе.
Толькі трэба пачакаць!”
(Так гадкоў мо’ з дваццаць пяць.)
“Авадзень”, дватыднёвік крытыкі, жартаў і
смеху, Вільня, 1926 г.
Янка Маланка
Артыкул
“Гісторыя паўтараецца?” надрукаваны ў газеце “Пагоня” 3 лістапада 1998 года, №
84 (361).