Поиск по этому блогу

Пра багоў язычніцкіх. Прародзіца-багіня Жыва-Каляда

 

Пра багоў язычніцкіх. Прародзіца-багіня Жыва-Каляда

(у форме пытанняў і адказаў)

Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем, што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на Вялікдзень, і на Каляды.

 

-- Што азначае слова “прародзіца”?

-- Гэта першая жывая істота, якая прыйшла на свет, тая, з якой пачалося жыццё.

 

-- Ці была тады зямля?

-- Зямлі не было. Навокал у беспрасветнай цемры разлівалася мора. Ледзяны вецер насіўся над ім.

 

-- Як жа нарадзілася Жыва-Каляда?

-- З шэрых марскіх туманаў. Яны ўзняліся ўгару і, скупіўшыся, утварылі сівае воблака. Выцягнуўшыся, воблачныя абрысы ажылі і сталі постаццю белаю, жаночаю.

 

-- У той час і зямля ўтварылася?

-- Дзякуючы Жыва-Калядзе. Горка стала ў яе на душы, моцна заплакала яна, убачыўшы страшную цемру. З тых слёз, што капалі, у моры вырас правостраў – першы востраў.

 

-- Што ж можна было ўбачыць на тым першым востраве?

-- Вырай (рай) і прадрэва.

 

-- Першае дрэва?

-- Першае дрэва. Яно падтрымлівае неба.

 

-- Што з’яўляецца эмблемай Жыва-Каляды, яе сімвалам, ідэяй?

-- Мы ведаем, што эмблема міру – голуб, эмблема Алімпійскіх гульняў – пяць кольцаў. А эмблема Жывы-Каляды – дрэва жыцця, прадрэва вярба.

 

-- Вярба і сёння мае сімвалічнае значэнне?

-- Так. У вернікаў-хрысціян.

                                                                               Аляксей Якімовіч

Стаіць вярба над ракою,

                                                  Падпірае неба.

                                                  Што стварылі продкі,

                                                  Шанаваць нам трэба.

 

                                                  Не аддаць у рукі

                                                  Брудныя, чужыя.

                                                  Беларусь і беларусы

                                                  Для мяне святыя.

 

                                                  Веру я, што падтрымаюць,

                                                  Не пакінуць у бядзе.

                                                  Няхай шчодра сонца свеціць,

                                                  Няхай добры дзень ідзе.

                                                                                      2024 год.